A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (21) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
СЛАВАМІР АДАМОВІЧ | |||||
|
Славамір Адамовіч |
(нар. 1962) — паэт-“правакатар”, стваральнік палітычнага пэрформансу — арганізацыі “Правы рэванш”. Першы палітычны вязень рэжыму Лукашэнкі, які 10 месяцаў (1996) правёў у турме за верш “Забі прэзыдэнта”. У большасьці сваіх твораў Адамовіч выступае як тонкі лірык і мэтафарыст; асноўныя тэмы вершаў — каханьне, вайна, Бацькаўшчына; характар паэзіі экспрэсіўны, напорысты і адначасова прадметны, рэалістычны; проза лірычная, часта правакацыйная. У 1997 годзе на мітынгу ў абарону свабоды слова ў знак пратэсту супраць палітыкі ўладаў публічна зашыў сабе рот. Апошнія кнігі Славаміра Адамовіча — “Турэмны дзёньнік” (у самвыдаце, 2001), “Плавільшчыкі расы” (“Наша Ніва”, 1999). Урывак зь ягонага турэмнага дзёньніка друкаваўся ў “ARCHE” № 4-1999. Ягоны “Амэрыканскі дзёньнік” друкуецца са скаротамі, у часопісным варыянце. |
Сустрэлі свае — Валя з нашым сьцягам у руках ды Камінскі на машыне. Начую пакуль што ў Валі, якая жыве ў царкве на другім паверсе. Утульна, ёсьць усё неабходнае для жыцьця. Першая “навіна”: вада ва ўнітазе “стаіць”. Такая, бачыш, традыцыя. Гартаю так званую “рускую” прэсу. Пісьменьніка Лімонава ўзгадваю. На кватэру, магчыма, і зараблю. Час пакажа. Буду за любую работу брацца, каб толькі аплатную, бо, калі прыеду з грашыма, ніхто ня будзе пытацца, як я іх здабыў. Хай пакуль там паваююць безь мяне. Некаторым “беларускім палітыкам” ды нацыяналістам-кніжнікам варта панюхаць, чым пахне турэмная камэра. Ейны “водар” усім прачышчае мазгі. Тут ужо дзьмухаўцы цьвітуць. Мёд адносна танны. Валя ўжывае яго замест цукру. Яшчэ тут скрозь і паўсюль аўтамабілі, хасыды і мурыны. 4 красавіка (аўторак). Дзесьці ў Менску ідуць суды над удзельнікамі акцыі 25-га. У нас у Квінзе дожджык, халаднавата. Позьні вечар, 23:35. Начую ў Веры й Франціша. Днём Франціш забраў мяне з царквы да сябе ў прыгарад Манхасэт, дзе ў яго добры такі дамок. Без агароджы, дзьве машыны ў гаражы, катэрок на вуліцы. Нажыў чалавек дабра за жыцьцё. Яшчэ мае дачку й сына. Ішоў дождж. Гаварылі пра рознае. 5 красавіка (серада). 9:00 раніцы, мушу ўстаць: ня сьпіцца. І нешта з арганізмам, прыкладна як у самалёце. Нешта быццам гудзе ў жылах, у галаве. Кажуць, гэта ад перападу ціску. Атлянтычны акіян дыхае. Па абедзе. Першая работа: лазіў па страсе дому, чысьціў вадасьцёкавыя рышткі. Угрэўся, хоць вецер халодны. Як бы гэта добра было — завяршыць сваё існаваньне ў такім доме. Сваім доме, “прыдбаць свой кут”, як сказаў клясык. 6 красавіка (чацьвер). Да абеду езьдзілі па крамах. Вера набыла мне куртку, два лёгкія швэдры, падушку, прасьцірадлы й коўдру. Валера, былы работнік гомельскага ювэлірнага, кажа, што могуць узяць на працу ў адну тутэйшую ювэлірную фірмачку. Трэба толькі падвучыцца абыходку са спэцінструмэнтам. У тутэйшых беларусаў лёгкія закалоты: абіраюць старшыню нью-ёрскага аддзелу Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня (БАЗ). Вавёркі тут нейкія сівыя. Уяўляеш, жыў бы я тут і мусіў бы пісаць: “Не сьпяшай, мая шэрая векша…”. Але, дзякуй богу, кожны жыве на сваім месцы. Сёньня на сьняданак два яйкі сырыя, кава, хлеб, сыр. Каву тут п’юць пераважна з малаком. Манхасэт — раён багатых. Але жывуць у гэтых раскошных асабняках больш пэнсіянэры. Дзеці, унукі — асобна. Традыцыі тут такія. Гаспадары пайшлі перасыпаць падушкі. Сонца. 7 красавіка (пятніца). Дзіўна і прыемна: чорт ведае дзе за сьветам знаходзіш блізкіх па крыві людзей, з паўслова разумееш іх, як і яны цябе, урэшце, на адной мове зь імі гаворыш. Вялікая гэта раскоша — пагаварыць са сваімі. Да такога і ў Менску цяжка дабіцца: там альбо на ссучаны “палітыка” нарвешся, альбо алькаголік “на бутэлечку” канькае, альбо “пісьменьнікі”, як зь іншай плянэты зваліўшыся… І ўвогуле, у Беларусі жыў са сталым жаданьнем даць каму-небудзь па фізіяноміі. Паглядзім, як яно будзе ў “сталіцы сьвету” Нью-Ёрку. Валера казаў, што возьме на работу ў ювэлірку. Будзем спрабаваць. Птушкі ціўкаюць па-вясеньняму. Зь Верай вучу ангельскую. Настаўніца мая кажа, што маю добрае вымаўленьне. Днём сёньня мылі, а потым вашчылі гаспадароў “мэрсэдэс”. Што чакае наперадзе, тое невядома. Трэба думаць, што зусім бяз грошай ня вернемся. Урваць бы працу ды пачаць вярнуць валуны работы! Амерыка — хоць празь “е” пішы, 8 красавіка (субота). Франціш кажа, што ў любы момант магу падаць на палітычны прытулак. Учора Веры званілі амэрыканцы, пыталіся, ці мае наша дыяспара кандыдатуру на перакладчыка, які валодаў бы беларускай і ангельскай мовамі. Спаў я гэтыя дні ў бэйсмэнце — цокальным паверсе Францішовага дому. Тут усе дамы з такімі падваламі. Манхасэт забудаваны толькі двухпавярховымі будынкамі. Вышэй у неба лезьці не дазваляе архітэктурны плян. Ёсьць, праўда, аднапавярховыя хаткі, зусім як нашыя. Работа мая мае быць у Мангэтане, так што ёсьць шанец разгледзець гэты “цуд сьвету”. А ўвогуле адчуваньне такое, як першыя дні ў турме: невядомасьць. Хоць сабе й сярод сваіх. 9 красавіка (нядзеля). У Фундацыі Крачэўскага, дзе і буду жыць надалей. 8-га вечарам меў прамову перад зборкай тутэйшых. Навум хацеў падбіць Станкевічанку, каб узяла мяне на кватэру, але ж у яе два каты, то яна пакуль ня можа. У Фундацыі нас пакуль утрох. Сьпім на матрацах. Як-небудзь. Дзень. Надвор’е рэзка зьмянілася: вецер і мокры сьнег. Чакаю шафёра, мусілі паехаць на “экскурсію”. 10 красавіка (панядзелак). Ноч. Учора быў у гасьцёх у барда Алена і Якуніна Ігара, якія жывуць у беларускай праваслаўнай царкве на Атлянтык-авэню. Васілеўскі даваў вячэру ў нейкім лацінаамэрыканскім рэстаране на Рузвэльта. Гаварылі пра справы дыяспары. Раніца. Дзявятая. Аматары фізкультуры бегаюць адзін за адным па Gothic Drive. Мае суседзі патупалі на работу. Бачу зводдаль Фундацыі двух палісмэнаў у цёмна-сіняй форме. Трэба займацца ангельскай. Учора ў рэстаране аблізваўся ня столькі на ежу, колькі на апэтытную лаціначку.
|
Работа бывае ўсякая, малады чалавек, акрамя прыстойнай. Джон Дос Пасас, “Мангэтан” 11 красавіка (аўторак). Першы дзень работы. Усю ноч прачынаўся, каб не праспаць. Не праспаў, але не туды зайшоў — у дом № 355 на 14-й вуліцы. Паўтары гадзіны хадзіў кругамі, пакуль не напароўся на Ігара, які выйшаў па каву. Ён і давёў мяне да майго месца працы. З босам — палякам Славэкам — сышліся на 7 далярах за гадзіну. У выхадныя магу хадзіць на работу, а магу й адпачываць. Але ў мае гады і ў маім статусе тут думаюць не пра адпачынак, а з раніцы да вечара — пра работу. Маё месца працы: Нью-Ёрк, Мангэтан, 16-я вуліца, дом № 335, пяць паверхаў плюс бэйсмэнт і дах, якія кожны дзень я мушу падмятаць, вымятаць, замятаць… Разьлік з босам гатоўкай у канцы тыдня. Так павінна быць паводле вуснай дамовы. 14 красавіка (пятніца). Ужо чатыры дні адрабіў па дзесяць гадзін да дзясятага поту. Пыл, цэмэнт, сажа пачатку стагодзьдзя. Мудохаю, бо ў канцы тунэлю сьвецяць грошы. Грошы, якія могуць умацаваць маю свабоду там, на Радзіме. 16-га (нядзеля). Учора позна вечарам з Валікам ды Васілём глядзелі на відэа фільм “Чэкіст”. Выбухлі эмоцыі, пачалі мы спрачацца. Выглядае, што Васіль наш — мужычок яшчэ той, кручаны. Правакуе суразмоўцу на спрэчку. 19 красавіка (серада). Позьні вечар. Палякі сьвяткуюць Вялікдзень нявыхадам на працу ў нядзелю й панядзелак. У суботу — рабочы дзень скарочаны. Цяжка, ледзь жывы вяртаюся з будоўлі. Кашляю, наглытаўшыся пылу. У мінулую нядзелю праводзілі на Радзіму сьпевака Алена. 22 красавіка (субота). Вялікдзень. Устаў а 6-й і пабег на працу. Пішу ў сабвэі (так завецца амэрыканскае мэтро), чакаючы трэйну (цягніка) на Мангэтан. Сьнілася ноччу братва ў кавярні і плюгавы мент, які хацеў мяне забраць. Атрымаў першую зарплату — 288 паўночнаамэрыканскіх даляраў. Бос вылічыў 55 за пояс, малаток ды мэталёвы мэтар. Дарагавата, дый на халеру мне малаток, калі я падмятаю! Прыехаў шэф БАЗу — Антон Шукелойць, за рулём Станкевічанка. Павезьлі мяне ў Мангэтан. Абедалі ў славяна-польскім рэстаранчыку “Алеся”. Я выпіў пінту пльзенскага і пераключыў сябе з рабочага на філязофскі настрой. N.Y. — горад сьмецьця й сажы. Інакш і ня можа быць у мэгаполісе. Разам з тым, ён чысты, бо, каб выжыць, ён павінен быць чыстым. На Мангэтане за хмарачосамі неба не відаць. Рая ўсю дарогу перапыняла маналёг Антона; паркуючыся, уехала левым бокам у чужую машыну. Па дарозе назад пры павароце ўправа нешта пачало рыпець. Толькі каля Фундацыі ўгледзелі, што адарваўся кавалак днішча. Позьні вечар. Сусед па матрацы кажа, што ў ЗША ён толькі зарабляе, а жыць будзе ў Беларусі. На працы яго лічаць расістам, але даюць паблажку, раз чалавек прыехаў зь “Белай Расеі”, дзе, мабыць, жывуць адны белыя. 23 красавіка (нядзеля). Вялікдзень! Іду да Бартулёў. У тую нядзелю выправілі ў Беларусь Алена. Сабралі яму на дарогу трохі грошай (арганізавала збор Валя, падносячы мой зялёны капялюш усім без выключэньня). Пяяў пяюн — і вясёлае, і сумнае. Была маладая пара з дачкой: маці крадком плакала… Радзіма ёсьць Радзіма. Холадна, дождж. Чытаю “Незабываемое” Мікалая Краснова-малодшага. Успаміны пра тое, як у 1945-м ангельцы выдавалі саветам казакоў. 25 красавіка (аўторак). 22:45. Дзень быў адносна лёгкі, але я стаміўся. Пакуль даедзеш — восьмая гадзіна. Пакуль есьці зробіш — дзясятая, трэба спаць валіцца. Якія тут вершы! 27 красавіка (чацьвер). Позьні вечар. Учора з працы папёрся на пікет, які праходзіў насупраць будынку ААН. “Насупраць” — моцна сказана, бо стаялі мы ад таго гмаху мэтраў за 500. Пасьля пікету быў запрошаны ў сям’ю старых эмігрантаў. Выпіў, само сабою; вяртаўся “F”-трэйнам (fast — хуткі); заснуў, праспаў свой прыпынак. Паўгадзіны чакаў у тупіку, калі вагончыкі пакоцяцца назад, назіраючы, як іх прыбіраюць. Вярнуўся ў Фундацыю ў дзьве ночы, устаў а пятай раніцы. Ізноў сабвэй, пярэсты натоўп імкне на працу. Цікава: тут любую працу называюць “бізнэсам”. …Слухайце, тут столькі каляровай плоці, такія формы, такія фантастычныя заднічкі, сьцёгны, лыткі-шмыткі, што ніякая цяжкая праца не задушыць тваёй песьні песьняў…
|
Джон Дос Пасас, “Манхгэтан” В туманные вечерние дни наш Нью-Ёрк необыкновенно прекрасен для одинокого человека. В таком тумане хорошо искать тюльпаны на вершинах небоскрёбов, мило и одиноко перелетая с крыши на крышу на домосделанных шелковых крыльях. Эдуард Лімонаў, “Дзёньнік няўдачніка, альбо Сакрэтны сшытак” 4 траўня (чацьвер). Вясна. Нешта і тут распускаецца, нават пахне. У вольную хвіліну аглядаю з даху нашага будаўнічага аб’екту кварталы Мангэтану. На захад ад нас завісьлі ў небе чатыры патрульныя гелікоптэры. На дахах некаторых дамоў ужо зазелянелі дрэўцы, часта гэта бярозкі-самасейкі. Гадзіна ночы. Вось калі надыходзіць вольная хвіліна. 13 траўня (субота). 41 дзень у Нью-Ёрку. Мая работа палягае ў тым, што дзесяць гадзін у дзень я падмятаю 5 паверхаў будаўнічага аб’екту плюс дах, бэйсмэнт (падвал) і тэрыторыю вакол будпляцоўкі. Яшчэ мяне могуць кінуць на “прарыў” асабліва працаёмкіх участкаў: напрыклад, разгрузку бэтону, цэглы, іншых будматэрыялаў. За дзень маю 70 даляраў. Запрасіў мяне на гэтую работу Алесь, сын вядомай нашай беларускай дзяячкі. Спакойны, разважлівы малады чалавек, які, хочацца верыць, зьдзейсьніць сваю амэрыканскую мару. Вечарам у Фундацыі імя Крачэўскага прайшоў вялікі сход нью-ёрскага аддзелу БАЗу. Абіралі кіраўніка аддзелу. 16 траўня (аўторак). Сёньня наш аб’ект пікетавалі тутэйшыя прафсаюзы. Прыгналі помпу і цэлы дзень пампавалі ёю паветра ў вялікага брызэнтавага пацука, які меўся сымбалізаваць ненажэрнага амэрыканскага боса — гаспадара будоўлі. Прафсаюзы пачулі, што на аб’екце працуе шмат нелегальных работнікаў, якім плацяць значна меней, чым павінны былі б плаціць сваім. Мы ледзь не паразьбягаліся — і беларусы, і палякі. Але бос Славэк угаварыў не сьпяшацца. Між тым, калі б нас на будоўлі застукала служба эміграцыі, нас бы выкінулі з ЗША за 24 гадзіны. Праўда, ёсьць тут адзін няпісаны нюансік, які і дазваляе нелегальным работнічкам зарабляць свае зялёныя. Рэч у тым, што багацьце Злучаных Штатаў прырастае ў тым ліку і з працы мільёнаў гэтых самых нелегальных працоўных рук. За адну і тую самую работу мы атрымліваем у два-тры разы меней, чым амэрыканцы. Самая танная рабсіла ў Нью-Ёрку — гэта, здаецца, кітайцы і лацінаамэрыканцы. І адны, і другія мітусяцца ў “сталіцы сьвету”, як чорныя мурашы па кучы цукру. 19 траўня (пятніца). Палякаў у Нью-Ёрку ці не пад 2 мільёны. І прыяжджаюць яны сюды цэлымі сем’ямі. Вось і бос Славэк падцягнуў на заробкі свайго цесьця пана Ўладака, і той за 80 даляраў у дзень ганяе ўверх-уніз грузавы ліфт, на якім у пачатку ХХ стагодзьдзя перавозілі коней. Наш аб’ект — былая стайня. У зацішных куточках будоўлі мы знаходзілі бляшанкі з-пад піва яшчэ 40-х гадоў. А сажа, чорная тлустая сажа ў міжваконьнях асядала тут, відаць, яшчэ да першай сусьветнай!.. Гэта раздражняе — калі падумаеш, што на манхгэтанскія хмарачосы ніколі ня падалі бомбы й снарады варожых армій. Гэтаму гораду здорава шанцуе: час ад часу яго старыя кварталы разбураюць, але толькі для таго, каб на іх месцы пабудаваць новыя, яшчэ больш высокія, яшчэ больш раскошныя будынкі. 23 траўня (аўторак). Працаваў чыстыя 13 гадзін плюс разгружалі вялізныя мармуровыя пліты, якія прывезьлі ў канцы дня. Ці заплацяць, сказаць з пэўнасьцю нельга. Цікава назіраць тутэйшых босаў і босікаў у справе: кожны кожнага ненавязьліва імкнецца абдурыць хоць на даляр. Той жа Славэк, ён што робіць: з будоўлі ўласнага дому прывозіць друз і загружае ў кантэйнэр свайго боса. Атрымліваецца бясплатны вываз. І ў гэтай сьмецьце-адкіднай справе мы зь цёзкам супольнікі. 23 траўня (аўторак). Быў днямі ў Ю., што гадоў шэсьць таму прыехаў у Нью-Ёрк. На дні нараджэньня дачкі. Увесь час за сталом ягоныя госьці даказвалі мне пра перавагі амэрыканскага ладу жыцьця. Усе яны — нядаўнія грамадзяне Беларусі, у якую наўрад ці вернуцца. Нават паміраць. Сёньня на працы нехта з нашых нелегалаў убачыў, як у суседнім доме парачка займаецца любошчамі. Янак, Ярак і Казік пайшлі пацікаваць. 25-га, чацьвер. Забягаў да знаёмай крамніцы Стэлы. Яна з Алматы, здаецца. Працуе ў краме на 14-й. Ёй сумна, бо землякоў сваіх яна тут яшчэ не сустрэла. Перамаўляемся па-расейску. У Фундацыю нашу падсяляецца нейкі Ільля з Горадні. Кажуць, былы танцор балету. Ці не паўгоду бадзяўся ў Нямеччыне, цяпер вось у Нью-Ёрку шчасьця шукае. 27 траўня, субота. Фундацыя наша знаходзіцца ў чорным Квінзе, хоць сорак гадоў таму беларускія эмігранты набывалі свой дом у раёне, заселеным белымі. Сёньня часы зьмяніліся: на авэню Джамайка, на Хілсайдзе спрэс мурыны, індусы, арабы… Музыка, сьмецьце, шмат шпакоў, вераб’ёў і галак. Зьезьдзіў на Брайтан па чорны хлеб. Па чорны “русский” хлеб у міні-пякарню тутэйшага неартадаксальнага жыда. Зрэшты, тутэйшым стаў ён нядаўна, бо яшчэ ўчора быў тамтэйшым савецкім з Бабруйску. Што такое нью-ёрскі раён Брайтан, яскрава сьведчыць ліст абуранага чытача ў мясцовую газэту “Русский базар”: “Уважаемая госпожа главный редактор! Все у нас грязное и вонючее!!! Начну с примеров. Вчера жена купила вонючие сосиски, позавчера — дурнопахнущие и вздутые банки. Три дня тому назад — липкую колбасу. И если не перебирать эти “пакистанские” яйца, 3—4 текут как минимум. Неделю тому назад, переходя улицу, дочка наступила на жёлтую жижу и испортила босоножки и новые колготки. А сегодня я проходил по Брайтону, и со второго этажа мне на шляпу плюнул мексиканский ребенок. Деньги не пахнут. Не пахнут и наши фудстемпы. Пахнет зато Брайтон, в субботу утром воняет, как будто слона вырвало. Не пора ли давать медали некоторым ветеранам, которые не дышат носом в магазине, где карп 39 центов за неочищенный фунт. Здесь же рядом, в выпирающем на улицу овощном, набухшими руками огромные дамы перебирают, как на плодово-ягодной базе. Пора нам реабилитировать “жемчужину у моря” родную и сердцу милую Одессу, где нас учили “за жизнь” на более чистом Привозе. Зато у нас не на каждом углу валялись вонючие алкоголики. Наши эммигранты, не все, конечно, и голову моют, а теперь весна, всё прекрасно себе цветет, и шапки почти все сняли. Благодарю, дядя Изя Чабан, ветеран”. 28 траўня (нядзеля). Днём была ў царкве Кірылы Тураўскага сустрэча зь Вячоркам. Публіка — рознае масьці. Абедалі ў нейкім рэстаранчыку на Атлянтык-авэню; А. Шукелойць распавядаў, як некалі да вайны выкладаў на настаўніцкіх курсах у Ашмяншчыне. Вяртаючыся ў Фундацыю, любаваўся ў “R”-трэйне прыгожай лаціначкай з чатырма дзецьмі-пагодкамі. Мурын пратанцаваў па вагоне, ажыргаўшы вялікую ляльку-каня. Пры гэтым ён так віхляў клубамі, што некаторыя жанчыны з бляскам у вачах кідалі ў ягоную торбу нават пяцідаляравыя паперкі. 29 траўня (панядзелак). Мэморыял дэй — амэрыканскі дзень памяці, вэтэранскі дзень. У іх тут з памяцьцю ўсё, як некалі ў СССР: можна пабачыць помнікі невядомым салдатам, ракетам, самалётам, вечныя агні ды іншую падобную інсталяцыю. На працы — выхадны. Вечарам таварыша запрасіў пасядзець у кавярні на Рузвэльт-авэню. Пілі самбуку й каву; ягонай каханцы — мініяцюрнай такой жанчынцы родам з Калюмбіі — купіў букецік за пяць даляраў. Кажа, што жанчыны яе народу вельмі любяць белых мужчын як добрых мужоў і ненавязьлівых палюбоўнікаў. 2 чэрвеня (пятніца). Пачалася гарачыня. Вечарам прайшоў дождж. На працы Ірак Бурак перад вяртаньнем сваім у Польшчу частаваў гарэлкай усю нашу кампанію з 335-га дому. ЗША — краіна рознага роду датацыяў, пэнсіёнаў, стыпэндыяў, вэлфэраў і фудстэмпаў. Фудстэмпы — гэта добра вядомыя былым савецкім талёны на харчаваньне, альбо прадуктовыя карткі. На травень 2000 году фудстэмпамі карысталіся 17 мільёнаў жыхароў Злучаных Штатаў (інфармацыя паводле Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША). Але, нягледзячы на тое што гэтая краіна знаходзіцца ў стане эканамічнага пад’ёму, каля 10 мільёнаў амэрыканскіх сем’яў маюць, мякка кажучы, праблемы з набыцьцём ежы. Не, харчу, вядома, хапае, і самага рознага — вельмі часта не хапае “зялёных”. Што да мяне, дык я шалею ад бясхлебіцы. Тое, што тут прадаюць як хлеб, я, як белы чалавек, есьці не магу. Раз на тыдзень прыходзіцца езьдзіць ці на Грынпойнт да палякаў, ці да “русских” на Брайтан, каб купіць чорнага хлеба, які, праўда, праз суткі рассыпецца на крошкі. Такі вось фуд-стэмп па Нью-Ёрку ў пошуках жытняга. 3 чэрвеня (субота). На працу спазьніўся, бо субота, а ў суботы і нядзелі на лініях сабвэю маршруты мяняюцца з-за прафіляктычных работ. Вось і едзеш, куды вязе цябе твой вагончык. А спазьняцца нельга, лепш загадзя зьявіцца. Відаць, ад інтэнсіўнага кантакту з будаўнічым сьмецьцем на левай руцэ папаўзьлі нейкія язьвінкі, выступае сукравіца. 4 чэрвеня (нядзеля). Штат Нью-Джэрзі, Саўт-Рывэр. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква імя Эўфрасіньні Полацкай. Знаёмства зь беларускай дыяспарай гэтага штату; новы сьвятар Аляксандар спрабаваў прамаўляць па-беларуску. Відаць, што ў быце паслугоўваецца нейкай іншай мовай. 8 чэрвеня (чацьвер). Позьні вечар. Спаць. Пісаць не магу: мярцьвеюць пальцы. Почырк проста ўвачавідкі мяняецца ў горшы бок. Учора ледзь не аддаў богу душу: абярнуў на сябе кантэйнэр. Выратаваў мяне свой, зь Беларусі, хлапец, які на 335-м таксама працуе — на свой дом зарабляе. Ах, як гэта рамантычна: я, сьпец у беларускай паэзіі, змагар, рэваншыст, праграміст (і што там яшчэ са мной зьвязваюць?) — ляжу ў вялізным зялёным кантэйнэры, прыдушаны меншым жалезным, поўным бітай чырвонай цэглы; мне цісьне на левую нагу; я, пакуль магу, трымаю кантэйнэр на руках; побач сьмярдзяць гнілыя памаранчы і падсохлы чызбургер, кінуты якім-небудзь сытым чорным аболтусам, а нада мною, над гэтым клятым сьмецьцязборнікам, над доўгай і вузкай 16-й стрыт вісіць адзінае на ўсіх высокае сіняе неба і самотны гелікоптэр нью-ёрскай паліцыі!.. 11 чэрвеня (нядзеля). Наш новы сусед Ільля сноўдае па Фундацыі ў майтках. Ня ў шортах, а ў майтках. І лічыць, што ён мае на гэта права. Праўда, і мы, хто ў нармальных штанах, маем права ня бачыць гэтага мужычка ў трусіках. Калізія. Еду ў трэйне “F”. Побач — бутэлька віна, вінаград. Еду ў Мангэтан адзначаць дзень Пуэрта-Рыка. Маларослыя пуэртарыканцы паўсюль ходзяць вялікімі групамі, махаюць сваімі нацыянальнымі сьцяжкамі — сьвяткуюць. А нашы ўчора сьвяткавалі атрыманьне беларускай новаэмігранткай права на пражываньне ў ЗША. І дыскутавалі, дыскутавалі пра тое, дзе ўсё ж лепш быць беларусу — тут ці ў Беларусі. Сёньня днём з Шукелойцем былі ў амэрыканскім касьцёле, дзе назіралі людзей усіх магчымых колераў. Паперадзе мяне сядзела сымпатычная азіятачка з прыадкрытымі плечкамі і стройнымі ножкамі… Потым зайшлі ў нейкі мангэтанскі “цум”, перакусілі там. Па Нью-Ёрку лётаюць вельмі кусьлівыя камары. Газэты й радыё паведамляюць, што некалькі чалавек памерлі ад іхных укусаў. 18 чэрвеня (нядзеля). Поўдня. Раніцай ішоў дождж. Качаюся ў сваім берлагу, старым і сырым. Душна. Пальцы на правай руцэ нельга сагнуць у кулак: здранцьвелі за ноч. Учора атрымаў заробак — 382 даляры. Бос выплаціў усё сумленна. Зь Юркам і ягонай калюмбійкай пасядзелі ў рэстаране “Анарансас”. Пілі вінцо, гаварылі пра N.Y. і дыяспару. Ішоў дождж. У прыбіральні купіў пачак “Ньюпарту” за 6 $. Потым у калюмбійскім “макдональдзе” перакусілі нейкай чоры-папай (“чорным папам”, як я адразу ўдакладніў). Тыцкалі палачкамі, падобнымі да зубачыстак. В. К. абралі скарбнікам нью-ёрскага аддзелу Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня. Выпускнік менскага ліцэю імя Якуба Коласа гутарыць з Ільлём па-расейску. Усе яны жывуць у Фундацыі імя Крачэўскага, закладзенай некалі беларусамі эмігранцкай хвалі сярэдзіны 40-х ХХ стагодзьдзя. 25 чэрвеня (нядзеля). Позьні вечар. На электраплітцы смажыцца “ножка Буша”. Учора адзначалі Купальле ў беларускім лягеры міляў за сто ад Нью-Ёрку. Побач — рака Дэлавэр. Сьвята атрымалася стараньнямі В. Я.: зварылі крупнік, танцавалі ў строях. Назад вяртаўся на машыне В. Камінскага. На паўдарозе ягоны “форд” зламаўся: пацякло з-пад споду. Дачакаліся паліцэйскага, які і падвёз нас да аўтобуснага прыпынку. 26 чэрвеня (панядзелак). 22:40. Гарачыня, душна. З працы сарваўся раней. Спадзяюся, заўтра будуць грошы. Званок ад Мішы з царквы Тураўскага. Кажа, Ален перадае мне прывітаньні з Маладэчна і раіць не вяртацца ў Беларусь. 27 чэрвеня (аўторак). Прозьвішчы беларусаў старой і новай эмігранцкіх плыняў у ЗША: Андрусішыны, Бартулі, Вераб’і, Дворнік, Драбышэўскі, Зэкаў, Камінскі, Кардонскі, Касьцюкевіч, Каханоўская, Капытка, Кузьміцкая, Лапіцкі, Міцкевіч, Міхноўскі, Навумчыкі, Навіцкі, Паланевіч, Пятровіч, Піліповіч, Рыжы, Сёмуха, Стральцова, Станкевіч, Тальянскі, Фанская, Чэрняк, Шаламіцкая, Шчарбацэвіч, Шчэцька, Цяліца, Дарагакупец, Бараноўскія, Малахоўскі, Якімовіч… Званіў нехта В. Б. зь нейкае расейскамоўнае газэты. Пытаўся пра “новых беларускіх фашыстаў” у Беларусі. Хоча ціснуць артыкульчык на гэтую “вечную” тэму. Яшчэ яго цікавіла, ці вяртаюся я ў Беларусь? Усіх чамусьці хвалюе гэта пытаньне. Здаецца, я ведаю чаму. 29 чэрвеня (чацьвер). Атрымаў чэкам 757 даляраў. Усяго адклаў ужо 4.250. Нешта пра сны вярзецца, нейкія вершы: Арэхавыя сны, калі арэхі; 3 ліпеня (панядзелак). Учора быў у царкве на Атлянтык-авэню. Зайшоў у некалькі антыкварных крамаў. Нецікава. У сабвэі даў бязрукаму мурыну жменю цэнтаў і токен на праезд. Юрка перадаў мне, што званіў і яму гэты Буэйрас ды казаў, што зьбіраўся зрабіць са мною інтэрвію. Але ягоны рэдактар — sic! — не пагадзіўся, бо я, бачыце, фашыст. Вось жа што цікава: нават у Нью-Ёрку іх турбуе мой беларускі патрыятызм! Схадзіў на пошту. Марка ў Беларусь каштавала 1 даляр, ліст у Канаду — 48 цэнтаў. Душна. Чорныя целы проста мільгацяць у вачах. Зараз пад’ем, вып’ю джыну “Джым Бім” і паеду да самотнай. 4 ліпеня (аўторак). Independance Day — Дзень Незалежнасьці ЗША. Былі з Гэляй у Ракфэлер-цэнтры й Цэнтральным парку ў Мангэтане. Горад сьмярдзіць у любой частцы свайго каменнага цела. Мора выродлівых формаў — тоўстыя, крывыя… І навокал тыя, што ў чорных сурдутах. Вось адзін усьцягнуў на галаву чорны капялюш, абцягнуты тонкім поліэтыленам. Чорт ведае што! Вечар. У розных кутках Квінзу чуваць гукі самалёту, ірвуцца пэтарды.
|
Джон Дос Пасас “Мангэтан” 11 ліпеня (аўторак). У трэйне пасажыры праз аднаго з плэерамі: ці стары, ці малы. Жыць ой як хочацца, калі бачыш сівенькую паджарую бабульку ў навушніках, якая падтанцоўвае ў такт толькі ёй чутнай мэлёдыі. Прайшоў дождж. На вуліцах, як сухія галінкі на старой алеі, валяюцца рознакаляровыя паламаныя парасоны. Карцінка вартая толькі багатай, дынамічнай краіны. У Беларусі такога мы ня ўбачым. На жаль, беднасьць разьвівае ў нашых людзях сындром Плюшкіна: грамадзяне зьбіраюць у сваіх норках самае неверагоднае ламачча. …У цягніках сабвэю нью-ёркцы, якім удалося прысесьці, кладуць парасоны пад ногі. 16 ліпеня (нядзеля). Вечар. Дзесьці зь мячэту раве ў белы сьвет муэдзін. Чытаю пра вязьняў Вялейскай турмы. Заўтра ў работу… Позьні вечар. Днём быў на адкрыцьці так званага Тыдня паняволеных народаў. Акцыя пачалася каля гатэлю “Plaza” а 9-й раніцы, потым удзельнікі мерапрыемства рушылі да сабору Сьв. Патрыка. У катэдры адбылася юбілейная імша, прысьвечаная 150-годзьдзю з пачатку службаў, якую правіў новы арцыбіскуп Нью-Ёрку Эдвард Іган. Пасьля імшы ўдзельнікі маршу выйшлі на 5-ю авэню і па ёй рушылі ў бок Цэнтральнага парку. Я выконваў ролю гранд-маршала працэсіі — нёс наш нацыянальны сьцяг. На мітынгу ў Цэнтральным парку прачытаў верш і кароткую прамову. Выступалі таксама прадстаўнікі ЗША, Латвіі, Чачэніі, усходніх нямецкіх земляў (цяперашняя Калініградзкая вобл. Расеі — колішняя Прусія). Нашых было мала. Адчуваў сябе паскудна, сумна, нездарова. А заўтра ж на работу! І нейкая морда будзе табе загады загадваць! Цьху ты! Я ўжо сам не разумею, хто я: літаратар, журналісьцік ці зьбіральнік амэрыканскага гаўна? 22 ліпеня (субота). 11:00 дня. Чакаю спадарства Бартулёў. Апрануў касьцюм. Ноччу быў дождж. Пасьвяжэла. Памыўся. Адхаркваю (бедныя лёгкія!). Ну ды нічога, вытрымаем. Толькі марамі, сузіраньнем прыгожага, нябеснага, аксамітнага… Напісаў верш “На 85-я ўгодкі Сп. Антона Шукелойця, Настаўніка і Таварыша”. Гэта нічога, што цела цяжэе — Там, на Радзіме, рыжая векша Вось і кульнулася лета на спадзень, Сьвяткаванье юбілею А. Шукелойця адбылося ў памяшканьні пры царкве Божай Маці Жыровіцкай у Гайланд-парку, штат Нью-Джэрзі. 24-га, панядзелак. Працаваў без аддухі. Цяпер бы легчы хутчэй спаць. Душна. Атрымаў паштоўку з Сан-Францыска ад сп. Машкавога. Прыемна. 27 ліпеня (чацьвер). Позьні вечар. Сёньня прыйшла да нас на аб’ект чорненькая. Выконвае малярныя работы. І як на заказ: сымпатычная, фігурыстая!.. Спрабаваў гаварыць зь ёю, скарыстоўваючы ўвесь свой наяўны лінгвістычны рэсурс. Зрэшты, для таго каб паразумецца, Мужчыну й Жанчыне многа словаў ня трэба. Тут значна больш кажуць вочы, рухі, пахі… 30 ліпеня (нядзеля). Учора-сёньня гасьцяваў на лецішчы Юлі й Паўла Андрусішыных — у “Родным Куце”. Добра было сярод сваіх: Валькі Якімовіч, Дворніка, Алачкі Орсы, Васіля Шчэцькі, доктара Набагеза, сямейства Казакоў… Супакаяльнымі лекамі для нэрваў і душы сталася гульня ў мяч. Трэба было бачыць, як некалькі пакаленьняў беларусаў зь непадробным энтузіязмам не давалі мячу ўпасьці на амэрыканскі дол. І ня дзіва: на кон быў пастаўлены сымбаль нашага змаганьня — лёзунг “Жыве Беларусь!” Каб жа і ў Беларусі беларусы рознага веку нарэшце аб’ядналіся і згулялі сваю гістарычную гульню, паставіўшы на Перамогу! 31 ліпеня (панядзелак). Сёньня тое ж самае — позьні вечар. Учора пытаюся ў выпускніка менскага ліцэю імя Якуба Коласа, — так, дзеля сьмеху пытаюся, паказваючы на партрэт Лява Сапегі: “Хто гэта?” А выпускнік круціў-круціў галавой, але мусіў прызнацца, што ня ведае. Вось табе і ўсе дуды! 7 жніўня (панядзелак). 5-га—6-га быў у айца Юр’я Рыжага ў гасьцёх. У Нью-Ёрк вярталіся цягніком. На станцыі Валік з Васькам ледзь не пабіліся. Васька гэты правакуе ўсіх проста адкрытым тэкстам. Нейкая ж задача стаіць перад чалавекам? Ці сам ён яе перад сабой ставіць, ці хто збоку дапамагае? Такіх кручаных-перакручаных, між іншым, пасьпяхова прадукуе турма. Дык у турме хітраму лягчэй выжываць, а на волі навошта дурыкі строіць? Ноччу сон быў цікавы: тарнада, дзяўчына наструньваецца насустрач мне; хаваюся ад віхуры ў зруб старой студні… Цела дзяўчыны высьнілася надта выяўна. Спадарыня Жук-Грышкевіч з Канады даслала сродкі на выданьне “Турэмнага дзёньніка”. 8 жніўня (аўторак). На працы чысьціў унітазы, мёў, цягаў бэлькі… Бос абяцаў заўтра выплаціць за два тыдні 800 “бруднымі”. Мурыны пасыпаюць сабе падпахі нечым белым. Кажуць, талькам, каб ня так прэла ў гэткія гарачыя і проста вадзяністыя дні. Так немаўлятам пасыпаюць прысыпкай ружовыя срачкі. У 7 гадзін раніцы пот на лбе ў чорнай стрыжанай бабы, што стаіць перада мной у чарзе па каву з малаком. Мы стаім разам на рагу 14-й стрыт і 7-й авэню нашага ўнебаімкнутага Мангэтану. 10 жніўня (чацьвер). Спрабавалі з Алесем раскэшыць чэк на 100 даляраў, але не ўдалося. Прыйдзецца адкрываць рахунак у Польска-славянскім банку. Янота ўчора бачыў: клыпаў цераз дарогу ад нашай Фундацыі да суседзяў. Тутэйшыя конікі ўсю ноч трашчаць, як нашы драчы на балотах. На 71-й вуліцы, асабліва на станцыі сабвэю, сьмярдзіць хімікаліямі. Відаць, труцяць пацукоў, якіх тут як вераб’ёў. 13 жніўня (нядзеля). Даведаліся мы, што ў Менску зарэзалі нейкага Глеба Самойлава, кіраўніка адной праварадыкальнай расейскай арганізацыі, якая спрабуе атабарыцца ў Беларусі. Званіў Кастусь Акула з Канады, каб папярэдзіць, што пераслаў колькі канадзкіх даляраў на выданьне маіх турэмных споведзяў. 14 жніўня (панядзелак). Сёньня ў Фундацыю заехалі на перабываньне яшчэ двое. Кажуць, скончылі нейкі эканамічны ўнівэрсытэт. Мяркуюць тут працягваць вучобу. Ні літаратуры, ні сьвежых палітычных навінаў з Радзімы не прывезьлі. Новыя — Васіль К. і Сяргей Р. У апошняга “папа”, як ён кажа, — начальнік у Берасьці, мама — бугальтэрка. С. Р. лічыць сябе беларусам, хоць бацька расеец, а маці ўкраінка. Работа ў нас пакуль ёсьць: падымаю цяжар, падмятаю. І — пыл, пыл, пыл… 19 жніўня (субота). Зь Юркам ізноў сустрэліся, піва пілі. Таварыш мой заняты быў у размове пераважна характарыстыкамі пэрсанажаў беларускай дыяспары. Зайшлі ў краму, дзе прадаюць грашовыя знакі ўсяго сьвету. Не як валюту, а як калекцыйныя рэчы. 300 тысяч беларускіх рублёў на 19.08.2000 году прадаюцца за 38 даляраў ЗША. Эх, І сапраўды, тут целы часта падаюць з мастоў у чорныя воды Гудзону. 20 жніўня (нядзеля). Надвячорак, 5-я гадзіна. Ад паўдня засядае Рада БНР. Прысутнічаюць Сурвілла, Запруднік, Васілеўскі-Чудзін, Орса-Рамана, Шукелойць, Бартуль, Навумчык, Станкевіч… Купіў у адваротную дарогу сумку за 45 даляраў. Паршывенькая, хоць і на колцах. Цёпла. Цераз дарогу ідзе чорненькая з нагамі, як шпалы, драўляныя прасмоленыя шпалы… Юрка падсунуў мне кнігу Рыгора Клімава “Імя маё легіён”. Мешаніна нейкая, у якой калі пачаць разьбірацца — мазгі зьвернеш. 23 жніўня (серада). У Фундацыі цяпер жыве аж восем чалавек. Дні бягуць. На сьпіне паўскоквалі болькі. Ад бруду? У “Голасе Радзімы” пішуць, што дома ўрадзілі баравікі. Стэла тэлефануе, усё шукае сабе жанчыну-сяброўку (адна была ў шырокіх стэпах Казахстану, адна цяпер у каменных сутарэньнях Мангэтану). Чалавек шукае. Мы шукаем. Ніяк не магу зразумець: мы ўсе разам шукаем, ці кожны паасобку? 24 жніўня (чацьвер). Яшчэ 700 паклаў у кішэню, але падвышкі не атрымаў. З Канады дасылаюць на “Тур. дзёньнік”. На работу бос узяў трох сваіх — студэнтачак з Польшчы Забэлю, Агнешку і Даміцэлю. Худзенькія, глытаюць пыл, падмятаць зусім ня ўмеюць, але маюць жаданьне падзарабіць. Па размове відаць, што дзяўчаты не дурніцы. Заробяць.
|
Я ведаю адно: больш за ўсё я хачу выбрацца з гэтага гораду, папярэдне падклаўшы бомбу пад які-небудзь хмарачос. Джон Дос Пасас, “Мангэтан” 1 верасьня (пятніца). Валік Говараў дапамог адкрыць рахунак у Польска-славянскім банку. Цікавая назва, ці праўда? Прыклад таго, як практычная неабходнасьць уступае ў канфлікт зь лёгікай здаровага сэнсу, паколькі слова “славянскі” зьмяшчае ў сабе ў тым ліку й значэньне “палякі”. 3 верасьня (нядзеля). Стронгсьвіл, штат Агаё. На 24-й сустрэчы беларусаў паўночнай Амэрыкі. Разам з Алесем Крыштаповічам жывём у пакоі № 152 двухпавярховага гатэлю. Жывём, як здаецца, дружна… Учора Х. Нюнька й С. Шарэцкі прывезьлі мне навіну зь Вільні: на Радзіме ў мяне расьце дачка Ксеня, якой ужо чатыры месяцы! Вось ён, самы галоўны запіс у дэклярацыю пра мае даходы! 9 верасьня (субота). Ільля, які так любіў фігураваць перад жыльцамі Фундацыі ў трусіках-майтачках, адляцеў днямі ў Горадню пад мамчын паддашак. Мы так і не даведаліся, чым-дзе займаўся наш “балетмайстар”. Новапрыбылы Васька таксама мае сантымэнты да нацельнага — любіць трусікі прасаваць. Зь любоўю так прасуе, прасуе… Вось толькі Вільню Васька-маладзён шукае чамусьці на тэрыторыі Польшчы. Сёньня — “схадняк” БАЗу. Былі Пазьняк, Навумчык, сьвятар зь Беларусі Іван Спасюк, сьвятар тутэйшы Юрка Рыжы… Ці ня ўсе адзін на другога глядзелі непрыхільна, калі не сказаць, што варожа. Кожны быў сам сабе герой. 11 верасьня (панядзелак). Паўдня. Душна. Дома. Польскамоўныя газэты, якія тут выдаюцца: “Super Express”, “Nowy dziennik” (тыднёвік), “Polska gazeta” (штодзённая), “Tygodnik nowojorski”, “Kurier plus” (тыднёвік). Быў сёньня ў польскім пасольстве, што на скрыжаваньні 37-й вуліцы й Мэдысан-авэню. Вырабляў транзытную дваццацідаляравую візу. Учора гасьцяваў у А. Крыштаповіча. Здымае бэйсмэнт у двухпавярховым прыватным доме дзесьці ў прыгарадзе Нью-Ёрку, у адпачынку ня быў ужо восем гадоў — з часу, як прыехаў у ЗША. Зьезьдзілі на ягонай белай машыне на акіян. І вось ідзём мы па пляжы: два русявыя статныя беларусы, два Алесі (другі — студэнт родам зь беларускага мястэчка Масты), і сярод іх — я, чарнявы, росту ледзь-ледзь сярэдняга. Я ў плаўках, Алесі ў шортах да калена. Ідзём сабе, усьлед нам пляжная публіка неяк занадта ўважліва пазірае, хлапцы мае пасьміхаюцца. Урэшце гаспадар белай машыны растлумачыў, што ў ЗША на пляж у плаўках выходзяць толькі пэдэрасты. Шорты — для ўсіх астатніх; у іх, у штанах, толькі што без калашын, гэтыя амэрыканскія вычварэнцы і боўтаюцца ў брудных прыбярэжных водах Атлянтыкі, стукаючыся аб цьвёрдыя целы мэдузаў. …А дзесьці далёка, там нашы Браслаўскія, Лепельскія, Мядзельскія азёры, нашыя Нарач, Сьвіцязь… І Беларусь наша — “мора Герадота”. Вяртаньне з Акіяну пралягала праз кітайскі рэстаранчык, дзе я, прызнаюся, зьеў і выпіў залішне. А ўсё з галадоўлі. Вось і накінуўся на морапрадукты ў выглядзе малюскаў розных, на клешні каралеўскага краба і скрыдэлкі нейкай мініяцюрнай птушкі ўперамежку з салатаю. Па ўсім наверх навярнуў марозіва грамаў дзьвесьце і пінтаў пяць піва… Ужо ў Алесевым падвальчыку глядзелі фільм “Майкл Колінз”. Нават сьлёзы наварочваліся, тыя сьлёзы, за якія мужчынам не павінна быць сорамна — за “сьлёзы нянавісьці да акупанта”. Фільм гэты — пра барацьбу Ірляндзкай рэспубліканскай арміі супраць брытанцаў. 13 верасьня. Алесь прывёз на сваім белым аўто ў Фундацыю новага пастаяльца — Аркадзя, якога дэпартавалі з Канады. З такой нагоды мы выпілі чырвонага віна й паваліліся спаць. Сьнілася залатая пшаніца на бацькавым хутары й дзедавы борці зь мёдам. 16 верасьня (субота). Васіль Кузьмоў на працы адрэзаў сабе мезенец, а Гаварушкін запарушыў вочы шклаватай. Так можна й галаву скруціць, калі не пільнавацца. У беларускай царкве на Атлянтык-авэню адбылася сустрэча тутэйшай дыяспары з кіраўніком Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі З. Пазьняком і адным зь сяброў гэтай арганізацыі Ю. Беленькім. У канцы сустрэчы я запрасіў грамаду на сваю разьвітальную вячэру, заплянаваную на 23 верасьня. Вечар. Позьні чмель шукае ў белых кветках нешта сваё. Заляцела й гудзе над сталом муха. 17 верасьня (нядзеля). Прыехаў айцец Юры Эмігідыюш Рыжы. Прывёз нам, галадранцам, некалькі паленцаў белага хлеба. Ня ўсе з тутэйшай нью-ёрскай дыяспары вітаюцца з гэтым чалавекам. А ён жа, я думаю, ня большы эгаіст і арыгінал, чым іншыя. Што ж тут дзяліць? Каля будынку Фундацыі сёньня паліцыя лавіла двух маладзёнаў, якія перлі навыперадкі з такой хуткасьцю, што толькі крыжы на тоўстых залатых ланцужках матляліся ў розныя бакі. Вечарам гарэлі прыватныя дамкі на Хілсайдзе. Было шмат чорнага дыму і бліскучых пажарных машын. 20 верасьня (серада). Жанчына — маці-адзіночка з суседняга з нашай будоўляй дому — сёньня мне асабліва ўсьміхалася. Прыгожая, велікавокая. А я сядзеў вярхом на вялізным зялёным кантэйнэры, калупаў нагою рэшткі эмігранцкага ланчу і таксама ўсьміхаўся: ці то як проста ідыёт, ці то як ідыёт шчасьлівы. Штодзень назіраем жыцьцё ў некаторых кватэрах іншага суседняга дому, на даху якога таксама пачаліся будаўнічыя работы. Шмат вокнаў, якія чамусьці безь фіранак. Вось у адной кватэры з драўлянай падлогай ходзіць сабака, стаіць тэлевізар і канапа. І на канапе поўная маладзіца інтэнсіўна паядае нешта з пакету. Зайшоў малады чалавек з гітарай, прысеў насупраць яе, стаў перабіраць струны. Потым гітару ўзяла яна… Учора маладзіца хадзіла з голенькім торсам, час-часам пазіраючы ў наш бок. Потым халацік накінула, але грудцы яе самавітыя пэрыядычна выскоквалі з апранахі. 23 верасьня (субота). <АсноуДва мінулыя дні паміраў ад вострага прыступу гемарою. Учора прыйшлося пайсьці з працы на паўдня раней — так мяне скруціла. Аслабеў быў, падскочыла тэмпэратура, занылі косьці. Учора ж і разьлік атрымаў — 650, мае апошнія амэрыканскія “бабкі”, вечназялёныя мае. Сёньня ў Фундацыі павінен адбыцца мой разьвітальны вечар. Хвароба крыху адпусьціла. Чакаю гасьцей. 24 верасьня (нядзеля). Разьвітальны сход прайшоў нядрэнна: народ даваў наказы, парады ў дарогу, прасіў перавезьці грошы. Ведаючы пра мае сымпатыі да халоднай зброі, Камінскі падарыў салідны армейскі нож з варанёнага мэталу. Што ж, дасьць бог, і гэты арыгінальны падарунак, і дзесяць тысяч наяўнага “зяленіва”, і сваё “грэшнае цела” мы прывязём на Радзіму цэлымі. Тры гадзіны дня. Ізноў у Алесевым падвальчыку. Гаспадар па сваіх справах адышоўся, а я зноў змагаюся з гемароем, атакуючы яго сернымі сьвечкамі. Як ні круці, а прычына прыступу, відаць, адна — нэрвы. Бо, зарабіўшы задуманую суму грошай, я цяпер усімі сваімі тоўстымі і тонкімі кішкамі, пячонкаю, ныркамі і селязёнкай, правым і левым лёгкімі, мозгам касьцей і каранямі валасоў перажываю праблему трансакіянскага перамяшчэньня мною тут здабытай валюты. Кансыліюм маіх нутраных органаў выносіць рашэньне: грошай з рук не выпускаць і везьці іх “жыўцом”. 25 верасьня (панядзелак). Гаспадар падвёз у краму, дзе купілі мне лекі і нам — чырвонага віна. Увечары зайшоў да нас Віктар, былы хірург з Горадні. Як і Алесь, ён спрабуе зарабіць капітал на нью-ёрскіх будоўлях. Як і Алесь, Віктар ня мае сям’і. 28 верасьня (чацьвер). Пазаўчора з Алесем і яго знаёмай Эдзітай зь Беластоку езьдзілі глядзець амэрыканскае начное неба над акіянам. Знайшлі сузор’е Карца і вельмі гэтым усьцешыліся. Нарэшце зьмерзьлі і паехалі былі назад, але па дарозе Эдзіта прапанавала зазірнуць у стрыптыз-клюб. І вось мы ў клюбіку, гадзін 12 ночы, з намі раскошная высакастройная славянка, магчыма, што нават крэўніца-беларуска, бо родам зь Беласточчыны; і вось мы за столікам, бяром па бутэлечцы мінэралкі, папіваем і ўзіраемся ў той бок, дзе подыюм-сцэна. У такім месцы я першы раз. Вочы хутка прывыкаюць бачыць рухі аголенага цела. Прыгожых з твару маладых жанчын зусім мала. Тонкія фігуркі згінаюцца, дрыгаюць ножкамі-ручкамі, поўзаюць, кратаюць пальчыкамі свае дзюрачкі-складачкі… У залі пераважна зусім маладыя хлапцы, каму яшчэ цікава плаціць за сузіраньне жаночай таямніцы. Ёсьць таксама чалавек пяць-сем перастаркаў. Два дні Крыштап зь вялікім, як мне здалося, энтузіязмам запісваў на сваю апаратуру вершы ў маім выкананьні. Поўдня. Чытаю кнігу Сьвятланы Алілуевай “Только один год”. Толькі адзін год застаецца да выбараў новага прэзыдэнта Беларусі. 29 верасьня (пятніца). Днямі Васька-безьмезенец зрабіў нам падарунак — звадзіў у “русскую баню”. Лазьня была невялічкая: жанчыны і мужычкі мыліся разам. Змылі і мы пыл нью-ёрскіх вуліц, пачысьцілі нашы пёркі, бадвайзэру выпілі, паўздыхалі, назіраючы такія блізкія і такія далёкія фігуркі жанчын. І адну я запомню: тыфознага выгляду белацелую жанчыну з рэдкімі і нездаровымі валасамі на галаве. Магчыма, гэта яна піша сваім родным у Беларусь, успамінаючы на хаду школьны курс чыстапісаньня. “Петенька и Наташенька, здравствуйте! Я жива и здорова, чего и Вам желаю. Петенька, высылаю тебе 200 долларов. Я открыла счет в банке. Работаю, кручусь, к вечеру устаю, но по-другому нельзя. Такова моя судьба. Смотрите Нату, приучайте с детства ко всему, может, в гимназию с английским уклоном отдадите. Петя, сколько нужно денег, чтоб тебе провести телефон или квартиру поменять? Прошу Вас, берегите Людкины картины, она еще нескоро будет рисовать, хоть ей этого хочется. Она очень много теперь работает над собой, когда-то будет жить как американка, но это всё не так легко. Петенька, учись… Ванька, здравствуй! С приветом — Полина! Я жива и здорова, чего и тебе желаю. Работаю, кручусь, мне не на кого надеяться. Смотри, береги здоровье, на детей не обижайся. Молодым много нужно. Пусть Витя учится, по командировкам не ездит. Пробуй где-нибудь подрабатывать. Ладно, не тебя мне учить, все равно скажешь, что я командую. Я всю жизнь стремилась к лучшему, но у нас не получалось. Будь здоров… Марковские, здравствуйте! С приветом — Полина! Не расстраивайтесь, что Валю не пустили. Этот запрет только на шесть месяцев. Пускай Валька в институт поступает, хоть что-то берёт от страны. Пробуйте подторговывать, это легче. Людка движется вперед, много занимается. Алик еще нигде не может устроиться. Тут всё не так, вам не понять. Очень скучаю по всем. Валя, Сергей, Олежка, привет! Я на грин-карту ничего не получила. От Маньки подписаных бумаг нет. Получила только фото. Живу теперь одна, за квартиру тоже мне платить. Пускай Алешка пробует на учебу сюда попасть. Тут будет работать и оплачивать учение. Но на компьютер его не возьмут, тут страна впереди намного от нас. Мне тяжело, но другого выхода нет. Пишу в метро, по дороге в Квинс. Там наша база, где собираются Беларусы. Завтра в нашей церкви беларуской будет фестиваль. Отпросилась с работы, схожу, это мне нужно. Будьте здоровы”. 1 кастрычніка (нядзеля). Паўдня. У 18:35 — самалёт на Варшаву. Надвор’е сёньня добрае: сонечна, цёпла. Раніцай з Крыштапам і Аркадзем схадзілі на каву. Вось і надышоў час разьвітаньня зь Вялікім Горадам: з Мангэтанам у раёне 16-й, з Цэнтральным паркам і Ракфэлер-цэнтрам, з сабвэем і трэйнам нумар “F”, зь ювэлірнымі крамамі Джамайкі, кітайскімі забягалаўкамі “чыкен-фут” і ландраматамі з вострым пахам пральнага парашку… Вось і ўсё. Бывай, гарбіч! бывай, самотная з сынам! бывай, Сайман-канстракшн! бывай, былая стайня, якая не без маёй дапамогі ператварылася цяпер у пяціпавярховы офісны будынак на 16-й вуліцы нью-ёрскага вострава Мангэтан!..
Я працаваў бесьперапынна ўсё мае жыцьцё з чатырнаццаці гадоў. Цяпер прыйшоў час адпачыць. Я хачу жыць, падарожнічаць, думаць і быць шчасьлівым. Я больш ня маю моцы трываць такі тэмп жыцьця. Я хачу навучыцца гуляць, расслабіцца, зьняць напружаньне. Джон Дос Пасас, “Мангэтан” 2 кастрычніка (панядзелак). Учора вечарам Франціш Бартуль, мой старэйшы таварыш, падвёз мяне ў аэрапорт. …І вось я зноў у самалёце: пры мне 10 тысяч даляраў, у багажным аддзяленьні ляжыць варанёны кінжал Камінскага, а ў думках — Радзіма, дачка мая Ксеня і любоў жанчыны.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (21) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |