A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (21) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ІГАР ЛЯЛЬКОЎ | |||||
|
Ігар Лялькоў |
(нар. 1971) — архівіст і гісторык, часова працуе ў Варшаве. Заснавальнік Беларускага таварыства імя Шумана. Аўтар кнігі “Aperçu de l’histoire politique du Grand-Duché de Lithuanie” (l’Harmattan, 2000), напісанай па-француску. |
Філёзафы кажуць, што структура любога сымбалю “накіраваная на тое, каб даць праз кожную прыватную зьяву цэльны вобраз сьвету” 1. У поўнай згодзе з гэтаю формулай у беларускіх умовах пазытыўнае ці нэгатыўнае стаўленьне да тае ці іншае сымболікі ёсьць галоўным індыкатарам сьветапогляду, галоўным тэстам на прыналежнасьць асобы да ліку грамадзянаў Беларусі эўрапейскай ці падданых Беларусі савецкай. Думаю, будзе дастаткова трох невялічкіх цытатаў з выказваньняў на тэму сымболікі прадстаўнікоў гэтых двух супраціўных бакоў, каб пераканацца ў слушнасьці вышэйпаданых тэзаў. Вось заява чальцоў гэтак званага “нацыянальнага сходу” — прадстаўнічага органа цяперашняй улады, — прызначаных туды асабіста Лукашэнкам пасьля разгону ў 1996 г. законна абранага парлямэнту краіны: У 1995 і 1996 гадах народ Беларусі дакладна і недвухсэнсоўна выказаўся па жыццёва важных пытаннях далейшага развіцця нашай дзяржавы і грамадства. Была адхілена ранейшая антынацыянальная сімволіка і зацверджана “новая-старая”, гэта значыць ранейшая, з якой большасць грамадзян Беларусі звязвае сваё жыццё і гісторыю Радзімы ў даваенныя і пасляваенныя гады, калі Беларусь была квітнеючай рэспублікай, адной з 15 брацкіх у саставе магутнай краіны Саюза ССР 2. А вось “адказ” Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна: Відаць, нас мала перылі, ды меркаваньне гісторыка Алега Трусава, старшыні Таварыства беларускай мовы: Улады і зараз добра разумеюць штучнасьць сваёй сымболікі. Іх герб ужо даўно зьнік з паштовых марак Беларусі, а на грашовых купюрах так і не зьявіўся. І гэта не выпадкова. Народ не зьмірыўся з навязанай яму сымболікай. Ужо 27 ліпеня 1995 году на Дзень Незалежнасьці Беларусі ў горадзе Лёзна на Віцебшчыне легендарны Мірон узьняў на 40-мэтровым коміне райбыткамбінату бел-чырвона-белы сьцяг і пакінуў побач зь ім запіску: “Вярніце народу гістарычную памяць”. І яна неўзабаве вернецца. Апошні 40-тысячны Чарнобыльскі Шлях, аздоблены нацыянальнай сымболікай, добрае таму пацьверджаньне 4. Каб незаангажаваны ў беларускую палітыку замежны чытач мог скласьці сваё ўласнае ўяўленьне пра гістарычныя падставы гэтых поглядаў на дзяржаўную сымболіку, а значыць і сьветапогляд апанэнтаў, мяркую, будзе дарэчы прапанаваць яму больш падрабязную панараму гісторыі згаданых сымбаляў, чымся папярэдні пункцірны агляд. |
1 Философский энциклопедический словарь. Москва, 1989. С. 581 |
Такім чынам, узьнікненьне гербу “Пагоня”, па зьвестках старабеларускіх летапісаў, адносіцца да 70—90-х гадоў ХІІІ стагодзьдзя, калі выява вершніка з занесеным над галавой мячом “замацавалася ў якасьці рэпрэзэнтацыйнага сымбалю за асобамі, якія ажыцьцяўлялі вярхоўную ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім” 5, дзяржаве, якая на працягу ўсяго свайго існаваньня (сярэдзіна ХІІІ — канец XVIІІ ст.ст.) злучала ў адно цэлае землі, дзе ў ХХ ст. паўсталі сёньняшнія Літоўская Рэспубліка й Рэспубліка Беларусь. Продкі сучасных беларусаў складалі большую частку насельніцтва Княства, таму й ня дзіўна, што акурат яны дамінавалі ў культуры гэтай краіны на працягу ўсяго ейнага існаваньня (дастаткова згадаць, што мовай дзяржаўных актаў ВКЛ да канца XVIІ ст. была старабеларуская, якую пасьля зьмяніла роднасная ёй польская). Паўплывала беларуская культурная дамінацыя й на выбар дзяржаўнай эмблемы. Конная постаць рыцара была сюжэтам, вельмі шырока распаўсюджаным у тагачаснай эўрапейскай геральдыцы, дзе ён быў “іканаграфічным эквівалентам выразу dux (князь)” 6, аднак толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім гэты сюжэт заняў месца на дзяржаўным гербе краіны (юрыдычна замацаваным Статутам ВКЛ 1566 г.). На думку спэцыялістаў, гэтаму паспрыялі мясцовая славянская традыцыя (што захоўвалася ў Беларусі яшчэ ў мінулым ХІХ ст.) шанаваньня паганскага боства Ярылы, “які езьдзіць на белым кані, на ягоных плячах белая мантыя” 7, ды мясцовая ж іканаграфія найбольш папулярных у беларусаў хрысьціянскіх сьвятых — сьв. Дзьмітра, сьв. Георга, сьв. Барыса й Глеба, — што выяўляліся ў выглядзе ўзброеных вершнікаў. Апрача дзяржаўнага герба, “Пагоня” прысутнічала й на зямельных гербах большасьці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак ВКЛ і на ягонай дзяржаўнай харугве (сьцягу), якая ўяўляла сабою чырвонае чатырохраговае палотнішча “з выявамі Пагоні і Панны Марыі зь дзіцем-Ісусам у Сонцы” 8. Такім чынам, на працягу больш за 500 гадоў усе этнічна беларускія землі жылі “пад знакам Пагоні”, а продкі сучасных беларусаў проста ня ведалі іншай дзяржаўнай эмблемы, апрача гэтага арганічнага складніка эўрапейскае геральдычнае сыстэмы. Як агульнапрызнаны й агульнапрыняты сымбаль земляў, што ўваходзілі ў склад ВКЛ у апошні пэрыяд ягонага існаваньня, гэта значыць сучасных Літвы й Беларусі, успрымалася “Пагоня” і ў Расейскай імпэрыі. Таму шырокае выкарыстаньне гэтай эмблемы на гэтых землях працягваецца й пасьля іхняга далучэньня да Расеі ў канцы XVIІІ ст. Справядлівай для гэтага часу падаецца выснова вядомага беларускага геральдыста Анатоля Цітова: Адлюстраванне старажытнай Пагоні на беларускіх губернскіх, павятовых, гарадскіх, вайсковых гербах было з’явай, якая канстатавала асэнсаванне суседнімі народамі тоеснасці паняццяў: геаграфічна-этнічнага — Беларусь, і геральдычнага — Пагоня 9. Дзеля гэтага зусім натуральным выглядае той факт, што дзеячы беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, які на поўную моц заявіў пра сябе ў пачатку ХХ ст., уважалі “Пагоню” за натуральны нацыянальны сымбаль свайго народу. Клясык беларускай літаратуры Максім Багдановіч пісаў у 1916 г. у сваім хрэстаматыйным вершы “Пагоня”: Толькі ў сэрцы трывожным пачую У белай пене праносяцца коні, |
|
У гэты час белы рыцар “Пагоні” аздабляе й чырвонае палотнішча нацыянальнага сьцяга. Аднак ужо неўзабаве, дзесьці ў канцы 1916 — пачатку 1917 г., зьяўляецца й новы арыгінальны сьцяг беларускага руху. У поўнай згодзе з найбольш пашыраным у Эўропе прынцыпам сьцягаўтварэньня на падставе гербу, калі колеры асноўных дэталяў гербу (эмблемы й поля) адлюстроўваюцца на палотнішчы сьцяга шляхам спалучэньня гарызантальных палос рознай ці аднолькавай шырыні, эскіз гэтага бела-чырвона-белага сьцяга быў створаны беларускім архітэктарам і палітыкам Кляўдзіем Дуж-Душэўскім. У пачатку сакавіка 1917 г. бел-чырвона-белае палотнішча зьявілася ў Пецярбургу на будынку Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, супрацоўнікам якога быў Дуж-Душэўскі. А ўжо 25 сакавіка таго ж году менскі Беларускі нацыянальны камітэт прымае пастанову наступнага зьместу: “1. Дзеля таго што амаль усе гарады Менскай губэрні ўжывалі ў сваіх пячатках старадаўнюю ПАГОНЮ, пастаноўлена захаваць гэтую спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Камітэт аднагалосна прыняў “Пагоню” ў якасьці дзяржаўнага гербу будучай незалежнай Беларусі. 2. Дзеля таго што ў беларускім народным мастацтве пераважаюць белыя й чырвоныя ўзоры, палічана дарэчным ужыць гэтыя колеры ў беларускім нацыянальным сьцягу. Такім чынам, Камітэт пастанавіў, што сьцяг мусіць складацца з трох гарызантальных палосаў аднолькавае шырыні — белай, чырвонай і белай, і што даўжыня яго ўдвая большая за шырыню” 10. Новы сьцяг настолькі арганічна спалучаўся з старажытнай “Пагоняй”, што ўжо праз кароткі час стаўся агульнапрызнаным нацыянальным сымбалем. У тым самым 1917-м “Статут Беларускіх Нацыянальных Культурна-Прасьветных Гурткоў у войску” абавязваў сяброў гэтых гурткоў “насіць беларускі нацыянальны знак — белая стужка з чырвонай палоскай пасярэдзіне; усе тры палоскі — белая, чырвоная і белая — аднэй шырыні” 11. У сьнежні таго ж году бела-чырвона-белыя сьцягі аздаблялі залю паседжаньняў Усебеларускага зьезду — найважнейшага дзяржаватворчага форуму ў найноўшай гісторыі Беларусі, падчас якога 1872 дэлегаты ад усіх беларускіх земляў выказаліся за неабходнасьць вольнага дзяржаўнага самавызначэньня краю. Такім чынам, пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы першай навачаснай беларускай дзяржавы было, фактычна, вырашанае наперад: дзяржаўным гербам паўсталай у 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі стаўся герб “Пагоня”, а ейным дзяржаўным сьцягам — бела-чырвона-белы сьцяг. У тыя ж часы ўзьніклі й першыя праблемы, зьвязаныя з гэтаю сымболікай. Справа ў тым, што адначасна зь дзяржаватворчымі працэсамі на беларускіх землях аналягічныя падзеі адбываліся й на этнічнай тэрыторыі літоўцаў, яшчэ адных спадкаемцаў гісторыі й традыцыяў былога Вялікага Княства Літоўскага. У тым самым 1918 годзе на тэрыторыі былога Жмудзкага (Самагіцкага) староства ВКЛ (дарэчы, ягонай адзінай буйной тэрытарыяльнай адзінкі, якая мела ўласны герб, адрозны ад “Пагоні”, — чорнага мядзьведзя ў срэбным полі) і прылеглых да яго паветаў былых Віленскага й Троцкага ваяводзтваў была абвешчаная незалежная Літоўская дзяржава (спачатку манархія, а пазьней рэспубліка). З мэтай падкрэсьліць ейную гістарычна-юрыдычную пераемнасьць зь Вялікім Княствам Літоўскім (а тагачасныя літоўскія нацыянальныя дзеячы прэтэндавалі на атрыманьне ўлады над усімі землямі колішняга Княства) за дзяржаўны герб была ўзятая ўсё тая ж “Пагоня”. Прычым паколькі афіцыйная ідэалёгія абвяшчала акурат гэтую наваствораную Літву адзіным сапраўдным спадкаемцам былога Вялікага Княства Літоўскага, то і права выкарыстаньня эмблемы з узброеным вершнікам на белым кані на чырвоным тле нашчадкі жмудзінаў пакідалі толькі за сабою. З гэтай прычыны пэрыядычна здараліся інцыдэнты, накшталт выпадку ў сьнежні 1919 году, калі па дарозе з Бэрліну ў Рыгу на літоўскай мяжы была арыштаваныя дыпляматычная дэлегацыя БНР. Прычынаю арышту, паводле пратаколу затрыманьня, былі знойдзеныя пры мытным аглядзе “блянкі пашпартоў невядомай нам Беларускай Рэспублікі зь літоўскім гербам на вокладцы” 12. Але яшчэ большымі ворагамі беларусы, якія паслугоўваліся “Пагоняю” і бела-чырвона-белым сьцягам, былі для прышлых з Усходу расейскіх бальшавікоў. Яшчэ падчас Усебеларускага зьезду выступ іхнага прадстаўніка быў такім: “Мы стаім за брацтва ўсіх народаў. Не павінна быць падзелу на нацыі”. Указваючы на нацыянальны беларускі сьцяг, гаворыць: “Кіньце гэты флаг” 13. Канчаткова замацаваўшы сваю ўладу над Беларусяй у 1920 г. і стварыўшы тут “першую на беларускай зямлі дзяржаву рабочых і сялян”, у 1922 г. бальшавікі аб’ядналі яе разам зь іншымі падобнымі “дзяржавамі” ў адзіную камуністычную імпэрыю — Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Адзіным сьцягам, які было дазволена ўжываць на ўсёй ягонай тэрыторыі, быў чырвоны сьцяг бальшавіцкай партыі. Адзіным дапушчальным адрозьненьнем быў надпіс у левым верхнім рагу, у нашым выпадку — “БССР”. Тое самае было і з гербам. Першы герб Савецкай Беларусі “быў копіяй дзяржаўнага гербу РСФСР з адрозьненьнем у надпісе” 14. Некаторая лібэралізацыя камуністычнага рэжыму ў часы гэтак званага НЭПу і зьвязаная зь ёй тэндэнцыя прызнаньня за “савецкімі рэспублікамі” права на пэўную нацыянальную адметнасьць спрычыніліся да пастаноўкі пытаньня аб стварэньні новых “дзяржаўных” сымбаляў гэтых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак СССР, “нацыянальных па форме, сацыялістычных па зьмесьце”. У лютым 1924-га ў БССР быў абвешчаны конкурс на найлепшы праект такога сымбалю. Ягоным пераможцам Рада Народных Камісараў прызнала расейскага мастака Валянціна Волкава, які, ня надта мудрагелячы, трохі падрэдагаваў герб Савецкай Расеі зь сярпом і молатам, пяціканцоваю зоркаю, сонцам і вянком, а для наданьня лякальнага калярыту зрабіў стужкі, што абвіваюць вянок, колераў нацыянальнага сьцягу беларусаў — бела-чырвона-белымі. “Новы” герб быў зацьверджаны 11.04.1927 на 8-м зьезьдзе Саветаў БССР з адной “невялічкай” праўкай: стужкам вярнулі колер, уласьцівы арыгіналу, — чырвоны. Мясцовыя “таварышы” лепш за выпускніка Пецярбурскай Акадэміі мастацтваў ведалі, дзе хаваецца бацыла “беларускага буржуазнага нацыяналізму”. Нішто ў сымболіцы “малодшага брата” ў “брацкай сям’і савецкіх народаў”, што ўпэўнена крочылі да пабудовы “новай нацыянальнай агульнасьці — адзінага савецкага народу”, ня мусіла нагадваць беларусам пра часы, калі яны імкнуліся самі, без дапамогі “правадыроў сусьветнага пралетарыяту”, вырашаць лёс сваёй краіны. Вось пад гэтаю “дзяржаўнай эмблемай”, якая час ад часу перажывала невялікія рэдакцыйныя праўкі, Беларусь і жыла да канца 1991 году. |
|
Між іншым, вельмі сымптаматычна выглядае адна з правак, якая датычылася мовы тэксту “Пралетарыі ўсіх краінаў, злучайцеся!” на стужках вянка. Першапачаткова гэты тэкст падаваўся там на беларускай, ідыш, расейскай і польскай мовах, але 28 ліпеня 1938 году Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэньне пакінуць на гербе толькі беларуска- й расейскамоўны надпісы. Што, дарэчы, і ня дзіўна, калі ўлічыць, зь якім імпэтам НКВД акурат у тыя часы займаўся вынішчэньнем “агентаў Троцкага” й “белапольскіх шпіёнаў” на тэрыторыі Савецкай Беларусі. І вось у траўні 1995 г. гэты ж “геральдычны знак”, які, дарэчы, мае вельмі мала супольнага з традыцыйнай геральдыкай, зьявіўся на франтоне будынку Адміністрацыі прэзыдэнта незалежнай Рэспублікі Беларусі, сымбалізуючы сабою імкненьне новага кіраўніцтва гэтай краіны і значнай часткі ейнага насельніцтва пазбавіцца ад цяжару незалежнасьці й вярнуцца ў “сьветлае савецкае ўчора”. Яшчэ больш кароткая гісторыя ў чырвона-зялёнага палотнішча, які сёньня вісіць над тым жа палацам. У пачатку 1950-х гадоў, зыходзячы зь нейкіх таямнічых меркаваньняў, Масква загадала адміністрацыям “савецкіх рэспублік” дадаць да чырвоных бальшавіцкіх сьцягоў зь сярпом і молатам, што лічыліся “дзяржаўнымі” ўва ўсіх частках Савецкага Саюзу, нейкія стандартызаваныя дэталі, якія мусілі сымбалізаваць пэўную “спэцыфіку” кожнай тэрыторыі. Выконваючы загад, Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР сваім указам ад 25.12.1951 дадаў (без аніякага тлумачэньня!) да кумачовага палотнішча зялёную паласу ўнізе й арнамэнт, узяты з ручніка, вышытага ў 1917 г. сялянкай М. Маркевіч зь вёскі Касьцілішча на Сеньненшчыне, уздоўж дрэўка. Эскіз гэтага сьцяга быў створаны зноў-такі (як і ў выпадку з гербам БССР) мастаком-расейцам, на гэты раз Мікалаем Гусевым. Што датычыцца “Пагоні” й бела-чырвона-белага сьцяга, то, застаючыся афіцыйнымі сымбалямі Беларускай Народнай Рэспублікі ды ейнага ўраду ў выгнаньні, вакол якога гуртавалася беларуская палітычная эміграцыя, яны аўтаматычна траплялі пад фактычную забарону ў БССР. Адносна вольнае іх выкарыстаньне ў Беларусі да 1990 г. датуецца толькі часамі, калі савецкая акупацыя ў 1941—44 гг. зьмянілася на нямецкую. Спадзеючыся здабыць прыхільнасьць мясцовага насельніцтва, немцы не забаранялі беларусам паслугоўвацца нацыянальнымі сымбалямі. Натуральна, што ў такіх варунках ужывалі іх і некаторыя калябаранцкія арганізацыі (Беларуская рада даверу, Беларуская цэнтральная рада, Саюз беларускай моладзі і інш.). Немцам, як вядома, такі “лібэралізм” не прынёс значных дывідэндаў, аднак у больш позьнія часы гэты факт даў падставы для шматлікіх палітычных спэкуляцыяў вакол сымболікі прыхільнікам савецкага ладу. На працягу ўсіх 70 гадоў існаваньня камуністычнага рэжыму названыя сымбалі заставаліся галоўнымі для ўсіх прыхільнікаў аднаўленьня незалежнасьці Беларусі. У 1940—50-х гг. пад імі гуртаваліся ўдзельнікі антысавецкага партызанскага руху й падпольля (Беларуская вызвольная армія, Беларуская незалежніцкая партыя, Саюз беларускіх патрыётаў і інш.). У 1960—70-я пра іх легальнае адраджэньне ў Беларусі марылі інтэлектуалы-гуманітары з так званага “Акадэмічнага асяродку”, разгромленага КГБ у 1974—75 гг., і мастакі-дысыдэнты з творчага кола “На Паддашку”, якія ў 1980 годзе падрыхтавалі й распаўсюдзілі “самвыдатам” паштоўкі й плякат з выявамі “Пагоні”. Патрапіўшы за мяжу (адна з гэтых паштовак аўтарства Яўгена Куліка была перавыдадзеная і атрымала там пэўны розгалас), гэтыя сьціплыя творы надалі гістарычна-культурніцкай маніфэстацыі сэнс палітычнай вызвольнай акцыі й засьведчылі сьвету, што кіраваныя з Масквы працэсы нацыянальнай дэградацыі й асыміляцыі беларускага народу не дасягнулі яшчэ канчатковых вынікаў. У 1980-я “Пагоня” й бела-чырвона-белы сьцяг робяцца агульнавядомымі сымбалямі беларускасьці й незалежніцтва, а іх публічная дэманстрацыя адназначна трактуецца і ўладамі, і апанэнтамі гэтых уладаў як акт нацыянальнага супраціву. Для прыкладу можна прывесьці падзеі кастрычніка—лістапада 1985 г., калі на будынку Менскай мастацкай вучэльні імя Глебава два навучэнцы, Міхал Мірошнікаў і Юры Макееў, вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі, сарваўшы сьцягі СССР. У выніку КГБ распачало юрыдычны перасьлед 6 чалавек, а Макееў быў вымушаны спыніць вучобу. |
З пачаткам працэсу дэмакратызацыі ў Савецкім Саюзе выкарыстаньне дасавецкай сымболікі ў БССР набывае масавы характар і пачынаюць гучаць патрабаваньні яе легалізацыі (першай такое патрабаваньне высунула незалежніцкая моладзевая арганізацыя “Талака” ў жніўні 1988 г.). 19 лютага 1989 г. акурат пад бела-чырвона-белымі сьцягамі на стадыёне “Дынама” ў Менску адбываецца першы ў БССР дазволены ўладамі апазыцыйны палітычны мітынг. Аднак у гэтыя ж часы нярэдкімі застаюцца арышты й пакараньні людзей (асабліва ў правінцыі) за выкарыстаньне гэтага сьцягу й “Пагоні”. Нават 19 чэрвеня 1991 г. найбуйнейшая тагачасная апазыцыйная арганізацыя — Беларускі народны фронт — была афіцыйна зарэгістраваная (праз два гады пасьля стварэньня) толькі з умоваю, што на працягу трох месяцаў прывядзе свой статут у адпаведнасьць з заканадаўствам, а менавіта скасуе там запіс, што “БНФ выкарыстоўвае беларускую гістарычную сымболіку — бела-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня” 15. І гэта пры тым, што першы з названых сымбаляў быў легалізаваны ўжо годам раней (у 1990 г.), прынамсі ў сталіцы БССР, дзе Менскі гарадзкі савет прыняў пастанову пра дазвол на ягонае выкарыстаньне ў якасьці нацыянальнага (але не дзяржаўнага) сьцягу беларусаў (але не Беларусі). БНФ не пасьпеў прывесьці свой статут у адпаведнасьць з заканадаўствам БССР. Дакладна праз тры месяцы пасьля ягонай рэгістрацыі, 19 верасьня, краіна стала звацца Рэспублікай Беларусьсю, а ейнымі дзяржаўнымі сымбалямі сталі “Пагоня” і бела-чырвона-белы сьцяг. Ува ўмовах прагрэсаванага развалу савецкай імпэрыі, пасьля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту ў Маскве ў жніўні гэтага году, прадстаўнікі тагачаснай кіроўнай эліты Беларусі былі гатовыя йсьці на любыя крокі дзеля захаваньня сваёй улады ў краіне. Пасьля забароны дзейнасьці Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу ды ейнай мясцовай філіі, Камуністычнай партыі Беларусі (25.08.1991), публічна захоўваць вернасьць камуністычнай сымболіцы здавалася ім небясьпечным. Іншых гістарычных сымбаляў Беларусі, апрача тых, што выкарыстоўвала апазыцыя, ніхто ня ведаў, а выдумляць новыя не было часу: тая самая апазыцыя, праз сваю парлямэнцкую меншасьць, актыўна высоўвала прапановы па дэсаветызацыі й дэкамунізацыі краіны, сярод якіх патрабаваньне зьмены сымболікі здавалася прагматыкам-намэнклятурнікам адным з найменш пагрозьлівых для іх асабіста. Што ж да беларускіх незалежнікаў, прадстаўнікі якіх і складалі гэтую меншасьць, то для іх вяртаньне дзяржаўнасьці нацыянальных сымбаляў было прынцыповым пытаньнем, вырашэньне якога мусіла гарантаваць незваротнасьць шляху да дзяржаўнай самастойнасьці Беларусі й беларусізацыі ейнага грамадзтва. Такім чынам, у канцы 1991 г. адрадзілася незалежная беларуская дзяржава, галоўныя эмблемы якой адпавядалі сымбалям папярэдніх самастойных дзяржаўных утварэньняў, што існавалі на гэтай зямлі, — Вялікага Княства Літоўскага й Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак для значнай часткі грамадзянаў новай дзяржавы, якія былі ня надта абазнанымі ў гісторыі (у школах і ўнівэрсытэтах БССР “дасавецкая” гісторыя Беларусі альбо зусім не вывучалася, альбо вывучалася ў мінімальным аб’ёме) ды ня надта паглыбляліся ў мудрагелістасьці палітычных маніфэстаў, гэтая сымболіка па-ранейшаму ўспрымалася як сымболіка апазыцыйных сілаў, што здолелі выкарыстаць зручны для іх момант, каб “навязаць” яе ўсёй краіне. Да таго ж, захаваўшы ўладу ў Рэспубліцы Беларусі, былыя кіраўнікі БССР выявілі сваю поўную няздольнасьць кіраваць гаспадаркай краіны ў новых умовах. На першыя два гады пасьля абвяшчэньня незалежнасьці прыйшоўся пік эканамічнага крызысу, які распачаўся яшчэ ў былым СССР у канцы 1980-х. Замест таго каб праводзіць неабходныя рэформы, тагачаснае кіраўніцтва аддавала перавагу тлумачэньню праблемаў, што апанавалі Беларусь, як непазьбежных выдаткаў дзяржаўнай самастойнасьці, якой так дамагалася “нацыяналістычная апазыцыя”. Нядзіўна, што ў такіх варунках словы “крызыс”, “пагаршэньне ўмоваў жыцьця”, “незалежнасьць”, “Пагоня”, “бела-чырвона-белы сьцяг” і “апазыцыя” зьліліся ў галовах “простага люду” ў адзін сынанімічны шэраг. Да таго ж, і прасавецкія ды прарасейскія сілы, што ў асноўным атабарыліся ў гэтак званых “сілавых структурах” (кшталту так і не рэфармаванага ў Беларусі КГБ) і атрымлівалі моцную падтрымку звонку, не пакідалі надзеі зьмяніць напрамак хады гісторыі і вялі несупынную тайную й яўную “працу сярод насельніцтва”. Найбольш удзячны водгук гэтая “праца” знаходзіла ў сэрцах старэйшага пакаленьня краіны — вэтэранаў другой сусьветнай вайны й пэнсіянэраў, для якіх СССР быў краінай іхнай маладосьці, а нечаканыя перамены несьлі толькі зьбядненьне й галечу. Варта дадаць, што дэмаграфічная сытуацыя ў тагачаснай Беларусі выглядала такім чынам, што гэтыя людзі складалі амаль 1/3 ад усяго праваздольнага насельніцтва краіны. |
|
Акурат гэтыя чыньнікі ў сукупнасьці і сталіся галоўнай прычынай упэўненай перамогі на першых вольных прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 г. прыхільніка аднаўленьня СССР і вяртаньня да сацыялістычна-разьмеркавальнай сыстэмы ў эканоміцы, падтрыманага Расеяй маладога маёра КГБ у адстаўцы Аляксандра Лукашэнкі. Паміж іншымі абяцаньнямі гэтага кандыдата ў прэзыдэнты было й такое: Верну наш родной белорусский (а не БНФ-аўскі — І. Л.) флаг и символику. Народ сам решит на референдуме! Пусть сам выберет из нескольких вариантов. Не тот, который хотим ему в зубы всунуть, а тот, что ему настроение поднимает 16. Абяцаны рэфэрэндум адбыўся 14 траўня 1995 г. і стаўся кульмінацыйным пунктам абяцанага ж хуткага адкату палітычных, грамадзкіх, эканамічных дачыненьняў у Беларусі ў стан, у якім яны знаходзіліся да абвяшчэньня ейнае незалежнасьці. Вяртаньне БССРаўскіх гербу й сьцяга было для ініцыятараў гэтых працэсаў неабходным “апошнім мазком” у карціне вяртаньня краіны ў блаславёнае савецкае ўчора. Галасаваньню папярэднічала шалёная кампанія падкантрольных ураду СМІ (улучна з адзіным існаваўшым тэлевізійным каналам, вяшчаньне якога ахоплівала ўсю Беларусь) супраць “Пагоні” і бела-чырвона-белага сьцяга (галоўных дзяржаўных сымбаляў краіны на той час!). Вялізны націск быў зроблены на факт выкарыстаньня гэтых сымбаляў часткай калябарантаў падчас другой сусьветнай вайны, але быў прыцягнуты і прыклад Літвы зь ейнай прэтэнзіяй на ўсю гістарычную спадчыну былога Вялікага Княства Літоўскага (цытата з Лукашэнкі: “Бразаўскас [тагачасны прэзыдэнт Літвы — І.Л.] мне гаварыт: ты пачаму, Аляксандар Грыгор’евіч, мой герб узял? А я атвічаю: да ні брал я, ня нужан он мне!” 17), і расейскіх “экстрасэнсаў” зь іхнымі развагамі “о чуждой этнической биоэнергетике, заложенной в “Погоне” и бело-красно-белом штандарте” 18. Аднак асноўная тэза, што ўбівалася ў галовы чытачоў і тэлегледачоў, была такая: цяжкая сучаснасьць сымбалізуецца знакамі незалежнай Беларусі ды “праклятых нацыяналістаў і дэмакратаў”, а лепшая будучыня (яна ж сьветлая мінуўшчына) — эмблемамі БССР; вяртаньне пад камуністычныя сымбалі ёсьць вяртаньнем у маладосьць для паджылых людзей ды вяртаньнем у юнацтва й дзяцінства для людзей сярэдняга веку. Хіба ж Вам ніколі не хацелася вярнуцца ў дзяцінства?! І прыём спрацаваў! Грамадзтва Рэспублікі Беларусі ў траўні 1995 году раскалолася амаль роўна напалам. Вяртаньне да савецкай сымболікі падтрымалі 49,7% выбарцаў, унесеных у сьпіс для галасаваньня. 50,3% галасавалі супраць або ўвогуле ігнаравалі рэфэрэндум 19. Прычым, як сьведчыць тагачасная прэса, частка з тых, хто дадатна адказаў на хітра сфармуляванае лукашэнкаўскімі юрыстамі пытаньне рэфэрэндуму (“Ці падтрымліваеце Вы ўвядзеньне новай дзяржаўнай сымболікі?”), зусім ня мелі на ўвазе падтрымаць гербава-сьцягавую рэсаветызацыю. Вось што пісала ў газэту “Наша Ніва” пасьля галасаваньня ейная чытачка Л. Дамброўская: “Дарагая, любімая газэта! На рэфэрэндуме я галасавала за новую дзяржаўную сымболіку — бела-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”. Раптам аказалася, што пад новым сьцягам мелі на ўвазе стары чырвона-зялёны… Для майго 37-гадовага жыцьця чырвона-зялёны — гэта й ёсьць стары сымбаль. Упэўненая, што для многіх, многіх людзей — таксама. Ці даўно мы абмяркоўвалі і прымалі сымболіку нашае зноў народжанае дзяржавы — гістарычныя сьцяг і герб? Хто ж вінаваты ў тым, што палітычная думка скача, як Пятрушка, і кланяецца то ў адзін, то ў другі бок, то адной, то другой публіцы? Думаю, што многімі людзьмі ўжо прынятае раней рашэньне пра новыя сымбалі новае дзяржавы не падлягала сумневу. Бо новыя дзяржаўныя сымбалі — гэта ня новыя гатункі кілбасы й гарэлкі, якіх можа быць некалькі на памяці аднаго пакаленьня” 20. Аднак мэта ўладаў была дасягнутая. Прапанова Лукашэнкі знайшла падтрымку ў большасьці ўдзельнікаў рэфэрэндуму. Не зважаючы на нормы заканадаўства, якія абавязвалі вырашаць пытаньні падобнай значнасьці толькі большасьцю галасоў усіх выбарцаў, унесеных у электаральныя сьпісы, улада адразу заявіла аб сваёй перамозе. Яшчэ нават да фармальнага абвяшчэньня вынікаў рэфэрэндуму кіраўнік справаў Адміністрацыі Лукашэнкі, нядаўні першы сакратар райкаму КПБ Іван Ціцянкоў асабіста зьняў з галоўнага флагштоку краіны на даху прэзыдэнцкага палацу і публічна разьдзёр на кавалкі зьненавідны для іх сымбаль беларускае незалежнасьці — бела-чырвона-белае палотнішча Дзяржаўнага сьцягу. З гэтага сымбалічна дзікунскага акту й пачалася эпоха шызафрэнічнага існаваньня пакуль яшчэ незалежнай Рэспублікі Беларусі пад “новымі-старымі” дзяржаўнымі сымбалямі падсавецкае БССР. |
|
Абсурднасьць сытуацыі яшчэ больш падкрэсьліў абвешчаны распараджэньнем кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі праз 7 месяцаў пасьля зацьвярджэньня савецкае сымболікі ў якасьці дзяржаўнай “конкурс на найлепшы тлумачальны тэкст да Дзяржаўнага герба й Дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусі” 21. Аднак тлумачэньне знакаў, якія, як заўважыў пасьля рэфэрэндуму тагачасны начальнік Дзяржаўнае геральдычнае службы Вячаслаў Насевіч, “звычайна інтэрпрэтуюцца як трохі зьмененая сымболіка савецкага пэрыяду, што адлюстроўвае настальгію большай часткі насельніцтва па гэтым часе” 22, сталася справаю вельмі нялёгкаю, асабліва ўлічваючы інтэлектуальны патэнцыял прыхільнікаў аднаўленьня “сьветлага ўчора”. Красамоўны вынік конкурсу падвёў сябар ягонага журы, сумнавядомы ў Беларусі мовазнаўца-русіфікатар Аркадзь Жураўскі: Прадстаўленыя на конкурс матэрыялы ў цэлым пакідаюць сумнае ўражанне. Яны паказваюць, што ад удзелу ў конкурсе ўхіліліся вядучыя беларускія пісьменнікі, мастакі і публіцысты, і гэта не з’яўляецца выпадковым у сучасным палітыка-ідэалагічным клімаце Беларусі… Частка прадстаўленых на конкурс матэрыялаў уяўляе сабой вершы, аўтары якіх у патэтычна-эмацыянальнай форме выражаюць свае станоўчыя адносіны да цяперашняй сімволікі. Аднак даводзіцца канстатаваць, што такія вершаваныя творы не адпавядаюць асноўнаму патрабаванню конкурса — даць найбольш поўнае раскрыццё сэнсу і значэння цяперашніх дзяржаўных сімвалаў у цэлым або іх паасобных элементаў… Прадстаўленыя на конкурс празаічныя апісанні герба і флага (sic! — І. Л.) вельмі неаднолькавыя як па памеру, так і па зместу… Але ўсе гэтыя апісанні занадта кароткія, у сярэднім у большасці яны займаюць толькі адну старонку машынапіснага тэксту. Агульным недахопам іх з’яўляецца поўная адсутнасць гістарычных дадзеных” 23. Гучна распачатае “мерапрыемства” скончылася ціхім “пшыкам”. Так і не знайшлі ўладальнікаў “две первые премии — в размере 50 минимальных заработных плат каждая” 24, так і засталося незапатрабаваным абяцаньне Прэзыдэнтуры, што “авторский текст победителя конкурса будет издан в виде красочной брошюры” 25. Беларуская інтэлектуальная эліта дэманстратыўна выказала сваё стаўленьне да палітыкі ажыўленьня зданяў нядаўняй мінуўшчыны. Такім чынам, у Рэспубліцы Беларусі працягваецца паралельнае суіснаваньне дзьвюх сыстэмаў сымболікі, якія для дзьвюх асноўных групаў жыхароў гэтае краіны маюць вартасьць дзяржаўных сымбаляў. З аднаго боку, фактычна дзейнічаюць “Палажэньне аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусі” і “Палажэньне аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусі”, зацьверджаныя ўказамі прэзыдэнта №№ 213 і 214 ад 7 чэрвеня 1995 г., якія зыходзяць зь дзяржаўнага статусу нэасавецкіх эмблемаў. На абароне гэтай сымболікі стаіць Дзяржаўная геральдычная служба, што знаходзіцца ў падпарадкаваньні Дзяржаўнага камітэту па архівах і справаводзтве Рэспублікі Беларусі. Сёньняшні ейны начальнік Сяргей Рассадзін дакладна ўяўляе, чые “геральдычныя густы” абслугоўвае ягоная ўстанова: Мы маем поўную падтрымку кіраўніцтва і асабіста кіраўніка нашае дзяржавы, які праяўляе зацікаўленасьць у разьвіцьці сымболікі 26. Сваё разуменьне гісторыі беларускай геральдыкі ды ейных пэрпэктываў галоўны Лукашэнкаў “геральдмайстар” Рассадзін (між іншым, гісторык паводле адукацыі) таксама выказаў вельмі недвухсэнсоўна, пішучы на тэму вайсковай геральдыкі: Становление современной белорусской военной геральдики происходило и происходит прежде всего на базе достижений советской военной геральдики. Последняя складывалась в течение многих десятилетий и сформировалась в виде целостной, оригинальной системы… В 1990-х годах ситуация в области военной геральдики резко изменилась. В частности, произошло массированное внедрение в нашу армейскую атрибутику тогдашних официальных символов Республики Беларусь — герба “Погоня” и бело-красно-белого флага, а также их производных. Проблема заключалась в том, что уже сама стилистика данных герба и флага была в корне отличной от применявшихся ранее, что в результате и привело к многочисленным издержкам… |
|
Предпосылки для нормализации развития военной геральдики в Беларуси стали складываться после проведения всенародного референдума 1996 (sic! — І. Л.) года, когда официальными символами нашего государства стали его ныне существующие герб и флаг... [К числу насущных задач] принадлежит, конечно, задача сохранения преемственности в развитии нашей военной геральдики. Ведь отказ от лучших достижений советской эпохи в этой области, очевидно, неприемлем морально и, к тому же, невыгоден практически… Не стоит, тем более, менять на нечто новое и непривычное те атрибуты, которые в народном сознании прочно ассоциируются с героическим прошлым Вооруженных Сил. Так, Боевое Знамя воинской части должно оставаться красным, а звезда — пятиконечной 27. Гэтая доўгая цытата падаецца дарэчнай, бо ў ёй, як у кроплі вады, адбіліся сьветапоглядныя ўстаноўкі тае часткі насельніцтва Беларусі, чый сьцяг вісіць цяпер над адміністрацыйнымі будынкамі краіны: пачатак гісторыі з 1917 году, бачаньне “залатога веку” ў савецкім мінулым, трактаваньне нацыянальных сымбаляў беларусаў як “знакаў заняпаду” ды інш. Пры гэтым характэрнае для рэжыму Лукашэнкі імкненьне да падрабязнай рэглямэнтацыі ўсіх праяваў грамадзкага жыцьця прывяло да значнага звужэньня сфэры бытаваньня іхнае сымболікі. Так, існуе заканадаўчая забарона на ейнае выкарыстаньне ў эмблемах грамадзкіх арганізацый 28, вытворчасьць выяваў гербу падлягае ліцэнзаваньню (за немалыя грошы) 29, вышэйзгаданымі “Палажэньнямі” устаноўлены нават сьпіс службовых асобаў, якія маюць права трымаць гэтую сымболіку ў сваіх працоўных кабінэтах. У выніку “нефармальным” чынам, гэта значыць не з прымусу і не пры выкананьні службовых абавязкаў, яна цяпер выкарыстоўваецца адно толькі падчас мерапрыемстваў, што ладзяцца вэтэранамі другой сусьветнай вайны ды камуністамі. Дый там часьцей можна пабачыць СССРаўскія ці “неадрэдагаваныя” БССРаўскія арыгіналы, чымся лукашэнкаўскія “падпраўленыя” копіі. Зусім па-іншаму выглядае сучасны стан дасавецкай дзяржаўнай сымболікі Беларусі. Ужываючыся цалкам або ў выглядзе асобных элемэнтаў у эмблематыцы значнай часткі палітычных партыяў краіны (ад кансэрватараў зь Беларускага народнага фронту да сацыял-дэмакратаў) і самых розных грамадзкіх арганізацыяў (ад міжнароднага Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” да рэгіянальнага “Цэнтру грамадзкіх ініцыятываў” з Маладэчна), аздабляючы шматтысячныя маніфэстацыі прыхільнікаў дэмакратычных рэформаў, зьяўляючыся ў выглядзе графіці на сьценах і мурох беларускіх гарадоў, гэтыя сымбалі сталіся сымбалямі яднаньня для ўсіх, незалежна ад этнічнае прыналежнасьці, хто жадае бачыць Беларусь дэмакратычнаю, прававою, эканамічна моцнаю, урэшце — проста прыстойнаю эўрапейскаю дзяржаваю. У адказ на гэта Лукашэнкавы “ахоўнікі парадку” вядуць няспынную барацьбу з нацыянальнай сымболікай (іхныя спасылкі на дасюль дзейсны ў РБ Указ Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР №990-X ад 09.04.1981, якім уведзеная забарона на “пользование флагами и вымпелами, не зарегистрированными в установленном порядке”, ня маюць ніякага сэнсу хоць бы з прычыны “зарэгістраванасьці” бела-чырвона-белага сьцяга ў якасьці сьцяга БНФ), арыштоўваюць і зьбіваюць людзей, якія ёю карыстаюцца (зьвесткамі пра гэта напоўнены ўвесь беларускі незалежны друк за апошнія пяць гадоў), ці, напрыклад, забараняюць дзейнасьць выдавецтва “Хата” за тое, што ім “выпушчана ў свет кніга “Пагоня” ў сэрцы тваім і маім”, змест якой супярэчыць вынікам рэферэндума па дзяржаўнай сімволіцы і такім чынам адмоўна ўплывае на паразуменне, еднасць і стабільнасць у грамадстве” 30. Аднак гэта толькі дадае ёй прывабнасьці ў вачах людзей, нават далёкіх ад беларускага нацыянальнага руху, але незадаволеных рэстаўрацыяй нэасавецкага ладу ў Беларусі. Такім чынам, можна з упэўненасьцю сьцьвярджаць, што пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы ў Рэспубліцы Беларусі сёньня ёсьць вытворным ад праблемы выбару далейшых шляхоў палітычнага і грамадзкага разьвіцьця нашай краіны. Ад таго, наколькі хутка Беларусь эўрапейская здолее перамагчы Беларусь савецкую, залежыць і тэрмін, празь які адбудзецца аднаўленьне “Пагоні” і адпаведнага ёй сьцяга як афіцыйных сымбаляў незалежнай Беларускай дзяржавы.
|
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (21) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |