№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Лявон Баршчэўскі

Люблю тыя пераклады, якія яшчэ не зрабіў

11 сакавіка 2010

Люблю тыя пераклады, якія яшчэ не зрабіў
 Раскажыце, калі ласка, з чаго пачыналася Вашая перакладчыцкая дзейнасць. Наколькі мы ведаем, вы заканчвалі Мінскі інстытут замежных моваў (цяперашні МДЛУ). Вы пачалі перакладаць у інстытуце ці, можа, яшчэ раней?

Перакладаць на беларускую мову я пачаў яшчэ вучнем сёмага класа. Мой старэйшы брат вучыў на памяць зададзеныя настаўніцай рускай літаратуры “Вершы пра савецкі пашпарт” Уладзіміра Маякоўскага, і мне чамусьці захацелася паспрабаваць, як гэта будзе гучаць па-беларуску. У школе маёй “афіцыйнай” замежнай мовай была нямецкая, і недзе ў 8-м класе я наважыўся зрабіць спробу перакладаць вершы з гэтай мовы. У маёй хатняй бібліятэцы былі толькі вершы так званых “савецка-нямецкіх” паэтаў – Фрыдрыха Больгера, Зэпа Эстэрайхера (ён жа Барыс Брайнін), Ёгана Варкентына і інш. Вось, здаецца, Фрыдрых Больгер і быў першым, каго я пераклаў з нямецкай мовы. Пазней у мяне з’явіліся хрэстаматыі і анталогіі, у якіх былі змешчаныя арыгіналы шырока вядомых вершаў Гётэ і Гайнэ. І вось я зрабіў свае першыя пераклады “Рыбака” Ёгана Вольфганга Гётэ, “Я ўліў бы свой боль у гучанне...” і “Enfant perdu” Генрыха Гайнэ. Яшчэ да заканчэння сярэдняй школы пераклаў некалькі вершаў з англійскай і з польскай моваў – праўда, ужо забыў, што гэта былі за вершы. Часы навучання ў Інстытуце замежных моваў, інтэрнацкае жыццё не надта спрыялі перакладчыцкаму захапленню: памятаю, што крыху перакладаў тых самых Гётэ і Гайнэ, а таксама Бертальта Брэхта.

Як свайго роду перакладчыцкую суполку нас цікавяць нашыя папярэднікі, а таму раскажыце, калі ласка, пра “Бабілён”. З чаго ўсё пачалося, як было і чым скончылася?

У паветры пачынаў лунаць дух гарбачоўскай перабудовы, хоць фармальна ў Мінску гэта і не надта заўважалася. Было імкненне некаторых маладых людзей рабіць нешта дзеля пашырэння беларушчыны (узгадайма “Беларускую майстроўню”, заснаваную за некалькі гадоў да таго).

Ідэя стварэння суполкі “Бабілён” належала Сяргею Шупу: ён быў мінчанінам і троху лепш за мяне ведаў людзей. Але й я сяго-таго ведаў, у тым ліку па-за Мінскам. Вось жа, Сяргея выбралі старшынём, а мяне – намеснікам старшыні суполкі (я ў той час быў аспірантам-вочнікам кафедры граматыкі і гісторыі нямецкай мовы Інстытута замежных моваў). Назву “Бабілён” прапанаваў таксама Сяргей Шупа: пасля абмеркавання большасць з гэтым пагадзілася. Збіраліся мы ў розных месцах; часам проста ў другой палове дня заходзілі ў будынак Інстытута замежных моваў, шукалі не занятую на гэты момант аўдыторыю і пачыналі абмеркаванне ўжо зробленага і таго, што было варта зрабіць. Часам запрашалі вядомых беларусаў – такіх, як філолаг Пятро Садоўскі. У паседжаннях найбольш актыўна ўдзельнічалі, акрамя нас з Шупам, Алесь Істомін, Зміцер Саўка, Алесь Жлутка, Віялета Ефіменка, Ігар Бабкоў, некаторыя іншыя. Не ўсе яны (прыкладам, Алесь Яжэвіч ці Алесь Дзям’яненка) рэальна займаліся перакладамі і потым далучыліся да гэтай справы. Але ім цікавыя былі самі паседжанні, дзе абмяркоўваліся эстэтычныя, філалагічныя, а пазней і пэўныя палітычныя пытанні. У канцы 1987 году я скончыў навучанне ў аспірантуры і вярнуўся ў свой Наваполацк. У той самы час новапаўсталае літаратурнае згуртаванне “Тутэйшыя” (з яго кіраўніком Алесем Бяляцкім мы кантактавалі ад самага пачатку “Бабілёну”) фармальна ці нефармальна ўлучыла ў свае шэрагі тых сяброў нашай суполкі, што ўжо друкавалі свае пераклады.

Вы перакладалі творы самых розных аўтараў і эпох. Што Вам бліжэй за ўсё, якіх аўтараў і якія свае пераклады Вы больш за ўсё любіце?

Наконт “люблю”... Амаль стандартны адказ: люблю тыя пераклады, якія яшчэ не зрабіў. Бо пасля апублікавання ўжо зробленых бачыш тыя хібы, якія можна было б абмінуць. А перавыданне перакладаў у нашай беларускай сітуацыі – з’ява надзвычай рэдкая. На жаль.
Найбольш удалымі сваімі перакладам з прозы лічу раманы “Більярд а палове дзесятай” Генрыха Бёля (першы мой пераклад прозы, які выйшаў асобнай кніжкай) і “Пакуты маладога Вертэра” Гётэ, які я марыў перакласці на беларускую мову яшчэ калі вучыўся ў школе – і гэтую мару здзейсніў у канцы 1990-х гадоў! І Гётэ, і Бёль належаць да тых творцаў, якіх я перачытаў – і ў асноўным у арыгінале – вельмі сур’ёзна яшчэ перад тым, як узяўся іх перакладаць. З паэзіі, лічу, няблага атрымаўся пераклад “Маральнага трактату” Чэслава Мілаша, які рабіў, паміж іншага, на замову Андрэя Хадановіча. Значыць, часам бывае, што і на замову можна зрабіць нядрэнны пераклад – хоць гэта хутчэй вынятак з правіла. Таксама ганаруся перакладам дзвюх “тоўстых” кніг нямецкіх гісторыкаў – “Гісторыкі і ўлада” Райнэра Лінднэра і “Штодзённасць за лініяй фронту” Бернгарда К’яры, у якіх нашая беларуская гісторыя і яе асобы ўбачаныя, так бы мовіць, “чужаземнымі вачыма”.

Нядаўна выйшаў Ваш пераклад трагедыі Сафокла “Эдып- цар”, а ў анталогіі “Галасы з-за небакраю” змешчаныя пераклады Сапфо. Раскажыце пра асаблівасці і складанасці перакладу антычнай літаратуры.

Хачу ўдакладніць. Пераклады з Сапфо я рабіў яшчэ ў першай палове 90-х гадоў, калі рыхтаваў хрэстаматыі па сусветнай літаратуры для Міністэрства адукацыі і для Беларускага гуманітарнага ліцэя.

Што да “Эдыпа-цара”. Гэты пераклад я пачынаў таксама вельмі даўно, потым адклаў, нават быў згубіў рукапіс, але недзе паўтара году таму знайшоў сшытак і... пераклаў практычна ўсё нанова.

Асабіста мне з антычнай літаратуры перакладаць лягчэй, чым з “новай”. Тут тваё веданне мовы – старагрэцкай ці лацінскай – абмежаванае тым, што даюць наяўныя падручнікі і слоўнікі, паколькі ні класічная грэцкая, ні класічная лаціна ўжо не мяняюцца і не могуць змяніцца. А нават у нашай Нацыянальнай бібліятэцы (а цяпер і ў інтэрнэце) можна знайсці выданні практычна ўсіх антычных аўтараў, у якіх падрабязна тлумачыцца кожны радок, кожная алюзія, кожны кантэкст... Ну, і, вядома, шмат у чым дапамагаюць слоўнікі – перадусім міфалагічныя і двухмоўныя. Да прыкладу, пры перакладзе з старагрэцкай я актыўна карыстаюся двухтомным “Клясычным грэцка-беларускім слоўнікам”, выдадзеным у ЗША Янам Пятроўскім (1983–1985), а таксама факсімільным перавыданнем надрукаванага ў 1899 г. у Санкт-Пецярбургу “Греческо-русского словаря” А. Д. Вейсмана.

Адна з Вашых значных перакладчыцкіх працаў – “Пакуты маладога Вертэра” Гётэ. Раскажыце пра працу над гэтым тэкстам. Ці хацелі Вы калі-небудзь перакласці “Фаўста”?

Я ўжо гаварыў, адказваючы на адно з папярэдніх пытанняў, што перакласці “Вертэра” было маёй юнацкай марай, бо ўпершыню я прачытаў гэты твор па-ўкраінску, маючы 15 гадоў, а праз колькі гадоў перачытаў яго (не адзін раз!) па-нямецку. Таму калі ўзнікла ідэя выдаць том “Выбранага” Гётэ ў гонар 250-годдзя вялікага немца, я быў унутрана гатовы да гэтай працы і зрабіў яе, што называецца, на адным дыханні, за які месяц ці паўтара. “Фаўста” ж я збіраўся перакладаць, калі яшчэ вучыўся ў выпускным 10-м класе; нейкія кавалкі нават быў зрабіў. Але потым мне трапіў у рукі зборнік “Дзень паэзіі”, у якім былі апублікаваныя фрагменты з перакладу Васіля Сёмухі. Мне гэты пераклад тады так спадабаўся, што я адразу пераключыў свае думкі на нешта іншае...

Вы перакладаеце паэзію з розных моваў. Якімі сродкамі падчас працы над тэкстам Вы надаяце яму нацыянальную адметнасць? Якім чынам можна надаць беларускамоўнаму тэксту адценне “італьянскасці” або “французскасці”?

Ведаеце, няшчасце (ці шчасце?) вялікіх нацыянальных паэтаў – тых жа нашых Купалы або Барадуліна – у тым, што іх найлепшыя паэтычныя творы на іншыя мовы як след перакласці проста немагчыма. І я таксама браўся найчасцей за паэтаў “універсальных”, што тварылі і твораць у межах класічнай эстэтыкі. А тых, у каго гэтая “італьянскасць” або “французскасць” выяўленая вельмі яскрава, я імкнуўся абмінаць: не адчуваю сябе дастаткова здольным да гэтага. Разам з тым, можа, недзе нешта і ў мяне атрымалася. Пачытайце творы з перакладзенага мною зборніка “Зірні ў паток” аўстра-вугорскага паэта-рамантыка Нікалаўса Ленаў – і там, мажліва, знойдзеце нейкі адказ на вашае пытанне. Сам я сфармуляваць гэтага не здолею.

Што Вам перакладаць цікавей: прозу, паэзію ці драматургію? Чаму?

Ну, я дадаў бы сюды й эсэістыку: сёння, можа, самы папулярны літаратурны гатунак, прынамсі, у інтэлектуалаў усяго свету. Але цяпер мяне больш цягне да перакладу драматургіі. Бо ў п’есах, як вядома, гавораць персанажы, вельмі часта ў разнастайных жыццёвых сітуацыях, а для паўнавартаснага існавання беларускай мовы трэба пастаянна працаваць над удасканаленнем менавіта размоўнага стылю, акурат намацваць шляхі яго далейшага развіцця. У гэтым сэнсе праца над перакладамі драматургіі вельмі для мяне цікавая. Іншая рэч, што сённяшнія палітычныя варункі наўрад ці дазволяць убачыць пастаноўкі п’ес у маім перакладзе на прафесійнай сцэне – хоць у канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў такое здаралася...

Ці спрабуеце Вы падчас перакладу старадаўніх тэкстаў неяк архаізаваць твор? Калі для сучаснікаў паэта твор гучаў не архаічна, а для нашых сучаснікаў гэтая мова ўжо архаічная, які варыянт Вы абіраеце? Якімі сродкамі можна змусіць твор загучаць адпаведна эпосе?

Адзінага рэцэпту тут быць не можа: лепш за ўсё даверыцца сваёй інтуіцыі і спадзявацца, што яна... вас не падвядзе.

Тыя нешматлікія радкі перакладаў антычных аўтараў, што дайшлі да нас ад Браніслава Тарашкевіча і Юльяна Дрэйзіна, ужо самі ў сабе маюць непаўторныя рысы архаічнасці. І я ў сваіх перакладах з антычных аўтараў абапіраюся – наколькі, вядома, гэта сёння наогул магчыма – перш за ўсё на іх досвед. Разам з тым, у галаве пастаянна сядзіць думка, што пераклад павінен быць досыць чытэльны для не надта абазнанага ў беларушчыне студэнта-філолага, настаўніка ці школьніка. Вось такую “залатую сярэдзіну” я і шукаю.

Што да твораў Сярэднявечча, дык тут для мяне карысныя стылёвыя знаходкі Янкі Купалы, тых жа Сёмухі ці Барадуліна, у дачыненні да класікі Адраджэння не абмінаю досведу Уладзіміра Дубоўкі, Юркі Гаўрука, Алеся Разанава, для твораў маньерызму, “метафізічнага” барока ці класіцызму мне цікавыя напрацоўкі Андрэя Хадановіча, а для “нізавога барока” і “гафманічнага” рамантызму ўзорам могуць быць пераклады таго ж Сёмухі... Ну а ў інтэрпрэтацыі твораў рэалістычных і нерэалістычных плыняў апошніх двух стагоддзяў існуе сфармаваная нацыянальная школа перакладу. Тут можа быць карысны досвед тых жа Сёмухі, Барадуліна, Разанава, Хадановіча, а таксама Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Янкі Брыля, Язэпа Семяжона, Ніла Гілевіча, Карласа Шэрмана, Уладзіміра Папковіча, Янкі Сіпакова, Ніны Мацяш, Алега Мінкіна, Івана Чароты, Леаніда Казыры, Змітра Коласа, Леаніда Дранько-Майсюка, Сяргея Шупы, Галіны Дубянецкай, Алеся Істоміна, ну і значна маладзейшых, але, бясспрэчна, таленавітых Макса Шчура, Вальжыны Морт ці Марыйкі Мартысевіч... Прабачце, што не змог назваць усіх, хто, несумненна, заслугоўвае згадкі.

З якіх тэкстаў Вы параілі б маладому перакладчыку пачынаць працу?

З тых, якія вам самім надта спадабаліся, калі вы іх чыталі. Няважна, да якой эпохі або да якога жанру яны належаць.

Раскажыце цікаўным прайдзісветам, ці ляжаць у Вас у стале якія пераклады? Ці ёсць штосьці, што ўжо шмат гадоў чакае выдання?

Гэтых “сталоў” у мяне некалькі (людзей, як вядома, “псуе кватэрнае пытанне”), і шэраг рукапісаў – як, напрыклад, поўны тэкст перакладу камедыі “Жабы” Арыстафана – я цяпер і знайсці не магу. Ёсць нямала вершаў самых розных аўтараў, асобныя апавяданні Франца Кафкі, Гіёма Апалінэра. Ёсць некалькі няскончаных перакладаў: “Медэя” Эўрыпіда (над якой я працую цяпер), “Голад” Кнута Гамсуна, яшчэ сёе-тое. Ну а некалькі вершаў Наваліса магу прапанаваць гэтаму нумару “ПрайдзіСвета” – здаецца, яны “ўпішуцца” ў вызначаную вамі тэму.

На відэа Лявон Баршчэўскі чытае ўрывак з трагедыі Сафокла "Эдып-цар" спачатку па-старагрэцку, а потым па-беларуску. Відэа было знята спецыяльна для інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры "ПрайдзіСвет".

Лявон Баршчэўскі: ЛЮБЛЮ ТЫЯ ПЕРАКЛАДЫ, ЯКІЯ ЯШЧЭ НЕ ЗРАБІЎ - Сафокл  Лявон Баршчэўскі: ЛЮБЛЮ ТЫЯ ПЕРАКЛАДЫ, ЯКІЯ ЯШЧЭ НЕ ЗРАБІЎ - Сафокл

Чытайце таксама

Яраслава Ананка, Генрых Кіршбаўм

"Беларуская мова": генетычны перфарматыў

Бабруйскія паштоўкі

Бабруйскія паштоўкі

А вы бывалі ў Бабруйску? У горадзе, дзе адказваць пытаннем на пытанне — норма. Дзе збудаваны з цэглы Розенберга дом "Порт-Артур" экскурсаводы параўноўваюць са Сцяной плачу. А мясцовыя жыхары негабрэйскага…

Адрывак з Ай-Кітабу

Ян Станкевіч

Адрывак з Ай-Кітабу

Гэты матэрыял быў надрукаваны ў часопісе “Крывіч”, № 2(8), 1924. Ён змяшчае ўрывак з Ай-Кітабу, падрыхтаваны да друку Янам Станкевічам, а таксама яго суправаджальны артыкул пра прынцыпы транскрыпцыі...

Фотамастацтва на службе ў літаратуры

Фотамастацтва на службе ў літаратуры

Ва Украіне днямі быў прэзентаваны фотапраект Расціслава Шпука "Літаратары ў вобразе бамжоў". 31 траўня ў львоўскай арт-кавярні "Кватэра 35" адкрылася выстава аўтара пад назвай "Без адзнак мастацкага жыцця".…

1316