A R C H E П а ч а т а к № 1 (21) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


12002
» да Зьместу «

 


Часопіс для ўсіх
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

МІКОЛА РАБЧУК
Вокладка ARCHE 1-2002.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Мікола Рабчук
 
 
Эмансыпацыя слова:
“самвыдаў” супраць “дзяржвыдаву”



Самвыдаў” — пераклад расейскага тэрміну “самиздат”, што ўвайшоў у большасьць моваў безь перакладу, таксама як vodka, sputnik, gulag, intelligentsia, perestroika. З этымалёгіі слова “сам-выдаў” можна зрабіць выснову, што гэтым тэрмінам пазначаецца ўсякая друкаваная прадукцыя, выдадзеная самім аўтарам — ці то тэхнічна (набор, друк, капіяваньне), ці то фінансава (за свой кошт). Такая “этымалягічная” інтэрпрэтацыя, аднак, надта шырокая й недакладная. Насамрэч тэрмін “самвыдаў” узьнік у вельмі канкрэтным месцы й часе (Савецкі Саюз 1960-х гадоў) і ў яшчэ больш канкрэтным, вельмі спэцыфічным паняткавым кантэксьце савецкага “навамоўя”.

Па сутнасьці, гэты тэрмін — своеасаблівая бінарная апазыцыя, іранічная рэпліка да агульнапрынятага ў СССР паняцьця “дзяржвыдаў”. Калі браць фармальна, “дзяржвыдаў” — гэта толькі назоў дзяржаўнага выдавецтва, створанага ў 1919-м у Маскве. У 1943 годзе яго перайменавалі ў “Дзяржлітвыдаў”; падобныя “дзяржвыдавы” паўсталі і ў іншых савецкіх рэспубліках. Толькі ў 1963—64 гадах яны пачалі называцца “Художественная литература” (у Маскве), “Дніпро” (у Кіеве), “Мастацкая літаратура” (у Менску) і да т. п. Фактычна гэтыя перайменаваньні сталіся адной з шматлікіх праяваў аслабленьня савецкага “навамоўя”, спробаю часткова згладзіць яе абсурднасьць.

Аднак усе выдавецтвы і надалей заставаліся дзяржаўныя, то бок партыйныя (розьніца між дзяржавай і партыяй у таталітарных дзяржавах, як мы ведаем, неістотная); працэс адзяржаўленьня ўсіх сфэраў жыцьця, распачаты бальшавікамі ў 1917 годзе, прывёў да поўнага зьнішчэньня грамадзянскай супольнасьці і, у прыватнасьці, такіх важных яе элемэнтаў, як незалежная прэса й кнігавыданьне. Тэрмін “самвыдаў”, такім чынам, стаў своеасаблівым адказам маладой грамадзянскай супольнасьці, яе першых парасткаў пасьлясталінскага часу на татальны кантроль дзяржавы (партыі) у сфэры друкаванага і ўсякага іншага публічнага слова. “Самвыдаў” быў спробаю зруйнаваць тую манаполію, і з гэтага пункту погляду сам тэрмін ёсьць нечым большым, чым задзірыстае перакрыўленьне навамоўнага “дзяржвыдаву”; па сутнасьці, гаворка ішла пра антытэзу ўсякаму таталітарнаму, падцэнзурнаму, непраўдзіваму, несвабоднаму дыскурсу, які ў самым шырокім значэньні сымбалізуе тэрмін “дзяржвыдаў”.

“Самвыдаў” можа быць вызначаны як сукупнасьць літаратурных, публіцыстычных дый іншых тэкстаў, што робяцца ды множацца саматужным спосабам, бяз санкцыяў уладаў, і распаўсюджваюцца насуперак афіцыйным забаронам і перасьледам. Умовы існаваньня самвыдаву — гэта, з аднаго боку, адсутнасьць надта жорсткіх рэпрэсій, характэрных для клясычнага таталітарызму, зь іншага — адсутнасьць сапраўднай свабоды слова, характэрнай для дэмакратычных грамадзтваў. Інакш кажучы, самвыдаў характэрны для аўтарытарных грамадзтваў рознай меры рэпрэсіўнасьці й рознай ступені адзяржаўленьня публічнага дыскурсу.

(нар. 1953, Луцк) — культурны і палітычны аналітык, гісторык культуры, дасьледчык украінскага нацыяналізму. Ягоныя апошнія кнігі — “Від Малоросії до України: парадокси запізнілого націєтворення” (2000) і “Дилеми українського Фауста: громадянське суспільство і “розбудова держави” (2000). Інтэлектуальны лідэр кіеўскае інтэлігенцыі. Ягоныя артыкулы “The Nowhere Nation, або Ці мае Ўкраіна гісторыю?”, “Новае поле бітвы” і “Пляменьнік Рыльке” і “сын Тараса” былі надрукаваныя ва “Ўкраінскім нумары” “ARCHE”.
   

У СССР за Сталіным самвыдаў быў немагчымы, паколькі іншадумцаў зьнішчалі за самое толькі падазрэньне ў іншадумстве. А за Гарбачовым самвыдаў стаў ужо непатрэбны, бо падчас перабудовы цэнзуру аслабілі, а затым і зусім скасавалі. Такім чынам, храналягічныя рамкі савецкага самвыдаву могуць быць акрэсьленыя 1960—80-мі гадамі — ад “позьняга” Хрушчова, умоўна кажучы, да “раньняга” Гарбачова. (За “раньнім” Хрушчовым самвыдаву не было, паколькі грамадзтва жыло яшчэ па інэрцыі, паралізаванае жахамі таталітарнага тэрору. Уласна кажучы, і за “позьнім” Хрушчовым самвыдаў быў пераважна літаратурны, а не палітычны — часткова дзеля згаданай інэрцыі страху, часткова дзеля намаганьняў тагачаснай інтэлігенцыі дзейнічаць у легальных рамках з шчырай вераю, што сыстэму можна палепшыць, адрадзіць “праўдзіва-ленінскі” сацыялізм зь “людзкім абліччам”. Па сутнасьці, палітычны самвыдаў пачынаецца толькі пасьля брэжнеўскага перавароту 1964 году й далейшага спыненьня хрушчоўскай “адлігі”.)

Другая ўмова існаваньня самвыдаву — наяўнасьць у грамадзтве адукаванай і адначасова больш-менш незалежнай інтэлігенцыі. Характэрныя рысы гэтай праслойкі — па-першае, ідэалягічная індактрынаванасьць, то бок схільнасьць прадукаваць і пашыраць пэўныя ідэі, ці, па-сучаснаму, інфармацыю (у тым ліку й непажаданую для кіраўнічага рэжыму); і, па-другое, своеасаблівая (хутчэй уяўная, чымся рэальная) “надклясавасьць”, інакш кажучы, схільнасьць адчуваць сябе прадстаўніком усіх клясаў і ўсёй нацыі наагул (уласна, сама канцэпцыя “нацыі” — ідэалягічная прыдумка інтэлігенцыі), што немінуча зрабіла інтэлігенцыю ў аўтарытарных дзяржавах Усходняй Эўропы паборнікам нацыянальнага й сацыяльнага вызваленьня.

 
   

Знамянальна, што зьяўленьне сьвецкай (а ня толькі царкоўнай, як дагэтуль) цэнзуры ў тых дзяржавах прыпадае на канец XVIII стагодзьдзя, г.зн. на пэрыяд паступовага выхаду інтэлігенцыі на гістарычную сцэну. Так, у Расейскай імпэрыі царскі ўказ 1783 году аб вольных друкарнях ня толькі дазваляў “каждому по собственной воле заводить типографии”, але і ўсталёўваў суворы папярэдні нагляд за іхнай прадукцыяй, даручаючы адпаведным цэнзурным органам не прапускаць “ничего противного законам Божьим и гражданским или же к явным соблазнам клонящегося” 1.

Першымі самавыдавецкімі, ці, лепш сказаць, “протавыдавецкімі” творамі ўва Ўкраіне трэба лічыць, напэўна, гістарычныя хронікі, мэта якіх была чыста ўтылітарная — паказаць выдатныя заслугі казацкай вярхушкі перад імпэрыяй і тым самым абгрунтаваць гістарычныя правы гэтай праслойкі на шляхецкі статус. Са зьяўленьнем інтэлігенцыі вернападданьніцкі патас тых твораў слабее, тым часам як партыкулярна-“сэпаратысцкі” — мацнее, знамянуючы паступовую эвалюцыю рэгіянальнага “маларасейскага” патрыятызму ў бок сучаснага ўкраінскага нацыяналізму 2.

Самым яскравым і, мяркуючы па ацалелых копіях, цытатах і згадках, самым масавым творам самавыдавецкага жанру ўва Ўкраіне першай паловы ХІХ стагодзьдзя была, напэўна, ананімная “Гісторыя русаў”, напісаная ў 1810-х гадах і надрукаваная толькі ў 1846 г. Дзейнасьць ува Ўкраіне змоўнікаў-дзекабрыстаў і польскіх кансьпіратараў, безумоўна, спрыяла знаёмству ўкраінскай інтэлігенцыі з расейскай і польскай нелегальнай літаратурай — як імпартаванай з-за мяжы, так і выпушчанай самавыдавецкім спосабам. Ёсьць неаспрэчныя доказы таго, што Шаўчэнка ды іншыя сябры Кірыла-Мятодаўскага таварыства былі добра знаёмыя з такога роду літаратурай і што тагачасны самвыдаў істотна паўплываў на іх уласную “змоўніцкую” дзейнасьць 3.

Шаўчэнка фактычна быў першы ўкраінскі пісьменьнік, хто сьвядома працаваў на самвыдаў, г.зн. мэтанакіравана пісаў рэчы, якія ня мелі ніводнага шанцу прайсьці афіцыйную цэнзуру і якія, уласна, для вока цэнзуры й не прызначаліся. У рукапісным зборніку Шаўчэнкі “Тры гады” такімі творамі, поўнымі (на думку “ахранкі”) “противозаконных и возмутительных мыслей”, былі, прынамсі, дзьве рэчы — паэма, эўфэмістычна названая “Сон”, і верш “Чыгрыне, Чыгрыне”. Пра характар тых твораў, а дакладней, пра тое, як іх успрынялі тагачасныя ўлады, можна меркаваць з пытаньняў, зададзеных Шаўчэнку падчас допыту, напрыклад: “С какой целью вы сочиняли стихи, могущие возмущать умы малороссиян против нашего правительства, читали эти стихи и разные пасквили в обществе друзей ваших и давали им списывать оные? Не сочиняли ли вы эти стихи для распространения идей тайного общества и не надеялись ли приготовлять этим восстание Малороссии?” 4.

Рэакцыя аўтарытарнай улады на паэтычны, ці, уласна, палітычны самвыдаў была вельмі жорсткая, але па-свойму заканамерная, — бо ў Шаўчэнкавых тэкстах і сапраўды імпліцытна месьціліся ўсе інкрымінаваныя яму злачынствы:

Шевченко... сочинял стихи, на малороссийском языке, самого возмутительного содержания. В них он то выражал плач о мнимом порабощении и бедствиях Украины, то возглашал о славе гетманского правления и прежней вольности казачества, то с невероятною дерзостью изливал клеветы и желчь на особ императорского дома... Сверх того, что все запрещенное увлекает молодость и людей с слабым характером, Шевченко приобрел между друзьями своими славу знаменитого малороссийского писателя, а потому стихи его вдвойне вредны и опасны... по возмутительному духу и дерзости, выходящей из всяких пределов, он должен быть признаваем одним из важных преступников 5.

Нават пасьля высылкі Шаўчэнка хоць і ўнікае простых палітычных інвэктываў, усё ж не адмаўляецца ад далейшага распаўсюджваньня сваіх твораў праз самвыдаў, — пра што можна меркаваць, напрыклад, зь невялічкай палемікі-ліставаньня з Кулішом на пачатку 1858 году вакол толькі што напісаных “Нэафітаў”. Асьцярожны Куліш як умее адгаворвае апальнага паэта, які не пасьпеў яшчэ нават вярнуцца з высылкі (сам Куліш яшчэ заставаўся ў Ніжнім Ноўгарадзе), ад абнародаваньня такіх тэкстаў. “Твае “Нэафіты”, браце Тарасе, гожая штука, дый не для друку! — піша ён. — Ня варта напамінаць добраму сыну (г.зн. Аляксандру ІІ) аб бацьку-нябожчыку (Мікалаю І, што памёр у 1855 годзе), чакаючы ад сына якога б ні было дабра. Ён жа ў нас цяпер першы чалавек: каб ня ён, дык і дыхнуць нам не далі б. А свабода прыгонных — то ж ягоная справа. Найбліжэйшыя цяпер да яго людзі духоўныя — мы, пісьменьнікі, а не пузатыя чыны. Ён любіць нас, ён дае нам веры, і вера ня зганьбіць яго. Таму ня толькі друкаваць гэтую рэч рана, дый дазволь мне, браце, не пасылаць і Шчэпкіну, бо ён зь ёю пачне ўсюды насіцца, і пойдзе чутка, што зусім ня трэба пускаць цябе ў сталіцу”.

“Які там табе нячысты казаў, — адказвае напаўжартаўліва, напаўраздражнёна Шаўчэнка, — што я падрыхтаваў сваіх “Нэафітаў” для друку? І згадкі, і думкі не было. Я паслаў іх табе толькі прачытаць, каб ты бачыў, што я тут ня склаўшы рукі сяджу. І стары Шчэпкін не такі, каб ён там вазіўся ў Маскве зь імі як зь пісанай торбаю. І ты аддай чысьценька перапісаць іх і пашлі старому, бо ён ужо ведае, што “Нэафіты” ў тваіх руках” 6.

У выніку лібэральных рэформаў 1860-х гадоў і, у прыватнасьці, замены ў Маскве й Пецярбурзе так званай папярэдняй цэнзуры карнаю, самвыдаў у Расейскай імпэрыі прыходзіць у заняпад. Гэтаму спрыяла таксама пашырэньне сувязяў з замежжам і масавы завоз адтуль выданьняў, што не праходзілі праз цэнзуру. Побач зь Венай, Бэрлінам, Жэнэваю значнымі цэнтрамі ўкраінскага кнігавыданьня становяцца галіцкія гарады Каламыя й Львоў (на той час — тэрыторыя адносна лібэральнай Аўстра-Вугоршчыны). Самвыдаў у Расейскай імпэрыі, такім чынам, пасьпяхова маргіналізуецца, робячыся аб’ектам дзейнасьці пераважна радыкальных, экстрэмісцкіх палітычных групаў. Такі ж стан рэчаў захоўваецца і ў Савецкай імпэрыі ў яе першыя, адносна лібэральныя дзесяцігодзьдзі.






1 Литературный энциклопедический словарь. М.: Советская энциклопедия, 1987. С.491.





2 Падрабязьней пра гэта гл.: Субтельний Орест. Україна. Історія. Київ: Либідь, 1992. С.200—217; George Luckyj. Between Gogol and Sevcenko. Munich, 1971; David Saunders. The Ukrainian Impact on Russian Culture, 1750—1850. Edmonton: CIUS, 1985; Mikola Riabchouk. Westernizers Despite Themselves: The Paradoxes of Ukrainian Slavophilism // Journal of Ukrainian Studies. 1996. Nos. 1—2.

3 Гл., напрыклад: Бородін В.С. і інш. Т.Р. Шевченко. Біографія. Київ: Наук. думка, 1984. С.351; Тарас Шевченко: Документи та матеріали до біографії. Київ: Наук. думка, 1982; Спогади про Тараса Шевченка. Київ: Дніпро, 1982; George Luckyj. Young Ukraine. The Brotherhood of Saints Cyril and Methodius, 1845—47. Ottawa, 1991.



4 Тарас Шевченко: Документи та матеріали до біографії. Київ: Наук. думка, 1982. С.119.






5 Тамсама. С.130.











6 Тамсама. С.354.

   

Першыя адважнікі

Замацаваньне сталінізму, як ужо казалася, рабіла немагчымым існаваньне ня тое што самвыдаву, але і якіх-кольвек драбнейшых формаў грамадзянскага непадпарадкаваньня. Адзіным істотным выняткам з гэтага правіла можна лічыць досыць вялікую сетку вырабу й распаўсюджваньня самвыдаву, створаную ў Заходняй Украіне Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў і падтрыманую цягам амаль цэлага паваеннага дзесяцігодзьдзя Ўкраінскай паўстанцкай арміяй. Трэба памятаць, аднак, што тая сетка не зьявілася (дый не магла зьявіцца) у рамках таталітарнай сыстэмы; яна дасталася сталінскаму рэжыму як своеасаблівая спадчына ад аўтарытарнай (але не таталітарнай!) Польшчы на акупаваных заходнеўкраінскіх землях. Па сутнасьці, гэта быў рух супраціву на акупаванай саветамі тэрыторыі, а не “дысыдэнцтва” ў межах СССР. Гэты рух мог сілкавацца нейкі час назапашанымі людзкімі, матэрыяльнымі й духоўнымі рэсурсамі, але без падтрымкі збоку ён быў асуджаны на бязьлітасны таталітарны тэрор.

Зразумела таксама, што пасьля частковага выкрыцьця сталінізму паралізаванае страхам грамадзтва патрабавала пэўнага часу для знаходжаньня ўласнага голасу й фармуляваньня ўмоваў, якія б ішлі няхай не насуперак, але ўсё ж далі б больш, чым палавіністыя й непасьлядоўныя спробы афіцыйнай улады дэсталінізаваць краіну. На пачатку “адлігі” гэтыя спробы здаваліся досыць радыкальнымі, а грамадзянская супольнасьць была надта слабой і неструктураванай, каб намагацца хоць неяк радыкалізаваць “зьнізу” рэформы, распачатыя “зьверху”. Фактычна, інтэлігенцыя 50-х гадоў ставілася да Хрушчова прыблізна таксама, як П.Куліш — да Аляксандра ІІ (“Ён жа ў нас цяпер першы чалавек; каб ня ён, дык і дыхнуць нам не далі б. А свабода прыгонных — то ж ягоная справа”. З часам тая вернападданьніцкая парадыгма адродзіцца што да Гарбачова і нават да Краўчука, з акцэнтам, праўда, на другой частцы Кулішавай формулы: “Найбліжэй цяпер да яго людзі духоўныя — мы, пісьменьнікі, а не пузатыя чыны. Ён любіць нас, ён дае нам веры, і вера ня зганьбіць яго”).

Зразумела, што першымі самавыдавецкімі тэкстамі пасьлясталінскага часу сталі літаратурныя творы, якія прызначаліся пераважна для друку, але, між іншым, не прайшлі празь пільнае рэдактарскае (радзей — цэнзарскае) вока. Гэткага роду самвыдаў быў ці, прынамсі, выглядаў адносна бясьпечным, паколькі яго творцы заўжды маглі адбіцца тым, што не яны вінаватыя ва “ўцечцы інфармацыі” з рэдакцый і выдавецтваў, у якія падаваўся рукапіс, а распаўсюднікі такога самвыдаву заўжды маглі сьцьвярджаць, што маюць справу з цалкам “законапаслухмянымі” тэкстамі, пададзенымі ў афіцыйны друк. Гэтая традыцыя з часам пашырылася й на самавыдавецкую публіцыстыку, напісаную ў форме палемічных артыкулаў і адкрытых лістоў, што адсылаліся ня толькі ў рэдакцыі, але і ў розныя партыйныя й дзяржаўныя органы, да службовых асобаў і да т. п. Хаця ў большасьці выпадкаў галоўным адрасатам такіх пасланьняў было замежжа: творцы самвыдаву досыць хутка зразумелі, што ніякае пашырэньне машынапісных тэкстаў на цыгарэтнай паперы сярод аднадумцаў ня дасьць творам такога розгаласу, як перадача тых самых тэкстаў праз радыё з-за мяжы. Гэта яшчэ раней усьвядоміла савецкая палітычная паліцыя, якая галоўную сваю ўвагу засяродзіла на сувязях дысыдэнтаў з замежжам дый на самой інфармацыі, што трапляла туды — у найменш жаданы бок. Факт падачы самавыдавецкага твору ў афіцыйныя інстанцыі перастаў, такім чынам, быць “зьмякчальнай” акалічнасьцю, але сам прыём усё ж выкарыстоўваўся й надалей — часткова па інэрцыі, часткова дзеля вонкавага, перадусім міжнароднага эфэкту.

 
   

Георгі Касьянаў у сваёй кнізе “Незгодні: українська інтеліґенція в русі опору 1960—80-х років” (Київ: Либідь, 1995) цалкам слушна сьцьвярджае, што “самвыдаў быў ня проста інтэлектуальным падмуркам супраціву, але і ці не найгалоўнейшай формаю ягонага існаваньня. Да ўзьнікненьня й разьвіцьця іншых праяваў духоўнага “андэрграўнду” (рок-музыка, поп-арт і інш.) ён быў адзінай, найбольш структураванай, формаю духоўнай апазыцыі”. Досыць умоўна разьвіцьцё ўкраінскага самвыдаву можна разьбіць на тры этапы: “Першы — літаратурны самвыдаў пачатку 1960-х гадоў, збольшага паэзіі, а таксама артыкулаў, якія тычыліся пытаньняў літаратуры. Другі этап — зьяўленьне палітычных артыкулаў, ананімнай публіцыстыкі (1963—65 гг.). І, нарэшце, трэці — другая палова 60-х гадоў, — гэта пэрыяд пашырэньня артыкулаў з аўтарскімі подпісамі, публіцыстыкі, а таксама дакумэнтаў, аўтары якіх не хавалі сваёй датычнасьці да іх” 7.

Г.Касьянаў досыць дакладна аналізуе асноўныя творы палітычнага самвыдаву 60-х гадоў, ад ананімнага памфлету “З нагоды працэсу над Пагружальскім” (1964) і “клясычнай” працы Івана Дзюбы “Інтэрнацыяналізм ці русіфікацыя?” (1965) да зьяўленьня “лягернай” літаратуры пры канцы 60-х (“Бяльмо” М.Асадчага, “Гора ад розуму” В.Чарнавола, “Запаведнік імя Берыі” В.Мароза) дый, нарэшце, выхаду ў 1971 г. праваабарончага часопісу “Український вісник”. Галоўнай тэмаю ўсіх гэтых выданьняў, піша дасьледнік, было нацыянальнае пытаньне, якое “аналізавалася ў двух ўзаемазьвязаных аспэктах: палітычным і, так бы мовіць, культурным, які ў канкрэтным гістарычным кантэксьце таксама меў палітычную афарбоўку” 8.

Большасьць твораў тагачаснага самвыдаву пісалася з марксісцкіх пазыцыяў — часткова таму, што гэта адпавядала сьветапогляду аўтараў, часткова зь меркаваньняў бясьпекі (непрыхаваны антыкамунізм караўся сыстэмаю найбольш жорстка: дастаткова згадаць хаця б максымальны тэрмін зьняволеньня для Валянціна Мароза — “нэаданцавіста”, г.зн. пасьлядоўніка ідэоляга ўкраінскіх нацыяналістаў Данцова), а часткова таму, што такім быў тады “надзеяў далягляд” патэнцыйнага чытача: “Стан масавай сьвядомасьці інтэлігенцыі й масавай сьвядомасьці наагул вызначаў узровень крытыкі сыстэмы” 9. Наступствам таго флірту (ці кампрамісу) з “сапраўдным”, “неперакручаным” марксізмам-ленінізмам была ўнутраная непасьлядоўнасьць, наіўнасьць і, зрэшты, мэтадалягічная слабасьць усіх гэтых “рэвізіянісцкіх” тэкстаў. Паколькі марксізм і, тым больш, ленінізм ня меў якогасьці цэласнага погляду на нацыянальнае пытаньне, да Першай сусьветнай вайны тая праблематыка ў ленінізьме ўвогуле ігнаравалася, а з часам даволі цынічна падпарадкоўвалася практычным патрэбам “клясавай барацьбы”, то бок інтэрпрэтавалася на розныя лады, у залежнасьці ад кантэксту дый бягучых патрэбаў. Выходзіла, што на кожную цытату з “праўдзівага” Леніна можна было знайсьці цытату зь Леніна “перакручанага” (ці наадварот), і ўся дыскусія, такім чынам, лёгка зводзілася, па назіраньні Г.Касьянава, “да схалястыкі” 10.

Аддаючы належнае грамадзянскай мужнасьці дысыдэнтаў і высокім маральным крытэрам іхнай самавыдавецкай творчасьці, дасьледнік справядліва ўказвае й на ейную тэматычную дый інтэлектуальную абмежаванасьць, нястачу канструктыўных праграмаў, павярхоўнасьць аргумэнтацыі. Да ўсяго гэтага, давалася ў знакі “правінцыйнае становішча ўкраінскай культуры, якое праграмавала адпаведны ўзровень усьведамленьня інтэлігенцыяй сваіх задач, узровень інтэнсіўнасьці рэпрэсій супраць іншадумцаў, надзвычай неспрыяльныя ўмовы разьвіцьця руху супраціву, калі даводзілася ахвяраваць якасьцю інтэлектуальных экзэрсысаў на карысьць больш руціннай, будзённай “арганізацыйнай” працы” 11.

Таму ўкраінскі самвыдаў 60-х гадоў характарызуецца толькі як “падрыхтоўчы этап да фармаваньня палітычнай праграмы іншадумства, ці руху супраціву. Працэс фармаваньня гэтай праграмы быў перарваны арыштамі й судамі. У выніку, ён спыніўся ў фазе фармуляваньня дэструкцыйных пастулятаў і антытэз... Аднак для саміх шасьцідзясятнікаў гэта было неабыякім прагрэсам, ён сьведчыў пра пачатак фармаваньня палітычнай апазыцыі... Практычна ўсе палітычна актыўныя іншадумцы бралі ўдзел у напісаньні й распаўсюджваньні самавыдавецкіх твораў. Праз самвыдаў наладзілася сыстэма стала дзейных кантактаў між імі. Гэта была арганізацыйная база руху супраціву”, своеасаблівая “партыя самвыдаву” 12.

Па падліках канадзкага дасьледніка Б.Краўчанкі, ува Ўкраіне ў 1960—72 гг. дзеяла блізу тысячы дысыдэнтаў 13. Нават калі дапусьціць, што насамрэч іх было больш і што ў наступным, асабліва рэпрэсіўным дзесяцігодзьдзі ўсё-ткі зьявіліся новыя людзі, агульная колькасьць украінскіх дысыдэнтаў, якія мелі дачыненьне да палітычнага самвыдаву, наўрад ці перасягала паўтары—дзьве тысячы. Ведаючы спэцыфіку пашырэньня самвыдаву, можна лічыць, што вакол кожнага дысыдэнта было ад некалькіх да, максымум, дзесяці зь лішкам “спачувальнікаў”. Усё гэта дае падставы зь вялікай упэўненасьцю сьцьвярджаць, што нават самыя папулярныя творы палітычнага самвыдаву даходзілі ня больш як да дзесяцёх, у найлепшым выпадку дзесяцёх зь лішкам тысяч чытачоў.







7 Касьянов. Цыт. твор. С.88,89.






8 Тамсама. С.92.





9 Тамсама. С.90.





10 Тамсама. С.103.




11 Тамсама. С.193.





12 Тамсама. С.95,119.



13 Krawchenko Bohdan. Social Change and National Consciousness in Twentieth-Century Ukraine. New York: St. Martin Press, 1985. Р.250—251.

   

Г. Касьянаў, такім чынам, мае рацыю, калі сьцьвярджае, што “дысыдэнты супрацьстаялі сыстэме ўва ўмовах пераважна варожага стаўленьня да іх з боку большасьці” і што палітычны самвыдаў быў у пэўным сэнсе маргінальнай зьявай у СССР. Прычынаю таго была, з аднаго боку, досыць моцная камуністычная “контрапрапаганда”, вынікі якой, уласна, не пераадоленыя й дасюль, а зь іншага боку — інэрцыя “генэтычнага” страху, народжаная сталінізмам і ўмела падтрыманая партыйна-кагэбісцкай машынай пасьлясталінскага часу.

Ува Ўкраіне на тыя дзьве прычыны накладалася яшчэ й трэцяя — перадузятае альбо нават адкрыта варожае стаўленьне расейскага ды змаларасейшчанага насельніцтва да ўсяго “сьвядома-ўкраінскага”, а тым больш “нацыяналістычна”-дысыдэнцкага. (Выразнай мяжы між тымі дзьвюма зьявамі, прынамсі, не існавала: досыць часта яны атаясамліваліся ня толькі ў кадэбісцкіх рэзалюцыях, але і ў масавай сьвядомасьці.) Характэрным прыкладам такога масавага стаўленьня да дысыдэнтаў дый іхных тэкстаў будуць, зразумела, не стандартныя “лісты працоўных”, напісаныя пад партыйную дыктоўку ў рамках чарговай кампаніі “ўсенароднага” асуджэньня тых ці іншых “адшчапенцаў”, а адзінкавыя “прыватныя” водгукі, створаныя, як той казаў, ад сэрца і не сапсаваныя парткамаўскім рэдагаваньнем. Г. Касьянаў прыводзіць бліскучы ўзор такога пасланьня — водгук аднаго ці некалькіх рабочых на пакаяннае выступленьне дысыдэнткі Зіновіі Франко па тэлевізіі: “Мы, працаўнікі фабрыкі “Сьветач”, ад душы пішам ліст, Зіновія. Дзе ж твая гордасьць за дзеда свайго, падлюка, кроў бы цябе ясная заліла, курва ты. Табе савецкая ўлада дала ўсё і тваім дзецям, а ты, што граеш на руку імпэрыялістам, бачце, што яе схапіла на гарачым, раскаялася гадзюка...” 14.

Па дадзеных Б.Краўчанкі, з 942 дысыдэнтаў, што дзеялі ўва Ўкраіне ў 1960—72 гг., 77,2% былі ўкраінцамі і толькі 0,5% — расейцамі (яшчэ 9,9% належалі да іншых нацыянальнасьцяў, пераважна да габрэяў і крымскіх татараў; нацыянальнасьць 12,2% выявіць не ўдалося) 15. Г.Касьянаў лічыць гэтыя дадзеныя цалкам заканамернымі: “Расейская інтэлігенцыя ўва Ўкраіне жыла й працавала ўва ўмовах адноснага ідэалягічнага камфорту і ў любым выпадку не ўціскалася па нацыянальных матывах, мела ўсе магчымасьці разьвіваць нацыянальную культуру ў рамках сыстэмы” 16. Да сказанага можна дадаць, што расейскамоўная меншасьць ува Ўкраіне была прывілеяваная ня толькі палітычна й культурна — як прадстаўнікі імпэрскай большасьці, але й сацыяльна — як гарадзкое насельніцтва, якое з пагардай ставілася да сельскіх, запрыгоненых калгасным ладам украінафонаў.

Тым часам самі гарады былі пераважнай, калі не выключнай, базаю дысыдэнцтва — як з-за высокай канцэнтрацыі тут інтэлігенцыі, так і з-за вышэйшай сацыяльнай мабільнасьці, а таксама свабоды гарадзкіх жыхароў у параўнаньні зь вясковымі, даведзенымі, па сутнасьці, да напаўрабскага стану. Паводле зьвестак Б.Краўчанкі, толькі 9% украінскіх дысыдэнтаў жылі ў сельскай мясцовасьці 17 — і гэта пры тым, што амаль дзьве траціны іх (59%) паходзілі зь сялян 18. Як вынік, сацыяльная база ўкраінскага дысыдэнцтва, а таму й самвыдаву, была вельмі абмежаваная. Амаль усе дысыдэнты жылі або ў Галіччыне (34%), дзе гарадзкое асяродзьдзе было адносна мала русіфікаванае, або ў Кіеве (38%), дзе канцэнтрацыя інтэлігенцыі наагул была надзвычай высокаю праз сталічны статус. (Яшчэ 19% дысыдэнтаў прыпадала на Крым, дзе большасьць, відавочна, былі татары, а таксама на гарады зь мільённым насельніцтвам — Днепрапятроўск, Харкаў дый Адэсу, дзе значную частку складалі, вядома, габрэі. На астатнія 17 абласьцей Украіны прыпадала 9% дысыдэнтаў і, мабыць, прыблізна столькі ж палітычнага самвыдаву) 19.

І ўсё-ткі, нягледзячы на ўсю сваю вонкавую грамадзкую маргінальнасьць, самвыдаў досыць моцна паўплываў на папулярную культуру ўсёй краіны — і ня толькі падчас перабудовы, калі самавыдавецкі бум 1987—90-х гадоў завяршыўся ўрэшце поўнай легалізацыяй і заканамерным зьнікненьнем самвыдаву. Па-першае, мусім памятаць, што і ў папярэднія гады некаторыя творы самвыдаву даходзілі да дзесяцёх зь лішкам тысячаў чытачоў, г.зн. мелі прыблізна тую самую аўдыторыю, што і большасьць сёньняшніх украінскіх выданьняў. Зрэшты, вузіня чытацкага кола кампэнсавалася тым, што бальшыня чытачоў самвыдаву былі прафэсіяналы, грамадзка актыўныя й палітычна/нацыянальна заангажаваныя. Па-другое, рэальная аўдыторыя самвыдаву была значна шырэйшай дзякуючы перадачам замежных радыёстанцыяў, якія слухала калі й ня большасьць, то, ува ўсякім разе, значная частка савецкіх інтэлігентаў. І хаця нават ува Ўкраіне інтэлігенцыя слухала ахвотней расейскія, чым украінскія радыёгаласы, інфармацыя пра значныя зьявы ўкраінскага самвыдаву да слухачоў трапляла — калі не з украінскіх, дык прынамсі з расейскіх крыніц.

І, па-трэцяе, акрамя палітычнага, існаваў надзвычай разнастайны літаратурны і ўсякі іншы самвыдаў, што, уласна, і меў самае непасрэднае дачыненьне да папулярнай культуры. Большая частка гэтага самвыдаву была расейскамоўнаю зь дзьвюх прычын.












14 Касьянов. Цыт. твор. С.128.







15 Krawchenko. Ibid. Р.251.






16 Касьянов. Цыт. твор. С.191.




17 Krawchenko. Ibid. Р.251.

18 Bilocerkowycz Jaroslaw. Soviet Ukrainian Dissent. A Study of Political Alienation. Boulder, Colo. and London, 1988. Р.67—68.



19 Krawchenko. Ibid. Р.251.

   

Па-першае, таму што асяродкам пашырэньня самвыдаву былі, у асноўным, гарады, якія й дасюль пераважна расейскамоўныя. Украінскамоўная інтэлігенцыя ў большасьці гарадоў была досыць малалікая і адначасна больш радыкальная і палітызаваная — з-за свайго каляніяльнага, прыніжанага статусу. Фактычна ўжо сам выбар украінскай мовы ў расейскамоўным асяродзьдзі быў выклікам ня толькі самому асяродзьдзю, а й пэўнай дзяржаўнай палітыцы і таму небеспадстаўна трактаваўся як адна з праяваў “нацыяналізму” (што за савецкім часам было, па сутнасьці, напаўкрымінальным абвінавачаньнем). Зразумела, што такая сацыяльна маргіналізаваная інтэлігенцыя калі ўжо й ангажавалася ў якуюсь самавыдавецкую дзейнасьць, то выключна ў палітычную. На штосьці іншае яна ня мела ані сілы (праз сваю малую колькасьць і маргіналізаванасьць), ані ахвоты (праз прыніжаны статус украінства агулам і, адпаведна, пераважную арыентацыю ўкраінскамоўнай інтэлігенцыі на палітычныя, нацыянальна-вызваленчыя прыярытэты).

А па-другое, пашырэньне расейскамоўнага самвыдаву было справаю значна больш бясьпечнаю — і тое ня толькі аб’ектыўна, з-за пэўнай дзяржаўнай палітыкі, але і суб’ектыўна, з-за асаблівай прадузятасьці, падазронасьці дый проста страху насельніцтва перад дэманізаваным “украінскім буржуазным нацыяналізмам”, пад які лёгка можна было падвесьці ўсё ўкраінскае. Трэба памятаць таксама, што за расейскім самвыдавам стаяла значна мацнейшая расейская культура й значна лібэральнейшыя, то бок менш рэпрэсіўныя завядзёнкі, што панавалі ў Маскве й Ленінградзе, адкуль, уласна, і прыходзіла ўва Ўкраіну большасьць самавыдавецкіх матэрыялаў. (Знамянальны той факт, што расейскамоўная інтэлігенцыя ўва Ўкраіне, нягледзячы на сваю значную колькасную перавагу над інтэлігенцыяй украінскамоўнаю, па сутнасьці, так і не стварыла ўласнага самвыдаву.)


 

   

“Мастацтва дзеля мастацтва”

Улада ставілася да непалітычнага, пераважна расейскамоўнага самвыдаву збольшага талерантна. На тое было, відавочна, некалькі прычынаў. З аднаго боку, непалітычны самвыдаў не прызначаўся для экспарту за мяжу, а таму й не чапаў дзялянкі, якая ахоўвалася КГБ найбольш старанна і жорстка. А зь іншага боку, такі самвыдаў нэўтралізаваў ці, прынамсі, лякалізаваў энэргію патэнцыйна “бунтарскай” інтэлігенцыі ў сфэру несанкцыянаванай дзейнасьці, якая была ў цэлым бясьпечная (ува ўсякім разе, ня надта пагрозьлівая) для рэжыму.

Займаючыся такім самвыдавам, інтэлігенцыя задавальняла да пэўнай меры духоўную патрэбу ў “недазволеных” тэкстах, у “забароненых” інтэлектуальных пладах, якія выглядалі з тае прычыны асабліва салодкімі, і адначасова заспакойвала свае сацыяльныя амбіцыі, дэманструючы (галоўным чынам сабе) пэўнае франдзёрства й “вальнадумства” да аўтарытарнай улады. У пэўным сэнсе тое была сублімацыя духоўных, інтэлектуальных ды сацыяльных патрэбаў і адначасна скіраваньне тых патрэбаў у цалкам бясьпечнае — як для ўлады, так і для інтэлігенцыі — рэчышча.

Можна дапусьціць, што КГБ меў свае падставы не “зважаць” на пашырэньне непалітычнага самвыдаву. З аднаго боку — з прычыны яго сублімацыйных функцыяў; зь іншага — таму што толькі на такім, “бясьпечным”, самвыдаве тайная паліцыя мела магчымасьць адсочваць шляхі яе вырабу й распаўсюджваньня, выяўляць патэнцыйных актывістаў самавыдавецкага руху й вэрбаваць іх або накідаць іншага роду “апеку”, а таксама закідаць у самавыдавецкі абарот уласныя правакацыйныя тэксты (накшталт “Пратаколаў сіёнскіх мудрацоў” і да т. п.).

Пашырэньню непалітычнага самвыдаву ў 70-я гады спрыялі два фактары, якія можна ўмоўна акрэсьліць як “пазытыўны” і “нэгатыўны”. “Пазытыўным” фактарам трэба лічыць пашырэньне сацыяльнай і тэхнічнай базы самвыдаву, у выніку: (а) колькаснага павелічэньня гарадзкой інтэлігенцыі, якая, можна сказаць, і была галоўным распаўсюднікам несанкцыянаваных тэкстаў, і (б) зьяўленьня прамысловых кампутараў і ксэракапіявальных машын у дзяржаўных установах. Хаця ўся тая аргтэхніка жорстка кантралявалася ўладаю (ксэраксы ўсе былі пад наглядам “асобых аддзелаў”, г. зн. прадстаўніцтваў КГБ на прадпрыемствах і ўва ўстановах, і доступ да іх для большасьці супрацоўнікаў быў сувора забаронены), кампутарныя раздрукоўкі й ксэракопіі паступова пацясьнілі ў “непалітычнай” сфэры такія традыцыйныя формы пашырэньня самвыдаву, як фатакопіі й перадрукоўкі на цыгарэтнай паперы праз капірку (што давалі магчымасьць адной машыністцы за раз вырабляць 10—15 экзэмпляраў цяжкачытэльнага тэксту). Паколькі магчымасьці новай капіявальнай тэхнікі былі значна шырэйшыя, то і пакараньні за выраб на ёй палітычнага самвыдаву былі найбольш жорсткія. Апроч таго, закансьпіраваць дзяржаўны кампутар або ксэракс было практычна немагчыма — у адрозьненьне ад прыватнай друкарскай машынкі ці фоталябараторыі. Таму само зьяўленьне капіявальнай тэхнікі амаль не паўплывала на пашырэньне палітычнага самвыдаву. Затое непалітычны самвыдаў перажыў дзякуючы той тэхніцы сапраўдны росквіт. Асобы, што мелі доступ да ксэраксаў, капіявалі несанкцыянаваныя тэксты для сябе, для сяброў, для супрацоўнікаў і нават для незнаёмых людзей — за адпаведную плату (грашыма, цукеркамі, паўлітрамі і да т. п.). Пакараньне за такую дзейнасьць было адносна мяккае: вымова, перавод на іншую пасаду, звальненьне з працы. Часам, праўда, “шылі” крымінальны артыкул — але для гэтага, як правіла, КГБ мусіў мець да “злаўмысьнікаў” яшчэ якіясьці, больш сур’ёзныя, прэтэнзіі.

“Нэгатыўны” фактар, што на свой лад паспрыяў пашырэньню непалітычнага самвыдаву, зьвязаны з далейшым крызысам афіцыйнай ідэалёгіі і, адпаведна, пошукам разумных альтэрнатываў або нават сурагатаў, якія кампэнсавалі б духоўную пустэчу ў атэістычным грамадзтве пасьля таго, як сьвецкая рэлігія — камунізм — аказалася мёртваю. Трэба мець на ўвазе таксама, што якраз у той час цалкам верагодны рух інтэлігенцыі ў несанкцыянаваную палітычную сфэру быў жорстка заблякаваны суворымі рэпрэсіўнымі акцыямі рэжыму супраць дысыдэнтаў. 28 чэрвеня 1971 году ЦК КПСС прыняў сакрэтную пастанову “Аб загадах па супрацьдзеяньні нелегальнаму распаўсюджваньню антысавецкіх ды іншых палітычна шкодных матэрыялаў”. Неўзабаве ЦК КПУ прыняў аналягічную пастанову, расставіўшы ў ёй, ясная рэч, антынацыяналістычныя акцэнты. Для эфэктыўнага правядзеньня карных акцыяў старшынём КГБ Украіны быў прызначаны заўзяты сталініст В.Федарчук. У пачатку 1972 году ў Кіеве, Львове дый іншых гарадох Украіны адбыліся масавыя арышты іншадумцаў. Амаль усе яны атрымалі надзвычай вялікія (па дзесяць і болей гадоў) тэрміны зьняволеньня й высылак. У тым самым годзе зьнялі занадта “лібэральнае” (з пункту гледжаньня рэжыму) кіраўніцтва КПУ. Шырокамаштабныя “чысткі” адбыліся ў партыі, у навуковых і навучальных установах, часопісах і выдавецтвах і г. д. У выніку ўсіх тых загадаў палітычны самвыдаў ува Ўкраіне практычна перастаў існаваць.

 

   

Аднак вызваленая хрушчоўскай “адлігаю” інтэлектуальная й духоўная энэргія грамадзтва ўжо не зьмяшчалася ў рамкі афіцыйнай ідэалёгіі й жорстка рэглямэнтаванай дзейнасьці. Каб нэўтралізаваць тую энэргію, рэжыму заставалася толькі зноў вярнуцца да татальнага тэрору сталінскага часу й да яшчэ большага ізаляцыянізму ў замежнай палітыцы. Першага ўлада не хацела, другога не магла. А таму ў 60—70-х гадах савецкая інтэлігенцыя “часткова выйшла з-пад татальнага кантролю й дыктату дзяржавы” 20. Асьцерагаючыся непасрэднага (і дужа небясьпечнага) умяшаньня ў палітычную сфэру, гэтая інтэлігенцыя досыць энэргічна асвойвала ўсё іншыя дзялянкі інтэлектуальнага жыцьця, якія не вялі яе да простай канфрантацыі з уладаю.

Перадусім тое тычыцца такіх цалкам легальных сфэраў, як літаратура й філязофская клясыка (у тым ліку арыентальная), сучасная замежная літаратура, кіно, мастацтва, творы савецкіх (пераважна расейскіх) аўтараў, якім дазвалялася выходзіць за межы кананічнага сацрэалізму. Далей ішлі сфэры напаўлегальныя — дасавецкія, дасталінскія, а часам і дабрэжнеўскія выданьні дый іхныя “супрацьзаконныя” копіі (як, скажам, “Адзін дзень Івана Дзянісавіча”, “Майстар і Маргарыта” або “Цішыня й гром” Сіманенкі). Сюды ж далучаўся і досыць вялікі масіў філязофска-рэлігійных тэкстаў (“Цытадэль” Экзюпэры, творы Фларэнскага, Салаўёва ды іншых расейскіх філёзафаў пачатку стагодзьдзя, тэксты зь ёгі, тантрызму, дзэн-будызму, крышнаізму і інш.). Да напаўлегальнай належала й палітычна нэўтральная творчасьць дыяспарных аўтараў — ад Набокава да паэтаў нью-ёрскай групы, а таксама некаторых польскіх, чэскіх, славацкіх пісьменьнікаў, апублікаваных на радзіме ў часы “адлігаў”.

Асаблівае месца ў напаўлегальнай сфэры займалі афіцыйныя публікацыі з паметаю “ДСК” (“Для службовага карыстаньня”) — размаітыя аналітычныя матэрыялы дасьледчых інстытутаў, засакрэчаная статыстыка, агляды й рэцэнзіі замежных навінак, што рыхтаваліся для спэцыялістаў акадэмічнымі інстытутамі літаратуры, кінамастацтва і інш., а таксама вайсковыя выданьні — ад спэцыяльных часопісаў да звычайных газэт вайсковых акругаў, якія можна было выпісаць і нельга было купіць у розьніцу. Самавыдавецкі статус усіх гэтых выданьняў вызначаўся, ясная рэч, ня іхным зьместам, а толькі несанкцыянаваным спосабам выкарыстаньня.

Далучэньні якіхсьці бязьвінных тэкстаў накшталт кнігі Дэйла Карнэгі “Як здабываць сяброў і ўплываць на людзей” да “дзяржаўнага самвыдаву”, то бок да “ДСК”, немажліва растлумачыць рацыянальным чынам, калі не ўлічыць агульнай дзяржаўнай параноі, характэрнай для савецкай улады, і глыбокай падазронасьці да якіх-небудзь немарксісцкіх, “нематэрыялістычных” канцэпцыяў. У выпадку Карнэгі ўладу магло насьцярожыць у роўнай ступені і “абстрактна”-гуманістычнае вызначэньне чалавека як складанай істоты, як асобы (а ня гайкі й шруба), і, адначасова, тое, што ім (чалавекам) можна маніпуляваць з дапамогаю даволі простых псыхалягічных прыёмаў. Здаецца, з тых самых прычын пад грыф “для навуковых бібліятэк” трапіў і пераклад кніжкі амэрыканскага псыхоляга Эдварда дэ Бано пад характэрнай назваю “Нестандартнае мысьленьне”, а кнігі некаторых расейскіх аўтараў, што займаліся падобнай праблематыкаю (як Уладзімер Леві, напрыклад), лічыліся напаўапальнымі й таму былі асабліва папулярныя сярод лібэральнай інтэлігенцыі.

Ня выключана, што “апальнасьць” асобных тэкстаў спараджалася выключна “ведамаснай цэнзураю”, то бок пэўнымі карпарацыйнымі інтарэсамі навуковых дый іншых кланаў, што імітавалі ідэалягічную “пільнасьць” яшчэ з часоў барацьбы з генэтыкай і кібэрнэтыкай. Такім чынам, у самвыдаў траплялі нават перакладныя брашуры замежных аўтараў па пытаньнях здаровага харчаваньня (харчаваньне сырым, вэгетарыянства, лячэбнае галаданьне); у самвыдаве апыналіся й іншыя тэксты пра “нетрадыцыйныя” мэтады лекаваньня — ад урынатэрапіі, гамэапатыі, мануальнай тэрапіі, водных і дыхальных працэдураў да сапраўды фантастычных мэтадаў парапсыхалягічнага лекаваньня.

Ува ўсім гэтым, безумоўна, праглядала варожасьць матэрыялістычнай, праграмна атэістычнай дзяржавы да ўсялякай містыкі й мэтафізыкі, у выніку чаго ў самвыдаў выціскаліся ня толькі ўсе тэксты па парапсыхалёгіі, а й папулярныя аповеды пра ўсякія таямніцы прыроды (Атлянтыда, Шамбала, Бэрмудзкі трохкутнік), НЛА, дзівосныя прадказаньні будучыні (ад Настрадамуса да Вангі), падручнікі па ёзе, каратэ і да т.п.

Зь іншых прычынаў выціскалася ў самвыдаў літаратура па пытаньнях сэксу, культуры полавых зносінаў — ад папулярных брашур накшталт “Майстэрства быць удваіх” да клясычнай “Камасутры”. Тут ужо праяўлялася іншая непрыязнасьць — непрыязнасьць таталітарнай дзяржавы да сфэры прыватнага й непадкантрольнага (ці, прынамсі, недастаткова кантраляванага) жыцьця сваіх грамадзянаў. Зразумела, што сэкс быў той дзялянкаю, што найменш паддавалася адзяржаўленьню, а таму ўлада, ня маючы магчымасьці тую дзялянку “закрыць”, проста замоўчвала яе (“у нас секса нет”). Адным з наступстваў такой палітыкі была досыць сур’ёзная неабазнанасьць звычайных грамадзянаў у пытаньнях полавых зносінаў; іншым, больш важным для нашай тэмы вынікам было функцыянаваньне вышэйзгаданай папулярнай літаратуры ў рэжыме маскульту, дзе яна праз забароненасьць выконвала неўласьцівую ёй ролю такога сабе “мяккага порна”.

(Між іншым зазначым, што “крутая парнуха” ў СССР мела даволі вузкае кола абарачэньня — пераважна ў крымінальным і калякрымінальным сьвеце, але пратачалася часам і ў салдацкае асяродзьдзе, дзе побыт шмат у чым збліжаўся зь лягерна-крымінальным. Грамадзянскай маргіналізацыі такога “самвыдаву” спрыяла ня толькі агульнае нэгатыўнае стаўленьне да яго з боку інтэлігенцыі, але і ўбогая тэхнічная база, якая не дазваляла выявіць усе, так бы мовіць, “магчымасьці жанру”, дый даволі жорсткія рэпрэсіі ўладаў да такой прадукцыі — хоць і не настолькі жорсткай, як да самвыдаву палітычнага).





20 Касьянов. Цыт. твор. С.184.

   

Самвыдаў як зьява папулярнай культуры

Украінскі, г. зн. украінскамоўны, самвыдаў непалітычнага кірунку быў, як ужо адзначалася, колькасна дужа абмежаваны й зводзіўся, у асноўным, да мастацкай літаратуры. Найчасьцей гэта былі вершы, радзей — апавяданьні, яшчэ радзей — эсэ ці пераклады. (Поруч з асобнымі вершамі Т.С.Эліята й Эзры Паўнда ў Львове 70-х гадоў, напрыклад, распаўсюджваўся цэлы самавыдавецкі збор Сыльвіі Плат у перакладах А.Лышэгі й кніжка чэскага канцэптуаліста Ладзіслава Новака ў перакладзе аўтара гэтага нарысу і ў мастацкім афармленьні Ўладзімера Каўфмана. Можна згадаць таксама, што ў 1971 годзе Рыгор Чубай пераклаў для самавыдавецкага альманаху “Скрыня” невялічкую абсурдысцкую п’есу Тадэвуша Ружэвіча “Старая баба выжывае”. Характэрна, што прыблізна ў той самы час Уладзімер Дзіброва ў Кіеве пачаў перакладаць “не для друку” творы Бэкета й іншых заходніх абсурдыстаў). Агульнай асаблівасьцю ўсіх гэтых літаратурных тэкстаў, зь перакладамі ўключна, было тое, што яны сьвядома пісаліся не для афіцыйнай публікацыі, нягледзячы на сваю ўяўную апалітычнасьць, былі апрыёрна непрымальныя для рэжыму з эстэтычных меркаваньняў (як “мадэрнісцкія”, “фармалістычныя”, “дэкадэнцкія” і да т.п.).

Адмежаваньне літаратурнага самвыдаву ад палітычнага як самастойнага й досыць яскравага кірунку адбылося ўва Ўкраіне ў другой палове 60-х гадоў часткова таму, што ўва ўмовах грамадзкага “пахаладаньня” шанцы на падцэнзурны друк рабіліся мінімальнымі нават для палітычна бязьвінных (але не безаблічных у мастацкім пляне) твораў; а часткова таму, што якраз у гэты час зьявілася другая хваля маладой інтэлігенцыі, якая, у адрозьненьне ад “шасьцідзясятнікаў”, не фліртавала з сацрэалізмам і, наагул, ніякім чынам у афіцыёзны “мэтад” ня ўпісвалася (В.Галабародзька, І.Калінец, В.Стус, М.Вараб’ёў, Р.Чубай, М.Сачанка, В.Кордун і інш.).

Калі да таго часу літаратурны самвыдаў складаўся пераважна з тэкстаў, што не прайшлі палітычнай цэнзуры або былі ёю істотна скалечаны (Л.Кастэнка, В.Сіманенка, М.Халодны), то са зьяўленьнем малодшых, эстэтычна патрабавальных паэтаў самавыдавецкая літаратура набывае самадастатковыя вартасьці й паступова выходзіць за межы чыста ўтылітарнага, прапагандысцка-асьветніцкага, выразна палітызаванага абарачэньня. Рэпрэсіі 70-х гадоў супраць палітычнага самвыдаву ў значнай ступені зачапілі самвыдаў літаратурны — і ня толькі таму, што абодва самвыдавы часта мелі тыя самыя крыніцы й каналы пашырэньня (досыць вузкае асяродзьдзе гарадзкой украінскамоўнай інтэлігенцыі), але й таму, што ў кампаніі паляваньня на “буржуазна-нацыяналістычных” вядзьмарак КГБ ахвотна пашыраў рэпрэсіі й на ўсякія іншыя непалітычныя формы грамадзкай актыўнасьці (уключна з рухамі гіпі, рокераў, бардаў, аматараў эзатэрычных рэлігіяў або ўсходніх адзінаборстваў). Аднак, у адрозьненьне ад палітычнага, літаратурны самвыдаў у 70-я гады ня быў зьнішчаны, наадварот — ён адкрыў, так бы мовіць, другое дыханьне, усклаўшы на сябе ў значнай ступені “нонканфармісцкія”, “дысыдэнцкія” ў адносінах да сыстэмы функцыі самвыдаву палітычнага й канчаткова зацьвердзіўся ў сваім праграмным “эстэтызьме”, арыентацыі на “чыстае мастацтва” (часьцей дэклярацыйнай, чымся рэальнай, у тых ды, зрэшты, якіх-небудзь іншых умовах).

Сталася тое перадусім таму, што рэпрэсіі супраць літаратурнага самвыдаву ніколі ня былі такімі жорсткімі, як супраць самвыдаву палітычнага. Маладых “эстэтаў” выганялі з ВНУ, з працы (як было, прыкладам, з аўтарамі мастацкага альманаху “Скрыня” ў 1972—73 гг.), цягалі ў КГБ, арганізоўвалі “закрытыя” рэцэнзіі, дзе ананімныя “экспэрты” з навуковымі й пісьменьніцкімі званьнямі вышуквалі “прыхаваны антысавецкі зьмест” у фармалістычных экзэрсысах дамарослых мадэрністаў, пускаліся ў іншыя правакацыі, але ўсё ж да судовых перасьледаў і канцлягерных прысудаў, як правіла, не даходзіла. Нонканфармісцкая моладзь, якая мела дастаткова падстаў не прымаць убогага й надзвычай артадаксальнага на той час мастацкага афіцыёзу, магла адмежавацца ад яго й не станавіцца пры тым на шлях адкрытай палітычнай канфрантацыі з рэжымам, выбіраючы сабе аўтсайдэрскі статус дворнікаў, вартаўнікоў, качагараў, грузчыкаў і пераносячы літаратурна-мастацкае жыцьцё ў прыватныя памяшканьні й майстэрні.

Акурат у 70-я гады, нягледзячы на неспрыяльны палітычны клімат, зьявілася пакаленьне ўкраінскай інтэлігенцыі, якое мела, па-першае, у большай ступені гарадзкое (а не выключна сельскае, як дасюль) паходжаньне і, па-другое, значна лепшыя магчымасьці для асьветы — ня толькі праз тое, што жыло ў горадзе, але й праз агульны заняпад таталітарнага рэжыму ў пасьлясталінскія часы й далейшага больш шырокага пранікненьня ў СССР сучаснай культурнай інфармацыі. Літаратура, якая фармавалася ў кантэксьце Кафкі й Сэн-Жон Пэрса, Цэляна й Картасара, Борхеса й Эліята, Ванэгута й Фолкнэра (ня кажучы ўжо пра Антоныча й часткова рэабілітаваных аўтараў “расстралянага адраджэньня”), зразумела, не магла быць падобная на тую, што фармавалася (у найлепшым выпадку) у кантэксьце Шаўчэнкі, Малышкі дый некаторых не да канца забароненых расейскіх паэтаў “срэбранага веку”.

 

   

Менавіта ў 70-я поруч зь цікаваю, усё больш разнастайнаю паэзіяй ува Ўкраіне выяўляецца самавыдавецкая проза — апавяданьні й нават аповесьці Ю.Віньнічука, тэксты В.Яворскага, Б.Жолдака, У.Дзібровы, І.Клеха, В.Кашкі, К.Маскальца, Л.Падэрэвянскага — і аж да “армейскіх” апавяданьняў Ю. Андруховіча, напісаных у 1984—85 гг. і легальна апублікаваных толькі на чацьвертым годзе перабудовы. Усе гэтыя тэксты пісаліся не для друку й пашыраліся ў машынапісах, а таксама, так бы мовіць, вусна — пераважна ў аўтарскім выкананьні. Багемныя вечары, на якіх чыталіся новыя вершы ці апавяданьні, адбываліся, як правіла, стыхійна, у досыць вузкім коле сяброў, хоць часам яны рыхтаваліся загадзя як мастацкія акцыі й уключалі ў сябе “падпольныя” выставы, выкананьне бардаўскіх песень і, звычайна, піцьцё віна або прынамсі гарбаты 21. На такія акцыі часам прыходзіла шырокая публіка, уключна з стукачамі, якіх, вядома, стараліся ўнікаць, аднак залішняй кансьпірацыяй не злоўжывалі.

Багемныя асяродкі гэткага тыпу існавалі ў Львове, Кіеве, Луцку, Вужгарадзе, Тэрнопалі, Івана-Франкоўску й нават Бахмачы; кантакты між імі ўключалі ня толькі абмен лістамі, кніжкамі й рукапісамі, але й “гастрольныя” паездкі адзін да аднаго — з адпаведным застольлем і чытаньнем тэкстаў перад рознай публікай, якая зьбіралася з гэтай нагоды. Акурат на гэтым, гарадзкім узроўні ўсталёўваліся пэўныя кантакты між украінскімі й расейскімі нонканфармістамі, хоць і тут яны не былі шырокія з прычыны ўзаемнай (палітычнай і культурнай) перадузятасьці. Найчасьцей яны абмяжоўваліся сувязямі з габрэйскай інтэлігенцыяй, якая хоць і была пераважна расейскамоўнаю дый расейскакультурнаю, усё ж праяўляла сябе інтэлектуальна больш адкрытай і ўспрымальнай да праблем іншай (у дадзеным выпадку ўкраінскай) прыгнечанай меншасьці.

Не належачы да нелегальнай сфэры палітычна, а да сфэры легальнай — эстэтычна, украінскі літаратурны самвыдаў 70-х—пачатку 80-х гадоў знаходзіўся, так бы мовіць, у дваістай сытуацыі. У выпадку далейшага грамадзкага “пахаладаньня” ён цалкам мог апынуцца за мяжою закону й трапіць пад артыкулы крымінальнага кодэксу нароўні з самвыдавам палітычным. Адначасова, у выпадку “пацяпленьня” (хаця б да ўзроўню лібэральных Эстоніі ці Масквы, ня кажучы ўжо пра Польшчу або Вугоршчыну) ён у значнай ступені мог бы легалізавацца — што, уласна, і адбылося ў сярэдзіне 80-х гадоў з украінскай самавыдавецкай, прынцыпова не сацрэалістычнай паэзіяй, а ў другой палове 80-х — і з прозай.

Наагул, паколькі розьніца між напаўлегальнай і легальнай літаратурай не была выразнай, стаўленьне ўлады да яе таксама не было дакладным і адназначным. Часта яно залежала ня толькі ад краіны ці рэгіёну, але й ад канкрэтных людзей, ад кароткачасовай каньюнктуры і, звычайна, ад кантэксту, у якім напаўлегальная літаратура пашыралася й публічна або прыватна камэнтавалася. У выключных выпадках можна было атрымаць крымінальны артыкул нават пры распаўсюджваньні цалкам легальных твораў (аж да працаў Леніна ўключна). Хоць часьцей улада абмяжоўвалася ў такіх выпадках шантажом ці вэрбоўкай пераляканых ахвяраў альбо выключэньнем іх з ВНУ, з працы дый іншымі дробнымі рэпрэсіямі.

Акурат у гэтай сфэры напаўлегальнага — афіцыйна не санкцыянаванага, але як быццам і не забароненага — функцыянавала большая частка савецкага самвыдаву, робячыся часткаю масавай культуры; і, наадварот, у гэтую сфэру выціскалася ці сьцякала ўся неафіцыйная, неафіцыёзная масавая культура, становячыся volens-nolens часткаю самвыдаву.

Не належачы ані да сфэры забароненай “палітыкі”, ані да сфэры санкцыянаванага афіцыёзу, непалітычны самвыдаў быў дастаткова прывабны і паважаны сярод рамантыкаў, нонканфармістаў, інтэлектуальных дысыдэнтаў, незадаволеных убогімі камуністычнымі догмамі; і адначасова ён быў дастаткова бясьпечны, каб выклікаць да сябе масавую цікавасьць. Вынікам такога сымбіёзу самвыдаву й маскульту ў сфэры напаўзабароненага было, з аднаго боку, абуджэньне масавага інтарэсу да тэкстаў, якія ў іншых абставінах ніколі б да сябе такой цікавасьці ня выклікалі (ад Скаварады да Лотмана й ад Тычыны да Галабародзькі), а зь іншага боку, вынікам было пранікненьне ў катэгорыю “сур’ёзнага” самвыдаву тэкстаў, якія ў іншых абставінах так бы й заставаліся (у найлепшым выпадку) на ўзроўні маскульту (ад “Сабору” й “Мяча Арэя” да “Ўкраіны нашай Савецкай” П. Шэлеста, раскрытыкаванай камуністычным афіцыёзам, і да ўсялякіх “сакрэтных дакладаў” пра іншаплянэтнікаў, шаптуноў, празарліўцаў і парапсыхолягаў, што зьявіліся быццам бы зь нетраў якіхсьці навукова-дасьледчых інстытутаў).






21Драпей У. Нядзеля гарбаты // Сучаснісць. 1993. №10.

   

Непалітычны самвыдаў, такім чынам, быў свайго роду “шэрай зонаю”, дзе адбываўся пераход сур’ёзных (у тым ліку й палітычных) тэкстаў у рэжым маскульту, а маскультаўскіх — у рэжым “сур’ёзнага” самвыдаву. Найпрасьцейшым прыкладам такой дыфузіі можна лічыць спалучэньне вульгарных анэкдотаў з рафінаванымі палітычнымі — і ня толькі ў вусным ужытку, але і ў самавыдавецкіх (машынапісных, магнітафонных) калекцыях. Або памятны ўплыў блатнога фальклёру на бардаўскую песьню й наадварот. (Зэкаўскія песьні прываблівалі інтэлігенцыю, хутчэй за ўсё, сваёю “апазыцыйнасьцю” да ўлады, квазі-“дысыдэнцтвам”, за якім бачылася пэўнае “вальнадумства”, “фронда” й ад якога адначасова ня “пахла” надта небясьпечнай “палітыкай”. Таксама й блатнякі шанавалі плякатна-лубянога Цоя ці Высоцкага зь гітараю, Ясеніна зь люлькаю — як “ізгояў” грамадзтва, “сваіх”, — хоць у рэальным жыцьці, як і ў рэальных зонах, інтэлігенты й блатнякі лічылі за лепшае ня мець нічога супольнага.)

Наступствам такой двухбаковай канвэртацыі “сур’ёзнага” самвыдаву й “нізкага” маскульту быў ня проста ўзаемаўплыў розных тэкстаў, але й, так бы мовіць, зьмяшэньне жанраў, іхная гібрыдызацыя, замена сутнасьці бачнасьцю — калі ў тэксьце бачылі больш (ці, прынамсі, “іншае”), чым было насамрэч. Фактычна маскульт сілкаваўся “іміджам” самвыдаву — выпадкова пачутым, пабачаным, пераказаным, прыдуманым. Мала хто чытаў “Архіпэляг ГУЛАГ” Салжаніцына або “Інтэрнацыяналізм ці русіфікацыя?” Дзюбы, аднак багата хто пра гэтыя тэксты штосьці чуў — калі не з “варожых” радыёхваляў, то, прынамсі, з афіцыйнай прапаганды і ўспрымаў гэтыя адгалоскі крамольных тэкстаў з прымхлівай сумесьсю захапленьня, інтарэсу, скепсысу, страху. Гэтыя “веды” былі вельмі фрагмэнтарныя, эклектычныя, прыблізныя й павярхоўныя — яшчэ больш павярхоўныя, чым характэрнае для ўсякай масавай культуры веданьне двух-трох радкоў з хрэстаматыйных тэкстаў Шаўчэнкі, Пушкіна, гімну СССР, гімну Ўкраіны, народнай песьні і да т. п. А між іншым, гэтыя веды, безумоўна, абуджалі цікавасьць да больш даступнага і больш бясьпечнага самвыдаву, робячы яго больш рэспэктабэльным, а ўласную далучанасьць да яго — больш гераічнаю, чым яна была на самай справе.

Акурат гэты сымбіёз самвыдаву й маскульту падрыхтаваў спрыяльную глебу для часопіснага й выдавецкага буму падчас гарбачоўскай галоснасьці, што надта хутка, аднак, перайшла ў свабоду слова, пакончыўшы з самвыдавам, а разам з тым і з масавай цікавасьцю да “забароненых” твораў Дзюбы й Салжаніцына, якія так і засталіся непрачытанымі “ў народзе”. У новых умовах масавая культура адрэагавала на гэтыя дый іншыя тэксты так, як і мусіла адрэагаваць — нудою, абыякавасьцю й расчараваньнем. Калі ў 70-я ці ў 80-я гераіня “з народу” яшчэ магла сказаць свайму “бойфрэнду” штосьці накшталт: “Матцы прапанавалі Булгакава за 120 рэ. Ну дзе ж такія грошы?” (Яўгенія Кананенка, “Тры сусьветы”), то ў 90-я такая гераіня выкажацца, хутчэй за ўсё, перафразаю з Уладзімера Дзібровы: “І гэта яны забаранялі?!..”

Таталітарны рэжым, безумоўна, пераацэньваў сілу непадцэнзурнага слова й несанкцыянаванай грамадзянскай актыўнасьці, збліжаючыся, дарэчы, у гэтым з рамантычнымі поглядамі ці, уласна, ілюзіямі сваіх апанэнтаў. Сёньня той самы рэжым цудоўна (і нават больш чым цудоўна) выжывае ва ўмовах свабоды слова й дэмакратыі. Разам з тым, той жа рэжым, здаецца, фатальна недаацэньваў сілу масавай культуры, якая рабіла самвыдаў свайго часу чымсьці значна большым, чым ён быў на самай справе, выводзячы яго за вузкія рамкі палітызаваных, інтэлігенцкіх сэктаў, “бязьмежна далёкіх ад народу”. Сёньня з спазьненьнем найменш на трыццаць гадоў рэжым пачынае ўсьведамляць, што з усіх мастацтваў найважнейшым зьяўляецца не літаратура й нават не кіно, а тэлевізія — як галоўны прадуцэнт і носьбіт маскульту.

Пераклаў з украінскай мовы Павал Абрамовіч
паводле: Рябчук Микола. Дилеми українського Фауста: громадянське суспільство і “розбудова держави”. Київ: Критика, 2000.

 

 

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (21) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 12-11-2002