A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (21) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
МІКОЛА НІКАЛАЕЎ | |||||
|
Мікола Нікалаеў |
(нар. 1955 у Шчучыне) — супрацоўнік Расійскай нацыянальнай бібліятэкі. Сябар вучонае Рады РНБ. Доктар філялягічных навук, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук Эўразіі. Дасьледчык гісторыі культуры, мастацтва, праваслаўнай царквы ў Беларусі. Выдавецтва “Асар” рыхтуе да друку ягоную манаграфію “Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага”. |
Кніга складаецца з уступу, чатырох раздзелаў, заключэння, паказальніка імёнаў і персаналіяў, календара ўшанавання цудадзейных беларускіх абразоў, бібліяграфіі (на самай справе гэта вынесеныя ў канец кнiгi спасылкi на лiтаратуру) і “Слоўніка рэдкіх тэрмінаў і абазначэнняў”. У апошнім звяртаюць на сябе ўвагу тлумачэнні навамодных тэрмінаў “пасіянарнасць”, “пасіянарны імпульс паводзін”, “пасіянарны штуршок” (хаця выраз “пасіянарны выбух” (с.56) у слоўніку не патлумачаны). Кнiга дзякуючы арыгінальнаму макету (мастак В.П.Масцераў) выглядае прыгожа i багата. I хаця не ўсе рэпрадукцыi аднолькава якасныя, плён працы палiграфiстаў прыемна ўзяць у рукi. “Уся гісторыя нашай краіны прайшла пад знакам, пакровам іконы. Сведкамі многіх гістарычных антынамічных катаклізмаў і лёсавызначальных падзей былі цудадзейныя святыні”. Нельга не пагадзіцца з гэтым сцвярджэннем аўтаркі, асабліва калі адкінуць таямніча-няясныя “антынамічныя катаклізмы”. Шматлікія ілюстрацыі павінны, па ўсёй верагоднасцi, дапамагчы суперажываць лёс і шляхі падзвіжнікаў і ўзбагаціць уражанні чытача ад знаёмства з духоўнай культурай старажытнай Беларусі. Усяго ў кнізе 191 ілюстрацыя (10 на вокладцы, 8 вынесены блокам у пачатак кнігі і 173 ў тэксце), з якіх 152 — гэта іконы і 38 — партрэты розных гістарычных асобаў. Такім чынам, і з назвы кнігі, і з пабудовы яе “візуальнага раду” вынікаюць два галоўныя сэнсавыя кiрункi: іконы — гэта святыні, а паказаныя асобы — падзвіжнікі зямлі беларускай. Спынім сваю ўвагу на апошніх. Прадстаўленыя некалькі праваслаўных і адзін каталіцкі епіскап, віленскі ваявода Рыгор Хадкевіч, два князі Астрожскія, два Алелькавічы, вялікі князь Вітаўт, вялікія князі Ягелоны, гуманісты Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, Ян Вісліцкі, вялебны Максім Грэк, асобным іканастасікам — шэсць рэальных і міфічных жанчын, некалькі вучоных праваслаўных манахаў. Рэжа вока стылістычны разнабой фантазійных партрэтаў (арыгінальныя выявы большасці асобаў не захаваліся). Асабліва ўражвае жонка Аляксандра Ягелончыка Алена Іванаўна: на малюнку яна ўбраная ў футра з каўнерам і капялюшык з вуаллю — акурат “Незнаёмка” расійскага мастака XIX ст. І.Крамскога. Не менш эмоцый і ад выявы Івана Ўжэвіча: яго намалявалі пункцірам-кропачкамі з косамі, як вучаніцу малодшых класаў сярэдняй школы. Хто аўтар гэтых шаржаў, “навуковае выданне” не паведамляе.
Большасць паказаных асобаў зрабілі важкі ўнёсак у культуру (пра Ганну Наўгародскую і Харыціну Літоўскую нічога сказаць не можам: бракуе інфармацыі), аднак навукова абгрунтаваных крытэрыяў уключэння гістарычных дзеячоў у шэраг “Падзвіжнікаў” Алена Яскевіч не прапануе. Чытач мусіць сам меркаваць, чаму, напрыклад, Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч падзвіжнікам з’яўляецца, а Мікалай Радзівіл Сіротка (аўтар “Падарожжа ў Святую Зямлю”, арганізатар тапаграфічных працаў, заказчык і фундатар мапы Вялікага Княства Літоўскага — самай дакладнай еўрапейскай мапы мяжы XVI—XVII стагоддзяў, будаўнік Нясвіжскага замка, збіральнік адмысловай бібліятэкі etc.etc.) — не падзвіжнік. Як і шматлікія іншыя не згаданыя дзеячы сярэдневяковай беларускай культуры. Безумоўнае дасягненне аўтаркі і выдавецтва — распрацоўка новага тыпу кнігі: беларускі чытач нарэшце можа пазнаёміцца з хрысціянскай (у дадзеным выпадку пераважна праваслаўнай) іканаграфіяй не маўкліва-альбомным спосабам, а з разгорнутым каментарыем, апісаннем сюжэтаў і гісторыі іконаграфічных тыпаў, тут вельмі да месца каляндар ушанавання цудадзейных беларускіх абразоў. Хай знаёмства гэта не поўнае, тым не менш, у кнізе прысутнічаюць выявы 152 абразу, з іх 111 — багародзічныя. У сваім захапленні гэтым матэрыялам А. Яскевіч заходзіць часам вельмі далёка: “…Асноўнае, што пакiнулi Збаўца Хрыстос i Багародзiца i явiлi нам пасля Свайго Успення, — гэта цудадзейныя iх iконы…” (с.263). Аўтар гэтых радкоў — не тэолаг — заўсёды асноўным лічыў зробленыя евангелістамі запісы Слова Божага. Адказнае (і вельмі спрэчнае) цверджанне А.Яскевіч патрабуе нейкага тлумачэння. Звернем увагу i на тое, што большасць паказаных у кнiзе абразоў — рэпрадукцыі іконаў расійскага пісьма XIX i XX стагоддзяў, г.зн. спісы, якіх не маглі бачыць (i малiцца на iх) не толькi падзвіжнікі, але і нiякiя насельнiкi старажытнай Беларусі. Парушаны вельмі важны навуковы прынцып — прынцып гістарызму: для апісання рэалій аднае эпохі выкарыстаны творы іншай эпохі. |
Царква шануе кожны спіс абраза, і, хаця прызнаецца цудадзейная сіла канкрэтнай іконы, слава кожнага іконаграфічнага тыпу распаўсюджваецца на ўсе спісы. Перад аўтаркай працы пра абразы-святыні ў сувязі з гэтым паўстала няпростая задача: вырашыць, якія спісы паказваць чытачу, апавядаючы пра культуру часоў Вялікага Княства Літоўскага. Алена Яскевіч праблемы гэтай у тэксце не акрэсліла, а на практыцы абрала шлях кампрамісу: у шэрагу выпадкаў паказаны самыя старыя спісы шанаваных іконаў, калi-нiкалi — больш познія, часта — найноўшыя. Такі падыход часам выдаецца адзіна магчымым (як, напрыклад, для абраза Еўфрасінні Полацкай, ранняя іканаграфія якога невядомая, альбо новых абразоў кшталту іконы праведнага Іаана Кармянскага ці Сабору беларускіх святых), але часам выклікае пратэст. Здавалася б, больш лагічна надрукаваць старажытныя выявы цудадзейных Купяціцкай, Наваградскай і Жыровіцкай іконаў, тым больш што апошняя знаходзіцца ў Беларусі, а атрымаць рэпрадукцыі першых дзвюх не вымагае асаблівага старання. Замест гэтага Алена Яскевіч чамусьці прапануе чытачу нейкі абгрызак выявы Наваградскага абраза, а Купяціцкі і Жыровіцкі — у сучасных і не найлепшых спісах.
Абразы з выявай Багародзіцы займаюць асаблівае месца ў культуры Вялікага Княства Літоўскага. Трапяткія адносіны да Маці Божай уласцівыя і рыма-каталікам, і ўніятам, і праваслаўным. Вобраз заступніцы з’яўляецца на гравюрах старадрукаў і ў мініяцюрах рукапiсаў, у кнігах агульнага зместу (як, напрыклад, у “Svada latina” Яна Дамейкавіча Астроўскага) і ў шматлікіх выданнях, што спецыяльна прысвечаны Багародзіцы. Адным з першых такіх выданняў стала кніга Iаана Дрэўса “Спосаб паломніцтва” (“Methodus peregrinationi menstruae Marianae”), якая выйшла з друкарні віленскага ўніверсітэту ў 1684 годзе. Тут пададзены выявы абразоў, па адным на кожны месяц, у тым ліку: на травень — віленская св. Міхала (цяпер гэты абраз знаходзіцца ў Віленскай кафедры, у капліцы Гаштольдаў; цудадзейным яго прызнала камісія, якую стварыў у 1699 г. біскуп Аляксандр Сапега), чэрвень — троцкая ў Літве, ліпень — жыровіцкая ў Літве, жнівень — наваградская ў Літве (у тым самым годзе была выдадзеная і асобная кніга Дрэўса пра гісторыю гэтай іконы з медытацыямі да яе), снежань — у тэксце надрукавана малітва да холмскай Багародзіцы ў Русі (Чырвонай), але гравюра была зроблена з абраза ў Сэйнах, у Літве, у гарадзенскім дыстрыкце. Кніга Алены Яскевіч пра гэтае выданне не ўспамінае. У некаторых выпадках недапіскі ў кнізе Алены Яскевiч выглядаюць як няведанне альбо наўмыснае ігнараванне аўтаркай старажытнай беларускай спадчыны. Так, апавядаецца, што ікона “Памнажэнне розуму”, якая знаходзіцца ў Спаса-Праабражэнскім храме Рыбінску на Яраслаўшчыне, пашырана ў храмах Беларусі (с.54). Нiбыта i не трэба казаць пра тое, што ікона гэтага тыпу ў Беларусі асацыюецца перш за ўсё з Сапегамi: цудатворны яе спiс з першай паловы XVII стагоддзя да сёння захоўваецца ў родавым маёнтку Сапегаў Коднi (за 15 км ад Берасця, на левым беразе Буга), і графічная выява гэтага абраза змешчана ў славутым сапегаўскiм выданнi “Svada latina”. Пра Коданскi абраз у кнiзе згадваецца (с.220): аўтарка паведамляе, што гэтая iкона (напiсаная, паводле падання, св. Аўгусцiнам) была здабыта ў Гвадэлупе (Iспанiя). Мiкалай Сапега выкрадае святыню ў папы Урбана VIII, а ў 1635 г. пасля пакаяння просiць пакiнуць святыню ў Коднi. З 1927 г. абраз знаходзiцца ў Коданскiм касцёле. Але, здаецца, А.Яскевіч не ўяўляе, што ў двух месцах сваёй кнiгi гаворыць пра адзiн i той самы iконаграфiчны тып (навуковыя рэдактары таксама на гэта не звярнулi ўвагі). Не паведамляе аўтарка і пра тое, што шматлікія пакаленні студэнтаў Віленскага ўніверсітэту ад XVI cт. шанавалi ва ўніверсітэцкім касцёле Св. Яна iкону, якой яны ж і далi назву “Памнажэнне розуму”. Чытач кнiгi А.Яскевiч мусіць пасля ўсяго верыць байцы аб прыбыцці ў Беларусь гэтай (даўно тут шанаванай) іконы з “г. Рыбінска на Яраслаўшчыне”.
Занадта часта, на жаль, тэкст i iлюстрацыi знаходзяцца ў супярэчнасцi. Характэрны прыклад — выява абраза “Раство Хрыстова” i суправаджальны тэкст на развароце сс. 256—257. Спачатку, гледзячы на iкону “Раство Хрыстова”, можна толькi пашкадаваць, што Алена Яскевiч не паказала-такi кранальна-непаўторнага абраза нацыянальнай беларускай школы з гэтым сюжэтам, створанага ў 1649 г. майстрам Пятром Яўсеевiчам з Галынца, — фрагмент яго нават вынесены на супервокладку альбому “Жывапiс Беларусi XII—XVIII стагоддзяў”, — а аддае перавагу iконе позняга пiсьма (XIX—XX ст.) работы невядомага расiйскага мастака. Аднак найгорш тое, што ў суправаджальным тэксце напiсана: “На нiжняй частцы iконы сядзiць Iосiф, якога спакушае нячысты дух у аблiччы пастуха, апранутага ў авечую скуру…”. На выяве абраза на суседняй старонцы такога няма! Лагоднае ягнятка каля ног Багародзiцы нiяк не цягне на нячыстага духа. Мы ўжо адзначылі той факт, што чытанне кнігі — справа ў вялікай ступені эмацыйная. Хіба не найбольшыя эмоцыi выклiкае паведамленне пра тое, што “ў час працы над прадмоваю да кнігі “Песня песняў” у празрыстым сне Францыску Скарыне з’явілася ікона Божай Маці “Выхаванне” (с.64). Вось дзе да месца была б спасылка на крыніцу сведчання аб тым празрыстым сне, ды яшчэ з дакладнай назвай абраза — гэта ж новае слова ў скарыназнаўстве! Усе магчымыя дакументальныя звесткi пра беларускага першадрукара сабраныя i апублiкаваныя, але ў iх няма звестак аб “блакiтным сне” нi ад самога Францыска, нi ад ягоных сучаснiкаў. Ствараецца ўражанне, што гэта быў сон не Францыска Скарыны, а паважанай аўтаркі. Урэшце, права развязаць гэту праблему пакінем выдавецтву “Полымя” i людзям, якiя спрычынiлiся да падрыхтоўкi кнiгi. |
А блаславенне на выхад “навуковага выдання” ў свет далі два навуковыя рэдактары і два тытулаваныя рэцэнзенты, якія не палічылі гэтай сентэнцыі, як і іншых падобных у тэксце кнігі, лухтой. Доктара мастацтвазнаўчых навук А.І.Паламарчука і доктара філасофскіх навук І.Д.Шамырова “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі” не ўспамiнае, а новае выданне агульнай “Беларускай энцыклапедыі” да літараў “П” і “Ш” яшчэ не дайшло. Нiводнай кнiгi Паламарчука i Шамырова не знайшлося ў каталогу Расiйскай нацыянальнай бiблiятэкi, дзе працуе аўтар гэтых радкоў. Для нас яны засталіся персонамі інкогніта. Затое навуковыя рэдактары — асобы вядомыя: філосаф Уладзімір Пятровіч Вялічка яшчэ ў “добрыя” брэжнеўскія часы напісаў кнiгу пра арганізацыю партыйнай працы па сацыялістычным спаборніцтве (яна кранальна называлася “Каштоўнае пачуццё”), цяпер ён галоўны рэдактар часопісу “Беларуская думка”. Выпускнік гістфаку гарадзенскага педінстытуту Мікалай Паўлавіч Касцюк добра вядомы як даследчык сялянскага пытання ў Заходняй Беларусі. Цяпер яны абодва — акадэмікі і смела ўзяліся за навуковае рэдагаванне кнігі па гісторыі іканапіснага мастацтва і царквы, нават і шырэй — па старажытнай беларускай культуры. Навуковыя рэдактары павінны былі б дапамагчы падкрэсліць аўтарскія знаходкі і дасягненні, зняць альбо ўдакладніць памылковыя тэзы, максімальна карэктна сфармуляваць спрэчныя і гіпатэтычныя пытанні. І толькі потым запісаць свае імёны і тытулы на адвароце тытульнага аркуша кнігі Алены Яскевіч. Вялікі гонар для маладой аўтаркі. Прынамсі ў нас, у Пецярбургу, выдаць кнігу пад рэдакцыяй акадэміка Ліхачова было гонарам для аўтара. А для чытача гэта значыла, што Ліхачоў, калі нават і не згодны з аўтарам, адказвае за навуковасць усяго, што напісана. Тым часам, у кнізе А. Яскевіч шмат загадак. Напрыклад, здагадайцеся, што такое “этнiчнароднасныя землi” ў дачыненнi да шматнацыянальнай Беларусi. Аўтарка патрапiла напiсаць аб iх як пра рэч трывiяльную і чытачу сакрэту не патлумачыла. Ці дапаможа тут досвед яе навуковага рэдактара У.Вялічкі — сказаць цяжка.
“Чаму прападобнамучанiк Афанасiй Брэсцкi дорыць аднапляменнаму Мiхаiлу, сыну патрыярха Фiларэта i iгуменнi Марфы, першаму цару дынастыi Раманавых Купяцiцкую iкону-крыж?” — задае пытанне Алена Яскевiч (с.258). Але ў цiкаўнага чытача можа паўстаць iншае пытанне: як атрымалася дзiця ў патрыярха i манахiнi? Цi першы цар з дынастыi Раманавых нарадзiўся ад беззаганнага зачацця, цi патрыярх з iгуменняй парушылi зарокі, цi аўтарка проста некарэктна апавядае ўсю гiсторыю? Двухсэнсоўныя намёкi Алены Яскевіч не прыцягваюць увагі навуковага рэдактара-гісторыка Мікалая Касцюка. Не рэагуе ён і на частае дыстанцыяванне аўтаркі ад зместу фразамi “на думку гiсторыкаў Царквы” (с.164 і інш.), “на думку даследчыкаў” (с.305 і інш.), а часцей за ўсё гэта не названыя гiсторыкi царквы i невядомыя “даследчыкi”. “Сталічныя” навуковыя рэдактары лёгка прапускаюць у тэксце выдатны ўзор “местачковай” вучонасцi: “Вынiкам магутнага мiжнароднага аўтарытэту Усяслава Полацкага стаўся i яго трывалы палiтычны саюз з братам Iзяславам…” (с.303). Сапраўды, якi ж саюз з родным братам без магутнага мiжнароднага аўтарытэту! Жаданне пiсаць “па-вучонаму” прыводзіць да дзiўных “навуковых” паведамленняў, на гэты раз адносна Пажайскай iконы: “Святыя шаты Багародзiцы i кароны-венчыкi Яе i Дзiцяткi Хрыста зроблены з металiчнай масы” (с.285). I што ж гэта за рэчыва такое — металiчная маса? Аўтарка вылучае два варыянты Страсной iконы Божай Мацi: праваслаўны (с.282) i каталiцкi (с.283), але па якіх крытэрыях вылучае — не гаворыць. На самай справе няма каталiцкiх i праваслаўных абразоў Багародзiцы, ёсць абразы, напiсаныя ў iканапiснай (грэцкай, расійскай, беларускай) традыцыi, ёсць абразы, напiсаныя пад уплывам мастацтва Рэнесансу, ёсць сучасныя абразы. Канкрэтна каталiцкiмi цi праваслаўнымi абразамi, як падаецца, можна называць толькi iконы тых святых аднае царквы, якiх не кананiзавала (альбо не прызнала) другая. Аднак ці варта дзялiць (пароўну цi па-брацку, але абавязкова “з мондрым відам”) іконаграфічныя багародзічныя тыпы на іх канфесійныя варыянты, як, напрыклад, гэта зроблена з іконай Ляснянскай Багародзіцы, што таксама засталося без тлумачэння (с.220)? Мiфалагiчнасць мыслення Алены Яскевiч характарызуецца самымi нязмушанымi пераходамi ў часе i прасторы. Напрыклад, апавядаецца, як у XV стагоддзi туркi разбураюць у Канстанцінопалi хрысцiянскi храм, а ў наступным абзацы такi выдатны пасаж: “Усё ж з часам, калi i сам турэцкi султан стаў патаемным хрысцiянiнам i сябраю вернiкаў, была збудавана невялiчкая царква, але i яна ў 1828 годзе была зруйнаваная…” (с.276). Прабачым аўтарцы граматычную форму “сябраю”, моўчкi прапусцiм імклівы пералёт з XV стагоддзя ў 1828 год — у гэтым пасажы нас найбольш хвалюе тое, што рэцэнзент — акадэмiк НАН Беларусi спадар Касцюк — прагне славы ўсходазнаўца: маўляў, хай свет даведаецца з адрэдагаванай iм кнiжкi пра султана — патаемнага хрысцiянiна! М.Касцюку, гісторыку, не рэжа вока і “гістарычны пасаж” Алены Яскевіч пра ягоную родную Наваградчыну: “Мошчы прападобнага Елiсея абаранiлi ў 1505 годзе ваколiцы Наваградка ад татараў, калi на манастырскiм двары з’явiлася адмысловая ангельская коннiца, яны таксама праславiлiся ацаленнямi псiхiчнахворых” (с.122). Якая “ангельская конніца”, адкуль? Усю глыбiню i “навуковасць” дадзенага фрагменту можна ацанiць, параўнаўшы тэкст Алены Яскевiч з першакрынiцай — летапiсным аповедам: “…Царевичи [татарскiя — М.Н.] отступивши от Слуцка пошли до Новгородка, а на той час в Новгородку все панове сеймовали, которые видечи же зле, выехали з Новогродка за Немен, а татаре за ними гонили. Взявше перше Новгородок, запалили его…”. А новае слова Алены Яскевiч, цяпер ужо ў расійскай гiсторыi, пад рэдакцыяй таго ж акадэмiка Касцюка: “Расiйскiя iмператрыцы XVIII—XIX стагоддзяў мелi iмя па-бацьку Фёдараўна… [што] яшчэ раз пераконвае ў глыбiнi пранiкнення беларускага рэлiгiйнага ўплыву ў расiйскiя этнагенезiсныя каранi” (с.215). Пасля гэтага мы маем права запытаць ў кандыдата навук А.Яскевіч і акадэміка М.Касцюка: а калі цяперашні прэзідэнт Расіі — па бацьку Ўладзіміравіч, гэта чый рэлігійны ўплыў на расійскі этнагенезіс? |
Філосаф і журналіст Уладзімір Вялічка не міргнуўшы вокам прачытаў пра iкону, што знаходзiлася ў манастыры “на востраве ля Ладажскага возера ў ваколiцах Пецярбурга” (с.237). Хаця дасведчаны журналіст мог бы звярнуць увагу на тыповы стылістычны “ляп”: востраў — ля возера! Аб тым, што Каневецкi манастыр на востраве ў Ладажскiм возеры не трэба называць Канеўскiм, Уладзімір Вялічка таксама мог бы сказаць. А калі не ведаў, навошта браўся за навуковае рэдагаванне? Ці, можа, акадэмікі М.Касцюк і У.Вялічка лічаць навуковае рэдагаванне не працай, а проста “візавай падтрымкай”? Сярод шматлікіх наваствораных акадэміяў Нацыянальная акадэмія навук Беларусі вылучаецца. Яна старэйшая. Яе закладалі, у ёй працавалі выдатныя людзі. Тут фармулююцца шляхі выхаду з цяжкага крызісу нашых дзён. Крызісу не толькі і нават не столькі эканамічнага, колькі ідэйнага і культурнага. Аднак які тут выхад, калі “маршал” Мікалай Касцюк, рэдагуючы іншую кнігу — “Памяць. Навагрудскі раён”, дапускае, што назва “Наваградак” у адным выданні падаецца ў чатырох (!) розных варыянтах напісання, сярод шматлікіх ілюстрацыяў няма ніводнае мапы ні Наваградскага павета, ні ваяводства, а гісторыя гораду і краю ў XVIII стагоддзі ўвогуле не згадваецца. Напачатку здавалася, што гэта проста некалькі недахопаў і адсутнасць пазіцыі. Цяпер бачыцца іначай: гэта пазіцыя, якая спрыяе працягу гуманітарнага крызісу сучаснасці, што праяўляецца між іншым у выцясненні гісторыі Беларусі з магістральнага шляху навукі (з навуковым апаратам, адмысловай метадалогіяй, спадчынай гістарыяграфіі, дапаможнымі дысцыплінамі) у краязнаўства і далей — у мастацкую міфатворчасць. У тую прастору, дзе скарынаўскі пераклад нараджаецца ў празрыстым сне, гiсторыю расказвае знаёмы краязнаўца, а дакументаванасць фактаў i аргументаванасць словаў настолькi неабавязковая, што на гэта не звяртаецца нiякай увагі. “Навуковае рэдагаванне” кнігі Алены Яскевіч — відавочны крок у гэтым кірунку. А што ж сказаць самой аўтарцы? Вельмi паказальны адзiн з адказаў Алены Яскевiч газеце “Голас Радзiмы”: яна расказвае, як часам выпадае начамi не спаць, рыхтуючы адразу некалькi сваiх кнiг. Для пісьменніцтва ўжо дастаткова. Але для навукоўца трэба найперш быць уважлiвым чытачом чужых кнiг i аналiзаваць iх. Гэта абавязак. На жаль, навуковыя рэдактары ні самі не сталі, ні аўтарцы не парэкамендавалі спачатку пазнаёмiцца з лiтаратурай, якая прысвечана абразам увогуле, і беларускiм у тым ліку. Аднак жа гістарыяграфія пытання — абавязковы пачатак усякае навуковае працы. Грэх не скарыстаць з назапашаных ведаў. Пры рэалiзацыi такога вялiкага праекту добра было б узгадаць i пра саборнасць у навуцы — паклiкаць на рэдактараў i рэцэнзентаў людзей дасведчаных: Аляксандра Ярашэвiча, Надзею Высоцкую, Васiля Пуцка, Марыю Ткачэнка, Юрыя Пiскуна. А ўжо як прыдаўся б досвед замежных беларусаў-вучоных — таго ж прафесара Антона Мірановіча з Беластоку! I не бяда (а можа, нават добра), што яны розных спавяданняў i пагонаў акадэмiкаў не носяць. Яны — знаўцы i навукоўцы найвышэйшага на сёння ўзроўню. На жаль, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі не змагла зрабіць такога важнага (і, напэўна, нятаннага) выдавецкага праекту сваіх супрацоўнікаў (аўтаркі і навуковага рэдактара) агульнанацыянальным дасягненнем. Спадзяёмся, што гэта няўдача часовая і беларуская Акадэмія навук яшчэ не здэвальвавала так, як абясцэнілася банкнота Беларускага банку з выявай яе галоўнага будынку.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (21) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |