A R C H E П а ч а т а к № 2 (22) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22002
» да Зьместу «

 


Нашы дзеткі
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

 
Вокладка ARCHE 2-2002.

   Мінулыя нумары:

   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Фэлікс Гавін
 
 
Становішча з правамі нацыянальных меншасьцяў
і навучаньнем дзяцей на роднай мове
ў Гарадзенскай вобласьці



Гарадзеншчына — шматэтнічны рэгіён Беларусі. Калі ў цэлым па краіне да нацыянальных меншасьцяў належаць 22 % насельніцтва, дык у Гарадзенскай вобласьці — 37,7 % жыхароў. У сувязі з гэтым Гарадзеншчыну можна лічыць характэрным рэгіёнам што да адлюстраваньня нацыянальнай палітыкі беларускіх уладаў як мясцовага, так і рэспубліканскага ўзроўняў.

У Гарадзенскай вобласьці нацыянальныя меншасьці сканцэнтраваныя ў канкрэтных населеных пунктах. Напрыклад, літоўцы, якіх у вобласьці толькі 0,2 %, жывуць у двух раёнах — Воранаўскім і Астравецкім, дзе ў шэрагу вёсак складаюць большасьць.


Кароткі аналіз заканадаўства Рэспублікі Беларусі, а таксама ратыфікаваных ёю міжнародных дакумэнтаў у галіне абароны правоў нацыянальных меншасьцяў і гарантыяў карыстаньня роднай мовай

Аналіз міжнародных дакумэнтаў у галіне абароны правоў нацыянальных меншасьцяў мы пачнём з таго факту, што Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама факультатыўны пратакол, які дае магчымасьць грамадзянам Беларусі зьвяртацца ў органы ААН з індывідуальнымі скаргамі ў выпадку парушэньня правоў, запісаных у гэтым Пакце. Такое права забясьпечваюць таксама артыкулы 8 і 61 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі.

У сыстэме ААН правы нацыянальных меншасьцяў запісаныя ў Агульнай дэклярацыі правоў чалавека ў артыкуле 2, што забараняе дыскрымінацыю асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў. Іншым важным дакумэнтам ААН зьяўляецца Міжнародны пакт палітычных і грамадзянскіх правоў, які сягае значна глыбей за Дэклярацыю і, апрача забароны дыскрымінацыі, гарантуе пэўныя правы, а менавіта права на спавяданьне рэлігіі і выкананьне абрадаў, права карыстацца роднай мовай і здабыткамі сваёй культуры (артыкул 27).

Важным дакумэнтам ААН зьяўляецца Дэклярацыя правоў асобаў, якія належаць да нацыянальных, этнічных, рэлігійных і моўных меншасьцяў. Дэклярацыя абавязвае (артыкул 4) усе дзяржавы паўсюдна гарантаваць меншасьцям умовы, спрыяльныя для вывучэньня роднай мовы або навучаньня на роднай мове.

 
   

Беларусь — сябар Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, таму тут дзейнічаюць дакумэнты АБСЭ, датычныя гарантаваньня правоў і свабодаў асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў. Сярод гэтых дакумэнтаў варта асабліва адзначыць Дакумэнт канфэрэнцыі ў Капэнгагене па тэме агульначалавечых каштоўнасьцяў, што адбылася ў 1990 годзе. У пункце 30 гэтага дакумэнту чытаем: “Дзяржавы — удзельніцы АБСЭ прызнаюць, што пытаньні, датычныя нацыянальных меншасьцяў, могуць быць вырашаныя пазытыўна толькі палітычным і дэмакратычным шляхам пры разуменьні вяршэнства закону і пры ўмовах функцыянаваньня незалежнай судовай сыстэмы. [...] Дзяржавы-ўдзельніцы прызнаюць таксама важную ролю недзяржаўных арганізацыяў... у падтрымцы талерантнасьці, культурнае разнастайнасьці і ў вырашэньні пытаньняў, датычных нацыянальных меншасьцяў”. Далей у пункце 34 дакумэнту чытаем: “Дзяржавы-ўдзельніцы будуць імкнуцца гарантаваць асобам, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў, незалежна ад неабходнасьці вывучаць дзяржаўную мову (дзяржаўныя мовы) адпаведнай дзяржавы, магчымасьць вывучэньня сваёй роднай мовы або навучаньня на роднай мове, а таксама там, дзе гэта магчыма і неабходна, выкарыстаньне яе ў дзяржаўных органах згодна з заканадаўствам. У кантэксьце выкладаньня гісторыі і культуры ў навучальных установах таксама будуць брацца пад увагу гісторыя і культура нацыянальных меншасьцяў”.

У часе чарговых сустрэчаў дзяржавы — удзельніцы АБСЭ неаднаразова падкрэсьлівалі сваю добрую волю ў адносінах да захаваньня правоў нацыянальных меншасьцяў. Гэтак было ў Парыскай хартыі для Новай Эўропы, абвешчанай у 1990 годзе, у дакумэнтах Маскоўскае нарады. Асаблівае месца сярод дакумэнтаў, прынятых на нарадзе ў Капэнгагене, займае Дэклярацыя Хельсынскай сустрэчы 1992 году, на падставе якой была створаная пасада Высокага Камісара ў справах нацыянальных меншасьцяў.

Сярод міжнародных дакумэнтаў ёсьць двухбаковыя пагадненьні ў галіне абароны правоў нацыянальных меншасьцяў, у тым ліку пагадненьні з Польшчай, Літвой, Украінай ды іншымі дзяржавамі.

Усіх гэтых міжнародных дакумэнтаў і мэханізмаў абароны чалавека Беларусь мусіць прытрымлівацца.

Аналіз унутранага заканадаўства Беларусі трэба пачаць з Канстытуцыі. Зьмены, унесеныя ў Канстытуцыю прэзыдэнтам, пераважна датычаць разьдзелаў, якія рэгулююць дзяржаўны лад. Што да правоў і свабодаў грамадзянаў, разьдзелы І і ІІ засталіся бязь зьменаў. У пытаньнях аховы правоў нацыянальных меншасьцяў важныя наступныя артыкулы Канстытуцыі: 2, 14, 15, 16, 17, 50, 61.

Артыкул 14 абавязвае дзяржаву рэгуляваць стасункі паміж нацыянальнымі супольнасьцямі на падставе роўнасьці перад законам, павагі іхных правоў і інтарэсаў.

Артыкул 15 ускладае на дзяржаву адказнасьць за захаваньне гістарычна-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае разьвіцьцё культур усіх нацыянальных супольнасьцяў, што насяляюць Рэспубліку Беларусь.

Артыкул 16 абвяшчае роўнасьць рэлігіяў і веравызнаньняў перад законам.

Артыкул 17 паведамляе: “Дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусі зьяўляюцца беларуская і расейская мовы”. Гэты артыкул быў зьменены паводле рэфэрэндуму 1996 году.

Вялізнае значэньне мае артыкул 50 Канстытуцыі: “Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасьць, таксама як ніхто ня можа быць змушаны да вызначэньня і ўказаньня нацыянальнай прыналежнасьці. Зьнявага нацыянальнай годнасьці караецца згодна з законам. Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносінаў. Дзяржава гарантуе, у адпаведнасьці з законам, свабоду выбару мовы выхаваньня і навучаньня”.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусі адпавядае міжнародным стандартам у галіне гарантыяў абароны правоў нацыянальных меншасьцяў, усталяваных Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў і Арганізацыяй бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе.

Адносіны ў гэтай галіне рэгулююцца наступнымі законамі:

Законам Рэспублікі Беларусі “Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусі”, прынятым Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусі 29 кастрычніка 1991 году, са зьменамі ад 22.03.1995, 03.05.1996, а таксама 09.11.1999;

Законам Рэспублікі Беларусі “Аб нацыянальных меншасьцях у Рэспубліцы Беларусі”, прынятым Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусі 11 лістапада 1992 году;

Законам Рэспублікі Беларусі “Аб правах дзіцяці”, прынятым Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусі 19 лістапада 1993 году, са зьменамі ад 3.05.1996;

Законам Рэспублікі Беларусі “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусі”, выдадзеным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі А. Лукашэнкам, ад 17.07.1998 году;

Законам “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусі” ў рэдакцыі 2001 году.

Аналіз законаў пачнём з Закону “Аб мовах”. Гэты заканадаўчы акт асабліва важны. Па-першае, у адрозьненьне ад іншых вышэйзгаданых законаў, Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусі” быў прыняты новым “парлямэнтам” і падпісаны А. Лукашэнкам. Трэба меркаваць, што ў сувязі з гэтым Закон павінен выконвацца цяперашнімі ўладамі (пра яго выкарыстаньне на практыцы гаворка пойдзе пазьней). Па-другое, гэты закон сыстэматызуе стасункі ў сфэры ўжываньня нацыянальных моваў і сваімі рэзалюцыямі часта дублюе іншыя нарматыўныя акты. Па-трэцяе, ён рэгулюе адносіны паміж дзьвюма дзяржаўнымі мовамі (вызначанымі артыкулам 17 Канстытуцыі, зьмененым пасьля рэфэрэндуму 1996 году) і іншымі нацыянальнымі мовамі, якімі карыстаецца насельніцтва, што, згодна з артыкулам 2 Закону, ёсьць дзяржаўным клопатам.

 
   

Паводле артыкулу 3, грамадзяне Беларусі маюць права зьвяртацца ў дзяржаўныя органы на беларускай, расейскай або іншай, прымальнай для абодвух бакоў, мове.

Артыкул 6 Закону не дапускае абразы, зьнявагі дзяржаўных і іншых моваў, стварэньня перашкодаў і абмежаваньняў ува ўжываньні, выкліканьня варожасьці на моўнай глебе.

Артыкул 21: “Рэспубліка Беларусь гарантуе кожнаму жыхару неад’емнае права на выхаваньне і атрыманьне адукацыі на беларускай або расейскай мове. Гэта права забясьпечваецца сыстэмай дашкольных установаў, агульнаадукацыйных школаў, прафэсійна-тэхнічных вучылішчаў і вышэйшых навучальных установаў.

Права на выхаваньне і атрыманьне адукацыі на роднай мове маюць і асобы іншых нацыянальнасьцяў, якія жывуць у краіне.

Кіраўнікі і іншыя супрацоўнікі сыстэмы адукацыі павінны валодаць беларускай і расейскай мовамі”.

Артыкул 23. “Мова навучаньня і выхаваньня, вывучэньне моваў у агульнаадукацыйных школах.

У Рэспубліцы Беларусі навучальная і выхаваўчая праца ў агульнаадукацыйных школах вядзецца на беларускай і (або) расейскай мовах.

Адпаведна з пажаданьнямі грамадзянаў па рашэньні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў могуць стварацца агульнаадукацыйныя школы або клясы, у якіх вучэбна-выхаваўчы працэс вядзецца на мове нацыянальнай меншасьці або вывучаецца мова нацыянальнай меншасьці”.

Ува ўсіх агульнаадукацыйных школах Рэспублікі Беларусі абавязкова вывучаюцца беларуская, расейская і адна замежная мова.

Наступны закон, які забясьпечвае права навучаньня дзяцей на роднай мове, — гэта Закон “Аб нацыянальных меншасьцях у Рэспубліцы Беларусі”. Ён гарантуе грамадзянам рэспублікі, якія лічаць сябе прыналежнымі да нацыянальных меншасьцяў, “роўныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя правы і свабоды, у тым ліку: а) права на атрыманьне дапамогі ад дзяржавы ў справе разьвіцьця нацыянальнай культуры і адукацыі; б) права вывучаць і карыстацца роднай мовай”.

Артыкул 12 Закону забараняе дыскрымінацыю паводле нацыянальных прыкметаў.

Неабходна таксама ўзгадаць пра Закон “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусі” ў рэдакцыі 2001 году. Артыкул 10 гэтага Закону гарантуе асобам любое нацыянальнасьці і этнічнае групы права на разьвіцьцё культуры і мовы, стварэньне нацыянальнай школы, культурных аб’яднаньняў, асьветных таварыстваў і інш.

У Беларусі існуе таксама адмысловы дзяржаўны орган — Дзяржаўны камітэт у справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Рэспублікі Беларусі, статус якога быў зацьверджаны пастановай Савету Міністраў 17 красавіка 1997 году. Асноўныя задачы гэтага органу:

— спрыяньне гарманічнаму духоўнаму разьвіцьцю грамадзянаў Рэспублікі Беларусі розных нацыянальнасьцяў;

— ахова і спрыяньне ў рэалізацыі правоў грамадзянаў Рэспублікі Беларусі розных нацыянальнасьцяў у галіне культуры, адукацыі, мовы, інфармацыйнага забесьпячэньня, каардынацыя дзейнасьці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня па стварэньні ўмоваў і аказаньні дапамогі ў асьветнай дзейнасьці нацыянальных меншасьцяў;

— вырашэньне пытаньняў па забесьпячэньні канстытуцыйных гарантыяў свабоды веравызнаньняў.

Важным нарматыўным актам для рэалізацыі правоў асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў, ёсьць Інструкцыйна-мэтадычны ліст Аддзелу адукацыі Гарадзенскай вобласьці і Менскага выканкаму “Аб арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусі навучаньня дзяцей, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў”.

Можна дапусьціць, што, прымаючы Закон “Аб нацыянальных меншасьцях у Рэспубліцы Беларусі” ў 1992 годзе, беларускія заканадаўцы ўсьведамлялі, наколькі важная праблема дэмакратычнага рэгуляваньня пытаньняў, зьвязаных з абаронай правоў нацыянальных меншасьцяў. Хаця сама юрыдычная база гарантыяў абароны правоў нацыянальных меншасьцяў адпавядае стандартам, рэалізацыя іх застаецца адно на паперы.


 
   

Агульнае становішча ў нацыянальнай палітыцы на Гарадзеншчыне

Сёньняшні стан у справах, датычных захаваньня правоў нацыянальных меншасьцяў, цесна зьвязаны з гісторыяй пасьляваеннае Беларусі, з палітыкай татальнае русіфікацыі насельніцтва. Перш за ўсё дыскрымінавалася беларуская мова, таксама не магло ісьці гаворкі пра вывучэньне моваў іншых народаў.

З 1948-га да 1988 году ў Гарадзенскай вобласьці — якую насялялі 26,5 % палякаў, каля 0,3 % літоўцаў, каля 2 % украінцаў 1, а таксама іншыя народы — ні ў адной школе не было клясаў, дзе б вывучалі мову нацыянальнае меншасьці.

Пэрыяд 1989—1994 гадоў можна лічыць сапраўдным рэнэсансам нацыянальных культураў Гарадзеншчыны. Ствараецца вялікая колькасьць творчых нацыянальных суполак, нацыянальных выдавецтваў, узьнікаюць нацыянальна-культурныя няўрадавыя арганізацыі.

Сытуацыя пачынае зьмяняцца з 1994 году, а менавіта з 10 ліпеня 1994 году, калі прэзыдэнтам Беларусі стаў Аляксандар Лукашэнка, заўзяты прыхільнік “старога парадку”. Урадавая палітыка паступова становіцца ўсё менш прыхільнай у адносінах да нацыянальных меншасьцяў.


Расейцы. Прывілеяваная нацыянальная меншасьць, нават у адносінах да беларусаў, — расейцы. У 1939—1941 гадох адбываўся рост іх колькасьці. Сюды накіроўвалі чыноўнікаў усіх узроўняў з мэтай правядзеньня палітыкі русіфікацыі і барацьбы з “праявамі нацыяналізму”.

Цяпер вобласьць насяляюць 119 200 расейцаў, ці 10,1 % ад агульнай колькасьці насельнікаў. Яны займаюць трэцяе месца пасьля беларусаў і палякаў. 14 чэрвеня 1995 году быў створаны мясцовы аддзел таварыства расейскай культуры.15 чэрвеня таго ж году быў створаны цэнтар “Расейскі стыль”. Прадстаўнікі расейскай супольнасьці бяруць удзел у сьвятах нацыянальных культураў, арганізуюць экскурсіі для дзяцей, адпачынак у санаторыях Смаленскай вобласьці, запрашаюць выступаць у Горадню калектывы з розных гарадоў Расеі.

Грамадзяне Беларусі, якія лічаць сябе прадстаўнікамі гэтае меншасьці, ня маюць аніякіх праблемаў з навучаньнем дзяцей на роднай мове, з вызнаньнем праваслаўя. Больш за тое, сродкі масавай інфармацыі рознымі спосабамі прапагандуюць і расхвальваюць расейскую масавую культуру. Расейская мова пануе ў дзяржаўных установах, тэлебачаньні, радыё, друку, школах, вышэйшых навучальных установах.


Татары. Татарская меншасьць жыве пераважна ў Іўі, Наваградку, Міры і Лідзе. Ёсьць два дзейныя мячэты, а вывучэньне мовы адбываецца ў мясцовых школах.

У Гарадзенскай вобласьці жывуць 2155 татараў, ці 0,2 % ад усяго насельніцтва. Першае нацыянальнае таварыства было створана ў ліпені 1989 году. У 1990 годзе ад яго аддзяліўся ісламскі культурны цэнтар. У красавіку 1991 году паўстаў Гарадзенскі цэнтар татарскай культуры. Існуюць таксама музычны калектыў “Кіч-Ітуру”, рэлігійнае аб’яднаньне.


Украінцы. У Горадні дзейнічае ўкраінская арганізацыя “Барвінак”, якая займаецца арганізацыяй культурных імпрэзаў. Гэтая суполка была створаная ў 1997 годзе. У яе склад уваходзяць 30 чалавек, існуе аматарскі музычны калектыў, арандуецца памяшканьне для дзейнасьці. У вобласьці жывуць 21 166 украінцаў, ці 1,8 % ад усіх насельнікаў вобласьці.

Што да польскай, габрэйскай і літоўскай меншасьцяў, іх становішча значна больш складанае (да праблемаў гэтых меншасьцяў мы вернемся ніжэй).

У 1999 годзе грамадзкія арганізацыі нацыянальных меншасьцяў Гарадзенскай вобласьці сутыкнуліся з супольнай праблемай, а менавіта — са спосабам правядзеньня перапісу насельніцтва. Дзеяньні лічыльнікаў наводзілі на думку, што яны атрымалі ўказаньні ў адносінах да большасьці жыхароў у пятай графе “Мова” ў першым пункце “Родная мова” і другім “На якой мове размаўляеце дома” запісваць, што гэтая мова — расейская. Нягледзячы на тое, што ў гарадох Беларусі найчасьцей ужываецца расейская мова, такія паводзіны лічыльнікаў зьяўляюцца сур’ёзным парушэньнем правоў асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў. Гэтыя дзеяньні лічыльнікаў дыскрымінуюць ня толькі нацыянальныя меншасьці, але й сьвядомых беларусаў.







 1 Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 1989 г.
   

Рэалізацыя права беларусаў навучаць дзяцей на роднай мове, а таксама гарантыі што да ўжываньня беларускай мовы

У 1990/91 навучальным годзе, ці да пачатку беларусізацыі сярэдняй школы, у Гарадзенскай вобласьці ў клясы зь беларускай мовай навучаньня запісалася 43,6 % першаклясьнікаў. 1 верасьня 1999 году ў першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня пайшло 45,1 % дзяцей, а ў падрыхтоўчыя клясы — 37 % 2. Але ж у 1991/92—1994/95 гадох у Гарадзенскай вобласьці на беларускай мове навучалася 80 % першаклясьнікаў.

Дыяграма 2 добра выяўляе палітыку папярэдніх уладаў. У 1991 годзе згодна з Законам “Аб мовах у Беларускай ССР” і Дзяржаўнай праграмай разьвіцьця беларускай мовы і іншых нацыянальных моваў улады пачалі беларусізацыю сыстэмы адукацыі. Закон аб адраджэньні нацыянальных моваў быў самым памяркоўным сярод усіх былых савецкіх рэспублік. Ён прадугледжваў вяртаньне да беларускай мовы цягам 10 гадоў.

Да ініцыятыўных групаў, якія супраціўляліся навучаньню дзяцей на беларускай мове, належалі бацькі, якія нядаўна прыехалі ў Беларусь (напрыклад, вайскоўцы). Часам дзякуючы акурат ім настаўнікі маглі сабраць подпісы астатніх бацькоў дзеля пераводу клясы на расейскую мову навучаньня. Аргумэнты, якія выкарыстоўваліся пры гэтым, — адсутнасьць пэрспэктываў разьвіцьця для дзяцей, недахоп кадраў і мэтадычных дапаможнікаў, што ў сваю чаргу зьніжае ўзровень навучаньня, а ў выніку — шанцы паступленьня ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, і г.д.

Ня ўсе настаўнікі пачатковай школы ведалі беларускую мову, хаця гэты паказьнік нельга лічыць благім: з 669 настаўнікаў пачатковых клясаў Горадні 496, ці 74,1 %, валодалі беларускай мовай. У дзіцячых садках сытуацыя была горшай: з 2265 чалавек пэрсаналу 1371 выхавацель, або толькі 60,5 %, ведаў беларускую мову 3.

У верасьні 1991 году ў Горадні ўпершыню былі адчыненыя 2 клясы з польскай мовай навучаньня, а ў 15 клясах польскую мову вывучалі як прадмет, у тым ліку ў 3 першых клясах. Польскую мову вывучалі таксама ў 36 гуртках і на 31 факультатыве 4.

У школах гораду было арганізавана 49 гурткоў, 38 факультатываў, 9 фальклёрных калектываў і 5 клюбаў, у якіх вывучалі беларускую мову.

У той час вельмі важным чыньнікам працэсу беларусізацыі была абачлівая палітыка, якую праводзіў Інстытут удасканаленьня настаўнікаў, орган, адказны за перакваліфікацыю настаўнікаў.

Цікава, што сёньня, калі ліквідуюцца беларускія клясы, многія настаўнікі, якія калісьці былі супраць увядзеньня беларускае мовы, цяпер актыўна супрацьстаяць пераходу на расейскую мову навучаньня. Падобным чынам паводзяць сябе і дзеці зь беларускіх клясаў. У сярэдняй школе № 21 у Горадні адміністрацыя школы імкнулася перавесьці беларускія клясы на расейскую мову навучаньня, але вучні выступілі супраць гэтага. Падобнае адбылося ў сярэдняй школе № 3, і гэта не выключэньні. Дзеці самі бароняць родную мову.

У 1999/2000 навучальным годзе ў Горадні ніводнае дзіця не пачало вучыцца ў падрыхтоўчай клясе зь беларускай мовай навучаньня. Толькі ў адной першай клясе дзеці навучаліся на роднай мове, што склала менш за 1 %. І гэта ў горадзе, дзе беларусы складаюць 56,1 %.


Адсотак вучняў 1—11 клясаў зь беларускай мовай навучаньня ў Гарадзенскай вобласці

кляса
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11
навуч. год
1990/91 43,6 22,5 22,4 22,1 23,5 23,9 22,9 22,8 22,8 21,3 22,1
1991/92 83,0 43,6 22,5 22,4 22,1 23,5 23,9 22,9 22,8 22,4 21,3
1992/93 82,9 83,0 43,6 22,5 22,4 22,1 23,5 23,9 22,9 22,7 22,4
1993/94 86,5 82,9 83,0 43,6 22,5 22,4 22,1 23,5 23,9 22,8 22,7
1994/95 86,5 86,5 82,9 83,0 43,6 22,5 22,4 22,1 23,5 23,9 22,9
1995/96 61,5 76,2 81,2 79,3 69,6 42,8 22,5 22,4 22,1 23,5 23,9
1996/97 50,8 59,7 72,0 76,6 71,3 69,5 43,1 22,6 22,6 20,5 22,0
1997/98 44,1 50,0 58,6 70,3 69,1 68,9 68,5 42,2 22,6 21,4 20,8
1998/99 20,1* 43,8 49,2 57,5 63,7 65,8 68,1 66,0 42,1 20,3 21,6
1999/
2000
19,6 43,7 48,3 53,5 62,5 64,1 64,7 66,0 36,1 20,2

* У 1998/99, а таксама ў 1999/2000 навучальных гадох зьявіліся падрыхтоўчыя клясы. Адсотак дзяцей, якія вучыліся на беларускай мове, складаў 45,5 % і 37 % адпаведна.

Практычна поўная адсутнасць магчымасьці вучыцца на беларускай мове ў горадзе вядзе да дыскрымінацыі людзей, якія на ёй гавораць. Такім чынам, беларуская мова становіцца мовай другога гатунку. Моладзь, якая прыяжджае зь беларускамоўнай вёскі, у горадзе няўхільна набывае адмысловы псыхалягічны комплекс, стараючыся ня толькі гаварыць па-расейску, але і пазбыцца нават беларускага акцэнту.

Найлепшае пацьверджанне таго, што беларусы хочуць ведаць беларускую мову і навучацца на ёй, — апошні перапіс насельніцтва. З дадзеных перапісу 1999 году вынікае, што колькасць жыхароў Гарадзенскай вобласці, якія назвалі беларускую мову роднай, за 10 гадоў вырасла на 4,5 %. Дома беларускай мовай на Гародзеншчыне карыстаюцца 53,6 % насельніцтва. У значнай ступені — гэта паказальнік пратэсту супраць палітыкі русіфікацыі.






 2 У сувязі з рэформай сярэдняй адукацыі і пераходам да дванаццацігадовага навучаньня.









 3 Даведка Гарадзенскага аддзелу народнай адукацыі.






 4 Дадзеныя на падставе пастановы мясцовага Савету народных дэпутатаў.

   

Польская нацыянальная меншасьць

Палякі, разам зь беларусамі і літоўцамі, здаўна насялялі землі Гарадзеншчыны. У 1939—1950 гг. у часе сталінскіх рэпрэсіяў у Сібір зь Беларусі было вывезена каля 600 тысячаў палякаў. Яшчэ 500 тысячаў каталікоў, паводле савецка-польскай дамовы, выехалі ў Польшчу. Перапіс насельніцтва 1989 г. паказаў, што ў Беларусі жыве 418 тысячаў палякаў, зь якіх 13,3 % прызналі польскую мову роднай.

Па дадзеных апошняга перапісу насельніцтва польская меншасьць у Гарадзенскай вобласьці склала 294 тысячы чалавек, або 24,8 % насельніцтва.

Больш за дзесяць гадоў таму быў створаны Саюз палякаў Беларусі, які сёньня налічвае каля 30 тысячаў чальцоў. Утварыліся больш за 50 аматарскіх музычных калектываў. Выдаецца газэта “Głos znad Niemna”. Пабудаваныя дзьве школы.

Пасьля рэфэрэндуму 1996 году ўлады Беларусі пачалі масаваную атаку ня толькі на ўсё, што зьвязана зь беларускай мовай, гісторыяй і культурай, але і пачалі абмяжоўваць правы нацыянальных меншасьцяў.

Галоўная праблема польскай нацыянальнай меншасьці ў тым, што як рэспубліканскімі ўладамі, так і мясцовымі не рэалізуецца права навучаць дзяцей на роднай мове. З 1988 году, пад уплывам актывістаў Польскага культурна-асьветніцкага таварыства імя Адама Міцкевіча, якія агітавалі бацькоў падаваць заявы з просьбай увесьці польскую мову як прадмет, улады пачалі арганізоўваць навучаньне польскай мове ў школах так, каб гэта было абмежавана толькі гурткамі і факультатывамі. Гэтак, напрыклад, даючы адмоўны адказ на просьбу пабудаваць польскую школу ў Наваградку, улады спасылаліся на тое, што ў горадзе ёсьць гурткі “Вывучаем польскую мову”. Безумоўна, узровень навучаньня ў гуртках вельмі далёкі ад узроўню вывучэньня мовы на ўроках, што ў сваю чаргу ўплывае на вынікі навучаньня.

Пачынаючы з 1988 году, Саюз палякаў Беларусі вядзе актыўныя перамовы з абласнымі і рэспубліканскімі ўладамі што да будаўніцтва польскіх школаў у Горадні, дзе жыве больш за 60 тысячаў палякаў. На сустрэчы, якая адбылася ў 1994 годзе паміж кіраўніцтвам Саюзу палякаў і прэм’ер-міністрам Кебічам, была падпісаная дамова, паводле якой у Горадні меркавалася пабудаваць дзьве школы, адну за кошт Рэспублікі Польшчы, другую за кошт Рэспублікі Беларусі. Пасьля таго як да ўлады прыйшоў А. Лукашэнка, Саюз палякаў атрымаў пісьмовую адмову што да выкананьня прынятых урадам Беларусі абавязкаў. Матывавалі гэта адсутнасьцю фінансавых сродкаў.

Выказваньне дэпутата Сяргея Касьцяна, які адкрыта назваў палякаў грамадзянамі другога гатунку, паколькі яны перашкаджаюць інтэграцыі з Расеяй, добра ілюструе настроі, што пануюць сярод уладнай эліты ў адносінах да нацыянальных меншасьцяў. Палякі ў Беларусі, па словах Касьцяна, гэта “пятая калёна, якая ў любы момант можа здрадзіць беларускаму народу”.

Старшыня СПБ зьвярнуўся да старшыні палаты прадстаўнікоў з просьбай патлумачыць выказваньне, але адказу не атрымаў.

Прэзыдэнт Беларусі ў сваім “Звароце да Парлямэнту” абвінаваціў палякаў у імкненьні стварыць аўтаномію. Нягледзячы на тое што міжнародныя стандарты нават рэкамэндуюць дзяржавам падтрымліваць нацыянальныя аўтаноміі, у Беларусі аўтаномія асацыюецца з сэпаратызмам.

Аляксандар Лукашэнка падзяляе палякаў на “простых”, якія знаходзяцца на ягоным баку, і “жменьку нацыяналістаў, якія спрабуюць навязаць польскае пытаньне”. Такія выказваньні гаранта Канстытуцыі могуць выклікаць сумнеў, ці выконваецца яна ўвогуле.

Адна з праяваў парушэньня правоў нацыянальных меншасьцяў — гэта працяглыя “гутаркі” функцыянэраў КДБ з актывістамі польскага нацыянальнага руху. Старшыня СПБ шматкроць зьвяртаўся да ўладаў з просьбай пакінуць у спакоі кіраўніцтва СПБ, паколькі дзейнасьць гэтай арганізацыі адбываецца ў рамках дзейнай Канстытуцыі.

Пачынаючы з 1996 году і да сёньняшняга дня ўлады Берасьця, Наваградку, а таксама Горадні рэгулярна адмаўляюць СПБ у будаўніцтве польскіх школаў, прычым коштам СПБ. Ініцыятыўная група бацькоў сабрала 3067 подпісаў пад адозвай да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі, у якой яны выказваюць занепакоенасьць прамаруджваньнем у будаўніцтве школы з польскай мовай навучаньня ў мікрараёне Вішнявец у Горадні, а таксама з нагоды таго, што “на працягу васьмёх гадоў ня быў выдадзены ніводзін падручнік для 2—8 клясаў”. Адказу яны не атрымалі.

У Наваградку ўлады робяць усё, каб ліквідаваць магчымасьць навучаць дзяцей на польскай мове, што ўжо атрымалася зрабіць зь першай клясай (1997/98) адной з наваградзкіх школаў. Па-першае, зьдзяйсьняўся ціск на бацькоў, якіх запалохвалі стратай працы. Па-другое, былі прыцягнутыя сродкі масавай інфармацыі, якія спрабавалі давесьці адсутнасьць пэрспэктываў такога навучаньня. Акрамя таго, улады Наваградку запатрабавалі ад бацькоў дзяцей, якія пачалі вучыцца на польскай мове, даказаць сваё польскае паходжаньне, што зьяўляецца сур’ёзным парушэньнем правоў чалавека. З прычыны такіх парушэньняў старшыня СПБ зьвярнуўся да старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму з просьбай запатрабаваць ад сваіх падначаленых трымацца закону. Аднак ніякія захады не былі прынятыя. СПБ зьвярнуўся таксама ў пракуратуру вобласьці, але там ня ўгледзелі парушэньня Закону “Аб мовах”.

Ужо чатыры гады СПБ спрабуе атрымаць дазвол ад уладаў Наваградку на будаўніцтва школы з польскай мовай навучаньня. Спачатку ўлады матывавалі адмову адсутнасьцю сродкаў у гарадзкім бюджэце. Таксама прычынай адмовы была невялікая колькасьць жыхароў Наваградку польскай нацыянальнасьці — 5,3 %.

Па гэтай справе зьвярталіся да А. Лукашэнкі, а таксама ў Дзяржаўны камітэт у справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Рэспублікі Беларусі і ў Каардынацыйную раду па справах нацыянальных меншасьцяў пры Савеце Міністраў. З боку ўладаў не было зроблена ані кроку ў кірунку канструктыўнага вырашэньня гэтага пытаньня.

СПБ арганізаваў пікет перад Домам ураду Рэспублікі Беларусі. Пасьля паўгадзіннага пікетаваньня на патрабаваньне міліцыі акцыя была спыненаная. Несанкцыяваны пікет быў праведзены таксама ў Наваградку. У сакавіку 1999 г. старшыня СПБ Тадэвуш Гавін быў пакараны за арганізацыю несанкцыяванага пікету на суму 115 000 000 рублёў, якая перавысіла ягоны гадавы даход.

3 сакавіка 1999 году СПБ зьвярнуўся ў суд Наваградзкага раёну з пазовам скасаваць пастанову аб адхіленьні просьбы аб будаўніцтве школы і прызнаньні немэтазгоднасьці адкрыцьця 1-х клясаў з польскай мовай навучаньня.

Рашэньне суду не задаволіла СПБ.

Правы польскай нацыянальнай меншасьці парушаюцца таксама ў Воранаве, дзе каля 80 % жыхароў — палякі. Былі ліквідаваныя дзьве клясы: адна з польскай мовай навучаньня, другая — з польскай мовай як прадметам. Старшыня Воранаўскага раённага аддзелу СПБ зьвярнуўся да кіраўніка Воранаўскага райвыканкаму з просьбай захаваць польскія клясы і абавязаўся ўзяць на сваю грамадзкую арганізацыю ўсе выдаткі, зьвязаныя з навучаньнем дзяцей. Бацькі напісалі лісты, у якіх выказвалі такую самую просьбу, да кіраўніцтва Воранаўскага райвыканкаму і Гарадзенскага аблвыканкаму. Бацькі заявілі, што ня пусьцяць дзяцей у школу, пакуль гэтая праблема ня будзе вырашаная станоўча. Дзеяньні бацькоў і актывістаў СПБ не прынесьлі ніякіх вынікаў.

У Лідзе ўлады не дазволілі стварыць клясу з польскай мовай навучаньня, матывуючы гэта таксама матэрыяльнымі праблемамі.

Бязьдзейнасьць Міністэрства адукацыі ў пытаньні распрацоўкі дзяржаўнай праграмы навучаньня на польскай мове, а таксама тое, што ў Беларусі не выдаюцца падручнікі і дыдактычныя дапаможнікі на польскай мове, можна расцэньваць як абмежаваньне права навучацца на роднай мове.

У 1997 годзе адбыўся чарговы зьезд СПБ. Былі прынятыя адозвы да ўраду з інфармацыяй аб стане ў справах рэлігіі і з просьбай пабудаваць дзіцячы садок і школу з польскай мовай навучаньня. СПБ атрымаў пісьмовае папярэджаньне ад Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусі, у якім паведамлялася, што гэтыя адозвы парушаюць заканадаўства Рэспублікі Беларусі. Апошнім часам улады не даюць дазволу на прыезд з Польшчы настаўнікаў польскай мовы.

У красавіку 1998 году Таварыства польскіх лекараў пры СПБ зьвярнулася да Гарадзенскага выканкаму з просьбай дазволіць правесьці навукова-папулярную канфэрэнцыю, прысьвечаную 200-годзьдзю з дня нараджэньня вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча. Адказ выканкаму быў адмоўны. Адмову абгрунтавалі клопатам пра лекараў іншых нацыянальнасьцяў, якіх таварыства нібыта дыскрымінуе паводле нацыянальнай прыналежнасьці.

Ёсьць у Беларусі грамадзяне краіны, былыя жаўнеры Арміі Краёвай, якія змагаліся з фашызмам падчас другой сусьветнай вайны. Яны не прызнаныя вэтэранамі і з гэтай прычыны пазбаўленыя льготаў, што маюць удзельнікі вайны. Прычым яны адзіныя з удзельнікаў антыгітлераўскай кааліцыі пазбаўленыя льготаў. Жаўнеры абарончай вайны, якую вяла Польшча ў 1939 годзе, маюць статус вэтэранаў, але таксама пазбаўленыя льготаў.


 
   

Літоўская нацыянальная меншасьць

Гарадзенская вобласьць мае доўгую мяжу зь Літвой. Нягледзячы на гэта, літоўцаў у вобласьці няшмат. Існуе 25 літоўскіх вёсак, дзьве парафіі. Дзеці літоўцаў, што жывуць у Горадні, вывучаюць літоўскую мову ў нядзельнай школе.

Паводле перапісу насельніцтва 1999 году літоўская меншасьць на Гарадзеншчыне складае 2964 чалавекі, або 0,2 % ад агульнай колькасьці жыхароў вобласьці.

Аб’яднаньне літоўцаў Гарадзеншчыны “Tevine” было створанае ў 1995 годзе. Галоўная задача таварыства — асьветніцкая дзейнасьць. У Гарадзенскай вобласьці ў літоўцаў ёсьць дзьве школы з нацыянальнай мовай навучаньня — сярэдняя школа ў Рымдзюнах (Астравецкі раён) і школа ў вёсцы Пеляса (Воранаўскі раён).

Старшыня абласнога аддзелу “Tevine” Альгімантас Дзіргінчус называе наступныя праблемы, зьвязаныя зь дзейнасьцю таварыства, якія паўстаюць, на яго думку, зь віны ўладаў і парушаюць правы меншасьці: недахоп пэдагагічных кадраў, няпэўнае юрыдычнае становішча школы і Культурнага цэнтру ў Рымдзюнах ды цяжкасьці, зьвязаныя з арэднай памяшканьняў для нядзельных школаў. Да гэтага часу Міністэрства адукацыі Беларусі не распрацавала правілаў наконт нядзельных школаў, хаця “Tevine” неаднаразова зьвярталася з гэтай просьбай. Мэтадычна-інструкцыйны ліст “Аб арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусі навучаньня дзяцей, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў” гаворыць пра школы вольнага дня, аднак канкрэтна не акрэсьлівае, што такой школай зьяўляецца. Улады накіроўваюць у літоўскія школы слаба падрыхтаваных настаўнікаў, і гэта зьніжае ўзровень навучаньня ў нацыянальных школах. У Беларусі няма ніводнай вышэйшай навучальнай установы з факультэтам літоўскай філялёгіі, больш за тое, у Нацыянальнай акадэміі навук няма аддзелу літуаністыкі (як няма і аддзелаў паляністыкі, украіністыкі і г.д.).

Сур’ёзнай праблемай для “Tevine” сёньня зьяўляецца няпэўны юрыдычны статус Цэнтру літоўскай культуры ў Рымдзюнах. Літоўскі бок сам пачаў фінансаваць будаўніцтва гэтага Цэнтру. Гэта значыць, што беларускі бок ня ўклаў у будаўніцтва цэнтру ніякіх сродкаў (укладаньні Літвы ацэньваюцца ў 10 млн. літаў, або прыблізна 2,5 млн. даляраў), затое прызначыў дырэктара будаўніцтва. Улады Астравецкага раёну зьвярнуліся да літоўскага боку з прапановаю правесьці перамовы наконт юрыдычнага статусу цэнтру, адначасова настойваючы на прыпыненьні будаўніцтва. Літва пагадзілася на перамовы, але будаўніцтва цэнтру не спыніла.

18 ліпеня 1995 году ў Менску адбылася размова паміж прэм’ер-міністрамі Літвы і Беларусі А. Шляжавічусам і М. Чыгіром, у часе якой было прынята, што ўласьнікам Цэнтру будзе Рэспубліканскае аб’яднаньне літоўцаў у Беларусі.

2 ліпеня 1996 году была створаная рабочая група экспэртаў, якія займаліся распрацоўкай мэханізму функцыянаваньня Літоўскага культурна-асьветніцкага цэнтру 5.

Цяпер існуе рэальная пагроза зьліцьця дзьвюх школаў і стварэньня на іх базе агульнай школы ў Рымдзюнах зь дзьвюма мовамі выкладаньня: беларускай і літоўскай. Спачатку рэфармаваньне плянавалася на 1 верасьня 1999 году, але дзякуючы пратэстам літоўскай грамадзкасьці дасюль не адбылося.

Пункт 7 Супольнага пратаколу міністэрстваў адукацыі Літвы і Беларусі ад 2 ліпеня 1996 году сьведчыць, што дырэктар і пэдагагічныя кадры школы прызначаюцца з улікам пажаданьня Таварыства літоўцаў Беларусі. Калі справа дайшла да разьмеркаваньня пасадаў, дырэктарам школы стаў чалавек, зусім невядомы літоўскай грамадзкасьці (яна настойвала на прызначэньні на гэтую пасаду пэдагога з Гірскай школы, які меў досьвед працы ў школе зь літоўскай мовай навучаньня). Празь некалькі месяцаў на патрабаваньне тутэйшых літоўцаў дырэктар быў звольнены за п’янства. Насуперак дамове, заключанай паміж урадамі Літвы і Беларусі, Цэнтар ня быў перададзены ўва ўласнасьць рэспубліканскага таварыства літоўцаў. У дадзены момант улады разглядаюць прапанаваны літоўскім бокам варыянт стварэньня суполкі пад назвай “Літоўскі цэнтар культуры, асьветы і інфармацыі”.

Паводле пастановы юрыдычнага аддзелу Гарадзенскага аблвыканкаму перарэгістрацыя “Tevine” адкладзеная на год. Як і Саюз палякаў Беларусі, кіраўніцтва “Tevine” вымушанае было зьмяніць пункт статуту, у якім фармулюецца задача таварыства — абарона правоў літоўцаў. Слова “літоўцы” было замененае на “члены”, г. зн. “Tevine” можа абараняць інтарэсы толькі сваіх чальцоў, а ня ўсіх літоўцаў, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі. Пры таварыстве дзейнічаюць нядзельныя школы, дзе літоўскую мову, гісторыю і культуру вывучаюць ня толькі дзеці, але й дарослыя, у якіх няма іншых магчымасьцяў вучыцца. Ніякае дапамогі ад рэспубліканскіх і абласных уладаў, за выключэньнем вызваленьня ад арэнднай платы за памяшканьне таварыства ў Горадні, літоўская меншасьць не атрымлівае.


 
   

Габрэйская нацыянальная меншасьць

Масавыя пасяленьні габрэяў на нашых землях датуюцца XIV ст., калі ў Заходняй Эўропе (Нямеччыне, Гішпаніі і інш.) пачаліся іх перасьледы. Яны знайшлі прытулак у Вялікім Княстве Літоўскім. Першыя суполкі ў Горадні зьяўляюцца пры канцы XIV ст. У 20-я гады ХХ ст. ідыш быў адной з чатырох дзяржаўных моваў БССР. За гады другой сусьветнай вайны праз генацыд загінула ня менш за 400 тысячаў габрэяў. У той час як у 1926 годзе яны складалі 8,2 % насельніцтва Беларусі, дык у 1959 годзе — толькі 1,8 %, а цяпер — менш за 0,3 %. Працягваецца іх эміграцыя.

У Гарадзенскай вобласьці цяпер жыве 937 габрэяў, што складае каля 0,1 %. Большасьць жыве ў Горадні. Існуе абласное аб’яднаньне габрэйскай культуры імя Лэйба Найдуса. У траўні 1997 году была створаная дабрачынная арганізацыя “Хесэд Нохум”. Пры ёй дзейнічае нядзельная школа, у якой выкладаюць ідыш, ёсьць музычны калектыў для дарослых, моладзевы калектыў “Фрэйлах”.

Пры такой малой колькасьці габрэяў няма гаворкі пра адкрыцьцё клясаў з нацыянальнай мовай навучаньня.

Дзейнасьць супольнасьці засяроджаная перш за ўсё на культурных мерапрыемствах і на арганізацыі заняткаў у нядзельнай школе. Аб’яднаньне імя Л. Найдуса плянуе стварыць групу ў дзіцячым садку. Згода на гэта атрыманая, але няма матэрыяльнай падтрымкі, безь якой рэалізацыя гэтых плянаў немагчымая.


Высновы

Сёньня ў Беларусі парушаюцца правы грамадзянаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў, а таксама нацыянальна сьвядомых беларусаў.

Трэба памятаць, што апісаныя тут выпадкі парушэньня правоў нацыянальных меншасьцяў — гэта толькі частка рэпрэсіяў, якія варта разглядаць на шырокім фоне рэпрэсіўнае палітыкі дзяржавы што да беларускіх грамадзянаў. Ціск на актывістаў няўрадавых арганізацыяў, які чыніць КДБ, рэпрэсіі ў адносінах да ўсіх аб’яднаньняў таксама адбіваюцца на таварыствах нацыянальных меншасьцяў. Бясконцае ўзнаўленьне патрабаваньня перарэгістрацыі арганізацыяў, канфіскацыя абсталяваньня ўсё больш пагаршае становішча беларускіх грамадзянаў, прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусі не распрацоўвае і ня ўводзіць праграмаў навучаньня дзяцей на нацыянальных мовах, а таксама ня мае намеру друкаваць неабходныя навучальныя дапаможнікі.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (22) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 19-12-2002