№4: Juvenus dum sumus

№4: Juvenus dum sumus

Чацверты нумар часопіса “ПрайдзіСвет” прысвечаны літаратуры маладосці – творам, напісаным паэтамі, празаікамі, драматургамі, якія рана кінулі пісаць (як Арцюр Рэмбо) ці рана пайшлі з жыцця (як Вільгельм Гаўф), а таксама юнацкім (ледзь не дзіцячым) творам аўтараў, жыццё якіх не было абмежаванае адным юнацтвам (як Говард Філіпс Лаўкрафт ці Мэцью Грэгары Льюіс). У гэтым нумары адзначыліся і сапраўдныя вундэркінды...

Чытаць далей

№4: Juvenus dum sumus

17 красавіка 2010

№4: Juvenus dum sumus

Чацверты нумар часопіса “ПрайдзіСвет” прысвечаны літаратуры маладосці – творам, напісаным паэтамі, празаікамі, драматургамі, якія рана кінулі пісаць (як Арцюр Рэмбо) ці рана пайшлі з жыцця (як Вільгельм Гаўф), а таксама юнацкім (ледзь не дзіцячым) творам аўтараў, жыццё якіх не было абмежаванае адным юнацтвам (як Говард Філіпс Лаўкрафт ці Мэцью Грэгары Льюіс). У гэтым нумары адзначыліся і сапраўдныя вундэркінды, што надзвычай рана пачалі свой творчы шлях (напрыклад, Обры Бёрдслі), і творцы, якім давялося сталець і перажываць цэлае жыццё ў гады Другой сусветнай вайны (Кшыштаф Каміль Бачыньскі, Тадэвуш Бароўскі, Анджэй Тшэбіньскі), і пісьменнікі, што, пачаўшы пісаць у раннім узросце, з гадамі робяцца ўсё больш вядомымі і кшталтуюць свой талент (Філіп Топал).

Прайдзісвет - JUVENES DUM SUMUSПершы раздзел часопіса, Majores dei, аб’ядноўвае вершы Арцюра Рэмбо, Джона Кітса і Наваліса – хіба не самых знакамітых маладых пісьменнікаў, чыя творчасць паўплывала на сусветную літаратуру. Іх лёсы ў нечым падобныя – усе трое былі па-сапраўднаму прызнаныя не сваімі сучаснікамі, а пазнейшымі пакаленнямі чытачоў. Дый пісьменнікаў таксама – Рэмбо актыўна чыталі мадэрністы, Навалісам захапляліся экспрэсіяністы і неарамантыкі, талент жа Кітса пры жыцці сярод паэтаў сур’ёзна ацаніў толькі Шэлі, аднак пазней яго паэзія натхняла прэрафаэлітаў і Ўайлда.

Другі раздзел – Horresco referens – прэзентуе творчасць Мэцью Грэгары Льюіса, Георга Гайма, Говарда Філіпса Лаўкрафта і Вільгельма Гаўфа. Самы старэйшы з гэтай кампаніі, Льюіс, жыў на мяжы XVIII і ХІХ стагоддзяў і ў 19 гадоў напісаў надзвычай страшны раман пра манаха (настолькі непрыстойна страшны, што аўтар вымушаны быў выкінуць з яго асобныя эпізоды). Самы малодшы, Лаўкрафт, жыў ужо ў ХХ стагоддзі – усе ведаюць, што ён прыдумаў пачварнага Ктулху, але мала хто здагадваецца, што ўжо ў 15 гадоў ён пісаў вартыя ўвагі чытачоў апавяданні. Немагчыма чытаць творы чатырох аўтараў гэтага раздзела без трымцення – прыкладна гэтак жа, як Эней не мог без трымцення расказваць Дыдоне пра смерць Лаакаона і яго сыноў пад сценамі Троі.

Раздзел Sub specie aeterni прысвечаны паэзіі і прадстаўляе творчасць Стывена Крэйна, Албэрту Каэйру, Багдана-Ігара Антоныча і Аляксандра Чакса. Аб’ядноўвае гэтых аўтараў цікавасць да чалавечае прыроды і чалавечае – перадусім уласнае – душы, спазнаючы якую, яны спазнаюць сусвет. Два з гэтых аўтараў ужо друкаваліся на старонках часопіса “ПрайдзіСвет”: першы з іх – гэта вытанчаны Антоныч, стагоддзе якога летась адзначалася ва Украіне, а другі – Албэрту Каэйру. Памершы ў раннім узросце, ён усё ж такі застаўся жыць – бо апынуўся адным з 72 гетэронімаў Фэрнанду Пэсоа, партугальскага пісьменніка, што быў сам сабе літаратурным рухам.

Раздзел Vivat academia! прысвечаны тром пісьменнікам “пакалення калумбаў”, двое з якіх загінулі падчас Другой сусветнай вайны. Акадэмія тут – гэта і Варшаўскі падпольны універсітэт, і ўсё пакаленне маладых творцаў, якія, нягледзячы ні на што, зрабіліся адным з самых яркіх літаратурных пакаленняў польскай літаратуры ХХ стагоддзя.

Два паэты з раздзелу Pereat trisititia – Роберт Фэргюсан і Албрэхт Радэнбах – былі песнярамі радасці свайго пакалення. Першы з іх – шатландзец, папярэднік Роберта Бэрнса і натхняльнік многіх яго вершаў – пісаў пра вустрыцы, ваду і віно (зрэшты, не толькі пра гэта) і, безумоўна, не мог не карыстацца папулярнасцю сярод чытачоў. Другі стаў сімвалам фламандскага руху за адраджэнне нідэрландскай мовы (мовай-прыгнятальніцай у дадзеным выпадку выступіла французская): песні на яго вершы спяваліся яшчэ пры яго жыцці, а пасля смерці ўвогуле сталі ледзь не народнымі.

Пісьменнікі з раздзелу Per se – яны і ёсць per se. Тут кожны трымаецца адасоблена ад астатніх і стварае творы пра нязгоду з цэлым светам, ці пра свае самотныя падарожжы, ці проста кідае выклік часу. Тут і вершы культавага музыкі Джыма Морысана, і проста неверагодная аповесць Філіпа Топала (няўжо так было напраўду?), і блюз Вацлава Граб’е, і кранальныя творы Ігара Паглазава, і зусім невядомы ў нас Клаўс Элсбергс. І кожны сам па сабе.

Раздзел О tempora, o mores! прысвечаны толькі адной асобе – пісьменніку і мастаку Обры Бёрдслі – і ўлучае рамантычную навэлу (а калі напраўду, то зусім не рамантычную) “Венера і Тангёйзэр” і артыкул Роберта Роса, літаратурнага і мастацкага крытыка з кола Оскара Ўайлда і сябра Бёрдслі, які папярэджвае чытача, што нельга занадта сур’ёзна ставіцца да творчасці Бёрдслі – бо нават “кветкі яго аповесці “Венера і Тангёйзер” хіхікаюць у траве”.

Раздзел Honoris causa – гэта завуаляваная “Спадчына” – пераклады, якія друкаваліся раней (а пераклады паэмаў Лермантава – нашмат раней) і якія бачыцца мэтазгодным выцягнуць са старых і досыць рэдкіх цяпер выданняў і зноў паказаць чытачам.

У раздзеле Veni, vidi, vici змешчаныя пераклады пераможцаў конкурсу “ПрайдзіСвета”, у раздзеле Postscriptum – крытычныя матэрыялы, тое, што было сказана пасля таго, як творы пабачылі свет, пасля таго, як аўтары пакінулі свет. Адзін з артыкулаў прысвечаны Джэрому Дэвіду Сэлінджэру, які памёр 27 студзеня 2010 году.

У раздзеле Modus dicendi змешчаныя інтэрв’ю – гэтым разам не толькі з пісьменнікамі, але і з перакладчыкамі, а раздзел Dixi ўлучае майстар-клас Лявона Баршчэўскага.

 

TransiMundum

173