A R C H E П а ч а т а к № 2 (22) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22002
» да Зьместу «

 


Нашы дзеткі
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

 
Вокладка ARCHE 2-2002.

   Мінулыя нумары:

   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Cьвятлaнa Hячaй
 
 
Tpы aбpaзкi пpa дзяцiнcтвa


Праз два пакаленьні

Здаўна вядома, што паміж бацькамі і дзецьмі гармонія цяжка дасягальная. Бакі не разумеюцца, але прымаюць адзін аднаго — таму што любяць, таму што адна сям’я, таму што ўсё адно нікуды ня дзенешся ад супольнага побыту.

Варта ж прапусьціць адно пакаленьне, і сытуацыя мяняецца на процілеглую: бабулі-дзядулі любяць унукаў бязьмерна.

Але ж па-сапраўднаму цудоўныя адносіны складваюцца паміж прабабкамі і праўнучкамі. Старую і малую аднолькава зьдзіўляе шматаблічнасьць навакольнага сьвету, яны спрабуюць знайсьці ў ім сваё месца, усьведаміць сваю значнасьць, давесьці сямейнікам сваю карыснасьць. Іхны жыцьцёвы досьвед зьліваецца і ўзаемадапаўняецца. Абедзьвюм надараецца рабіць дробныя промахі, і ў такіх выпадках між старой і малой падпісваецца “пакт аб нявыдачы”. У адрозьненьне ад астатніх чальцоў сям’і, “сяброўкі” маюць досыць вольнага часу, задумваюцца над аднымі пытаньнямі і любяць пагаварыць. Узроставая розьніца ў 70—80 гадоў не замінае ім знаходзіць згоду ва ўсім.

— У мяне зуб хістаецца.

— У мяне таксама.

— Дык у цябе малочны хістаецца, а ў мяне пастаянны.

— Калі ён на пастаянна, то чаго хістаецца?

Завялі размову пра мастацтва.

— Разумееш, Тэрмінатар толькі ўсярэдзіне машына. А зьверху ён з жывой скуры, як сапраўдны чалавек, толькі вельмі страшны.

— Ай, не люблю я гэтых замежных карцінаў. Мне нашыя больш падабаюцца.

— А якія нашы?

— Ну, “Дзікая ружа”, “Багатыя таксама плачуць”. А іншаземцы кіно здымаць зусім ня ўмеюць.

І старой жанчыне, і дзіцяці хатнія шмат кажуць пра карыснасьць кашы й тварагу, а смажаніны, салодкага і тлустага даюць мала.

— Мама ўчора смачных цукерак купіла, гэта на сьвята.

— А дзе яна іх паклала? Нясі — паспытаем па адной. І мацеры потым не кажы.

Дзеляцца страхамі і падтрымліваюць адна адну.

— Я старая зусім, хутка памру.

— Ты так заўжды кажаш, а сама не паміраеш. Напэўна, і далей будзеш жыць.

Трохі памаўчалі.

— Цяжка табе з кіем хадзіць? Я не хачу быць старой.

— Ты й ня будзеш. Застанешся здаровай і прыгожай.

— Трэ было і табе так пастарацца. Не змагла? Проста раней ня ведала, так?

— Так, золатка, так.

Пра пляны на будучыню.

— Я вырасту і замуж выйду. Нараджу сабе шмат дзяцей. Будзеш гуляць з намі?

— Не, але ты ім пра мяне раскажаш. Я цікава жыла.

— А як жыць цікава?

— Нічога ня бойся. Запомніш?

На тле сьвітанку ўласнага жыцьця вастрэй адчуваеш захад жыцьця чужога. Таму звычайна і запамінаюць, і расказваюць.


 
   

Трыпутнік

Тры 6-гадовыя сяброўкі на двары спрабуюць вырашыць мэдычную праблему: адна зь дзяўчынак упала і да крыві параніла далонь. Вядома, моцнага крывацёку няма й блізка, але пакінуць драпіну без увагі юныя дамы не жадаюць. Усе тры ведаюць, што да раны трэба прыкладаць трыпутнік, але ніхто ня ведае дакладна, як ён выглядае. Урэшце, “кансыліюм” вырашае, што падыдзе любы лісьцік, што расьце на дарозе.

“Ваша Каця ўпала, мы ёй трыпутнік на руку паклалі!” — крычаць хорам, заўважыўшы мяне. Я азіраю двор. Дажджу даўно не было, трава закурэла ад пылу да брудна-брунатнага колеру, і я з надзеяй пытаюся: “Але ж вы яго памылі?”

Мне адказваюць: “Не, але ты не хвалюйся. Мы яго аблізалі”.


Шкляны каптурык дзяцінства

Гады сталеньня нашых дзяцей — калі яны ня могуць бяз нас абысьціся, ідэалізуюць нас і ва ўсім стараюцца пераймаць — прыпадаюць на гады нашай катастрафічнай занятасьці на працы. Атрымліваецца, што дзеці нашыя растуць самі сабою, як тая трава: сонейка вызірне і сагрэе, дожджык трохі паліе — і добра. Разьвязваць дзіцячыя спрэчкі і праблемы мы вымушаныя літаральна мімаходзь. А яшчэ адказваць на пытаньні, часта нялёгкія, бо не на кожнае зь іх мы самі маем адказ.

Адныя грошы чаго вартыя! Дзіця фіксуе нашу неабыякавасьць да грошай і задумваецца: ці не яны і ёсьць шчасьцем? Дзеці — вельмі катэгарычныя людзі. Бацькам не падабаецца такая пастаноўка пытаньня. Яны пачынаюць актыўна пералічваць астатнія жыцьцёвыя вартасьці. Але прытым адчуваюць нейкі ўнутраны дыскамфорт: ці то ад крывадушнасьці, ці то яшчэ ад чаго.

Дачка радасна паведамляе мне:

— Мне бабуля грошай дала. Дзесяць.

— Тысяч?

— Грошай!

— ?

— Ну, дзесяць усялякіх розных паперак.

З сэксам, дарэчы, разабрацца прасьцей, чым з грашыма. Таму што патрэбнай літаратуры дастаткова, застаецца толькі прачытаць і пераказаць дзіцяці. А калі потым што-небудзь будзе ня так, застаецца тэлевізія, вуліца і доктар Спок — мы за гэта не адказваем.

Дзіцячая псыхіка — датклівая, а эмоцыі нясьпелыя. Аднак дзеці абароненыя ад нашага дарослага сьвету нібыта шкляным каптуром. Які, бы фільтр, адсейвае лішняе. І сьвет дзяцей застаецца сьветлым і вясёлым.

Вечарам ідзём з дачкою з садка. Я пачынаю са звыклых пытаньняў: “Што ты сёньня ела ў садочку? Ці добра спала?” і г.д. На наступны дзень ужо яна спрабуе праявіць клопат:

— Мама, ну-тка распавядзі мне, што ты ела сёньня на працы?

— Амаль нічога, не было калі.

— А хіба выхавацелька цябе не прымушала?

— На працы ў мяне не выхавацелька, а начальнік.

— Ну, дык ён цябе есьці не прымушае?

І я ўяўляю свайго начальніка, які ласкава ўгаворвае мяне што-небудзь зьесьці, перад тым як зноўку ўзяцца за працу.

Сьмешна!

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (22) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 19-12-2002