A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (21) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
УЛАДЗІМЕР КАЛУПАЕЎ | |||||
|
Уладзімер Калупаеў |
(нар. 1975) — супрацоўнік Навукова-дасьледчага эканамічнага інстытуту Міністэрства эканомікі. Аўтар дысэртацыі па мэханізьме валютнага рэгуляваньня ў Беларусі (2002). |
Эканамічны механізм атрымання выгадаў ад удзелу ў валютным саюзе Удзел краін у валютным саюзе дае ім непасрэдныя эканамічныя выгады. Лічыцца, што перадача эмісійных паўнамоцтваў у наднацыянальны орган, а дакладней у Цэнтральны надрэгіянальны банк, дазваляе больш паспяхова змагацца з інфляцыяй, а гэта, у сваю чаргу, вядзе да зніжэння працэнтных ставак па крэдытах. Далей — уваход у кола доўгатэрміновага няспыннага эканамічнага росту: павелічэнне інвестыцыяў — павелічэнне тэмпаў эканамічнага росту і даходаў насельніцтва — павелічэнне збору падаткаў — памяншэнне бюджэтнага дэфіцыту — скарачэнне інфляцыі — далейшае памяншэнне працэнтных ставак па крэдытах і г.д., па новым коле. Увядзенне еўра стварыла яшчэ адну рэчаіснасць, актуальную для краін, што мяжуюць з Еўрапейскім валютным саюзам: пры наяўнасці стабільнай рэгіянальнай валюты трэцім краінам, якія знаходзяцца па суседстве, але не ўвайшлі ў валютны саюз, становіцца нявыгадна і немэтазгодна захоўваць надалей сваю нацыянальную валюту. Да таго ж, чым больш адсталая эканоміка краіны, тым складаней і даражэй падтрымліваць уласную нацыянальную валюту: неабходна траціць валютныя рэзервы для падтрымання стабільнасці абменнага курсу і канверсоўнасці нацыянальнай валюты, але самае галоўнае — не ўдаецца вырашыць праблемы інфляцыі і даводзіцца прытрымлівацца высокіх працэнтных ставак. Усё гэта негатыўна ўплывае на інвестыцыйную актыўнасць і канкурэнтаздольнасць нацыянальнай эканомікі. У дачыненні да нашай краіны гэта азначае, што калі ў доўгатэрміновай перспектыве еўра стане стабільнай міжнароднай валютай, постсацыялістычным краінам з пераходнай эканомікай, у тым ліку ўсімі еўрапейскімі краінамі СНД, улучна з Беларуссю і Расіяй, будзе нявыгадна захоўваць свае нацыянальныя валюты. Такі стан рэчаў, калі краіны з нязначным эканамічным патэнцыялам, г.зн. удзельнай доляй нацыянальнай эканомікі ў сусветнай вытворчасці і экспарце, актыўна спрабуюць выкарыстоўваць свае не зусім стабільныя і канверсоўныя нацыянальныя валюты для абслугоўвання знешнеэканамічных сувязяў краіны, супярэчыць тэндэнцыям развіцця сусветнай сістэмы міжнародных эканамічных стасункаў. Таму цалкам заканамерна, што толькі каля 10% разлікаў па замежнаэканамічных аперацыях Беларусі ажыццяўляюцца ў беларускіх рублях (у Расіі і іншых краінах СНД вага такіх разлікаў у нацыянальнай валюце мае падобную велічыню). Калі абапірацца на сучасную эканамічную тэорыю і браць пад увагу аб’ектыўнасць працэсу глабалізацыі сусветнай эканомікі (можна параўнаць з працэсам індустрыялізацыі ХІХ—ХХ ст.), адна з формаў якога — міждзяржаўная палітычная, эканамічная і валютная інтэграцыя ў розных рэгіёнах свету, вынікае, што пры пэўных умовах выгадна і мэтазгодна адмовіцца ад правядзення самастойнай грашова-крэдытнай і валютнай палітыкі. |
Выхад “нацыянальнай валюты” з сімвалаў незалежнасці краіны У эканамічнай навуцы паступова адбываецца трансфармацыя паняцця валютна-эканамічнай бяспекі краіны Усе болей набывае распаўсюджанне меркаванне, што ліквідацыя нацыянальнай валюты не вядзе да страты дзяржаўнага суверэнітэту, а наадварот — мацуе незалежнасць краін валютнага саюзу. Тлумачыцца гэта тым, што дзяржава, будучы саўладальнікам міжнароднай валютна-фінансавай сістэмы і міжнароднай валюты, набывае рэальную эканамічную моц для адстойвання нацыянальных эканамічных інтарэсаў у сусветнай гаспадарцы і здольнасць больш уплываць на працэсы пераразмеркавання сусветных рэсурсаў. Фінансавая сістэма ўжо даўно ператварылася ў магутны сродак забеспячэння гаспадарчага суверэнітэту і рэалізацыі нацыянальных эканамічных інтарэсаў, таму многія краіны шукаюць усё новыя формы мадэрнізацыі фінансавай сферы. У краінах з адкрытай эканомікай валютная палітыка даўно ператварылася ў найважнейшы інструмент інтэграцыі лакальнай эканомікі ў сусветную гаспадарку, а міжнародная валюта разглядаецца як кандэнсаванае спалучэнне нацыянальных эканамічных інтарэсаў розных краінаў, сярод якіх трэба знайсці і адстаяць уласны інтарэс. Такім чынам, неабходнасць інтэграцыі валютнай сістэмы Беларусі ў сусветную валютную сістэму не выклікае сумневу. Сёння ў ізаляцыі немагчыма дабіцца прагрэсу, бо гэта супярэчыць сучасным глабальным працэсам развіцця гаспадаркі. І краіна, якая стала на такі шлях, паводле трапнага выразу Г. Калодкі, “рызыкуе выпасці з другога свету ў трэці” (тамсама). |
Расія і СНД Інтэграцыйныя працэсы на прасторы СНД і шчыльная валютна-эканамічная інтэграцыя ў межах саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі (далей СБР) не супярэчыць працэсам міждзяржаўнай палітычнай, эканамічнай і валютнай інтэграцыі ў еўрапейскім рэгіёне ды ўвогуле ў свеце. Натуральна, краіны былога Савецкага Саюзу аб’ядноўваюць палітычныя рэсурсы для адстойвання нацыянальных эканамічных інтарэсаў перад іншымі сусветнымі цэнтрамі. Краінам постсавецкай прасторы дзеля развіцця ўласных эканомік, безумоўна, выгадна стварэнне супольнай валютнай прасторы ў межах СНД па мадэлі, пазычанай у ЕВС: зона свабоднага гандлю — мытны саюз — уніфікацыя падатковага, валютнага, мытнага, грамадзянскага заканадаўстваў — супольны рынак тавараў, паслуг, капіталаў, працоўнай сілы — валютны саюз. Іншая справа, што рэальныя эканамічныя ўмовы ў гэтых краінах застаюцца абсалютна неадпаведнымі гэтым устаноўкам: эканомікі краін СНД значна адрозніваюцца адна ад адной па ўзроўні развіцця, галіновай структуры, стылі кіравання і па структуры замежнагандлёвых патокаў. Таму фармаванне супольнай валютнай прасторы ў межах СНД, нават у сярэднетэрміновай перспектыве, малаверагодна. Што датычыць увядзення адзінай валюты ў СБР, то (калі ў якасці такой валюты ўявіць расійскі рубель) у тэхнічным плане гэта зрабіць даволі проста: каб замяніць усю грашовую масу ў Беларусі Цэнтрабанку Расіі будзе дастаткова правесці дадатковую эмісію толькі ў 3%, тым больш, што яна будзе забяспечана нейкай таварнай масай. Галоўная праблема валютна-эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расіі — гарманізацыя нацыянальных эканамічных інтарэсаў абедзвюх краін. Беларусь мае свае інтарэсы ў Расіі, але яны не такія ўсеагульныя і ўсёахопныя, як часам гэта падаецца некаторымі СМІ. Тут трэба адрозніваць інтарэсы эліт, якія ўдзельнічаюць у пабудове саюзу, і інтарэсы насельніцтва, якое выключана з гэтага працэсу. Бо яны часам разыходзяцца. Таму, калі робіцца ацэнка выгаднасці таго ці іншага саюзу, трэба рабіць папраўку на тое, якім інтарэсам адпавядаюць інтэграцыйныя працэсы. Згода нашай краіны на ўвядзенне адзінай грашовай адзінкі на прасторы саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі можа быць дадзена толькі пры выкананні Расіяй некалькіх умоваў: усталявання адзіных цэнаў на энэрганосьбіты ў межах СБР (што ўжо зроблена), стварэння адзінага эмісійнага цэнтру на базе Міжбанкаўскай валютнай рады. У выпадку, калі эмісійным цэнтрам стане Цэнтрабанк Расіі, Беларусь павінна забяспечыць сабе мінімальны “пералік” правоў: на атрыманне поўнай інфармацыі і кантролю за ўсімі пастановамі Цэнтрабанку Расіі, на блакаванне асобных нявыгадных пастановаў, а таксама права на выхад з валютнага саюзу. Што тычыцца Расіі, то аптымізм многіх расійскіх палітыкаў наконт хуткага адраджэння іхнай краіны як моцнай эканамічнай дзяржавы і надання ёй ролі інтэграцыйнага лакаматыву на постсавецкай прасторы насамрэч нічым не падмацаваны. Выкарыстанне валюты асобнай краіны ў міжнародным абарачэнні непасрэдна залежыць ад яе ўдзельнай вагі ў сусветнай вытворчасці і гандлі. Дадзеныя пра развіццё найбуйнейшых нацыянальных эканомік за 2000 г. сведчаць, што расійскі рубель нават у доўгатэрміновай перспектыве не мае магчымасцяў стаць міжнароднай валютай (гл. табл. 1). Табліца 1. Параўнанне эканамічнага патэнцыялу Расіі з ЕС, ЗША і Японіяй
Сёння сусветная эканоміка — гэта тры вялікія эканомікі: амерыканская разам з канадскай і лацінаамерыканскай; эўрапейская (Еўрапейскі саюз і шэраг краінаў — асацыяваных удзельніцаў); Японія, паўднёва-ўсходняя Азія і Акіянія. Гэта больш за 70% сусветнай эканомікі (толькі эканоміка ЗША і ЕС дае амаль ? сусветнага ВУП). Усё астатняе, паводле трапнага выказвання польскага эканаміста М.Дамброўскага, — “гэта ўжо як бы задворкі” (Квартальный бюллетень клуба экономистов, №3, 2000 г., с. 67). Каб Расіі (і Беларусі таксама) дасягнуць эканамічнага патэнцыялу еўрапейскіх краін, узроўню і стандартаў жыцця еўрапейцаў, неабходны штогадовы эканамічны рост на 7% цягам 25 гадоў. Расійскі рубель аб’ектыўна не можа набыць статусу сусветнай валюты, паколькі эканамічны патэнцыял Расіі (нават з улікам адпаведнага патэнцыялу Беларусі) проста недастатковы для гэтага. У замежнаэканамічных разліках Расія на 70% выкарыстоўвае даляр ЗША і еўра. Дагэтуль расійскі рубель знаходзіцца ў рэжыме “маруднага” плавання, што сведчыць пра немагчымасць ягонага выкарыстання ў якасці міжнароднай валюты. Таму дарэмна некаторыя расійскія эканамісты аптымістычна настроеныя ў пытанні магчымага ўмацавання расійскага рубля коштам выкарыстання яго ў якасці рэзервовай валюты залежнымі ў эканамічным плане (сваімі эканамічнымі структурамі) краінамі СНД. Відавочна, што ў еўрапейскіх краін СНД — Украіны, Беларусі, Малдовы — па меры трансфармацыі эканомік будзе павялічвацца гандаль з Еўропай (што ўжо адбылося ў краінах Балтыі і Цэнтральнай Еўропы), урэшце, як і ў самой Расіі. Выкарыстоўваць расійскі рубель у якасці рэзервовай валюты ў такіх умовах няма сэнсу, паколькі заўсёды можна будзе разлічыцца больш цвёрдай валютай. Пашырэнне аднабаковых замежнагандлёвых стасункаў з Расіяй вядзе да недапушчальнай залежнасці беларускай эканомікі і адтэрміноўкі дыверсіфікацыі кірункаў замежнага гандлю, структурнай перабудовы эканомікі і рэструктурызацыі прадпрыемстваў, уключэння іх у працэсы міжнароднай спецыялізацыі і кааперацыі. Нягледзячы на разуменне праблемы і дэклараваную палітыку шматвектарнасці афіцыйнымі ўладамі, памер гандлю з Расіяй істотна не змяншаецца: так, калі ў 1992 г. экспарт у Расію складаў 40 %, у 1995 г. — 45 %, то ў 1997-98 гг. ён дасягаў ужо 65 %, у 1999 г. — 55 %, а ў 2000-01 гг. склаў больш за 50 % ад агульнага экспарту нашай краіны. Аналіз дынамікі беларускага замежнага гандлю за 1994—2001 гг. сведчыць, што пераважна расійская арыентацыя (у сярэднім 55% замежнагандлёвага таваразвароту) адначасова суправаждаецца стагнацыяй высокатэхналагічнага экспарту ў іншыя краіны свету. Пры захаванні такіх тэндэнцыяў у доўгатэрміновай перспектыве будзе нарастаць тэхналагічная адсталасць ад развітых краін, а расійскі рынак стане адзіным, на якім айчынныя тавары будуць канкурэнтаздольнымі. У нашых суседзяў — Літвы, Латвіі, Украіны, Польшчы — на практыцы ажыццяўляецца прынцып шматвектарнасці ў замежным гандлі: расце абарот з развітымі краінамі ЕС і краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і падае з эканамічна адсталымі краінамі СНД, адбываецца структурная перабудова эканомік і ўключэнне іх у міжнародны падзел працы ў новых геапалітычных і геаэканамічных умовах. Краіны Балтыі актывізуюць гандлёвыя стасункі са скандынаўскімі краінамі; у праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Ўкраіны на 2002 г. пастаўлена мэта на 10—15 % зменшыць удзельную вагу Расіі ў замежным таваразвароце. Для параўнання, удзельная вага Расіі ў гандлёвым таваразвароце Ўкраіны ў 1999 г. склала 30%, Літвы — 12%, Польшчы — 5%. Расія не ўваходзіць у першую дзесятку краін, якія спажываюць польскі экспарт, між тым як за савецкім часам яна ўстойліва займала 2—3-е месца ў замежным таваразвароце Польшчы. Затое ў гэтых краінах адбываецца значнае павелічэнне таваразвароту з краінамі ЕС: у 1999 г. у Літве — 48,3 %, у Польшчы — 67,5 % замежнага гандлю вялося з ЕС. |
Еўрапейскі саюз Паводле статыстычных звестак па замежным гандлі Беларусі за 1997—99 гг., таваразварот з еўрапейскай часткай Расіі склаў 39%, з ЕС — 14%, з краінамі — асацыянаванымі сябрамі ЕС — 17% (г.зн. з геаграфічнай Еўропай 70%), з сямю прылеглымі да еўрапейскай часткі Расіі абласцямі — 16%. На ўвесь астатні свет, у тым ліку такія сусветныя эканамічныя блокі, як ЗША і паўднёва-ўсходнюю Азію, прыпадае толькі каля 14% ад агульнага аб’ёму замежнага гандлю. Яшчэ адна цікавая акалічнасць: нягледзячы на ўсю ідэалагічную рыторыку, таваразварот з Таджыкістанам, Кыргызстанам (удзельнікамі супольнай мытнай прасторы), Лівіяй, Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, Кубай блізіцца да нуля. У дзесятку найбуйнейшых замежнагандлёвых партнёраў Беларусі апошнімі гадамі трывала ўваходзяць еўрапейская частка Расіі, Украіна, Нямеччына, Польшча, Латвія, Літва, Італія, Нідэрланды, ЗША. Такім чынам, пераважная бальшыня замежнага гандлю Беларусі прыпадае на геаграфічную Еўропу. Фармаванне ля межаў Беларусі адзінай еўрапейскай эканамічнай і валютнай прасторы, у якую паступова ўцягваюцца краіны нашага рэгіёну, стварае прынцыпова новы геапалітычны і валютна-эканамічны расклад. Расце ўзаемазалежнасць эканомік не толькі ў межах ЕС, але і Еўропы ў цэлым, і ў большай ці меншай ступені яна закране і еўрапейскія краіны СНД. Еўрапейскі саюз — гэта не толькі ёмісты і разліказдольны рынак высакаякасных тавараў і паслуг, але і найважнейшая крыніца інвестыцыйных, крэдытных рэсурсаў, высокіх тэхналогіяў, сучаснага менеджменту і культуры гаспадарання. У еўрапейскіх краін СНД, у тым ліку і ў Расіі, калі сапраўды ў іхных нацыянальных эканамічных інтарэсах стварэнне ўмоваў для паляпшэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва, няма іншай альтэрнатывы, як паступовае адкрыццё эканомікі, паэтапная інтэграцыя ў магутны міждзяржаўны палітычны, эканамічны і валютны блок — Еўрапейскі саюз. З іншага боку, уступленне ў ЕС і ЕВС нават у сярэднетэрміновай перспектыве для еўрапейскіх краін СНД, у тым ліку Беларусі і Расіі, немагчыма з шэрагу аб’ектыўных прычын: праз істотнае адставанне на ўзроўні эканамічнага развіцця (гл. табл. 2), незавершанасць рынкавай трансфармацыі эканомікі, недастатковае развіццё дэмакратычных інстытутаў і палітычнай сістэмы, моцную далярызацыю нацыянальных эканомік, няўстойлівасць нацыянальных валют, нізкую вагу таваразвароту з краінамі ЕС (гл. тамсама), недастатковую гнуткасць рынку працы. |
Табліца 2. Параўнанне эканамічных паказнікаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Еўрапейскага Саюзу ў 2000 г.
Ужо цяпер неабходна скіроўваць замежную палітыку на далучэнне да еўрапейскай міждзяржаўнай інтэграцыі. Найперш з той нагоды, што гэта дасць выгады нашмат большыя, чымся пры інтэграцыі з Расіяй. Адаптацыі валютнага механізма Беларусі да еўрапейскай валютнай сістэмы можна пачынаць ужо цяпер шляхам дыверсіфікацыі замежнагандлёвых сувязяў, інвестыцыйных і крэдытных партфеляў, структуры валютных рэзерваў і фондавага рынку, сістэмы міжнародных разлікаў і рэгулявання замежнага гандлю, а таксама механізму курсаўтварэння. |
* * * Рэальны змест любога саюзу залежыць непасрэдна ад інтарэсаў яго краін-удзельніц. Трэба толькі ўдакладніць, чые гэта інтарэсы: элітаў альбо насельніцтва (асабліва часта яны адрозніваюцца ў краінах з няўстойлівай дэмакратыяй). Дыскусія наконт выбару стратэгічнага кірунку інтэграцыі для Беларусі перайшлі ў іншую якасць — у дыскусію паміж рознымі элітамі, якія пры гэтым адстойваюць уласныя інтарэсы. Калі ж падыходзіць да гэтага пытання з пункту гледжання нацыянальных эканамічных інтарэсаў*, спрэчных момантаў тут няма, бо інтарэсы Беларусі — і ў Расіі, і ў Еўропе. І калі ў Расіі яны адстойваюцца даволі добра, то пра Еўрапу такога сказаць нельга. Артыкул выкананы дзякуючы падтрымцы фундацыі імя Сцяпана Батуры (Польшча). * Пад нацыянальнымі эканамічнымі інтарэсамі ў эканамічнай тэорыі прынята разумець забеспячэнне і падтрыманне развіцця нацыянальнай эканомікі дзеля павышэння ўзроўню жыцця і задавальнення патрэбаў насельніцтва гэтай краіны праз павелічэнне канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі ва ўмовах глабалізаціі сусветнай эканомікі, знікнення нацыянальных межаў, перыядычных рэгіянальных эканамічных крызісах.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (21) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |