A R C H E S k a r y n a № 1 (15) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


12001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

ЮРАСЬ ЛАЎРЫК
Вокладка ARCHE Skaryna 1-2001.

   Мінулыя нумары:

   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Юрась Лаўрык
 
Найбольшае інтэлектуальнае ашуканства

Алена Яскевіч. Абранне вечнасці: універсалізм традыцыі і гістарызм сучаснасці.Менск: Мастацкая літаратура, 1999.

Калісьці, падлеткамі, мы зь сябрамі часам пакеплівалі з чыйгосьці прэтэнцыёзнага маўленьня фразай: „З пункту гледжаньня банальнай эрудыцыі ніводзін здаровадумны індывідуум ня ў стане ігнараваць тэндэнцыі парадаксальных эмоцыяў“. Тады нам гэты сказ здаваўся вяршыняй непатрэбнай надуманасьці ды завумнасьці. Сёньня моладзь, дзякуючы кнізе Алены Яскевіч „Абранне вечнасці“, мае для ўжываньня некалькі ўзорчыкаў значна больш выразных ды квяцістых.

Напрыклад, гэты: „Пасля працяглага працэсу ўнутрыгаліновае дыферэнцыяцыі пастаноўка пытання аб інтэграцыі на ўжо ўзбагачаным узроўні ведаў — зусім заканамерная для этапу новай эксплікацыі — разгортвання найстаражытнейшай з навук “ (с.5). Калі ўрэшце да мяне дайшло, пра што гамонка, дык вельмі зьдзівіўся: гэта ж усё можна было сказаць людзкай мовай! Праўда, чытаючы далей, я ўсьвядоміў, што, бадай, не — ня можна было. Бо „людзкай“ мовай аўтарка ў прынцыпе не валодае. Ані навуковай, ані літаратурнай. Яна абсалютна не адчувае розьніцы паміж навуковым і публіцыстычным стылямі, на вынік чаго ў нібыта навуковай працы ўвесь час скочваецца на звычайную газэтчыну. Вось напрыклад: „У медыявістыцы што ні вазьмі — усё пераходна...“ (с.5, тут і далей падкрэсьленьні мае). А працяг гэтага сказу набывае ў такіх умовах проста прарочую двухсэнсоўнасьць: „моўныя стылі амбівалентна абарочваюцца праблемамі рыторыкі...“.

Аднак яшчэ большай праблемаю абарочваецца няўменьне аўтаркі падбіраць адпаведныя словы. Я ўжо ня буду засяроджвацца над тым, якія асацыяцыі паўстаюць у сувязі з ужытым у першай цытаце выразам пра „найстаражытнейшую з навук“ ані чапляцца да формаў кшталту „зьдзіўляючая“ — усё ж „наркомаўка“ падобныя суфіксы лічыць нармальнымі для літаратурнай мовы. Бог зь ёй, „наркомаўкай“ — і бяз гэтага колькасьць недарэчна ўжытых словаў ды выразаў аграмадная. Возьмем, да прыкладу, сказ са с.8: „Да ліку першых спроб стварэння Бібліі на старабеларускай мове належыць аднесці феномен знакамітай Шарашоўскай Бібліі каралевы Сафіі Гальшанскай на кангламераце старабеларускай і старапольскай моў“. Чытаеш, і перад вачыма паўстае той самы канглямэрат (камень такі, па-геалягічнаму, складзены зь некалькіх іншых). Мы можам сказаць, напрыклад, што мова помніка зьяўляецца канглямэратам пэўных моваў; але „тэкст, напісаны на канглямэраце“?.. Тое самае датычыць, напрыклад, вельмі часта сустраканага ў кнізе выразу „пашкоджаны тэкст“ (гл., напр., с.17: „Тырнаўская і Рэсаўская школы (...) асаблівую ўвагу звярталі на выпраўленне пашкоджанняў тэкстаў богаслужбовых кніг, непазбежных пры неаднаразовай перапісцы“). А вось таксама вельмі цікавы сказ: „адной з найбольш надзённых праблем, якія задавальнялі (!) азбукоўнікі, быў працэс славянізацыі старарускай мовы (...)“ (с.22).
 

гісторык кнігі, супрацоўнік Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане, абсальвэнт тэалёгіі і гісторыі Люблінскага каталіцкага ўнівэрсытэту. Апошнія публікацыі - Autograph Dedication in the Skaryna Library, London (Belarusian Chronicles/ Winter 1999, #9-10) і „Даведнік з памылкамі" ў ARCHE (№8-2000).
   

Думаю, тут будзе дарэчы зазначыць, што сказы ў рэцэнзаванай кнізе вельмі часта набываюць падсэнс, цалкам адрозны ад задуманага аўтаркай (цяжка дапусьціць, што ён мог быць закладзены сьвядома). Як, напрыклад, у сказе „(...) бо нават прэпадобны (лепей было б вялебны або пачэсныЮ.Л.) Максім Грэк, якога перакладчыцкая праца пераканала ў неабходнасці добрага валодання граматыкай грэчаскай і славянскай, назваў граматыку „пачаткам уваходу“, „вратамі“ філасофіі“ (с.11). Так і хочацца спытаць, няўжо ж гэта Максім Грэк, прадстаўнік бізантыйскае арыстакратыі, ня ведаў свае роднае грэцкае мовы і мусіў адмыслова авалодваць ейнай граматыкай? Дый зрабіў гэта толькі пасьля таго, як троху паперакладаў?! А тут, да таго ж, ніжэй па тэксьце, аўтарка ўжо сама сабе супярэчыць сутнасна: „відаць, у часе навучання (...) нараджаецца цікавасць да граматыкі і лінгвістыкі ўвогуле“ (с.20). Дарма, што вучэньне і перакладаньне адлеглыя між сабой амаль на 30 гадоў — гэта ж мізэр у параўнаньні зь вечнасьцю! А яшчэ „славуты афонец імкнуўся правесці асабліва чыстую плынь хрысціянскага Рэнесансу“ (тамсама). Ну што гэта за „правесьці плынь“?..

Да слова, чытач, пэўна, ужо заўважыў, што большасьць прыведзеных цытатаў насычаныя, з аднаго боку, русізмамі ў той ці іншай форме, а з другога — стылёвымі неадпаведнасьцямі. Яны прысутнічаюць, бадай, у кожным абзацы, і то шматкроць. Аднак, для цікаўных задам загаданку: колькі разоў сустракаецца корань -слав- / -слаў- у наступным фрагмэнце, які выклікае непаразуменьне: „Не абмяжоўваючыся пастаўленай перад ім задачай па перакладу (sic) з грэчаскай мовы багаслоўскіх кніг, (...) ён з манаскім аскетызмам разгортвае справу адраджэння ўсходнеславянскага праваслаўя, якое ў будучым бачыў апорай усяго славянства, галоўным абаронцам візантыйскай праваслаўнай веры, звязваючы свае спадзяванні з усім усходнеславянскім светам“. Аскетызм азначае, перадусім, устрыманасьць. Ці аўтарка хацела сказаць, што Максім Грэк быў вельмі стрыманы, то бо, малаактыўны, у „справе адраджэньня ўсходнеславянскага праваслаўя“?! Здаецца, з кантэксту мусіла б вынікаць цалкам процілеглае. Хоць, шчыра кажучы, цягам усяго пасажу пра гэтага дзеяча мяне не пакідала ўражаньне, што Алена Яскевіч, нягледзячы на пяяныя дытырамбы, прагне скампрамэтаваць небараку Максіма, і закід у малаактыўнасьці пры „адраджэньні праваслаўя“ — не найгоршае. Чытаеш: „Святло дабрадатнай самаахвярнасці, запаленае ў душы Максіма Грэка, потым прымусіць яго абараняць бязвінную цярплівіцу і прыгажуню царыцу Саламонію Сабураву“ (там жа) — і ўжо ў тваёй душы неўпрыкмет пачынае радзіцца сумлеў: дык ён абараняў яе, бо яна была „бязьвіннай цярплівіцай“ ці бо „прыгажуняй“? І ўвогуле, хіба цытаваныя словы — адпаведная лексыка для навуковай працы? Мне такі тэкст хутчэй нагадвае мяшанку расейскай папулярнай агіяграфіі ХІХ стагодзьдзя зь няўдалай спробай мастацкай прозы. Якая, на дадатак, месцамі пераходзіць у гумарэску: „Да таго ж святы выказваўся супроць разводу Васіля ІІІ з яго святой (як стала вядома пазней) жонкай Саламоніяй“ (с.20). Бедны Васіле! Ён і падумаць ня мог, якая ў яго сьвятая жонка!
 

 
   

А чаго варты абзац са с.22, дзе аўтарка сьпярша ўзносіць да нябёсаў Максімаву эрудыцыю, а пасьля цытуе найбанальнейшыя рэчы: „Здзіўляюць багатыя этымолага-гістарычныя экскурсы, якія дае ў слоўнікавых артыкулах Максім Грэк. Разважаючы аб „краегранесехъ“, святы Максім піша:
“Веждь убо, яко нецыи творцы каноном…
умыслиша сугубу глаголему по гречески акростихиду, еже есть по русски краесторечие, или краегранесие, и ово убо сотворено ес ими по алфавиту, сиреч (sic) по азбуке, ово еже по строкъ сложенъ мерою иамвикою, еже являет и силу всего канона или хвалу содержит певаемому святому”“. Дальбог, я б хутчэй зьдзівіўся, калі б Максім Грэк, чалавек з эўрапейскай рэнэсансавай адукацыяй, ня ведаў, што такое акраверш; але ж ён ведае — дык у чым тут праблема?

І наступны сказ: „Сапраўды энцыклапедычную дасведчанасць дэманструе афонскі пісьменнік, асабліва ў, здавалася б, далёкай ад яго геалагічнай навуцы, характарызуючы камень ізмарагд: „....камень измарагдъ зеленъ есть и светель, еж (sic) и лице человече видети в нем, аки в зерцале,
его копают в горах индейских““. Авохці, зноў дзіва-дзіўнае: Максім Грэк (арыстакрат з паходжаньня) бачыў ізумруд і ведаў, адкуль яго прывозяць!

Але Максім Грэк не самотны ў сваіх „тэкстуальных“ злыбедах, што сустракаюцца ў дадзенай кнізе. Не нашмат менш, чым яму, дасталося, напрыклад, „нямецка-малдоўскай Адзігітрыі“ на сс.19–20. „Гэтую ікону падараваў малдаўскаму гаспадару Аляксандру Ваяводзе (sic) грэчаскі імператар Андронік Палеалог у 1399 г. як сродак абароны ад пагрозы турэцкай агрэсіі“! — Я так і бачу, як гаспадар Аляксандар адмахваецца абразом ад турэцкіх агрэсараў. Хай даруе мне Дзева Марыя, гэта ня я блюзьню, а Алена Яскевіч, якая так піша. Дый тое яшчэ ня ўсё: „Нямецкая Адзігітрыя паклікала Грыгорыя Цамблака, каб здабыць духоўнае заспакаенне“! Гэтага я нават не магу камэнтаваць! Ікона так моцна ўзрушылася, што, каб супакоіцца, мусіла некага да сябе паклікаць?! Я ня веру, што можна нагэтулькі не адчуваць мовы; бадай, гэта сьвядомае блазнаваньне!

Але, здаецца, усё ж не: аўтарка скрозь падкрэсьлівае сваю праваслаўнасьць — дзе трэба і дзе ня трэба. Дакладней, калі гэта ўсё-ткі мела быць навуковая праца (аб чым сьведчыць надпіс „Навуковае выданьне“ ў канцы кнігі, а таксама часта сустраканыя прэтэнзіі на „звышнавуковасьць“ у мове), дык ня трэ было б ёю выстаўляцца нідзе, бо веравызнаньне навукоўца не павінна ўплываць на тэкст ягонага дасьледаваньня. Тут, аднак, мы на кожнай старонцы сустракаем непатрэбныя апэляцыі да маскоўскай царкоўнай традыцыі, і вельмі часта насуперак фактам. Чаго варты адзін прыклад мітрапаліта Пятра Магілы, якога аўтарка ўпарта называе „светачам веры“ (напр., с.9), не зважаючы ані на тое, што ён быў аўтарам Унійнага ўнівэрсалу і плянаваў далучыцца да Уніі з Рымам, ані на ягоныя вялікамагнацкія звычаі ў паўсядзённым жыцьці, часта так ня згодныя з хрысьціянскай маральлю.
 

 
   

Тут, бадай, час ужо і месца перайсьці ад мовы разгляданага твору (хоць гэтую тэму можна працягваць на матэрыяле кнігі бясконца) да пытаньняў больш істотных для навуковай працы: паняткаў, фактаў ды іхнай інтэрпрэтацыі.

Паколькі паняткі наўпрост зьвязаныя з мовай, лягічным будзе пачаць акурат зь іх. Тэрміналёгія, якой карыстаецца аўтарка, мякка кажучы, дзіўная. Алена Яскевіч вельмі часта існыя ўжо найменьні напаўняе зусім іншым зьместам, чым гэта прынята ў навуковай літаратуры; а яшчэ часьцей яна стварае новыя. Ды не было б вялікай бяды, каб гэта ўсё служыла большай дакладнасьці азначэньняў ці дапамагала б лепей зразумець думку аўтаркі. На жаль, аднак, гэта толькі ўносіць яшчэ большую блытаніну.

Складаецца ўражаньне, што сп-ня Яскевіч ня толькі слаба ведае, што азначае той ці іншы тэрмін, але і часьцяком сама не разумее, пра што піша. Пачну браць узоры зноў ужо зь першых старонак. С.6: „У прыватнасці, вытлумачэнне дзелавой і агіяграфічнай літаратур: летапісаў, хронік, жыцій, хаджэнняў і інш., нават прыёмаў красамоўства сродкамі развітой паэтыкі наколькі знешне эфектнае, настолькі не прыносіць пажаданага эфекту ў інтэрпрэтацыі пачатковага стану мастацкага слова“. З чатырох пералічаных жанраў толькі адзін адпавядае пададзенаму папярэдне абагульненьню — бо ад якога часу летапісы ды хронікі (іншая назва таго самага) сталі „дзелавой“ літаратурай, а хаджэньні — агіяграфічнай? Незразумела, і на якой падставе сп-ня Яскевіч так вызначае. Няхай яшчэ выраз „агіяграфічная літаратура“ паходзіць ад грэцкага слова (αγιοσ — сьвяты), дык можна дапусьціць, што ягоны сэнс недастаткова для аўтаркі ясны; але ж „дзелавая“ — гэта калька з расейскай, дык тутака ніякіх ужо сумлеваў паўставаць не павінна. Што ж да падкрэсьленага мной заканчэньня гэтага сказу, дык я пакідаю шаноўнаму чытачу самому вырашаць, што ў той складанай вэрбальнай канструкцыі мелася на ўвазе. Хай гэта будзе яшчэ адна загадка для цікаўных.

Пасьля шэрагу падобных недарэчнасьцяў перастаеш ужо зьдзіўляцца, калі бачыш, што тэрміны іншамоўнага паходжаньня, асабліва тэалягічныя, аўтарка спрэс ужывае без найменшага ўяўленьня аб іхным рэальным значэньні. Асабліва дакучае пры чытаньні слова „патрыстыка“ і вытворныя ад яго. У тэалёгіі так называецца дысцыпліна, якая вывучае жыцьцё і дзейнасьць Айцоў Царквы (поруч з патралёгіяй, якая вывучае іхныя творы). Назва гэтая паходзіць ад грэцкага πατηρ — айцец. Ува ўяўленьні ж Алены Яскевіч патрыстыка раптам ператварылася ў азначэньне духоўнае спадчыны гэтых Айцоў (параўн., напр., с.22: „У азбукоўніках шмат цытат са Святога Пісання, патрыстыкі, якія і з’яўляюцца літаратурнымі крыніцамі азбукоўнікаў“), а саміх Айцоў Алена Яскевіч чамусьці няўхільна называе патрыстамі (с.30: „Патрысты пераканаліся, калі ведаеш, што можна пазнаць вопытам, а што можна ўзяць на веру, гарызонты пазнання застаюцца адкрытымі і ёсць менш магчымасці ўпасці ў спрашчэнне (...)“).
 

 
   

Такога слова, як „патрыст“, калі я не памыляюся, у навуковым абыходку няма зусім, але нат каб яно і было, дык, згодна з законамі беларускай (і ня толькі беларускай) мовы, яно б азначала не айца-„патэра“, а дасьледніка, які займаецца патрыстыкай. (Не называем жа мы трактар трактарыстам.)

Што да яшчэ аднаго вытворнага ад таго ж кораню — „патрыстычная літаратура“, дык сьпярша гэты выраз не выклікаў маіх падозраньняў, аж пакуль я не напаткаў на ўсё той жа часта цытаванай мною 30-й старонцы сказ: „Найбольш яркімі і манументальна значнымі праявамі „залатога веку“ айчыннай літаратуры, на думку даследчыкаў, былі палемічная і патрыстычная лініі кніжнасці (...)“.

„Якіх дасьледчыкаў?“ — захацелася мне адразу спытаць, бо тут Алена Яскевіч, спасылаючыся на чужую думку, чамусьці забылася даць адсылку хаця б да прозьвішча аўтара ідэі, ня кажучы ўжо пра крыніцу. І, баюся, невыпадкова. Па-першае, таму, што „патрыстычная літаратура“ — гэта азначэньне ня столькі жанравае, колькі храналягічнае. У бачаньні заходняй навукі пэрыяд патрыстычнае літаратуры канчаецца на Ізыдору з Сэвільі і Яну Дамаскіну. Усходняя (праваслаўная) тэалёгія часам падаўжае яго да Паламы і Міколы Кавасіла, то бо да XIV ст., але ўсё роўна, пры чым тут „“залаты век” айчыннай літаратуры“, то бо беларускае пісьменства XVI–XVII стст.?

Далей, патрыстычная літаратура ўключала ў сябе большасьць вядомых сёньня жанраў хрысьціянскае літаратуры, у т.л. і жанр палемічны. Як, такім чынам, можна процістаўляць і параўноўваць літаратуру патрыстычную і палемічную? Першая ж зьява ў вялікай ступені ахоплівала другую.

Ну і, нарэшце, хто ж прадстаўнікі гэтае „патрыстычнае лініі кніжнасьці“ ў „айчыннай літаратуры“? Згаданыя сп-няй Яскевіч Палама і Арэапагіт (па вялікім рахунку, Псэўда-Арэапагіт, але аўтарка, здаецца, гэтага ня ведае) айчыннымі тэолягамі для беларусаў быць ня могуць — яны тут ані нарадзіліся, ані працавалі. Іншых жа імёнаў не названа, хіба што толькі Максім Грэк, якому аўтарка аддае столькі ўвагі. Але, зноў жа, ён быў запрошаны працаваць не ў Беларусь, а ў Маскоўшчыну! Тое ж, што ў ВКЛ часам выходзілі ягоныя творы, яшчэ не нагода залічаць яго да беларускіх пісьменьнікаў, як мы не залічваем да іх Яна Залатавуснага толькі на падставе таго, што ягоныя „Павучэньні“ неаднаразова выдаваліся ў Вільні.

Падобныя дзівосы адбываюцца і з тэрмінамі сьцісла гістарычнымі. Напрыклад, найменьне знакамітае чэскае княскае дынастыі, на думку сп-ні Яскевіч, па-беларуску павінна гучаць як Пшэмыслоўцы (с.26). У славянамоўнай літаратуры найчасьцей сустракаецца форма „Пшэмысловічы“; у заходняй — Пшэмысьліды (Przemyslides). Чаму было не скарыстацца з гэтых, даўно ўкаранёных у навуцы найменьняў? Няўдалае „Пшэмыслоўцы“ выклікае перш за ўсё недарэчныя асацыяцыі.
 

 
   

Цяпер пару словаў пра факты і іхную інтэрпрэтацыю. Складаецца ўражаньне, што аўтарка, нават калі прыводзіць нейкі факт, дык сама ня ведае, навошта; цьверджаньні яе часта супярэчлівыя. Напрыклад: „Альгерд адразу быў гатовы прызнаць дзяржаўнай рэлігіяй праваслаўе, а ў Вільні праводзіць палітыку “трэцяга Рыму”“. Па-першае, калі ён „адразу быў гатовы прызнаць дзяржаўнай рэлігіяй праваслаўе“, дык чаму за ўсё сваё больш чым трыццацігадовае панаваньне так гэтага і не зрабіў? Па-другое, „трэці Рым“ — гэтая канцэпцыя не належыць да шырокавядомых у сусьветным маштабе зьяваў, а таму ўжываньне гэтага выразу ў пераносным сэнсе ўяўляецца не зусім карэктным, тым больш для ВКЛ. Па-трэцяе, калі нават згадзіцца на ўжываньне гэтага тэрміну ў пераносным значэньні, дык паўстае супярэчнасьць зь іншым месцам у тэксьце, трыма абзацамі ніжэй, дзе гаворыцца пра мітрапаліта Кіпрыяна, якому „належыць гонар кананізацыі віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана, Яўстафія (...)“. Але ж немагчыма прытрымлівацца дзьвюх працілеглых думак адразу! Перад тым як брацца пісаць кнігу, аўтарка мусіла хаця б для сябе вырашыць: або Альгерд быў паганін ды барбар, вораг хрысьціянства і замучыў за веру трох ні ў чым не вінаватых праваслаўных, або ён быў прыхільнікам праваслаўя і, такім чынам, тыя трое былі пакараныя за нешта іншае, але ніяк не за веру — а значыць, ня могуць быць мучанікамі!

Увогуле належыць прызнаць, што дзякуючы Алене Яскевіч можна даведацца шмат новага і цікавага. Аказваецца, напрыклад, што сталіцай ВКЛ, і то старажытнай, быў... думаеце, Наваградак? Не! І нават ня Вільня з Трокамі — Кракаў! „Спрадвеку Кракаў як старажытная сталіца Кароны і Княства быў апірышчам славянскай (у тым ліку і беларускай) асветы“ (с.25).

А Канстанцін Астроскі быў „першым пасля караля ў гіерархіі свецкіх феадалаў Княства і Кароны“ (с.9). Я дык і наконт Княства не магу адназначна пагадзіцца, бо што рабіць з Гаштольдамі, Радзівіламі, Хадкевічамі і шэрагам іншых родаў, якія мелі ўплывы, ня меншыя за Астроскіх? А пра Карону і ўвогуле мовы быць ня можа! Выглядае на тое, што для аўтаркі выраз „Карона і Княства“ (et vice versa) — проста прыгожы набор словаў.

І далей: „(...) астрожскі звод-пераклад Бібліі стаўся адзіным кананічным тэкстам, які абслугоўваў літургічныя патрэбы праваслаўнага славянства на працягу амаль чатырох стагоддзяў“ (там жа). Як Астроская Біблія магла абслугоўваць літургічныя патрэбы насельніцтва, калі яна ніколі не ўжывалася ў літургіі? Яна належала да т.зв. „чэційнага“ тыпу і прызначалася, перадусім, для прыватнага чытаньня. У літургічнай жа практыцы Ўсходняе Царквы (дзе, дарэчы, старазапаветныя тэксты ўжываюцца даволі рэдка) звычайна выкарыстоўваліся Парэмійнікі — кнігі, якія зьмяшчалі чытаньні са Старога Закону, а таксама Тэтраэвангельлі і Апосталы (у т.л. у выглядзе апракос) — з тэкстамі Новага Закону.

А вось яшчэ адно „адкрыцьцё“: „У 863 г. уладар Маравіі Расціслаў запрашае з Візантыі святых роўнаапостальных братоў Кірыла і Мяфодзія, якім належыць гонар стварэння самага старажытнага шрыфту (глаголіцы) сярод славянскага племені (...)“ (с.26). Ці гэта мае значыць, што Кірыла і Мятод вынайшлі кнігадрукаваньне за 600 гадоў да Гутэнбэрга? Або мо яны вынайшлі толькі шрыфт, а той шрыфт захоўваўся ў народзе, перадаваўся ад айца сыну, аж покуль ня трапіў да Гутэнбэрга, які ўжо і прыдумаў, як зь ягонай дапамогай друкаваць кніжкі? У „ранейшай“ навуцы было прынята думаць, што Кірыл і Мятод „усяго толькі“ распрацавалі азбуку.
 

 
   

26-я старонка тут паказальная (хоць і не нашмат горшая за іншыя). Яна спрэс у фактаграфічных, інтэрпрэтацыйных ці моўных хібах. Зацытую некалькі пачатковых абзацаў.

Абзац 1-ы (заканчэньне пасажу з папярэдняй старонкі): „Усе свае каштоўнасці, уласныя багацці, родавыя дыяменты гэта жанчына незвычайнага хараства (каралева Ядвіга — Ю.Л.) ахвяравала на стварэнне Ягелонскага універсітэту ў Кракаве, які павінен быў мець у сваім складзе, звыш трох традыцыйных факультэтаў, па (sic) запавеце каралевы, абавязкова чацвёрты — багаслоўскі“. Па-першае, зноў гэтая надзвычайная прыгажосьць. Няўжо яна ахвяравала свае багацьці, бо была такая прыгожая?! (Каб хоць аўтарка напісала, што каралева была „надзвычайнае душэўнае прыгажосьці“, дык гэта б, прынамсі, адпавядала лёгіцы сказу.) Далей, на падставе чаго сп-ня Яскевіч робіць высновы пра выгляд усіх згадваных у тэксьце жанчынаў? Бо як чытаеш гэтую кнігу, дык у вачох ажно роіцца ад „прыгажунь“ — царыцаў, каралеваў і іншых мілых стварэньняў жаночага полу. Ну проста „Казкі народаў сьвету“!

Па-другое, тэалягічны факультэт таксама быў „традыцыйны“ для эўрапейскіх унівэрсытэтаў. А быў ён ці не было яго ў той ці іншай вучэльні, сьведчыла толькі пра ранг гэтае канкрэтнае вучэльні, але не пра ейную традыцыйнасьць або нетрадыцыйнасьць.

2-гі абзац: „Ідэя звароту, адраджэння „залатога веку“ прысутнічала нават у часы антычнасці, напрыклад, у творчасці рымскага паэта Вергілія (Эклога ІV), як абнаўленне-ачышчэнне ў чаканні прыходу Бога. Нават у Бібліі ідэя Адраджэння прысутнічае, на думку медыявістаў, найперш, безумоўна, у Евангеллі ад Іаана: „Пакуль хто не народзіцца ад вады і Духа (Сьвятога. — А.Я.), ён не можа ўвайсці ў Царства Божае“.

Найперш, я ня бачу сувязі паміж Кракаўскім унівэрсытэтам і ідэяй „адраджэньня “залатога веку”“ ў творах Вэргілія. Тут варта было альбо гэтую сувязь неяк выразна пазначыць (калі яна ў прынцыпе існуе), альбо нейкім чынам аддзяліць гэты пасаж — напр., чыстым радком, падобна як на с.23.

Па-другое, увесь гэты абзац нейкі недарэчны. Бо калі аўтарка хацела зрабіць экскурс у гісторыю разьвіцьця ідэі, дык двух прыкладаў яўна недастаткова і пачаць трэ было як мінімум з грэкаў, а ня зь іхных культурных нашчадкаў рымлянаў, а лепей увогуле зазірнуць яшчэ глыбей у старажытнасьць. Калі ж гэты абзац меўся быць уводным да пасажу пра „славянскі „залаты век ““, дык ён свае ролі ня выканаў, бо „ня вяжацца“ ані з папярэднім абзацам, ані з наступным.

Далей. Гаворачы пра біблійныя ідэі, больш лягічна было б спасылацца на думку біблеістаў, чым мэдыявістаў — бо мэдыявісты вывучаюць Medieval Ages — Сярэднія Вякі. Біблія ж, у т.л. і кнігі Новага Закону, паўстала яшчэ ў эпоху, якая звычайна завецца Старажытнасьцю. Баюся, што аўтарцы варта вярнуцца да школьных падручнікаў, каб навучыцца адрозьніваць гістарычныя эпохі. І яшчэ, са спасылкі да абзацу не зусім зразумела, ці аўтар Полного церковно-славянского словаря Г.Дьяченко і зьяўляецца гэтымі загадкавымі „мэдыявістамі“; калі так, дык чаму ў множным ліку?

Да таго ж недарэчна тут ужыты і ўводныя словы — „нават“, „безумоўна“. „Нават“ звычайна выкарыстоўваецца, каб выказаць зьдзіўленьне або падкрэсьліць парадокс. У сувязі з гэтым мяне ўражвае здольнасьць Алены Яскевіч увесь час зьдзіўляцца, і то найэлемэнтарнейшым рэчам. Я не разумею, чаму, уласна кажучы, ідэя „адраджэньня “залатога веку”“ не павінна была існаваць у антычную эпоху? Ці ж гэныя грэкі з рымлянамі былі занадта дурныя, каб да нечага такога дадумацца? І, зноў жа, зь якой рацыі тая ж ідэя не павінна была б прысутнічаць у Бібліі?
 

 
   

Слова „безумоўна“ выражае звычайна асабістае стаўленьне аўтара. Дык калі гэта аўтарская ідэя, прычым тут тыя „мэдыявісты“; а калі Алена Яскевіч пакладаецца на чужую думку, дык навошта гэтае „безумоўна“?

3-ці абзац: „Сведкаю часоў магутнага славянскага і цэнтральнаеўрапейскага агульнага „залатога веку“, этнічнага пабрацімства, успрымання протабеларускай мовы як генетычнай асновы з’яўляецца Люблінская ікона Багародзіцы. Агульнавядома, што ў VІІ ст. Польшча, Чэхія разам з Маравіяй, Славакіяй і Венгрыяй уваходзілі ў дзяржаву Сямі славянскіх плямёнаў на чале з князем Само, потым у склад Вялікай Маравіі “. Але „генэтычнай асновай“ чаго была „протабеларуская мова“? З сказу гэтага не відаць! І як ікона можа тое засьведчыць? Да таго ж, калі „агульнавядома“, што ў VІІ ст. Польшча і Чэхія разам з Маравіяй, Славаччынай і Вугоршчынай уваходзілі ў дзяржаву Сямёх славянскіх плямёнаў, дык я да агулу, якому гэта вядома, не належу, бо, на маю сьціплую думку, на той час Польшча, Чэхія, Славаччына і Вугоршчына яшчэ не існавалі (вугорцы ўвогуле тады яшчэ й не зьбіраліся прыходзіць у Цэнтральную Эўропу). І, баюся, мы нават ня можам сьцьвярджаць, што ўсе землі, на якіх сёньня знаходзяцца пералічаныя дзяржавы, уваходзілі ў „дзяржаву Само“! Я ня ведаю, адкуль Алена Яскевіч чэрпае свае зьвесткі, бо, як вельмі часта здараецца ў рэцэнзаванай кнізе, у месцах самых фантастычных сьцьвярджэньняў няма ніводнае спасылкі. З таго, што я чытаў, вынікае, што дзяржава Само ня вельмі далёка прасьціралася за межы Чэха-Мараўскіх земляў. О.К., далучылася да яе пара славянскіх плямёнаў, што жылі на тэрыторыі сучаснай Славаччыны; ажыцьцёўлена спроба заваяваньня некалькіх плямёнаў на Одры і Вісьле. Але ж гэта ня значыць, што да дзяржавы Само належалі ўсе вышэйпералічаныя тэрыторыі! Што да Вялікай Маравіі, дык у яе цалкам не ўваходзілі нават уласна чэскія землі (напр., Багемія), ня кажучы ўжо пра больш адлеглыя! У такой сытуацыі брак спасылак схіляе мяне, на жаль, думаць, што ўсё працытаванае існуе адно ўва ўяўленьні аўтаркі.

Тлумачэньня, чаму Алена Яскевіч лічыць гэты час „славянскім “залатым векам”“, дарэчы, я таксама не знайшоў. Быў паспадзяваўся, што мо пра гэта будзе ў наступным абзацы, які пачынаецца так спадзеўна: „Пра гэта сведчыць...“ Але ж не — і там чамусьці вядзецца пра „генэтычнае сваяцтва“ беларускай мовы зь іншымі славянскімі. „Пра гэта сведчыць і генетычнае сваяцтва беларускага слова са стараславянскай лексікай: дыямент (бриллиант), оксамит (шелк), жито (посевы), вежа (башня), глум (забава, издевательство), вапно (известь), блазн (обман), личьба (число), крамола (мятеж), выдруковать (напечатать), словутый (знаменитый), недбальство (небрежность), одрина (строение), ведати (знать), гостинство (пир), оструп (нарыв), кросна (пряжа, ткацкий станок), былле (трава), красовать (цвести), приклад (пример), ратай (пахарь), стреха (низ крыши), присуд (судебная пошлина) і г.д.“ Ну што ж, цалкам верыцца, што для Алены Яскевіч і славянскасьць беларускай мовы не зьяўляецца відавочнай, і яе трэба даказваць праз супольнасьць лексыкі зь іншымі славянскімі мовамі. Але мне ўсё роўна незразумела, чаму ў такім разе гэтыя доказы грунтуюцца на словах неславянскага паходжаньня — бо, напрыклад, „дыямэнт“ паходзіць ад лацінскага diamantum, а „выдрукаваць“ — ад нямецкага drücken. Апошні прыклад увогуле прыносіць вялікі сорам сп-ні Яскевіч, якая прэтэндуе быць спэцыялістам у старажытных слоўніках, бо нават у Бярынды заначана, што „друкую: з алманска, выбіваю, албо вытискаю“. Ці гэта азначае, што сп-ня Яскевіч ня ведае, хто такія „алеманы“?
 

 
   

Я стаміўся апісваць усю тую бязглузьдзіцу, што пануе на старонках гэтага „навуковага выданьня“. Напісаў ужо дзясятак старонак рэцэнзіі, хоць дайшоў яшчэ толькі да 30-й (!!!) старонкі кнігі; а цытаваў я далёка ня ўсё — толькі самыя тыповыя або сьмешныя недарэчнасьці, прапускаючы шмат менш важных. Таму яшчэ хіба што пра шэраг рэчаў, на маю думку, даволі істотных. Напрыклад, пра бібліяграфічныя апісаньні замежных выданьняў на заходніх мовах, якія ў рэцэнзаванай кнізе кожны раз падаюцца паводле іншай мадэлі, што звычайна сьведчыць пра несумленнасьць дасьледніка, які (-ая) гэтых кніг на вочы ня бачыў, а проста „паперадзіраў“ спасылкі зь іншых працаў. Я не напісаў пра неразуменьне аўтаркай ёй жа самой прыведзеных цытатаў і выяўленьне ідэяў, пазычаных у іншых аўтараў. Я не напісаў пра некарэктнасьць і немэтазгоднасьць выданьня Аленай Яскевіч у складзе навуковай працы ейных жа, Алены Яскевіч, вершаў (няўжо яны нагэтулькі кепскія, што апублікаваць іх іншым чынам немагчыма?). Не напісаў, але, шчыра кажучы, ужо і ня бачу патрэбы — і напісанага дастаткова, каб даць чытачу ўяўленьне пра рэцэнзаваную кнігу. Я не адчуваю згрызотаў сумленьня, абмяжоўваючы сваю рэцэнзію паказам толькі гэтых 30 старонак, бо калі чалавек на 30 старонках піша глупствы, дык ніколі ня будзе так, што ён пасьля раптам пераменіцца і на 31-ай або 231-ай напіша нешта геніяльнае.

Я ня ведаю, ці дасягнула аўтарка пастаўленай перад сабою мэты. Калі сапраўды ставілася задача „вывучэння вытокавага перыяду славянскага пісьменства, у тым ліку пісьменства старабеларускага“, як гэта было зазначана ўва Ўводзінах, дык, баюся, яна ня выканана. Рэцэнзаваная кніга нагадвае сарочына гняздо, куды зьнесена без разбору і без разуменьня як добрае, так і кепскае — абы блішчэла — і звалена ў кучу бяз ладу і парадку. У канцы Ўводзінаў аўтарка зазначае, што „для набліжэння да сутнасці старажытнага помніка пісьменства, які належаў адначасова і лінгвістыцы, і літаратуразнаўству, і філасофіі, і гісторыі, і тэалогіі (...), каб раскрыць змест творчасці сярэдневяковага кніжніка, што быў адначасова і паэтам, і граматыстам, і лексікографам, і экзэгетам, і красамоўцам, і эдытарам, запатрабаваўся шырокі комплексны падыход“. Што ж, ідэя выказана слушная, але яна так і засталася нязьдзейсьненаю. Бо калі аўтарка хацела насамрэч ажыцьцявіць гэты „комплексны падыход“, каб наблізіцца „да сутнасці старажытнага помніка пісьменства“, яна мусіла сама стаць і тэолягам, і філёзафам, і гісторыкам — а ёй і проста добрым філёлягам быць ня надта ўдалося.

Яшчэ адна рэч мяне вельмі дзівіць, калі выпадае чытаць кепска зробленыя кнігі — куды глядзяць навуковыя рэдактары, рэцэнзэнты ды дырэктары выдавецтваў? Я буду вельмі ўсьцешаны, калі рэдакцыя часопісу „Скарына“ прыслухаецца да маёй парады і вышле ім, таксама як і сп-ні Яскевіч, дармовы асобнік нумару з гэтай рэцэнзіяй — а раптам гэта нейкім чынам паўплывае на далейшы лёс беларускае навукі і на эканомію грошай, якіх так не стае беларускаму кнігавыданьню.

Што да мяне, дык я болей ужо не дзіўлюся, што беларусы ня маюць сусьветнае славы навукоўцаў.

 
Ад рэдакцыі. Па выхадзе гэтай кнігі (у дзяржаўным выдавецтве „Мастацкая літаратура“) дактарантка акадэмічнага Інстытуту літаратуры Алена Яскевіч была адзначаная спэцыяльнай прэміяй А.Лукашэнкі „За духоўнае адраджэньне“ паводле прадстаўленьня Беларускай Праваслаўнай Царквы (Маскоўскага патрыярхату).

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (15) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 05-04-2001