A R C H E П а ч а т а к № 1 (21) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


12002
» да Зьместу «

 


Часопіс для ўсіх
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

ІВАН МІЦІН
Вокладка ARCHE 1-2002.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Іван Міцін
 
 
Усходнеэўрапейскія сталіцы


Кіеў, Менск і Варшава непадобныя; яны розныя, і на тое ёсьць мноства прычын. Але погляд на іх дапаможа выявіць тое адметнае і незвычайнае, што ў іх ёсьць, іх вартасьці нароўні зь недахопамі.

Менск і Варшава былі практычна цалкам зруйнаваныя ў часе вялікай айчыннай вайны, таму можна было надаць ім любое аблічча, адпаведна для іх гэта было аблічча сталіцы: для Варшавы — сталіцы дзяржавы, а для Менску — сталіцы Беларускае ССР. Кіеў жа займеў сталічны статус ці ня з самага заснаваньня і ўжо за савецкім часам рэканструяваўся і перабудоўваўся (у тым ліку і пасьля ВАВ) як сталіца Ўкраінскай ССР.

У Кіеве захавалася шмат ад старадаўняй часткі гораду, ён застаўся прыгожым старым местам; новыя фасады былі ў меру (для савецкага гораду) арганічна ўпісаныя ў старыя раёны.

У Варшаве старая частка была страчана амаль цалкам, але Старое Места цалкам адноўленае, так што паўсталы з руінаў горад захаваў за сабой гістарычную частку гораду. Бяз Рынку, без цэнтральнай старой часткі няма ніводнага, нават невялікага польскага гораду, што сябе “паважае”. І Варшава, такім чынам, захавала за сабой статус нармальнага польскага гораду. З тае прычыны, што гэтага было як бы дастаткова, астатняя частка гораду забудоўвалася эклектычна, але эклектыка гэтая не пайшла на карысьць Варшаве, прынамсі, сучаснай Варшаве. Яе структурная пабудова функцыянальна стала нагадваць заштатны савецкі горад: гістарычны цэнтар, нібыта практычна некрануты (насамрэч — адноўлены); “старыя ўскраіны”, з разнароднай забудовай, зь меншай канцэнтрацыяй усялякіх забаўляльных устаноў, рэстарацыяў, кавярняў і турыстычных славутасьцяў; “новыя ўскраіны”, свайго роду субцэнтар, з гмахам (Палац культуры і навукі — PKiN — “восьмая высотка”, падораная Сталіным Варшаве — такая нелюбімая сучаснымі палякамі і — на зьдзіў — досыць упадабаная сучаснымі турыстамі за дзівосную панараму гораду), з сучаснымі гатэлямі і крамамі-гіпэрмаркетамі, з галоўным чыгуначным вакзалам (Warszawa Centralna); сапраўдныя ўскраіны, толькі шмат у чым савецкія, са шматпавярховікамі, часта аднааблічнымі; шчыльна прырослыя да гораду прадмесьці, з малапавярховай прыватнай забудовай і новымі гандлёвымі цэнтрамі ўздоўж найбуйнейшых аўтамагістраляў. Так уся “сталічнасьць”, разарваная паміж старым цэнтрам і новымі пампэзнымі будынкамі, сталася страчанай.

Менск таксама быў разбураны ў гады ВАВ, але ён не ўзнаўляўся, ён будаваўся наноў. Захаваўся толькі маленькі квартальчык, вельмі маленькі — але, што важна, гэта ня быў цэнтральны стары ўчастак, гэта — Траецкае прадмесьце. Так Менск страціў стары цэнтар гораду, і, відаць, таму сёньня ён арганічны. Арганічны — у адрозьненьне ад Варшавы, новы — у адрозьненьне ад Кіева. Новы Менск выйграў манумэнтальнасьцю — манумэнтальнасьцю па-савецку, з размахам — і прыгажосьцю, прыгажосьцю “па-новабеларуску”.

(нар. 1983, Масква) — студэнт геаграфічнага факультэту Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ламаносава. Па-беларуску друкуецца ўпершыню.
   

Ёсьць мноства складнікаў прасторы гораду. І адзін з найважнейшых — людзі як частка культурнага ляндшафту, калі, вядома, горад наагул фармуе такі. З Варшавай акурат у гэтых адносінах узьнікаюць праблемы: яна не адно цэлае, яна распадаецца. Стары цэнтар перасычаны турыстамі, супрацоўнікамі многіх разьмешчаных тут пасольстваў і прадстаўніцтваў, тутэйшымі жыхарамі таксама — але яны абслугоўваюць турыстычную плынь. Новая эліта стала арганічнай часткай Варшавы новай (і акурат ёй, новай польскай несавецкай эліце не падабаецца PKiN, які нагадвае пра мінулае). Звычайныя гараджане засталіся паміж гэтымі двума полюсамі і на ўскраінах. І таму людзей не відаць. Каб знайсьці сапраўднага Чалавека Варшавы, трэба, напэўна, доўга жыць у гэтым горадзе.

Менск — парадны. І парадны для ўсіх адразу і практычна паўсюль у цэнтральнай частцы, дарэчы, даволі выцягнутай. І людзі адпавядаюць параднасьці гораду — адкрытыя, як шырокія праспэкты і плошчы Менску, прыязныя й даверлівыя. І нават “цяжкія” манумэнтальныя савецкія адміністрацыйныя будынкі плошчы Леніна, пераназванай усё-ткі ў плошчу Незалежнасьці, ня кідаюць ценю змрочнасьці на менчукоў, у іх заўсёды ёсьць нейкі вясёлы, задзірысты агеньчык, ён можа быць і зусім кволы, нават незразумела вясёлы, але ён ёсьць заўсёды — як і прывабныя маленькія сквэрыкі на кожным вольным месцы на вулках Менску.

Кіяўляне зусім іншыя. Яны менш адчуваюць Сталіцу; яны хутчэй адчуваюць Дом. Няхай яны нават і ня ведаюць свайго гораду, але яны адчуваюць усю спакойнасьць, памяркоўнасьць імклівага Кіева. Ён, нягледзячы ні на што, нехапатлівы. Таму што нават хуткасьць, мітусьня Кіева — хатняя, свойская, родная. Новая Ўкраіна, як вядома, першая вывучыла такія цудоўныя словы, як самостiйна, незалежна, рiдна, вiльна. Дык вось, Кіеў зь сярэдзіны — гэта сталіца Рiдної України. І кіяўляне — не сталічныя жыхары, яны проста гараджане.

Варта зірнуць на тое, як гарады сустракаюць вандроўнікаў. Кіеў — звычайным савецкім вакзалам*, нават не сталічным, звычайнай будоўляй вакол, адсутнасьцю тэлефонных аўтаматаў, “Макдональдзам” і станцыяй мэтро. Варшава — па-эўрапейску ўладкаваным падземным вакзалам (праўда, пабудаваным яшчэ за саветамі), які не замінае гарадзкому асяродзьдзю, — адным словам, як і мае быць у эўрапейскай краіне. Менскі вакзал ашаламляе: нечаканы ў маленькай краіне размах, эўрапейскі антураж, вялізныя залі, эўрапейская аддзелка, шмат шкла. А тут жа ж не чакаеш анічога эўрапейскага, асабліва калі прыяжджаеш з Масквы і не ўсьведамляеш сябе ў іншай дзяржаве. Праўда, карцінку вакзалу псуюць чэргі ля абменных пунктаў дый тое, што палова электрычак адпраўляецца не з вакзалу, а з наступнай плятформы — п.п. “Інстытут Культуры”, якая зьдзіўляе сваёй правінцыйнасьцю, нечаканай у самым цэнтры сталічнага гораду. Проста Менск — ня надта эўрапейская сталіца.


 
   

Кіеў і Менск

Сутнасьць адрозьненьняў у гэтай пары наўпрост вынікае з задачаў, пастаўленых стваральнікамі абліччаў абодвух гарадоў: новы Менск — стары Кіеў. Менск стварае спэцыфічную, непаўторную атмасфэру, пры якой палітычныя хваляваньні, неадназначнасьць уладнай вэртыкалі адыходзяць на другі плян; узьнікае абсалютнае ўражаньне іх адсутнасьці — уражаньне, што людзі жывуць асобна ад палітычных калізіяў. Гэта, відаць, так і ёсьць: менчукі, людзі прасторы, жывуць у сваім квітнеючым горадзе, які харашэе, прыгажэе й адкрыты ўсім вятрам. Калі гэта толькі ўяўнае ўражаньне, то гэта пацьвярджае геніяльнасьць знаходкі таго архітэктара, таго PR-мэна і таго палітыка, што стварылі горад, які сыгналізуе пра гэта, г.зн. падманвае вандроўніка. Але Менск і менчукі кажуць, што гэта праўда.

А Кіеў стары таму, што ён захаваў свой уклад і свае традыцыі. Кіеў — правінцыйны. Але правінцыйны па-асабліваму. Манумэнтальныя ўрадавыя будынкі ў Кіеве не пануюць на плошчах (як у Менску), яны яўна прайграюць сваім архітэктурным рашэньнем старому Кіеву. Улады ж больш апякуюцца якраз старым Кіевам. Кіяўляне жывуць іншым. Кіеў выхаваў людзей часу. Афіцыйны Кіеў імкнецца стаць часткаю Вялікай Эўропы. І Кіеў стаў унутранай Правінцыяй, яшчэ ў большай ступені, чым, напрыклад, Пецярбург стаў акном Расеі ў Эўропу.


 
   

Варшава і Кракаў

Варшава па-свойму спакойная: няма затораў на вуліцах, незаўважная дзелавая актыўнасьць, няма буйных дзелавых цэнтраў і офісных будынкаў. І пры гэтым яна, несумненна, і дзелавая, і афіцыйная сталіца Польшчы. Таму тут чакаеш манумэнтальных урадавых будынкаў, якія, можа быць, не пануюць над прасторай (як у Менску), але напэўна займаюць больш важнае месца, чым у старым Кіеве. І па-за цэнтрам зьяўляюцца сям-там непрыкметныя сьціплыя сядзібкі асобных міністэрстваў і ведамстваў — нечакана, убаку ад асноўных транспартных шляхоў. Варшава, як і Кіеў, — адлюстраваньне новай палітыкі дзяржавы. І, як на Ўкраіне, сталічнасьць тут набыла асаблівыя формы — ня надта гістарычныя, не зусім сучасныя, але дакладна не прасторавыя. У Варшаве няма значных музэяў; Варшаўскі ўнівэрсытэт “каціруецца” ў Эўропе значна горш за Ягелёнскі (што ў Кракаве). Але пры гэтым унівэрсытэт выглядае як прадстаўнічы “цэнтральны” будынак на фоне іншых адміністрацыйных збудаваньняў Варшавы. Прайграе ён толькі мясцовай штаб-кватэры NАТО.

Кракаў жыве цэнтрам. І цэнтар нібыта цісьне на ўскраіны, не даючы ім далёка сысьці ад сябе ў пляне аблічча. Кракаў разьвіваецца не па-савецку эвалюцыйна. Яму ня трэба даводзіць, што ён частка Эўропы: Кракаў — эўрапейскі горад яшчэ зь Сярэднявечча. Кракаву ня трэба разьвівацца за мяжу гораду: няма ўжо Рэчы Паспалітай, для якой ён мог быць сталіцай. І горад засяродзіўся на самім сабе. Новыя будынкі тут не ўрываюцца ў старую забудову, хутчэй наадварот — старыя паўсюль залазяць у новыя раёны, робячы іх арганічным працягам старога Кракава (мімаволі ўзьнікае аналёгія з усюдыіснай навізной Менску). Кракаў адрозьніваецца ад любога старога гораду савецкай прасторы тым, што ў ім згладжваюцца адрозьненьні ў інфраструктуры паміж цэнтрам і ўскраінамі.

Выходзіць, кожны горад і кожная дзяржава па-свойму дэманструюць найлепшыя свае рысы — што і павінны паказваць сталіцы. Але акурат гэтых адрозьненьняў і шукае вандроўнік. Прыяжджаеш у горад і імкнешся знайсьці ягоную “разынку”, нешта такое, што нідзе больш ня ўбачыш, не адчуеш, не пачуеш. Таму так запамінаюцца адкрыты і парадны Менск, па-добраму правінцыйны Кіеў, сучасная, але празьмеру эклектычная Варшава, стары й прыцягальны ўсёй сваёй прасторай Кракаў.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (21) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 12-11-2002