Аляксей Кажарскі. Канец “Цэнтральнай Еўропы”
by абдзіраловіч · 16.10.2019
Я быў у роспачы.
Дваццаць дзявятага жніўня дзве тысячы пятнаццатага года я стаяў на Келеці Паяудвар, і разумеў, што, мабыць, не траплю дадому.
Два дні таму я нарэшце абараніў свой дактарат у Браціславе – і мы выправіліся на поўдзень, у Будапешт. Я і мой стары сябра, з якім мы калісь дзялілі тытунь і піва яшчэ ў віленскіх інтэрнатах. Мы планавалі дакрануцца да руінаў. Спачатку ў Пешце – дзе ўначы цябе так вабяць магічныя руін-бары. Пасля – у Пуле, дзе сваім маўчаннем клічуць да сябе руіны антычныя.
Нажаль, раздзяліць антычнасць са сваім сябрам-філосафам я не змог. Замест спажывання харватскага калізея і традыцыйнага салата з асміногамі я стаяў сярод натоўпу нелегальных мігрантаў, і думаў, што калі нейкім чынам не траплю на поўнач, за Дунай, у сваю Славакію, то праз два дні хіба таксама стану мігрантам нелегальным. Келеці, свой галоўны чыгуначны вакзал, мадзьяры нечакана пераўтварылі ў адзін вялікі міграцыйны лагер. Аб’явы на сценах умоўна ветліва, па-арабску і па-ангельску, прасілі не засмечваць тэрыторыю. Небаракі (і што мая роспач у параўнанні з іх адчаем?) дзень і ноч спрабавалі набыць квіткі, з Еўропы Цэнтральнай у Еўропу Заходнюю. Але парадокс: нават з набытымі квіткамі ім не дазвалялася сесці ў цягнікі і пакінуць Венгрыю, краіну, пра якую яны ніколі ў жыцці не марылі, і якую, я ўважаю, хацелі б пахутчэй забыць як страшны сон.
Фота з асабістага архіву
Я не надта разумеў, што адбываецца. Яшчэ меньш я разумеў, што выпадкова апынуўся ў эпіцэнтры падзеяў, якія назаўжды зменяць Еўропу, і, у асаблівасці, маю Цэнтральную Еўропу.
У 2015 годзе нарэшце здарылася тое, што, мабыць, павінна было адбыцца ўжо даўно. Культурныя адрозненні паміж еўрапейскім Захадам і Ўсходам нарэшце былі прамоўленыя ўслых. Чатыры краіны, якія за мінулыя дзесяцігоддзі карысталіся іміджам “выдатнікаў” – найлепшых вучняў у школе еўрапеізацыі – выступілі адзіным фронтам супраць рашэнння Еўрасаюза і заходнеўерапейскіх краінаў прывітаць у сябе мігрантаў з Блізкага Ўсходу. Мы прымем усіх, сказала Ангела Меркель. Мы не прымем нікога, адказала ёй адным голасам Вышэградская чацвёрка.
Вышэград – маляўнічае местэчка на шляху з Браціславы ў Будапешт. Дзесці тут наш цэнтральнаеўрапейскі волат Дунай вырашае зноў павярнуць свае воды на поўдзень і несці іх далей, у Будапешт, Новы Сад, Белград, і далей, далей, да самага Чорнага Мора… Тут вырабляюць файную палінку, гадуюць тлустых качак, і збіраюць гострую мадзьярскую папрыку. Тут, у замку на гары, у 1335 годзе, сустрэліся былі тры каралі – чэскі, венгерскі, ды польскі. Сустрэліся, каб абмеркаваць супольную, кажучы па-сучаснаму, замежную палітыку і, вырашыць, як лепш супрацьстаяць нямецкай дынастыі Габсбургаў – якая з часам усё адно апануе большую частку Цэнтральнай Еўропы і будзе кіраваць ёй аж да 1918 года.
Вышэград птушынымі вачыма. Фота dailynewshungary.com
Вось дзе ўжо іронія. Праз без малага сем стагоддзяў Вышэград зноў збярэцца каб выказаць сваю нязгоду з палітыкай адной нямецкай канцлеркі, чый універсалісцскі гуманізм у дачыненні да мігрантаў не знайшоў у еўрапейскіх сэрцах дастатковага водгуку.
У Цэнтральнай Еўропе мяняліся часы і кантэксты, але, здаецца, не мянялася галоўная ідэя – паміж. Нямецкі геапалітык Фрыдрых Наўман, чыё імя ў дыскусіях па гэтай тэме лічыцца абавязковым да ўзгадання, разважаў пра Цэнтральную Еўропу як рэгіён дамінаваны германскай культурай і палітыкай, як жыццёвую прастору германцаў, якія гістарычна апынуліся паміж Захадам і Ўсходам. Развагі Наўмана паспелі надрукаваць ў 1916 годзе, яшчэ перад тым, як канец Першай сусветнай пахаваў мары немцаў пра панаванне ў Цэнтральнай Еўропе.
Ідэя паміж добра знаёмая і нам, беларусам, але ж зусім не ў аспекце імперыялістычнай гегемоніі. Наадварот, паміж для Беларусі як правіла значыла быць паміж Вялікіх Іншых, большых і мацнейшых за цябе. Абдзіраловіч-Канчэўскі, якога зачапіў вобраз згвалтаванай Уладзімірам Рагнеды, пісаў пра гвалт, як метафару дачыненняў беларускага народа да ўсходняга, і, адначасова (у пэўнай ступені) заходняга Іншага. Тэма гвалту добра пасуе да тэматыкі сучасных культурных войнаў і актуальнай моды на паўсюдную віктымізацыю. І сучасныя Венгрыя і Польшча, здаецца, гэта выдатна ўцямілі. У апошнія гады шмат чуць пра іх статус ахвяры – ахвяры расійскага бальшавізму, але й ахвяры Захаду – здавалася б, таго ж самага Захаду, вярнуцца да якога, не так даўно было вершынёй усходнееўрапейскіх мараў. “Перажылі мы савецкіх камісараў, перажывем і Вас”, сказала польская дэпутатка віцэпрэзыдэнту Еўракамісіі акурат на трыццатыя ўгодкі падзення камунізму.
Быццам бы пакпіўшы з аднаго сумнавядомага цэнтральнаеўрапейскага філосафа, ідэя Цэнтральнай Еўропы шмат разоў пераходзіла у сваю супрацьлегласць. З ўяўлення аб нямецкай гегеманічнай прасторы яна перарадзілся ў ідэю рэгіёна, які складаецца з малых нацый, гістарычны лёс якіх – гэта цярпець ад чужой гегемоніі, звычайна, ад нямецкай ці расійскай. Паводле Мілана Кундэры і яго інтэлектуальнага папярэдніка, Іштвана Біба, Цэнтральная Еўропа складаецца з нацый, чые існаванне можа быць у любы час пастаўленае пад сумненне.
Кундэраўская ідэя Цэнтральнай Еўропы, як часткі Захаду, якая была гвалтам адарваная і далучаная да камуністычнага Ўсходу актыўна абмяркоўвалася ў дысідэнцкіх і эмігранцкіх колах яшчэ перад тым як стаць афіцыйнай ідэалогіяй новых, посткамуністычных рэжымаў. Карані Вышэградскай тройкі, (якая неўзабаве, пасля “аксамітнага разводу” чэха-славакаў у навагоднюю ноч 1993 года, пераўтворыцца у Вышэградскую чацвёрку), сыходзілі ў дысідэнцкі рух рэгіёна, у інтэлектуальныя дыскусіі якія адбываліся праз самвыдат і праз нефармальныя сустрэчы польскіх, чэхаславацкіх і венгерскіх дысідэнтаў, якія адчувалі, што перад імі ляжыць супольны лёс і супольная задача.
Задача вяртання ў Еўропу, якая апанавала рэгіён пасля падзення камунізму дайшла і да Беларусі, ёй у свае часы натхняўся Беларускі Народны Фронт. А на захад ад Беларусі, Вышэградская чацвёрка рабіла ўсё, каб прадэманстраваць, што Цэнтральная Еўропа – гэта не Ўсход, не расійскай сфера ўплыву, і што менавіта дадзеныя чатыры краіны больш за астатніх заслугоўваюць сваё “вяртанне ў Еўропу”. Івер Нойман піша пра канстытутыўную ролю ўсходняга Іншага ў фармаванні Еўрапейскай ідэнтычнасці. Каб вызначыць сябе як частку Захаду, Цэнтр павіннны былі рашуча і дэманстратыўна адмежавацца ад Усходу. Мы не Ўсходняя Еўропа, выпраўлялі ўсходнеўрапейскія дыпламаты брусэльскае чынавенства, мы Еўропа Цэнтральная.
Так, пад позіркам Вялікага Іншага, у чарговы раз перавызначаўся рэгіён. У пост-камуністычную эру, па словах Мілады Вахудовай, Вышэградская чацвёрка стала “трыюмфам маркетынгу”. Але каб трыюмфальна вярнуцца ў Еўропу, трэба было стаць паслухмяным вучням ў школе еўрапеізацыі. Дзеці мусяць слухацца старэйшых і больш дасведчаных дарослых.
У 2015 годзе дзіцё нарэшце разбэсцілася. Зрэшты, сваркі ў сям’і здараліся і раней. “Новая Еўропа” падтрымала у 2003 годзе Амерыку супраць “Еўропы Старой”. Крыжовая выправа Буша-малодшага дала цэнтральнаеўрапейскім атлантыстам, колішнім дысідэнтам, прадэманстраваць што ў пытаннях міжнароднага экспарту правоў чалавека яны свяцейшыя за пантыфіка. Але ж, паводле Старой Еўропы, гэта была “ўпушчаная магчымасць закрыць свой рот”.
Прэс-канферэнцыя “крыжакоў”: Джордж Буш і Вацлаў Гавал у 2002. Фота з прэзідэнцкага архіва.
Дзесяцігоддзе пазней вобраз крыжовай выправы змяніўся на сваю супрацьлегласць. Цэнтральнаеўрапейскія палітыкі даводзілі, што бароняць Еўропу ад нашэсця барбараў, як калісці усходнеўрапейскі фарпост хрысціянства бараніў Захад ад асманаў. Правы чалавека раптам змяніліся на правы дзяржавы. На права нацый не падпарадкоўвацца “дыктату брусэльскага палітбюро”. З гістарычнымі аналогіямі тут умелі гуляцца заўжды.
Ідэя Цэнтральнай Еўропы ў чарговы раз перайшла ў сваю супрацьлегласць. У 90-я гэты рэгіён інтэлектуалы-дысідэнты – стаўшыя пасля 1989 інтэлектуаламі палітыкамі – вызначалі праз вяртанне на Захад. А цяпер…
А цяпер, праз хвалю мігрантаў, рэгіён знайшоў сабе новых Іншых, у люстэрку якіх можна было зноў убачыць сябе як адзінае геапалітычнае цела. Славацкія нацыяналісты з жахам паглядзелі далей на поўдзень – і вось, нацыяналісты мадзьярскія для іх больш не смяротныя ворагі. Яны гатовыя паціснуць адно адному рукі. У Будапешце больш не баяцца “жандарма Еўропы”. “Забыліся” і на 1849, і на 1956, і з захапленнем глядзяць на Ўсход, у бок краіны, дзе ўзышло сонца традцыйных каштоўнасцей. У Празе з былым прызідэнтам здараецца камінгаўт. Ён прызнаецца, што калісці галасаваў супраць уступлення ў Еўрасаюз.
Венгерская дэпутатка Крыстына Морваі выступае ў Еўрапарламенце. Фота з Youtube.
“Канец лібералізма”? Ці канец “Цэнтральнай Еўропы”? Магчыма, калі пад Цэнтральнай Еўропай разумець кундэрыянскі міф пра вяртанне. Але, паводле Івера Ноймана, вобраз Цэнтральнай Еўропы падобны да Чэшырскага ката – ён дзесяцігоддзямі то знікае, то зноў з’яўляецца. Нешта свдечыць, што і зараз ён перажыве і Кундэру, і новыя пошукі традыцыі.
Можа таксама падацца, што сваім дэмаршам супрацаць заходняга універсалізма Цэнтральная Еўропа справакавала дыскусію пра сэнс каштоўнасцей еўрапейскіх. Як адзначыў былы дарадцы Гавала Рупнік, ніхто больш не ведае, што такое еўрапеізацыя. З Усходу гэтая дыскусія вядзецца вуснамі былых дысідэнтаў і былых лібералаў: “Раней Еўропа была нашай прышласцю, цяпер мы – прышласць Еўропы.”
Але, зрэшты, ці не спазніўся прарок? Хіба ж не сама нямецкая канцлерка яшчэ раней казала пра крах мультыкультуралізма? Пасля параз заходняй дэмакратыі ў Афганістане і ў Іраку, пасля таго як Арабская вясна пераўтварылася ў начны кашмар, пасля таго як Расія, замест таго, каб стаць “нармальнай еўрапейскай краінай”, скацілася ў пекла ўкрыжаваных хлопчыкаў – што арыгінальнага можа выказаць новая Цэнтральная Еўропа, акром расчаравання і роспачы? Я не ведаю.
Роспач альбо дабівае чалавека, альбо падштурхоўвае яго да дзеянняў. Без квітка ў кішэні, я скочыў у апошні вагон апошняга цягніка, які адыходзіў з Будапешта на поўнач – туды, дзе на мяне чакаў мой дом і мой ложак – праз дзве з нечым гадзіны. Цэлых дзве гадзіны. Усяго толькі дзве гадзіны аддзялялі мяне ад іншага света, дзе не было нелегальных мігрантаў, пачуцця трывогі і раптоўнай, начаканай самоты. “Хто ты?”, пачуў я не паспеўшы ступіць і пару крокаў. У твар мне глядзелі уніформы. Пашпарт. “Я… жыву ў Славакіі”, прамармытаў, здаецца, я. Хаця слушней было б адказаць: “Я не ведаю. Я жыву дзесці паміж…”
Працяг у наступных публікацыях аўтара:
Belarus’ entry into international society. Between a small nation-state and big narrativ