A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (22) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Caкpaт Янoвiч |
Дарослыя нават сёньняшнім часам рэдка дураць сабе галаву псыхалёгіяй дзіцяці. Ім неўздагад, што ў малога свая асобнасьць і патрэбы, акрамя ежы ды апраткі. Дзіцячы сьвет не падобны да сьвету бацькоў — ён байкавы ды фантастычны. Выраслага чалавека пачынае гнуць і гарбаціць заклапочанасьць бытам. Так званыя ваенныя дзеці, зазнаўшыя голаду і холаду, бяздомнасьці, надта рана ператвараюцца ў мужчын і ў бабаў. Хто цяпер паверыць, што ў тую ці іншую рэвалюцыю шаснаццацігодкі бывалі за камандзіраў палкоў, а славуты Гайдар у такім веку вёў у бой цэлую дывізію бальшавікоў?! Гісторыя Сярэднявечча ведае дзіцячыя галодныя паходы ў Эўропе, надзвычай крывавыя, накшталт сучасных бойняў у Афрыцы салдатні зь дзесяцігодкаў, якім ледзь пад змогу валачыць карабін, апаясаўшыся лентамі патронаў. Дзеці больш бязьлітасныя, чым дарослыя. Проста садысты. Могуць злупіць скуру з чорнага ката на панадворку. Бо ў дзяцей няма эмоцыяў, якія ў нашай расы зьяўляюцца не раней дванаццатага году ў дзяўчынак і чатырнаццатага ў хлопчыкаў. Зьвязана гэта з пачаткамі полавага высьпяваньня. Таму дзіцячыя арміі чорнае Афрыкі ня гвалцяць жанчын, бо нашто яны; узяўшы горад, выстрэльваюць да апошняе нагі насельніцтва, пра што мы тут і ня чуем, бо каторая газэта цікавіцца масакрамі на “дзікім” кантынэнце? Сьмерць аднаго палестынца важнейшая за пагібель дваццацітысячнага места ў нейкай Угандзе ці Руандзе. Чаму выстрэльваюць масамі? Ну, дзеці гуляюць у расстрэлы, ім сьмешна, як людзі скурчваюцца ў сьмяротных канвульсіях. Даводзілася бываць з бацькамі на паховінах сваякоў, дзядзькоў і цётак. Заўсёды пачуваўся я сьмешнавата, бо сьмерць уяўлялася мне тэатрам: вось разьлёгся ў труне здаравезны Антон, наўкола яго бабы плачуць, ажно зараз возьме ён ды схопіць ручыскам каторую зь іх за лытку або цыцку... Рогату будзе! Дзеці несьмяротныя! Ім паміраньне што цырк! І тыя ў чорнай Афрыцы, пэўна, націскаючы на цынгель “калашнікава”, разважалі, відаць, падобным чынам: паласну ім куляй па жыватах, хай трохі “памэнчацца”, каб адхацелася потым шкодзіць вайне. Армія малых, рабуючы крамы, як думаеце, што брала трафэямі? Цукеркі і цацкі, фрукты і смачноты, а не касьцюмы, гадзіньнікі і тэхніку. Усё, што здарылася з мною ў жыцьці, пачыналася шэсьцьдзесят гадоў таму, у дзяцінстве, на Сакольскай, 27 у Крынках. А выхад з тае дзіцячае “нелегальшчыны”, калі ўсенька трэба было выпрошваць, даў мне пачуцьцё сапраўднае шчасьлівасьці. Першыя заробкі і свае грошы — усё роўна што ўласныя дзесяціны халопу пасьля паншчыны. Дзеці малпуюць бацькоў, і таму, пераважна, добрыя яны ў добрых і благія ў благіх. З гэтым — бы з законам акцыі і контракцыі ў фізыцы. Здараюцца, праўда, адступленьні ад таго правіла, але адступленьні, як вядома, толькі пацьвярджаюць правіла. П’яніца бацька плодзіць п’яніцу сына, а курва маці нараджае курву дачку. Так, як з тым яблыкам, што ня падае далёка ад яблыні. Калі я жаніўся, дык мой будучы цесьць слушна пацікавіўся ў людзей, якія ў мяне бацькі: разумныя ці бесталачы, ахайныя ці брыдота калтыжная. Хоць чуць ня чуў ён пра генэтыку. |
Што вырашыла ў маім лёсе дзяцінства? Прыклад ішоў ад маіх бацькоў, а былі яны рамесьнікамі (бацька — шавец, маці — краўчыха). Рамесьнікам ня можа быць чалавек зь несамастойным характарам, з псыхалёгіяй савецкага парабка. Я ўжо ў чацьвертай клясе пачатковае школы — на адзінаццатым годзе жыцьця — сплянаваў будучыню, лепшую. Абавязкова лепшую! Нават запрыкмеціў аднаклясьніцу, зь якой калісьці ажанюся. І што думаеце? Характарам яна была падобная да мае маткі. Хлопчык больш хіліцца да маці, дзяўчынка да бацькі. Гэта натуральнае і ў згодзе з полавым інстынктам. Да гэтага трэба дадаць вырашальную ў стварэньні сям’і ініцыятыўнасьць мужчыны. Сындром самца, што знаходзіць адбітак у мове. Заўважце фразу “Яе чалавек”. Гучыць як “Яе пан”. Або, дзеўку “бяруць замуж” — от, ні больш, ні менш: прыходзяць і бяруць. Замужнюю “трымаюць” — у сэнсе: кормяць, апранаюць, даюць кут. Кажуць: “Сьцяпан трымае Зіну”, што значыць: Зіна ёсьць жонкаю Сьцяпана. Расеец сказаў бы пра тое вульгарна: “Степан женат на Зине” або “Степан взял в жёны Зину”. Мужчыну ніхто не бярэ, нават прымака. Толькі ён бярэ, пасаг таксама. Ну што — патрыярхат! А што будзе з намі, самцамі, калі настане... матрыярхат?! Дзяцінства, асабліва маленства, можна параўнаць зь несьціханым плачам. Малое адчувае сваю бясьсільнасьць, а маючы жаданьні, зазвычай супярэчныя жаданьням бацькоў, плачам вымагае ад іх дазволу. Прычым у нас дзяцей б’юць-шпараць, што вынікае зь нізкае культуры выхаваньня, нясьпеласьці самога бацькоўства. Мы застаёмся варварамі, аб чым ня ведаем ды ніхто нам ня кажа. Дзіця ў нашых умовах уяўляе сабою выпадковае існаваньне, плод сэксуальнага недагляду, памылкі. Нараджаецца, быццам прыкрая выпадковасьць. Пераважна раней, чым таго хацелася б. Даўней людзі жаніліся сур’ёзьней. Была гэта эканамічная зьдзелка, гаспадарчая дамова, матэрыяльны парытэт. Сёньня ж часта жэняцца таму, што ў нарачонай ужо расьце жывот, радзіць будзе! Такія жаніцьбы яшчэ паўбяды ў параўнаньні з савецкімі ці амэрыканскімі — па чатыры-пяць разоў, пакуль мужчына трымаецца на нагах, замест валяцца ў шпітальнай пасьцелі. Гэта вялікая праблема грамадзтва. Прыходзяць на сьвет цэлыя пакаленьні з мэнталітэтам байструка. Фактычна паўсіроты, якія ведаюць толькі матку. Яшчэ антычныя рымляне казалі: ня можаш быць упэўнены ў тым, хто твой бацька. Нармальнаму выхаваньню дзіцяці патрэбна псыхалягічная раўнавага, жаноцкасьць і мужчынскасьць. Ласка і суровасьць. Пахіснутая раўнавага ў пакінутай жонкі зь дзіцём выклікае ў яе празьмернае жаданьне апекавацца, у выніку чаго вырастае дзіця-лялечка. Вельмі дбайна дагледжанае, таму пазбаўленае самастойнасьці. Выхаванае ў комплексе коціка на канапе. Разам са сьмерцяй маці гэты “коцік” не дае рады сам жыць, ня ўмее. Калі дзяўчына, то ідзе ў прастытуткі, а калі хлопец, то пускаецца ў бандыцтва. Абое хочуць надалей лёгка жыць, як было пры матцы. Грамадзтва з пакінутымі жонкамі — гэта грамадзтва распаду і дэгенэрацыі, алькагалізму. Заўважаем тое ў саветаў, нешта падобнае ўжо ў амэрыканцаў дый тут, у нас саміх. Гэта толькі на дурны погляд забаўна бегаць “па бабах”. Фінал таго трагічны для нацыі, трагічны і для бабніка, які, раней ці пазьней, застаецца ў самоце, непатрэбным з гадамі сьмецьцем. Бачу такіх аж занадта ў свае немаладыя гады. Маё дзяцінства было ваеннае. Бацька пакутаваў у нямецкай няволі; я пажываў з маці і бабусяй. Бедна вельмі. На ўсё жыцьцё засталося адчуваньне паху варанае ў сагане бульбы, боскі водар каляднай ялінкі, зрубанай дзядзькам у блізкім лесе; духмянасьць матчыных пернікаў, сьлінацёк ад хлебу ў печы і той “хлеб насушчы” ў царкве, што я разумеў як “хлеб насушаны”... Шчасьцем было наесьціся яго, таму і цяпер рука не падымаецца шпурнуць укамянелую скарынку ў сьметнік. Выхоўвае лёс. Раскошны лёс не выхоўвае, чаго ня кеміць наша памешчанелае мужыцтва, аддаючы ўсе сілы на стварэньне раю дзецям. Цывілізацыі дабрабыту доўга не трываюць, калі ў іх дзеці бязьмерна разбэшчаныя. Праз дваццаць гадоў старыя памруць, а іх месца зойме якраз разбэшчаная тымі старымі бацькамі моладзь. Божа, дай нам розум выхаваць дзяцей і ўнукаў у цноце, каб не плявалі на Айчыну і не шукалі амэрыканскага шчасьця! Не пашкадуй, Усявышні!!!
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (22) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |