A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (21) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
СЯРГЕЙ ЗАПРУДЗКІ | |||||
|
Сяргей Запрудзкі |
(нар. 1957) — мовазнаўца, кандыдат філялягічных навук. Выкладае ў БДУ. Аўтар працы “Правапісныя рэформы ў славянскіх літаратурных мовах у ХХ стагодзьдзі” (БДУ, 1998). |
Са з’яўленнем у Беларусі шматпартыйнай сістэмы моўная праблематыка стала істотным складнікам палітычнага дыскурсу. Сярод дзеячаў дэмакратычнай арыентацыі ў гэты час ўзнікла вострая канкурэнцыя за права выступаць ад імя “сапраўдных” дэмакратаў. У выніку на палітычнай карце Беларусі сталі ўзнікаць шматлікія эфемерныя аб’яднанні дэмакратычнай арыентацыі, якія сталі шукаць сваю нішу. Так, напрыклад, нягледзячы на існаванне Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі (скарочана — АДПБ; гэта першая палітычная партыя ў Беларусі, утворана ў лістападзе 1990 году), у лістападзе 1991 году ўзнік Рух за дэмакратычныя рэформы ў Беларусі (скарочана — ДДР, ад рас. “Движение за демократические реформы”), праграма якога адрознівалася ад праграмы АДПБ толькі ў культурнай частцы. Такім чынам, галоўным плацдармам для дэманстрацыі ўласных дэмакратычных поглядаў для дзеячаў ДДР непазбежна стала новая культурная палітыка. ДДР стаў гучна крытыкаваць прынятае ў 1990 годзе моўнае заканадаўства за недэмакратычнасць і абвінавачваць адну з галоўных тагачасных дэмакратычных сіл Беларусі, БНФ, у бальшавізме, русафобіі, ізаляцыянізме, у “раздувании низменных националистических инстинктов”. У сакавіку 1992 году ДДР выказаўся за наданне дзяржаўнага статусу беларускай і расійскай мовам “в соответствии со сложившейся языковой ситуацией, за свободный выбор гражданами языка обучения” (Народная газета. 1992. 7 сакавіка). Апелюючы да існай моўнай сітуацыі, ДДР замест перспектыўнай прапанаваў рэтраспектыўную моўную палітыку, скіраваную на вяртанне ранейшага становішча. Зыходзячы з уяўнай “антидемократичности и антилиберальности” прынятага ў 1990 годзе Закону аб мовах, з таго, што гэты закон “попирает права личности на самоопределение” (Фемида. 1993. 24—30 мая), вясной 1993 году члены ДДР сумесна з выдавецкай фірмай “Эридан” падрыхтавалі і апублікавалі законапраект “О языках в Республике Беларусь”, у якім прапаноўвалі прызнаць дзяржаўны статус за беларускай і расійскай мовамі. Рух, які адбываўся ў стане “лібералісцкіх” партый, змусіў і Аб’яднаную дэмакратычную партыю Беларусі ўдакладніць свае адносіны да дзяржаўнага моўнага рэгулявання. У лістападзе 1994 году Цэнтральная рада АДПБ даручыла сваёй палітычнай камісіі падрыхтаваць заяву аб магчымасці рэалізацыі права выбіраць мову навучання і аб недапушчальнасці яе навязвання. У праграму Аб’яднанай грамадзянскай партыі (узнікла ў кастрычніку 1995 году ў выніку зліцця АДПБ і Грамадзянскай партыі) быў унесены запіс пра неабходнасць даваць грамадзянам “права выбіраць мову выхавання і навучання сваіх дзяцей”. Паколькі рэалізацыя безумоўнага права бацькоў вызначаць мову навучання для сваіх дзяцей нярэдка вядзе да выбару той мовы, якая мае рэальныя сацыяльныя перавагі, пастолькі ў дадзеным выпадку можна казаць, што “слабая” і менш прэстыжная беларуская мова пры такім падыходзе непазбежна мела стаць ахвярай пашырэння дэмакратыі ў Беларусі. Актыўныя працэсы адбываліся ў першай палове 90-х гадоў і ў лагеры левых партый. Калі на зыходзе 80-х гадоў КПБ праз Вярхоўны Савет БССР змушана падтрымала заканадаўства, якое прадугледжвала прызнанне за беларускай мовай статусу адзінай дзяржаўнай, то пасля ўнутранай перабудовы ў сваіх шэрагах яна вярнулася на ранейшыя пазіцыі. З пачатку 90-х гадоў у газетах — органах левых партый стала весціся актыўная прапаганда, скіраваная на дыскрэдытацыю існага моўнага заканадаўства і практыкі правядзення яго ў жыццё. Дзяржаўнае дзвюхмоўе з’яўлялася абавязковым пунктам праграм Руху за дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць (ДСПС, ад рас. Движение за демократию, социальный прогресс и справедливость), заснаванага ў лістападзе 1991 году, і Народнага руху Беларусі (узнік у снежні 1992 году). У верасні 1993 году адбыўся кангрэс народаў Беларусі, які аб’ядноўваў левыя і прарасійскія сілы. На ім была прынята рэзалюцыя з патрабаваннем “исключить насилие и дискриминацию в языковой политике, перейти на официальное двуязычие (белорусское и русское)... узаконить преимущество воли родителей в определении языка обучения ребенка”. Вострая дыскусія пра абгрунтаванасць прынятага заканадаўства і правільнасць правядзення яго ў жыццё разгарнулася ў сродках масавай інфармацыі. З аднаго боку, гэтая дыскусія паказала, што пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы патрабуе больш мэтанакіраваных і сканцэнтраваных намаганняў, чым тыя, якія ўжывала ў тыя гады дзяржаўная ўлада. Так, са спецыфічнымі складанасцямі сутыкнулася прасоўванне беларускай мовы ў сферы вышэйшай адукацыі і дакладных навук, дзе востра адчуваўся недахоп навучальнай і навуковай літаратуры на беларускай мове. З іншага боку, дыскусія выявіла, што ў Беларусі ёсць людзі, якія катэгарычна не прызнаюць існавання самастойнай беларускай мовы і, больш за тое, не ўхваляюць любых практычных крокаў, скіраваных на яе развіццё. Пераважна людзі з поглядамі на беларускую мову як на непаўнавартую сталі рэсурсам для стварэння ў Беларусі прарасійскай партыі “Славянский собор “Белая Русь” (утворана ў жніўні 1992 году). У прынятай у снежні 1993 году праграме Славянскага сабору беларуская мова кваліфікавалася толькі як “региональная”, як складовая частка расійскай мовы. |
Больш ці менш рэгулярна дыскусіі пра беларускую і іншыя мовы ў першай палове 90-х адбываліся і ў беларускім парламенце. Варта адзначыць, што ў цэлым Вярхоўны Савет 12 склікання (распачаў працу ў траўні 1990 году, 86 % яго дэпутатаў складалі камуністы) не быў схільны займаць больш-менш актыўную пазіцыю на карысць пашырэння ўжывання беларускай мовы. Тым не менш, пад уплывам абвяшчэння суверэнітэту Беларусі, паступовай дэманапалізацыі партыйнай улады і часовага прыпынення ў жніўні 1991 году дзейнасці КПСС—КПБ камуністычныя сілы ў парламенце былі змушаны саступіць перад дамаганнямі нешматлікіх нацыянал-дэмакратаў. У выніку ў чэрвені і кастрычніку 1991 году ў Беларусі былі прыняты “Закон аб культуры” і “Закон аб адукацыі”, якія або непасрэдна спасылаліся на “Закон аб мовах” (першы выпадак), або нават трохі ўмацоўвалі зафіксаваныя ў законе 1990 году нормы (другі выпадак). Аднак па меры зменаў вакол Беларусі (звязаных з перамогай былых камуністаў на выбарах у Літве і ростам супраціву рэформам прэзідэнта Ельцына ў Расіі), аслаблення ў парламенце ўплыву БНФ, пасля аднаўлення летам 1992 году дзейнасці КПБ і скасавання ў лютым 1993 году Вярхоўным Саветам сваёй ранейшай забароны на яе дзейнасць сітуацыя стала змяняцца. У першай палове 1992 году з былой наменклатуры ў Вярхоўным Савеце была сфармаваная група “Беларусь”, якая ў сваёй барацьбе з дэмакратычнымі і незалежніцкімі ініцыятывамі дэпутатаў ад БНФ выкарыстоўвала, сярод іншага, слабасць пазіцый нацыянал-дэмакратаў у пытаннях мовы. Так, напрыклад, калі ў траўні 1992 году тагачасны старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч адмовіўся парафіраваць пагадненне аб калектыўнай бяспецы з Расіяй, то блок “Беларусь” паспяхова шантажаваў яго магчымым будучым рэферэндумам, на які мела выносіцца і пытанне аб дзяржаўнасці расійскай мовы. Паступова ў сценах Вярхоўнага Савета сталі гучаць прапановы аб неабходнасці надання дзяржаўнага статусу расійскай мове поруч з беларускай — першымі такія прапановы выказалі ў канцы 1992 году дэпутаты, абраныя ў Вярхоўны Савет ад ветэранскіх арганізацый. Моўныя праблемы актыўна абмяркоўваліся ў парламенце ў 1993 годзе ў сувязі з падрыхтоўкай новай Канстытуцыі. Група па выпрацоўцы Канстытуцыі ў Вярхоўным Савеце прапаноўвала захаваць ранейшую рэдакцыю моўнага артыкула, аднак пры яго абмеркаванні ў траўні 1993 году яна не была прынята, як не была прынята і ніводная альтэрнатыўная прапанова. Падчас абмеркавання гэтага ж пытання на восеньскай сесіі Вярхоўнага Савету ў 1993 годзе канстытуцыйны артыкул, у якім замацоўвалася дзяржаўнасць толькі беларускай мовы, сабраў яшчэ меншую колькасць галасоў, чым гэта было на вясновай сесіі. Страціўшы надзею правесці праз Вярхоўны Савет моўны артыкул, у сакавіку 1994 году парламенцкая канстытуцыйная камісія зрабіла спробу выключыць гэты артыкул з Канстытуцыі ўвогуле, аднак супраць гэтага катэгарычна запярэчыла камісія Вярхоўнага Савету па культуры і гістарычнай спадчыне. Выкананне Закону аб мовах на практыцы сутыкнулася са значнымі цяжкасцямі. Новая моўная палітыка стала рэалізоўвацца адначасова з правядзеннем эканамічнай рэформы, якая, сярод іншага, мела вынікам значнае пагаршэнне ўзроўню жыцця і вельмі неадназначна ўспрымалася насельніцтвам. Некаторыя грамадзяне з ліку былых “прававерных” ідэалагічных работнікаў звязвалі (магчыма, несвядома) новую, ідэйна “варожую” ім эканамічную перабудову жыцця з гэткай жа новай моўнай палітыкай, скіраванай на стварэнне пераваг для беларускай мовы, што змушала іх ставіцца да новых павеваў у моўным жыцці Беларусі выключна агрэсіўна. Найбольш падрыхтаванай для рэалізацыі закону аказалася сістэма адукацыі, і на працягу 1990—1994 гадоў у сярэдняй школе сітуацыя моцна змянілася. Была ўведзена 10-працэнтная надбаўка да зарплаты настаўнікам беларускай мовы. Плыні з выкладаннем на беларускай мове сталі з’яўляцца і ў вышэйшых навучальных установах, а некаторыя педагагічныя ўстановы цалкам перайшлі на выкладанне на беларускай мове. Між тым, гучныя публічныя заклікі да рэвізіі моўнага закону, невыразнасць і хісткасць палітычнай сітуацыі ў першыя гады беларускай незалежнасці, недахоп ва ўрада выразнай волі праводзіць моўную рэформу і, як вынік, недавер з боку грамадзян да сур’ёзнасці намераў дзяржавы ў гэтай справе, агульная атмасфера татальнай зменлівасці, уласцівая пачатку 90-х гадоў, спрычыняліся да развіцця моцнага дзяржаўна-прававога нігілізму і адмоўна адбіваліся на выкананні закону 1990 году. Не верачы ў раптоўна здабытую незалежнасць, не ведаючы, у які бок у любую хвіліну можа павярнуцца палітычны ківач, многія дзяржаўныя чыноўнікі лічылі за лепшае не рабіць якіх-небудзь заўважных крокаў дзеля рэалізацыі Закону аб мовах, што давала магчымасць захаваць устойлівасць у выпадку верагоднай “адмены” дзяржаўнай незалежнасці і рэстаўрацыі савецкай палітычнай сістэмы. Найвышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі даволі індыферэнтна ставіліся да неабходнасці выконваць моўны закон; пераважная большасць іх у сваіх публічных выступах карысталася толькі расійскай мовай. Пэўную ролю ў складанасці рэалізацыі моўнага заканадаўства ў Беларусі адыгрывала тая акалічнасць, што прыняты ў 1990 годзе моўны закон у пэўнай ступені не столькі ўвасабляў сабой рэальныя нормы права, колькі з’яўляўся “маніфестам нацыянальна-моўнай самасвядомасці” (Н. Мячкоўская). У прыватнасці, закон не прадугледжваў ніякіх нормаў адказнасці за парушэнні моўнага заканадаўства. Заклапочаны дрэнным выкананнем закону, у пачатку 1993 году Менскі гарадскі савет звярнуўся з хадайніцтвам у Вярхоўны Савет, каб той дазволіў патрабаваць адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне гэтага закону, аднак станоўчага адказу не атрымаў. Нягледзячы на тое што закон уключаў спецыяльны артыкул, у якім разглядаліся абавязкі службовых асоб “валодаць беларускай і расійскай мовамі”, ніякіх канкрэтных захадаў дзеля выканання гэтага артыкула ўчынена не было. Фактычна ніякай атэстацыі кіруючых работнікаў адносна валодання імі беларускай мовай не праводзілася. Пасля прыняцця закону ў 1990 годзе ў Беларусі не было створана ніякіх структур, якія спецыяльна займаліся б пытаннямі моўнай палітыкі. У сакавіку 1993 году III з’езд Таварыства беларускай мовы звярнуўся ў прэзідыум ВС з прапановай стварыць пры прэзідыуме камісію па ажыццяўленні адзінай моўнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусі. Гэта прапанова таксама падтрымана не была. |
Тым не менш, падчас прыняцця ў сакавіку 1994 году новай беларускай Канстытуцыі артыкул аб дзяржаўнасці беларускай мовы быў у ёй зафіксаваны, аднак у ім жа агаворвалася права “свабоднага карыстання расійскай мовай як мовай міжнацыянальных зносін”. Гэта фармулёўка была амаль цалкам перанесена ў Канстытуцыю з заканадаўства 1990 году, аднак тут мы маем справу не з простым дубляваннем, як можа здацца, паколькі ў 1990 годзе расійскай мове не прыпісваўся статус мовы-пасрэдніцы ў зносінах паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў унутры Беларусі. Замацаванне за расійскай мовай у Беларусі статусу мовы міжнацыянальных зносін міжволі дэвальвавала статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. У такой сітуацыі натуральным чынам паўставала пытанне: ці папраўдзе беларуская мова можа выконваць функцыі адзінай дзяржаўнай, калі кансалідоўная (інтэграцыйная) функцыя мовы міжнацыянальных зносін у межах дзяржавы аддадзена не ёй? Калі наданне расійскай мове статусу мовы міжнацыянальных зносін падрывала статус беларускай мовы хутчэй сімвалічна, то значна большую праблему ствараў запіс у 50-м артыкуле Канстытуцыі аб гарантыях “у адпаведнасці з законам свабоды выбару мовы выхавання і навучання”. Ён, як і фармулёўка пра расійскую мову ў якасці мовы міжнацыянальных зносін, відавочна, з’явіўся ў Канстытуцыі ў адказ на дыскусіі папярэдніх гадоў. Пазней, апелюючы да гэтага артыкула Канстытуцыі, некаторыя бацькі сталі катэгарычна патрабаваць безумоўнай рэалізацыі права выбіраць мову навучання для сваіх дзяцей. Тым не менш, у студзені 1995 году патрабаванні некаторых бацькоў забяспечваць права на выбар мовы навучання фактычна былі падтрыманы Канстытуцыйным судом. У сваім пасланні прэзідэнту і Вярхоўнаму Савету Канстытуцыйны суд крытычна выказаўся пра 24-ы артыкул Закону аб мовах, які нібыта абавязваў праводзіць навучальную і выхаваўчую работу ў агульнаадукацыйных школах “толькі на беларускай мове”. З іншага боку, Канстытуцыйны суд ухвальна выказаўся пра іншыя артыкулы Канстытуцыі, якія, паводле суда, гарантавалі “свабоду выбару мовы выхавання і навучання” (Звязда. 1995. 2 лютага). Моцную падтрымку прыхільнікі дзяржаўнага дзвюхмоўя атрымалі ў ліпені 1994 году ў асобе першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ будучы шараговым дэпутатам, А. Лукашэнка прапаноўваў замацаваць у канстытуцыі за расійскай мовай “статус, равный государственному”. У прэзідэнцкай праграме Лукашэнкі быў пункт, які датычыўся “обеспечения реальной возможности каждому гражданину Республики Беларусь думать и говорить на том языке, на котором он воспитан”. Стаўшы прэзідэнтам, А. Лукашэнка ўпершыню закрануў моўную тэму, выступаючы 1 верасня 1994 году ў Беларускім педагагічным універсітэце. Прэзідэнт узяў пад абарону выкладчыкаў грамадскіх навук і расійскай мовы, якія, паводле ягоных слоў, у некаторых ВНУ сталі “едва ли не изгоями”. А. Лукашэнка вельмі крытычна, у карыкатурнай форме абмаляваў палітыку апошніх гадоў у сістэме адукацыі, скіраваную на пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы, і сказаў, што мова выкладання не павінна вызначацца адміністрацыйным шляхам. Выступленне А. Лукашэнкі ў Педагагічным універсітэце з’явілася сігналам для актывізацыі кампаніі за садзейнічанне расійскай мове. Ужо 6 верасня ў Віцебскім педагагічным інстытуце стаў распаўсюджвацца “Зварот ініцыятыўнай групы”, у якім яго аўтары, выкладчыкі, “поддерживая намерения Президента Республики начать оздоровление социальной обстановки”, запатрабавалі, каб мова выкладання выбіралася студэнтамі і выкладчыкамі. У верасні і кастрычніку 1994 году бацькі ў асобных школах правялі забастоўкі супраць “гвалтоўнага” беларускамоўнага навучання. Гэтыя падзеі старанна асвятляліся некаторымі найбольш тыражнымі дзяржаўнымі газетамі. Цікавым момантам у дзеяннях прыхільнікаў надання расійскай мове дзяржаўнага статусу ўвосень 1994 году з’явілася спроба групы грамадзян з пракамуністычнага Народнага руху ініцыяваць рэферэндум, на які мела б выносіцца і моўнае пытанне. Заява гэтай групы аб ініцыяванні рэферэндуму была разгледжана ў шасці парламенцкіх камісіях і ў Міністэрстве юстыцыі. Усе яны, як паведамлялася ў друку, зрабілі “прыблізна аднолькавую матывіроўку адмовы ў правядзенні рэферэндуму”. Грунтуючыся на атрыманых заключэннях і спасылаючыся на арт. 3 Закону аб рэферэндуме, згодна з якім на рэферэндум забаранялася выносіць пытанні, якія “парушаюць неад’емнае права народа Рэспублікі Беларусі на дзяржаўныя гарантыі існавання беларускай нацыянальнай культуры і мовы”, у кастрычніку 1994 году Цэнтральная камісія па выбарах і рэферэндумах растлумачыла падаўцам заявы, што пытанне аб наданні расійскай мове дзяржаўнага статусу “прама забаронена заканадаўствам рэспублікі”. Напярэдадні зімы 1994 году пад эгідай Славянскага сабору ў Беларусі быў створаны камітэт “За свободный выбор языка обучения”, які 29 лістапада вывеў да будынку Мінскага гарадскога савета каля двух дзесяткаў бацькоў, што патрабавалі навучання на расійскай мове. Сюжэт пра гэты пратэст з адпаведнымі каментарамі быў паказаны ў навінах па нацыянальным тэлебачанні. |
Сітуацыя, якая склалася ў гэты час з выкананнем Закону аб мовах, а таксама кампанія па рэвізіі моўнага заканадаўства выклікалі шматлікія пратэсты з боку ангажаваных арганізацый і партый тыпу ТБМ і БНФ. У канцы 1994 году быў створаны Грамадскі камітэт абароны беларускай мовы, вялася контркампанія за поўны пераход БДУ на беларускую мову да 1 верасня 1995 году. У студзені 1995 году актывісты камітэта пікетавалі будынкі БДУ і Міністэрства адукацыі, Канстытуцыйнага суда і прадстаўніцтва ААН. У студзені ж камітэт абароны мовы прыняў заяву, у якой заклікаў грамадзян “паведамляць пра ўсе факты спробаў парушаць статус дзяржаўнасці беларускай мовы з боку дзяржаўных чыноўнікаў у пракуратуру”; 16 лютага 1995 году камітэт абароны мовы апублікаваў свой зварот да генеральнага пракурора Беларусі са скаргай на прэзідэнта А. Лукашэнку. Між тым, 2 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі ветэранскіх арганізацый А. Лукашэнка паведаміў аб сваім намеры правесці рэферэндум па пытанні дзяржаўнасці беларускай мовы і 20 лютага пацвердзіў свой намер. 18 сакавіка быў апублікаваны адрасаваны прэзідэнту Лукашэнку ліст 73-х дэпутатаў Вярхоўнага Савету (у значнай частцы абраных у Вярхоўны Савет ад ветэранскіх арганізацый), у якім яны звярталіся да яго з просьбай ініцыяваць правядзенне рэферэндуму па мове. 21 сакавіка А. Лукашэнка дэталёва гаварыў пра будучы плебісцыт на сесіі Вярхоўнага Савету, хоць яшчэ і не меў у той момант дакладна сфармуляваных пытанняў для будучага рэферэндуму. У гэты час многія, падобна, лічылі правядзенне такога рэферэндуму малаімаверным, бо ў кастрычніку 1994 году спроба ініцыяваць падобны плебісцыт была адхілена Цэнтральнай камісіяй па выбарах і рэферэндумах. Між іншым, пра малаімавернасць падобнага плебісцыту 22 сакавіка гаварыў на сваёй прэс-канферэнцыі выконваючы абавязкі старшыні Канстытуцыйнага суда Валерый Ціхіня, спасылаючыся пры гэтым на артыкул 3 Закону аб рэферэндуме. 21 сакавіка агульны сход аддзялення гуманітарных навук Акадэміі навук Беларусі прыняў пастанову, у якой выказаўся супраць вынясення на рэферэндум моўнага пытання. Тым не менш, А. Лукашэнка ўнёс у Вярхоўны Савет сваю прапанову аб ініцыяванні рэферэндуму з чатырох пытанняў, якая, аднак, пасля разгляду ў парламенцкіх камісіях да 11 красавіка была адхілена па трох пунктах, у тым ліку і па моўным. У адказ прэзідэнт прыгразіў Вярхоўнаму Савету, што ён правядзе рэферэндум без яго санкцыі. Тады больш за два дзесяткі дэпутатаў абвясцілі галадоўку-пратэст непасрэдна ў зале пасяджэнняў парламенту. Уначы 12 красавіка гэтыя дэпутаты былі прымусова выкінуты з будынку Вярхоўнага Савету ваенізаванымі падраздзяленнямі па загадзе прэзідэнта А. Лукашэнкі. Толькі пасля неардынарных падзей дэмаралізаваныя дэпутаты 13 красавіка прынялі з парушэннем працэдуры пастанову аб правядзенні рэферэндуму. Да 26 красавіка камісія Вярхоўнага Савету па культуры і гістарычнай спадчыне звярнулася ў Канстытуцыйны суд з просьбай разгледзець на прадмет законнасці пастанову Вярхоўнага Савету ад 13 красавіка наконт правядзення рэферэндуму, аднак Канстытуцыйны суд адмовіўся разглядаць гэту справу. 14 траўня 1995 году ў Беларусі быў праведзены рэферэндум, на які былі вынесены 4 пытанні. Першае выглядала так: “Ці згодны Вы з наданнем расійскай мове роўнага статусу з беларускай?”. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у галасаванні ўзялі ўдзел 64,8 % грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у галасаванні. 88,3 % з іх, або 53,9 % ад колькасці ўсіх выбаршчыкаў, выказаліся ў падтрымку моўнага пункта плебісцыту. У працэсе падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму быў зафіксаваны шэраг парушэнняў. Найперш, быў парушаны арт. 3 Закону аб рэферэндуме, які, як вядома, забараняў праводзіць плебісцыт на такую тэму. Згодна з арт. 148 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі, не дазвалялася змяняць або дапаўняць Канстытуцыю на працягу апошніх шасці месяцаў паўнамоцтваў парламенту. Пры ўтварэнні камісій па рэферэндуме былі парушаны нормы артыкулаў 18 і 20 Закону аб рэферэндуме ў частцы спосабу фармавання камісій. На вядзенне агітацыі супраць вынесеных на рэферэндум прапаноў накладаліся істотныя абмежаванні. Рэферэндум праводзіўся пад пільным кантролем выканаўчай улады, у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, асабліва электронных, падаваліся пераважна патрэбныя ініцыятару рэферэндуму погляды. Таварыства беларускай мовы напярэдадні рэферэндуму двойчы звярталася да кіраўніцтва Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі з просьбай прадаставіць эфір, а адзін з намеснікаў старшыні Таварыства даў інтэрв’ю для другой праграмы Беларускага радыё. Інтэрв’ю было знятае з эфіру. У той жа час на тэлеэкране раз-пораз з’яўляліся актывісты Славянскага сабору і камітэта “За свободный выбор языка обучения”. Рэферэндум 1995 году быў сумешчаны з кампаніяй па выбарах у Вярхоўны Савет. За выбарамі і рэферэндумам назірала дэлегацыя Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая зрабіла вывад, што выбары і рэферэндум 1995 году ў Беларусі не адпавядалі ўсім міжнародным нормам свабоднага і справядлівага галасавання. У прыватнасці, адзначаліся кантроль з боку ўрада Беларусі за сродкамі масавай інфармацыі (што прыводзіла да недахопу або скажэння інфармацыі), умяшанне выканаўчай галіны ўлады ў выбарчы працэс, падаўленне дзейнасці палітычных партый і інш. Спецыяльную заяву наконт праведзеных у Беларусі ў траўні 1995 году выбараў і рэферэндуму зрабіў Дзярждэпартамент ЗША, у якой было выказана шкадаванне з нагоды таго, “якім чынам і ў якой абстаноўцы кіраўніцтва Беларусі правяло выбары і рэферэндум”. |
Беларускае грамадства, якое перажывала падчас правядзення рэферэндуму эканамічныя нягоды, не змагло, а часткова і не захацела ўбачыць за казуістычнай фармулёўкай пытання рэферэндуму аб “роўнасці” моў пагрозу дыскрымінацыі сваёй мовы. Выявілася, што ініцыятыва Лукашэнкі адпавядае жаданням значнай часткі грамадства, якая прагнула вяртання “добрага старога” камуністычнага часу, пры якім у крамах была танная каўбаса і “не існавала” моўных праблем. З дапамогай плебісцыту прэзідэнт Беларусі хацеў атрымаць грамадскую падтрымку свайго асабістага пераканання ў тым, што “беларуская мова бедная і пры яе дапамозе немагчыма выказаць што-небудзь вялікае”. Менавіта такую думку выказаў А. Лукашэнка, выступаючы ў Гомелі перад дэпутатамі мясцовага савета. Вынікі рэферэндуму 1995 году выклікалі шок у прыхільнікаў пашырэння сфераў ужывання беларускай мовы. Толькі праз паўтара месяца пасля плебісцыту сакратарыят ТБМ прыняў зварот да грамадзян Беларусі, у якім аспрэчваў вынікі рэферэндуму ў якасці паўнавартаснага волевыяўлення ўсяго беларускага народу. Аўтары звароту спасылаліся на няўлічаныя галасы “людзей новай генерацыі — нашых дзяцей, падлеткаў, якія ў беларускіх садках і школах адчулі смак роднага слова”, на волевыяўленне “шматлікіх пакаленняў нашых продкаў” і “мільёны ахвяр сталінізму і фашызму”. Адначасова ў звароце прызнавалася: “Нас цяпер растапталі”. Рэагуючы на вынікі рэферэндуму і жадаючы хоць трохі ўратаваць сітуацыю, камісія Вярхоўнага Савету па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны ў чэрвені 1995 году прыняла дзве пастановы. У першай камісія рэкамендавала міністэрствам і ведамствам ажыццявіць комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на тое, каб супрацоўнікі дзяржаўных устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў належным чынам валодалі дзвюма, беларускай і расійскай, мовамі. (Пры гэтым падкрэслівалася, што першачарговую ўвагу трэба звярнуць на вывучэнне той мовы, якой чыноўнікі не валодаюць або валодаюць у аб’ёме, недастатковым для выканання службовых абавязкаў.) У другой пастанове Міністэрству адукацыі і навукі рэкамендавалася ўвесці для абітурыентаў усіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў абавязковыя экзамены і па беларускай, і па расійскай мове. (Гэта рэкамендацыя фактычна азначала дадатковае ўвядзенне ў пералік абавязковых экзаменаў расійскай мовы, бо беларуская мова ў гэтым пераліку ўжо прысутнічала.) У сітуацыі, калі паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету 12 склікання падыходзілі да канца, калі прыхільнікі пашырэння сфераў ужывання беларускай мовы на рэферэндуме пацярпелі паразу, гэтыя дакументы не мелі ніякага юрыдычнага і практычнага значэння. Скіраваны на паніжэнне статусу беларускай мовы, рэферэндум 1995 году праводзіўся, безумоўна, не для таго, каб дзяржаўныя чыноўнікі сталі вывучаць і актыўна выкарыстоўваць беларускую мову. З іншага боку, рэкамендацыя, паводле якой усе абітурыенты, незалежна ад іх будучай спецыяльнасці, мелі здаваць на ўступных экзаменах дзве моўныя дысцыпліны выглядала добрым пажаданнем, ігнаравала спецыфічныя патрэбы абітурыентаў-негуманітарыяў і як такая не мела шанцаў быць падтрыманай. У заяве ІІ Міжнароднага кангрэсу Беларускага ПЭН-цэнтра (адбыўся ў жніўні 1995 году) з нагоды травеньскага рэферэндуму сцвярджалася: “На практыцы ўвядзенне расійскай мовы як другой дзяржаўнай будзе замацоўваць рэальнае сёння нераўнапраўе беларускай мовы і будзе спрыяць яе выцясненню, а значыць, будуць працягвацца русіфікацыя і дэнацыяналізацыя беларускага народу, якія праводзіліся ў Расійскай імперыі, а потым у СССР”. У рэзалюцыі “Аб свабодзе і адказнасці СМІ” кангрэс адзначыў, што “ў Беларусі свабода слова і друку распаўсюджваецца на адных, пераважна блізкіх да ўладных структур грамадзян, а адказнасць за сказанае, апублікаванае, растыражаванае слова ўскладваецца на іншых, якія ў асноўным належаць да “апазіцыйнай меншасці” ці “беларускамоўнай” часткі насельніцтва”. У дакументах кангрэсу згадваліся “рэзервацыі для “беларускамоўных беларусаў”, стварэнню якіх адкрыў шлях рэферэндум, “захоп” уладай “і падпарадкаванасць масавых выданняў”. Сам плебісцыт быў кваліфікаваны як праява “мускульнай дэмакратыі”, “падмена дэмакратыі псеўдадэмакратыяй” (Наша слова. 1995. 1 лістапада). Калі раней у сваёй практычнай дзейнасці прыхільнікі пашырэння сферы ўжывання беларускай мовы абапіраліся на “волю народа”, нібыта засведчаную ў дадзеных перапісу насельніцтва, то на плебісцыце ім была прадэманстравана воля “іншага народу” ці, прынамсі, “іншая воля”, згодна з якой беларуская мова мусіла мець здавальняючае становішча толькі фармальна, на паперы. Праблема рэальнага бытавання беларускай мовы, такім чынам, пазбаўлялася статусу актуальнасці. Значэнне гэтага ўроку для беларускай інтэлігенцыі, традыцыйна вельмі моцна падлеглай народніцкім перакананням, цяжка пераацаніць. Абраны на травеньскіх-снежаньскіх выбарах 1995 году Вярхоўны Савет 13 склікання не меў намеру асабліва старанна займацца моўнымі праблемамі. З аднаго боку, у яго складзе зусім мала аказалася дэпутатаў, якія хацелі ў неспрыяльнай сітуацыі 1995—1996 гадоў ставіць і станоўча вырашаць праблему развіцця беларускай мовы. (У Вярхоўны Савет не быў абраны ніводзін дэпутат ад БНФ.) З іншага боку, пасля рэферэндуму, на якім прыхільнікі мэтанакіраванага і хуткага пашырэння сфераў ужывання беларускай мовы пацярпелі сакрушальную паразу, для трансфармацыі гэтай паразы ў практыку патрабавалася пераважна спыніць дзеянне некаторых ранейшых, скіраваных на падтрымку беларускай мовы праўных актаў. Зрабіць гэта было не вельмі складана. |
Дадзеныя аб галасаванні былі апублікаваны ў беларускім друку 26 траўня, а ўжо 30—31 траўня, не чакаючы зацвярджэння матэрыялаў плебісцыту Вярхоўным Саветам, былі прыняты пастанова калегіі і загад Міністэрства адукацыі і навукі, паводле якіх у пералік уступных экзаменаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў дадаткова ўводзіўся экзамен па расійскай мове і літаратуры. Адначасова Міністэрства тлумачыла, што абітурыенты не павінны здаваць экзамены па дзвюх мовах, а маюць спыніць свой выбар на адным. У чэрвені 1995 году Міністэрства апублікавала тлумачэнні адносна камплектавання першых класаў і груп у дзіцячых дашкольных установах на 1995/96 год, якое цяпер мела ажыццяўляцца зыходзячы з пажаданняў бацькоў. Адміністрацыям школ і дашкольных устаноў прадпісвалася правесці бацькоўскія сходы, на якіх бацькі павінны былі падаць на імя адміністрацый навучальна-выхаваўчых устаноў заявы з пазнакай пажаданай мовы навучання або выхавання іх дзяцей. Паколькі, як справядліва прадбачылася, такі неабмежаваны выбар мог прыводзіць да ўзнікнення змешаных з пункту гледжання мовы школ, то, зазначалася, “на пераходны перыяд” такія школы маглі існаваць. Выказанае ў тлумачэннях Міністэрства правіла аб выбары мовы навучання і выхавання не абмяжоўвалася толькі дашкольнымі ўстановамі і першымі класамі агульнаадукацыйнай школы, але пашыралася таксама на 2—4 класы. Новая моўная палітыка ў сферы дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі вельмі хутка стала прыносіць плён. Усвядоміўшы новую тэндэнцыю, бацькі гарадскіх дзяцей у пераважнай большасці сталі выбіраць для сваіх дзяцей у якасці мовы выхавання і навучання расійскую. Пасля набору школьнікаў на 1995/96 навучальны год на расійскай мове ў Беларусі сталі вучыцца 62 % першакласнікаў (лічба папярэдняга, 1994/95 году складала 25 %), у той час як на беларускай мове — 38 % (у 1994/95 годзе — 75 %). У 1996/97 навучальным годзе колькасць расійскамоўных першакласнікаў вырасла да 68 %, колькасць беларускамоўных адпаведна скарацілася да 32 %. Не так імкліва, але таксама даволі хутка стала скарачацца колькасць беларускамоўных вучняў і ў 2—4, і часам нават у старэйшых класах. Бацькі дзяцей, якія вучыліся ў беларускамоўных другіх і старэйшых класах, вельмі чуйна зрэагавалі на перамену сітуацыі: у 1995—1996 гадах яны актыўна патрабавалі пераводу гэтых класаў на расійскую мову навучання, часта не зважаючы на ўжо засвоеныя дзецьмі моўныя звычкі і тэрміналогію. Іх патрабаванні былі задаволены. Зрухі 1995 году ў моўнай структуры сеткі школьных устаноў суправаджаліся значным абвастрэннем сітуацыі ў асяроддзі бацькоў, а таксама ў адносінах паміж бацькамі, з аднаго боку, і школьнымі адміністрацыямі, з іншага. У новай сітуацыі прыхільнікам беларускамоўнага навучання ў гарадах нярэдка цяжка было сабраць дастатковую колькасць заяў для адкрыцця першых беларускамоўных класаў нават у даволі вялікіх школах, у выніку чаго яны змушаны былі або адмаўляцца ад беларускамоўнага навучання, або шукаць беларускамоўныя школы не ў непасрэднай блізкасці ад дому. Што ж датычыцца навучання ў другім і старэйшых класах, то вельмі пашыранымі былі выпадкі, калі бацькі якога-небудзь, раней беларускамоўнага класа займалі процілеглыя пазіцыі адносна мовы навучання іх дзяцей. У той час як адны з іх катэгарычна патрабавалі перавесці клас, у якім вучацца іх дзеці, на расійскую мову навучання, іншыя не менш настойліва выказваліся за захаванне status quo. Выбар мовы навучання ў такіх выпадках фактычна залежаў ад школьных адміністрацый, якія прымушалі адну частку бацькоў адмовіцца ад сваіх патрабаванняў. Паколькі агульная тэндэнцыя лета—восені 1995 году хілілася да расійскамоўнага навучання, то такія канфліктныя сітуацыі вырашаліся тады пераважна на карысць бацькоў, якія патрабавалі навучання на расійскай мове. У тых выпадках, калі прыхільнікі беларускамоўнага навучання апыналіся ў выразнай меншасці, падобныя канфлікты былі “латэнтнымі”, у значнай ступені схаванымі ад грамадскасці. У такіх выпадках на зусім “законнай” падставе і ў адпаведнасці з правіламі дэмакратыі беларускамоўным дзецям прапаноўвалася пакінуць клас або школу, якія яшчэ нядаўна мелі беларускамоўны статус. Часам некаторым вучням пераходы з адной беларускамоўнай школы ў іншую даводзілася рабіць некалькі разоў, бо і ў новаабраных школах згодна з пажаданнямі бацькоў у якасці мовы навучання ўрэшце таксама ўводзілася расійская мова. Летам 1997 году ў Горадні прайшоў судовы працэс па пазове да мясцовых уладаў аднаго з бацькоў, дачцэ якога пасля заканчэння 5 класа адмовілі ў далейшым навучанні па-беларуску. Працэс скончыўся не на карысць спаганятага. Увогуле, у неспрыяльнай для беларускай мовы грамадскай абстаноўцы першых гадоў пасля рэферэндуму многія скаргі аб парушэннях моўных правоў і свабодаў беларускамоўных грамадзян пад увагу не браліся і судовыя справы па іх не заводзіліся. У некаторых выпадках адміністрацыі школ самі выступалі ініцыятарамі пераводу сваіх беларускамоўных школ на расійскую мову; бацькі навучэнцаў гэтых школ атрымлівалі паведамленні ад школьнага кіраўніцтва аб тым, што яны павінны падаць заявы аб змене моўнага рэжыму. Імклівае скарачэнне ўвосень 1995 году колькасці беларускамоўных школ і класаў, якое суправаджалася значным адміністрацыйным ціскам, дало падставу выканкаму Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі прыняць у верасні 1995 году адмысловую заяву, у якой быў выказаны пратэст супраць “навязвання” ў школьным навучанні расійскай мовы. У заяве сцвярджалася, што некаторыя чыноўнікі сістэмы адукацыі “скажона” інтэрпрэтуюць вынікі рэферэндуму. У дакуменце было выстаўлена патрабаванне, каб права бацькоў навучаць дзяцей на расійскай або беларускай мовах рэалізоўвалася “бесперашкодна”. |
Між тым, Вярхоўны Савет 13 склікання не зацвярджаў вынікаў плебісцыту. З аднаго боку, пасля правядзення рэферэндуму паспяховыя наступствы прасоўвання расійскай мовы і скарачэння беларускай былі настолькі відавочнымі, што фактычна яны не мелі патрэбы ў юрыдычным замацаванні. З іншага боку, асобныя кіраўнікі Вярхоўнага Савету выказваліся адносна будучага моўнага рэгулявання спецыфічным чынам, які не супадаў з меркаваннямі прэзідэнта Лукашэнкі. Напрыклад, тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі не лічыў, што “безумоўны” выйгрыш на рэферэндуме “прарасійскіх” сілаў трэба зацвярджаць “аўтаматычна”, без разгляду. На парламенцкім узроўні юрыдычная рэвізія Закону аб мовах 1990 году адбылася толькі ў чэрвені 1998 году, праз 3 гады пасля правядзення рэферэндуму, калі створанай прэзідэнтам Лукашэнкам у выніку прававога перавароту 1996 году палатай прадстаўнікоў быў прыняты Закон аб унясенні зменаў і дапаўненняў у закон 1990 году. Структурна закон 1998 году амаль цалкам паўтараў закон 1990 году, аднак у ім адсутнічала прэамбула. (У прэамбуле закону 1990 году была сфармулявана ацэнка крытычнага стану беларускай мовы і была выказана неабходнасць яе аховы.) Галоўнай асаблівасцю рэвізаванага закону ў параўнанні з аналагічным актам 1990 году з’яўляецца тое, што амаль у палове яго артыкулаў беларуская і расійская мовы спалучаюцца размеркавальным злучнікам або (артыкулы 3, 9, 12—18, 21, 25, 28—30, 32), амаль гэтак жа шырока ў падобных выпадках у законе выкарыстоўваецца спалучэнне двух злучнікаў: і і або (артыкулы 7, 8, 10, 11, 19, 20, 22—24, 26, 27, 31). Так, напрыклад, згодна з арт. 14, судаводства ў Рэспубліцы Беларусі мае весціся “на беларускай або расійскай мове”, а паводле арт. 20 ва Ўзброеных Сілах ужываюцца “беларуская і (або) расійская мовы”. Насуперак дэклараванаму ў арт. 2 закону дзяржаўнаму статусу беларускай і расійскай моў шырокае выкарыстанне ў тэксце закону размеркавальнага злучніка або адкрывае шырокую вуліцу выкарыстанню толькі адной з моў, без абавязковага ўжывання другой. У законе 1998 году свядома была абрана “палітыка адсутнасці палітыкі”, якая, як вядома, вядзе да замацавання моўнага нераўнапраўя і выцяснення слабейшай, у дадзеным выпадку беларускай мовы. Пасля бурных падзей восені 1996 году, калі на ініцыяваным прэзідэнтам Лукашэнкам яшчэ адным рэферэндуме выбарцы падтрымалі праект новай Канстытуцыі (у ім значна пашыраліся паўнамоцтвы прэзідэнта, а ў якасці дзяржаўных фігуравалі дзве, беларуская і расійская мовы), канфлікт паміж А. Лукашэнкам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі абвастрыўся яшчэ больш. Пераварот 1996 году дазволіў актывізаваць дзейнасць дзеля стварэння саюзу Беларусі і Расіі, і ў траўні 1997 году быў прыняты статут гэтага саюзу. Згодна з арт. 38 статута рабочай мовай органаў саюзу стала расійская мова. У 1996—1999 гадах дэмакратычныя сілы Беларусі арганізавалі некалькі масавых маніфестацый, скіраваных супраць палітыкі інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі, — падчас правядзення ўсіх гэтых маніфестацый выкарыстоўвалася пераважна беларуская мова. У другой палове 90-х гадоў улада Рэспублікі Беларусі паслядоўна дэманстравала няўвагу і нават пагарду да пытанняў развіцця беларускай мовы і патрэбаў беларускамоўных грамадзян. Сфера ўжывання беларускай мовы ў дзяржаўных інстытуцыях у гэты час пастаянна скарачалася. У прызначанай прэзідэнтам палаце прадстаўнікоў, якая лічыцца заканадаўчым органам, дакументы рыхтуюцца толькі на расійскай мове. На мясцовым узроўні былі зафіксаваны выпадкі, калі прымаліся падзаконныя акты, якія забаранялі ўжываць беларускую мову. З другога боку, актыўна праводзіліся рэпрэсіі супраць многіх беларускамоўных людзей, уцягнутых у апазіцыйную палітычную дзейнасць. Падчас правядзення масавых палітычных акцый некаторыя іх удзельнікі часам затрымліваліся міліцыяй на падставе таго, што яны гаварылі на беларускай мове. Падчас судовых працэсаў некаторым беларускамоўным людзям забаранялася карыстацца беларускай мовай, у некаторых выпадках з беларускамоўных удзельнікаў судовых працэсаў улады спрабавалі спагнаць выдаткі на аплату паслуг перакладчыкаў. Па меры нарастання канфлікту паміж прэзідэнтам Лукашэнкам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі, адначасова са значным скарачэннем ужывання беларускай мовы ў дзяржаўных установах і з паступовым звядзеннем палітычна актыўных беларускамоўных людзей да становішча сацыяльных “лішэнцаў”, беларуская мова стала міжволі асацыявацца з інструментам процістаяння прэзідэнцкай уладзе. Самі свядомыя носьбіты беларускай мовы пры гэтым сталі ледзь не аўтаматычна залічацца ў разрад “апазіцыянераў”. (Да кола апазіцыянераў, аднак, не залічаліся “натуральныя” носьбіты беларускай мовы — сацыяльна найбольш адсталыя слаі вясковага насельніцтва, якія гавораць на беларускай мове не па прынцыповых матывах, а з прычыны таго, што іншай мовай яны не валодаюць.) Стаўшы выразнай прыкметай апазіцыйнасці, паступова беларуская мова стала больш выкарыстоўвацца ў дзейнасці дэмакратычных партый. Выступаючы летам 1998 году на паседжанні 50-й сесіі Падкамісіі ААН па папярэджанні дыскрымінацыі і абароне меншасцяў, каардынатар апазіцыйнага палітычнага руху “Хартыя-97” А. Саннікаў гаварыў у тым ліку пра “знішчэнне” беларускай культуры, гісторыі і мовы, пра наяўную ў Беларусі “практыку свядомага здзеку з мовы і яе (мовы) падаўленне”. У лютым 1999 году Кангрэс дэмакратычных сіл Беларусі прыняў спецыяльную рэзалюцыю “Пра дыскрымінацыю беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусі”, у якой была зроблена выснова аб тым, што правы беларускага народу на свабоднае развіццё сваёй мовы і культуры “груба парушаюцца”. У цяперашні час беларуская мова сутыкаецца з многімі выклікамі. Яна ў недастатковай ступені падтрымліваецца беларускай дзяржавай, што само па сабе абвастрае і без таго неспрыяльнае становішча, у якім яна цяпер знаходзіцца. Традыцыйна пагарджаюць праблемамі развіцця беларускай мовы камуністычныя партыі; што ж датычыць дэмакратычных палітычных сілаў Беларусі, то яны звярнулі на яе ўвагу як на важны элемент ідэнтычнасці беларускага народу толькі ў апошні час. Гэтаму міжволі спрыяла дзяржаўная палітыка 1995—2000 гадоў, скіраваная на выцясненне беларускай мовы з грамадскага ўжытку і яе перавод у разрад маргінальных, “апазіцыйных” з’яў. Можна чакаць, што ў больш ці менш аддаленай будучыні незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці значных палітычных пераменаў рэпрэсіўная ў дачыненні да беларускай мовы дзяржаўная палітыка будзе перагледжана.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (21) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |