A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (22) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Людмiлa Pyблeўcкaя |
Ружовы Гэта таксама сукенка “з натуральнага шоўку”. Шоўк робяць маленькія вусені. Яны выпускаюць з сябе чуць значную павуцінку, каб захутаць, абараніць сябе. Шоўк прывезены маміным стрыечным братам з Англіі. Краіны, дзе робяць жуйкі ў выглядзе цыгарэтаў і несалодкія цукеркі. Сукенка нагадвае адначасова малако і ружу. На пероне станцыі Пухавічы мы чакаем электрычкі на Менск. Стары інвалід на адной назе, з мыліцай, у бруднай балотнай вопратцы — мабыць, яшчэ ваеннай, — з захапленнем разглядае мяне і патэтычна кажа, што вось дзеля таго, каб дзеці апраналіся як лялечкі, “яны” (за гэтым словам паўстае мноства няголеных аднаногіх дзядоў у падраных галіфэ) і ваявалі, і пакутавалі... Мне сорамна і чамусьці прыкра. Ружовая гафраваная папера, з якой мы з бабуляй робім кветкі. Кончык шурпатага аркушыка накручваецца на пруток, пасля сярэдзіна расцягваецца, напінаецца, і чоўнік пялёстка чакае злучэння з іншымі вакол абкручанага зялёнай палоскай дрота. Кветак патрэбна шмат — для пахавальнага вянка. На Пабеду мы едзем у вёску, на могілкі, дзе пахаваны попел адзінаццаці маіх сваякоў. Сярод іх — прадзед Максім, які некалі ездзіў на заробкі ў Амерыку. Прадзед зрабіў для партызан млын, пра што маецца адпаведная даведка. Для вянка патрэбна яшчэ дзераза. Мы рвём яе ў лесе, які называецца Белая Лужа. Я ўрачыста бяру з брацкай магілы трусачку пяску і загортваю ў насоўку з жоўтым зайчыкам. Так робяць персанажы патрыятычных кніг, адпраўляючыся помсціць ворагу. Ружовыя вусны ў негра, які прыйшоў у нашу санаторна-лясную школу (дэлегацыя замежных студэнтаў). Піянерскія атрады разбіраюць гасцей па класах, асабліва палюючы на гэдээраўцаў, бо тыя даюць значкі. Негр стаіць сярод пустога школьнага калідору і жаласна ўсміхаецца. Нарэшце старшыня нашага атраду Ірка, чуллівая дзяўчына, у якой таксама тоўстыя ружовыя вусны, бярэ самотніка за руку і вядзе ў наш клас, дзе немцы ўжо раздаюць сувеніры. Ружовыя кветкі растуць на выгане бабулінай вёскі. Яны называюцца пеўнікі. У маёй бабулі ўжо даўно няма свайго дому ў гэтай вёсцы, спаленай падчас вайны разам з жыхарамі. Там жыве толькі бабуліна сястра. Яе лічаць вядзьмаркай. Бабуля Ліда ўмее варажыць і загаворваць хваробу. Дарослыя ейныя дзеці, што з’ехалі хто ў мястэчка, хто ў сталіцу, звяртаюцца да яе на “Вы”. Ружовы нос паказваецца з круглай дзірачкі драўлянай скрынкі. Скрынку мы знаходзім сярод бутафорыі для здымкаў фільму “Брама неўміручасці” па п’есе Кандрата Крапівы. Ружовы нос варушыцца і сапе, каля яго відаць пяшчотныя белыя шарсцінкі. Я і яшчэ адзін хлопчык з “масоўкі” соваем у дзірку кавалачкі печыва. Нябачны чароўны звярок хрумсціць імі ў цемрыве сваёй вязніцы. Падчас здымкаў з таемнай скрынкі дастаюць велізарнага белага пацука. Паводле сцэнару яго завуць Мафусаілам і ён неўміручы. |
Чорны Чорную метку ўручалі аднаногаму Джону Сільверу. Але гэта была падманная чарната: кружок, выразаны з Бібліі, піраты намазалі сажай. Сажа абсыпалася на грубыя пальцы Сільвера, і паказаліся парыжэлыя літары Святога Пісання. Мусіць, таму аднаногі Джон шчасліва пазбягае смерці і нават пакарання. Але мне нашмат больш падабаецца іншае апавяданне з той жа стывенсанаўскай кнігі, “Дом на дзюнах” — пра каханне, абвостранае смерцю. Чорнага колеру круглая пластмасавая пушка ад цукерак. Яе купілі ў краме насупраць Кальварыйскіх могілак. На краме замест зразумелай назвы “Прадукты” — новая: “Гастраном”. Мама тлумачыць, што гэта на лаціне азначае “страўнік чалавека”. Мне пяць гадоў, але я ўжо ведаю, што камусьці ў горадзе бракуе густу. На празрыстай накрыўцы пушкі выціснутыя выявы дзядзькі і цёткі ў нацыянальных беларускіх строях. Празрыстыя абарыгены весела цягаюць празрыстыя снапы і пры гэтым танчаць. Краёчак накрыўкі адбіўся, і пушка дзякуючы паўмесяцу шчыліны ператвараецца ў скарбонку. Капейкі, што пагрукваюць у пушцы, мусяць калісьці прыўкрасіць нашае жыццё ў двухпакаёвай “хрушчоўцы”. Напрыклад, праз набыццё “часопіснага століка”. Паліраванага, чорнага, на чатырох тонкіх ножках, як аленяня... Гэты столік для мяне — увасабленне дабрабыту. Але на што ўрэшце былі патрачаныя сабраныя капейкі — не памятаю... Чорныя валасы ў маёй суседкі Іны. Бліскучыя і пушыстыя, як цёмны дождж. Іна заўсёды іграе ў нашых хатніх спектаклях прагную да грошай цыганку Дамарэ. Чапляе на распушчаныя косы папяровую чырвоную кветку. Праз пятнаццаць гадоў Іна з’ехала ў Ізраіль, атрымаўшы ў Беларусі высокааплатную прафесію праграміста... Разам з вясковымі сваякамі збіраем чорныя ягады — чарніцы. Стрыечная сястра Валя ссоўвае белую хустку са спацелага лба. — Горача... Сапраўды, нават чорныя ягады страцілі матавасць і сінь ды хваравіта блішчаць, як маленькія вочкі. Я таксама кажу: — Горача... Мая бабуля, якая некалі праз гэты лес бегала ў царкоўна-прыходскую школку, папраўляе: —Не “горача”, а “жарко”… Мяне цягне пярэчыць. Я вымаўляю вядомыя мне беларускія словы, і бабуля злуецца. — Ай, гадкі язык... Не гавары так. Смяяцца будуць. |
Колер слановай косткі Колеру слановай косткі парты ў нашым класе. Не белыя, не бежавыя, а менавіта слановай косткі. Чарніла ўядаецца ў шматслойную фарбу. Плямы зачышчаюць лязом дзяжурныя. У шостым класе гэтымі лёзамі некаторыя дзяўчынкі рэжуць сабе вонкавы бок запясця, на згіне. Шык у тым, каб шнары ішлі паралельна і як мага больш густа. Светка Леановіч, двоечніца, якая займаецца конным спортам, усмешліва паласуе сябе пад партай на ўроку ангельскай мовы. Яе сяброўка, выдатніца Міхнавец, спрабуе рабіць тое самае, але войкае і зайздросна паглядае на мужную Светку. Я прыходжу дадому і рэжу сябе лязом. Чырвоныя ніткі кладуцца адна ля адной. Кроў сцякае і капае на пісьмовы стол. Я не войкаю, не моршчуся, што і адзначаю з самазадавальненнем. Толькі пальцы халадзеюць. Усведамляю, што мая скура набыла колер слановай косткі. У высакародных іспанскіх прыгажунь твары такога ж колеру. Гэта, напэўна, прыгожа спалучаецца з чорнымі кудзерамі. Спыняюся не ад болю. Чамусьці робіцца страшэнна сорамна. Мажу шнары ёдам і закручваю бінтам. Пасля два тыдні апранаю пад школьную брунатную сукенку гольф з доўгімі — аж да пальцаў — рукавамі. Вершніца Светка Леановіч патрапіла ў турму. У ружавашчокай прыгажуні Міхнавец знайшлася радня ў Фінляндыі, і сляды яе губляюцца на радзіме Ахола-Вялы й Сібеліуса. |
Бэзавы Бэзавы — гэта Ўрубель і прыцемак, гэта снег пад вокнамі прыватнага сектару. Мы блукаем тут з аднакласніцай. Бэзавы снег лёгка лепіцца ў снежкі. У адным з дамкоў жыве Ленчын каханы, яму трыццаць, ён разведзены, лячыўся ў псіхлякарні ў Навінках і не ведае, што Ленка — непаўналетняя. Мая сяброўка сапраўды выглядае самавіта, у адрозненне ад мяне. Мы кідаем снежкі ў вокны дому, дзе жыве ейны сябар, і ўцякаем. Потым сваякі таго сябра даведаюцца, што насатай дзеўцы іхняга няўдалага родзіча чатырнаццаць гадоў, і дзверы драўлянага дамка ля чыгункі назаўсёды для яе зачыняцца. Марозным вечарам, калі снег быў бэзавы і Ленчын доўгі нос, відаць, таксама набыў той жа колер, выпадковы мінак адпіхне маю зарумзаную сяброўку ад рэйкаў з-пад самай электрычкі. Праз тры гады Ленка выйдзе замуж за будаўніка-інтэрнатаўца з залатым зубам па мянушцы Лісапет. Лісапет, ажаніўшыся з Ленкай, атрымаў менскую прапіску, але не збіраўся развітвацца з вясёлымі інтэрнатаўскімі дзяўчатамі. Пасля чарговай сямейнай сцэны ён паспрабуе “разабрацца” па-вясковаму, кулакамі. Ленка вычакае, пакуль ён засне, звяжа і адгваздае пранікам. У паліклініцы, куды Ленку выклічуць, яна з парогу заявіць, што пабіла мужыка сама і, калі хочуць, хай здаюць яе ў міліцыю. Доктаркі з раённай паліклінікі Ленку не здадуць. Бэзавы нос — у п’янтоса з апошняга пад’езду па мянушцы Сліва. На 9 Мая нас пашлюць да яго як да ветэрана, каб мы запрасілі яго выступіць у школе. На здзіўленне ўсім, Сліва прыйдзе паголены, у ваеннай форме з мноствам ордэнаў і медалёў. Распавядаць будзе цікава. Напрыклад, пра пустыя прасвідраваныя каністры, што скідвалі немцы замест бомбаў. Пустэлькі свісталі і грукаталі жудасней за сапраўдныя бомбы. Потым суседзі раскажуць, што Сліва быў заслужаным энкавэдыстам. Бэзавыя кусты растуць пад акном хлопчыка, які мне ў шостым класе пачаў страшэнна падабацца. Яго вокны насупраць маіх, і мяне — проста як хвароба нейкая — цягне туды глядзець. Я абураная такім гвалтоўным абмежаваннем сваёй волі. Прымушаю сябе не падыходзіць да акна. Не думаць пра Яго. Не адчуваць пры сустрэчы гарачага трымцення. Праз тыдні два хвароба адступае. Атрымана першая перамога над уласнымі інстынктамі. |
Балотны Балотнага колеру сшытак, у якім я пішу вершы. Мне чатырнаццаць гадоў, я люблю чытаць пра Авадня і эсэра Андрэя Кожухава. Пішу пра чорныя “Чайкі”, якія ляцяць па праспекце і вязуць свінападобных чыноўнікаў, пра маразматыка-генсека і спецмагазіны... Адчуваю сябе гераіняй падпольнай барацьбы. Прыходжу са школы. Маці і бабуля моўчкі сядзяць па розныя бакі пакою. На круглым стале ў цэнтры — мой балотны сшытак. Бабуля і мама вельмі асцярожна, баючыся маёй натурыстасці і адначасова датклівасці, тлумачаць, што праз сшытак могуць быць непрыемнасці. Мне жыць ды жыць яшчэ... Урэшце з маёй згоды балотны сшытак знікае. Наколькі я ведаю, яго спалілі. Дзіўна, але гэта не вельмі мяне засмуціла. Я ведала, што вершы ў ім слабыя. Пасля я даведаюся, што мама пісала на завочным аддзяленні журфаку дыпломную працу па творчасці Даніэля і Сіняўскага якраз у той год, калі герояў ейных даследаванняў пасадзілі. Напэўна, яе навуковы кіраўнік, вядомы беларускі пісьменнік, гэтак жа асцярожна, але настойліва раіў пачакаць з дапрацоўкай абранай тэмы. Мама так ніколі і не ўладкавалася на працу журналісткай. У вокладках балотнага колеру ў раённай бібліятэцы самыя цікавыя кніжкі. Іх, зачытаных да дзірак, апраналі ў дэрмацін. На паліцы фантастычнай літаратуры, сарамліва схаванай у куце ля самай падлогі, амаль усе кніжкі ў такіх вокладках. Балотнага колеру сцены на кінастудыі “Беларусьфільм”, дзе масоўка чакае ля дзвярэй касцюмернай. Густы вясковы пах сярод паліцаў з грудамі даматканых світак, хустак у шашачкі і зрэбных кашуль. Балотнага колеру апранаха пераўтварае мяне ў маленькую партызанку. Пасля ў бутафорскім партызанскім гарадку пад Смалявічамі я бягу ля насілак з параненым чырвоным партызанам, пад бутафорскія стрэлы і бутафорскія выбухі бутафорскіх бомбаў. “Добра бяжыш, дзяўчынка!” — крычыць рэжысёр. Балотнага колеру нашы шпалеры, на якіх мне дазволена маляваць усё, што захачу. У асноўным гэта чалавечкі і выбухі бомбаў. |
Залаты У нашай сям’і няма сапраўднага ювелірнага золата. Першая залатая рэч, якую я займела, — уласны заручальны пярсцёнак. Але залатога колеру хапае. Залаты маленькі куфар з пластмасавым замком. У ім я захоўваю зробленыя з залатой фольгі мініяцюрныя — не большыя за вішнёвую костку — кубкі, талеркі, вазы і нават лыжкі. Гэты сервіз належыць ангельскай каралеве Лізавеце Другой. Дакладней, ейнай выяве на паштоўцы. Каралева ў параднай срэбнай сукенцы, з сіняй атласнай стужкай цераз плячо. Паштоўку даслаў з самой Англіі мамін стрыечны брат, той, што прывёз і порт натуральнага ружовага шоўку на маю сукенку. Я накрываю перад каралевай шыкоўны стол і шчыра веру, што яе Віндзорскай душы прыемнае вяртанне звыклай раскошы. Мне няёмка перад срэбнай Лізаветай за нашу сціплую кватэру з шпалерамі балотнага колеру, бляклы ўзор на якіх нагадвае макароны ў палёце — увасабленне савецкай манны нябеснай. Каралева паглядае разумнымі светлымі вачыма перад сабой. Яе вялікі рот, нафарбаваны неверагодна яркай памадай, крыху ўсміхаецца. Усміхаецца нават цяпер, калі Лізавета даўно пазбаўленая сервізу з залатой фольгі і мае дзеткі падрапалі яе наўскос па твары. На свяце восені ў трэцім класе я ўвасабляю Залатую восень. На мне кароценькая жоўтая сукенка з нашытымі восеньскімі лістамі. Восені з іншых класаў усе вышэйшыя за мяне, у доўгіх казачных сукенках, у каронах з вэлюмамі. Я губляюся на сцэне між іх, як жоўценькі матылёк у траве. Дырэктарка ледзь знаходзіць мяне, каб уручыць за найлепшы касцюм прэмію — надзіманую ляльку-неваляшку. Я злаўчылася перадаваць залаты колер, змешваючы белую і жоўтую гуаш, а пасля адцяняючы мазкі цёмным лазуркам. У мастацкай студыі я малюю казачны каралеўскі двор, кароны і жар-птушак. Але ганаровую грамату мне даюць за праект помніка дзецям-ахвярам вайны. Пень, які сімвалізаваў скалечанае вайной дзяцінства, абвіты парасткамі, што ўвасабляюць неўміручасць жыцця. На пні дзве няшчасныя разнаполавыя ахвяры ўмольна паглядаюць у прастору. Яшчэ, здаецца, ёсць калючы дрот. Залатыя валасы ў лялькі, якую я сама шыю. Валасы зробленыя з навагодняга дожджыку. Лялька файная, вышытая, размаляваная. Бабуля жахаецца: гэта ж толькі ад беднасці — самаробныя лялькі! А як нехта ўбачыць, што дзіця з такой гуляе! Ёсць жа куплёныя! Бабуля адбірае маю Залатавалоску і хавае на дно валізы з кавалачкамі тканінаў і гузікамі. Калі праз нейкі час я ўспамінаю пра ляльку, яе і след замяло. Залатыя гузікі на маёй піянерскай форме. У сёмым класе, па развітанні з піянерыяй, мы перафарбоўваем белыя форменныя кашулькі ў чорны колер. Залатыя гузікі надаюць кашулькам асабліва модны выгляд, але ж і выдаюць іх паходжанне. Залаты герб выціснуты на пашпарце, які мне ўручаецца з нагоды майго шаснаццацігоддзя. Цяпер я дастаткова дарослая, каб ведаць, што гэта — зусім не золата.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (22) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |