A R C H E П а ч а т а к № 2 (22) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22002
» да Зьместу «

 


Нашы дзеткі
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

 
Вокладка ARCHE 2-2002.

   Мінулыя нумары:

   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Aлякceй Бaцюкoў
 
 
Двopык пaд нямeцкiм дoмaм


Замест апавяданьня

У 60-я гады “Хімвалакно” ў Магілёве будавалі немцы. Іх расьсялялі ў трох пяціпавярховіках, адмыслова пераробленых пад гасьцініцы. З часам немцаў стала менш, гасьцініцай пакінулі толькі адзін дом, у двух астатніх пасялілі супрацоўнікаў заводу, у тым ліку маю маці.

80-я гады. Савецкі дворык — мы гуляем, дарослыя з засяроджанымі тварамі пазіраюць на нас, праходзячы міма. Нарэшце чаканы крык праз фортку: “Лёша, Лёшычак, ужо восем пятнаццаць!” Я даўно ўжо павінен вячэраць, але ў дрогкім паўзмроку яшчэ добра відаць і пясочніца, і машынкі, і нават твар Ганькі Сямёнавай. Прыхаваныя сутоньнем хлопчыкі нагадваюць хутчэй цені продкаў, але адчайна працягваюць гуляць.

Штозіму — хакей на аўтамабільнай пляцоўцы, ды часам — паміж самімі аўтамабілямі. Да дзесяці-дванаццаці гадоў — з прамой шэрай клюшкай, што так ніколі й не зламалася, пасьля, здаецца, зь літоўскай. Лаянка, рукі ў парваных пальчатках здубелі. Падножка ззаду — зорка нашага дворыку Сяргей Гацэнка ўсьміхаецца, паказваючы, што я мушу не зьвяртаць на гэта ўвагі. Некалькі ўдараў хваравітага маленькага цела аб вострыя кулакі старэйшага на два гады Сяргея (ён і ў нейкую сэкцыю ходзіць). Ад хакейнае пляцоўкі да пад’езду — крыкі “дурань” і сьлёзы, потым роспыты маці і бацькі: хто цябе пакрыўдзіў? Бацька страшнейшы за маці, нарэшце прыводзяць спалоханага Сяргея. “Ты яго біў?” — “А ён матам на мяне казаў!” Ад такога нечаканага павароту ня маеш нічога сходу сказаць, і Сяргея адпускаюць. “А ён першы палез!” — “Ну што ж ты адразу не сказаў?” — маці і супакойвае мяне, і ня радая, што я лаюся матам.


Нямецкі дом заўсёды насупраць.

Аднойчы, на самым пачатку эпохі гумак і відзікаў, немка выйшла на свой трэці балькон, агледзела нас на арэлях і, выразна махнуўшы рукой, кінула нам “Wrigley’s spearmint”. Дзяніс Лабадаеў і Вова Б. кінуліся, ірвалі доўгі бялявы пачак адзін у другога з рук, урэшце Вова псіхануў і зьбег, а пераможца вярнуўся да нас. Грэблівае “падбіраеш” плюс лёгкая зайздрасьць — і пад шчыльным ціскам Дзяніс ідзе класьці гумкі на месца, толькі крыху пакаштаваўшы. Але немкі ўжо няма, мы толькі пагардліва пазіраем на пусты балькон. Назаўтра Вова жуе гумку (“...хадзіў з братам, знайшлі...”) і паказвае нам яе белае сьлізкае цельца скрозь зубы.

“А вы знаеце, немцы фатаграфіруюць такімі інфракраснымі лучамі, што ўся адзежда прасьвечваецца, і выходзяць голыя!”

“А-а-а!” — немцы выйшлі на балькон курыць, мы заўважаем штосьці ў іхных руках — і ўвесь двор хаваецца за вялікую таполю ці стараецца хаця б павярнуцца задам.

Разам зь сябрам Пашам і яшчэ двума хлопчыкамі з клясы, Алегам М. і Дзянісам К., сустракаем некалькі нямецкіх дзяцей нашага веку, але спакайнейшых за нас. Запомніўся Ян, ён навучаў нас казаць “я” і “найн”. Зь ім я спрабую гуляць у сілавыя гульні, каб паказаць сваю перавагу, — адчуваючы адказнасьць перад усім Савецкім Саюзам. Ян ухіляецца, праводзіць у свой двор. Дзяніс просіць у яго “інастранных” цукерак, той крычыць пра гэта сваёй маці, і яна частуе нас маленькімі рознакаляровымі мішкамі. Назаўтра ў школе паказваю пару японскіх манэт — мая маці працавала тады зь японцамі. Алег і Дзяніс кажуць, каб я падарыў адну манэту ім. Адмаўляю, і Алег падымае руку. Мая першая настаўніца, Ганна Георгіеўна, уважліва слухае: “А Лёша Бацюкоў учора з Пашам Бубновым выпрошвалі ў немцаў цукеркі...”. Сорак адна хвіліна ганьбы, сьлёз, грэблівых і спалоханых позіркаў. Нам ніхто не паверыў.


 
   

Да ночы гуляем у “пекара” і заўважаем нізенькую п’яную жанчыну пад вокнамі рэстарану нямецкага дому. Яна хістаецца, грукае ў шкло, перашкаджаючы нам гуляць, просіць кагосьці, каб яе ўпусьцілі. Прыстае да нас, каб мы папрасілі сваіх бацькоў дапамагчы ёй, але спачуваньня ад нас не дачакаецца. На новае слова “прастытутка”, кінутае Сяргеем Гацэнкам, рэагуе бурна, але Сяргей спрытна адбівае ўсе яе ўдары нагамі. Хутка яе адводзяць старэйшыя хлопчыкі з нашага двара.


Нягледзячы на такое блізкае суседзтва зь немцамі, эўрапейская музыка прыйшла ў наш дом бязь іх дапамогі. У адно лета сястра майго сябра Валеры ўзяла напракат прайгравальнік і кружэлку “Europe” зь іхным найлепшым гітом. Гітара, ці што там, раўла на ўсю вуліцу Шміта, і, як толькі сканчаўся першы пройгрыш, Валера бег да акна і крычаў: “Таня! Пастаў снова!”.


Неяк прызвычаіліся сядзець да ночы з Пашам С. і Ганькай Сямёнавай на арэлях, нават гадзіны да адзінаццатай. На трэці дзень такіх сустрэч, адразу пасьля майго сыходу дамоў (“Лёшычак!..”) у двары зьяўляецца легкавік, перасьледуе Аню да яе пад’езду і потым Пашу С. да ягонага дому, прычым маўклівы кіроўца нават спрабуе дагнаць Пашу ў пад’езьдзе. Узважваем на слых новае слова — “маньяк”.


Пачатак 90-х, першыя дэмакратычныя выбары мэра гораду. Перамагае наш сусед зь першага пад’езду Габрусеў. Нядаўна даведаўся ад Васількова, што ён быў свайго роду настаўнікам Лукашэнкі саўгаснага пэрыяду. Раніцой другога дня пасьля перамогі на выбарах Габрусеў выходзіць з пад’езду, і мы ўсе, хто толькі сядзеў на лаўцы, хорам вітаемся зь ім. Праз пару гадоў ён незаконна выдзеліць кватэру для свайго сына і са скандалам вылеціць.


Патрыятызм у мяне ўваходзіў зь відам на гэты дворык — неяк аднойчы на кухні маці сказала, што, маўляў, цяпер давайце раз на тыдзень гаварыць дома па-беларуску. Мы зь сястрой цяжка варушым купалаўска-коласаўскім словам, бацька нечакана хоча спаць, маці ўрэшце пераходзіць на давыд-гарадоцкую гаворку свайго дзяцінства.

Іншы ўрок патрыятызму — штомесяц, атрымаўшы пэнсію на хворую дачку, суседка-алькагалічка напіваецца, прыходзіць пад пад’езд і раве на ўвесь двор добрым басам: “Я люблю сваю родзіну! Сацыялісьцічэскую! Камунісьцічэскую! Родзіну!” Кожны мінак падазраецца ў здрадзе ідэалам і атрымоўвае ў плечы крык “Сука!”.


У 2002-м, ужо не жывучы ў сваім доме, пачынаю разумець яго важнае стратэгічнае значэньне. Ходзяць чуткі, што ў нямецкім доме можа спыніцца Лукашэнка падчас летняга наведаньня Магілёва, як ён рабіў гэта ўжо аднойчы. Так што не зьдзіўляе, што ЖЭК вырашыў зрабіць наш дом домам “высокай культуры побыту”. Пафарбавалі арэлі, пасадзілі клюмбы замест кустоўя, кладуць новы асфальт. Двор цяпер чысты, прыгожы, праўда, амаль безь дзяцей.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (22) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 19-12-2002