Міхал Баярын. Ігнат Абдзіраловіч: запавет ліючайся формы
by абдзіраловіч · 03.02.2020
Нацыя як праект
Праект – гэта канструктыўная мэтафара. Гэта пасьлядоўнасьць пабудовы, даступная ўся адразу, падчас любога кроку яе зьдзяйсьненьня. Гэта час пабудовы, адлюстраваны ў прасторы яе апісаньня.
Нацыя як праект – гэта гісторыя яе задумы і пабудовы. Праект нацыі мае наўвеце яе плянаваньне, рэалізацыю і завяршэньне. Праект пабудовы патрабуе будаўнікоў і рэсурсаў, і ў выпадку нацыі – усё гэта людзі.
Праект дазваляе ў любы час зьверыцца з агульным плянам. Паглядзеўшы на Беларусь як на праект, мы можам параўнаць задуму і яе рэалізацыю, і вызначыць на якой стадыі яна знаходзіцца цяпер.
Беларусь як праект пачынаецца ў 19 стагодзьдзі. Пасьля падзелаў Рэчы Пасталітай паступова зьнікаюць яе грамадзкія і культурныя структуры, і ўтвараецца вялікае свабоднае рэчыва, адносна якога становіцца магчыма выказваць новыя намеры.
Гэты вызвалены чалавечы рэсурс таксама мае свае эмоцыі. Ён збольшага складаецца з палянізаванай эліты і беларускамоўнага сялянства. Эліта жадае рэстаўрацыі страчанай дзяржавы. Гэта рамантычная эмоцыя, якая разьмяшчае ідэал у мінулым. А сялянства жадае адсутнасьці над сабой эліты. Гэта аграрная утопія. Але гэта яшчэ і эмоцыя самастойнасьці.
Беларускі праект паўстае на скрыжаваньні гэтых дзьвюх эмоцый. З аднаго боку, ён разьмяшчае рамантычны ідэал у мінулым, аб’яўляючы сябе нашчадкам Вялікай Літвы. З другога боку, ён утвараецца на разрыве са старабеларускай традыцыяй. Гэта ідэя новай, маладой нацыі, якая ўсё пачынае спачатку.
Бэклог беларускай нацыі
Праект – гэта калектыўная праца, яго плянуюць адны людзі, рэалізуюць – другія, а карыстаюцца вынікамі – трэція. А ў выпадку праекту нацыі ў яе плян могуць уваходзіць нават цалкам супярэчныя ідэі. Праект нацыі больш падобны на сучасныя практыкі гнуткай распрацоўкі праграмаў, чым на клясычны архітэктурны плян.
Такі праект мае свой бэклог (backlog) прадукта, у якім сабраныя ўсе магчымыя пажаданьні да ідэальнага выніку, яго рысы (feature), якія мы назавем запаветамі. Паводле запаветаў ствараюцца гісторыі (story), гісторыі разбьбівацца на задачы (task), якія затым зьдзяйсьняюцца. Прыгэтым запаветы могуць дадавацца ў бэклог цягам усёй рэалізацыі праекту.
Акрамя таго, праект нацыі ніколі не плянуе свайго завяршэньня. Ён павінен доўжыцца вечна. Таму, каб ствараць будучыню і напаўняць час нацыі, бэклог мае заўжды зьмяшчаць нязьдзейсьненыя запаветы.
Калі ўзгадаць усе ідэі Беларусі, выказаныя зь сярэдзіны 19 стагодзьдзя да нашага часу, у нас атрымаецца бэклог беларускай нацыі, напоўнены рознымі пажаданьнямі да канчатковага выніку, створанымі айцамі-заснавальнікамі ў самы розны час.
Так, напрыклад, Францішак Багушэвіч стварае запавет: “Мець па-свайму пісаныя і друкованыя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баячкі”. І яшчэ адзін: “Мець тэрыторыю ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак”.
Затым, напрыклад, у межах першага запавету Аляксандр Ўласаў стварае гісторыю “Наша Ніва. Першая беларуская газэта з рысункамі”, а Браніслаў Тарашкевіч – гісторыю “Беларуская граматыка для школ”. У межах другога запавету Антон Луцкевіч старае гісторыю “Беларуская народная рэспубліка”, а Цішка Гартны – гісторыю “БССР”.
Нацыя і нацыяналізм
Па вялікім рахунку, нацыяналістамі можна назваць усіх, хто ўдзельнічае ў нацыянальным праекце, будуе нацыю. Усіх тых, хто стварае запаветы, гісторыі, задачы і іх зьдзяйсьняе. Нацыяналізм – гэта мэнэджмэнт нацыянальнага праекту. А беларуская нацыя – гэта праект беларускіх нацыяналістаў.
Але, каб ствараць нацыю, трэба мець яшчэ і асаблівае становішча па-над нацыяй. Каб зьдзяйсьняць нацыянальны праект, трэба бачыць час нацыі як адначасовую прастору. Трэба быць і ўнутры, і звонку нацыі. І ў такім разе, нацыяналізм і нацыя – гэта бытнае рознага парадку.
Каб магчы ствараць нацыю, нацыяналізм мае быць перадусім часткай арганічнай, а не канструктыўнай мэтафары, найперш рэлігіяй Радзімы, а толькі пасьля – мэнэджмэнтам і працаўнікамі нацыянальнага праекту.
З другога боку, нацыя кожны раз узнаўляе свой нацыяналізм. Праект нацыі пераходзіць у спадчыну, і гэтая перадача зьяўляецца часткай структуры самой нацыі. Кожнае пакаленьне нацыі спадкуе ўсе запаветы, гісторыі і задачы, і толькі затым дадае свае.
Канструктыўная нацыя не існуе без свайго праекту. І значыць, не існуе без свайго нацыяналізму. Нацыя ёсьць, пакуль яна будуецца, а дакладней, пакуль яе будуюць. Таму пераняць праект ад папярэднікаў – гэта абавязак кожнага пакаленьня, без выкананьня якога нацыя зьнікае.
Што значыць пераняць праект нацыі? Перадусім, гэта значыць вызначаць месца свайго часу ў прасторы нацыянальнага праекту. Трэба вывучыць запаветы, бэклог нацыі, іх гісторыі, і вызначыць стан іх рэалізацыі. Трэба ўзяць на сябе мэнэджмэнт нацыянальнага праекту: быць здольным ствараць запаветы, гісторыі і фармуляваць задачы.
Што ў такім разе значыць быць беларускім нацыяналістам? Гэта значыць – запатрабаваць свайго ўдзелу ў нацыянальным праекце. Узяць сабе гісторыю, вызначыць сабе задачу і яе выконваць. Гісторыя Беларусі – гэта гісторыі беларускіх нацыяналістаў.
Самасьць і роўнасьць
Каб ствараць запаветы, трэба мець вялікія намеры, а кабе мець вялікія намеры – трэба мець моцныя эмоцыі. А каб ствараць новыя запаветы, трэба мець новыя эмоцыі. Нацыя патрабуе пачуцьцяў. Таму нацыі патрэбны паэты.
Калі ўважліва паглядзець на бэклог нацыі, нашы запаветы маюць крыніцай дзьве галоўныя эмоцыі: гэта пачуцьцё самастойнасьці і пачуцьцё роўнасьці. Нават жаданьне рэваншу, вяртаньня велічы вялікага мінулага, так ці інакш агортваецца гэтымі эмоцыямі роўнасьці ці самасьці.
Мець сваю мову, літаратуру, тэрыторыю, войска, унівэрсытэт, нобэлеўскага ляўрэата – значыць з аднаго боку, мёць сваё, а з другога боку – мець тое, што маюць іншыя, быць ня горшымі, “людзьмі звацца”.
І калі на сучасную Беларусь накласьці запаветы роўнасьці як трафарэт, можна ўбачыць, што практычна ўсе яны ўжо рэалізаваныя. У нас ёсьць незалежная дзяржава, межы, войска, літаратурная мова, паэзія, музыка, адукацыя, палітычныя партыі і г.д. Не такія, як хацелася, але ёсьць.
Несупадзеньне з запаветамі можа быць колькасным ці якасным, але гэта па вялікім рахунку не адмаўляе завершанасьці гэтых гісторый. Калі б беларускі бэклог складаўся толькі з запаветаў роўнасьці, наш нацыянальны праект ужо можна было б лічыць завершаным. Там больш няма такіх тытанічных задачаў, якія бралі на сябе пачынальнікі нацыі на пачатку дваццатага стагодзьдзя.
У такім разе завяршэньне праекту азначае для нас панаваньне эўрапейскага стандарту, выкананьне запавету “эўрапейскай федэрацыі” Антона Луцкевіча. У глябальным сьвеце, дзе нацыянальнае пакрысе зводзіцца да хуткай зьмены інтэрфэйсу праграмы, гэта ў перспэктыве азначае канец нацыі.
Але ёсьць яшчэ запаветы самасьці. Мець ня проста мастацтва, а ўнікальнае і непаўторнае мастацтва. Мець ня проста літаратурную мову, а мову асобную, чыстую і як мага больш адрозную. Магчы памысьліць такой мовай тое, што немагчыма памысьліць ніякай іншай. Эмоцыя самасьці для культуры азначае жаданьне свайго Вялікага Стылю, уласнай формы.
Запаветы самасьці – гэта, напрыклад, ідэі чыстай мовы Янкі Станкевіча, спробы Максіма Багдановіча зрабіць літаратурным народнае песеннае вершаскладаньне, гісторыясофія Вацлава Ластоўскага, этнакасмалогія Сяргея Санько. І перадусім, гэта ідэя ліючайся формы Ігната Абдзіраловіча.
Такім чынам, пераняць нацыянальны праект сёньня – гэта значыць пераняць запаветы самасьці.
- Ад нораву да формы
Ігнат Абдзіраловіч зьяўляецца аўтарам эсэ “Адвечным шляхам. Дасьледзіны беларускага сьветагляду”, апублікаванага ў 1921 годзе ў Вільні. Лічыцца, што “Ігнат Абдзіраловіч” – гэта псэўданім Ігната Канчэўскага, узяты з аповесьці Максіма Гарэцкага “Дзьве душы”. Псыхалягічная аповесьць Гарэцкага распавядае гісторыю падвоенасьці, ваганьня і няпэўнасьці галоўнага героя.
“Адвечным шляхам” – невялікі твор, напісаны зусім маладым аўтарам, што быў доўгі час амаль невядомым. Па сутнасьці, эсэ было прачытана амаль праз 70 гадоў пасьля публікацыі. А цяпер, у 21 стагодзьдзі мы лічым Абдзіраловіча пачынальнікам беларускай інтэлектуальнай традыцыі.
Галоўнай адзнакай беларускай гісторыі паводле Абдзіраловіча ёсьць “духовае ваганьне паміж Усходам і Захадам” і “шчырая непрыхільнасьць ні да аднаго, ні да другога”. Варта адзначыць, што Ўсход і Захад у Абдзіраловіча – гэта толькі Ўсход і Захад Эўропы. Адпачатку гэта эмацыйныя і маральныя катэгорыі. Абдзіраловіч апісвае іх, гаворачы пра “шчырасьць”, “прастату” Ўсходу, і “цьвярозасьць” ды “здрадлівасьць” Захаду. Па сутнасьці, гэта два Норавы.
Ад двух тыпаў нораву Абдзіраловіч пераходзіць да двух тыпаў гвалту, які ён разумее як навязаньне зьместу чужой формы. Можна нават сказаць, што форма ў Абдзіраловіча – гэта апачатку форма прымусу, а дух і зьмест – сынонімы свабоды. У выніку Захад і Ўсход аказваюцца менавіта двума тыпамі прымусу, а затым – двума тыпамі фарматаваньня жыцьця і духу: “У абедзьвюх культурах Эўропы над жыцьцём зьдзекуецца форма: у адной – маналіт, у другой – рассыпаная ў крышталы”.
Спачатку жывы зьмест спараджае форму. Затым зьмест мяняецца, а форма застаецца і становіцца яго ланцугамі: “Уся жыцьцёвая нядоля мае сваёй падставай неадпаведнасьць жыцьцёвага зьместу тым формам, у якія ён уложаны”. А ў выпадку беларускай культуры гвалт формы выяўляецца яшчэ і як прыманьне гатовай формы замест стварэньня сваёй уласнай: “Каб запэўніць нашаму народу вольную творчасьць ува ўсіх галінах жыцьця, трэба стварыць і адпаведныя, свае, беларускія формы”.
Запавет ліючайся формы
І тады Абдзіраловіч стварае свой запавет: “Змаганьне духу з запанеўшай формай жыцьця становіць зьмест жыцьця і яго нядолю; патрэбна ліючаяся, зьменная, заўсёды адпаведная жыцьцёвым праявам форма, але гэтага няма.” Ліючаяся форма павінна быць менавіта асновай іншай культуры: “Векавое дасьвядчэньне кажа нам, што вольнага разьвіцьця нашага духу не запяўняе ні заходняя ні ўсходняя культура”. І паколькі яна ўзьнікае зь непрыхільнасьці да Захаду і Ўсходу Эўропы, трэба разумець, што гэта ўсё ж іншая эўрапейская культура.
Рэалізацыю ідэі ліючайся формы як асновы культуры Абдзіраловіч бачыць у сацыяльнай творчасьці, каапэрацыі, “зьяднаньні вольных адзінак у няпрымусовыя грамады”: “выпрашэньне будучыны – у зьніштажэньні прымусу, у аб’яднаньні ўсяго грамадзянства для здаваленьня яго патрэб у такія грамады, якія падобны да сучасных каапэратываў”. Але эсэ Абдзіраловіча – менавіта запавет, а не рэалізацыя.
Звычайна ідэі Абдзіраловіча параўноўваюць з эўрапейскай філасофіяй культуры і філасофіяй гісторыі. Але прынцыповае адрозьненьне ў тым, што Абдзіраловіч – футурыст і валюнтарыст, у той час як філасофія гісторыі, натхнёная мэтафарай арганізму – гэта фаталізм.
Чалавек ніяк ня можа паўплываць на зьмены пораў году культуры, на яе нараджэньне, сталеньне, старасьць, ня можа ў прынцыпе выбраць сабе культуру ці стварыць яе непрымусовым аб’яднаньнем асобаў. Абдзіраловіч жа гаворыць пра магчымасьць стварэньня культуры, што адрозьніваецца ад такой арганічнай культуры так жа, як птушка і жывёла адрозьніваюцца ад расьліны і каменя.
Абдзіраловіч мысьліць нацыю ў мэтафізычных катэгорыях – зьместу, формы, бясформеннага, невыразнага , канечнага, бясконцага, духу, маці-матэрыі, свабоды, волі, прымусу. Ён прыхавана адсылае да многіх агульных месцаў ўсходніх традыцыяў. І цяпер мы, па сутнасьці, толькі пачынаем глыбокае вывучэньня ягонага тэксту.
У сьвятле запавету ліючайся формы усе іншыя запаветы мяняюць свой сэнс. Як левыя, так і правыя ідэі аднолькава могуць быць або запазычаньнем гатовай чужой формы, або нараджэньнем формы ўласнай. Зьмест павінен ствараць сваю форму, і гэты шлях нельга скарачаць, запазычваючы гатовыя шаблоны, пазьбягаючы ўласнай духовай працы.
Мова руху
Форма мае на ўвазе зьмест, сэнс, імя. Сувязь імені і формы, формы і сэнсу, тоеснасьць таго і гэтага, называньне гэтага тым – называецца мовай. Калі перавесьці запавет ліючайся формы ў роўніцу мовы і лінгвістыкі, ён становіцца гісторыяй “мовы ліючайся формы”, а гісторыя ператвараецца ў шэраг задачаў.
Грамадзтва як мова уяўляе сабой набор імёнаў і формаў, дзе імёнамі зьяўляюцца грамадзкія ролі і пасады, а формамі – прызначаныя на пасады людзі. Зь цягам часу адны людзі старэюць і паміраюць, а іншыя нараджаюццца. Адны людзі пакідаюць пасады, а іншыя займаюць іх месцы. Але мова грамадзтва застаецца нязьменнай.
Людзі могуць дамовіцца і скасаваць адны пасады і ўсталяваць іншыя. У такім разе мова грамаздтва атрымлівае сваю гісторыю. У выніку яна можа стаць зусім іншай, чым была на пачатку. Атрымаць зусім іншы слоўнік, іншы ўзровень складанасьці, зусім іншыя правілы правілы – ператварыцца з вусьня ў мятліка. Мова ліючайся формы – гэта ідэя мовы, якая можа сама сябе зьмяняць.
Калі мы глядзім на камень і птушку – гэта толькі два вобразы. Але птушка ляціць і мае крыніцу руху ў самой сабе, а камень можа ляцець толькі тады, калі яго нехта кіне. Грамадзтва, якое здольна зьмяняць сваю мову, падобна на птушку, у параўнаньні з грамадзтвам, якое гэтага ня можа.
Ліючая формы – гэта літаральна – ліючая сябе форма, форма, якая рухае сама сябе. Мы бачым такія формы штодня, і яны не зьяўляюцца для нас нечым дзіўным. І тым ня менш, нашы канструктыўныя ўяўленьні пра грамадзтва ў тысячы разоў прымітыўней за ўладкаваньне любога воргана чалавечага цела. Усё створанае чалавекам сьвядома усё яшчэ нашмат прасьцей за створанае нібыта несьвядомай прыродай. Гэта ўсё яшчэ мова каменя, а ня мова птахаў.
Можна сказаць, што грамадзтва і так ужо зьяўляецца ліючайся формай, яно насамрэч уладкавана ня менш складана за птаха. Але гэта яшчэ не азначае, гэта ўваходзіць у нашы канструктыўныя магчымасьці. Бо адна справа – дзівіцца на палёт птаха, а другая – стварыць яго.
Ператварыць запавет ліючайся формы ў задачы – значыць уявіць сабе культуру, здольную рухаць саму сябе, якая пераўзыходзіць іншыя культуры, як птах пераўзыходзіць камень. Гэта значыць уявіць сабе мастцтва, палітыку, эканоміку ліючайся формы, дзе часткай структуры зьяўляецца пастаяннае зьмяненьне гэтай структуры.
Вялікі Стыль
Этымалягічна “стыль” азначае асадку для пісьма. Рука пры пісьме трымае асадку пад пэўным кутом, што ў выніку адбіваецца на кожнай літары пісьма. Стыль – гэта почырк. Тое, што надае напісанаму адзінства, крыніца якога знаходзіцца па-за літарамі і паперай, і адначасова адрозьнівае яго іх ад вытвору іншага стылю.
Сама па сабе культура як збор узораў – гэта ўжо стыль цывілізацыі. Альфабэт мовы, яе фанэтычныя правілы – гэта стыль яе вымаўленьня. Граматыка мовы – гэта стыль яе сказаў. Шрыфт – гэта стыль усяго напісанага і надрукавага. Культура знаходзіцца ў аснове цывілізацыі, а цывілізацыя стварае сьвет, у якім мы жывем.
Пакласьці ў аснову культуры новы прынцып – значыць цалкам перасабраць яе, надаўшы ёй новае адзінства, якое будзе мець свой адбітак на кожнай форме, што яна спараджае. Гэта азначае – стварыць граматыку для мовы культуры. Такое ператварэньне патрабуе асаблівага разуменьня і асаблівага бачаньня, якое пераўзыходзіць наяўную карціну сьвету.
Такое разуменьне, што ўзвышаецца над бачным і відавочным, называецца мэтафізыкай. Менавіта мэтафізыка зьяўляецца неабходнай умовай гэтага ператварэньня. І менавіта яна ў выніку становіцца стылем культуры. Такі стыль культуры знаходзіцца на мэтаўзроўні да стылю цывілізацыі. І гэты мэтастыль мы назавем Вялікім Стылем.
Запавет ліючайся формы – гэта запавет Вялікага Стылю. А сама ідэя ліючайся формы – гэта мэтафізыка, што здольная быць стылем культуры.
Лекцыя, прачытаная ў Лятучым Унівэрсытэце 13 лютага 2016.