A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (21) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
СЯМЁН БУКЧЫН | |||||
|
Сямён Букчын |
(нар. 1941) — літаратуразнаўца, публіцыст. Дасьледчык беларуска-расейскіх літаратурных сувязяў. Аўтар кнігі “Польскі дзёньнік” (“Энцыклапедыкс”, 2002). У “ARCHE” № 6-2001 была надрукаваная гутарка Сямёна Букчына з Сакратам Яновічам. |
“Русская книга” Сяргея Дубаўца — гэта спроба адказаць на пытаньне, чаму так атрымалася. Яна, дарэчы, стваралася менавіта з такой задачай. Анатацыя паведамляе, што кніга “составлена из текстов, написанных автором в середине 90-х для периодических изданий, выходящих на русском языке...” Ня ведаю, можа быць, аўтар сапраўды кіраваўся менавіта гэтым прынцыпам, але сама кніга (прынамсі, значная частка яе аб’ёму) успрымаецца як рознабаковая трактоўка расійскага фактару і ў далёкай, і ў сучаснай гісторыі Беларусі, пакуль укаранаванай кіраваньнем Лукашэнкі. Амплітуда разваг С. Дубаўца надзвычай шырокая — ад чыста эмацыйнай эсэістыкі да гістарычнага аналізу з прэтэнзіяй на строгасьць развагаў, што адлюстравалі веру, адчай і нават разгубленасьць аўтара, які шукае найбольш пераканаўчую аргумэнтацыю. У эсэ “Среда и кровь”, якое пачынае кнігу, зь відавочным выклікам гаворыцца: “Кровь — наша общность. Которая отделит нас от среды”. Можна ўздрыгнуць ад вельмі блізка наяўных аналёгіяў, калі не прачытаць далей: “Язык — это кровь наших предков”. Аўтар не жадае, ня можа быць “минским русским — голосом среды”, ён прагне вырвацца з гэтага “гиблого болота”. Ён ведае, што “национализм — хищный зверь”. Але ён ведае і тое, што “лучший контроль — свобода”. “Посмотри, — зьвяртаецца ён да суразмоўцы, — как все более подконтрольными становятся мои слова. Я как будто обмяк от своих принципиальных признаний”. Але за гэтай мяккасьцю, за гэтай больш чым зразумелай інтэлігенцкай рэфлексіяй устае досьвед доўгіх кніжных штудыяў, адчайных спрэчак найперш з самім сабою. “Почему мы не стали русскими” — так называецца артыкул, прысьвечаны разбору даўно забытага, надрукаванага ў 80-я гады XIX стагодзьдзя сачыненьня Н. Ланской “Обрусители. Роман из общественной жизни Западного края”. Высновы аўтара гучаць як прысуд: “Потому что вместо русской природы, языка, культуры нам предлагались природа, язык и культура чиновнические. Мы, народ, превращались не в русских, а в денационализированных чиновников — вбирая в себя эту психологию, этот тип достоинства и ценностей. Они входили в нас не вместо нашей белорусской сути, а лишь потеснив ее, приглушив своим объемом, своей массой. Мы так и не почувствовали ничего русского в себе, называя этим словом лишь цепь своей зависимости от системы, а не пуповину, которая могла бы связывать нас с национальной жизнью соседней страны”. Можна, вядома, паспрачацца з аўтарам і ўказаць яму на словы Максіма Багдановіча (1916 г.) пра тое, што “печать русской культуры лежит на духовном творчестве любого народа России, она является для них общей почвой, сближая содержание их культур, их идейных и литературных течений”. Можна дадаць, што акрамя “культуры чиновничества” прапаноўвалася і іншае — Дастаеўскі, Талстой, Чэхаў... |
Але пытаньне ж у іншым: “Почему мы не стали русскими?” Урэшце, праблема ня ў тым, каб лішні раз выкрыць “імпэрскага монстра” ці ўпасьці ў ягоныя братэрскія абдымкі (тут варта мець на ўвазе, што тэме “гістарычных рахункаў” у кнізе прысьвечаныя артыкулы “Семейный спор” і “Братский пепл”, нагодай для напісаньня апошняга сталі перасьледаваньні ўладамі кнігі Ўладзімера Арлова “Рассказы по истории Беларуси для младших школьников”). Для С. Дубаўца значна істотней зразумець нацыянальны шлях як рух да свабоды. Ён так і фармулюе: “Насколько белорусский путь — это путь к свободе?” Тут аўтару не ўдалося абысьціся бязь містыкі. Стагодзьдзямі перакочваліся праз краіну хвалі маскоўскай і польскай экспансій, затым саветызацыя-камунізацыя-русіфікацыя, зьнішчана ўсё, у тым ліку “деревня — космос нации”. І тым ня менш, “несколько лет назад белорусы вновь стали появляться на арене событий, начав было исчезать уже окончательно”. І больш за тое — беларусы ўжо “несут свободу в своих генах”. Аўтар, безумоўна, перабірае. Але гэты патас зразумелы — пісалася ж на пачатку 90-х, калі прыйшла, нечакана, як дарунак зь нябёсаў, звалілася сувэрэннасьць, нацыянальнае шчасьце здавалася так блізка... Але вельмі хутка з-пад рамантычнага ўбраньня беларускай Свабоды стала выглядаць нейкае Нячыстае Рыла, і наш публіцыст адчуў вострую неабходнасьць увасабленьня “белорусской идеи как идеи лучшего человека”. На жаль, а можа, і на шчасьце, нічога новага: “Национальная идея овладевает массами, благодаря стремлению каждого человека приобщить себя к элите, к моральному большинству, к сообществу порядочных людей. При этом национальный идеал остается недостижимо высоким”. Дзе ж гэта шукаць? Аўтар ведае пэўна: “Поэтому в поисках национального стереотипа порядочности мы, городские, поедем в деревню. В испохабленную председателями-паханами, разграбленную, отселенную. И все-таки еще живую... Не даром ведь так держались за деревню белорусские писатели всех времен. Правда, так и не добились они одного — не создали из деревни святыню, моральный кодекс нации”. Мне зусім не падабаецца вядомая фармулёўка пра “ідыятызм вясковага жыцьця”. Але, далібог, вельмі дзіўны гэты патрыярхальны заклік аўтара, які наважыўся аспрэчыць крэда беларускай нацыі — верш Янкі Купалы “А хто там iдзе?” Мабыць, упершыню ў Беларусі сказана, што знакаміты радок “Людзьмi звацца” не зьмяшчае “Задачи и Выхода”. Аспрэчаны й сам заклік: “А что, мы и так не люди?” Вёска як асяродак нацыянальнага духу? Нічога ня маю супраць, бо хто ж ня ведае, што “ўсе мы з хат...” |
Але ці не адтуль, ці ня зь вёскі той выбітны дэмагог, што вось ужо восем год душыць Беларусь? Ці не яна, вёска, цёмная і забітая, як і дзьвесьце гадоў таму, дае яму галасы і рэйтынгі? Напэўна, аўтар меў на ўвазе іншую вёску, нейкія, кажучы ягонымі словамі, “уцелевшие гнезда человечности”. Але не яны — на жаль — вызначаюць сёньня рух стрэлкі палітычнага баромэтру ў Беларусі. Зрэшты, аўтар і сам разумее гэта, таму й накочваецца пэсымістычная хваля: “Поэтому ничто никуда не движется, и все только ждут: кто внешнего воздействия, кто провидения, кто окончательного крушения экономики, например”. І як не зразумець, як не падзяліць гэтай аўтарскай горычы: “Жаль этих дней и лет, посвященных всеобщему ожиданию. Жаль жизни — большой и малой, которая не складывается, потому что нет под нею твердой основы. Нет принципов”. Але тым даражэйшы пошук саміх прыцыпаў. Адзін з найважнейшых для аўтара — у сьвяткаваньні 25 сакавіка Дня Волі. “Начало республики”. Дзень, які “будет отмечаться всегда, независимо от того, утвердит его очередная власть или нет”. І, як гэта заўсёды бывае ў жыцьці, расчараванасьць, стомленасьць, сум зьмяняюцца надзеяй. Аўтар бачыць, што новы этап нацыянальнага адраджэньня зьвязаны з “открытым противостоянием режиму”. Шматтысячны Марш Свабоды ўвосень 1999 г. у Менску — жывое таму пацьверджаньне. Сама ж улада Лукашэнкі, перакананы С. Дубавец, гэта ня больш чым “дань недалекому прошлому, с которым психологически трудно распрощаться”. Так, разьвітаньне, відавочна, зацягнулася. Але яно ідзе. І тая ж урэшце згалелая вёска ўжо ня так адназначна ўспрымае свайго куміра й дабрадзейніка. І само жыцьцё вакол, досьвед такой блізкай аўтару “Русской книги” Літвы (артыкул “Вильня — Wilno — Vilnius”) пераконваюць: беларуская цемра павінна разьвеяцца. Хаця гэты аптымізм не выключае іншых складанасьцей, якія штодня ўзьнікаюць у сёньняшнім сьвеце. Натуральна, усё не адбудзецца само сабой. Беларус мусіць дзейнічаць. А гэта значыць, што пошук беларускага шляху, беларускай ідэі будзе працягвацца.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (21) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |