Іван Новік. Няўдалы Алан Сокал беларускай гуманістыкі

Рудкоўскі, Пётра. Беларуская гуманістыка пасля постмадэрну: дыягназ і перспектывы // ARCHE Пачатак. № 4 (149) — 2016. С. 4—135.

Азнакай апошніх пяці-дзесяці год беларускай філасофіі – а менавіта пра філасофію ідзецца ў артыкуле Рудкоўскага, “гуманістыка” агулам тут закранаецца толькі па датычнай і для шырыні далягляду – ёсць своеасаблівы трэнд на мета-рэфлексію. Пад апошняй маю наўвеце схільнасць да шырокіх абагульненняў ад імя беларускай філасофіі як такой, розныя дыягназы сённяшняму дню ў айчынным мысленні і разметку інтэлектуальнай тэрыторыі. Падставай гэтага майго меркавання служаць не толькі ўласныя ўражанні і досвед перабывання ў беларускай філасофіі, але і з’яўленне такіх выданняў як “Пасля савецкага марксізму …”, праекту шматтомнай “Гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі” (якому таксама “дасталася на арэхі” ад Рудкоўскага), праекты і падзеі кшталту “Філасофскай прасторы” і “Тыдня беларускага мыслення” і д.п.

Чаго болей у гэтым мета-рэфлексіўным імпэце: жадання замацаваць традыцыю і разгледзіцца па бакох, ці падвысіць гульню, расчысціўшы тэрыторыю; ёсць ён сведчаннем пэўнай сталасці беларускай філасофіі, ці, наадварот, чарговай інтэлектуальнай пасткай, у якую собіла трапіць мясцовым інтэлектуалам – адказы на гэтыя пытанні пакіну на суд і густ чытача, бо покуль не маю адназначнага адказу. Затое, у выпадку Рудкоўскага, у артыкуле якога знойдзем акурат такі вырак усёй найноўшай беларускай філасофіі і гуманістыцы, усе падаецца болей навочным.

Жаданне выносіць дыягназы, заяўленая шырыня перспектывы і погляд па-над галовамі беларускіх філосафаў натуральна вынікаюць з апрычонага месца, якое Рудкоўскі займае ў ландшафце сучаснай беларускай філасофіі. На 94 старонцы свайго артыкулу Рудкоўскі згадвае Яна Хакінга, які ў адносінах да традыцыі сацыяльнага канструктывізму адчувае сабе “замежным карэспандэнтам”. Акурат такім замежным карэспандэнтам, і нават – іншапланецянінам пачуваецца спадар Пётра ў адносінах да айчынных мысляроў. Гэты іншапланетны погляд Рудкоўскага ёсць прамым наступствам яго прыналежнасці да абсалютна экзатычнай для Беларусі традыцыі аналітычнай філасофіі. Яго відавочна дзівіць схільнасць кленчыць перад чужынскімі для яго божышчамі Гайдэгера, Фуко ці Маркса, ён з цяжкасцю разумею мясцовую філасофскую гаворку — з усімі ўласцівымі ёй паэтычнасцю і літаратурацэнтрызмам – так не падобную да знаёмых яму лагічна-дакладных пабудоваў. Часам Рудкоўскі падобны да лонданскага рэгуліроўшчыка, які знянацку апынуўся на беларускай дарозе і марна спрабуе перарабіць увесь грамадскі рух на знаёмы яму левабаковы капыл.

Пэўна, не адкрыю асаблівага сакрэту, калі скажу што ўсе падзелы філасофіі на “марксізмы”, “экзістэнцыялізмы”, і іншыя “ізмы”, ці фенаменалогіі, амаль цалкам іррэлевантны сённяшняму дню. Адно-адзіны актуальны падзел сёння – гэта падзел на філасофію кантынентальную і аналітычную. Затое, гэты адзін-адзінюткі падзел развінуўся ў сапраўдную прорву, якая люструецца ў адрознасцях паняццяў, стыляў аргументацыі і акадэмічнага пісьма, праблемнай плашчыні і спіску аўтарытэтаў. Апроч таго, кантынентальная і аналітычная філасофія даўгі час існавалі ў варунках узаемнага ігнаравання, якое толькі ў апошнія дзесяцігоддзі пакрысе пераадольваюць асобныя адзінкі.

У выпадку Беларусі маем справу з своеасаблівым субкантынентам агульнага “Кантынента” філасофіі, бо прорва, якая падзяляе айчынных мысляроў ад англа-амерыканскай традыцыі яшчэ большая чым “сярэдняя па палаце”. Вітгэнштэйн – болей-меней прачытаны, але цалкам “па-кантынентальнаму” і ў пачварным “кантынентальным” перакладзе на расійскую Казловай, імя Расэла чулі – але амаль ніхто не наважыўся агораць Principia Mathematica, а ўжо імёны Крыпке, Патнэма, Хінтэка і нават Фрэге будуць для айчыннага філосафа, у лепшым выпадку, хіба што толькі знаёмымі імёнамі, і чакаць знаёмства з працамі і ідэямі апошніх бадай што і не выпадае.

Сёй-той “чуў звон”, і можа ўзгадаць праблемы верыфікацыі, фальсіфікацыі, атамарных выказванняў, але ўжо болей канкрэтныя праблемы аналітычнай філасофіі такія як, прыкладам, “ці з’яўляецца веда абгрунтаваным ісцінным перакананнем?”, “загадка Фрэге” ці “катэгарыяльная памылка” (Г. Райл) – праблемы, спарадзіўшыя ў свой час цэлую хвалю публікацый і новых канцэпцый, амаль цалкам невядомы ў Беларусі. Але, галоўнае што адрознівае айчынную філасофію ад яе аналітычнай гэта поўнае адсутнасць такіх эпістэмалагічных і метадалагічных прыёмаў і практык, як актыўнае выкарыстанне “разумовых эксперыментаў”, апеляцыя да семантыкі “магчымых светаў”, выкарыстанне сімвалічнай логікі, а галоўнае — адсутнасць імпэту да беззаганных з пункту гледжання граматыкі і логікі сказаў.

Нядзіўна, што Рудкоўскі, як паслядоўны прыхільнік аналітычнай філасофіі часцяком, хоцькі-няхоцькі трапляе ў сітуацыю “таго, хто кліча ў пустыні”. Рудкоўскага лучыць з аналітычнай традыцыяй не толькі схільнасць да лінгвістычнай уедлівасці і лагічнай уніклівасці, цяга да рэдукцыі аргументаў і фраз апанентаў да абсурду, але яшчэ і абсалютная адсутнасць піетэту перад мэтрамі Кантыненту: Гайдэгерам, Фуко, Бурдз’ё, Марксам. Будзьце гатовы да таго, што любы ваш сказ трапіўшы ў рукі Пётры будзе разабраны на вінцікі, і вам выставяць рахунак за кожную не нарматыўную граматычную канструкцыю, ці парушэнне законаў логікі. Часам Рудкоўскі ломіцца ў адчыненыя дзверы: закідаць Акудовічу яго паэтычнасць, ці казаць пра граматычную небездакорнасць вядомага выслоўя Мацкевіча “думаць Беларусь” – значыць канстатаваць банальнасці, чым акурат і праславілася ў свой час аналітычная традыцыя.

Такія прыдзіркі да лагічнасці аргументацыі і граматычнай няслушнасці моўных канструкцый могуць, бясспрэчна, раздражняць, але, мушу прызнаць, што асабіста мне жарсць, якая адчуваецца ў артыкуле Рудкоўскага, імпануе. Відавочна, што Пётры беларуская філасофія баліць (адна з тых фраз, за якія б не прамінуў упікнуць Рудкоўскі, бо ж філасофія не можа балець). Так, айчынную філасофію і гуманістыку наваднілі прыспешаныя і адцягнутыя абагульненні, вельмі часта не стае практыкі і звычкі да паслядоўнай і разгорнутай аргументацыі. Так, спасылкі на выказванні “аўтарытэтаў” почасту падмяняюць сапраўдны доказ. Увогуле, магчыма, галоўнай заганай беларускай філасофіі ёсць своеасаблівае Quiproquo: філасофія як навука гэта не “мысленне”, але камунікатыўная дзейнасць з нагоды і на тэму мыслення – якія азарэнні і запамароку я б не адчуваў з нагоды “зазірання ў глыбіні”, перад слухачом і чытачом я вінны выказваць сваю думка максімальна празрыста і “чытэльна”, а не імітаваць свае азарэнне і запамароку пасродкам грувасткіх і няўцямных сказаў.

Схільны я таксама падзяляць думку Пётры аб негатыўным уздзеянні ідэй сацыяльнага канструктывізму на айчынную сацыяльную і гуманітарную навуку. Але не зусім дзеля тых прычын якія ўказаны ў артыкуле: на мой погляд сацыяльны канструктывізм не дэструктыўны ў сваёй аснове, але ж з яго былі зроблены ў Беларусі вельмі дзіўныя і хібныя высновы. Калі паводле Б. Андэрсана ці М. Гроха нацыі і нацыяналізмы былі сканструяваны ў свой час інтэлектуаламі, то чаму мне, беларускаму інтэлектуалу, не сканструяваць беларускі нацыяналізм такім, якім я хачу яго бачыць? – прыблізна на такім лагічным шэрагу грунтуецца дзіўнае перакананне, якое я не раз сустракаў у артыкулах і прамовах айчынных інтэлектуалаў. Але “сканструяванасць” нацыянальнага — пры ўсіх неабходных “але” і канкрэтна-гістарычных, лакальных дапаўненнях, аніяк не з’яўляецца зарукай таго, што надрукаваўшы два-тры артыкулы на тэму беларускага нацыяналізму, я нешта ў гэтым самым нацыяналізме змяню, ці здолею сканструяваць яго на новых, пажаданых мне, падставах. Тое ж самае датычыць і “сканструяванасці” гендэра, грамадскай ці акадэмічнай супольнасці і д.п.

Сімпатызуючы і часткова падзяляючы агульны імпэт, крытычнасць і, нават, ятру артыкула Рудкоўскага — мне сапраўды імпануюць такія выгуканні аб галізне каралёў і заклікі да лагічнай і навуковай ахайнасці, мушу цалкам і дашчэнту не пагадзіцца з канкрэтным зместам артыкула. Літаральна ўсе закіды ў неаб’ектыўнасці, непаслядоўнасці і, нават, бяздумным перайманні аўтарытэтам могуць быць цалкам слушна адрасаваны і “Беларускай гуманістыцы пасля постмадэрну”.

Галоўнымі хібамі артыкула ёсць: а) нерэпрэзентатыўнасць, б) увядзенне дзіўных, не падлеглых фальсіфікацыі каўзальных шэрагаў, в) блытаніна паміж прычынамі і вынікамі.

Нерэпрэзентатыўнасць

Прыведзеных прыкладаў аніяк не стае для таго маштабу высноваў на якія наважыўся Рудкоўскі.

За ўсю беларускую сацыялогію прыходзіцца “аддувацца” літаральна аднаму [39-47] артыкулу Алены Гапавай. За ўсю гістарыяграфію і гістарычную навуку ў Рудкоўскага нясуць адказ артыкул Г. Сагановіча і дыскусія паміж “афіцыйнымі” гісторыкамі надрукаваная ў “Савецкай Беларусі” [12-25]. Беларуская філасофія рэпрэзентаваная адным выказваннем І. Бабкова [31], пераказам лекцыі Дз. Майбарды [32-33], сціслай відэа-прамовай В. Шпарагі [34-35], двума выказваннямі В. Акудовіча [36, 55], адным выказваннем Я. Палескага [37] і згаданым вышэй заклікам “думаць Беларусь”.

Аўтар так дасціпна нішчыць тэзу Алены Гапавай пра тое, што беларускія лібералы пагарджаюць беларускім народам, якая, пры ўважлівым разглядзе, апынулася ўгрунтаванай на адно-адзінай спасылцы на выказванне А. Грыцанава, да таго ж перакручанага і вырванага з кантэксту [39-42]. Але ўсе гэтыя закіды могуць быць адрасаваны і “Беларускай гуманістыцы” – хіба прыведзены вышэй спіс дае падставы рабіць агульныя цверджанні пра стан беларускай гуманітарнай і сацыяльнай навукі ўвогуле? Хіба той жменькі прыведзеных “фактаў”, дастаткова для такіх рашучых і ўсеагульных абагульненняў, як дыягназ усёй айчыннай гуманістыцы? Магчыма аўтар можа спаслацца на свае адчуванні і ўласны досвед – так, я часам адчуваў сугучнасць высноваў Рудкоўскага маім уласным інтуіцыям, хоць далёка не заўжды. Але калі ідзецца пра ўласныя пачуцці і інтуіцыі то навошта “ламаць крэслы” і патрабаваць ад іншых паслядоўнай аргументацыйнай базы і прыкладаў для фальсіфікацыі?

Апроч таго, прыведзеныя прыклады не толькі не рэпрэзентатыўны, але і ж з’яўляюцца памылковай выбаркай – у “Беларускай гуманістыцы” гучаць высновы пра акадэмічную беларускую навуку і акадэмічную супольнасць, між тым, амаль усе прыведзеныя імёны і тэксты прыналежаць да альтэрнатыўных ці маргінальных да афіцыйнага акадэмічнага дыскурсу крыніц. Адметнасцю бытавання беларускай гуманістыцы ёсць падвойнасць канону, каштоўнасных і нарматыўных каардынат: ёсць афіцыйная навука са сваймі дыскурсіўнымі “флагманамі” Акадэміі Навук і БДУ, якая жыве водле сваіх уласных стандартаў, сваім уласным календаром падзей і праблем. Ёсць альтэрнатыўныя філасофія, гісторыя, сацыялогія — якія гуртуюцца вакол сваіх уласных інстытуцый (ЕГУ, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі калегіум ці Еўрапейскі каледж вызвольных мастацтваў), сваіх часопісаў — пазбаўленых вакаўскага статусу, але надзеленых сваім уласным “сімвалічным капіталам”, сваіх падзей, кшталту Міжнароднага Кангрэсу даследчыкаў Беларусі і д.п. Гэтыя “дзве душы” беларускай гуманістыцы могуць часам месціцца ў адных грудзях і часам перакрыжоўваюцца ў пэўных сваіх фрагментах, але, у цэлым, жывуць сваім уласным, апрычоным жыццём, цалкам ігнаруючы свае alter ego.

Рабіць агульныя высновы, якія б ахапілі ў сваёй слушнасці абедзве паловы беларускага інтэлектуальнага ландшафту — справа цяжкая, няўдзячная і, хутчэй усяго, марная. Але, менавіта на такі рэферэнцыйны гарызонт для сваіх выказванняў робіць замах Пётра. Уяўляю подзіў філосафаў Факультэта філасофіі і сацыяльных навук ці Інстытута філасофіі, калі б іх папракнуць у празмерным захапленні постмадэрнізмам, сацыяльным канструктывізмам, аналізам дыскурсу Фуко, “моцнай праграмай” сацыялогіі, постакаланіялізмам і фемінізмам. У згаданых інстытуцыях усе пералічаныя паняцці існуюць на правох хіба што лаянкі. Гэтак жа сама падзівяцца Акудовіч, Шпарага ці Бабкоў, калі ім сказаць – а менавіта гэта і кажа Пётра Рудкоўскі – што адметнасці іх мыслення і іх тэарэтычныя ўстаноўкі непасрэдна вынікаюць з эпістэмалагічных пазіцый савецкага марксізму. Адсюль і дзіўныя высновы, кшталту таго, што ўся так званая мінская метадалагічная школа, улучна са сваім заснавальнікам В. Сцёпінам, уся кафедра “метадалогіі навукі” у БДУ – гэта прамыя паслядоўнікі і адэпты Шчадравіцкага [49].

Пётры нават зацесна ў межах сённяшняга дню беларускай гуманістыцы і вось ён ужо сягае думкай у мінулае стагоддзе і на ўсю прастору зямной кулі: разважае пра савецкую навуку як такую, выносіць свой няўцешны прысуд заледзьве не ўсёй не пазітывісцкай і не неапазітывіскай метадалогіі.

Ва ўсіх бедах беларускай гуманістыцы вінен савецкі марксізм – дзіўнасць гэтай высновы разбяру крыху ніжэй, а зараз ізноў спынюся на памылках выбаркі. На падставе чаго Пётра ўзнаўляе тэарэтычныя і эпістэмічныя траекторыі савецкай навукі? Літаральна на трох эпізодах: 1) спрэчка так званых дэборынцыў і механіцыстаў у 20ыя гг., 2) некалькі заўваг наконт “лысенкаўшчыны”, 3) гістарычны анекдот пра Берыю і савецкіх фізікаў. І ўсе гэта ў пераказе Лешака Калакоўскоўскага! Дваццаць пяць вялікіх “архэшных” старонак [58-83] Рудкоўскі разважае пра савецкі марксізм, а ў спасылках бачым амаль выключна Калакоўскага. Увесь час хацелася выгукнуць: Пётра, калі для цябе Калакоўскі такі эксперт і адмысловец у савецкай навуцы, то проста зрабі спасылку на ягоныя працы, навошта так доўга і ўпарта іх пераказваць?!

Апроч Калакоўскага ёсць іншыя прызнаныя “класічныя” аўтарытэты сярод заходніх аналітыкаў савецкай філасофіі — Ю. Бахеньскі і Г. Ветэр, ёсць праца І. Яхота, дзе падрабязна прааналізавана акурат палеміка 20-ых. У сучасных варунках, калі зніклі шматлікія перашкоды і заслоны паміж былой савецкай і заходняй думкай, калі былі, часткова, адчынены архівы, з’явіліся новыя даследаванні і новыя знаўцы савецкай філасофіі — прынамсі, без згадак Д. Бэкхарста і Ван дэн Звердэ, любыя агульныя высновы адносна гэтага перыяду гучаць сумнеўна. Урэшце рэшт, нават аўтар гэтых радкоў зрабіў сеё-тое на ніве даследаванняў беларускай савецкай філасофіі. Ці Калакоўскі тут акурат той самы “дагматызаваны аўтарытэт” за бяздумнае перайманне якім бэсцяцца ў “Беларускай гуманістыцы …” беларускія мысляры?

Далей болей: на крытычны агляд да Рудкоўскага трапляюць a) Гегель, b) заходні марксізм і неамарксізм, c) герменеўтыка і Гайдэгер, d) сацыяльны канструктывізм, e) дыскурсіўны аналіз М. Фуко, f) моцная праграма ў сацыялогіі, g) феміністычныя і гендэрныя штудыі, h) посткаланіялізм. Усе гэтыя персаналіі і напрамкі прызнаюцца Пётрай памылковымі і тупіковымі адгалінаваннямі магістральнага шляху да сапраўды аб’ектыўнай і навуковай філасофіі. Дзе-нідзе, папіканні Рудкоўскага нават трапляюць у цэль: я з цікаўнасцю прачытаў адпаведныя раздзелы пра эксцэсы феміністычных і посткаланіяльных тэорый, даведзеных няўрымслівымі і не надта рэфлексіўнымі адэптамі да абсурду.

Можна пагадзіцца нават і з некаторымі закідамі Гайдэгеру ў празмерным захапленні цяжкачытэльнымі фразамі, пабудаванымі на парушэнні граматычных і сінтаксічных нормаў [108-113], асабліва калі гэтыя закіды адрасаваць не самому нямецкаму філосафу, а яго шматлікім паслядоўнікам. Але ж ізноў: уся магчымая слушнасць заўвагаў Рудкоўскага чэзне перад відавочнай супярэчнасцю паміж амбітнымі і звышмаштабнымі высновамі і тым хісткім фундаментам, на якім яны пабудаваны — разбор некалькіх асобных, вырваных з кантэксту выказванняў і пераказ з “другіх рук”.

a) Гегеля Рудкоўскі падае ў пераказе Попера і таго ж Калакоўскага [59-63], ператвараючы яго ў апантанага містыка і ворага навуковага пазнання.

b) На ўвесь заходні марксізм і неамарксізм нацягваюцца высновы зроблены на падставе аналізу філасофіі Грамшы і Лукача [84-90] — хіба гэта найбольш выбітныя і характэрныя прадстаўнікі гэтай плыні? Ці, можа, заходні марксізм гэта нешта нагэтулькі гамагеннае, што ўзяў першы-лепшы тэкст мы атрымаем цэласнае і ўсёахопнае ўражанне аб напісаным іншымі? Прынамсі мне падаецца, што не так: наўпроці, Беньямін, Адорна, Альцюсер, Жыжэк, утвараюць нагэтулькі разнамасную сукупнасць, што я не ведаю чым іх можна аб’яднаць апроч уласна вызнаванага ўсімі сюзерэнітэту да К. Маркса.

c) З Гайдэгерам [90-93, 118] справа абстаіць крыху лепей — прынамсі, яго думкі і выказванні пададзены з арыгінальных прац, часам непасрэдна з нямецкай. Вядома, некалькі старонак заўваг Пётры, быў пастаўлены супроць статомнай Gesamtausgabe і бязмежнага мора крытычнай літаратуры, аніякай навуковай вартасці прадстаўляць не могуць — гэта толькі выяўленне аўтарскага стаўлення да нямецкага мысляра. Мадальнасць гэтага стаўлення не цяжка прадугадаць: Рудкоўскі і Гайдэгер цалкам разышліся на сцежках мыслення ў процілеглыя бакі. Пры тым, паводле ўжо майго ўласнага ўражання, акурат такога халоднага, “зануднага” лагіцызму, з якім Рудкоўскі аналізуе сказанае мысляром Шварцвальду, часам акурат не стае ў якасці прышчэпкі і “халоднага душа” для занадта апантаных паслядоўнікаў Гайдэгера.

d) Сацыяльны канструктывізм цалкам пададзены ў пераказе кнігі Яна Хакінга [93-99]. Калі ёсць такі дыхтоўны адмыслоўца ў дадзенай праблеме і Рудкоўскі цалкам падзяляе яго думкі і стаўленне, то навошта пераказваць ягоную кнігу? Рудкоўскі нават не даў рады прывесці імёны і назвы тэкстаў тых, каго ён бэсціць поплеч з Хакінгам.

e) “Фуко і крытычны аналіз дыскурсу” [99-102] — названы адпаведны раздзел артыкулу, але з трох старонак на ўласна Фуко адведзена два сказа: гэта ён, кажа Рудкоўскі, прыдумаў, што сапраўднымі суб’ектамі панавання ёсць дыскурсы і адсылае да артыкула ў Оксфардскім даведніку па палітычнай тэорыі.

f) “Моцная праграма” сацыялогіі пераказваецца паводле другасных крыніц [105-108] — амаль выключна ў перадачы Міры Нанда.

g-h) Крытыка фемінізму, гендэрных штудый і посткаланіялізму амаль цалкам зводзіцца да пераказу некалькіх анекдотаў [108-113].

Моцны бок Пётры Рудкоўскага – гэта здольнасць да выяўлення супярэчнасцяў, непаслядоўнасцяў у аргументацыі апанента, лагічны і лінгвістычны разбор сумнеўных выказванняў, дзе сэнс і чытэльнасць сталіся ахвярамі паэтычнасці і мудрагельства. Каб Пётра спыніўся на такім крытычным аналізы спатыканых у беларускай і сусветнай гуманістыцы хібных выказванняў, даўшы проста негатыўныя прыклады таго, як не варта рабіць — яго артыкул меў бы толькі дадатную вартасць. Але Пётры чамусьці ўвесь час карціць пераскочыць да абагульненняў сусветнага маштабу – гэта не проста каструбаватыя ці няслушныя сказы і разважанні, гэта праявы сусветнага хаўрусу супроць навуковасці і аб’ектыўнасці ў якім паспелі адзначыцца амаль усе напрамкі сучаснай філасофіі, за выключэннем пазітывізму і неапазітывізму. Каб давесці чытачу гэтую думку Рудкоўскі не лякаецца рэканструяваць думку сваіх апанентаў на самых сумнеўных падставах.

Хібныя каўзальныя тлумачэнні

Філосафы схільны знаходзіць у гісторыі сваёй дысцыпліны прычыны для амаль любых іншых феноменаў культуры і цывілізацыі. “Платон сказаў x / Дэкарт ці Кант сказалі y, таму …” далей можна паставіць амаль любы феномен чалавечай гісторыі: усе яны будуць аднесены філасофскай фанабэрыяй да ліку імплементаванага фразамі Платона, Дэкарта ці Канта. Асабліва грашыў такімі дзіўнымі каўзальнымі шэрагамі Гайдэгер: Дызель вынайшаў названы ў яго гонар рухавік дзеля таго, што Арыстоцель вырашыў апісваць прыроду ў катэгорыях, ядзерная бомба выбухнула, бо Дэкарт у свой час прамовіў “Cogito ergo sum”. Падавалася б Пётра Рудкоўскі, як апалагет навуковасці і аб’ектыўнасці не мусіць “грашыць” падобнымі разважаннямі. Авохці, не!

“Абрагам спарадзіў Ісака, Ісак спарадзіў Якава”: перад Марксам быў Гегель, а таму папярэднічаў Фіхтэ – а таму ўсе сказанае Марксам трэба тлумачыць у святле сказанага Гегелям, а адносна апошняга дзейнічае той жа самы “закон” у стасунку да Фіхтэ. Так выкладаецца “шкалярская” гісторыя філасофіі. І ў такі ж “начотніцкі” спосаб разважае Рудкоўскі: калі сучаснай беларускай гуманістыцы папярэднічала савецкая філасофія — то ўсе адметнасці сённяшняй нашай думкі паходзяць ад яе савецкай “маткі”. Савецкая філасофія чытала Леніна, той – Маркса. Таго ж Маркса прачыталі і заходнія марксісты, канструктывісты і феміністкі. То ў Маркса варта шукаць прычыны ўсіх злыбед сённяшняй гуманістыцы.

Маркс, як вядома, гегельянец, ну а сам Гегель быў пад уплывам Фіхтэ. Так на сцэну выходзіць, нарэшце, злы дэміург сучаснасці. Постмадэрнізм, нежаданне беларускіх інтэлектуалаў звярацца з рэчаіснасцю [64] і д.п. – ува ўсім гэтым вінаваты Фіхтэ! Так, я крыху спрасціў і агрубіў аргументацыю і разважанні Пётры, але, упэўнены, што акурат такая выснова застанецца ў памяці чытача “Беларускай гуманістыцы …” па пэўным часе: ва ўсім трэба вінаваціць зламыснага Фіхтэ, бо гэта ён надумаў паставіць “Я” і яго жаданні перад рэчаіснасцю і яе законамі. Пётра нідзе ані думае шукаць калатэральных прычынаў: сацыяльнае атачэнне, варункі часу, уздзеянне іншых навуковых палёў, лакальныя прычыны ці разрыў з уласнай традыцыяй, усе гэтыя інтэрпрэтацыйныя і каўзальныя схемы нібы не вядомы аўтару “Беларускай гуманістыцы …”. Замест гэтага нам кажуць: зазірніце ў радавод і знойдзеце ўсе прычыны.

У гісторыка-філасофскай карціне свету Рудкоўскага нават працуе тэлеалагічная прычыннасць, і па дзеям філасофскіх нашчадкаў трэба тлумачыць тэксты іх “айцоў”. Імплікацыя ў лініі Фіхте – Гегель – Маркс – савецкі марксізм – Акудовіч / Шпарага працуе і ў зваротны бок: калі паслядоўнікі Маркса ў асобах савецкай наменклатуры ўзбурыліся супраць генетыкі, а кітайскія камуністы адмаўлялі тэорыю адноснасці, то і Маркс быў ворагам навукі. Усім ўпадабанням і рэверансам ў бок натуразнаўчай веды заснавальніка камуністычнай тэорыі Рудкоўскі адмаўляецца даваць веры і абвяшчае яго паслядоўным містыкам і іррацыяналістам.

Гісторыя філасофіі, між тым, таксама навука, і мае свой уласны метад фальсіфікацыі і сваю эмпірыю – тэксты, напісаныя адпаведным філосафам. Калі Рудкоўскі, з парога, апрыёры, абвяшчае, што не дасць веры ні воднаму тэкстуальную доказу таго, што марксізм і пазітывізм напачатку жывіліся з адных ідэалагічных і эпістэмных установак, што яны фактычна паходзяць ад аднаго кораню ў еўрапейскай інтэлектуальнай культуры, што менавіта дзеля высокай ацэнкі натуразнаўчых навук і адметна, па “фізікалісцкі”, зразуметай грамадскай рэальнасці Маркс прыйшоў да шмат з якіх сваіх высноваў – бо ж гэта ўсе ўдаванае, мана, бо ж Маркс, што той воўк у авечай шкуры, толькі дзеля прыліку “апранаў мантыю навукоўцы” [80], то такая гісторыка-філасофская пабудова акурат і бурыць той самы прынцып фальсіфікацыі, які Рудкоўскі вялічыць разам з Поперам.

Чым такі падыход адрозніваецца ад тых марксісцкіх і фрэйдысцкіх “знаўцаў”, які таксама загадзя ведаюць, што “насамрэч” хацеў сказаць і што “насамрэч” думаў, зыходзячы з сваіх класавых інтарэсаў ці стоеных жаданняў, той ці іншы індывід? Калі нешта са сказанага і напісанага супярэчыць гэтым апрыёры сканструяваным “сапраўднасцям”, тае бяды — скажам што ён маніць, ці яшчэ не паспеў усвядоміць свае класавае становішча ці падсвядомае.

Сама тэза пра тое, што частка бед сучаснай беларускай філасофіі і беларускай гуманістыцы маюць свае паходжанне ад савецкай эпохі цікавая і эўрыстычная. Я таксама схільны падзяляць такое меркаванне. Уплывы савецкай філасофіі ў сучасным беларускім інтэлектуальным ландшафце сягаюць далей за навочныя парэшткі дыямату і гістмату, што качуюць з падручніка ў падручнік, без асаблівых зменаў. Савецкая філасофія ў сучаснай беларускай гуманістыцы даецца ў знакі праз адметныя сінтаксічныя канструкцыі, рытарычныя прыёмы, акадэмічныя іерархіі і апрычоны этас. Але ж давесці ўсе гэта – справа сур’ёзнага навуковага даследавання. Простай тэзай: савецкая ўлада зневажала навуковую веду і лічыла, што рэальнасць канструюецца, значыць усе непаслядоўнасці ў мысленні сённяшніх філосафаў маюць свае паходжанне ад Маркса — праблему не развязаць.

Тым болей, відавочна, што Рудкоўскі “плыве” у рэаліях савецкага марксізму: спрэчка паміж дэборынцамі і механіцыстамі, ператвараецца ў яго выкладзе ў змаганне паміж марксізмам і сапраўднай навукай, “наватарскімі фізіка-матэматычнымі тэорыямі сённяшняга дня”[73]. Але апантанымі марксістамі былі і тыя, і другія, і сумнеўныя аргументы, апеляцыю да аўтарытэтаў выкарыстоўвалі абодва лагеры. І не дэборынцы перамаглі, канец спрэчкі быў болей трагічны і гвалтоўны — усе дыскусіі былі перапынены ўмяшальніцтвам Сталіна, які аднолькава асудзіў і тых і другіх, навесіўшы цэтлікі “механіцызму” і “меншавіствуючага ідэалізму”. “Галоўнай крыніцай натхнення для Дэборына была філасофія Гегеля” [72] — не! галоўнай крыніц натхнення для яго быў ягоны настаўнік Пляханаў.

Блытаніна паміж прычынамі і наступствамі

Можна пагадзіцца з Рудкоўскім у яго досыць несуцяшальным для беларускай філасофіі дыягназе [27-28]. У яе вельмі слабы інстытуцыйны рэсурс, няма сур’ёзных профільных журналаў, якасць большасці публікацый пакідае жадаць лепшага. Але ці ёсць гэта вынікам слабых эпістэмных стандартаў і прыхільнасці да цьмяных, паэтычных тэкстаў, як думае аўтар “Беларускай гуманістыцы …”? Ці акурат наадварот? Магчыма я падамся здрайцай філасофскага дыскурсу, але на мой погляд галоўныя праблемы беларускай філасофіі палягаюць у сацыялагічнай плашчыні. Акурат таму, што ў нас няма прэстыжных і ўплывовых філасофскіх часопісаў з жорсткай рэдакцыйнай палітыкай, а ёсць толькі “вакаўскія” эрзацы, менавіта таму, што няма кропак і месцаў для ўзаемадзеяння і сутыкнення нават для наяўных філасофскіх інстытуцый, і кожная жыве сваім адасобленым і замкнёным жыццём, дзеля слабага прэстыжу (не кажучы ўжо пра фінансаванне) прафесіі – менавіта таму беларуская філасофія апанавана цьмянымі моўнымі канструкцыямі, сумнеўнымі перакананнямі і аргументамі, у ёй адсутнічае практыка паслядоўнага, несупярэчлівага мыслення.

You may also like...