A R C H E П а ч а т а к № 2 (22) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22002
» да Зьместу «

 


Нашы дзеткі
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

BAЛЯНЦIНА ПAЛEВIКOВA
Вокладка ARCHE 2-2002.

   Мінулыя нумары:

   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Baлянцiна Пaлeвiкoвa
 
 
Згадкі пра дзяцінства


Мой самы першы ўспамін: я, маленькая, ляжу ў драўлянай калысцы (не такой, якая гойдаецца пад стольлю, а што куляецца з боку на бок: бух-бух, бух-бух!). Наш дом вельмі сьветлы: надыходзіць вясна і сонца лезе ў вялізнае акно. Усё здаецца мне такім радасным, такім зіхоткім! І тут да нас прыходзіць шмат людзей: у нас адзіных на ўсю вёску ёсьць дэтэктарны прыймач. З прыймача кажуць, што памёр Сталін, і мая маці, і бацька, і аднавяскоўцы плачуць. А я не разумею, навошта плакаць у такі ясны дзень? Сэрца маё сьціскаецца ад жалю, і я пачынаю плакаць таксама. Гэта было 5 сакавіка 1953 году.

Я нарадзілася ў 1950 годзе ў Любанскім раёне Менскай вобласьці, у вёсцы Касьцяшы. Акурат над ракой Арэсай. Спачатку там стаяў хутар, дзе жыў мой бацька са сваімі бацькамі. Хутар пабудаваў мой дзед-лясьнічы. На жаль, нашага хутару цяпер няма — гэтыя мясьціны затапіла Любанскае вадасховішча. Пазьней дзед пабудаваў вялікі дубовы дом у вёсцы Касьцяшы, куды перабралася мая сям’я. Мне часта кажуць цяпер: не бывае дамоў з дубу. Але наш быў менавіта дубовы. Ён быў прасторны, нашмат большы за звычайную вясковую хату, і вельмі, вельмі сьветлы. Да майго акна штолета прылятаў дзяцел, вялікая пярэстая птушка ў чырвонай шапачцы. Я нецярпліва чакала яго штогод, і ён не падводзіў. Дзяцел таксама любіў наш дом. Зрэшты, сьветлым ён быў толькі ўдзень, а ўночы я баялася выходзіць у сенцы. Мне здавалася, што ў пустой, недабудаванай палове хтосьці або штосьці жыве. За нашай сядзібай пачыналася поле з васількамі, яшчэ далей — поплаў. Я зналася на травах дзякуючы майму дзеду. Ён быў траўнік, лячыў людзей з усяе ваколіцы.

Самыя раньнія мае ўспаміны зьвязаныя з бацькам. Ён браў мяне з сабою ў грыбы, і я памятаю, якія гэтыя грыбы падаваліся вялізныя. Ня тое што цяпер.

Потым, калі я стала дарослаю, я захапілася турызмам і вазіла групы на сваю радзіму. Там ужо стаяла гэтае вадасховішча. Мы ехалі на дызэлі да Старых Дарог, адтуль да вёскі Вярхуціна, дзе ёсьць турбаза, і ўжо тады на лодках па канаве акурат на тое вадасховішча, пад якім пахаваныя мае родныя мясьціны. Там мы ставілі палаткі, лавілі рыбу, зьбіралі грыбы й ягады.

Любанскі раён — дзікі. Я гэта адчувала яшчэ ў дзяцінстве. Мне падавалася, што я жыву на ўскрайку вялізнага лесу. З часам маленства робіцца ўсё даражэйшае і даражэйшае для мяне. У мяне такое пачуцьцё, што я нарадзілася ў самым прыгожым кутку сьвету. Мяне туды ўвесь час цягне.

— старшыня Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі, вырасла ў Любанскім раёне ў сям’і настаўніцы і мэдработніка
   

Мая маці працавала настаўніцай у Касьцяшоўскай пачатковай школе. Я ў яе й вучылася. Тата мой хацеў стаць лекарам, аднак яму не пашчасьціла атрымаць мэдычнай адукацыі. Ён быў 1924 году нараджэньня, а гэта тое ваеннае пакаленьне, зь якога мала хто выжыў, а хто выжыў, той падымаў гаспадарку, таму і вывучыліся ня ўсе. У вайну тата служыў мэдбратам, выносіў параненых зь перадавой. Дайшоў да Бэрліна. Як глядзіць кіно пра вайсковых мэдыкаў — заўжды плача. Працаваў блізка да любімай справы: быў рэнтген-тэхнікам і тэхнічным супрацоўнікам у раённай больніцы.

Калі я вучылася ў старшых клясах, мы пераехалі ў Любань. Мая мама не знайшла працы ў горадзе, да таго ж ёй ня надта падабаліся гарадзкія дзеці пасьля вясковых, і яна яшчэ доўгі час езьдзіла штодня працаваць дырэктаркаю ў школе — спачатку ў Касьцяшы, потым у Чабусы і Абоз. Калі мама была маладою дзяўчынай, яе забралі гастарбайтаркаю ў Нямеччыну, яна працавала там на заводах. Пасьля вайны гэтых людзей доўгія гады не паважалі. У мамы застаўся сур’ёзны комплекс. Можа, гэта таксама было прычынаю таго, што яна не пераходзіла ў вялікую гарадзкую школу. Лічыла сябе грамадзянкай другога гатунку.

У мяне таксама ўзьнік комплекс. Калі я вучылася ў Касьцяшох, у нас была беларуская школа, а ў Любані школы былі расейскія. Я пайшла ў расейскую школу ў сёмую клясу, калі асоба ўжо амаль сфармавалася, але яшчэ была ўразьлівая. А ў школе зь мяне пачалі сьмяяцца. На ўроках я казала “лічнік”, “назоўнік”, дый увогуле па-расейску гаварыла з акцэнтам. З тае прычыны, што я была прыгожая дзяўчынка, хлопчыкі сталі аддаваць мне шмат увагі. Тады дзяўчаты пачалі цкаваць мяне з-за маёй “вясковасьці”. Я пакутавала, пачала выціскаць зь сябе беларускія словы. Цяпер я ведаю, што я не адна так рабіла. Зрэшты, цкаваньне працягвалася нядоўга. Я стала выдатніцаю і ў Любані. У сваім выпуску я была адзіная на раён, хто атрымаў залаты мэдаль. Калі я паехала ў Менск паступаць, побач са мною ў аўтобусе сядзела жанчына, мы разгаварыліся, і яна сказала: “Вам будет очень тяжело учиться, у Вас такой проблемный русский язык!” Я памятаю, мне стала тады вельмі балюча. Русіфікацыя — вельмі дрэнная рэч.

Бацькі мяне выхоўвалі на ўласным прыкладзе. Тата быў з намі добры і вясёлы. Мама больш строгая, я яе пабойвалася. Яны хацелі, каб я была працавітая, і выхавалі мяне такой. Я рабіла тое, што ня кожны падлетак патрапіць, спрытная была да ўсякай працы. Ягады зьбірала хутчэй за ўсіх. Пачала зьбіраць чарніцы яшчэ дашкольніцай і магла тры вядры набраць за дзень. Мы жылі небагата, і чарніцы, што мы прадавалі ў Любані, былі добрым заробкам. Я рана пачала абслугоўваць сама сябе: навучылася шыць, плесьці кручком і на прутках, вельмі добра вышывала, асабліва гладзьдзю, мярэжкай, рабіла сабе прыгожую вопратку. У мамы недзе схаваны чамадан з падузорнікамі, пакрышкамі, прасьцінамі, якія я вышыла. Гэта якасная праца, якой я ганаруся. Ад свае бабулі Фядосі я навучылася плесьці з саломы. Умею рабіць гэта і цяпер — і куфэркі, і кілімчыкі. Мая бабка па бацьку Фядося была найлепшая ў ваколіцы ткачыха. У яе былі тады яшчэ ўласныя кросны, і акрамя традыцыйных ўзораў яна прыдумляла свае ўласныя.

 
   

Памятаю, што я цяжка перажывала беднасьць свае сям’і. І нават калі была студэнткаю, прыяжджала на лета зьбіраць і сушыць чарніцы.

Мае бацькі не хадзілі да царквы. Яе ў нас у Любані і не было тады. Але яны вучылі мяне галоўнаму: быць добрай да людзей, ня несьці зла — і паказвалі прыклад. Вялікдзень сьвяткавалі як належыць. Зь пірагамі. Дарэчы, мая мама і нарадзіла мяне на Вялікдзень, калі мясілі і пяклі пірагі. Магчыма, таму я так люблю гатаваць, асабліва пячы. Сьвяткавалі ў нашай сям’і ўсе буйныя праваслаўныя сьвяты — Каляды, Спас, Вялікдзень. Ну і, натуральна, Новы год. Харчаваліся мы надзвычай проста: дранікі, поліўкі, бульба, мяса рознае, супы, гародніна. Звычайная беларуская кухня. Мая мама шмат працавала, сьпяшалася ранкам у школу, таму сьняданкі былі на хуткую руку. А вось бабуля Фядося гатавала гэтак добра! Смак яе бліноў памятаю дагэтуль.

Сяброў у мяне было шмат. Я была лідэркаю кампаніі, у тым ліку хлапчуковай. Выдумляла розныя гульні. З маіх сяброў выйшла шмат добрых, адукаваных і пасьпяховых людзей, але ніхто зь іх ня стаў вядомым. Ня стала вядомай і я. Цяпер мае сябры падтрымліваюць мяне ў цяжкі час. Калі быў надрукаваны гэты гнюсны паклёп у “Народнай газеце”, калі мяне пачалі абліваць брудам, вінавацячы ў амурных сувязях з Ганчарыкам, ніхто з маіх сяброў ня кінуў у мяне каменя.

Забаронаў у нашай сям’і было ўвогуле няшмат. Адзінае, што забараняла мне маці, — хадзіць на танцы ды вечарынкі і сябраваць з хлопцамі. Яна баялася, што я “прынясу ў падоле” і не паступлю ў інстытут. Я яе пабойвалася — і не хадзіла на гулі.

Ці хлусіла я, калі была дзіцем?.. У маленстве я любіла перабольшыць. Хваліла сваю працу, “упрыгожвала” яе вынікі. І цяпер, бывае, не ўтрымаюся. Але хлусьнёй гэта не лічу. Мне ня трэ было хлусіць. У мяне была добрая, любая сям’я. Тата, мама, трое дзяцей. Калі паступіла і атрымала першую стыпэндыю, то палічыла, што ў мяне процьма грошай і купіла падарункі. Маме сукенку, тату, бабулі, сястры абноўкі, гасьцінцы. Праз тыдзень стыпэндыя скончылася, і я не заплаціла ў краме за сасіскі: не хапіла грошай. Я вынесла іх з крамы, іду і чакаю, калі мяне схопяць і зганьбяць. Са мною быў мой будучы муж. Пытаецца: ты заплаціла за сасіскі? А я слова сказаць не магу. Потым мне тыя сасіскі ўсё адно ў горла не палезьлі. Гэта быў урок: не ўкрадзі. Я запомніла яго на ўсё жыцьцё.

Пра грошы гаворкі ніколі не вялося, у нас іх заўсёды было няшмат, асабліва пасьля таго як набылі дом у Любані. Мой мілы, дарагі тата заўсёды вылучаў нейкія пляны ўзбагачэньня: то трусоў разьвядзе, то нутрый, і ўсё ў яго неяк не выходзіла. Мама глядзела на гэта скептычна. Калі ж тата выйшаў на пэнсію, ён стаў вырошчваць ружы і аказаўся цудоўным садоўнікам. Наш дом патанае ў найпрыгажэйшых кветках найлепшых сартоў, і да таты прыходзяць людзі — на 1 верасьня, на вясельле. Ён прадае кветкі. Багатым ня стаў, а свае ружы любіць моцна. А я люблю езьдзіць у свой квітнелы дом.

Шкада, што я ня ведаю гісторыі свайго роду: у нас на Любаншчыне і Случчыне моцна пагарэлі архівы. Затое ведаю, якія добрыя людзі мае дзяды і бацькі.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (22) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 19-12-2002