A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (22) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
IГAP MAPAЧКIН | |||||
|
Iгap Mapaчкiн |
— мастак, сын мастака і настаўніцы Аляксея і Ірыны Марачкіных |
З усіх цацак я аддаваў перавагу “машынкам”. Увесь час ад гэтых айчынных машынак чамусьці адляталі колы. І я бясконца іх ладзіў. Што да гульняў, якія памятаюцца, дык гулялі мы ў лапту, або апуку: такія зробленыя з дрэўца палачкі, трэба было іх падбіваць і адшпульваць колькі сілы. У ножыкі таксама гулялі. Малявалі кола і дзялілі зямлю — сэнс гульні палягаў у тым, хто сабе больш нарэжа зямлі: кідалі ножык і рэзалі кола на сэгмэнты. Трэ было замаляваць чужыя рысачкі і атрымаць большы кавалак. Асабліва ж мы любілі гуляць у хованкі. Балазе, у вёсцы прастор! І ў казакоў гулялі. Зь няменшай ахвотай мы рабілі з дроваў буданчыкі каля дарог — такія сабе штабы ладзілі. Бацькі ня ведалі, што яны наагул ёсьць, мы гэта ў сакрэце трымалі. У такі штаб заносілі ўсе свае хлапечыя каштоўнасьці. Падчас церабленьня лёну мы складалі сабе ніштаватыя хаткі са снапкоў. Можна было ў гэткім стозе зрабіць цэлыя пакоі, па чацьвёра-пяцёра сядзець там спакойна. Я любіў гуляцца зь сярнічкамі. Рабіў зь іх прыпяканкі. Для гэтага трэба было пару пачкаў сярнічак счысьціць, забіць шомпалам, пару шарыкаў ад падшыпніка пакласьці мэталёвых. Гэтая “стрэльба” добра бабахала. Магла нават прасадзіць двое дзьвярэй. Дзед гэта заўважыў, і прыйшлося гэтую прыпяканку схаваць. Было й такое: кладуся спаць, а мяне цягнуць на скокі. Ня тое каб у мяне была цікавасьць да гэтых скокаў, але дзьве мае старэйшыя стрыечныя сястры любілі танцаваць. Трэба было за 5 кілямэтраў ісьці, у суседнюю вёску. Я быў замалы для скокаў, але над імі апекаваўся. Завяду іх, сяду на арэлях і чакаю, калі вяртацца будуць. Сястрычкі баяліся ісьці празь цёмны бор, а для мяне гэты лес што родны дом: не баяўся, лётаў па ім, памятаў кожную сьцежку, кожную паваротку. Адзін раз стаю на лузе, чакаю сясьцёр з танцулек. Пад’яжджае матацыкл, падвозіць Сьвету да ракі. Там у нас кладачка. Чую, хлопец-матацыкліст кажа: “Я цябе перавяду”. Яна: “Не-не. Я сама пайду”. — “Ну добра, тады я пасьвячу табе, каб ты перайшла кладку”. Ён ідзе да матацыкла, заводзіць яго, сьвеціць фарай на кладку, а Сьветы на ёй ужо няма: аступілася і ў раку зьляцела. Нараніцу была такая карціна: я сплю, сястра сьпіць, а на шнурах у садзе яе апратка сушыцца. Маёй любімай стравай была поліўка. Гатуецца яна так: каўбаска, ужо падсохлая, кладзецца ў кіпень, і варыцца тлусты булён. Туды дабаўляецца бульба (цэлая, ня рэзаная), некалькі грыбкоў, морквачка. І пасьля гэта кісьліцца расолам, капусным ці з агуркоў, і з мукой праціраецца. Гэта чыста вясковая страва. Каўбасу даставалі і кожнаму — па кавалачку. |
Ірына, Ігарава жонка: Блінкі ў іх таксама заўсёды былі на стале. Тоненькія — “божыя анучкі” называліся. А калі іх крапалі тварагом — гэта ўжо былі налісьнікі. Бульбяныя клёцкі, як правіла, гатаваліся з душамі. Душа — гэта розная накрапка. Яе рабілі з сальца, грыбоў, кілбаскі, мяса ад кумпяка, усё з цыбулькай, перчыкам ды іншымі прыправамі. На досьвітку падымалася ўся жаночая палова сям’і: трэба бульбачку наскабліць, надзерці, адціснуць, дадаць да яе крыху зваранай бульбы, падрыхтаваць душы, накрапаць — і ў круты вар, каб не апаўзьлі. Клёцкі выходзілі такія вялікія. Больш за чатыры ніхто з мужыкоў не зьядаў. Гэта надзвычай трывалая і смачная страва, якую мы дагэтуль любім гатаваць у сьвяточныя дні. А ўсё адтуль, з Барсукоў. Ігар: Штодня мы абавязкова гатуем першую страву. Гэта — ад бацькі. Ён з Магілёўшчыны, а там, ён казаў, суп ці боршч ядуць тры разы на дзень. Кожны раз рознае: крупеня, кулеш, бацьвіньне, зацірка, поліўка. Мой дзядуля Сяргей быў музыкам ад Бога. Ён меў тонкі музычны слых. Любую мэлёдыю паслухае і тут жа зайграе. Ня ведаючы нотаў, іграў на цымбалах, скрыпцы, мандаліне, балалайцы. Але захапленьнем ягонага жыцьця быў гармонік. Слынны на ўвесь раён музыка, ён іграў на вясельлях і на вечарынах, якія ладзіла мясцовая моладзь. А яшчэ дзядуля сам рабіў шматгалосныя гармонікі — петраградкі, як іх у нас называлі. Гэтаму ён навучыўся ў Івана Лютынскага, вядомага на ўсю акругу майстра-самародка, які жыў у Лужках, поблізу ад вёскі Барсукі. Кіраўнік фольк-групы “Ліцьвіны” Ўладзімер Бярбераў вывучаў мясцовы мэляс і выявіў школу Лютынскага, якая на сёньня стала прадметам дасьледаваньня музыказнаўцаў і фальклярыстаў. Гармонік дзедавай работы — наша найдаражэйшая сямейная рэліквія. Дзед мяне вучыў культуры працы, бо сам быў пэдант ува ўсім. Калі косіць, дык косіць, калі дроў насячы трэба, то каб падрыхтаваны інструмэнт быў, каб усё заточана. Каб каса была вострая. Некаторыя дровы сякуць — сьмецьце пакідаюць. Ён — не. У кучку складзе, яно падсохне, і тады дзед у шчыток (грубку) укіне, спаліць. Пасьля сябе заўсёды трэба пакідаць парадак. І, калі мяне касіць вучыў, ён так казаў: “Глядзі, Ягорка, як я гэта раблю”. Мяне, дарэчы, ня звалі Ігарам, неяк гэтае імя было нязвыклым для вяскоўцаў. З таго часу мяне і цяпер у сям’і называюць Ягорам, Ягоркам, як некалі дзядуля з бабуляй... Песьціць?... Мяне ніхто ня песьціў. Я рабіў усё, што трэба было па гаспадарцы. Калі я падрастаў, дык мяне самога цягнула дапамагчы, таму што я бачыў: старэюць бабуля і дзядуля, слабыя становяцца. У жыцьці дзед кіраваўся прынцыпам: ні ад кога не залежаць. Што сам нажыў, тое — тваё. Аднаго разу я нешта прынёс у хату з чужога двара (мне проста далі, ня тое каб я ўкраў), дык дзед мне сказаў: “Не бяры ніколі чужога, таго, што ты не зарабіў”. Вось я так і жыву. Як бы цяжка ні было, нічога ні ў кога не пазычаю, і чужое да мяне не прыстае. Сапраўды, лепей перацярпець, калі табе цяжка. З усіх сьвятаў маленства асабліва помніцца Купальле. Гэта запамінальнае відовішча і вольніца, калі можна цэлую ноч бегаць! На Купальле пануе сапраўдная весялосьць. Людзі пяюць песьні, скачуць цераз вогнішча, паляць апоны ад машын і скочваюць іх зь вялікіх курганоў. Нават цяпер, калі мы бываем моцна занятыя, усё адно стараемся на Купальле трапіць у вёску. Пасьля Яна — сьвята Пятра і Паўла, а неўзабаве жнівеньскія — Іспас і Дажынкі. Дажынкі ў нас завяршаюцца старажытнымі сьпевамі, а на зжатай ніўцы прыгожымі восеньскімі кветкамі ўпрыгожваецца “барада”. Пад гэты адмысловы букет закопваюць хлеб і соль — дары Духу поля. Жнейкі сьпяваюць: “Раю, Раю хадзіў па вуліцы”. Я любіў слухаць працяглыя жніўныя песьні і асабліва вось гэту: “Не пайду дамоў, я тут заначую...”. Мой бацька, натхнёны гэтым абрадам, намаляваў карціну, якую так і назваў — “Рай”. Гэтае жывапіснае палатно — падарунак маёй дачушцы Хрысьціне — сёньня ўпрыгожвае нашае жытло. Цяжкую працу ў вёсцы рабілі талакой. А калі трэба было прыняць нейкае важнае рашэньне, то казалі: “Пойдзем да Аляксандрачкі, пасаймуемся”. Вёска жыла натуральным жыцьцём, са сваімі інтрыгамі, складанасьцямі. Былі тут і радасьць, і жалоба. Але ўсё роўна гэта быў адзіны зладжаны арганізм, як адна сям’я. І шкада, што яна сёньня вымірае. Шкада такіх мясьцінаў у Беларусі. Ды я шчасьлівы, што мае дзіцячыя гады прайшлі ў вёсачцы Барсукі, на беразе маляўнічай Мнюты. І цяпер, як надарыцца вольная часіна, я вязу сваю сямейку ў той чароўны, мілы майму сэрцу родны куточак, любоў і замілаваньне якім перадаліся майму сыну Злату. Там я бачу ў ім сябе малога. Як некалі. Як тады...
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (22) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |