A R C H E П а ч а т а к № 1 (21) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


12002
» да Зьместу «

 


Часопіс для ўсіх
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

УЛАДЗIМЕР АРЛОЎ
Вокладка ARCHE 1-2002.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Уладзiмер Арлоў
 
 
Маша i мядзьведзi


Дзецям да 16 гадоў прысьвячаецца  

Ня верыць у рэiнкарнацыю — дэбiльна проста.

А калi яна ўсё ж iснуе? А калi ў апошнiм з тваiх папярэднiх жыцьцяў ты сапраўды — як вылічыла з эзатэрычных табліцаў адна абазнаная жанчына — дыхаў п’янкiм паветрам XVIII стагодзьдзя, прачынаючыся й засынаючы ў аблiччы папулярнай мэксыканскай танцоркi, асобы спакусьлiвай, падступнай i, бясспрэчна, тэмпэрамэнтнай ня толькi на сцэне?

У якiм увасабленьнi i праз колькi гадоў цi стагодзьдзяў ты зноў прыйдзеш у гэтую юдоль пасьля змушанага або добраахвотнага разьвiтаньня зь сёньняшнiм целам i сёньняшняй сьвядомасьцю?

Цi залежаць хоць нейкiм чынам наступныя зьяўленьнi на сьвет ад тваiх цяперашнiх прынцыпаў i паводзiн? (Няўжо меў рацыю Плятон, якi ў адным са сваiх славутых дыялёгаў бязьлiтасна сьцьвярджаў, што гулякаў, пражэраў i жлукталёў у наступных увасабленьнях безальтэрнатыўна чакае лёс асла?)

Цi марыш ты адпачыць ад чалавечае iпастасi, знайшоўшы для душы зусiм iншую цялесную абалонку з абсалютна новым дыяпазонам магчымага i немагчымага?

Цi будзе ўлiчанае тваё жаданьне ўцялесьнiцца ў нейкiм канкрэтным аблiччы або ў пэўным месцы? Можа (у спадзяваньнi на тое, што дзесьцi там, умоўна кажучы, “наверсе”, прыслухаюцца), гэтае жаданьне сапраўды варта публiчна агучыць, як, прыкладам, Iосiф Бродзкi, якi шмат разоў паўтараў, што ў новым увасабленьнi хацеў бы жыць у Вэнэцыi — хоць катом, хоць пацуком.

Пра такiя рэчы добра бывае паразважаць у зьвярынцы, асаблiва калi сонца паварочвае на вясну, калi зноў верыцца ў лепшае, а ў кiшэнi ў цябе — зграбная булькатлiвая бiклажка зь нержавейкi.

Вось перад табою, да прыкладу, леў.

Ува ўмовах дзiкае прыроды ён, як паведамляе шыльдачка, жыве пятнаццаць гадоў, у няволi — усе трыццаць. Чаму б ты на ягоным месцы аддаў перавагу? Што лепей? Пагойсаць адмеранае табе лёсам па саване, паесьцi дасхочу сьвежыны — розных там антылёпаў, зэбраў ды жырафаў — i ўжо на другiм дзясятку заручыцца зь зямлёю? Або ўдвая даўжэй на ўсiм гатовым займацца фiлязофскiмi назiраньнямi за чалавечай пародаю, каб урэшце прыйсьцi да высновы, што ў зьвярынцы, як i ў чалавечай турме, самае страшнае, што ты ня можаш зачынiцца зь сярэдзiны.

Па гамбурскiм рахунку, скарачаць сваё жыцьцё гэтаксама цiкава, як i яго расьцягваць. А ўсё ж як наконт кампрамiснага варыянту? На пятнаццатым годзе волi, пакаштаваўшы ўсяго на сьвеце (у тым лiку, вядома, i карыснай для львiнага арганiзму чалавечыны), можна самахоць здацца ў заапарк i, бязгрэшна гледзячы людзям у вочы, атрымаць яшчэ адзiн жыцьцёвы тэрмiн з гарантаванаю пайкай. Якi з трох шляхоў абяцае найбольш прыстойную рэiнкарнацыю?

(нар.1953) — пісьменьнік і гісторык, віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру. Суаўтар (з Генадзем Сагановічам) бэстсэлеру “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”, аўтар зборніка “Сны імператара” (“Мастацкая літаратура”, 2001). Майстар гістарычнае прозы, іранічны эсэіст. Філіграннае валоданьне стылем і сакавіта-грубаваты гумар зрабілі яго адным з самых папулярных пісьменьнікаў краіны. Ягоная актыўная грамадзянская пазыцыя — У.Арлоў выступае за дэсаветызацыю краіны і вяртаньне яе на дэмакратычны шлях разьвіцьця — каштавала яму звальненьня з выдавецтва “Мастацкая літаратура” і сыходу з часопісу “Крыніца”.
   

Побач з iльвом — самец малпы, гiбон, якi, песьцячы позiркам вабных жанчын, натхнёна займаецца мастурбацыяй, што выклiкае здаровую цiкавасьць у юных аматараў прыроды, якiх бацькi мусяць жывасiлам цягнуць да iншых клетак. Кiм быў у мiнулым жыцьцi ён? Сэксуальным маньякам? Хлопчыкам з чарнобыльскай зоны, якi цiха сканаў ад лейкемii, так i не пасьпеўшы зрабiцца мужчынам?

А твой зялёны рахманы брат кракадзiл, што ў зiмовай кватэры-камэры ня можа нават выпрастаць хвост і гiбее, уяўляючы сабой жывы пытальнiк бяз кропкi?

У адоранага амаль чалавечай прыгажосьцю, але нязьмерна больш дасканала складзенага пiтона прасторы болей: хапае й тром жвавым белым курапаткам — ягонаму падвячорку. Хто ведае, цi не былi гэтыя грацыёзныя бесклапотныя iстоты ў ранейшым жыцьцi прафэсiйнымi выляжанкамi й вэнэрычкамi, а мо — выдатнiцамi й сакратаркамi камсамольскiх камiтэтаў…

Мiж iншым, часам табе самому таксама манiцца пасьля сьмерцi вярнуцца птушкаю. Нездарма ты некалi ўяўляў свае пераўвасабленьнi ў грака i яго самотныя палёты над горадам з прызямленьнямi ў самых нечаканых месцах — ад вар’ятнi да падваконьня кухнi адной здрадлiвай знаёмай.

Чаму грак, а не якісь там бусел? Мо таму, што тады ня трэ будзе адлятаць на зiму, а ты адчуваеш, што з гадамi можаш зрабiцца лайдакаватым i цяжкiм на пад’ём пэрсанажам, якi лiчыць, што, маючы розум, са свайго акна можна ўбачыць болей, чым аб’ехаўшы цэлы сьвет?

Але вось галоўная праблема: цi будзеш ты ў iпастасi грака памятаць, што ты — гэта ты? А калi не, калi ня будзе прынцыповай розьнiцы памiж табой у новай цялеснай “апранасе” i табой, хворым, крый божа, на хваробу Альцгаймэра, пры якой чалавек страчвае сваю памяць, а значыць, i сваё “я”, калi так, дык цi ня ўсё адно, вернешся ты або не, а калi й вернешся, то хiба iстотна, у чыiм аблiччы: халаднакроўнай вужакi, перапоўненага каханьнем марцовага ката, балотнай п’явiцы або блакiтнага матылька-аднадзёнкі? Не, мабыць, кот усё ж мае перавагi перад вужакай. Але ты рызыкуеш апынуцца ў зачараваным коле, бо мяркуеш пра свае новыя верагодныя ўвасабленьнi выключна з чалавечага гледзiшча. А дзе, скажы, гарантыя, што ў момант свайго сьмяротнага ўкусу вужака не перажывае асалоды й шчасьця, стакроць мацнейшых i шматстайнейшых за твае адчуваньнi пры самым фантастычным аргазьме?

Дарэчы, пра аргазм. Зь якой прычыны табе ў гэты момант зазвычай прагнецца хоць на iмгненьне стаць жанчынаю, каб даведацца, што адчувае таямнiчая iстота, зь якой ты дзелiш ложак? Можа, нiякай мэксыканскай танцоркi напраўду нiколi не iснавала, бо ў адваротным выпадку ты ну хоць нешта, нейкае калiва, але павінен быў бы памятаць. Нельга ж пагадзiцца, што тая белазубая смуглявачка з пышным бюстам i ўсiм астатнiм сваiм-тваiм жаночым багацьцем служыла эталёнам фрыгiднасьцi i за свае пяцьдзясят тры (як паказалi эзатэрычныя таблiцы) вiрлiвыя гады так нiчога i не адчула.

Адзiнае, на што ты катэгарычна не пагаджаешся, — вярнуцца расьлiнаю. Ты згодны зь фiлёзафамi: любая, няхай сабе найпрыгажэйшая кветка ўсё адно асуджаная на паўсоннае, прыкутае да зямлi iснаваньне. А вось непрыкметны камарык — насаты тварык — свабодны: звонiць у свой невiдочны званочак, вырабляе складаныя пiруэты ў сонечным прамяні, сам вызначае сабе шлях i выбiрае ахвяру. Жывёла мае выбар. І ў гэтым сэнсе нябачная воку iнфузорыя, якая займае сабой нейкую тысячную долю кроплi, сапраўды незалежная ад усяго астатняга Сусьвету, а велiчэзны клён, на галiнцы якога яна вiсiць, — несвабодны. Вырасьцi клёнам, каб нейкi піяка пускаў на цябе свой пругкі струмень i яму нельга было даць высьпятка, ты ня згодны. Няхай ужо тады будзе мiкракосм iнфузорыi… (Цiкава, колькi iнфузорыяў затаiлася ў сусьвеце тваёй бiклажкi?)

Блукаючы ад клеткi да клеткi, ад глытка да глытка i ад рэфлексii да рэфлексii, ты настолькi заблытваешся ў iхным багавiньнi, што ледзьве не прапускаеш падзеi, якая нядаўна крыху ўзбунтавала цiхамiрную плынь аднастайных тутэйшых дзён, напоўнiўшы сэрцы жыхароў i наведнiкаў зьвярынымi й чалавечымi пачуцьцямi.

Зрэшты, у здарэньнi няма нiчога неардынарнага: белыя мядзьведзi зьелi дзяўчынку Машу.

Гэтую афарбаваную сьветлым фаталiстычным сумам гiсторыю ты чуеш адразу ў некалькiх сагрэтых чалавечай спагадаю iнтэрпрэтацыях.

Паводле першай, брацiк неабачлiва паставiў сястрычку на верх агароджы, а малой заманулася пагуляць зь “мядзьведзікамi”. Праз хвiлю аматары прыроды ўбачылi, што ласкавыя, амаль плюшавыя “мiшуткi” хацелi есьцi. (Некаторыя заўсёднiкi зьвярынцу ўдакладняюць, што дзяўчынка Маша летась прыехала з бацькамi з Расеi.)

Другая вэрсiя сьцьвярджае, нiбыта дзецi расьлi ў моцна пiтушчай сям’i i брацiк асэнсавана падштурхнуў любую сястрыцу, як часам птушаняты выкiдаюць слабейшых з гнязда, каб самiм мець лепшы наедак.

Прыхільнікі трэцяга варыянту перакананыя, што Маша, ад якой засталiся адны пажаваныя ружовыя майткi, была не такая ўжо малая й пасьпела запусьцiць свае вострыя зубкi ў сакавiты яблык зямных спакусаў, бо хварэла на СНIД i заразiла блiзу сотнi мужчынаў i пару дзясяткаў жанчын i дзяўчынак. Прыгнечаная сумленьнем, пачвара татальнага сэксу i выправiлася ў ружовых майтках на гасьцiны да дружнай сям’i мядзьведзяў, эгаiстычна ня думаючы, што можа заразiць яшчэ й iх.

У апошняга варыянту ёсьць падварыянт, згодна зь якiм перадаць невылечную пошасьць хворая ад нараджэньня Маша, ня ведаючы пра тое, здолела адно свайму каханаму Гошу. Пасьля жахлiвага прысуду мэдыкаў юная пара проста на ганку дыспансэру паклялася разам зьвесьцi падрахункi з жорсткай рэчаiснасьцю, аднак у астатнi момант Гоша выявiў агiдную слабасьць характару i цяпер да скону дзён будзе сьнiць пагардлiвую ўсьмешку на вуснах каханай, пасланую яму ўжо з пашчы паўночнага драпежнiка.

Значна менш прыхiльнiкаў маюць iншыя вэрсii. Напрыклад, што Маша анi не хварэла на СНIД, а легкадумна закахалася й страцiла нявiннасьць у пяшчотных абдымках мясцовага плэйбоя, гнюснага вашывага прадпрымальнiка, якi нават у непаўторныя хвiлiны пяшчоты тэлефанаваў кудысьцi праз мабiльнiк i замаўляў вагон рыбы. Гэты монстар нiколi не дазваляў сабе быць з адной жанчынаю болей за адзiн раз, а крыху экзатычны спосаб самагубства пакiнутая Маша абрала з тае прычыны, што пiсала вершы, а значыць, была натураю артыстычнай i нават у драбязе не цярпела банальнасьцi.

Ты аўтаматычна шукаеш рыфму да слова “мядзьведзь”: “ледзь-ледзь”, “сьмярдзець”… Далей выплывае нешта спрэс непрыстойнае.

Пакуль тое, нейкая цётухна прапануе iншы жаласны сюжэт. Маша чакала дзiця; адпаведная апаратура ўжо паказала, што народзiцца хлопчык, i шчасьлiвая мацi выбрала яму iмя — Саша. Але iмя выявiлася нешанцоўным, бо разьвiцьцё падзеяў атрымала незаплянаваны паварот: Сашаў бацька, якi рыхтаваўся стаць Машыным законным спадарожнiкам жыцьця, прадэманстраваў усiм зацiкаўленым бакам запэўненыя гербавай пячаткаю дакумэнты, адкуль вынiкала, што ён — iнвалiд савецкай армii, дзе хапянуў дозу радыяцыi, якой з гакам хапiла, каб стаць поўным iмпатэнтам i нiколi ня мець дзяцей. “Вось табе й Саша!” — пераможна заявiў iнвалiд савецкай армii й, весела насьвiстваючы расейскую песеньку пра тое, што “Сладку ягоду рвали вместе, горьку ягоду — я одна”, разьвiтаўся з будучай мацi, якая на апошнiя грошы набыла квiток у зьвярынец.

Гэты досыць трывiяльны сюжэт табе чамусьцi не падабаецца: магчыма, шкада Сашу, якога драпежнiкi зьелi разам з Машай, спынiўшы працэс ягонае рэiнкарнацыi на самым пачатку.

Больш сымпатычнай выглядае вэрсiя, паводле якой ахвяра мядзьведжага апэтыту была транссэксуалкай, што пасьля апэрацыi ператварылася ў Мiшу, але аднойчы, i, трэба сказаць, у самы пiкантны й напружаны момант, у скляпаным дактарамi шчасьлiвым арганiзьме неспадзявана пачалася рэакцыя адчужэньня, i трансплянтаваны орган адвалiўся, што й змусiла агорнутага роспаччу Мiшу, зноў перавернутага ў Машу, аддацца на разарваньне белым мядзьведзям.

I, бадай, самае неверагоднае, што ты выслухаў каля вальеры, — нiбыта Маша ня мела анiякага дачыненьня нi да малалетнiх дзяўчынак, нi да няшчасных закаханых i хворых на СНIД, а жыла на вулiцы Калектарнай у тым доме, дзе прымаюць шклатару, i была сямiдзесяцiгадовай бабуляю, якую дзецi i ўнукi выгналi з дому за тое, што ўначы яна моцна храпла й будзiла канарэйку. Вось бабуля i пайшла да мядзьведзяў, бо любiла жывёлаў i рэгулярна падкормлiвала галубоў каля помнiка Ф. Дзяржынскаму. У такi варыянт, пры ўсёй ягонай вонкавай абгрунтаванасьцi, паверыць архiскладана: пералезьцi высокую жалезную загарадку вальеры няпроста нават спрытнай жыцьцярадаснай дзяўчыне ў ружовых майтках, а спагадлiвыя наведнiкi зьвярынцу напэўна засаромелiся б падсаджваць бабулю, уважаючы на ейны век i ўсеагульную павагу, бо Маша штодня па шмат разоў займала чаргу да вакенца прыёму шклатары i брала за паслугу амаль сымбалiчныя ганарары. Наўрад цi бабулi дапамаглi караскацца на агароджу i родныя ёй людзi, таму што, як ты разумееш, яны ня ставiлi задачы кардынальнай лiквiдацыi бабы Машы. Праблема палягала адно ў моцным храпе, i ня выключана, што, жывучы ў натуральных прыродных умовах i на адпаведнай дыеце, бабуля магла хутка перавыхавацца й трыюмфальна вярнуцца ў свае пэнаты на Калектарнай.

Зрэшты, няма нiякай гарантыi, што ўсё гэта — ня больш чым брудныя iнсынуацыi. Рэальнасьць жа перад табою: засраная вальера й зграя прадстаўнiкоў арктычнае фаўны — калiсьцi, вiдаць, сапраўды белых, сытых i поўных мядзьведжае годнасьцi.

Што iм мроiцца ў звыклым галаднаватым паўсьне? Неабсяжная, зiхоткая ў месяцавым сьвятле сьнегавая роўнядзь? Атамны ледакол “Ленiн” на ахопленым паўночным зьзяньнем даляглядзе? Некалькi кашчавых нясмачных палярнiкаў? Ясачка цiкавасьцi й спадзяваньня прачынаецца ў зацягнутых каламутнай плеўкаю вачах адно тады, калi да сталёвых прэнтаў наблiжаецца якая-небудзь таўсмаценькая бестурботная дзяўчынка, што, безумоўна, сьведчыць на карысьць вэрсiяў пра брацiка й сястрыцу.

Цалкам рэальны i разьвязны цынiчны тып у модным чорным палiто i шэрай кепурцы, якi — дарма што вакол дзецi — гучна прапануе паставiць на бэтоннай скале ў вальеры помнiк: вясёлага масянжовага мядзьведзя зь дзяўчынкаю ў зубах. Шэрая кепурка мяркуе, што мядзьведзi заслугоўваюць на помнiк ужо хаця б з тае прычыны, што не пагрэбавалi чалавекам. Чорная фантазiя гэтага суб’екта прыводзiць на ўспамiн iнфэрнальных пэрсанажаў Мiхаiла Булгакава, але сам змрочны Азазэла не дадумаўся б да таго, што лепей бы расейскую дзяўчынку Машу праглынуў пiтон, бо пасьля такога абеду ён сыты цэлых паўгоду, а мядзьведзі ўжо ўвечары таго самага дня са смакам схрумсталi б штук пяць сьвежых дзяўчынак. Апрача таго, калі б Машаю заняўся пiтон, нейкi час яе, цi, праўдзiвей, ейныя дзявочыя абрысы яшчэ можна было б бачыць, што крыху супакоiла б боль незваротнае страты ў душах бацькоў i хлопчыка, якому Маша падабалася.

 
   

Публiка нэрвуецца (маўляў, адкуль толькi бяруцца гэткiя вырадкi) — i абсалютна дарэмна, бо, як вядома, чым вышэйшая генэтычная разнастайнасьць вiду, тым лепшыя патэнцыйныя магчымасьцi яго разьвiцьця.

Суб’ект у чорным палiто прапануе прысутным ушанаваць памяць дзяўчынкi Машы хвiлiнаю маўчаньня й першы здымае сваю шэрую кепурку. Гэта моцны ход, якi адразу змушае абураныя галасы сьцiхнуць.

Але ты выдатна ўсьведамляеш, што нельга дазваляць эмоцыям расцуглiцца. Калi зыходзiць зь магчымасьцi рэiнкарнацыi, гiсторыя зь дзяўчынкай успрымаецца зусiм ня так трагiчна i зь яе лёгка пераключыцца на праблему наступнага Машынага ўвасабленьня. Як i дзе яна вернецца да тваiх сучасьнiкаў цi нашчадкаў? Залатой рыбкаю дзе-небудзь у Тайляндзе або галоднай белай мядзьведзiцай у засранай вальеры пасярод тваёй краiны?..

Тым часам думка зрываецца са звыклай арбiты, i ты пачынаеш разважаць прыкладна так. Калi ў пэўным сэнсе можна казаць пра рэiнкарнацыю жывых iстотаў у герояў мастацкiх твораў, то чаму б не дапусьцiць, што празь нейкi час лiтаратурны герой, у сваю чаргу, уцелясьняецца ў чалавеку або iншай Божай тварыне? Гаротны Муму за ягоныя пакуты няхай бы атрымаў кампэнсацыю ў выглядзе поп-зоркi, а жорсткую барыню варта было б пусьцiць бегаць па памыйках аблезлай сучкай-бесхацiнкай. Хто наагул возьмецца даказаць, што сьвет лiтаратурных вобразаў менш рэальны за наш? Пэўна, не адзiн ты i ня толькi прыкладаючыся да сваёй бiклажкi, заўважаеш, што часьцей не мастацтва насьледуе жыцьцю, а якраз жыцьцё — мастацтву. Дастаткова згадаць авiятараны хмарачосаў у Нью-Ёрку — катастрофу з разраду тых, што значна раней нам ужо паказвалi ў галiвудзкiх фiльмах.

Але цяпер цябе цiкавяць не арабскiя тэрарысты, а мiрныя, вечна недакормленыя мядзьведзi, якiя за месяц апрыходавалi б усiх байцоў бэн Ладэна.

Нейкае яшчэ не да канца ўсьвядомленае жаданьне не адпускае цябе ад вальеры, прымушаючы накручваць вакол яе новыя й новыя кругi.

Паводзiны мядзьведзяў, безумоўна, заслугоўваюць павагi. Яны, як i ты сам, вiдавочна стаяць на тым, што калi ў змаганьнi нельга перамагчы, то неабходна, прынамсi, не паддацца. Яны кiнулi выклiк сваiм турэмнiкам, зьеўшы на падвячорак прадстаўнiцу iхнай пароды, якая, стаўшы дарослай, наўрад цi змагалася б за правы абяздоленых жывёлаў, бо, кажуць, займалася ў школьным гуртку юных натуралiстаў, дзе вучнi звычайна мучаюць небараку-вожыка, здадзеную кiм-небудзь старую чарапаху ды пару анэмiчных вавёрак. Ты сам быў такiм гурткоўцам i добра памятаеш, як лагодную зялёную чарапаху Тарцiлу вы кармiлi газэтамi з партрэтам Хрушчова (што, як нi дзiўна, пайшло ёй на карысьць), а лядашчую вавёрачку пачаставалi аднойчы адмысловымi арэхамi, якiя праз шпрыц начынiлi гарчыцай.

Мядзьведзi пра згаданыя экспэрымэнты, трэба спадзявацца, ня ведаюць. Iх чацьвёра: бацька, мацi й двое нашчадкаў. Ужо па iхных паставах i выгоднасьцi месца, занятага дзеля дзённае дрымоты, ты бачыш, што рэй у сям’i вядзе стары бялун, у якога жыцьцё ў няволi так дарэшты i ня зьнiшчыла прыроднай велiчы. Ты з усё большай павагаю прыглядаешся да патрыярха, бо гэта вiдавочна ён у крытычны момант, маланкава ацанiўшы сытуацыю, прыняў адзiна правiльную пастанову: “Есьцi!”

Твой унутраны краявід ачышчаецца ад туману, i ты разумееш, што прымагнiчвае цябе да вальеры: iмкненьне ўступiць са старым мядзьведзем у кантакт. Табе ўяўляецца, што дзеля гэтага не абавязкова лезьцi да яго (з усiмi непрадказальнымi вынiкамi такой экспэдыцыi). Мо хопiць таго, што ты на iмгненьне спаткаешся зь iм вачыма i, як часам здараецца ў сьвеце людзей, галоўная iнфармацыя будзе счытаная — важна толькi гранiчна сканцэнтравацца й настроiць свой унутраны прыймач на адпаведную хвалю.

Што ты прагнеш даведацца найперш, дык гэта тое, кiм ён хадзiў па зямлi ў мiнулым жыцьцi. Ты мусiш ухапiць нейкую зачэпку, нiтачку, якая дапаможа раскруцiць клубок аналёгiяў i асацыяцыяў. Аднак злавiць позiрк уладара вальеры надзвычай няпроста, бо ён цяпер у абдымках свайго мядзьведжага Марфэя: заснуў на санцагрэi пад штучнай скалой з падазронымi цёмнымi плямамi.

З паўночнага боку вальеры — адтуль, дзе рэзыдэнцыя паўлiна з выскубаным на сувэнiры хвастом, — да скалы можна падысьцi блiжэй. Але чым парушыць цiхамiрны сон белага патрыярха? У кiшэнi твайго палiто — жменя цукерак “Чырвоная Шапачка”. На абгортках якраз тое, што трэба: апэтытная дзяўчынка з кошыкам. (Праўда, на месцы ваўка ты пакрыўдаваў бы, бо яго адсутнасьць на малюнку пахне дыскрымiнацыяй, i застаецца суцяшацца думкаю, што акурат у гэты час ён, воўк, зьмястоўна бавiць час з бабуляю.)

Першая й другая цукеркi не далятаюць, але прыстрэльваньне iдзе ўдала, i ўжо трэцяя “Шапачка” трапляе ў брудна-белы азадак, а чацьвертая й пятая кладуцца на цэмэнт перад самай пысаю соннага драпежнiка. Той падымае галаву — i вось ён, чаканы момант! Вашыя позiркi сустракаюцца, i памiж iмi напраўду ўзьнiкае невiдочны, але жывы, пульсоўны ток, канал сувязi — i яно невыпадкова, бо гэтыя вочы, дзьве сьпелыя чорныя сьлiвiны, — фантастыка! — нiбыта знаёмыя табе, ты ўжо калiсьцi глядзеў у iх, а таму з падвойнай энэргiяй намагаешся выцягнуць з прыцемку сьвядомасьцi свайго белага вiзавi хоць якуюсьцi зьвестку пра ягонае ранейшае, дамядзьведжае жыцьцё.

Неверагодна, але, здаецца, нешта выходзіць, i ты, зьняможаны сэансам сувязi, сядаеш на лавачку каля паўлiна i, апусьцiўшы павекi, пракручваеш сам сабе атрыманы iнфармацыйны ролiк. Чаму б не прызнаць “карцiнку” сыгналам, пасланым тваiм маўклiвым суразмоўцам з тых сховаў, дзе дрэмле пад попелам незьлiчоных гадоў непрадказальная памяць продкаў?

Вогнiшча, яркая нетутэйшая зелянiна, цёмныя расфарбаваныя постацi аголеных людзей, правадыр на ўзвышэньнi — таксама голы, адно са скураным паскам на талii, адкуль, прыкрываючы мужчынскае багацьце, зьвiсае лахман зь нейкiм цьмяна знаёмым з твайго дзяцiнства значком, якi зачаравана разглядвае мурзатае хлапчанё зь сiнiм пяром у жорсткiх чорных кучарах. Ты падкручваеш колца павелiчэньня й бачыш акцябрацкi значок з тварам маленькага, яшчэ бяскрыўднага Валодзi Ўльянава…

Але пры чым тут незабыўны амфiтэатар вашай студэнцкай аўдыторыi й прафэсар з цудоўным рэдкiм iмем Гiлер Мардухавiч, якi аднойчы добраахвотна стаў ардынарным Генадзем Мiхайлавiчам, за што яму напэўна давядзецца заплацiць падатак пры рэiнкарнацыi?

Аўдыторыя, Гiлер Мардухавiч i твой аднакурсьнiк зь яшчэ больш дзiвосным iмем Мбамба (што з афрыканскай перакладаецца прыкладна як “аматар чалавекаў”), зь якiм ты па чарзе смокчаш праз саломiнку “Портвейн розовый крепкий” (0,7 л), захiнуўшы зялёную пляшку чырвоным падручнiкам гiсторыi КПСС. А побач, таксама з саломiнкаю ў зубах, пасмоктвае “Лiдзкае” вялiкая аматарка пiва Маша Тарабанава, што ня толькi круцiла з Мбамбам раман, але i зьбiралася да твайго чорнага сябра на летнiя вакацыi, а потым у ЗАГС, балазе вiрусу СНIДу тады яшчэ не iснавала (прынамсi, у вашых шыротах пра яго ня чулi), а грошай яе каханы не лiчыў i безьлiч разоў паiў упокат увесь ваш iнтэрнатаўскi пакой армянскiм каньяком, а танны партвэйн вы зь iм цадзiлi з тае прычыны, што гэты суворы напой быў для загартаванага сына экватарыяльных лясоў нечым накшталт мiнэралкi. Аднак у апошнi момант Маша, на жаль, перадумала ехаць, бо папаўзьлi недарэчныя, яўна запушчаныя зайздросьнiцамi чуткi, быццам у таго племя, што ўзгадавала Мбамбу, iснуе мудры, асьвечаны стагодзьдзямi звычай зьядаць нявестаў, якiх не ўпадабаюць бацькi закаханага юнака.

Ты робiш зь бiклажкi добры глыток, i пенлiвая хваля ўражаньняў i ўспамiнаў адкочваецца назад, пакiдаючы на беразе сьвядомасьцi выразны сьлед.

Усё выцягваецца ў мудрагелiсты, але цалкам лягiчны ланцужок. Правадыр з акцябрацкім Валодзем Ульянавым у раёне амбiвалентнага органа — гэта тата Мбамбы, хлопчыка зь сiнiм пяром у валасах, які потым дзякуючы левым поглядам таты, перакананага марксiста й героя вайны з калянiзатарамi, атрымаў накiраваньне ў БДУ iмя Ленiна.

Маша Тарабанава так i не нарадзiла Мбамбу сына, якi называўся б Мбамба Мбамба Мбамба Мбамба, бо народ твайго колiшняга аднакурсьнiка трымаецца старажытнага звычаю, калi да сына пераходзiць бацькава iмя, якое проста паўтараецца два разы. Насамрэч твой афрыканскi сябар зваўся, згодна з пашпартам, Мбамба Мбамба, а вось ягоны бацька — той, што насiў у запаветным месцы дзіцячы партрэцiк Валодзi Ўльянава, — быў проста Мбамба, бо, як звалi ягонага бацьку, ня ведала нават мацi Мбамбы. Таму, дарэчы, яго так i ахрысьцiлi Мбамбам (у перакладзе зь іхнай афрыканскай — ня толькi двухсэнсоўнае “аматар чалавекаў”, але i “выблядак”), што, аднак, не зашкодзiла носьбiту гэткага праўдзiвага iмя зрабiцца правадыром свайго свабодалюбнага народу.

Але Маша не прыехала; Мбамба Мбамба на вакацыях засумаваў, узначалiў змаганьне з хеўраю мааiстаў з суседняга племя i, як пiсалi газэты, мужна загiнуў у няроўным баi. Як многае нават у глябальнай iдэалягiчнай барацьбе залежыць ад выпадковасьцi! Каб Тарабанава не купiлася на брудныя чуткi, твая краiна магла б мець сёньня надзейнага хаўрусьнiка на чорным кантынэнце.

Што ж да самiх тых чутак, дык аднаго разу, выпiўшы за кошт народу Мбамбы бутэльку рому “Havana Club”, ты адкрыта запытаўся ў сябра, цi ўваходзiць чалавечына ў мэню ягоных супляменьнiкаў, i твой сябар, бязгрэшнае дзiця джунгляў, асьветленых iдэямi самага перадавога вучэньня, шчыра адказаў, што, як ты i думаў, усё гэта лухта: нiякiх нявестаў, нават белых, у iх не ядуць, i наагул, пасьля заваёвы незалежнасьцi ваяры iхнага племя, даеўшы палонных калянiзатараў i калянiзатарак, урачыста прысягнулi зрабiць крок насустрач забабонам усясьветнай цывiлiзацыi i конча адмовiцца ад ужываньня такога спажыўнага прадукту. Вынятак зрабiлi толькi для Дня незалежнасьцi, калi маленькi Мбамбаў народ чыста рытуальна — так, што не пасьпявае адчуць i смаку, — зьядае некалькiх былых калянiзатараў, якiх ловяць i прывозяць у родныя мясьцiны юнакi зь iхнага племя, што служаць у сталiцы, ходзяць, як i ён, Мбамба, у штанах i ахоўваюць там мiжнародны аэрапорт, у ваколiцах якога найчасьцей трапляюцца былыя калянiзатары, каторых зазвычаена гатаваць з рознымi духмянасьцямi. (Вось чаму Мбамба старанна скупляў у краме насупроць вашага iнтэрнату духмяную грузiнскую прыправу хмелi-сунэлi.)

 
   

Трымаючы ў розуме аднакурсьнiцу Машу, ты на ўсялякi выпадак пацiкавiўся, цi ня ўлетку адзначае народ Мбамбы Мбамбы сваё сьвята вызваленьня. Не, сказаў твой цемнаскуры сябар, на жаль, якраз узiмку, калi ў iх на экватары сэзон дажджоў, а ён здае тут экзамены, i, не здагадваючыся пра падтэкст твае цiкавасьцi, прастадушна дадаў, што, зрэшты, дата Дня незалежнасьцi даволi рухомая i яе ўжо ня раз мянялi праз рэфэрэндумы, прычым кожнае племя краіны, паводле iхнае дэмакратычнае канстытуцыi, мае права правесьцi ўласны рэфэрэндум i вызначыць сабе найбольш зручную дату галоўнага дзяржаўнага сьвята.

Толькi цяпер у зьвярынцы ў цябе мiльгае думка, што акурат у зiмовую сэсiю, калi Мбамба актыўна запасаўся хмелямi-сунэлямi, бясьсьледна зьнiк ваш выкладчык лацiны Бэньямiн Айзiкавiч Пiльман, але ты з палёгкаю сьмяешся, узгадаўшы, што згуба потым усплыла на гiстарычнай радзiме, дзе ўзьнялася ад шараговага савецкага дацэнта да намесьнiка мiнiстра адукацыi. Дый не такоўскi быў Мбамба чалавек, каб есьцi з хмелямi-сунэлямi выкладчыкаў роднага факультэту…

Вось як бывае: прыйдзеш у зьвярынец прыгожа адпачыць, а тут столькi ўсяго абрынецца, што застаецца адно выгадней уладкавацца на лавачцы i, расшпiлiўшы пад амаль вясновымi сонечнымi прамянямi чорнае палiто ды накрыўшы шэрай кепуркаю родную бiклажку, паспрабаваць неяк выбавiцца з гэтага завалу.

Дзеля пачатку ты вырашаеш засяродзiцца на праблеме асабiстае рэiнкарнацыi. Натуральна, што пасьля апошнiх падзеяў ты проста асуджаны “прымерыць” iпастась мядзьведзя, праўда, адразу зарэзэрваваўшы сабе варыянт з айчыннай бурай пародай.

Сьпярша ты ўспамiнаеш усё, што ведаеш пра будучага вiртуальнага ўладальнiка тваёй душы.

Першая згадка — пра дзiцячы садок, дзе перад Новым годам цябе прызначылi мядзьведзем, i мама змайстравала табе ўбор з брунатных штонiкаў, сваёй старой кофты i каптурка з круглымi вушамi. Пад сьвяточнай ялiнкаю кожны зьвер меўся абаранiць свой навагоднi строй — расказаць Дзеду Марозу вершык, атрымаўшы ў вынiку жменю лiпучых цукерак-iрысак. Знайсьцi табе вершык мама папрасiла суседа Грышу — чарнявага, з густымi, як быццам намаляванымi бровамi, габрэйскага хлопчыка, якi ўжо вучыўся ў школе. Грышаў вершык быў кароткi i вельмi табе спадабаўся. Менавiта яго ў патрэбны момант ты i прадэклямаваў Дзеду Марозу:

Миша, серенький медведь,
Научил меня пер…ть.

Наступны — ужо дарослы — верш ты ўпадабаў, чытаючы расейскую лiтаратуру:

Приятно зреть,
Когда большой медведь
Ведет под ручку
Маленькую сучку.

Трэба заўважыць, што героi гэтага ляпiдарнага твору нязьменна выклiкаюць у цябе самыя сьветлыя пачуцьцi.

Затым у тваiх прыгадах iдуць добра знаёмыя ўсiм народныя казкi, сярод якiх адметнае месца, вядома, займае вэгетарыянская гiсторыя пад назваю “Маша i мядзьведзi”. Сёньня ты яшчэ раз пераканаўся, што жыцьцё шматстайнейшае, весялейшае й смачнейшае за самую цiкавую казку. (Вось таксама забаўны нюанс: уплыў казачнага сьвету на рэчаiснасьць. Тая Маша, ад якой ацалелi толькi майткi, магла начытацца казак i паспрабаваць “эміграваць” са сьвету вечна п’яных бацькоў й галоднага брацiка ў тую iдылiю, дзе маленькi Мiшутка амаль ласкава пытаецца, хто еў зь ягонай мiсачкi.)

Ад казак ты плаўна пераходзiш да славутай навэлы Праспэра Мэрымэ “Локiс” — пра графа-пярэваратня, народжанага графiняю, што страцiла розум, адстаўшы на паляваньнi ад сваiх i апынуўшыся ў пяшчотных абдымках мядзьведзя, якi на ўсю поўнiцу скарыстаў свой шанец. Навэла заўсёды была блiзкая табе ня толькi жывым паўнакроўным вобразам графа (каму ты, як i ягонаму лясному тату, па-добраму зайздросьцiў), але i ейнай геаграфiчнаю прывязкаю, бо францускi клясык апiсаў падзеi, што адбывалiся ў братняй жмудзкай частцы Вялiкага Княства Лiтоўскага, а “локiс” у перакладзе з мовы жмудзiнаў i азначае “мядзьведзь”.

Ну, граф з такiм, дарэчы, мiлагучным беларускiм iмем — Мiхал Шэмет — быў экстрэмалам, так шэнцiць ня кожнаму. А яшчэ ты чуў пра сьцiплых шараговых мядзьведзяў, якiя адносна нядаўна так шчыльна насялялi тваю краiну, што ў прыдзьвiнскiх лясах нейкiх 150 гадоў таму паляўнiчыя здабывалi, бывала, за аблаву дзясятак касалапых, нiколi не адмаўляючыся пры гэтым пачаставацца мядзьведжымi секунцамi ды паляндвiцамi.

Гэты экскурс у гiсторыю наганяе на цябе лёгкi сум, i ты паварочваеш да больш памысных рэчаў. Напрыклад, да мэню бурага мядзьведзя. Як табе памятаецца, рацыён у яго, адрозна ад твайго сябра Мбамбы, пераважна расьлiнны: ягады, арэхi, авёс, жалуды, што не выклiкае ў цябе пярэчаньняў, тым больш, у iм ёсьць і спажыўныя прадукты жывёльнага паходжаньня: жамяра, жабы, грызуны, рыбка, капытныя… Хiба не прыемна паласавацца на зайздрасьць французам сьвежай, халодненькай жабкаю, зажаваць жменю ружовых жыцьцярадасных чарвякоў якiм-небудзь сьвежым сусьлiкам, закiнуць за шчаку парачку салодкiх сялявак або курмелiкаў, а на мядзьведжы Дзень Волi можна ўпаляваць казулю, дзiка, а як падфартунiць, то i нешта арыгiнальнейшае…

Усьлед за мядзьведжым мэню з памяцi ўсплываюць зьвязаныя зь iм гiсторыi — чутыя й перажытыя. Бо зусiм побач з тваiм Полацкам — Бярэзiнскi запаведнiк, а там мядзьведзяў болей, чым ува ўсiх разам узятых краiнах Эўразьвязу.

Гiсторыя нумар адзiн — пра старога вясковага настаўнiка бiялёгii. Настаўнiк меў слабы зрок, а таксама пункцiк — нястомна баранiў мурашак, бо лiчыў iх найкарысьнейшымi iстотамi. Iдзе, значыцца, настаўнiк лясной дарогаю i бачыць, як нейкi боўдзiла варушыць мурашнiк. Стары паводле сваёй завядзёнкi наважыў таго боўдзiлу ўлякнуць, каб i дзясятаму заказаў, — падкраўся ззаду ды як раўне: “Ты што, урадзiцель ё…ны, робiш?!”. “Урадзiцель” — брык — i не варушыцца, ды яшчэ ў паветры неяк нецікава запахла. Настаўнiк працёр акуляры — i сам ледзь у штаны не нарабiў: ляжыць побач з мурашнiкам у кучы г… вялiзны мядзьведзь з лапаю ў роце i ўжо ня дыхае. Паласаваўся, называецца, кiсьленькiм…

Або другая гiсторыя. Ходзiць чалавек па грыбах i чуе раптам, як у нетразях штосьцi дзеецца. Падышоў блiжэй, а там мядзьведзь хавае пад ламаччам задзёртую казу, каб сок пусьцiла, бо ён, гурман, любiць мяса з душком… Грыбнiк i вокам не зьмiргнуў, як апынуўся на дрэве. Мядзьведзь, пакуль тое, казу схаваў, паюньдзiў ад задавальненьня на малады баравiк ды рушыў па сваiм зьвярыным клопаце. А чалавек ужо трохi агоўтаўся i касалапаму з дрэва наўздагон: “Мэ-э-э…” Той вярнуўся, адкапаў “заначку”, панюхаў, пакруцiў i так i гэтак ды, супакоiўшыся, закiдаў хлудзьдзём назад. Толькi сыходзiць, а тут аднекуль: “Мэ-э-э…” Мiшка вярнуўся, зноў, але ўжо палахлiва азiраючыся, паўтарыў свае манэўры з козачкай і пасунуўся пацiху ў лес, а грыбнiк трэцi раз: “Мэ-э-э!” I тады мядзьведзь як падмазаў пяты — толькi лес трашчаў.

Трэба сказаць, што размовам пра мядзьведжую палахлiвасьць ты ня надта даеш веры. Найхутчэй гэта — дзеля свайго заспакаеньня — прыдумалi вы, людзi. А калi i сапраўды трапляюцца сярод тваiх будучых братоў баязьлiўцы, дык хапае й надзеленых не абы-якой мужнасьцю й вытрымкай — такiх, як герой трэцяй гiсторыi.

Выходзiць у адной вёсцы пад Лепелем гаспадар на ганак, а ў садзе, проста перад хатаю, сядзiць на яблынi мядзьведзь ды есьць сьпелыя малiнаўкi. Мужык трапiўся няўломак i замест хавацца як гаркне: “Пайшоў на х…!” Але не на таго нарваўся: касалапы адно трохi зьдзiвiўся, а малiнаўкi як цюмрыў, так i цюмрыць. Ужо ўся сям’я з ганку мацюкала ляснога госьця, а той, каб не замiналi вячэраць, усяго што задам да iх павярнуўся, i толькi калi гаспадар пальнуў угару з дубальтоўкi, адно тады твой верагодны лясны суродзiч дазволiў сабе ўлучыцца, так бы мовiць, у дыялёг з чалавекам: зароў, абтрос, схапiўшыся за галiны, усю яблыню, а потым саскочыў долу ды давай шпурляць яблыкамi па хаце, пакуль не павыбiваў усе вокны, што абвяргае пашыраную думку, быццам мядзьведзi дрэнна бачаць. Мiзансцэна з мужным мядзьведзем на яблынi такая выразная, што ты зь цяжкасьцю сьцiраеш яе зь сеткавiны вачэй.

Тым часам зь дзяцiнства выплывае яшчэ адна гiсторыя, праўда, цалкам кнiжная, як i “Локiс”, але нязьмерна жудлiвейшая за расказаную Праспэрам Мэрымэ, бо ў таго дзейнiчалi зьвяры звыклыя й родныя, няхай i зь невялiкiмi адхiленьнямi ад нормы: ну, маглi там заняцца любоўю з графiняю або перакiнуцца ў чалавека i назад, што на гэтых тэрыторыях, спрадвеку ўпадабаных ваўкалакамi, — навiна невялiкая.

У восьмай клясе ў зашмальцаваным зборнiку фантастыкi ты прачытаў аповед, якi ўразiў цябе так глыбока, што ты зноў, як маленькi, не хацеў заставацца дома адзiн, баяўся цемры, але, на шчасьце, не пачаў зноў сiкацца. У аповедзе вялося пра сакрэтную лясную лябараторыю, дзе вучоныя стварылi мядзьведзяў, надзеленых магутным iнтэлектам, якія, быццам семкi, лускалi задачы з вышэйшай матэматыкi, распрацоўвалi абаронныя праграмы, а ў рэдкiя хвiлiны адпачынку з грасмайстарскай лёгкасьцю ставiлi маты сваiм прафэсарам, а пасьля i самiм шахматным мэтрам, якiх прывозiлi ў лябараторыю на трэнiнгi. Потым ад вялiкага розуму ў экспэрымэнтальных мядзьведзяў стала выкочвацца поўсьць, на лбах зьявiлiся амаль чалавечыя плехi, а крыху пазьней, калi чатырохногiя iнтэлектуалы асвоiлi людзкую мову, яны зьелi ўсiх высакачолых прафэсараў, выпiлi за iхную сьветлую памяць у лябараторным бары i закусiлi аховаю, а ў час дэсэрту акурат пад’ехалi на чарговы турнiр грасмайстры, якiм мядзьведзi сумленна прапанавалi згуляць на жыцьцё, i хоць шахматысты згадзiлiся, шанцаў нiхто зь iх ня меў. Пераможцы турнiру разьбеглiся па навакольных лясох дзеля блiжэйшага знаёмства зь мясцовым жыхарствам, але адразу адчулi сябе дыскамфортна, бо тубыльцы кепска гулялi ў шахматы, ня ведалi вышэйшай матэматыкi i не маглi забясьпечыць iнтэлектуальныя запатрабаваньнi былых паддосьледных, што выклiкала ў апошнiх абгрунтаваную ўквеленасьць i не спрыяла рацыянальнаму харчаваньню.

Пакуль згадваеш дзiцячыя страхi, у атмасфэры зьвярынцу штосьцi адбываецца — ты фiзычна адчуваеш разьлiтыя ў паветры хваляваньне, трывогу, напятае да тонкага звону чаканьне.

Зьверыну пачынаюць кармiць.

 
   

Твой сусед, абскубаны паўлiн, атрымлiвае тры жменi крупаў. Мядзьведзям прыносяць брудны тазiк рыбы. Выгляд i памер пайкi непазьбежна наводзяць на думку пра злоўжываньнi службовым становiшчам.

Мядзьведзi прынiжана падымаюцца, адзiн гаспадар вальеры гiдлiва паварочвае галаву ў процiлеглы бок. Ты таксама адварочваешся, аднак зь iншае прычыны: яда — працэс зусiм не публiчны, а выключна асабiсты. Як, напэўна, пакутуюць зьвяры, змушаныя штодня кармiцца навiдавоку ў зайздросьлiвага натоўпу гледачоў! (У выпадку з Машай было тое самае, адно што ўдалося зьменшыць цiкаўную зграю на аднаго гледача.) Пiтону лягчэй: добра падсiлкуешся i да наступнага абеду — цэлы месяц.

Яда, безумоўна, рэч iнтымная. Невыпадкова мужчына запрашае жанчыну разам павячэраць: ад супольнай трапэзы недалёка да супольнага ложку. Калi ты ясi з кiм-небудзь, робiшся яму амаль як брат. Каб ты разам зь мядзьведзямi зьеў Машу, стаў бы для iх сваiм i мог бы цяпер гэтаксама выцягнуцца пад скалой. Або калi б у касалапай кампанii пераведаў адвячоркам на Радаўнiцу вясковыя могiлкi, дзе на кожным грудку стаiць чарка з размаiтымi закускамi, якiмi спрадвеку любяць у гэты дзень частавацца пасьля людзей полацкiя мядзьведзi, памiнаючы чалавечых, а мо й сваiх продкаў.

Дарэчы, на тваiм жыцьцёвым шляху ўжо была магчымасьць разьдзялiць зь мядзьведзямi харч.

Калi заплюшчыць вочы i падставiць твар сонцу, вельмi лёгка аднавiць палескi ляндшафт, хуткую Гарынь i ваш памаранчавы намёт на беразе. Надвечар на тым баку глыбокай, але вузкай ракi зь лесу выйшаў мядзьведзь. Буйны, ахайны i бадзёры, ён годна рэпрэзэнтаваў сваю папуляцыю, а накiроўваўся, найверагодней, на недалёкi пчальнiк, з гаспадаром якога меў гешэфты.

Аматар мёду ў роздуме пазiраў на намёт i нетутэйшую публiку, што заступiла яму дарогу. Роздум доўжыўся, пакуль з-за павароту не паказалася, выючы сырэнай, баржа-самаходка, якія тады яшчэ нястомна шнуравалі па Гарыні. Мядзьведзь нехаця адступiў у прыбярэжны падлесак, аднак у сутоньнi зьявiўся зноў i, дэманструючы паважнасьць намераў, наблiзiўся да самае вады, прычым нават пакратаў яе лапаю.

Замест таго каб прасякнуцца клопатам ляснога брата, вы расклалi каля намёту вялiкае вогнiшча, але iмпэту зьбiраць i падкiдаць у агонь дровы вам хапiла ўсяго гадзiны да другой ночы, а тады, захмялелыя ад крынiчна чыстага паветра, а таксама ад аднаго чысьцюткага, як сьляза, прадукту аўтахтоннага вырабу, вы дружна ўзялiся важыць носам табаку. Мядзьведзь стаiчна чакаў i быў узнагароджаны: перш чым залезьцi ў намёт ды адключыцца, вы яшчэ здолелi скарэктаваць бураму падарожнiку маршрут, пакiнуўшы яму на пнi за сотню мэтраў убаку бохан “нарачанскага” хлеба i пару бляшанак са згушчонкай. Ранiцой пачастунак зьнiк, а вiльготны прыбярэжны пясок зьбярог выразныя, надзiва падобныя да чалавечых пяцiпалыя сьляды. Нехта з вас, памятаецца, узгадаў з гэтае нагоды паданьне, што даўней мядзьведзi былi людзьмi, а можа, i наадварот.

Пад ракурсам сёньняшнiх падзеяў тая прыгода выглядае зусiм iначай. А што калi ты страцiў унiкальную магчымасьць твар у твар сустрэцца з сваiм будучым увасабленьнем, пасьля чаго твой лёс мог бы крута зьмянiцца, i, верагодна, ты даўно ўжо перажыў бы рэiнкарнацыю…

Наастачу — апошняя зь вядомых табе “мядзьведжых” гiсторыяў, зноў, як i першая, пра пэдагога: гэтым разам пра настаўнiцу расейскай мовы, прысланую ў заходнебеларускую каталiцкую вёску. Тая сьцiплая працаўнiца на нiве народнай асьветы несла цёмнаму тамтэйшаму люду сьвятло свайго “великого и могучего языка”, несла ахвярна й самааддана, але нядоўга: у сьцюдзёную калядную ноч на сьнезе ў беларускiм лесе ад жанчыны-пэдагога засталiся толькi сьпярэшчаныя “двойкамi” вучнёўскiя сшыткi ды арэнбурская пуховая хустка. Пазьней мужная выкладчыца стане гераiняю баляды папулярнага айчыннага барда, але там, як i ў кожным мастацкiм творы, ёсьць прынамсi дзьве невялiкiя недакладнасьцi: насамрэч настаўнiцу прыслалi ня зь Бiйску, а з Валакаламску, а зьелi яе на сьвяточную вячэру не нацыяналiстычна настроеныя санiтары лесу — ваўкi, а мядзьведзi-патрыёты, што ты павінен канстатаваць з пачуцьцём глыбокага чалавечага смутку, мiмаходзь заўважаючы памiж настаўнiцай расейскай мовы i расейскай дзяўчынкаю Машай нейкую лёгкую мiстычную сувязь.

Згадка пра прыежджую здалёк выкладчыцу братняе мовы наводзiць на думку пра падарожжы, якiя, пакуль ты ў чалавечай iпастасi, займаюць у тваёй гiерархii каштоўнасьцяў надзвычай высокае месца — напэўна, з тае прычыны, што адзiн з тваiх продкаў належаў да вандроўнага цыганскага племя. (Мiж iншым, якраз цыганы, паводле згаданага нядаўна палескага паданьня, i былi раней мядзьведзямi або мядзьведзi былi цыганамi.)

Нарадзiўшыся ў бурай шкуры, ты вiдавочна атрымаеш прынцыпова iншыя магчымасьцi вандраваць па сьвеце. З аднаго боку, здымаецца з парадку дня пытаньне фiнансаў, затое з другога, падарожнiчаць давядзецца на сваiх чатырох, што, зрэшты, больш пазнавальна й карысна для здароўя. Гэта значыць, вырушыўшы ўвесну з-пад Менску і перасоўваючыся пераважна начнымi перабежкамi, Каляды можна будзе сустрэць недзе пад Лiсабонам. Паглядзіш, як жывуць твае заходнеэўрапейскiя суродзiчы, а мiмаходзь высьветлiш, на якой мове яны гавораць: цi то на адной — незалежна, з-пад Докшыцаў паходзiш цi з-пад Жэнэвы, — цi то ў кожнай краiне мова свая, а для мiжнародных сувязяў iснуе нейкi мядзьведжы “iнглiш”.

Але цiкава, як ты зьбiраешся перасякаць дзяржаўныя межы i найперш — надзейна перакрытую заходнюю мяжу тваёй дзяржавы, патрыётам якой ты, верагодна, застанешся i ў мядзьведжай iпастасi? Пэрспэктыва быць расстраляным на кантрольнай паласе як пераапрануты вораг сваiмi ж хлопцамi зь зялёнымi пагонамi цябе прываблiвае мала.

Застаюцца падарожжы праз слаба кантраляваныя ўсходнiя рубяжы краiны, на якiх дзеля пачатку варта будзе наладзiць абсьледаваньне вашага колiшняга этнiчнага абшару, што на ўсходзе сягае, як вядома, далёка за Смаленск. На поўнач дарога таксама адкрытая: з полацкiх лясоў за тыдзень ты, ня надта сьпяшаючыся, дасягнеш запаведнага пушкiнскага Мiхайлаўскага, затрымаешся на колькi дзён у тых паэтычных мясьцiнах, каб сустрэць для натхненьня якую-небудзь сваю Машу або, на горшы выпадак, Арыну Радзiвонаўну, i рушыш далей, на Лугу й Санкт-Пецярбург — шляхам, якi не адолеў напалеонаўскi маршал Удыно i якi некалi ў адваротным кiрунку мераў штолета сваiмi шырокiмi крокамi твой знакамiты суайчыньнiк i зямляк Ян Баршчэўскi, што меў сантымэнт да мядзьведзяў, а таму, мяркуючы па шматлiкiх пасьпяховых вандроўках празь лясы, карыстаўся выдадзенай iмi “ахоўнай граматай”.

Ну, здаецца, з праблемамi i рацыёну, i бязьвiзавых падарожжаў ты збольшага разабраўся, але непазьбежна паўстае новая, ня менш хвалявальная — зiмовая сьпячка.

Неабавязкова быць яйкам на патэльнi, каб уявiць, як атрымлiваецца яечня. Ты ведаеш рэсурсы свайго цела i духу i цешышся iмi, як музыка-вiртуоз радуецца роднаму iнструмэнту, цалкам усьведамляючы ягоныя магчымасьцi. Ты ўяўляеш, як надыходзiць верасень. Ты ўжо дасхочу наеўся сунiцаў, чарнiцаў, малiнаў і тваiх улюбёных буякоў-дурнiцаў. Натуральна, што, паводле спаконвечнай мядзьведжай традыцыi, сам ты ягадаў не зьбiраў, а цярплiва чакаў, пакуль ягаднiцы набяруць поўныя вёдры, потым па-гаспадарску палохаў руплiвых жанок i спакойна ласаваўся сумленна заробленым дэсэртам, а калi хтосьцi не пагаджаўся з законнай экспрапрыяцыяй, твой абед рабiўся больш разнастайным.

Назапашаны за лета тлушч адпалiруецца восеньскiмi арэхамi й жалудамi, тузiнам гладзенькiх грызуноў i, калi пашанцуе, кiм-небудзь яшчэ, але гэта ўжо твая гастранамiчная таямнiца. Урэшце трэба ладзiцца на сон; як сьлед адаспацца за зiму — любата, i тут бурыя мядзьведзi маюць велiзарную перавагу перад сваiмi белымi сваякамi, бо на радзiме ў апошнiх такi калатун, што асаблiва не разасьпiшся. А добры здаровы сон, як пiсаў нехта з клясыкаў,— найлепшая страва на банкеце жыцьця, пагатоў, гэтая страва павялiчвае працягласьць самога банкету. Мядзьведзь у сярэднiм жыве гадоў дваццаць, але калi шанаваць сябе i паўнавартасна адпачываць ва ўтульным, высланым iмхом бярлогу ад падарожжаў, дзяўчынак Машаў ды iншага летняга клопату, то можна, вiдаць, дацягнуць i да трыццацi.

У тваёй лясной старонцы кожны сабака ведае, што працiраць вочы й выходзiць пасьля зiмы на людзi ў мядзьведзяў зазвычаена на Зьвеставаньне, якое, паводле грыгарыянскага календару, прыпадае на 25 сакавiка. Такiм чынам, атрымлiваецца падвойнае сьветлае сьвята, што проста вымагае зьесьцi на полудзень каго-небудзь больш iстотнага за сусьлiка.

Аднак вось што архiважна: цi сьпiць з табою твая мядзьведзiца, а як сьпiць, то колькi прыкладна разоў вы прачынаецеся, каб коштам назапашаных калёрыяў аддацца любовi i зноў, пяшчотна абняўшыся, адчалiць у спакойнае мора мядовага сну, дзе цябе чакаюць зялёныя выспы, густа населеныя разнастайнай спажыўнай фаўнай i нечаканымi прыгодамi.

Дык усё ж цi сьпiць разам з табою твая бурая, зь белаю плямкай на грудзёх сяброўка?

Зразумела, чаму глуха маўчаць пра гэта энцыкляпэдычныя даведнiкi савецкага часу, калi сэксу не было нi ў гарадох i вёсках, нi ў неабсяжных палёх і лясох тваёй шчасьлiвай радзiмы. Але ж неяк ты зазiрнуў у энцыкляпэдыю часоў незалежнасьцi й высьветлiў, што там праблема па-ранейшаму пакiдаецца за кадрам. Калi твая мядзьведзiца i сапраўды ўзiмку смокча лапу асобна — яўны непарадак, i ты яшчэ падумаеш. Вядома, ад устрыманьня яшчэ нiхто не памёр, але нiхто i не нарадзiўся…

Ты ўздрыгваеш, адчуўшы на плячы нечую цяжкую руку або лапу. Не, гэта не гаспадар вальеры, а ўсяго толькi працаўнiк зьвярынцу — дзяцюк з круглымi шчокамi ды яшчэ не зусiм шызым носам (фiзіягномiка падказвае, што наступнага разу ён можа нарадзiцца хамяком).

Зьвярынец зачыняецца? Тады ў цябе адна невялiкая просьба: вось грошы, няхай белыя мядзьведзi зьядуць заўтра лiшнiя дзесяць кiляграмаў добрага мяснога фiле, толькi скажыце, калi будзе кармленьне, каб прыйсьцi парадавацца разам зь iмi.

I апошняе: чаму пустуе клетка бурых мядзьведзяў? Былi на кiназдымках? Чаму былi?

Верагодны хамяк напружана маўчыць. Здаецца, яшчэ крыху, i будзе чуваць, як у ягонай галаве варушацца думкi. Нарэшце ён зьбянтэжана мармыча пра няшчасны выпадак з рэжысэрам. Толькі рэжысэрам. Значыцца, апэратара чатырохлапыя акторы пакiнулi, каб той мог зьняць фінальныя кадры жыцьця свайго калегі?.. Лягiчна.

Аднак табе ўжо бракуе часу ацанiць атрыманыя наастачу ўсьцешлiвыя зьвесткi. Зь няўхiльнасьцю навальнiчнае хмары насоўваецца хвiля, якой ты чакаў i баяўся.

Трымаючы ў руцэ бiклажку з апошнім глытком, ты падыходзiш да тоўстых жалезных прэнтаў мядзьведжае вальеры, i тваё сэрца падае ў глыбокую студню. Але не ад страху: стары белы мядзьведзь падымаецца i, з годнасьцю пацягнуўшыся, таксама iдзе да агароджы. Дзьве сьпелыя чарнасьлiвiны знаходзяць твой замглёны блакiтнай сьлязiнаю позiрк, i час спыняецца.

Бывай, стары бялун! Самае лепшае, што твой маўклiвы суразмоўца мог бы зрабiць зараз для цябе, — пералезьцi праз загародку, каб ты зь сям’ёю яго зьеў. Магчыма, калi-небудзь так i станецца, але пакуль у яго, уладальнiка шэрай кепуркi i блiскучай бiклажкi, яшчэ ёсьць колькi справаў, што вымагаюць чалавечае iпастасi. I калi гэта ня плён запаленай фантазii, калi ў мiнулым жыцьцi ты сапраўды вучыўся ў БДУ iмя Ленiна, ведай: гэты белы чалавек нiколi не забудзе нi смаку “Портвейна розового крепкого” праз саломiнку, нi Машы, якая, пасьля тваёй гераiчнай сьмерцi ў баi з афрыканскiмi мааiстамi, атрымала вольную, нi таго, што Мбамба быў добрым сынам i нiколi, нават пасьля трэцяй пляшкi, не гуляў, як легкадумныя белыя аднакурсьнiкi, у карты на штаны, бо трымаў у памяцi запавет бацькi, героя барацьбы супроць калянiзатараў i аматара вострых прыправаў: толькi штаны адрозьнiваюць адукаванага чалавека ад дзiкуна…

Жалезная брама зьвярынцу зь мiлагучным рыпеньнем зачыняецца за табой. Ты адчуваеш, што хочаш сказаць сваiм дзьвюхногiм братам-людзям нешта важнае. Ты хочаш сказаць iм, каб заўсёды памяталi: выходзячы са зьвярынцу, радуйцеся, што можаце вярнуцца сюды ня толькi наведнiкамi.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (21) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 12-11-2002