A R C H E П а ч а т а к № 2 (22) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22002
» да Зьместу «

 


Нашы дзеткі
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

IВAН ПIНIГIН
Вокладка ARCHE 2-2002.

   Мінулыя нумары:

   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Iвaн Пiнiгiн
 
 
Згадкі пра дзяцінства


Я нарадзіўся ў 1961 годзе ў Менску, у 1-м раддоме, што каля Акадэміі навук. Прычым дзень майго нараджэньня супаў з братавым. Калі маці перад тым 5 жніўня сыходзіла ў радзільны дом, яна спыталася ў майго брата: “Што табе падараваць на дзень народзінаў?”. Ён сказаў: “Падары мне браціка”. Я быў у сям’і трэці, паскрэбак ужо.

Маці ў мяне з Украіны, тата — сібірак, Ганна і Мікалай. Яны то пераяжджалі ў Львоў, то зноў вярталіся ў Менск. Тут спачатку жылі каля цырку, а я нарадзіўся ўжо на вуліцы Калініна. На перасячэньні яе з вуліцай Якуба Коласа, якую ў нас па-старому называлі Лагойскім трактам, стаяў генэральскі дом — клясычная камуналка, адна з рэдкіх у Менску, дзе людзі існавалі настолькі шчыльна, што дом уяўляў нібы адзіны арганізм. Усе ведалі, хто што варыць на кухні, у каго якія адносіны, да каго ходзіць каханка. Такая атмасфэра сталінскай эпохі. На савецкія сьвяты жыхары выносілі сталы на двор і рабілі гіганцкую бяседу — гарэлка, баяны, песьні, скокі. Поўнае яднаньне!

Насупраць дому грувасьціліся паветкі са сваім асобным сьветам, вульгарнае месца, дзе зьбіраліся ліхадзеі, дзе ўвечары нехта нешта адмыкаў, выносіў, цурчэла самагонка, зьвінела пілка, нехта хроп на канапах. Своеасаблівы Шанхай. А побач, тут жа за плотам, Маскоўская вайсковая часьць. І я маленькі, гады тры, там згубіўся: залез цераз плот, і мяне шукалі цэлы дзень. Усю міліцыю паднялі, а я там вандраваў па часьці. Потым салдацікі мяне прывялі.

З намі жылі Ліпкіны — сям’я вайскоўцаў, і ў іх былі вельмі прыгожыя дзеці. Зь імі ў нас была супольная кухня. Ладзілі, сябравалі. Як быццам іншыя ўзаемаадносіны тады былі: здаецца, мы разьдзеленыя пакоямі, а ў той жа час свабодна перасоўваліся ў прасторы абедзьвюх кватэраў. Можна было зайсьці ў пакой, калі там гэтыя Ліпкіны займаліся сэксам. Тады яны проста казалі: “Выйдзі, Ваня”. Гэта быў зусім іншы сьвет, які ня меў аніякіх сёньняшніх межаў. У часьць можна было трапіць, перайшоўшы цераз дарогу. Тут жа прымыкаў да гораду лес: два прыпынкі — і ты ўжо ў лесе. Менск у сёньняшніх межах — гэта шчыльна забудаваны мэгаполіс, а тады ён быў правінцыйны горад, толькі-толькі адбудаваны пасьля вайны. І тады было яшчэ шмат габрэяў зь іхнымі шумнымі шматдзетнымі сем’ямі, што стваралі асаблівы мікраклімат у грамадзтве, прыўносячы ў жыцьцё асаблівыя калярыт і цеплыню ў адносінах.

— тэлерэжысэр, брат тэатральнага рэжысэра Мікалая Пінігіна, вырас у тэатральна-тэлевізійнай сям’і
   

Дзявочае прозьвішча маёй матулі — Цыката. Ганна Цыката. Яна два гады таму памерла. А бацька — Пінігін Мікалай Міхайлавіч, зь сібіракоў. Ягоны дзед арцельнікам быў, займаўся пушнінай. У мяне ёсьць вялізны дагератып, дзе іх сядзіць чатыры кампаньёны ў краме і тысячы розных футраў вісіць. Бацька ваяваў у разьведцы, быў узнагароджаны мэдалём. Пасьля вайны ён паступіў у тэатральны інстытут. Артыстычны быў, на баяне граў. Маці маю ён стрэў падчас гастроляў ва Ўкраіне. Яна тады грала ў Львоўскім ТЮГу — 20 роляў мела. Прыма, гераіня, бляндынка, з прыгожымі валасамі. Ён убачыў і закахаўся. І калі ўжо трэба было ад’яжджаць, цягнік пайшоў і апошні вагон каля яго праехаў, ён сказаў: “Я нікуды не паеду, калі ты не прыедзеш да мяне ў Менск. Ты прыедзеш? Прыедзеш?”. Яна яму: “Ды прыеду я”, — каб толькі ён пасьпеў заскочыць у вагон. І бацька заскочыў. А потым маці прыехала ў Менск, яны ажаніліся, і яна кінула ТЮГ.

Тут яны былі сярод пачынальнікаў Беларускага тэлебачаньня. З 1956 году працавалі на тэлестудыі: бацька — у літаратурным вяшчаньні, у навінах, а маці — у дзіцячай рэдакцыі. Яна ўзначальвала дзіцячую драматычную студыю, зь якой, дарэчы, выйшла потым 15 актораў і многа знакамітых рэжысэраў, у тым ліку Ўладзімер Бокун — мастацкі кіраўнік кампаніі “Фіт”. Тады перадачы ішлі толькі ўжывую, запісаў не практыкавалася. Разыгрываліся спэктаклі — гэтым маці займалася — і тут жа ўжывую трансьляваліся. Сапраўдныя тэатральныя пастановачныя спэктаклі з касьцюмамі, дэкарацыямі, студыя трыста мэтраў — тая, якая цяпер перададзена каналу АНТ. А раней у гэтай студыі праходзілі навіны ды ўвогуле ўсе жывыя этэры. Атмасфэра была камэрная, пэрсанал усёй студыі складаў каля 100 чалавек. Гэта цяпер тэлебачаньне — вялізны мэханізм, 3000 чалавек, сярод якіх мала хто каго ведае, мала сустракаюцца, стасункі пераважаюць тэхналягічныя. Раней жа ўвесь калектыў быў адной добрай цёплай кампаніяй. І як толькі вялікае сьвята — у студыі (300 мэтраў) накрывалі стол, людзі сядзелі, выпівалі. У мяне ў сямейным альбоме ёсьць фатаздымак, на якім зафіксаваны момант, калі падчас такой п’янкі маці нахілілася да бацькі — а ў бацькі такі кок, модны закручаны чуб — і нешта яму крычыць, выгляд у іх узбуджаны, і на стале стаяць усялякія бутэлькі. У той час экспартавалі багата розных вытанчаных вінаў — грузінскіх, малдаўскіх...

Маці сышла на пэнсію галоўным рэжысэрам рэдакцыі моладзевых праграмаў. У той час гэта была культавая рэдакцыя, да 1980 году там працавалі Радунскі, Чуланаў, Вінаградаў, Гаравы — найкруцейшыя журналісты, цьвет Беларускага тэлебачаньня.

 
   

Памятаю, што я цяжка перажывала беднасьць свае сям’і. І нават калі была студэнткаю, прыяжджала на лета зьбіраць і сушыць чарніцы.

Мае бацькі не хадзілі да царквы. Яе ў нас у Любані і не было тады. Але яны вучылі мяне галоўнаму: быць добрай да людзей, ня несьці зла — і паказвалі прыклад. Вялікдзень сьвяткавалі як належыць. Зь пірагамі. Дарэчы, мая мама і нарадзіла мяне на Вялікдзень, калі мясілі і пяклі пірагі. Магчыма, таму я так люблю гатаваць, асабліва пячы. Сьвяткавалі ў нашай сям’і ўсе буйныя праваслаўныя сьвяты — Каляды, Спас, Вялікдзень. Ну і, натуральна, Новы год. Харчаваліся мы надзвычай проста: дранікі, поліўкі, бульба, мяса рознае, супы, гародніна. Звычайная беларуская кухня. Мая мама шмат працавала, сьпяшалася ранкам у школу, таму сьняданкі былі на хуткую руку. А вось бабуля Фядося гатавала гэтак добра! Смак яе бліноў памятаю дагэтуль.

Сяброў у мяне было шмат. Я была лідэркаю кампаніі, у тым ліку хлапчуковай. Выдумляла розныя гульні. З маіх сяброў выйшла шмат добрых, адукаваных і пасьпяховых людзей, але ніхто зь іх ня стаў вядомым. Ня стала вядомай і я. Цяпер мае сябры падтрымліваюць мяне ў цяжкі час. Калі быў надрукаваны гэты гнюсны паклёп у “Народнай газеце”, калі мяне пачалі абліваць брудам, вінавацячы ў амурных сувязях з Ганчарыкам, ніхто з маіх сяброў ня кінуў у мяне каменя.

Забаронаў у нашай сям’і было ўвогуле няшмат. Адзінае, што забараняла мне маці, — хадзіць на танцы ды вечарынкі і сябраваць з хлопцамі. Яна баялася, што я “прынясу ў падоле” і не паступлю ў інстытут. Я яе пабойвалася — і не хадзіла на гулі.

Ці хлусіла я, калі была дзіцем?.. У маленстве я любіла перабольшыць. Хваліла сваю працу, “упрыгожвала” яе вынікі. І цяпер, бывае, не ўтрымаюся. Але хлусьнёй гэта не лічу. Мне ня трэ было хлусіць. У мяне была добрая, любая сям’я. Тата, мама, трое дзяцей. Калі паступіла і атрымала першую стыпэндыю, то палічыла, што ў мяне процьма грошай і купіла падарункі. Маме сукенку, тату, бабулі, сястры абноўкі, гасьцінцы. Праз тыдзень стыпэндыя скончылася, і я не заплаціла ў краме за сасіскі: не хапіла грошай. Я вынесла іх з крамы, іду і чакаю, калі мяне схопяць і зганьбяць. Са мною быў мой будучы муж. Пытаецца: ты заплаціла за сасіскі? А я слова сказаць не магу. Потым мне тыя сасіскі ўсё адно ў горла не палезьлі. Гэта быў урок: не ўкрадзі. Я запомніла яго на ўсё жыцьцё.

Пра грошы гаворкі ніколі не вялося, у нас іх заўсёды было няшмат, асабліва пасьля таго як набылі дом у Любані. Мой мілы, дарагі тата заўсёды вылучаў нейкія пляны ўзбагачэньня: то трусоў разьвядзе, то нутрый, і ўсё ў яго неяк не выходзіла. Мама глядзела на гэта скептычна. Калі ж тата выйшаў на пэнсію, ён стаў вырошчваць ружы і аказаўся цудоўным садоўнікам. Наш дом патанае ў найпрыгажэйшых кветках найлепшых сартоў, і да таты прыходзяць людзі — на 1 верасьня, на вясельле. Ён прадае кветкі. Багатым ня стаў, а свае ружы любіць моцна. А я люблю езьдзіць у свой квітнелы дом.

Шкада, што я ня ведаю гісторыі свайго роду: у нас на Любаншчыне і Случчыне моцна пагарэлі архівы. Затое ведаю, якія добрыя людзі мае дзяды і бацькі.

 
   

Бацька памёр у 1971-м, на той час ён з маці быў ужо разьведзены. Перад сьмерцю ён вандраваў па сьвеце, зафрахтаваўшыся мараком. Дапамагаў нечым, але, вядома, жыцьцё было даволі беднае. Да таго часу мы перасяліліся на вуліцу Каліноўскага, у дом, дзе давалі кватэры супрацоўнікам двух камітэтаў: адна частка дому належала Камітэту дзяржбясьпекі, а другая — Камітэту тэлебачаньня і радыёвяшчаньня. Напрыклад, нашым суседам быў палкоўнік КДБ. У нашай сям’і былі рэпрэсаваныя сваякі, бацькі расказвалі, колькі людзей загінула ў лягерах, колькі Сталін нарабіў бяды, а побач — натуральны сталінскі сьвет, з поўным зборам твораў правадыра, ягонымі бюстамі... Сьвет, дзе ўсе баяліся бацькі-палкоўніка. Варта яму было прайсьці каля дому — і ўсе, хто сядзеў на лавах, заміралі: “Глядзі, хто пайшоў”. Такая была атмасфэра: усюды панаваў камуністычны страх, людзі шапталіся. З аднаго боку, здаецца, яшчэ браталіся ўсе, дапамагалі адзін аднаму, зь іншага — гэты страх перад карнымі структурамі і тым болей КДБ — жахлівай канторай...

Я даношваў вопратку за братам, брат — за сястрой. Кофты пераходзілі, рэйтузы. Пазыкаў мама ніколі не рабіла, хіба што на буйныя пакупкі. Гэтаксама мне і сястра дапамагала, і брат у штодзённым жыцьці… Маці сыдзе на цэлы дзень на працу, я прыйду са школы, а на стале ляжыць запіска: боршч разагрэць і г.д. Пры тым, што брат і сястра моцна пасаблялі мне, мы жылі досыць аўтаномна. Розьніца з братам у мяне чатыры гады, зь сястрой пяць, таму ў кожнага былі свае зацікаўленьні. Гэта дарослыя людзі могуць хаўрусавацца зь людзьмі старэйшымі альбо маладзейшымі на 10—15 гадоў, раней усё было інакш. Адны слухалі — у нас вялікі лямпавы прыймач быў, “Мір”, — “Бітлз”, пісалі на касэтнік з гіганцкімі бабінамі, другі Севу Наўгародцава лавіў з ВВС, “Голас Амэрыкі”, асабліва навіны. Мы зьбіраліся ўвечары каля гэтага прыёмніка. У яго быў індыкатар настройкі — такое зялёнае вока мігціць, глушылка шуміць, мы падстройваем.

Мы дружна жылі, таму што нас аб’ядноўвала праца: мы ўвесь час нешта рабілі, прыбіралі, чысьцілі, мылі. Штолета мы разам выяжджалі да бабулі ва Ўкраіну, дзе расьлі велізарныя чарэшні ў тры абхваты. Мы і там шмат працавалі, час праходзіў у несупынным клопаце. Потым, калі я быў у 1-й клясе, маці атрымала лецішча, дык і на лецішчы мы таксама працавалі. Я прыгадваю Чыпаліна: там у яго дзядзька Гарбуз нешта будаваў з адной цагліны, так і мы. У пуні жылі. Памятаю выпадак, калі да маці прыехала на дзень нараджэньня ўся рэдакцыя — пад 30 чалавек. Тут пачалася травеньская навальніца — і ўсе заскочылі пад гэты дашок (ён быў 2х2). Усе зьмясьціліся! З чаркамі, з гарэлкай, пелі песьні. Былі тады сярод гасьцей журналісты Грыгаровіч, Мяркур’еў — культавыя асобы. Цяпер такіх няма. Цяпер сапраўдная пустэльня на тэлебачаньні: няма яркіх асобаў, бо няма пераемнасьці пакаленьняў.

У той час падлеткаў падсьцерагалі шматлікія небясьпекі. У наш раён прыходзілі дзецюкі са Сьляпянкі з кастэтамі, прэнтамі. Бойкі адбываліся сорак на сто чалавек, раён на раён. Прыяжджала па 15 міліцэйскіх “уазікаў”. У такіх гарадзкіх бойках маглі забіць чалавека, але гэта замоўчвалася. Праўда, шмат хуліганаў садзілі, бо зэкі былі патрэбныя як працоўная сіла для пабудовы таго ж БАМу. Страшны ішоў “сенакос”, калі садзілі людзей за бойкі, — проста веерам. Я ведаю, як з маіх двароў хлопцаў садзілі. Мы самі ня ўдзельнічалі, былі крыху быццам інтэлігенцкія дзеці.

У нас была іншая пастаянная гульня: у цюшку — на грошы. Мы рабілі форму і адлівалі з волава ці сьвінцу цюшку — нешта накшталт перніка. У цэнтар пляцоўкі клалі 10, 15, 20 капеек — гэта называлася кон. Людзі станавіліся і здалёк (мэтраў з дваццаці) кідалі цюшку, каб яна па зямлі кацілася. Чыя спыніцца бліжэйшая да кону, той першы б’е. У кожнага была свая цюшка. Ты цюшкай б’еш па манэце, і яна павінна падскокваць і класьціся арлом. Калі атрымалася, ты забіраеш грошы. Тады квіток на сэанс у кіно каштаваў 40 ці 20 капеек, 22 капейкі — найлепшае марозіва, 18 капеек — сок. Можна было разжыцца, стаць супэрбагатым чалавекам, граючы ў гэту цюшку. Але большыя хлопцы маглі запраста адабраць гэтыя грошы.

Была і прасьцейшая гульня — у коркі. Мы цягалі ў кішэнях аграмадныя запасы жалезных коркаў.

Потым прыйшоў іншы вар’яцкі павеў — усе хадзілі з маркамі, вялізнымі марачнымі альбомамі, кралі маркі. Вялізная калекцыя значкаў захавалася да гэтага часу. Я зьбіраў “Знакамітых людзей”. Гэта быў час, калі, з аднаго боку, усе сфэры жыцьця кантраляваліся дзяржавай, зь іншага — нараджаўся нейкі ўнутраны рамантызм. У піянэрскім лягеры, напрыклад, адно жыцьцё — “рэчоўкі”, маршыроўкі і пад., а другое — начное, калі лезеш у стагі зь дзяўчатамі цалавацца. Жыцьцё было разьдзелена на публічнае і патаемнае — тое, што ў сям’і, і тое, што ў кампаніі…

Мы былі навідавоку ў маці, і яна прыблізна ведала, хто што… Немагчыма было схавацца. Са школы дакладалі: я быў двоечнік, пяцёркі меў толькі па гісторыі і літаратуры. Падросшы, я заявіў: “Буду займацца рэжысурай. Мне матэматыка, дакладныя навукі не патрэбныя”. Прапускаў заняткі, нарываўся на скандалы. А вось сястра з братам у мяне былі выдатнікамі.

 
   

З цацкамі было цяжкавата. Сям’я бедна жыла, і не было такога, каб нам цацку падаравалі. У мяне быў жалезны аўтамабіль ледзь ня 1947 году выпуску, потым у нас былі дзьве культавыя цацкі, якія цяпер жывуць на лецішчы (нават дзеці мае зь імі гуляліся), — чорны сабака Тузік і Міша. Мелі мы таксама каркасныя лялькі, што набіваліся пілавіньнем. Толькі недзе з 60-х гадоў было шмат ГДРаўскіх канструктараў ды плястыкавых пісталетаў, якія стралялі прысоскамі. За цацкі былі рагаткі, зь якіх мы пулялі па вераб’ях, птушках, катах. Мы бралі драўляную стрэльбу, мацавалі да яе гумку на рулю і рабілі скабу зь цьвіка — біла вельмі балюча. З такой зброяй мы гулялі ў вайнушку ў сутарэньнях прыблізна з 4-й клясы да 6-й. Потым усе гэтыя гульні абрыдлі, і мы распаўзьліся па пад’ездах цалавацца.

Разам з дарослымі мы сьвяткавалі ўсе савецкія, камуністычныя сьвяты, чакаючы падарункаў. А падарункі тады былі — шкарпэткі, шалікі, рукавічкі. Усё было практычна — каб можна было апрануць.

Што да ежы — многа ўжывалі гародніны, таму мала хварэлі ў дзяцінстве. Харчаваліся проста: маці буракоў надзярэ — паставіць боршч, бульбы наварыць. У хаце не выводзіліся кіслая капуста, агуркі, салёнае, бабуля прысылала сухафрукты. Так і здаровыя былі. Я потым і сваіх дзяцей прывучыў да цыбулі, часныку. Найбольш падабаліся мне бульба смажаная і катлеты, якія мама рабіла з часнычком.

Маці была вельмі рэлігійная, як на тыя часы. Гэта перадалося ёй ад дзеда — сьвятара і бортніка. Рэлігійнай была і сібірская лінія. Наша бабуля Аўдоцьця Пракопаўна — маці майго бацькі — доўгі час жыла ў Менску, нас маленькіх гадавала. Яна і перадала сваю веру нам. Гэта яна пахрысьціла нас у катэдральным саборы (патаемна — маці як супрацоўніцы тэлебачаньня такога не даравалі б). Мы традыцыйна сьвяткавалі Вялікдзень. Былі абразы і ў нас, і ў бабулі. Бог прысутнічаў у нашым дзяцінстве. Мама мне казала: “Не рабі таго, не рабі гэтага, Бог бачыць усё”. Альбо: “Ты ведаеш, калі чалавек крадзе, то ён можа вельмі моцна захварэць”. Усё перакладалася для дзіцячай сьвядомасьці, каб было зразумела. Гэта перадалося ўсёй нашай сям’і — і сястра верыць, і брат, і я.

Сьмерці ж не было ў дзіцячым жыцьці ўвогуле. Яшчэ не было. Усё нашае знаёмства са сьмерцю — гэта калі кагосьці хавалі: аркестар ідзе, людзі плачуць. Адчуваньня сьмерці не было. Жыцьцё ў дзяцінстве — заўсёды сьвята. Я ня бачыў сьмерцяў нічыіх — ня бачыў, як памёр бацька. Упершыню ўбачыў, як нехта ляжыць у труне, калі мне было ўжо дваццаць шэсьць год.

Мы гадаваліся бяз бацькі — і я вырас маторным, нэрвовым чалавекам. Маці мне заўсёды казала: “Стрымлівайся, думай, будзь мужчынам”. Ейнай любімай фразай было: “Хіба ты можаш судзіць людзей, калі сам недасканалы?” “Чаму ты кажаш, што ён кепскі, калі ты сам... Хіба ня бачыш, які неідэальны ў цябе характар, і ты можаш таксама так рабіць”. Яна ўвесь час паказвала на мае хібы. (Пабіўся — сам вінаваты, давёў справу да бойкі.) Такім чынам яна выхоўвала ў нас адчуваньне, што трэба ўзважваць свае ўчынкі, унікаць благога.

Мы займаліся спортам, я ўваходзіў у склад моладзевай зборнай рэспублікі па гандболе. Адначасова нас вучылі музыцы. Калі штосьці не атрымлівалася, маці не папікала. Не — дык не. Яна аддала мяне вучыцца ў школу пры кансэрваторыі па клясе баяну (мы не маглі купіць фартэпіяна, купілі баян з растэрміноўкай у 4 месяцы), а я не хацеў. Я прыходзіў, бачыў свайго пэдагога ў холе кансэрваторыі і сыходзіў. Потым казаў: “Я яго не знайшоў. Яго не было”, — і сыходзіў гуляць у цэнтар гораду. Хадзіў у такіх аксамітных рэйтузах, штоніках да калена, з папачкай, нотамі для сальфэджыё. Потым прыйшоў на іспыт і сказаў прафэсарам у лоб: “Я ненавіджу вашу музыку”. У іх пэнснэ пападалі: “Як гэта ненавідзіш?” — “Я не хачу граць”. — “Ідзіце, малады чалавек”. Я выйшаў — мой пэдагог стаіць. Я ўбачыў ягоныя вочы і ўцёк. Увечары ён патэлефанаваў маці і сказаў: “Вы ведаеце, што ваш сын зрабіў на іспыце?” Яна кажа: “Ага. Ну, прабачце, калі ласка”, — і за дзяркач. Гэта быў выключны выпадак, калі яна ўжыла фізычны гвалт. Часьцей маці сарамаціла.

Што датычыць сэксу, дык маці на ім ніколі ўвагі не акцэнтавала (людзі былі савецкія, больш стрыманыя, камуністычнае выхаваньне, дый прыродна былі цнатлівыя), але вельмі рана падсунула мне адпаведную літаратуру. Кніга Хмялінскага “Псыхагігіена полавага жыцьця” адкрыла мне нямала сакрэтаў. Калі яна зрабіла гэта, мне ўжо даводзілася цалавацца і сэкс для мяне здаваўся нейкім касьмічным жыцьцём, дзе трэба ведаць шмат нюансаў. Брату ж нейкія порначасопісы паказвалі сябры. Заняткі па полавым выхаваньні праводзіліся і ў школе: клясы разьдзяляліся — асобна дзяўчынкі, асобна хлопчыкі. На тых занятках нам апавядалі, што каханьне — гэта найперш гармонія, а калі вы будзеце сустракацца з выпадковымі жанчынамі… І далей пра вэнэрычныя хваробы. Асноўная задача была напалохаць. У самых апошніх клясах нас вадзілі ў цэнтар па прапагандзе гігіены, санітарыі і мэдычных ведаў, што месьціўся за цыркам. Там ізноў пра вэнэрычныя захворваньні… І пра ананізм — што гэта кепска, парушаецца псыхіка. Мы гэтым займаемся ўвесь час — і раптам нам кажуць, што ад гэтага памерці можна, бо высыхае сьпінны мозг. А перад гэтым яшчэ паўлекцыі: вы яшчэ маладыя людзі, нясьпелыя, павінны сасьпець для стварэньня сям’і. Як у фільме жахаў. Вось камуністычнае выхаваньне! Ніхто ж ня ведаў тады прэзэрватываў. Гэта цяпер усе ідуць у аптэку і купляюць. А тады, па-першае, іх мала дзе было, а потым — зайсьці ў аптэку, набыць прэзэрватыў!.. Да таго ж, яны ўсе рваліся, наколькі я памятаю. Мы надзімалі іх, як шары, сьмяяліся.

 
   

Маці адзначала мне, падабаецца ёй мая сяброўка ці не. Маім першым каханьнем была дзяўчына з Батайску (неяк паехаў у Анапу, а яна там працавала важатай). Зь іншай дзяўчынай я ўцёк у Вільню, проста з пробаў у Рубінчыка, падчас здымак “Вянка санэтаў”. У Вільні нас пасялілі ў адзін нумар, бо я сказаў, што яна мая стрыечная сястра… Я мару зьняць фільм пра 60-я гады — пра сэксуальную рэвалюцыю. Каханьне, сэкс, сыстэма запалохваньня, забароны!.. Калі мы вярнуліся зь Вільні, бацькі паклалі яе на абсьледаваньне, ці не зацяжарыла. А мяне выклікалі настаўнікі: “Іване, ты павінен сказаць, што ў вас было зь Людмілай у Вільні”. — “Нічога не было”. Допыт з заўзятасьцю. Намёкі. Усё спрабавалі выпытаць. Пасьля не дазвалялі зь Людай быць. Мы перазвоньваліся зь ёй. Вось такое каханьне.

У маці адна бяда была: кім стане Ваня? Сястра доктарка, брат — тэлеапэратар, а я захапіўся тэатрам. Я ж быў як бы з пэрыфэрыйнай моладзі — з пасялковага раёну. А тэатар — сталіца. Мы, маладыя акторы, зьбіраліся ў кавярні “Вясна”, пілі каву з малаком, размаўлялі — і гэта было амаль як на Захадзе. Цяпер гэта норма, а тады горад быў разьбіты на зоны, якія кантралявалі розныя групоўкі. Паехаць у цэнтар тусавацца было мужным учынкам… Ці быў яшчэ такі раён — Абісінія (парк Горкага), дзе цябе маглі зьбіць, а маглі і правесьці з табой інтэлектуальную гутарку нейкія сталічныя хлопцы.

Потым я паступаў у тэатральны, але не паступіў. Паспрабаваў на рэжысуру Інстытуту культуры, год адвучыўся, забраў дакумэнты, зноў паступаў на тэлевізійную рэжысуру тэатральна-мастацкага інстытуту і там ужо давучваўся.

Што да кніг — дык я ішоў хвастом за братам. Брэдбэры чытаў. Картасара. Потым чытаў ужо Эфраса — “Мая прафэсія — рэжысэр”, “Рэпэтыцыя — любоў мая”. І шмат расейскай клясыкі — Чэхава найперш. Па маміным пасьведчаньні хадзілі ў Дом кіно, што месьціўся ў Чырвоным касьцёле, на прагляды. Мы ўсёй сям’ёй любілі Фэліні, вельмі любілі Таркоўскага, Данэлія. Глядзелі шмат, бо мелі магчымасьць наведваць закрытыя кінапрагляды і на тэлебачаньні. Пасьля дадаліся паказы для сяброў Саюзу кінэматаграфістаў і рэжысэраў у тэатральна-мастацкім інстытуце. Памятаю, як уразіў мяне Мілаш Форман, “Увесь гэты джаз”. Мы выхоўваліся таксама на стужцы “Ісус Хрыстос — супэрзорка”. Клясыкі ў нас мала ў доме гучала, усё больш — “Beatles”, “Deep Purple”. Брат на заробак зь першай бульбы купіў магнітафон, і ў нас увесь час грымела калёнка.

Я моцна адрозьніваюся ад мамы. То былі людзі зусім іншай эпохі, людзі, якія спазналі трагедыі, перажыўшы вайну, эвакуацыю, рэпрэсіі. Яны жылі з заўсёдным прадчуваньнем “засады”, нестабільнасьці. У мяне інакш. Я аб’езьдзіў 40 краінаў сьвету, што й казаць... Таму сваім дзецям я імкнуся прышчапіць толькі пэўны стыль адносінаў, стаўленьне да іншых людзей і да працы. Яны бачаць, што тата працуе ўвесь тыдзень, і разумеюць, што, каб нечага дасягнуць, трэба шмат працаваць. У нас з жонкай такая сабе італьянская сям’я, вялікая нэапалітанская сям’я: крычым адно на аднаго, лаемся, але ўсе адзін аднаго любяць. Я перадаю дочкам тое, што ёсьць у маёй прыродзе. У вярблюда два гарбы, я ім заўсёды кажу. Таму што жыцьцё — змаганьне, трэба выжываць. Трэба агрэсіўна ставіцца да жыцьця, каб нечага дасягнуць.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (22) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 19-12-2002