№13: Прывід аўтара

№13: Прывід аўтара

Магчыма, аўтар і памёр, як кажуць некаторыя, але нават калі так, яго прывід абавязкова бадзяецца недзе побач з намі. Бачым мы яго ці не — залежыць выключна ад нашага стаўлення да літаратуры ўвогуле і нашых з ім дачыненняў у прыватнасці.

Чытаць далей

№13: Прывід аўтара

11 лютага 2014

№13: Прывід аўтара

Магчыма, аўтар і памёр, як кажуць некаторыя, але нават калі так, яго прывід абавязкова бадзяецца недзе побач з намі. Бачым мы яго ці не — залежыць выключна ад нашага стаўлення да літаратуры ўвогуле і нашых з ім дачыненняў у прыватнасці. Адны чытачы забываюць пра існаванне аўтара, ледзь загарнуўшы кнігу (а хтосьці — яшчэ да таго, як яе разгорне), іншыя ж могуць аўтара ўзненавідзець, закахацца ў яго ці да канца свайго жыцця з ім палемізаваць. І гэта няпраўда, што аўтар, які памёр гадоў так сто пяцьдзясят таму, не будзе ім адказваць. Дыкенс, напрыклад, пакідаць сваіх чытачоў увогуле не збіраецца: “Скрудж, прыўскочыўшы на ложку і застыўшы напаўседзячы, апынуўся з незямным госцем, чыя рука полаг і расхінула, твар да твару — так блізка, як цяпер мы з вамі, бо ў думках я акурат нахіляюся над вашым плячом” (“Калядны харал”).

Прывід любога аўтара можа расказаць нам шмат усяго цікавага — напрыклад, нешта гэткае пра сваё прыватнае жыццё, чаго шырокая публіка раней не ведала і пра што нават не падазравала (лісты спаленыя, сведкі памерлі натуральнай ці гвалтоўнай смерцю, дом разбураны), — але часам лепш, каб таямніца так і засталася таямніцай. Іншая таямніца, якой і аўтары, і іх прывіды дзеляцца нашмат больш ахвотна, — гэта рэцэпты напісання добрых вершаў ці раманаў альбо гісторыі пра свае заблытаныя стасункі з чытачом, ці з музай, ці з грамадствам. Адкрывацца гэтая таямніца можа па-рознаму — ад прыватных лістоў і дзённікаў да прадмоваў, пасляслоўяў і сур’ёзных літаратуразнаўчых артыкулаў.

У творах такога кшталту, як і ў іх чытачах, недахопу не было ніколі, бо і самі пісьменнікі, і іх прыхільнікі часам хочуць зразумець, як гэта — сесці і напісаць кнігу. Ці сесці і прачытаць кнігу. А часам нават самому твору робіцца цікава: як жа я зроблены? І ён раптам пачынае даследаваць уласную прыроду і ўсяляк дэманстраваць тое, з чаго складаецца, ператвараючыся ў металітаратуру. Аднак ні пісьменніку, ні твору ў гэтай справе давяраць нельга: першы можа ці перамудрыць, ці проста трохі з чытачамі пакакетнічаць, другі ж можа лёгка падмануць. Застаецца верыць толькі сабе, чаго мы і жадаем вам, чытачы новага нумару, і хай прывід аўтара, калі ён раптам нахіліцца над вашым плячом, зусім вас не напалохае!

 

Змест

177