A R C H E П а ч а т а к № 2 (22) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22002
» да Зьместу «

 


Нашы дзеткі
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

 
Вокладка ARCHE 2-2002.

   Мінулыя нумары:

   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Cяpгeй Дyбaвeц
 
 
Пpaдмoвa


Практыкаваньне № 1

З усяго ўласнага досьведу выхаваньня вылучу адзін стары, але цалкам рабочы прынцып: ад самага нараджэньня дзіцяці кожны чалавек у ягоным атачэньні мусіць быць носьбітам пэўнай мовы. Нашы дзеці гадуюцца ў блытаным моўным сьвеце, але мы самі здольныя зрабіць гэты сьвет для іх больш спарадкаваным і зразумелым.

Першай моваю, якую маё дзіця пачула ад зачацьця, была беларуская — так і толькі так заўсёды гаварылі мы з жонкай. Пасьля нараджэньня да нас далучыліся дзяды гарадзкія (толькі расейская) і дзяды вясковыя (трасянка). Гэтак дзіця вучылася гаварыць паралельна на дзьвюх мовах, выразна адрозьніваючы адну ад адной. Далей далучыўся літоўскі дзіцячы садок, дзе зь першых дзён размаўлялі толькі па-літоўску. Школа была беларуская віленская, а двор — віленскі літоўскі. У выніку сёньня ў свае 17 гадоў дзіця амаль дасканала гаворыць і піша і па-беларуску, і па-расейску, і па-літоўску.

Ня маю сумневу, што вынік мог быць і большы. Калі б, скажам, бацька гаварыў зь дзіцём толькі (!) па-беларуску, маці — толькі па-ангельску, бабуля — толькі па-японску, дзядуля — толькі на суагілі... Дзіця вырасла б праўдзівым паліглётам, але пры тым — зусім нармальным чалавекам са здароваю псыхікай.

Мой уласны прыклад выхаваньня — адваротны. У псэўдарасейскамоўнай менскай сытуацыі даводзілася разоў пяць ці нават дзесяць брацца за ангельскую — кожнага разу з розным імпэтам і ад пачатку (школа, унівэрсытэт, усялякія курсы). Аднак, трапляючы ў Англію ці Амэрыку, я пераконваўся, што вывучаў нешта зусім іншае ад той мовы, на якой там гавораць людзі. У даведцы лёнданскага аэрапорту ў мяне не зразумелі, што такое “мэтро”, бо яно там называецца “андэграўндам”, а ў першым лёнданскім бары я не знайшоў “тойлету”, які там называецца “лэвэтэры” (у Штатах, дарэчы, — “рэструм”) — слова, якое ў мяне асацыявалася хутчэй зь бібліятэкай — “лайбрэры”. Такіх прыкладаў — сотні, але мой асабісты досьвед засваеньня моваў, на жаль, — тыповы для нашых краёў.

Маё дзіця ня стала паліглётам. Яму цяжкавата даецца што ангельская, што японская, што польская, што лаціна. Аднак тры мовы, засвоеныя ў маленстве, як той казаў, адлятаюць ад зубоў. Гэткі прынцып быў вычуты намі з жонкай ці то ў паветры, ці то ў нашай нацыянальнай сьведамасьці, а мо навеяны літаратурай ХІХ стагодзьдзя, калі дзіцяці наймалі гувэрнантку-францужанку і настаўніка-немца. Так ці інакш, але гэткае няхітрае практыкаваньне даступнае любой беларускай сям’і і дазваляе кожнаму дзіцяці, незалежна ад здольнасьцяў, палегчыць ягонае наступнае жыцьцё.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (22) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 19-12-2002