A R C H E | S k a r y n a | № 4 (18) – 2001 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ВАЛЕРКА БУЛГАКАЎ | |||||
|
Валерка Булгакаў
|
галоўны рэдактар часопісe “ARCHE”, укладальнік зборніка “Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне” (“Энцыклапедыкс”, 2000). Апошняя ягоная публікацыя ў часопісе — артыкул “Эканамічны нацыяналізм супраць культурнае экспансіі” (№3/2001). |
Нацыянальная праблема на выбарах Выбарчая кампанія стала яшчэ адным сьведчаньнем таго, што незалежнасьць і дзяржаўны сувэрэнітэт для бальшыні беларусаў — катэгорыя не культурная, а палітычная, што яны зьвязваюцца з рэалізацыяй палітычных, а не культурных правоў нацыі. Тыя палітычныя сілы, якія рабілі акцэнт на рэалізацыі культурных правоў, у 90-х гадах апыналіся ў меншасьці. Акурат таму нацыянальная праблема аказалася на гэтых выбарах на другім пляне. Увага да нацыянальных сымбаляў была прытупленая як у лягеры лукашэнкаўцаў (што й ня дзіўна), так і ў лягеры дэмакратычных сілаў. Патлумачыць гэта можна прагматычным чыньнікам — сёлета галоўнае спаборніцтва паміж дзьвюма найбольш уплывовымі ў краіне палітычнымі сіламі разгарнулася за тую частку электарату, якая да апошняга не магла вызначыцца з сваім выбарам. Паводле розных падлікаў, гэтая частка складае 20—30 % ад усіх беларускіх выбарцаў. Яе аснова — расійскамоўныя, схільныя да навеяных культурнымі рэаліямі фрустрацый людзі, у якіх нацыянальныя сымбалі Беларусі так і не здабылі прызнаньня. Ігнараваньне апазыцыяй нацыянальнае праблемы было значнай перамогай лукашэнкаўцаў: барацьба ішла на іхным полі і паводле іхнага сцэнару. Сыстэма апазыцыі на выхадзе з выбараў Напярэдадні выбараў правацэнтрысцкая апазыцыя не змагла знайсьці поўнага паразуменьня з Захадам у абліччы Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску, рэгулярна разыходзячыся зь ёю ў стратэгічных і тактычных пытаньнях. Можа, заходнія назіральнікі некрытычна засвоілі спэкуляцыйныя меркаваньні менскіх расійскамоўных лібэральна настроеных інтэлектуалаў аб адчужэньні між рэальным беларускім грамадзтвам і беларускамоўнымі палітыкамі з выразна апазыцыйным і незалежніцкім іміджам? Адначасна выбары не прывялі да ўзбуйненьня беларускіх палітычных сілаў. Апазыцыя застаецца атамізаванаю, а “самотныя палітыкі” па-ранейшаму маюць, прынамсі, ня меншую палітычную вагу, чым лідэры партый. Плённа было б, каб дробныя палітычныя лідэры адракліся прыватных амбіцый і каб у Беларусі ўтварыліся некалькі супэрпартыяў, арыентаваных на розныя сацыяльныя групы, а ня ўсе прытном на патрыятычную інтэлігенцыю і сярэднюю клясу, як цяпер. Такая патрэба падаецца ўдвая пільнейшаю пасьля таго, як у пэўныя моманты перадвыбарнай гонкі партыйныя лідэры дэманстравалі больш зацікаўленасьці ў выжываньні сваіх партыйных структураў пасьля выбараў, чым у дасягненьні тактычных і стратэгічных мэтаў на гэтым этапе. Узбуйненьне палітычных структур дэмакратычных сілаў Беларусі ўсё роўна адбудзецца ў агляднай будучыні, бо ў яго аснове ляжыць ня чыйсьці асабісты валюнтарызм, а аб’ектыўны мэханізм самарэгуляцыі палітычнага рынку. Нешта падобнае назіраецца ў эканоміцы: пасьля першаснага назапашваньня капіталу сярод мірыядаў дробных-драбнюсенькіх суб’ектаў гаспадараньня крышталізуюцца эканамічныя структуры большай вагі. Наява мноства партый сьведчыць пра неразьвітасьць палітычнага рынку краіны. Выйграе той, хто першы зразумее непазьбежнасьць узбуйненьня. Новыя супэрпартыі маглі б узначаліць дэмакратычныя лідэры, якія сталі вядомыя грамадзтву дзякуючы сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі. Палітычную партыю, якая б выступала за сацыяльна арыентаваную рынкавую эканоміку, заваёўвала сымпатыі прамысловых работнікаў і службоўцаў дзяржаўнага апарату (“сацыял-дэмакратычную” ў эўрапейскай тэрміналёгіі), мог бы ачоліць фаварыт дэмсілаў Уладзімер Ганчарык або нехта зь ягонага выбарчага штабу (напрыклад, Валянціна Палевікова, якая мае досьвед партыйнага будаўніцтва). У сваю чаргу, Сямён Домаш мог бы стаць на чале партыі, якая б вызнавала кансэрватыўныя вартасьці і пры гэтым выступала за лібэралізацыю ўсіх сфэраў жыцьця нашага грамадзтва. Далейшае самаакрэсьленьне “левага” і “правага” блёку дэмакратычных сілаў, безумоўна, пазытыўны вынік выбараў. Аднак само сабою гэта ніяк ня зьменшыць цяжару праблем, якія навісьлі над беларускімі партыямі дэмакратычнай арыентацыі. Канец гэтага году можа азначыцца крызысам у БНФ (ужо цяпер сярод часткі фронтаўцаў чуюцца галасы, што буйной памылкай кіраўніцтва гэтай арганізацыі было “невылучэньне” свайго кандыдата; маўляў, калі не на гэтых, дык на наступных выбарах ён мог бы мець добрыя пэрспэктывы), а таксама ў АГП. Яе лідэры ў асобе Анатоля Лябедзькі і Аляксандра Дабравольскага цяпер як ніколі блізкія да “Рэгіянальнай Беларусі” Сямёна Домаша. Увогуле, стала відавочна, што структуры “новага трэцяга сэктару” маюць большую палітычную вагу, чым усе партыі “апазыцыйнай арыентацыі” накшталт БНФ або АГП разам узятыя. |
Чаму Ганчарык? І Ганчарык, і Домаш сваім зьяўленьнем на палітычнай сцэне былі абавязаны структурам беларускага трэцяга сэктару. Толькі Ганчарык быў кандыдатам ад “савецка-постсавецкага” трэцяга сэктару, які ў агульных рысах сфармаваўся пры канцы існаваньня СССР і адносна пасьпяхова прыстасаваўся да ўмоваў незалежнай Беларусі, а Домаш — ад “новага незалежніцкага” трэцяга сэктару, які ўзьнік пасьля лістападаўскага канстытуцыйнага перавароту 1996 г. Гэтае адрозьненьне тлумачыць і памяркоўнасьць пазыцый Ганчарыка, і большую колькасьць подпісаў у сваю падтрымку, сабраную Домашам. Новы “трэці сэктар” болей а болей робіцца рэзэрвуарам чыстай апазыцыйнасьці, бо абсарбуе людзей, якія з тых ці іншых прычын адмаўляюцца ад супрацоўніцтва зь беларускім рэжымам. З гэтым, дарэчы, зьвязана адна далекасяжная слабасьць беларускага рэжыму. Пры дэмакратычным грамадзкім ладзе кіраўніцтва дзяржавы імкнецца па магчымасьці не выключаць сацыяльна рэлевантных індывідаў з працэсу рэпрадукцыі ўсяго грамадзтва. Тым часам за сем гадоў лукашэнкаўскага кіраваньня тысячы адукаваных, ахвотных працаваць для дабра дзяржавы кадраў аказалася папросту лішнімі для сфармаванай канструкцыі ўлады. Большая частка іх, ня маючы іншага выйсьця, знайшла прытулак у інстытуцыях “новага трэцяга сэктару”. У сваю чаргу, адток “палітычна нядобранадзейных” ува ўстановы “новага трэцяга сэктару” не вястуе нічога добрага і тым структурам, якія пэрсаніфікуе Ўладзімер Ганчарык. Будучы за савецкім часам зародкамі грамадзянскай супольнасьці пры аўтарытарнай палітычнай сыстэме, яны не далі рады ажыцьцявіць глыбокую аўтатрансфармацыю за дзесяць гадоў беларускай незалежнасьці. Таму яны ў многіх праявах функцыянуюць не як рэальныя, а як сымбалічныя сацыяльныя інстытуты. Парадаксальна, але з гледзішча пэрспэктывы перамога лукашэнкаўскага рэжыму над прафсаюзнай імпэрыяй Ганчарыка будзе азначаць не падрыў жыцьцядзейнасьці дэмакратычных сілаў, а хутчэй прымусовую санацыю дэмакратычнага лягеру ад яго нежыцьцяздольных структурных элемэнтаў2. 2 Санацыя, або чыстка палітычнага поля ад яго нежыцьцяздольных суб’ектаў, таксама ў прынцыпе ёсьць пазытыўным наступствам сёлетніх выбараў. Пры гэтым асабісты палітычны лёс Уладзімера Ганчарыка можа скласьціся інакш, чым у Міхаіла Чыгіра або Зянона Пазьняка. Бо апошнім толькі цуд дапаможа застацца на першых ролях на беларускай палітычнай сцэне. У сваю чаргу, зьняцьцё Сямёна Домаша зь перадвыбарнай гонкі ў пэўнай ступені вывела з-пад удару структуры “новага трэцяга сэктару”, які дагэтуль знаходзіцца ў фазе станаўленьня і ня быў цалкам гатовы да змаганьня. Выбар кандыдатуры Ўладзімера Ганчарыка ў якасьці адзінага кандыдата ад апазыцыі можна тлумачыць меркаваньнямі ня толькі “перадвыбарнага”, але і “пасьлявыбарнага” характару. Можна зь вялікай доляй пэўнасьці сьцьвярджаць, што пасьля перамогі беларускі рэжым захоча паквітацца зь “мяцежнай” Фэдэрацыяй прафсаюзаў беларускай і яе вышэйшым кіраўніцтвам. Але інстытуцыянальны канфлікт паміж дзяржапаратам і інтэгральным элемэнтам грамадзянскай супольнасьці, якім зьяўляюцца прафсаюзы, не абяцае быць лёгкім, а перамога лукашэнкаўцаў — беззасьцярожнай. У кожным разе, пры такім сцэнары разьвіцьця падзеяў адказнасьць за дэстабілізацыю палітычнай сытуацыі ў Беларусі ўскладзецца на рэжым. Гайдукевіч Постаць гэтага “кандыдата ад трэцяй сілы” найбольш яскрава сьведчыць пра наяўны ва ўладаў патэнцыял для маніпуляцыі грамадзкай думкай. Былі ў абозе Лукашэнкі і іншыя псэўдакандыдаты, якіх адсеялі па дарозе. Гайдукевіч жа, за якім, паводле чутак, стаіць шэры бізнэс і крыміналізаваныя структуры, дайшоў да выбараў, каб аказаць пасільную падтрымку Лукашэнку на апошнім этапе кампаніі. Ні Машэрава, ні Сініцын, ні Марыніч такога посьпеху дабіцца ня здолелі. А Гайдукевіч дабіўся, бо зьяўленьне яго прозьвішча ў выбарчых бюлетэнях выглядала найбольш праўдападобна. Фактычна, вынікі збору подпісаў за кандыдатаў паказалі, што ў краіне маюцца чатыры рэальныя палітычныя сілы. Тры зь іх досыць стабільныя: посткаляніяльны адміністрацыйна-гаспадарчы апарат, стаўленік кланаў якога — Лукашэнка (395 тыс. подпісаў), незалежнае беларускае грамадзтва (Домаш, 161 тыс. подпісаў), шэры бізнэс, цесна зьвязаны з карумпаванай часткай дзяржаўнага апарату (Гайдукевіч, 136 тыс. подпісаў). Чацьвертая ж — гэта ўтвораны бягучай каньюнктурай хісткаваты альянс расчараванай у палітыцы Лукашэнкі намэнклятуры, прыватнага бізнэсу, “старога трэцяга сэктару”, а таксама той часткі дзяржаўных службоўцаў, інтарэсы якіх палітыка Лукашэнкі ставіла пад пагрозу. Уладзімер Ганчарык сабраў 123 тыс., але цяжка прадказаць доўгатрываласьць гэтага палітычнага хаўрусу. У той жа час пэрспэктывы росту палітычнае вагі незалежнага беларускага грамадзтва, і Домаша як палітыка ў прыватнасьці, залежаць ад таго, наколькі чуйна змогуць яны працаваць з падмуркамі гэтае чацьвертае сілы. Наяўнасьць сярод гэтых чатырох сілаў “шэрага бізнэсу” ня можа не трывожыць, асабліва напярэдадні непазьбежнае лібэралізацыі эканомікі, прыватызацыі часткі дзяржаўнае ўласнасьці і агрэсіўнага напору расійскага капіталу. |
Мабілізацыйная кампанія Галоўная мэта сёлетняй мабілізацыйнай кампаніі дэмсілаў палягала ня столькі ў вывадзе беларускіх выбарцаў на ўчасткі — яны і без таго дэманстравалі высокую ступень гатоўнасьці ўзяць удзел у вырашэньні лёсу краіны, колькі ў дэманстрацыі схаванага патэнцыялу дэмакратычных арганізацый (неправамерна ставіць пытаньне, адлюстравала мабілізацыйная кампанія разьвітасьць ці неразьвітасьць палітычнай культуры лідэраў і шараговых прыхільнікаў апазыцыйнага руху). Мабілізацыйная кампанія была абмежаванаю і не вылучала перад сабой колькі-небудзь прэтэнцыёзных заданьняў. Стаўка, як пры савецкай ваенізаванай юнацкай гульні “Зарніца”, была зроблена перадусім на гульнёвыя віды дзейнасьці — расклейку налепак і ўлётак, выраб і нашэньне маечак з нанесенымі на іх дэмакратычнымі заклікамі, лякальныя паводле сацыяльнага рэзанансу і колькасьці ўдзельнікаў акцыі грамадзкага непадпарадкаваньня, пэрформансы і канцэрты, прабегі на роварах, паходы і падарожжы на платох. Наша апазыцыя маладая, што й гаварыць!.. Такі характар мабілізацыйнай кампаніі сьведчыць і пра тое, што стратэгі дэмакратычных сілаў, шмат высілкаў паклаўшы на стварэньне беларускага рэжыму іміджу “жорсткай пэрсаналісцкай дыктатурай”, нарэшце самі паверылі ў гэта. Акцэнт на кантактнай працы з выбарцамі не рабіўся. Пазытыўны вынік мабілізацыйнае кампаніі — выяўленьне новых імёнаў, уцягненьне новых людзей у палітычную барацьбу. Асноўнае адрозьненьне мабілізацыйнай кампаніі беларускіх дэмсілаў ад яе клясычных першаўзораў палягае ў тым, што звычайна да яе рэалізацыі прыцягваюцца сілы, якія маюць пазытыўнае сацыяльнае аблічча, тады як у Беларусі гэтая кампанія праводзілася рэсурсам апазыцыйных асяродкаў (перш за ўсё маладзёвых), характар дзейнасьці якіх у варунках беларускага палітычнага рэжыму, як правіла, малавядомы ўсяму беларускаму грамадзтву, а калі і вядомы, дык перадусім у тэндэнцыйным асьвятленьні дзяржаўных СМІ. У выніку кампанія займела ў вачох некаторых беларусаў вобраз маштабнай апазыцыйнай акцыі, якая спрыяе канфрантацыі, а не кансалідацыі грамадзтва. Гэта не магло не адбіцца нэгатыўна на папулярнасьці апазыцыйнага кандыдата. У любым разе за пяць гадоў грамадзтва падыдзе да новых выбараў з істотна лепшым досьведам падрыхтоўкі і да мабілізацыйнай кампаніі, і да назіраньня за выбарамі. Лукашэнка і лукашэнкаўцы Актыўна выкарыстоўваючы савецкі сымбалічны капітал цягам сваёй першай кадэнцыі, Лукашэнка сам падсёк сук, на якім сядзіць. Нельга не канстатаваць, што пасьля такога частага ўжываньня-злоўжываньня Лукашэнкам і лукашэнкаўцамі ўкарэненыя савецкія міты ў масавай сьвядомасьці губляюць сваю прыцягальную сілу, а агрэсіўна-ксэнафобская рыторыка не знаходзіць былога пачуцьцёвага водгуку. Атаесамленьне сучасных адраджэнцаў зь нямецкімі паліцаямі-халуямі, а дэмакратычных лідэраў з прадажнымі юдамі паціху становіцца знакам благога густу. Дзякуючы гэтаму дэфіцыту выяўленчых сродкаў на працягу наступных пяцёх гадоў мы напэўна станем сьведкамі асваеньня Лукашэнкам і яго кадрамі новых тэматычных гарызонтаў. Хоцькі-няхоцькі яму ўсё часьцей давядзецца зьвяртацца да фігуры незалежнай Беларусі, яе нацыянальных і геапалітычных інтарэсаў. Савецкая міталёгія губляе вартасьць на беларускім палітычным рынку. Адчуваючы дэвальвацыю гэтай вартасьці, Лукашэнка ўжо ў сваёй цяперашняй перадвыбарнай праграме паабяцаў маштабную эканамічную лібэралізацыю (чаго варты толькі пасаж “колькасьць ліцэнзаваных відаў дзейнасьці будзе скарочана да 10—12”), згортваньне кантрольнага апарату дзяржавы. Дарэчы, адным зь нешматлікіх аб’ектыўных дасягненьняў лукашэнкаўскай сямігодкі трэба прызнаць узмацненьне гэтай кантралюючай функцыі дзяржавы. З пункту гледжаньня простага беларуса крызыс беларускай дзяржавы адразу пасьля набыцьця незалежнасьці тлумачыўся ня тым, што яна была недастаткова беларуская. Для звычайных людзей ён меў два вымеры — першы заключаўся ў рэзкім зьмяншэньні яе адміністрацыйнай эфэктыўнасьці, другі датычыў слабасьці яе кантралюючага патэнцыялу. Адміністрацыйнай эфэктыўнасьці пры недэмакратычным, аўтарытарным дзяржаўным ладзе дасягчы ў прынцыпе немагчыма, тымчасам як пазытыўныя зрухі ўва ўзмацненьні кантралюючай функцыі дзяржавы навідавоку і сустракаюць пазытыўны сацыяльны водгук. Можна будзе толькі пашкадаваць, калі беларуская дзяржава паддасца націску сілаў карупцыі і аслабіць увагу да сваіх кантралюючых функцыяў. На самым конадні выбараў Лукашэнка даслаў “Вітаньне дэлегатам афіцэрскага сходу ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусі”, у якім неаднакроць падкрэсьліў непарушнасьць нацыянальнае незалежнасьці: “Рэспубліка Беларусь была, ёсьць і будзе сувэрэннай, незалежнай эўрапейскай дзяржавай... Нашы ўзброеныя сілы ёсьць вытварам беларускага народу і яго нацыянальнай гордасьцю” 3. 3 Правядзеньне перад выбарамі найбольшых у гісторыі Беларусі вайсковых вучэньняў “Нёман-2001”, падчас якіх “чырвоныя” пад асабістым кіраўніцтвам Лукашэнкі перамаглі “сініх”, а заразом зьнішчылі 79 умоўных самалётаў і 13 умоўных крылатых ракет праціўніка, таксама мела незалежніцкі падтэкст, бо ў іх дэманстратыўна ўзялі ўдзел толькі часткі беларускага войска, у адсутнасьць “саюзных” расійскіх. Больш за тое, дзяржаўныя СМІ дружна разрэклямавалі факт, што супрацьпаветраныя комплексы, ужытыя падчас вучэньняў, былі ня толькі выраблены, але і распрацаваныя ў Беларусі. Фактычна, ужо цяпер беларускі прэзыдэнт узяў на ўзбраеньне рыторыку нацыянальна-дэмакратычных сілаў, якой тыя паслугоўваліся ў пэрыяд набыцьця Беларусяй незалежнасьці. Тую самую рыторыку ў характэрнай для яго абсурднай манеры падхапіла постчыкінскае БТ. У. Ганчарык быў ім абвінавачаны ў “заігрываньні з Расіяй”, што нібыта нясе пагрозу нацыянальнай незалежнасьці. Вядома, гэткая рыторыка мела на мэце найперш узбудзіць недавер да Ў. Ганчарыка з боку нацыянал-дэмакратычнага электарату, але яна ёсьць паказальнаю і з гледзішча разрастаньня незалежніцкага дыскурсу. Трэба чакаць, што цягам найбліжэйшых гадоў тэма беларуска-расійскай інтэграцыі будзе з фактару вонкавай палітыкі Беларусі больш а больш ператварацца ў фактар унутранай палітыкі. Ужо цяпер яна адкрыта выкарыстоўваецца для мабілізацыі прыхільнікаў сёньняшняга палітычнага курсу ў патрэбны палітычны момант. Выбары таксама паказалі, што дэмакратычныя сілы недаацэньваюць інтэлектуальны патэнцыял лукашэнкаўцаў. Нягледзячы на выкрыцьці ў справах зьніклых (забітых?) палітыкаў і прадпрымальнікаў, мэдыйныя скандалы з удзелам перакінчыкаў з лукашэнкаўскага лягеру, цягам перадвыбарнага маратону ўвесь час складалася ўражаньне, што дэмакраты так ня здолелі перахапіць у лукашэнкаўцаў ініцыятыву. Тым удавалася ўсё задуманае — дабіцца нэўтралітэту новапаўсталых бізнэс-элітаў, заручыцца падтрымкай Расіі і іншых краінаў СНД, разрэклямаваць у СМІ эканамічны ўздым, укідваньнем тузіну псэўдакандыдатаў зьбіць з панталыку незалежныя СМІ, адных падкупіць, другіх падмануць. Карацей, усё, што ўдалося пару гадоў раней іхным расійскім, украінскім, казахскім калегам. Недаацэнка “мазгавога цэнтру” лукашэнкаўцаў, што пад уплывам нацыяналізуючага менскага асяродзьдзя дасягнуў значнай самастойнасьці ў прыняцьці рашэньняў, а значыць і здольнасьці адэкватна рэагаваць на выклікі часу і непаўторныя рэаліі постсавецкай Беларусі, сьведчыць пра завышаную самаацэнку шмат якіх лідэраў дэмсілаў і адсутнасьць у іх рэальнага ўяўленьня пра цяперашні дзяржаўны апарат. Ягонае функцыянаваньне падчас перадвыбарнай кампаніі паказала моц бюракратычнае сыстэмы, умацаванае Лукашэнкам. |
Нацыяналізуючы ўплыў менскага асяродзьдзя Лукашэнка ўзору 2001 году — гэта не Лукашэнка ўзору году 1994-га. Менскае асяродзьдзе, у якім ён круціцца вось ужо дзесяць гадоў, моцна на яго паўплывала. Новая беларуская ідэнтычнасьць і яе крэольскія дэфармацыі ў сталіцы ўмацаваліся непараўнальна лепш, чым ува ўсходніх рэгіёнах краіны. Стойкі лукашэнкаўскі электарат — гэта крэалізаваная частка беларускага грамадзтва. Выбары пацьвердзілі статус Лукашэнкі як прэзыдэнта ўсіх беларускіх крэолаў. У беларускім кантэксьце з крэоламі ня варта атаясамліваць толькі этнічных беларусаў, якія дагэтуль не набылі акрэсьленай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Трэба падысьці шырэй: крэолы — носьбіты ідэнтычнасьці, сфармаванай яшчэ за часоў данацыянальнага грамадзтва. Юры Сівакоў, Урал Латыпаў і Аляксандар Лукашэнка ў гэтым сэнсе мала розьняцца. Расійска- і піджынамоўныя крэолы з пашпартамі грамадзян Рэспублікі Беларусі непазьбежна ўтвараюць асноўны рэсурс для рэпрадукцыі палітычнага рэжыму, створанага Лукашэнкам. Дзякуючы сваёй культурнай непаўнавартасьці і выніку гэтага — псыхалягічнай няўстойлівасьці, яны асабліва чуйныя на ідэалягічную індактрынацыю і іншыя маніпуляцыі з палітычнымі мэтамі. Толькі крэолы могуць забясьпечыць стварэньне такой канструкцыі ўлады, якая магла б утрымацца адносна вялікі гістарычны прамежак часу, дасягненьне “пераемнасьці ўлады”, пра што так марыць Лукашэнка. Лукашэнкаўскія рэфэрэндумы 1995 і 1996 гг., апрача тымчасовых палітычных эфэктаў, зьнялі ўсе абмежаваньні з рэпрадукцыі крэолаў у маштабе ўсяго грамадзтва, ператварыўшы тым самым гэтую рэпрадукцыю ў адну з найважнейшых мэтаў дзяржаўнай палітыкі4. 4 На працягу ўсёй сваёй прэзыдэнтуры Лукашэнка ў сваёй актыўнасьці рэгулярна выходзіў за рамкі бягучай неабходнасьці, г. зн. зьдзяйсьняў учынкі і праводзіў захады, якія немагчыма было патлумачыць простай палітычнай мэтазгоднасьцю — тыя самыя рэфэрэндумы. Гэтым Лукашэнка даваў знак беларускаму грамадзтву, што ён не зьвязаны нейкімі палітычнымі канвэнцыямі, а жывіцца запатрабаваньнямі шараговага беларускага выбарца. Сваім гіпэрбалізаваным палітычным валюнтарызмам Лукашэнка таксама ўсяляк падкрэсьліваў незапраграмаванасьць сваёй перамогі над Кебічам на першых прэзыдэнцкіх выбарах і дыстанцыю, якая адасабляе яго ад палітыкаў і стылю кіраваньня “кебічаўскай” школы. Зьнішчэньне амаль усіх прарасійскіх структур і выданьняў, якія вызнавалі прынцып дыяспарнасьці (сучасны разнавід імпэрскай дактрыны пра трыадзіны расійскі народ), падчас курыраванай Уладзімерам Замяталіным перарэгістрацыі партый і грамадзкіх аб’яднаньняў, выглядае яшчэ адной шматзначнай праявай гэтай палітыкі. Крэольская маса — ня столькі пагроза для дзяржаўнасьці Беларусі, чаго так баялася нацыянальная інтэлігенцыя, колькі зарука стабільнасьці і непарушнасьці аўтарытарызму. Вядома, расійска-беларуская інтэграцыя для беларускіх крэолаў мае сымбалічнае значэньне. Яна забясьпечвае ім пазытыўны эмацыянальны тонус, стварае ілюзію супадзеньня іх пэрсанальных і дзяржаўных інтарэсаў. Для задавальненьня гэтай ілюзіі і сам Лукашэнка працягвае трымаць у сваім атачэньні жменьку цьвердалобых русафілаў, такі сабе доказ прарасійскасьці палітычнага курсу беларускага рэжыму. Але пры гэтым сам Лукашэнка выдатна разумее: адчужэньне Беларусі і Расіі будзе нарастаць у меру ўмацаваньня новай расійскай нацыянальнай ідэнтычнасьці ці, прынамсі, новай ідэнтычнасьці грамадзянаў Расійскай Фэдэрацыі. Як аўтарытарная дзяржава, Беларусь няздольная да інтэграцыі. Утварэньне стабільных супольных структур магчымае толькі пры дэмакратычным ладзе і на дэмакратычным грунце. Інтэграцыя ў рамках Эўразьвязу гэтаму прыклад. Аўтарытарная ж дзяржава выкарыстоўвае інтэграцыю для ўмацаваньня рэжыму, здабыцьця дадатковых рэсурсаў для ўнутранай кансалідацыі. Крэолы не пагроза незалежнасьці найперш таму, што яны палітычна бязвольныя і імі лёгка маніпуляваць. З тае ж прычыны яны не нясуць пагрозы анахранічнаму палітычнаму рэжыму і ягонаму эксцэнтрычнаму кіраўніку. |
У чаканьні культурнай рэвалюцыі Выбары выразна давялі, што Лукашэнка мае найслабейшыя пазыцыі ня там, дзе меркаваны “расійскі дэмакратызуючы ўплыў” наймацнейшы, а там, дзе найлепш захаваліся беларуская культура і каталіцкі антыімпэрскі этас. Пра гэта бясспрэчна сьведчаць зьвесткі маштабнага сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага ў cярэдзіне лета амэрыканскім International Republican Institute. Падтрымка Лукашэнкі ў рэгіёнах
Найменш давяралі Лукашэнку на Гарадзеншчыне (40 %). Мяркуючы па ўсім, роўна такі ж нізкі паказчык падтрымкі ён меў у заходніх — беларускамоўных і/або каталіцкіх — раёнах Меншчыны й Віцебшчыны. Найбольшым жа даверам ён цешыўся не на радзімай Магілёўшчыне (52 %), а на патрыярхальнай Гомельшчыне і дээтнізаванай Берасьцейшчыне (67 %). На Гомельшчыне, як вядома, дакапіталістычныя формы аграрнай вытворчасьці пратрымалася найдаўжэй, а каталіцкі элемэнт, які распаўсюджваўся ў Беларусі з паўночнага захаду, найслабейшы. А на Берасьцейшчыне этнічна ўкраінскі элемэнт яшчэ да канца не ператварыўся ў беларускую нацыю, а пазыцыі праваслаўя выключна моцныя. Вось жа, Лукашэнка найбольш папулярны там, куды мадэрнізацыя, а зь ёй і беларуская нацыянальная ідэя прыйшлі найпазьней — пасьля другой сусьветнай вайны (тады як на Віленшчыну, Гарадзеншчыну, Меншчыну — яшчэ на зломе ХІХ і ХХ стагодзьдзяў). Цікава і тое, што Берасьце і Гомель на пачатку XX ст. былі проста павятовымі цэнтрамі Магілёўскай і Гарадзенскай губэрняў. За гады незалежнай Беларусі не адбылося значнага, відавочнага для ўсіх павелічэньня колькасьці людзей беларускае культуры. Вось галоўны гандыкап апазыцыі ў кампаніі 2001 году. Сёлетнія выбары ператварыліся ў своеасаблівы рымэйк сытуацыі 1994 году5. 5 У зьвязцы Домаш—Ганчарык першы меў настолькі ж большыя шанцы, як у Пазьняк—Шушкевіч — Пазьняк, і настолькі ж недастатковыя для перамогі. Гэта паказвае, наколькі мала зьмянілася грамадзтва за сем гадоў. Зрэшты, ці магло быць інакш у адсутнасьць эканамічных і культурных рэформаў? Дзяржаўная палітыка рэпрадукцыі крэолаў нясе спаважны выклік для людзей беларускай культуры. Бо рэпрадукцыі людзей беларускай культуры ў маштабе ўсяго грамадзтва ў цэлым і паўночна-заходняе Беларусі ў прыватнасьці замінае між іншым і характар нашай нацыянальнай традыцыі. Уся гісторыя беларусаў у XX ст. збольшага зводзіцца да рэпрадукцыі нацыянальных элітаў як зарукі існаваньня нацыі. У сёньняшніх варунках нацыянальныя эліты нарэшце дабіліся патрэбнай самадастатковасьці, але нацыянальная энэргія ў выглядзе інфармацыйных, культурных, літаратурных і інш. ініцыятываў і праектаў па-ранейшаму скіраваная на іх рэпрадукцыю. Таму на парадку дня з надзвычайнай вастрынёй устае пытаньне пра стварэньне нацыянальнымі элітамі нацыянальных масаў. Безь іх умацаваньня беларускі нацыяналізм будзе захоўваць імідж кабінэтнага праекту. Стварыць аўтарытэты, прызнаныя ўсім грамадзтвам, здольная культура. Прыгадваецца, што ў Польшчы часоў ваеннага стану падпольна выйшлі пару тысяч кніг. Вялікая колькасьць польскіх артыстаў, мастакоў, вядомых людзей байкатавала польскае тэлебачаньне, нават ягоныя культурныя праграмы. Стваралася альтэрнатыўная гуманістыка, шырыліся падпольныя пэрыёдыкі, ішла адукацыйная праца. Беларускі аўтарытарызм не разбурыць без аналягічнай арганічнае дзейнасьці. Духоўны падмурак будучых палітычных зьменаў мусіць закладацца ўжо сягоньня. Балазе незалежнае грамадзтва самаадданым змаганьнем за захаваньне свабодаў у краіне адваявала прастору свабоднае дзейнасьці, прынамсі, ня меншую, чым мелі ў сацыялістычнай Польшчы касьцёл і грамадзкія ініцыятывы. Стратэгічнай мэтай дэмакратычных сілаў бачыцца ня толькі разбурэньне лукашэнкаўскага рэжыму — гэтае можа зрабіць і няўмольны час, але і забесьпячэньне незваротнасьці працэсаў дэмакратызацыі нашага грамадзтва. Апошняе немагчымае безь пераводу крэалізаванай грамады з расійскай культуры ў беларускую. Без уліку гэтага змаганьне з Лукашэнкам будзе змаганьнем Дон-Кіхота зь ветракамі. Дый палітычныя перамены зробяцца непазьбежнымі з нарошчваньнем нацыянальных сілаў. Пакуль жа пад незалежнасьцю будзе разумецца толькі палітычны сувэрэнітэт без эканамічнай і культурнай незалежнасьці, Беларусь застанецца ў цяперашнім паўвасальным стане. Між тым гістарычная сытуацыя і геапалітычны расклад сілаў даюць шанец на тое, каб трэція прэзыдэнцкія выбары сталіся выбарамі першага прэзыдэнта беларусаў, а не крэолаў.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (18) – 2001 |
|
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |