№9: Art Detected

№9: Art Detected

“Што было раней — забойства ці дэтэктыў?” — задаецца пытаннем Корнэль Фёльдвары. Оскар Ўайлд убачыў бы ў гэтых сумневах пацверджанне сваёй думкі пра тое, што рэчаіснасць ёсць перайманнем мастацтва. Нібыта натхнёны Ўайлдам, Шэрлак Холмс неяк сказаў, што артыстызм, калі ён у крыві, можа прыняць самыя нечаканыя формы. Навошта ж пасля гэтага здзіўляцца, што ён прымае форму жыцця? Як іначай містэр Холмс мог прасякнуцца сентэнцыяй у духу містэра Ўайлда, калі не пры асабістай сустрэчы на лонданскай вуліцы, напрыклад, у пачатку 1890-х?

Чытаць далей

№9: Art Detected

28 сакавіка 2012

№9: Art Detected
“Што было раней — забойства ці дэтэктыў?” — задаецца пытаннем Корнэль Фёльдвары. Оскар Ўайлд убачыў бы ў гэтых сумневах пацверджанне сваёй думкі пра тое, што рэчаіснасць ёсць перайманнем мастацтва. Нібыта натхнёны Ўайлдам, Шэрлак Холмс неяк сказаў, што артыстызм, калі ён у крыві, можа прыняць самыя нечаканыя формы. Навошта ж пасля гэтага здзіўляцца, што ён прымае форму жыцця? Як іначай містэр Холмс мог прасякнуцца сентэнцыяй у духу містэра Ўайлда, калі не пры асабістай сустрэчы на лонданскай вуліцы, напрыклад, у пачатку 1890-х? Мы ж ведаем, што містэр Холмс мастацкай літаратуры не чытае.

Прайдзісвет - JUVENES DUM SUMUS

Узвышаныя душы любяць вінаваціць дэтэктыў у прыземленасці. “ПрайдзіСвет” паціскае плячыма і сціпла раіць лепш прыгледзецца да містэрыі, што разыгрываецца на ўсіх магчымых межах: сну і явы, прозы і паэзіі, таго свету і гэтага. Каралева дэтэктыву, дарэчы, паціскае плячыма разам з намі, раскрываючы прыроду галоўнага героя дэтэктыўнага твора ў вобразе таямнічага містэра Кіна. Чаму мы прапануем вам не Эркюля Пуаро ці міс Марпл? Ведаеце, Эркюль Пуаро заняты: разам з міс Марпл і яшчэ дзесяццю дэтэктывамі ўсіх часоў і народаў ён раскрывае забойства стагоддзя ў маленькім славацкім мястэчку. Да таго ж, міс Марпл у нас ёсць ранейшага ўзору — нямецкага рамантычнага.

Так, у нас тут, безумоўна, забіваюць. Ну, і крадуць усё, што кепска ляжыць альбо старанна ахоўваецца: дыяменты, лісты, партсігары, галёшы і грошы. Часам у справу ўмешваюцца вампіры, паўсталыя з магілы мерцвякі і таемныя арганізацыі. Але яшчэ ў нас смяюцца — чамусьці ўвесь час з Шэрлака Холмса. Ды і з Ўотсанам не ўсё так проста. Што б гэта значыла?..

Сцэнаграфію дзейства вам выкладуць майстры жанру Стывен Ван Дайн і Роналд Нокс. Спадзяемся, што калі вы захочаце напісаць дэтэктыў, вы ўнікнеце ўсіх пастак, а таксама растлумачыце нам, чаму ў дэтэктыве не павінна быць кітайцаў. Хаця, магчыма, сярэднявечных кітайцаў гэта не датычыць.

Тэма пастак, дарэчы, для дэтэктыву актуальная заўжды, таму ў нас яны ёсць: апрача лабірынту жыцця Шэрлака Холмса, якому не перашкодзіла б Арыядніна нітка ад абазнанага чытача, мы прэзентуем вам конкурс — пастку для перакладчыкаў. Магчыма, вы думаеце, што пастка для перакладчыка — гэта каламбур, гульня словаў альбо гаваркое імя? Мы сцвярджаем, што гэта ўжо само жаданне перакласці твор. З каламбурам ты будзеш змагацца ўжо там, у лабірынце…

Каб забяспечыць вольнае плаванне па краінах і эпохах, у якіх адзначыўся дэтэктыў, мы тэхнічна абнавілі карабель — цяпер усе тэксты нумару можна спампаваць у фарматах .mobi і .fb2 для электронных кніг.

І наастатак “ПрайдзіСвет” зычыць чытачам больш прыемным спосабам, чым ад словаў “Прачынайся, ты забіты”, усвядоміць, што жыццё — самы рэалістычны жанр літаратуры.

 

Следчая трупа

197