A R C H E S k a r y n a № 4 (18) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Кнігі — Рэакцыі

 
Вокладка ARCHE Skaryna 4-2001.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (3-2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1-2001)
   Мэдыцына

   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Павал Абрамовіч
 
Проза для няўдачнікаў
  Станкевіч Юры. Любіць ноч — права пацукоў. — Менск: Мастацкая літаратура, 2000.



1.

Раман Юр’я Станкевіча “Любіць ноч — права пацукоў” выклікаў цікавасць у чытачоў і крытыкаў і газетай “Літаратура і мастацтва” быў адразу названы “адным з самых мужных, праўдзівых і сумленных твораў, што пабачылі свет апошнім часам” (1 студзеня 1999 году). Сказана гучна. Не менш яскрава выказалася Святлана Алексіевіч, якая ў пераднавагоднім нумары газеты назвала гэта раман самай яркай з’явай у беларускай літаратуры за мінулы год. “У беларускай літаратуры з’явіўся твор еўрапейскага ўзроўню”, — наўпрост адрэзала яна.

Нагадаю сюжэт раману. У правінцыйным мястэчку Янаўску (маці аўтара, дарэчы, у час напісання твору жыла ў Барысаве), заселеным пераважна расійскамоўнымі вайскоўцамі і ваеннымі пенсіянерамі, раптоўна з’яўляюцца ўцекачы з Усходу. Пасяліўшыся на ўскрайку, яны наладжваюць гандаль наркотыкамі, гвалцяць мясцовых дзяўчат. Перасяленцы (“набрыдзь”, “пошасць”, “прыхадні”, “чужынцы” — так называе іх сам аўтар) пачуваюць сябе вольна: янаўскія мянты прадаліся ім, а напужаныя жыхары гораду лічаць за лепшае не ўмешвацца. І толькі настаўніца Люба, побач з хатай якой размясціліся бежанцы, спрабуе неяк абараніць сябе і свайго маленькага сына, які нарадзіўся з хваробай Даўна. Рукамі паслугачкі-пакаёўкі Васіліны перасяленцы забіваюць настаўніцу. За некалькі дзён да смерці Люба адпраўляе ліст брату Данілу з просьбай аб паратунку. Даніла спешна прыязджае ў Янаўск і, помсцячы за смерць сястры, уступае ў бязлітасную схватку з прыхаднямі і іх тутэйшымі памагатымі. У рэшце рэшт ён дабіваецца таго, што бежанцы пакідаюць атручаны імі горад, з’язджаюць у сталіцу. Такім чынам, зло застаецца непакараным, яно проста сыходзіць у іншае месца. Заканчваецца раман сімвалічнай сцэнай узыходу сонца над “друхлымі будынкамі і кволымі, самотнымі дрэвамі” і словамі асірацелага хлопчыка-“даўнёнка” (наватвор Станкевіча), пачутымі ім у свой адрас ад дзяцей перасяленцаў: “Мы грэбаныя псіхі”. Гэткую канцоўку сам аўтар называе “хэпі-эндам”.

 
   

Месца дзеяння ў рамане — Беларусь. Час — другая палова 90-х гадоў мінулага, ХХ-га, стагоддзя. Агульны заняпад. Беларусь Станкевіча — гэта краіна “ўбогіх і жабракоў”, вырадкаў з рабскай псіхалогіяй, якія не зважаюць на ўласную галечу і дэградацыю, на тое, што чужынцы захопліваюць іх тэрыторыю, а дзяцей “саджаюць на іглу”. “Усім жыць трэба, усе хочуць есці, піць анягож”, — гаворыць сусед Любы Іосіф Манюка, чыю дачку, і ён ведае пра гэта, згвалцілі юнакі-бежанцы.

Апісваючы Янаўск, Станкевіч не шкадуе чорнай фарбы: “...у многіх дамах вокны былі выбітыя і закладзеныя фанерай, а то і заткнутыя рыззём, каналізацыйныя люкі зеўралі пустатой, там-сям іржавелі паваленыя агароджы, а каля харчовых крамаў тоўпіліся брудныя мужчыны і жанчыны з азызлымі азіяцкімі тварамі ў чырвоных пражылках... <...> там-сям ляжалі, праважаючы яго [Данілу] залепленымі гноем вачыма, худыя заражоныя лішаём, бадзяжныя сабакі...”.

Кожны твор Станкевіча поўніцца гэткімі жорсткімі натуралістычнымі апісаннямі. У аповесці “Прузі” чытаем: “Купка падлеткаў віравала ля крамы. Ліневіч пачуў лаянку, нейкае няўцямнае балбатанне, воклічы, якія паўтаралі ўрыўкі рэкламных ролікаў з тэлебачання. У некаторых з падлеткаў былі ненатуральна малыя галовы ды іншыя прыкметы выраджэння. За хлебам стаяла невялікая чарга. Паліцы былі пустыя, толькі гарэлкі было розных гатункаў і шмат”. Або ў аповесці “Збіральнік страху”: “...вось ідзе насустрач чалавек, схільны да німфаманіі, а вось жанчына з цэлым наборам хвароб: тут і дыябет, і істэрыя, і будучы інсульт; вось спяшаецца, размаўляючы з сабой, мужчына з азызлым тварам хворага на посталкагольны псіхоз, а вось пенсіянер з кіёчкам, які не ведае, што дажывае апошні год, а вось шукае недапалак звычайны бадзяга, які мусіць неўзабаве сканаць дзе-небудзь у падвале, а вось бацькі з хворай спадчыннасцю прагульваюць хлопчыка-даўнёнка”.

Увесь час Станкевіч даследуе адну і тую ж тэму — лёс беларускай нацыі. І кожны раз, з маніякальнай паслядоўнасцю, ён ставіць дыягназ: выраджэнне. Беларусы не выжывуць, сцвярджае Станкевіч (“усе мы грэбаныя псіхі”, “тут усе мёртвыя”), яны хворыя, слабыя, безабаронныя, раз’яднаныя. І нават у душах ягоных дадатных герояў расчараванне і сумнеў ва ўласных сілах. Прыкладам, у рамане “Любіць ноч...” Антон Кніга, які прайшоў пекла сталінскіх лагероў і цяпер дапамагае Данілу, кажа: “У мяне ўражанне, што мы сапраўды мусім дарэмна затыкаць тую плаціну, якую ўжо прарвала, і ваду назад не вернеш, праўда, а варта, можа, толькі сябе ратаваць...”.(Ці не ўласцівыя бяссілле і няўпэўненасць самому Станкевічу, які, па ўласным прызнаньні ў “ЛіМе” 6 лістапада 1998 г., паўшоў “насуперак сабе”, калі з аглядкай на іншых зрабіў раман “па магчымасці акрэсленым, рэалістычным і аптымістычным (нават з хэпі-энд)”? Ці дапушчальныя для творцы наагул нейкія ўступкі і патуранні чужому густу?)

Неўпрыкмет для большасці насельніцтва ў нашай краіне наступіў апакаліпсіс, сцвярджае Станкевіч. Сёння не Бог жыве на Беларусі, а Д’ябал. Гэта ён, не тоячыся, робіць сваю чорную справу ў аповесці “Прузі”. Гэта пра яго шэптам кажа сантэхнік Ілля ў “Бесапатаме”: “Вы б не клікалі таго, хто даўно ўжо тут, а дзе ж яму быць, як не на зямлі, угноенай васьмюдзесяццю мільёнамі кюры?..”.


 
   

2.

“Мне, на жаль, вядомыя людзі, якія чыталі французскіх і расійскіх раманістаў, каб што-небудзь даведацца пра жыццё ў вясёлым Парыжы або сумнай Расіі”, — з іранічным “шкадаваннем” пісаў Уладзімір Набокаў. Уявім сабе чытача, які ніколі не быў у Беларусі і які спрабуе — даверлівы! — скласці ўласнае меркаванне пра нашу краіну па рамане Станкевіча. Хутчэй за ўсё яго перасмыкне ад гэткіх “чарнушных” рэалій “аднаго з самых праўдзівых і сумленных”, як піша “ЛіМ”, твораў, і ён дасць зарок трымацца падалей ад той нялюдскай, пракажонай Беларусі.

Ніхто не мае права забараніць Юр’ю Станкевічу ўспрымаць і апісваць навакольны свет так, як здольны ён і толькі ён. Мінуліся савецкія часы кантролю і рэгламентавання думак і пачуццяў. Але ж Станкевіч, які шчыра верыць у магію камянёў, перасяленне душаў, блуканні падчас медытацый па розных кутках Сусвету і шмат што іншае (пра што сведчыць яго творчасць, якая мае выразны містычны кірунак), павінен верыць і ў наступнае: мастацкімі сродкамі ён творыць уласную рэчаіснасць (назавем яе Р-2), не менш рэальную за нашу (Р-1). За існаванне Р-2 ён нясе асабістую адказнасць. Падзеі, якія адбываюцца ў кнігах Станкевіча, у Р-2, здольныя ўплываць на Р-1 і яе насельнікаў (у дадзеным выпадку, на чытачоў). Вось і Р-2 Станкевіча моцна паўплывала на чытачоў і рэцэнзентаў яго рамана “Любіць ноч — права пацукоў”. Апошнія, як відаць з іх тэкстаў, ва ўсім пагадзіліся са Станкевічам (так, выраджэнне; так, чужынцы; так, “злавесны лёс”). Іншымі словамі, яны прынялі аўтарскае бачанне беларускай рэчаіснасці, Станкевічаву мадэль Беларусі за ўласную і адзіную, зблыталі Р-2 з Р-1, забыліся, што існуюць не ў раманах Станкевіча, а кожны ў сваёй Беларусі.

Гэта вельмі дрэнная звычка — атаясамліваць “эстэтычную рэальнасць” (мастацкі твор) з той, што каляхуе-віруе за вокнамі твайго дома. Адны чытачы проста накладваюць перажыванні і думкі галоўнага героя на ўласныя, нервова сочаць за ходам падзей у творы, і калі фінал не задавальняе іх, то злосна адкідваюць кнігу са словамі “У жыцці так не бывае!” Іншым з тае ж прычыны (“нерэалістычна”, “ненатуральна”) не падабаюцца Кафка або Джойс. (Адзін расійскі літаратурны крытык узгадваў, як у той час, калі творы Булгакава толькі “пайшлі ў масы” пачуў у чарзе: “А мне Булгакаў адразу не спадабаўся, бо ў яго каты гавораць”.) Наіўныя, яны шчыра перакананыя у тым, што рэальнасць, якую стварыў аўтар, павінна поўнасцю супадаць з той, у якой існуюць яны!

Янаўск не існуе на вядомай усім нам геаграфічнай мапе Беларусі, але ён абазначаны на мапе Беларусі Станкевіча. І таму давайце разглядаць Янаўск менавіта на гэтай мапе, у межах Р-2, дзе гэты горад і яго жыхары выглядаюць цалкам рэалістычнымі.


3.

Непакоіць наступнае: ці не пойдуць заўтра тыя, хто падчас чытання раману “Любіць ноч...” атаясамліваў Р-1 і Р-2, вызваляць Беларусь ад бежанцаў, азіятаў, небеларусаў па прыкладзе Данілы Прусака? Ці не перадасца ім нянавісць Антона Кнігі да ўсіх “тутэйшых”, людзей з генетычна нізкай, калі карыстацца тэрміналогіяй герояў Станкевіча, нацыянальнай самасвядомасцю? Або ці не паўтораць яны ўслед за іншымі галоўнымі героямі Станкевіча, што ў Беларусі Д’ябал жыве, што тут “утварылася балота з паўзунамі” і час пакаваць клункі?

Станкевіч яўна правакуе сваіх чытачоў, спрыяе ўзнікненню ў іх адмоўных пачуццяў (агрэсія, нянавісць, няўпэўненасць, расчараванне, агіда, боль, безвыходнасць, роспач). Умела выкарыстоўваючы мастацкія прыёмы, ён заражвае чытача катастрафізмам. Зло ў Станкевіча, як правіла, абстрактнае, безаблічнае, з ім нельга змагацца, як і прыхадні — “выканаўцы непаразумелага... і адхіленага ў часе валявога акту” ў “Любіць ноч...”, як незлічоная, пражэрлівая саранча ў “Прузі”, як нябачная Смерць у “Бесапатаме”. Паводле Станкевіча застаецца толькі замірыцца з лёсам (“На беларусаў, слабейшых за іншыя нацыі, ідзе гон”, — кажа адзін з персанажаў “Прузі”).

Аднак мацнейшыя духам чытачы, тыя, хто ведаюць, што іхная Беларусь не ёсць Беларусяй Станкевіча, тыя, хто ўсведамляюць, што Станкевіч — стваральнік пякельна-чорнай Р-2, містык-песіміст, які адрокся ад жыццёсцвярджальнай пісьменніцкай місіі быць “прарокам і вучыцелем” роднага народу (Ластоўскі), не праглынуць атруту, згатаваную аўтарам і не падсілкуюць народжаны ім свет адмоўнай энергіяй. Яны толькі пасміхнуцца з апантанай схільнасці Станкевіча да чорнай палітры, паспачуваюць яму, загорнуць ягоную кнігу.


* * *

Адчай, безвыходнасць, расчараванне — ці не на гэтых трох кітах трымаецца мацярык беларускай літаратуры? З часоў Багрыма і Багушэвіча і да сённяшніх дзён трымаецца ў нашай літаратуры традыцыя — костка ад косткі народнай, — якая захоўвае песімістычны светапогляд. Усё той жа праклён шлюць чужынцам і “тутэйшасці”, усё пра тое ж пытаюцца ў Бога (“За што, о Божа праведны, магутны, / Караеш так няшчасны свой народ...”, Янка Купала). У савецкі час нашы пісьменнікі і паэты, каб выжыць, надзелі “ружовыя акуляры”, і радаваліся разам з усімі, і млелі ад шчасця ў прадчуванні раю зямнога, збавення... ад роспачы і зняверанасці, увабраных з малаком маткі.

Сёння страх і песімізм вярнуліся ў беларускую літаратуру. Дастаткова толькі прабегчы вачыма назвы твораў сучасных літаратараў, каб адчуць іх эмацыянальны фон — “Смута” А. Федарэнкі, “Акулы, кракадзілы, шакалы” Г. Марчука, “Дзеці ночы” А. Казловіча, “Чарнобыльская малітва” С. Алексіевіч, “Любіць ноч — права пацукоў”, “Бесапатам”, “Збіральнік страху” Ю. Станкевіча. Уладзімер Някляеў у інтэрв’ю газеце “Літаратура і мастацтва” (17 лістапада 2000 году) кажа, што працуе цяпер над творам “на тэму нашай сучаснай гісторыі” з красамоўнай назвай “Крэматорый”.

Аднак ёсць пісьменнікі, чый песімізм — светлы. Як у Васіля Быкава, чытаючы творы якога “ўзрастае прага ачышчэння” (С.Яновіч, “АRCHE-Скарына”, №8-2000). Як у светлай памяці Вячаслава Адамчыка. І гэта ўжо іншая традыцыя беларускай літаратуры.


 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (18) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 06-10-2001