A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (22) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Aгaтa Maцeйкa |
Радуемся, што перайменавалі праспэкт Леніна ў праспэкт Скарыны, плошчу Леніна — у плошчу Незалежнасьці. Дачка скача, пляскае ў далонькі і крычыць: “Хай будуць яшчэ пляц Францішка і Радасьці!” “Я вось думаю, думаю і ніяк не магу сказаць словамі. Вось я жыву, думаю, кажу — а навошта? Можа, лепш, каб мяне не было?” “Хто я такая? Тое, як мяне завуць, — я ведаю, а ўсё ж такі, хто я такая?” “Афрыка, Кітай, лес, пячоры — самыя таямнічыя для мяне месцы на зямлі, а імя Карнэлій — як уваход у пячору...” “— Навошта на небе сьвеціць месяц? — Каб асьвятляць шлях начным вандроўнікам. Як начны ліхтар. — А як ён узьнік? — Яго Бог стварыў. Калі Бог стварыў Сонца, у яго застаўся кавалак. Зь яго ён і зрабіў месяц. — А зоркі адкуль? — Яны — дзеткі. Іхная мама — Сонца, тата — Месяц. — А чаму ж сонца гарачае і грэе, а месяц халодны? — Бог на яго дзьмухнуў, ён і астыў...” На сьмерць Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна: “У яго душа дзіцёнка. Іншыя старыя бурчаць, хмурныя ходзяць, а ён добры быў, гуляўся, сьпяваў, сьмяяўся! Ягоная душа ў раі. Гэта я пэўна ведаю. Так і бачу, як ён сядзіць у раі на лавачцы і газэтку чытае, а вакол белыя анёлы закрываюць крыламі сьцежку ў пекла...” “Мама! Я цябе так люблю! Я на тваёй магілцы хатку пабудую”. “Мне сьніцца сон, што на мяне напалі волаты, а я на іх пачала пляваць — і яны зрабіліся маленькімі-маленькімі”. Ужо чула пра Чарнобыль. Кропля дажджу ўпала на тварык: “А ў Афрыцы дожджык чысты ідзе? Ну, дык паедзем у Афрыку, я так хачу папіць там чыстага дажджу!” “На Нарачы я бачыла кіта. Ён мяне панюхаў. А што калі мы ўсе — усярэдзіне кіта? І наш дом таксама...” “Самая вялікая таямніца для мяне — што думае іншы чалавек. Ці можна пра гэта даведацца?” Пасьля прачытаньня Данііла Хармса: “А чаму паэтаў заўсёды першымі забіваюць?” |
“...і Дзеда Мароза вы прыдумалі, і Бога, напэўна, таксама...” Сон: “Заходжу я ў старадаўні замак... Там усе людзі ў нейкіх белых і чорных адзеньнях. А мне ня страшна. Тут адзін зь іх бярэ мяне і кідае ў акно... Я лячу, лячу, чапляюся за дрэва і саскокваю на зямлю. І мне ня страшна. Але ў Мірскі замак я цяпер баюся ехаць...” “Дзядзька Хведар, мой хросны, падобны да вялікай літары А”. “Разумееш, Ісус Хрыстос — гэта Бог чалавечы для ўсіх людзей. Вось пакуль будзе чалавецтва, датуль будзе Ісус Хрыстос. А ёсьць яшчэ Вечны Бог, ён — бацька Ісуса. Ён будзе заўсёды!” Сны: “Я была зусім маленькай і ўсё роўна перамагла нейкіх злачынцаў. Яны на мяне кідаліся, вочы анучкай перавязвалі. А я іх перамагла. Тую анучку ў мора кінула, і зь яе ўсе фарбы змыліся...” “Бачу цябе, мама, ля акна. Ты нешта шыеш. А міма расчыненага акна ляцяць пад моцным ветрам розныя трэскі, лістота, галінкі абламаныя. Ты выцягваеш рукі ў акно і выхопліваеш з гэтай віхуры дзіцёнка — цудоўную дзяўчынку”. “А я ведаю, які ў мяне лёс — рознакаляровы”. Прайшло колькі часу — і я зноў сьведка сьвету, у якім цяпер жыве другая дачка. “У сярэдзіне зямлі — зямля, у сярэдзіне каменя — камень, а ў сярэдзіне чалавека — чалавек?” “...Я залезу на дрэва, потым яшчэ на дрэва, потым на неба, вазьму савок, разграбу хмару і знайду маланку і гром...” “А ці ёсьць такое сьвята — “Дзень нараджэньня Сусьвету?” “Давай запросім на мой Дзень народзінаў Бога”. “Мая думка блытаецца з дыханьнем”. “Душа — гэта маленькі ветрык. Ён належыць Богу”. “Ці ёсьць у чорта душа?” “Мне здаецца, што наш сьвет знаходзіцца на языку сабакі”. Рыхтуецца да школы: “Больш за ўсё на сьвеце я люблю тату і пропісі”. Маім дзецям выпала нарадзіцца ў Беларусі, пры канцы ХХ стагодзьдзя. Празь іх мне значна прасьцей пазнаць дзяцей XVI-га, бо падобна на тое, што яны насельнікі аднаго мацерыка.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (22) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |