A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (22) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Адам Глёбус |
Дзень нараджэньня Адзін з самых радасных дзён у маім жыцьці — дзень, калі нарадзілася Ядзя, 25 лістапада 1983 году. Сьнегу было шмат, у лесе пад горадам — ледзь не пад пояс. Я вярнуўся ў Менск з сэмінару маладых літаратараў, ішоў па Бранявым завулку ў бок сіняга засьнежанага парку, за які садзілася вялікае й яснае сонца. Жоўты, сіні, чырвоны колеры перапаўнялі мяне. Мароз надаваў усяму існаму крыштальную чысьціню і гармонію. “У мяне нарадзілася дачка. У мяне ёсьць дачка…” — я паўтараў і паўтараў гэта рознымі словамі і з рознымі інтанацыямі, уголас і самому сабе, як запавет, як кленіч, як малітву. Калі мне цяжка, млосна, маркотна, невыносна, я ў думках вяртаюся ў той дзень, у той стан, да сініх дрэваў, да чырвона-жоўтага неба, да глыбокага чыстага сьнегу, кажу: “У мяне ёсьць дачка”, — супакойваюся і радуюся гэтаму сьвету. 30.04.2002 Ток Нарадзілася мая Ядзя ня ў дзевяць месяцаў, а ў сем. Не данасіла жонка дзіця, а ўсё з-за празьмернай працавітасьці. Трэба было ёй ставіць экспэрымэнты ў Акадэміі навук зь нейкай там цэнтрыфугай? Трэба было дасьледаваць пярэгарадкі мэмбранаў і іх уплыў на працэсы старэньня чалавечага арганізму? Можа, і трэба. Але празь любоў да ўсяго чалавецтва мы ледзь не згубілі нашае дзіця. Трыклятая цэнтрыфуга ўдарыла Алену токам, ды так лупанула, што арганізм ня вытрымаў і роды пачаліся раней тэрміну. Дачка была зусім маленькая, важыла крышку больш за два кіляграмы. І яе, бедную, адразу зьмясьцілі ў празрысты бокс на цэлыя два не даходжаныя жонкай месяцы. Акадэмію навук зь яе вайскоўствам, досьледамі над жывёламі, таталітарным мысьленьнем я не любіў даўно, а пасьля выпадку з Аленай узьненавідзеў і зрабіў усё, каб Алена не вярнулася на працу ў Інстытут геранталёгіі. Яна й не вярнулася, стала рэвалюцыйным фатографам і зрабіла безьліч партрэтаў нашай Ядзі. 30.04.2002 |
Розум “Не зьбірай дзецям грошы, зьбірай розум”, — казала баба Броня. І ня толькі казала, а і навучыла сыноў. Гэтым афарызмам-сэнтэнцыяй карыстаюся і я. Зьбіраю, праўда, грошы, каб Ядзя хоць колькі магла павучыцца ў Лёнданскім унівэрсытэце. Наколькі вучоба і веды даюць розум, можна дыскутаваць. Македонскага вучыў Арыстотэль, выйшаў заваёўнік. Нэрона спрабаваў адукаваць Сэнэка, а тыран спаліў Рым. І ўсё ж ангельская адукацыя адрозьніваецца ад беларускай у лепшы бок. Вярнуўшыся зь Лёндану, Ядзя абняла мяне, пацалавала і сказала: “Татачка, я такая табе ўдзячная, такая ўдзячная… Ты сам ня ведаеш, што ты для мяне зрабіў…” Хіба ўдзячнасьць не праява розуму? Праява, самая натуральная. 01.05.2002 Кефір У Алены не хапала свайго малака, каб карміць Ядзю. На такі выпадак была ў Менску дзіцячая кухня. Штораніцы я бег туды з бутэлечкамі, выстойваў чаргу. Чаму ў чарзе амаль не траплялася мужчынаў? Чаму цёмнымі зімовымі ранкамі ў мароз і сьнег па кефір для немаўлят прыходзілі цёткі і бабулькі? Ня ведаю. Але мне ад гэтага было толькі лепш, бо “тату” пускалі без чаргі. З кухні, пазвоньваючы бутэлькамі, я бег у радзільны дом, дзе мая дачка вельмі добра ела і празь месяц стала звычайнай дзяўчынкай, якую мне аддалі ў ружовым кульку вясёлыя мэдсёстры. 01.05.2002 Cool Як найлепш нашы ўзаемаадносіны можна пазначыць ангельскім словам “сool”. Паміж мной і Ядзяй заўсёды была прахалода, сьвежасьць, не існавала напалу і страсьці. Спакой, празрыстасьць, халаднакроўнасьць застаюцца і цяпер. Часам і я і яна бываем “дзёрзкімі, бессаромнымі, нахабнымі”, але й гэта ўкладаецца ў слова “сool”. Паміж намі няма вуглоў, фактур, шурпатасьцяў. Пасьля ўдару мы разьлятаемся ў розныя бакі, як два більярдныя шары. І астываем хутка, як гарбата на ветры. 01.05.2002 |
Кручэньне галавы Заўважалі мы з жонкай, як Ядзя круціць галавою. Мы яе кладзём у ложачак, а яна заплюшчвае вочы і пачынае матляць галавою то ўправа, то ўлева. А як заўважылі, занэрваваліся. І ў каго ні спытаем, ніхто ня ведае. Нават дасьведчаныя дактары кмыкалі і паціскалі плячыма. Нарэшце Алена патэлефанавала ў радзільню і спыталася ў нянек. Тыя адказалі, сьмеючыся: “Гэта яна сама сябе гушкае, закалыхвае, каб хутчэй заснуць”. Сапраўды, хто гэта будзе гушкаць-закалыхваць чужое дзіця ў плястыкавым боксе? Вось яно само і закалыхваецца. А яшчэ гэты бокс прывучыў Ядзю жыць па бальнічным раскладзе: уночы спаць, есьці ў пару, не капрызіцца. Нам ад гэтага было значна лягчэй. Выспацца ўночы пры малым дзіцяці — вялікая раскоша. 01.05.2002 Дзіцячы сад Уладкаваць Ядзю ў дзіцячы сад, як высьветлілася, вялікая праблема. Месцаў няма. Загадчыцы гэтага трыклятага садка я паабяцаў расьпісаць калідорную сьцяну, каб яна знайшла месца. Панамалёўваў розных пеўняў ды катоў з сабакамі. Тады і месца адшукалася ў кругласутачнай групе. “Паходзіць спачатку “на суткі”, а потым перавядзём у звычайную групу”. Ядзя адбыла ў тым садку тры дні і захварэла. Прастудзілі гадаўкі-выхавацелькі маё дзіця. І ня толькі прастудзілі… З садка мы забіралі зусім іншую дзяўчынку: мурзатую, прапахлую камбітлушчам і млоснай прэласьцю, маўклівую і злосную. “На сутках” было толькі дзевяць дзяцей: два мурыны, два кітайцы, армяначка і нашы бязбацькавічы. Можна было б і дагледзець, здаецца. Але гэта адно здаецца. Таму, вылекаваўшы Ядзю, мы ў садок яе не павялі, пакінулі гадавацца ў бабы Жэні і дзеда Вані. Ну, а росьпіс, пэўна, дажыў да рамонту. 02.05.2002 Холад Мая сяброўка Тацяна спытала, чаму мой працоўны кабінэт пазавешаны Ядзінымі фотапартрэтамі. Я сказаў: пішу пра дачку, фоткі мне дапамагаюць. Вось і слова знайшлося, якое характарызуе нашы ўзаемаадносіны, — “сool”. Гэта ж “халодны”. Тацяна нібыта і пакрыўдавала. Не “халодны”, а “прахалодны”. Якая розьніца? Вось магу расказаць пра сваю дачку… Самы запамінальны, самы кранальны для яе эпізод ва ўзаемаадносінах з татам зьвязаны зь цяплом, з шалікам… Ён павёз яе ў больніцу на апэрацыю. Выразаньне апэндыксу. Мэдсястра сказала, каб паабразалі пазногці, і дала нажніцы. Тата разуў дачку, а каб яна ня ставіла босыя ногі на халодны цэмэнт, зьняў шалік і паслаў на падлогу. Холадна было, сьнежань. Дачка запомніла татаў цёплы шалік на ўсё жыцьцё. А ты — “сool”. Правільна, сool. Каб не прахалодная падлога, каб ня сьнежань, не бальнічныя цягі, не адчула б твая дачка цеплыні татавага шаліка. 02.05.2002 |
Валасы Адна з самых яркіх праяваў канфлікту пакаленьняў зьвязаная з валасамі. Калі я нашу доўгія валасы, дык дзеці пастрыгуцца “пад нуль”. Калі “нулявая” мода стане традыцыйнай, дык наступнікі расфарбуюцца ўва ўсе колеры вясёлкі ці надзенуць парыкі. І так зь веку ў век. Ведаючы гэта, чакаў, калі ж Ядзя пачне дэманстраваць сваю дзёрзкасьць і непаслухмянасьць на галаве. Дачакаўся. Дзесяціклясьніцай яна была і чырвонай, і сіняй, і зялёнай, і каштанавай, і ў белыя пёры, і жоўтым вожыкам. Я не абураўся, адно прасіў, каб купляла якасную фарбу і не перапальвала валасы, бо лысая жанчына, як і рэдкавалосая, не зусім прывабна глядзіцца пасьля трыццаці. Мае парады ўспрымаліся кепска, але той цырульна-фрызурны пратэст мы даўно перажылі, і цяпер у дачкі натуральныя цёмна-русыя валасы, якія аздабляюць твар вялікімі кудзерамі. 02.05.2002 Пялюшкі Цяпер, у часы пампэрсаў з блакітнымі тэлевізійнымі сікунамі і празрыста-зялёнымі тэлекакамі, развагі пра мыцьцё, сушэньне і прасаваньне мяккіх пялюшак выглядаюць архаікай. Такі ўжо ў чалавека лёс — бегчы за хутказьменлівай рэчаіснасьцю, стаміцца і назаўсёды застацца ў мінулым. Толькі мне дарагія ўсе Ядзіны перамытыя мной і Аленаю пялюшкі. Колькі мы іх папаласкалі? Безьліч, сказаў бы я, каб ня ведаў Юр’я Маліноўскага, які палічыў усе пялюшкі, перамытыя за сваім сынам. У яго атрымалася 1700, і амаль столькі ж перамыла ягоная жонка. Ядзіных пялюшак я не палічыў. Пэўна, яно і правільна, ня ўсё трэба падлічваць. І колькі б мы яшчэ перамылі, перапаласкалі, перапрасавалі тканіны, каб толькі Ядзя была здаровая, чыстая і вясёлая? Тут ужо дакладна — безьліч. 03.05.2002 Нянавісьць Падзелы, перабудовы, пераарыентацыі, што адбыліся ў нашым грамадзтве за апошні час, вельмі моцна ўдарылі па маіх анарха-дэмакратычных перакананьнях. Адбылося тое празь Ядзю. Яна марыла стаць доктаркаю, паступіць у мэдыцынскі інстытут і лячыць людзей. Таму ў школе для праходжаньня практыкі выбрала больніцу. Там яе на працягу трох месяцаў прымушалі мыць прыбіральні, нібыта іншай працы для мэдсястры і быць ня можа. Ядзя паскардзілася дырэктарцы школы, а тая, паабяцаўшы дапамагчы, насамрэч затаіла сваю сацыяльную нянавісьць і падчас агульнашкольнага збору сказала, што такія, як Ядзя, калі ня хочуць мыць прыбіральні, хай “валяць” да сваіх багатых бацькоў і ў іх працуюць, і ў іх вучацца, як нажывацца на бедах народу. Ну і якая пасьля гэтага дэмакратыя і талерантнасьць? Вядома, Ядзя пачала працаваць у мяне, і жаданьня стаць мэдыкам у нашай краіне ў яе паменела, а потым і зусім зьнік намер вучыцца на доктарку. 03.05.2002 |
Несупадзеньні Чым болей думаю пра Ядзю, чым далей пішу пра яе, тым больш бачу несупадзеньняў паміж створаным мною і рэальнасьцю. Ядзя, якую я напісаў, значна меншая за сапраўдную. Так скульптура, зробленая ў натуральную велічыню, выглядае заўсёды меншай за жывога чалавека. Каб каменная ці бронзавая постаць не была замалой, яе трэба стварыць на траціну большай. Жывы заўсёды ў руху, заўсёды перамяшчаецца ў прасторы, дыхае, перасоўваецца, узаемадзейнічае з асяродзьдзем, падпарадкоўваецца яму і ў той жа час падпарадкоўвае яго сабе. Нават адбітак у люстэрку меншы за таго, хто ў ім адлюстроўваецца. Таму я ніколі не разумеў Нарцыса, закаханага ўва ўласны твар на паверхні вады. Таму напісаць з натуры партрэт любай дачкі, ведаючы наперад пра паразу, цяжка. І ўсё ж… 04.05.2002 Адчужанасьць Ядзя прынесла відэакасэту “Вяртаньне ў пекла”. Насамрэч у ангельскім варыянце фільм называўся “Зьніклы сын”. Жонка, дачка і я селі глядзець яго пасьля вячэры. Нейкі трылер з мажным францускім кінаакторам, які даволі няўмела грае прыватнага дэтэктыва, што намерыўся перамагчы сусьветную мафію пэдафілаў. Сюжэт фігавасты. Пераможа ён вычварэнцаў, гандляроў мэксыканскімі дзецьмі. Таму разглядаем Лёндан. Стараемся пазнаць гатэлі і вуліцы, дзе здымаўся трылер. Гэтымі размовамі перакрываем сцэны гвалту над хлопчыкамі. І я лаўлю сябе на адчуваньні, што Ядзя зусім дарослая, зусім не дзіця. Уранку, запаўняючы анкеты на новы пашпарт, я з сумам прапусьціў графу “дзеці”, а ўвечары парадаваўся, што мая малодшая і любая дачка вырасла. Цяпер яна дарослая і чужая… Ці, дакладней, не такая блізкая і залежная, як раней. 06.05.2002 Школа Мая нелюбоў да сваёй школы перарасла ў нелюбоў да Ядзінай школы дый школы ўвогуле. У Ядзінай — я быў усяго двойчы. Першы раз я прывёў яе, упрыгожаную белымі бантамі, у першую клясу, а другі раз занёс дырэктару заяву, каб дачку вызвалілі ад працоўнай практыкі ў калгасе, бо мы ехалі на Балтыйскае мора адпачываць. І ўсё. Вучылася Ядзя добра, паводзіла сябе прыстойна, на бацькоўскія сходы хадзіла баба Жэня. Школу мы перажылі лёгка. 07.05.2002 |
Кашалёк Вось яна дарослая, дарослая… А надзявае на руку кашалёчак у выглядзе чорнага каня зь белым хвастом і грываю, засоўвае ў ягоны жывот свой пэйджэр, круціць цацку перад вачыма, любуецца лупатымі шклянымі вочкамі свайго любімца… Дзіця яна, мая Ядзя. 07.05.2002 Грошы Каму ніколі не шкада даць грошай, дык Ядзі. Даю рублі і даляры нібыта самому сабе. І ня проста сабе на штодзённыя патрэбы, а сабе на сьвята і падарункі. Ядзі шмат што трэба… Урокі вакалу, ровар, набор гелевых ручак, джынсы, ангельскае гліцэрынавае мыла, парфума, начная дыскатэка, карткі для карыстаньня Інтэрнэтам... Але яна не злоўжывае маёй грашадайнасьцю. Зь дзяцінства ёй уласьцівы дарослы разьлік, такая жыцьцёвая мудрасьць, якой ні ў мяне, ні ў жонкі няма. 08.05.2002 Кніжны кірмаш У суботы мы любім хадзіць па кніжкі. “Ты сягоньня ідзеш?” — “Іду”. — “І я з табой”. Мы праходзім паміж сталоў, застаўленых кнігамі, часопісамі, касэтамі і сыдыромамі. Ядзя заглыбляецца ў контракультуру… Томпсан. Наркаманы. Байцоўскі клюб. Ерафееў. Бэраўз… А яшчэ бліскучыя часопісы… “GEO”, “HAERS”… Купляю ёй Бэраўза, каб пагаварыць пра наркаманію і растлумачыць, што Бэраўз не наркот, бо наркоты не жывуць па восемдзесят гадоў і ня пішуць разумных і паэтычных кніжак пра лірыку сноў. Выхаваўчы момант? А як безь яго? 08.05.2002 Адказнасьць Можа, хтосьці і ня мае патрэбы ў чалавеку, перад якім можа быць сорамна, меркаваньне якога вельмі аўтарытэтнае, чые думкі і заўвагі важныя… Зазвычай гэта настаўнікі, сьвятары, начальнікі ці Бог у шматаблічных праявах. У мяне ж ярархія будуецца і будавалася крыху інакш. Думка таты значыла для мяне больш, чым развагі ўсіх начальнікаў разам узятых. Развагі мамы былі дый застаюцца больш каштоўнымі за дыдактыку настаўнікаў. А кожнае значнае рашэньне я прымаю, параіўшыся з братам і абмеркаваўшы яго з дачкой — не цяперашняй Ядзяй, а Ядзяй празь дзесяць гадоў. Ну не хачу я, каб ёй было сорамна за ўчынкі таты ні празь дзесяць, ні праз дваццаць, ні празь пяцьдзясят… А турбаваць Найвышэйшыя сілы па рознай чалавечай драбязе не лічу патрэбным. Дачкі тут больш чым дастаткова. 10.05.2002 |
Вакал Ядзя ў кансэрваторыі бярэ ўрокі вакальнага майстэрства. Выкладчыца яшчэ пасьля іспыту безапэляцыйна вынесла прысуд: голасу няма, але ёсьць жаданьне, сьмеласьць і слых, а таму яна будзе займацца зь Ядзяю. Неаднойчы і на маіх мастакоўскіх і паэтычных здольнасьцях ставілі крыж. Але ў кожным крыжыку можна ўбачыць плюсік. Калі загарэцца, калі праявіць характар. Колькі таго характару было трэба, каб прымусіць дачку скончыць музычную школу. І сьлёзы, і капрызы, і лаянкі са зьнявагамі — усё мінула. Школу музычную Ядзя скончыла выдатна. Цяпер неістотныя ні сваркі тыя, ні пяцёркі. Істотна — для каго яна будзе сьпяваць. Бо вершы і песьні не зусім належаць аўтару, у большай ступені яны належаць тым, дзеля каго пішуцца. Як ёй гэта растлумачыць? І ці можна вытлумачыць любоў? Пэўна, не. А бяз гэтага застануцца толькі “пяцёркі” і грошы, і мне будзе сумна. 12.05.2002 Холад Чаму самыя цёплыя ўспаміны пра Ядзіна дзяцінства ў мяне асацыююцца з холадам? Мусіць, таму, што нарадзілася Ядзя напярэдадні зімы і ўсе хваляваньні былі: каб жа толькі не застудзілася, не замерзла, не захварэла… І робіцца цёпла ад успаміну, як я зь ёю на руках уздымаюся ў пусты намёрзлы тралейбус, дзе ўсе шыбы пазарасталі крыштальнымі кветкамі лёду. Як сядаю на рыпучае крэсла побач з вадзіцельскай кабінай і трасу бразготкаю ля яе сонных вачэй. Ня сьпі, нам весела, мы едзем дадому, там твой цёплы ложачак… 12.05.2002 Неадпаведнасьць У Рыміні Ядзя пазнаёмілася зь нейкай Анджэлай Боска, сямнаццацігадовай дзяўчынаю зь Міляну. Яны разам хадзілі купацца ў гатэльны басэйн. Мяне вельмі выратоўвала гэтае сяброўства, бо нумар у мяне быў хоць і вялікі, але ж аднапакаёвы. Заставацца з жонкаю можна было, толькі калі Ядзя купалася зь Лесавічкаю (так я пераназваў Анжэлу, бо “боска” па-італійску — “лес”). Сяброўства тое скончылася раптоўна. У басэйн завіталі хлопцы, пазнаёміліся з нашымі дзяўчатамі і не прамінулі ўдакладніць іхны ўзрост. І калі даведаліся, што Ядзі толькі дванаццаць, перасталі зь ёй гуляць. Больш за ўсіх зьдзівілася Боска. Яна нават пакрыўдавала, быццам Ядзя яе падманвала. Ну хто вінаваты, што ўсе італійкі каратканогія і меншыя за беларусак? Чаго крыўдаваць? Добра, што здарылася тое пры канцы адпачынку. 13.05.2002 |
Імя Як назваць дачку? Гэтае пытаньне я вырашыў для сябе яшчэ ў юнацтве, яшчэ да знаёмства з Аленаю. Мне хацелася ўзнавіць у гэтым сьвеце сваю любую бабу Ядзю. У гонар яе і назваў дачку. Выдатнае імя для каралевы, тым больш што нашыя каралевы яго і насілі. Дачцэ яно таксама падабалася, толькі не ў памяншальна-вульгарным варыянце. І калі яе, трохгадовую, нейкі сусед-вісус паклікаў: “Ядзька, пайшлі гуляць!”, яна зазлавала і выправіла: “Я — ня Ядзька, я — Ядзенька!” У сям’і ўсе называлі яе толькі так. 14.05.2002 Вось вам! Баба Ніна прывезла зь лецішча сваёй унучцы шклянку суніцаў. Замілаваньне выклікае відовішча, калі двухгадовае дзіця есьць суніцы. Перамыўшы ўсе ягады, баба насыпала іх на талерку, дала ўнучцы срэбную лыжачку, і яны былі гатовыя да свайго штонядзельнага рытуалу. Тут у кухню ўскочыла мама Алена, і выхапіла з-пад Ядзіных рук талерачку з пачастункам. “Нельга! У яе жывот баліць! А вы тут з сырымі ягадамі!” Нешта падобнае з-за жончынага пляча казаў і я. Ядзя ўзьняла над галавою лыжку і замест таго, каб заплакаць, з усяе моцы кінула яе на падлогу ды гучна крыкнула: “Вось вам!!!” Мы з жонкаю не чакалі такога злоснага крыку і ад нечаканасьці засьмяяліся, толькі тады Ядзенька заплакала. 14.05.2002 Буду! У кожнага дзіцяці ёсьць свая рэўнасьць. Напэўна, цяпер гэта рэўнасьць да кампутара, які адбірае ў бацькоў час. Пра дакладнасьць свайго меркаваньня я ў хуткім часе змагу сказаць, паназіраўшы за ўнукам. Што да дачкі, дык яна недалюблівала тэлевізар. Не каб зь ёй пагуляць-пагаварыць — уся сям’я глядзіць у тэлескрыню! Таму скрыню трэба сапсаваць! Ядзя выдзерла з тэлевізара панэльку кіраваньня. Гэта быў яшчэ тэлевізар без вынаснога пульту, з умантаваным у сярэдзіну блёкам. Зрабіла яна шкоду дэманстрацыйна, ува ўсіх на вачах. Ніхто і думаць ня думаў, што чатырохгадовая дзяўчынка такое ўчыніць. Давялося выклікаць майстра, які гадзіны са дзьве правалэндаўся з дратамі, пакуль паправіў і настроіў цацку для дарослых. Баба Ніна сказала Ядзі: “Бачыш, як цяжка наладзіць тое, што ты зламала. Дзядзька-майстар дзьве гадзіны працаваў… І ты больш ня будзеш гэтага рабіць?” — “Буду!” Гэтае “буду” і празь пятнаццаць гадоў вельмі цешыць маю маму. “У нашай дзяўчынкі ёсьць характар, а гэта вельмі важна ў жыцьці, і я спакойная за яе”. 15.05.2002 |
Прыгажосьць Ці прыгожая мая дачка? Не магу адказаць так, каб нехта іншы пачуў і зразумеў, бо прыгажосьць чужых людзей мае складнікі, яна нібыта сканструяваная з асобных дэталяў, а дачка для мяне прыгожая ўся. Але ёсьць моманты найбольшай лірычнасьці і прыгажосьці. Гэта калі яна зусім дзіця — і гладжу яе перад сном па галоўцы, нібыта адганяю цяжкія думкі і страшныя сны. Яна вось-вось засьне, на разьвітаньне яна ўсьміхаецца, пазяхае, замірае, сьпіць… Уся прыгожая. 16.05.2002 Вершы Неяк зьвялася традыцыя сямейных канцэртаў і вечарынаў, калі дзеці граюць на музычных інструмэнтах, сьпяваюць і чытаюць паэзію для вузкага кола сяброў сям’і. Аднавіць традыцыю і зладзіць паэтычную вечарыну мы вырашылі ў Крыме, на дачы Максіміліяна Валошына ў Кактэбелі. Мы жылі на беразе мора разам з крытыкам Аненскім у белым дамку на дзьве сям’і. Унучка Аненскага вывучыла й чытала Пушкіна. А Ядзя ня менш традыцыйна і клясычна дэклямавала Багдановіча: Проці цячэньня вады Дзіўна, што яна працытавала апошні радок з той самай памылкай, якую непазьбежна раблю чамусьці і я… Цягнуць тое, што скончыла жыць. Трэцім выступоўцам быў сын жывапісца Эсьціса. Пяцігадовы хлопчык адбарабаніў на іўрыце вайсковую маршоўку пра непераможнасьць салдатаў Ізраілю. Відавочна, памылак ён не зрабіў. А чамусьці прысаромлены бацька пачаў апраўдвацца і гаварыць, што гэтаму вершу сына навучылі ў дзіцячым садку. І мы ўсе разам пагадзіліся з думкаю, што нельга аддаваць паэзію ў рукі садкоў. 16.05.2002 Ролікі Жонка набыла для Ядзі ролікі. Выпатрабавала. Надта ўжо хацелася. Модна. Коўзалася. Сьмяялася. Весялілася. І — “вось вам”… Каля рэчкі скакала з прыступак. Упала. Няўдала. Зламала руку ў перадплеччы. Сябры і сяброўкі, што дзеразавалі разам, спалохаліся і паўцякалі. Скурчыўшыся, ледзь прытомная Ядзя праседзела на прыступках больш за гадзіну, пакуль нейкі чужы чалавек не патэлефанаваў жонцы і не расказаў пра няшчаснае здарэньне. Жонка завезла Ядзю ў больніцу, дзе ёй увагналі ў косткі жалезныя пруткі і, паклаўшы на правы бок, зрабілі расьцяжку. На адным баку Ядзя праляжала ў ложку дваццаць тры дні. Схуднела, адны блакітныя вочы засталіся. Выйшла зь лякарні, а празь які месяц зноў на ролікі стала. “Я асьцярожна”. Сэрца халадзее. А цяпер лётае на ровары і марыць пра правы кіроўцы. 17.05.2002 Дакумэнт Атрымаў новы, чысьценькі, бяз штампаў памежных, бязь візаў замежных, бліскучы, сіне-залаты пашпарт. Дзень змарнаваў на чэргі, сваркі, тэлефанаваньні сябрам. І ўсё ж маю рэч. Пашпарт для новага жыцьця, з пасталелым тварам на фота і адсутнасьцю дзяцей. Так. Дзяцей у мяне больш няма; на думку дзяржавы, па перакананьнях грамадзтва, па ўсіх дакумэнтах… Вырасьлі. Графы “дзеці да 16 гадоў” больш не запаўняю. Дробязь, фармальнасьць, дэталька… А сумна. Дзеці? І сумеўся. Ёсьць? Няма? Што адказаць? Ясьней яснага, Ядзя ёсьць. 18.05.2002
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (22) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |