A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (22) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
MAКCIМ KЛIМКOВIЧ | |||||
|
Maкciм Kлiмкoвiч |
— пісьменьнік, сын пісьменьніка Алеся Махнача і філёляга Маі Клімковіч |
Я навучыўся друкаваць на машынцы раней, чым пісаць рукой. А лічыць навучыўся, гуляючы ў карты з бацькамі. Гэта было абсалютна нармальна — гулялі дома. Да картаў прывучыла бабуля: да яе раз на тыдзень, як норма, прыходзілі ў госьці Марыя Бядуліха і Геня Кацовічыха, дзьве габрэйкі, удовы пісьменьнікаў Зьмітрака Бядулі і Хайма Кацовіча. Першыя гульні, якім бабуля мяне навучыла, былі немудрагелістыя “п’яніца”, “воз”, “сьвіньня”, а тады ўжо “дзявятка”. У “дзявятку”, як і ў “покер”, бяз грошай не згуляеш. Гульня ішла на медзякі. Бядуліха і Кацовічыха, як толькі трэба было вырашаць, якую карту класьці, пачыналі перамаўляцца на ідыш, каб мы не зразумелі. Сястра мая старэйшая за мяне і стрыечная сястра таксама старэйшая — і ўвесь час я рос з аглядкай на старэйшых. Сястра на тры гады старэйшая была, кузына — на два. А ўвесь час гуляліся разам. Вялікае кола знаёмых было зь іхных сябровак. Дзеля гэтага я дасканала ведаў дзявочы сьвет, розныя жаночыя сакрэцікі. Увесь час круціўся вакол іх. Таму добра разумею жаночую псыхалёгію. У дзяцінстве я выразна адчуваў адрозьненьне паміж “дваровым” асяродзьдзем і тым, якое склалася вакол сястры з кузынай. Абсалютна два розныя асяродзьдзі, і гульні розныя. Дома мы любілі гуляць у жахі. Футра надзяваць старое, гасіць сьвятло, палохаць адно аднаго. Мы самі прыдумлялі гульні і назвы: гуляць у “махнатку” — палохаць, даводзіць да жаху. Або ставілі нешта накшталт хатніх спэктакляў, напрыклад, паводле матываў “Баляды Рэдынгскай турмы” Оскара Ўайльда. Паколькі я быў меншы за сёстраў, мне даводзілася граць эпізадычныя ролі і агучваць шумавыя эфэкты. Напрыклад, у О. Уайльда быў такі радок: “И ужас, разевая пасть, смеяся из угла”. І мне адводзілася роля “ужаса”, які сьмяецца з кута. Былі і меньш інтэлектуальныя гульні кшталту “Млынара”: ставілі фатэль у кут і круціліся паміж ім і сьцяной, хто больш выпацкаецца ў крэйду. З дваровых запомнілася такая гульня. Тады нашым суседам быў беларускі драматург Кобец (бацька атрымаў кватэру ў другім пісьменьніцкім доме на вуліцы Чарнышэўскага). Неяк мы гуляліся, а ён выйшаў і кажа: “Хлопцы, нейкія гульні ў вас незразумелыя. Нейкія там “гарады і сёлы” з ножыкамі… Я пакажу вам іншую гульню, файную. Называецца “Пікар”. Выкапайце лункі і закатвайце туды мяч, а хто прайграе — становіцца каля сьцяны, і яго гэтым мячом расстрэльваюць”. У нас мяч тэнісны быў — ім ня вельмі балюча. І Кобец з задавальненьнем гуляў разам з намі, хаця быў для нас ужо стары, як сьвет. На той час яму было, можа, гадоў пад семдзесят. Прыйшоўшы ў першую клясу ў школу, я пасядзеў на першым уроку пятнаццаць хвілінаў, падняўся і пайшоў да дзьвярэй. Настаўніца спыталася: “Што такое?” Я адказаў: “Мне тут нецікава”. Увогуле ў мяне адзнакі былі тры-чатыры, тры-чатыры. Асабліва не ўлягаў за вучобаю. Толькі ў дзясятай клясе, калі трэба было паступаць у ВНУ, за апошні год нагнаў сабе атэстат да сярэдняга балу ў чатыры з паловай. А да гэтага здавалася, галоўнае — веды, а не адзнакі. |
У мяне ў школе даволі кепскія настаўнікі былі, практычна ўсе, за выключэньнем адной — настаўніцы па фізыцы. А яна давала нам пісаць літаратурныя сачыненьні па фізыцы. Бацькі ведалі, з кім я сябрую, свае парады давалі. Але ў мяне такіх сяброў, ад якіх можна ўсяго чакаць, практычна не было. Бацькі вучылі мяне: добрых хлопцаў шмат — цікавых мала, трымайся цікавых. Але катэгарычных забаронаў кшталту “з гэтым ты не сустракайся” — ніколі не было. Я сябраваў з Адамам Глёбусам, Юрам Яўменавым — цяпер ён мастак, зь Віталікам Навіцкім, ён у Фінберга ў аркестры, а таксама з Уладзімерам Сьцепаном. Мне ніхто не навязваў, на якой мове гаварыць. Бацька дома і па-за домам гаварыў па-беларуску, ён наагул амаль не ўжываў расейшчыны. Маці карысталася дома расейскай. Моўнага прымусу не было. Калі ўжо ў мяне самога нарадзіўся сын, я яго ўвесь час на мітынгі цягаў. Пакуль ён быў малы, я мусам прымушаў яго гаварыць толькі па-беларуску, а цяпер разумею, што, можа, і дарма. Пытаньне грошай у нашай сям’і востра не стаяла. Калі было шмат грошай, тады і рабіліся пакупкі. Я быў не патрабавальны, не казаў: мне трэба гэта! Пасьля разводу бацькоў грошы мне давала маці — рубель, тры або пяць. Я проста казаў, на што мне трэба. На білеты ў кіно, на канцэрт ці проста так. Калі ў маці было шмат грошай, то не было праблемаў, калі меней, то і сума рабілася меншай. Адкуль бяруцца дзеці, мне бацькі патлумачылі, калі я вучыўся ў першай клясе, бо я запытаўся пра гэта. Дакладна памятаю, што спытаўся, а вось што мне адказалі — ня памятаю. Добра помню толькі, што я ў гэта не паверыў. Я зразумеў, што мяне падманваюць. Потым трапіў у больніцу і ляжаў там са старэйшымі хлопцамі — чацьвертаклясьнікамі, нават з адным сяміклясьнікам. І яны актыўна гэта абмяркоўвалі. Ясна, я ня ўсё цяміў — яны не для мяне гаварылі, а паміж сабой. А потым, калі прыйшла да мяне маці ў больніцу, я спытаўся. Яна нешта на гэта выпаліла. Я адразу даўмеўся, што гэта мана, бо хлопцы іначай гаварылі. Пэўны час я хаваў ад бацькоў парнаграфічную, у тагачасным, вядома, разуменьні, літаратуру, хаця яны ведалі, што яна ў мяне ёсьць. Калі я чытаў пра сэкс у гадоў трынаццаць-чатырнаццаць, мне было няёмка: раптам убачаць. Гэта была кніжка з хатняе бібліятэкі, якую я перахоўваў зь месца ў месца. Пра сьмерць я не пытаўся. Памятаю, як сам упершыню гэта адчуў. На мой погляд, дзіця тады пачынае быць чалавекам, калі яно разумее рэальнасьць сьмерці, калі пачынае баяцца яе. Гадоў у пяць я ўпершыню пабачыў пахаваньне. Тады я зразумеў, што і сам некалі памру. Тады і з бабуляй гаварыў пра існаваньне душы пасьля сьмерці… Яна была даволі перакананая атэістка. Я зь ёй спрачаўся наконт гэтага. Мне хацелася, каб нешта пасьля сьмерці было. Бабуля першая са сваякоў памерла — мне ўжо было 40 гадоў. Да гэтага я нікога з блізкіх не хаваў. Іншыя крэўныя памерлі да майго нараджэньня, і таму ў сям’і праблема сьмерці ў размовах не ўздымалася. Першы раз я прачытаў Эвангельле ў клясе другой-трэцяй. Бацька мне даў у рукі Эвангельле, што належала ягонай маці, маёй бабулі. Сказаў, што гэта Сьвятая кніга, але не налягаў, толькі сказаў. Таму і прачытаў я кананічны тэкст Эвангельля ўпершыню менавіта як твор літаратурны. Уразілі мяне тады дзьве рэчы. У Новым запавеце адныя і тыя ж падзеі апісаныя чатырма аўтарамі — у другіх кнігах такі мастацкі прыём мне раней не сустракаўся. І яшчэ, тэкст быў пададзены ў дзьве калёнкі: па-расейску і на старажытнаславянскай мове. Упершыню я сутыкнуўся зь мёртваю моваю і дзякуючы паралельнаму перакладу шмат чаго зразумеў у ёй, упершыню пабачыў, што кірыліцай пішуць ня толькі беларусы і расейцы. Сьвятасьць жа той кнігі была для мяне ўжо ў тым, што належала яна маёй бабулі-нябожчыцы і трапіла да мяне праз пакаленьне. Вядома, разважаў я тады ў іншых катэгорыях, але сэнс адчуваньняў, пачуцьцяў менавіта такі. Мае першыя ўражаньні ад Эвангельля падпсавала тое, што крыху раней я пасьпеў прачытаць “Забаўную Біблію” Лео Таксыля — таленавітае і дасьціпнае блюзьнерства са Старога і Новага Запаветаў, адсюль, мабыць, і маё жаданьне разабраць маналітны недатыкальны тэкст на асобныя дэталькі.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (22) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |