Іван Новік. Appel, Hilary, and Mitchell A. Orenstein. From Triumph to Crisis: Neoliberal Economic Reform in Postcommunist Countries. Cambridge: Cambridge University Press, 2018. 254 pp.
by Novik Ivan · 10.06.2020
Трэндам апошніх гадоў (а магчыма і ўсяго дзесяцігоддзя) у асяроддзі акадэмічнай супольнасці было паступовае, але неўнікнёнае, пасоўванне тэрміна «неалібералізм» у бок усё болей негатыўных канатацыяў. Прынамсі з 2008 году крытыка былога фаварыта эканамістаў толькі нарастала. Сёння – у часы агульнай covid-нявызначанасці і разгубленасці – адзіны больш-менш надзейны прагноз на постпандэмічную будучыню, які можна даць: эканамічныя падыходы дзяржаў свету зазнаюць непазбежны перагляд, а апанентаў неалібералізму толькі паболее.
Пры ўсёй маёй нелюбові далучаць прыстаўку «пост-» да амаль любога паняцця – як дыктуе найноўшая тэрміналагічная мода – пасляпандэмічны свет для посткамуністычных краінаў станецца, відаць, і «постнеаліберальным». Са знікненнем гэтага відзежа агульнага і безальтэрнатыўнага шляху ад былога, будзе, відаць, перакрэсленае і іх адзінства ў мінулым, а размовы аб «посткамуністычным свеце» канчаткова страцяць сваю асэнсаванасць. Тая супольнасць лёсу, якую аўтары кнігі здолелі ўбачыць за ўсёй стракатай канкрэтыкай траекторыяў посткамуністычных краінаў, канчаткова расцярушыцца ў новых прыватызаваных будучынях і на «павестку дня» будуць высунуты новыя, не падзеляныя і не супольныя мінулыя.
Гістарычны час ізноў імкнецца скрасці будучыню ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. «Расколатае люстэрка пакаёўкі» нашай гісторыі пагражае чарговай дысацыяцыяй: азіраючыся назад, у подзіве будзем пытаць сябе – што змусіла нас паверыць, нібы неалібералізм ёсць адзіным і безальтэрнатыўным шляхам да некамуністычнай прышласці?
БТым болей цікава і начасна прачытаць узважаны і нейтральны аповед аб неаліберальных рэформах у посткамуністычным свеце.
Аўтары адразу пазначаюць, што пільнуюцца выключна нейтральнага вызначэння тэрміну «неалібералізм», разумеючы пад ім антыэтатысцкі і антыкейнсіанскі падыход да эканамічнай палітыкі, звязаны з імёнамі Фрыдрыха Хаека, Мілтана Фрыдмана і прадстаўнікоў так званай «чыкагскай школы». Нават – як сінонім «эканамічнай свабоды», за вылічэннем дадатнага (на гэты раз) ідэалагічнага прысмаку.
Адзначу: у кнізе прадстаўлена не «гісторыя ідэй» – хто і што разумеў пад неалібералізмам у посткамуністычных краінах – але гісторыя неаліберальных рэформаў, хоць і прачытаныя ў вельмі «ідэалістычным» ключы (пра што крыху ніжэй).
Галоўная перавага кнігі можа на першы погляд, наадварот, падасца яе галоўнай заганай. Абʼяднаць дваццаць сем краінаў з такім відавочна розным лёсам і палітычнымі траекторыямі пад адной вокладкай, ахапіць іх адзіным падыходам і адным наратывам – што гэта, калі не няўважлівасць вонкавых сузіральнікаў, іх невідушчасць да істотнай канкрэтыкі? «Што можа быць агульнага ў Афінаў і Ерусаліму?» – як можна параўноўваць Вышаградскую чацвёрку і Балканы, Балтыю і Цэнтральную Азію, Украіну і Расею?
Але акурат у параўнанні між сабой посткамуністычных краін – вылучна колькасным, абыякавым да ўнутранай канкрэтыкі і адбітым у вачах вонкавых сузіральнікаў – і знайшлі аўтары галоўны «рухавік» неаліберальных рэформаў.
Паводле прымаўкі, пашыранай акурат у посткамуністычным свеце, за асобнымі дрэвамі аўтары – якія і самі папярэдне не мала часу аддалі даследаванню асобных «камлёў»-краінаў – прапануюць разгледзіць адзінства посткамуністычнага лесу (184). І не толькі лес, але ж і лёс, ці супольнасць лёсу посткамуністычнага рэгіёну знаходзяць яны. Нягледзячы на ўсе цэнтрабежная памкненні, былыя краіны «сацыялістычнага лагеру» рушылі ў адзіным напрамку, бо іх рух вымяраўся аднолькавай метрыкай.
Парадзіць чытачу кнігу магу і як прыклад добра структураванага зместу, паслядоўнага аналізу і дыхтоўнага акадэмізму. Не губляючы ў глыбіні аргументацыі, яна цалкам чытэльная нават для такога не абазнага ў эканоміцы чытача, як аўтару гэтых радкоў.
Ад назвы – якая абяцае акурат тое, што і знаходзім у тэксце: гісторыю неаліберальных рэформаў у посткамуністычным свеце, пракрэсленую па траекторыі ад нечаканага трыумфу, да не менш раптоўнага крызісу – да структуры і паслядоўнасці аргументацыі кніга застаецца цалкам празрыстай і транспарэтнай:
а) Структура: сем раздзелаў з уводзінамі, адкуль чытач можа пазычыць дастатковы пераказ далейшага зместу і яго галоўны «панчлайн», і падагульненнем, дзе ізноў знаходзім сціслы пераказ кнігі і яе асноўнай «інтрыгі». Адным словам, увесь навуковы «suspense» прынесены ў ахвяру акадэмізму. Асноўная частка: тры раздзелы, прысвечаныя ўласна «трыумфу», пададзеныя ў храналагічным парадку – гісторыя трох яго этапаў (Вашынгтонскі кансэнсус, еўрапеізацыя і «неаліберальны авангард»); чацверты – аналітычны, дзе гэты «трыумф» тлумачыцца паводле высунутай аўтарамі гіпотэзы; і пяты, прысвечаны крызісу неаліберальнай парадыгмы ў посткамуністычных краінах пасля 2008 году.
б) Аргументацыя: дакладнае акрэсленне акадэмічнага абшару, на які прэтэндуе кніга (так званая транзіталогія, ці тэорыі транзіту); тэзіс, ці эмпірычнае абагульненне, падзяляныя большасцю прадстаўнікоў гэтага абшару, які, у той самы час, не магчыма патлумачыць існымі тэорыямі (нягледзячы на першасныя прагнозы, неаліберальныя рэформы не былі кароткатэрміновымі, а наадварот расцягнуліся на дваццаць гадоў і сягнулі не чаканых і не прадказаных маштабаў); гіпотэза, якая прэтэндуе на тлумачэнне гэтага парадоксу («канкурэнтнае сігналізаванне») і яе параўнанне з іншымі альтэрнатыўнымі тлумачэннямі; эмпірычны матэрыял, які пацвярджае, як слушнасць эмпірычнага абагульнення, так і гіпотэзы аўтараў.
Адным словам, кніга сама прадстаўляе ўзор лібералізму – адметнага англа-амерыканскага акадэмічнага лібералізму, як павагі да часу і свабоды чытача. Itʼs up to you: выбраць глыбіню занурэння ў кнігу (для агульнага знаёмства цалкам дастаткова ўводзінаў), парадак яе прачытання (чытач, зацікаўлены ў канкрэтным этапе, можа адразу перайсці да адпаведнага раздзелу), ці шлях яе крытыкі (для гэтага неабходна і дастаткова ці знайсці іншыя эмпірычныя дадзеныя, ці прапанаваць іншае іх тлумачэнне).
Магчыма, я б не спыняўся так падрабязна і не падчырківаў так дбайна гэтую акадэмічную транспарэтнасць кнігі, каб не мая прызвычаенасць да цалкам іншай гуманітарнай (найперш філасофскай) традыцыі – умоўна назавем яе «кантынентальнай». У апошняй добрым густам лічыцца трымаць чытача ў чаканні апошніх высноваў і канчатковых падрахунку ажно да апошніх старонак. Тут прынята пісаць у жанры своеасаблівага «канцэптуальнага дэтэктыву»: калі аўтар падае не толькі свае аргументы, але ж і дбайна занатоўвае ўсе свае сумневы, пытанні, няслушныя гіпотэзы і д.п. Уладарыць на гуманітарным «кантыненце» таксама і мода на «міждысцыплінарнасць» і абмяжоўваць сябе асадамі канкрэтнага навуковага абшару не прынята. На месцы нашых аўтараў, умоўны «кантынентальны» даследчык замест сціплай прэтэнзіі на ўдасканаленне транзіталагічных тэорый, наадварот казаў бы, што ягоныя высновы аднолькава тычацца і гісторыкаў, і эканамістаў, і палітолагаў, і яшчэ няма ведама каго…
Такім чынам: аўтары прэтэндуюць на новае бачанне т. зв. «транзіту» посткамуністычных краінаў і на канцэптуальны абшар транзіталогіі. Асноўнай «анамаліяй» посткамуністычных краін, якая абвяргае існыя дагэтуль транзіталагічныя тэорыі, яны лічаць працягласць, размах і безальтэрнатыўнае дамінаванне неаліберальных ідэяў і падыходаў у эканамічным мысленні і рэфармаванні рэгіёну.
Першасна, як мясцовыя рэфарматары, так і іх сусветныя дарадцы сыходзілі з думкі, што гарызонт магчымасцяў для неаліберальных рэформаў у рэгіёне вельмі абмежаваны – найперш у часавым вымярэнні. Казалі пра некалькі месяцаў, максімум год ці два (3; 173), пасля якіх непазбежна пачнецца расчараванне мясцовага насельніцтва ў новай эканамічнай палітыцы.
Шырокая імплементацыя «эканамічных свабодаў», нязнаных у рэгіёне, неадхільна мусіла прывесці да масавага збяднення і падзення ўзроўню жыцця і агульных эканамічных паказнікаў. Расчараваная ў новай эканоміцы грамадскасць патрабуе адстаўкі ўраду рэфарматараў і пачынаецца павольны адкат назад. Два асноўныя вектары «транзіту» – дэмакратызацыя і эканамічная лібералізацыя – павінны прыйсці ў непазбежнае сутыкненне і супярэчнасць. Так казаў у найбольш уплывовай сярод транзітолагаў кнізе «Дэмакратыя і рынак» Адам Пшэворскі (175-76). Такога меркавання была і большасць саміх транзітолагаў – як тэарэтыкаў, так і практыкаў. Дэмакратыя і рынак – аднолькава пажаданыя і неабходныя апірышчы новай рэальнасці мусілі прыйсці ў сутыкненне.
Бо ж падавалася, што часу скрайне мала і «вакно магчымасцяў» надзвычай вузкае, новыя ўрады, складзеныя пераважна з так званых «маладых рэфарматараў», прыхапкам намагаліся ўвесці як мага хутчэй і як мага болей новых неаліберальных законаў і зменаў (гэтыя таропкасць і размах сталі вядомы пад назваю «шокавых рэформаў»), каб «адкат назад» стаў амаль немагчымым.
Да гэтага моманту рэальная гісторыя посткамуністычнага рэгіёну ішла ўтропы тэорыі. Перыяд кіравання «маладых рэфарматараў» быў, сапраўды, зазвычай кароткім. Праз некалькі месяцаў, год-два, на іх месца прыходзілі болей кансерватыўныя палітыкі. Але ніякага «адкату» назад не адбылася. Наадварот: насуперак усім чаканням, прагнозам і тэорыям, імпэт да неаліберальных рэформаў амаль безварункова дамінаваў у рэгіёне на працягу дваццаці гадоў (1989-2008).
Лічылася, што болей аўтарытарныя ўрады здолеюць пасунуцца ў эканамічным рэфармавання крыху далей за цалкам дэмакратычныя. Але ж не: найбольшых поспехаў у лібералізацыі дасягнулі краіны Балтыі і Вышаградскай чацвёркі, а не аўтарытарныя краіны Ўсходняй Еўропы (наша Беларусь тут яскравы прыклад), а тым болей Сярэдняй Азіі.
Здавалася відавочным, што неаліберальныя рэформы – прэрагатыва выключна правых урадаў. Але ж не: «левыя» пасля прыходу да ўлады чароўным чынам забываліся на ўсе свае абяцанні і паказвалі нават большы імпэт да адпаведных эканамічных зменаў у параўнанні з сваімі правымі канкурэнтамі (3).
Хваля за хваляй неаліберальныя рэформы сягалі ўсе болей радыкальных мэтаў, покуль посткамуністычны рэгіён не сягнуў тэрыторыі «неаліберальнага авангарду» (у тэрміналогіі аўтараў): плоскі падатак, прыватызацыя пенсіяў, надзвычай нізкі падатак на дададзеную вартасць (далей – ПДВ). Гэткіх маштабаў і размаху рэформаў не прадбачыў напрыканцы 1980-ых і пачатку 90-ых ніводзін з «транзітолагаў». Яны не атрымалі нават, як занадта радыкальныя, падтрымкі большасці ў стане саміх неалібералаў…
Азіраючыся назад на эканамічную гісторыю посткамуністычнага рэгіёну праз акуляры транзіталагічных тэорый, бачым суцэльную анамалію. Развіццё адбывалася ў відавочнай супярэчнасці да ўсіх прагнозаў, экстрапаляцыяў і канцэптуальных пабудоваў.
Збянтэжаныя транзітолагі спачатку спрабавалі ўнесці ў свае тэорыі некаторыя карэктывы, не змяняючы самой парадыгмы (177).
Пасля і сама транзіталогія была занядбаная на карысць новых, больш «модных» тэорый, кшталту еўрапеізацыі (174). Але і дагэтуль адзіным падыходам, які, нягледзячы на ўсе свае тэарэтычныя хібы і вады, прэтэндуе на цэласнае ўзнаўленне эканамічнай гісторыі посткамуністычнага рэгіёна застаецца транзіталогія.
Новая тэорыя, якую прапануюць аўтары ў якасці тлумачэння ўсіх уяўных парадоксаў – гэта канцэпцыя «канкурэнтнага сігналізавання» (competitive signaling). Паводле яе, да неаліберальнага рэфармавання ўрады посткамуністычных краінаў звярталіся не толькі і не столькі дзеля ўнутраных выгодаў і зыскаў (сваёй краіны, свайго «класу» ці, нават, уласных, эгаістычных), але ж дзеля вонкавых наглядальнікаў. Рэформы разумеліся як эфектыўная «мова», на якой можна паслаць адназначны і чытэльны сігнал замежным інвестарам аб прывабнасці бізнес-асяроддзя сваёй краіны (116). Пры гэтым, у стане найболей «узнагароджаных» прамымі замежнымі інвестыцыямі стабільна аказваліся краіны, які ці пайшлі па шляху найбольш агрэсіўнай лібералізацыі, ці тыя, якія маглі разлічваць на буйныя прыродныя рэсурсы (117), г. зн. перфарматыўнасць «сігналізавання» была цалкам паспяховай ажно да 2008 году.
Масла ў агонь «канкурэнтнага сігналізавання» дадаў яшчэ шэраг гістарычных фактараў.
Па-першае, час далучэння посткамуністычных краін да рынкавага свету – 1990-ыя гг. – характарызаваўся буйным ростам азіяцкіх эканомік. Канкрэцыю ў змаганні за тыя самыя замежныя інвестыцыі маглі скласці і краіны Паўдзённай Амерыкі, якія напярэдадні таксама масава перайшлі на неаліберальныя эканамічныя рэйкі. Трансфармацыі, якія зазналі макраэканамічныя погляды ў гэты час, добра адлюстроўвае змена тэрміналогіі: акурат у 1990-ыя краіны «трэцяга свету», сталі называць краінамі «emerging economies» (узнікаючых эканомік) (174). Увага сусветных фінансістаў была прыкутая да гэтых рэгіёнаў. Посткамуністычным краінам было за што змагацца і з кім змагацца. А найбольш надзейным, дый, па вялікаму рахунку, адзіным сігналам для замежных інвестараў былі неаліберальныя рэформы.
Па-другое, асаблівага драматызму працэсам «канкурэнтнага сігналізавання» сярод посткамуністычных краін надало тое, што канкураваць яны былі змушаны не толькі і не столькі з Азіяй ці Паўдзённай Амерыкай, а найперш між сабой. Усе дваццаць сем дзяржаваў «уваліліся» у рынкавы сусвет амаль адначасна і з параўнальна аднолькавымі стартавымі пазіцыямі. Гэткімі ж адносна раўназначнымі яны былі і ў вачах замежных інвестараў.
Вельмі хутка нармалізуючую ролю параўнання зразумелі і Міжнародныя фінансавыя арганізацыі: яны штогод друкавалі адпаведныя рэйтынгі – нагоду для гонару адных і прыкрых высноваў для іншых. Рэфармавацца ўперад суседзяў азначала падкрэсліваць сваю выключную прывабнасць для інвестараў, рэфармавацца ўслед за суседзямі значыла даганяць іх на шляху прагрэсу і станавіцца на шлях выпраўлення і папраўкі. Усе аднолькава лічылі сябе і лічыліся вонкавымі сузіральнікамі хворымі на камунізм у мінулым. А шлях да «здароўя» разумеўся выключна рэлятыўна: галоўным было не адстаць ад суседзяў, нават тады, калі тыя выперадзілі неаліберальную «норму» большасці эканомік свету.
Раскошу адстаць у агульным забегу да знікомай мэты «канчатковай» лібералізацыі маглі дазволіць сабе толькі краіны, якія разлічвалі на рэнту ад прыродных рэсурсаў. Сярод такіх аўтарамі названыя: Узбекістан, Туркменістан і Беларусь (118). Апошняе патрабуе тлумачэнняў: эрзацам «прыродных багаццяў» для беларускай эканомікі стала рэнта ад транспарціроўкі расейскай нафты і газу.
Нарэшце трэці неабходны гістарычны інгрэдыент, які забяспечыў бесперабойную працу механізму канкурэнтнага сігналізавання: акурат перад тым, як посткамуністычны свет перайшоў на рэйкі рынкавай эканомікі, у свеце быў дасягнуты амаль агульны кансэнсус адносна неалібералізму, як адзінай слушнай эканамічнай палітыкі. Неалібералізм у 1990-ыя быў «гегеманічнай lingua franca» (6): адзінай мовай зразумелай для міжнароднай супольнасці. Любыя падзеі ў посткамуністычным свеце адразу перакладаліся на жаргон неаліберальных метрык, адбіваліся ў адпаведных рэйтынгах, пільна і адназначна чытаных замежнымі інвестарамі.
Асобнай «прыбавачнай вартасцю» тэорыі «канкурэнтнага сігналізавання» аўтараў варта прызнаць не толькі паслядоўны наратыў неспадзяванага трыумфу неалібералізму ў посткамуністычным свеце, але ж тлумачэнне для не менш раптоўнага і нечаканага ягонага заняпаду пасля сусветнага эканамічнага крызісу 2008 году. У паслякрызісны час не назіраем тут былога імпэту да новых, радыкальных рэформаў, а частка ўжо распачатых прыпыняецца ці адмяняецца.
Найбольшым жа «скандалам» для аналітыкаў-транзітолагаў стаў «адкат» былых флагманаў рэформаў – Венгрыі і Польшчы да частковага этатызму, эканамічнага нацыяналізму і папулісцкай рыторыкі.
Паводле тэорыі «канкурэнтнага сігналізавання» у такіх тэндэнцыях няма нічога дзіўнага. Па-першае, адначасна з крызісам адбываецца адток замежных інвестыцыяў – тым болей балючы для цалкам узалежненых ад іх папярэднімі рэформамі посткамуністычных краінаў. Пятля зваротнай сувязі «болей рэформаў – болей замежных інвестыцыяў» упершыню дае збой. Па-другое, парушаецца і адназначнасць самой мовы «сігналізавання»: сусветныя фінансавыя арганізацыі і звязаныя з імі эксперты, як і самі інвестары болей не супольныя ў перакананні, што неаліберальны шлях – адзіна правільны, і толькі лібералізацыя эканомікі ёсць адзіным надзейным крытэрам прагрэсу.
Як казаў вышэй, параўноўваюць аўтары сваю тэорыю і з канкурэнтнымі не-транзіталагічнымі падыходамі. Адзінымі заўважнымі альтэрнатывамі ва ўласна эканамічным абшары для транзіталогіі ёсць тэорыі міжнароднага ўплыву (international influences) і разнавіднасцяў капіталізму (varieties of capitalism) (12).
Тэорыі міжнароднага ўплыву засяроджваюцца не на ўнутраных палітычных і эканамічных патрэбах посткамуністычных краін, а на сусветных арганізацыях, якія ўплывалі на рэфармаванне і спрыялі яму. Такім чынам урады гэтых дзяржаваў разглядаюцца хутчэй як вядзёныя, чым як субʼекты сваёй эканамічнай палітыкі.
Канцэпцыі «разнавіднасцяў капіталізму» падкрэсліваюць унікальнасць як шляху прыйсця да рынкавай эканомікі, так і ўнутраную гетэрагеннасць сучаснага капіталізму як такога, яго лакальныя адметнасці.
Аўтары паказваюць, што іх падыход кампліментарны да гэтых двух тыпаў тэорыяў: улучае іх моцныя аргументы і дазваляе патлумачыць болей за дасяжнае іх эўрыстыкам (14-15).
Для тэорый міжнароднага ўплыву відавочным парадоксам выглядае «авангардная» фаза: рэформы распачатыя ў посткамуністычным рэгіёне на апошнім, перадкрызісным этапе не знайшлі з боку міжнародных інстытутаў не толькі кансалідаванай падтрымкі, а тым болей прымусу да іх, а, наадварот, былі досыць актыўна скрытыкаваныя.
Што датычыць тэорый «разнавіднасцяў капіталізму», то іх слабасць адносна посткамуністычнага рэгіёну ў немагчымасці патлумачыць кластэрны і каскадны характар рэформаў: тузін і болей краін прымалі тут аднолькавыя рэформы з разбежкай усяго ў некалькі гадоў.
Фактычна, на мой погляд, аўтары рэвалюцыянізуюць транзіталогію знутры: у сваім папярэднім аглядзе я адзначыў характэрную для сучаснага транзіталагічнага дыскурсу змену мадальнасцяў: ад прэскрэптыўных пытанняў «як мусіць», ён пераходзіць да дэскрэптыўнага «што адбываецца?» Але аўтары «Ад трыумфа да крызісу» ідуць далей: былыя нарматыўныя патрабаванні і аксіялогію транзітолагаў яны разглядаюць, як рэальныя гістарычныя механізмы сама-нармалізацыі і сама-дысцыплінавання, дастасаваныя посткамуністычнымі краінамі да сябе ў сітуацыі асіметрычнай камунікацыі з замежным капіталам і ўнутранай канкурэнцыі.
Акурат тут і праяўляецца адметны «ідэалізм» аўтараў: галоўны механізм неаліберальнага рэфармавання рэгіёну яны знаходзяць не ў «матэрыяльным» інтарэсе (кіроўнай эліты, «сусветнага капіталу», ці функцыі ад шматлікіх прыватных інтарэсаў нацыянальнага рынку), а ў своеасаблівым гегелеўскім «Kampf um Anerkennung», барацьбе за прызнанне, якая адбывалася ў лічбавай мове неаліберальных метрык.
У той жа час, гэта хоць і ідэалістычны, але антынарматыўны падыход. Ён рэлятывізуе ўсе нормы транзіталогіі: разглядае іх не як прэскрэптыўную рамку пераходу ад камунізму да эканамічнай свабоды, а толькі як гістарычны фрэйм канкрэтных падзей у рэгіёне.
***
Як сказана вышэй, асноўны змест кнігі разгортваецца ў адпаведнасці з храналогіяй: тры першыя раздзелы і, адпаведна, тры фазы «неаліберальнага трыумфу» – 1) прыняцце Вашынгтонскага кансэнсусу, 2) еўрапеізацыя, 3) авангардны неалібералізм, далей – раздзел прысвечаны папярэднім высновам і агульнаму аналізу «трыумфальнай» часткі, і апошні: даследаванне крызісу неаліберальнай парадыгмы. Фазы трыумфу разрозніваюцца не толькі паводле зместу і сэнсу надаванаму рэформам, але ж і адносна асноўных вонкавых рухавікоў зменаў. На першай фазе гэткімі выступалі Міжнародны валютны фонд і Сусветны банк. На другой – Еўрапейскі саюз і звязаныя з ім бюракратычныя і эканамічныя структуры. На трэцяй – унутранае сеціва экспертных супольнасцяў.
Другі раздзел: «Першая фаза: Вашынгтонскі кансэнсус».
Раздзел распачынае эканамічны аналіз посткамуністычнага рэгіёну напярэдадні неаліберальных рэформаў. Усе ўваходныя ў яго краіны сустрэлі новы, рынкавы этап сваёй гісторыі ў структурна падобным становішчы. Унутраныя фінансавыя рэсурсы «зʼела» інфляцыя і гіперінфляцыя. Грошай, якіх патрабавалі аднаўленне і перабудова эканомік, крытычна не ставала. Адзіным выйсцем падавалася замежнае інвеставанне. Структурная залежнасць ад вонкавых фінансавых сродкаў зрабіла краіны безабароннымі перад патрабаваннямі міжнародных арганізацыяў. Дыялог з вонкавым светам пачаўся з прынцыповай асіметрыі пазіцый. У той жа час, сам гэты свет напачатку 1990-ых цалкам апанавала неаліберальная парадыгма: «Захад гаварыў у адзін голас, выкарыстоўваючы мову неаліберальнай эканомікі» (46).
Новае адзінства эканамічных меркаванняў, з манатоннасцю якога сутыкнуліся посткамуністычныя краіны, было дасягнутае акурат напярэдадні і канчаткова замацавалася разам са знікненнем «сацыялістычнага лагера». Яно атрымала назву «Вашынгтонскага кансэнсусу». Першасна такую назву атрымала праграма рэфармавання краінаў Лацінскай Амерыкі, але пасля гэтак жа быў пайменаваны новы этап прынцыповай гегемоніі неаліберальнага дыскурсу. Уласна прыняцце «Вашынгтонскага кансэнсусу» і імплементацыя рэформаў у акрэсленым ім кірунку – прыватызацыя, дэрэгуляванне эканомікі, увядзенне свабоднага курсу нацыянальнай валюты – і склалі змест першай фазы неаліаберальнай гісторыі посткамуністычных эканомік.
Амаль адразу выявілася і другая істотная рыса посткамуністычных краін: узаемазалежнасць. Кожная з рэформаў у адной чула назіралася іншымі, мацуючы ціск хутчэй рэфармавацца ў тым жа напрамку і пострах застацца ў лагеры «адсталых» (33).
Міжнародныя фінансавыя арганізацыі (найперш Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця) таксама хутка зразумелі гэтую дысцыплінарную сілу параўнання і скарысталіся ёю: былі распрацаваныя адпаведныя празрыстыя сістэмы ацэнкі, якія нібы знарок намаўлялі да супастаўлення і яшчэ болей стымулявалі ўрады посткамуністычных краінаў сачыць за суседзямі і канкураваць з імі (49). Неўзабаве посткамуністычныя краіны сутыкнуліся з цэлым шэрагам метрыкаў, паводле якіх ацэньвалі і параўноўвалі іх «прагрэс», найперш – у пытанні прыватызацыі (52). У гэткіх варунках яны былі змушаны канкураваць не столькі за пэўныя рэсурсы, ці дабрабыт уласных грамадзянаў, колькі між собку за вышэйшыя месцы ў міжнародных рэйтынгах. Рэформы разумеліся найперш, як сігнал інвестарам і як спосаб адрозніць сваю краіну ад суседзяў у іх вачах.
У выніку дэбаты ў палітычным поле звяліся пераважна да хуткасці рэформаў, але ж не іх зместу (44). Сусветныя эксперты, перакананыя транзіталагічнымі тэорыямі ў абмежаванасці часавага рэсурсу для рэфарматараў, раілі дзейнічаць з найбольшай спешнасцю. Прыспешаныя і маштабныя рэформы, дзякуючы механізму «канкурэнтнага сігналізавання» падхоплівалі і суседзі. Вынікам стаўся цэлы каскад рэформаў (33). Некаторыя з метадаў – у прыватнасці знакамітая ваўчарная прыватызацыя – ад самага пачатку неслі беспрэцэдэнтны і эксперыментальны характар. Ужо на першасным этапе посткамуністычныя краіны паказалі схільнасць да «анамальных» тэмпаў і механізмаў лібералізацыі.
Ваўчарная прыватызацыя – па шляху якой пашлі 15 з 27 посткамуністычных краінаў (51) – раней ніколі не выкарыстоўвалася і не знаходзіла агульнай падтрымкі нават сярод прарынкавых эканамістаў (53-54). «Гэта сталася першай прыкметай таго, што посткамуністычны пераход (transition) палягаў не толькі ў рэалізацыі стандартнай палітыкі рэформаў, але, часткова, і ў сляпой і адчайнай пагоне за колькаснымі мэтамі» (55).
У стане тых, хто досыць трывала супраціўляўся лібералізацыі, апынуліся толькі Беларусь і Туркменістан (61). Абедзве краіны, па думцы аўтараў, маглі замест знешніх інвестыцыяў разлічваць на рэнту: Туркменістан – ад прыродных рэсурсаў, Беларусь – ад транспарціроўкі Расейскага газу і нафты (61).
Трэці раздзел: «Другая фаза: Еўрапеізацыя».
Канец тысячагоддзя азнаменаваўся крызісам на азіяцкіх рынках, на тле якога яшчэ болей рэльефна адбіліся поспехі гібрыднай эканомікі Кітаю. Непадзельнае дамінаванне неаліберальнай парадыгмы, здавалася б, трапіла пад пытанне (65).
Але ў посткамуністычных краінах у гэты самы час уздымаецца новая хваля неаліберальнага рэфармавання – каталізатарам якога стала пытанне членства ў Еўразвязу. Уплыў магчымасці далучэння да ЕЗ меў на эканомікі посткамуністычных дзяржаваў двухбаковы характар: з аднаго боку, неаліберальныя рэформы прэзентаваліся, як адзіны і безальтэрнатыўны шлях «назад у Еўропу», а, з другога боку, магчымасць далучэння разглядалася міжнароднымі фінансавымі гульцамі, як адназначны сігнал прывабнасці і надзейнасці эканомікі краіны для інвеставання (66).
У сваім дыялогу з еўрабюракратыяй краіны былога сацыялістычнага лагеру ізноў аказаліся ў прынцыпова асіметрычнай пазіцыі: гэта яны прагнулі далучэння да ЕЗ, у якім бачылі здзяйсненне мары пра вяртанне ў «еўрапейскую сямʼю», Заходняя Еўропа, у той жа час, разглядала новых прэтэндэнтаў са скепсісам і прадузятасцю. Нераўнацэнная камунікацыя ператварылася ў цэлы шэраг канкрэтных і дакладных патрабаванняў да эканамічных зменаў. Еўракамісары не паленаваліся пазначыць нават дакладныя сектары эканомікі, асобныя кампаніі і канкрэтныя прадпрыемствы, якія неабходна было прыватызаваць (68). Кандыдаты на членства былі змушаны, нягледзячы на ўсё першаснае нежаданне, «расстацца з фамільным срэбрам» – прыватызаваць буйныя прамысловыя прадпрыемствы. Урады посткамуністычных краінаў аказаліся болей згодлівымі да найбольш радыкальныя рэформаў – рэгіён пераўтвараўся ў доследнае поле неаліберальных тэорыяў. Рэформы сягнулі тут межаў, немагчымых для першасных чальцоў ЕЗ, такіх як Нямеччына ці Францыя (69).
Гэтак жа сама як і міжнародныя фінансавыя арганізацыі, Еўракамісія актыўна карысталася дысцыплінарнай сілай параўнання. Штогод друкаваліся даклады па кожнай з краін-прэтэндэнтак. Іх змест быў публічным і дасяжным для любога ахвотнага. Такім чынам падагравалася канкурэнцыя між краінамі. Адпаведна прачытвалася інфармацыя і інвестарамі.
Хаця далучэнне да ЕЗ у рэальнасці пайшло па шляху буйных хваляў, першасна кожная краіна-кандыдат ацэньвалася індывідуальна і дэталёва (75).
Еўрабюракратыя, Сусветны банк і іншыя міжнародныя фінансавыя арганізацыі працавалі ў адным напрамку (85): ад усіх сыходзілі аднолькавыя патрабаванні ў як мага большай і больш хуткай лібералізацыі эканомікі.
Ніводная з партыяў і ніводны з палітычных рухаў не хацелі быць стыгматызаванымі, як перашкода на шляху краіны да яе Еўрапейскай будучыні. У краінах-прэтэндэнтках розніца ў палітычных платформах і дзейнасці правых і левых была амаль нівеляваная (87).
Праз праграмы «Усходняга суседства» і «Усходняга партнёрства» уплывы еўракамісараў сягнулі эканомік краін, якія не прэтэндавалі на членства ў ЕЗ у бліжэйшай перспектыве (72). А праз агульны механізм канкурэнтнага сігналізавання новыя неаліберальныя трэнды падхапілі нават тыя з посткамуністычных краінаў, якія наагул не бачылі сябе ў Еўразвязе.
Чацверты раздзел: «Трэцяе фаза: Авангардны неалібералізм».
Трэцяя фаза – якую некаторыя з даследчыкаў і мясцовых палітыкаў назвалі «другім этапам рэформаў» (90), а аўтары кнігі «авангардам» – характарызуецца «гіперліберальнымі» і «эксперыментальнымі» (90) рэформамі ў рэгіёне.
Імпэт посткамуністычных краінаў да неаліберальнага рэфармавання не спыніўся нават на класічных пунктах гэтай парадыгмы: дэрэгуляванні цэн, прыватызацыі прадпрыемстваў, канверсаванасці валюты і стабілізацыі курсу. На апошнім этапе іх урады сягнулі далей за межы ўсяго патрабаванага і чаканага міжнароднымі фінансавымі гульцамі і перайшлі да «спісу пажаданняў» найболей зацятых і адданых прыхільнікаў неалібералізму – да рэформаў, якія ніколі не траплялі ў актуальную палітычную павестку Заходняй Еўропы ці Паўночнай Амерыкі (90). Размова ідзецца пра плоскі падатак і прыватызацыю пенсійнай сістэмы, звышнізкі ПДВ і экстрэмальную меру свабоды Цэнтрабанку (90).
Акурат на матэрыяле дадзенага раздзелу аргументацыя аўтараў паказвае сваю найбольшую пераканаўчасць і эўрыстыку. Калі папярэднія эканамічныя змены ў посткамуністычных краінах можна патлумачыць уплывам вонкавых арганізацыяў і структур, то для «авангарднай» фазы такая інтэрпрэтацыя ўжо не працуе.
Па-першае, з боку як міжнародных фінансавых арганізацыяў, так і еўракамісараў новыя рэформы сустрэлі ў лепшым выпадку нейтральнае ці насцярожанае маўчанне, а іншым разам – і актыўны супраціў.
Па-другое, на імплементацыю прыватызацыі пенсіяў, небяспечнай на вынікі для насельніцтва, наважыліся краіны па-за любымі прамымі ўплывамі ЕЗ і ягоных праграм: Расея, Казахстан і Узбекістан (27).
Варта спыніцца на кожнай з «авангардных» рэформаў асобна – дзеля іх істотнасці для аргументацыі аўтараў і некаторых цікавых высноваў, да якіх яны прыходзяць.
Пенсійная рэформа – Сусветны банк, які вёў рэй у папярэднім рэфармаванні посткамуністычнага рэгіёну, гэтым разам узяў на сабе толькі кансультацыйную ролю. Для рэфарматараў былі арганізаваныя паездкі ў Чылі, дзе ўпершыню былі дастасаваныя падобныя меры, і, часткова, гарантаваныя ім далейшыя карʼеры (цяпер ужо яны выступалі сусветнымі кансультантамі па гэтаму пытанню) (97). Пазіцыя еўрабюракратаў па пытанню засталася насцярожана нейтральнай. Асабліва «скандальнай» рысай рэформы сталася тое, што яе праводзілі як правыя, так і «левыя» урады (99). Для апошніх патлумачыць неабходнасць прыватызацыі пенсіяў у тэзаўрусе партыйнай ідэалогіі было ўвогуле невыканальнай задачай.
Увядзенне так званага «плоскага падатку» – Міжнародны валютны фонд не толькі не падтрымаў, але ж і актыўна супраціўляўся такому кроку. Ролю завадатараў рэформы ўзялі на сябе мясцовыя НДА, think tanks і разгалінаваная сеціва экспертаў унутры рэгіёну. Першая на такі крок наважылася Эстонія. У наступныя тры гады плоскія падаткі былі прыняты ў астатніх краінах Балтыі (102). Расея, Украіна і іншыя (сярод якіх і наша Беларусь) хутка таксама крочылі ўслед. Відавочна, што пры такім тэмпе рэформаў урады кіраваліся зусім не поспехамі суседніх краінаў. Тым болей, паводле ацэнак экспертаў, пасля рэформы ВУП павялічыўся толькі ў Латвіі, Літве і Расеі (101). І нават у гэтых выпадках немагчыма давесці, што гэтае павелічэнне было звязанае непасрэдна з рэформаю (102). Прынамсі ў кароткатэрміновай перспектыве відавочнымі і адзінымі бенефіцыярамі плоскага падатку былі толькі найболей багатыя (101). Ізноў жа: не эканамічныя довады, але ж ціск краінаў суседак і пострах згубіць прывабнасць у вачах інвестараў змушалі ўсё новыя посткамуністычныя краіны на ўвядзенне рэформы. Напачатку плоскі падатак быў стратэгіяй адасобіць краіну сярод суседак, даслаць адназначны сігнал для інвестараў у яе прарынкавай арыентаванасці. Паступова, калі такая мера была прынятая ў дастатковай колькасці посткамуністычных краін, сігналізаванне змяніла свой знак. Цяпер краіны, дзе ён яшчэ не быў уведзены, выглядалі як менш адданыя ідэі свабоднага рынку і менш прывабныя для інвестараў (108).
Ізноў жа: левыя і правыя ўрады, дэмакраты і дыктатары (108) аднолькава знаходзілі прывабнай ідэю пераходу да плоскага падатку.
Асабліва красамоўна аб экстравагантнасці новых рэформаў сведчыць спіс краінаў, якія пайшлі па іх шляху па-за посткамуністычным рэгіёнам. Сярод такіх толькі 10 дзяржаў свету прынялі плоскі падатак і толькі 18 прыватызавалі пенсіі (95).
Спіс краінаў з плоскім падаткам асабліва змушае задумацца: Гон Конг, Гернсі, Ямайка, Тувалу, Гранада, Маўрыкій, Усходні Тымор, Бэліз і Сейшэльскія Астравы (95). Як бачым, ніводная краіна з найбуйнешых эканомік свету – з якімі найперш асацыююць неаліберальную парадыгму – у гэтым спісе не фігуруе…
Тым болей дзіўна бачыць у гэтым спісе Беларусь, «запаведнік камуністычнага мінулага» – паводле як прыхільнікаў, так і крытыкаў беларускай мадэлі. Чарговая сведчанне таго, што гуманітарна-палітычны дыскурс (не істотна – у яго «ахавальнай» ці «апазіцыйнай» адмене) адстае ад эканамічных рэаліяў краіны. Страта пераважнай большасці рэнты ад транзіту расейскіх вуглевадародаў, наступствы неасцярожных і безразважных эксперыментаў з друкарскім станком напярэдадні выбараў падштурхнулі кіраўніцтва Беларусі да замежных фінансавых дарадцаў і ўнутраных ліберальных рэфарматараў. Тыя і другія арыентаваліся на палітыку бліжэйшых посткамуністычных суседзяў. У выніку маем дзіўны гібрыд часткова кіраванай гаспадаркі з буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі пад дзяржаўным кантролем і гіперліберальнай падатковай палітыкі.
Спіс радыкальна неаліберальных характарыстык беларускай эканомікі на плоскім падатку не сканчаецца. Як вядома, ПДВ у Беларусі складае зараз 20%, а раней быў яшчэ ніжэй – 18%. Але ж, думаю, большасць чытачоў-неэканамістаў будзе здзіўлена наколькі гэта малы адсотак у параўнанне з сусветнымі паказнікамі. Уласна гэткія значэнні – 18-20% – характэрны толькі для посткамуністычнага свету (110).
У той час як датычна плоскага падатку еўрабюракраты захоўвалі асцярожнае маўчанне, афіцыйная пазіцыя Еўракамісіі адносна нізкага ПДВ была строга адмоўнай. Не здолеўшы пераканаць новых чальцоў ЕЗ у неабходнасці яго падвышэння, цяпер ужо Заходнееўрапейскія краіны былі змушаны паніжаць свой ПДВ. Асабліва вымоўна гучаць наступныя лічбы: у 1997 у Італіі і Нямеччыне значэнні ПДВ сягалі 53,2% і 56,8% адпаведна (113).
Ніводная з пералічаных рэформаў не была часткаю «Вашынгтонскага кансэнсусу» і не значылася сярод патрабаванняў Міжнародных фінансавых арганізацыяў ці Камісіі ЕЗ. Прамыя наступствы рэформаў непасрэдна датычылі толькі самых багатых, а магчымыя перавагі для грамадства ў цэлым былі цьмянымі і выключна тэарэтычнымі. Але іх імплементацыя прайшла без якіх-небудзь заўважных пярэчанняў з боку мясцовых левых партыяў, а, у шэрагу выпадкаў, і наагул праводзілася акурат левым урадам (114).
Пяты раздзел: «Канкурэнтная сігналізацыя і прамыя замежныя інвестыцыі».
Гэты раздзел выступае падагульненнем усёй часткі прысвечанай «трыумфальнай» стадыі. Аўтары яшчэ раз падкрэсліваюць і ілюструюць эўрыстыкі сваёй тэорыі «канкурэнтнага сігналізавання» адносна эмпірычнага матэрыялу папярэдніх частак.
Асобна яны спыняюцца на інстытутах, якія выступалі асноўнымі каталізатарамі рэформаў на кожным з этапаў і на тое «мове», пасродкам якой яны даносілі свае жаданні і дысцыплінавалі посткамуністычны рэгіён.
Напачатку такую ролю граў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і створаныя ім «індыкатары пераходу» (transition indicators). Апошнія сталі адным з самых ранніх і найбольш распаўсюджаных паказнікаў прагрэсу краіны ў кірунку неалібералізму. ЕБРР сам актыўна прасоўваў ідэю, што прагрэс гэтых паказнікаў наўпрост адабʼецца на памерах замежных інвестыцыяў (124). Такім чынам, менавіта ЕБРР упершыню распрацаваў «мову» на якой камунікавалі кіраўніцтва посткамуністычных краінаў і інвестары (125).
Ідэя такой транспарэнтнай і агульнай метрыкі, паводле якой ацэньваўся б прагрэс, была падхоплена Сусветным банкам, які распрацаваў адпаведны «Індэкс зручнасці вядзення бізнесу» (Ease of Doing Business Index). Кожны з гэткіх індэксаў улучае канкрэтныя парады і дае прыклады краінаў для параўнання
Калі ўрад адной з посткамуністычнай краінаў прымаў пэўную перадавую рэформу, яна адразу прыцягвала да сябе міжнародную ўвагу і прачытвалася, як адпаведны сігнал інвестарамі. Кіраўніцтва ж краін-суседак было змушана ці эмуляваць падобную рэформу ці сутыкнуцца з рызыкай адстаць у высока прыкметных міжнародных рэйтынгавых сістэмах (130).
Асобна спыняюцца аўтары і на эканамічных паказніках. Да 2008 г. прырост замежных інвестыцыяў у рэгіёне сапраўды быў каласальным. Пры гэтым большая іх частка трапляла да краін з найбольш агрэсіўнымі тэмпамі неаліберальнага рэфармавання, ці да тых, якія маглі разлічваць на буйныя прыродныя рэсурсы. Такім чынам, ні ў мясцовых урадаў, ні ў іх міжнародных дарадцаў не было прычынаў сумнявацца ў слушнасці неаліберальнай парадыгмы да 2008 г. Але пасля ўсё змянілася.
Шосты раздзел: Крызіс неалібералізму.
Глабальны фінансавы крызіс 2008 году пахіснуў былую нязломнасць неаліберальнай ідэалогіі. Посткамуністычныя краіны аказаліся безабароннымі перад ім: характэрная для рэгіёну надзвычай вялікая доля замежнага капіталу ў банкаўскім сектары, зрабіла яго асабліва ўразлівым. У 2009 годзе прыток прамых замежных інвестыцыяў падае ў рэгіёне на 45 адсоткаў (142).
Перакананасць у безальтэрнатыўнасці неаліберальнага шляху падае не толькі сярод урадаў і мясцовага насельніцтва, але таксама зніжаецца ў сусветных эканамічных і палітычных элітаў (142). Мова «канкурэнтнага сігналізавання» страчвае сваю былую недвухсэнсоўнасць.
Асобна адзначу, што ў сваім апісанне крызісу неалібералізму аўтары наўпрост спасылаюцца на знакамітую тэорыю змены парадыгмаў Томаса Куна (145). Пасля 2008 году назіраецца пастаянны рост «анамаліяў» для неаліберальных тэорый, што дазваляе сягнуць поспеху альтэрнатыўным дыскурсам (149).
Сем з дзесяці краінаў, якія распачалі прыватызацыю пенсійнай сістэмы згортваюць праграмы (156). Развароты і адступленні адбыліся таксама і ў пытанні плоскага падатку (157): Чэхія часткова прыпыняе адпаведны закон, а Албанія, Украіна і Латвія – наагул скасоўваюць (158). Адзінымі выключэннямі ў гэтым трэндзе сталіся Боснія і Герцагавіна і Беларусь, якія прынялі законы аб плоскім падатку ў 2008 і 2009 годах, адпаведна. Але ж у Беларусі ўвядзенне плоскага падатаку азначала падвышэнне стаўкі для большасці з падаткаплацельшчыкаў (159).
Адток замежных інвестыцыяў змушае посткамуністычныя ўрады ўпершыню ўсурʼёз прыслухацца да ўласнага электарату і тут на паверхню ўсплывае відавочнае, але раней ігнараванае: падтрымка рынкавай эканомікі сярод насельніцтва была ўвесь час на вельмі нізкім узроўні (153).
Адток замежных інвестыцыяў адчыняе дзверы папулісцкай дэмагогіі і палітычным платформам. Новы этап у палітычнай гісторыі рэгіёну адзначыў скандальны выступ Пуціна на Давоскім форуме. Адбываецца прыход да ўлады В. Орбана і Я. Качынскага. Венгрыя, Польшча і Расія звяртаюца да папулісцкай палітычнай альтэрнатывы.
Польшча, Венгрыя і Расея пайшлі па шляху «неаэтатызму»: галоўнай мэтай развіцця называецца ўмацавання дзяржавы, а не эканомікі. У неаліберальнага шляху, які дамінаваў на працягу 20 год у посткамуністычных краінах, зʼявіліся канкурэнты.