A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (22) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ГAННА й ПAВАЛ CEВЯPЫНЦЫ | |||||
|
Гaнна й Пaвал Ceвяpынцы |
— Ганна — настаўніца расейскай мовы і літаратуры, Павал — лідэр “Маладога фронту”. Вырасьлі ў Барані і Віцебску, у сям’і выпускнікоў філфаку. |
Бабуля нас выхоўвала так: гуляйце, дзіцяткі, нічога не рабіце, бо дома наробіцеся. Пасьля абеду трэба паспаць, перад вячэрай трэба паляжаць, пасьля вячэры — таксама. Нічога не рабіце. Толькі калі бабуля пачынала казаць: “Ты чуў? Ты бачыў? Якую шкоду нарабілі!” — мы беглі куды-небудзь хавацца. А бабка з дубчыкам — за намі. Гэта быў адзіны выхаваўчы момант. А ў цэлым у бабулі было вельмі добра. Там адразу нейкую адказнасьць адзін за аднаго адчуваеш. Даша, праўда, ледзь на рэчцы не патанула, калі мы ўтраіх былі... Маці ж нас прывучала — вады прынясіце, на сене дапамажыце, гной павыкідайце. Уся вёска зьбіралася, глядзела, як мы, дзеці, працуем. А мы яшчэ як засьпяваем разам! І ўжо ўсе стануць, і баба стане, і ўжо плача ад радасьці, а мы той гной ганарліва кідаем. Конкурсы моды праводзілі. Самі сабе ладзілі фэстывалі лялечных тэатраў. Два чалавекі ў журы, а адзін паказвае тэатар. Потым мяняемся. Афішы пісалі, дыплёмы малявалі, давалі адзін аднаму. Канкурэнцыя жорсткая была! Яшчэ мы гралі ў ленінскія куткі. Вырываеш дзёран, зямля голая атрымліваецца. Лавачка зь дзёрну зроблена. Кветкі. Мятлушак лавілі. Адну забівалі, каб пахаваць. А другую прывязвалі за пуза побач з крыжам, маўляў, гэта муж і жонка, муж памёр — і жонка ня можа яго пакінуць. Так яны віселі ў нас на нітцы гэтай. А потым хадзілі, адзін у аднаго правяралі, дзе лепш. Таксама кшталту дзяржпрыёмкі. А яшчэ прыгадалася, як мяне мама выдатніцай зрабіла. У першай клясе яна мне паказала вялікі партрэт і сказала: “Скончыш першую клясу на пяцёркі, я табе над ложкам павешу партрэт Валодзі Ўльянава”. Я ўсю першую клясу працавала, як немаведама хто. Дзеля партрэту, пра які марыла. І калі прыйшоў травень, у мяне ўсе пяцёркі, а яна, пэўна, забылася — дык я падумала: ну што ж, відаць, не заслужыла. Клясы да пятай перажывала. Нашыя бацькі нас так настройвалі, правяралі дзёньнікі. Усе трое залатымі мэдалістамі сталі. У мяне мама праверыла адзін раз у жыцьці хатняе заданьне, прымусіла мяне яго перапісаць разоў дванаццаць, бо там было выкананае неахайна. Маці ж настаўніца была. Насамрэч нас і ня трэ было правяраць. Нам як заладзілі зь дзяцінства за партрэт Леніна вучыцца, мы і вучыліся. Я асабіста памятаю, што ў мяне матывацыяй быў залаты мэдаль. А ў мяне такое адчуваньне, што ад пачатку было вырашана: у нас будзе вышэйшая адукацыя. Наша малодшая сястра Даша — у яе дзіця і яна ўжо скончыла вучэльню — цяпер будзе паступаць, хаця ёй асабліва гэта і ня трэба. Проста таму, што так настроілі. |
Мяне адгаворвалі ад філфаку і тата, і мама. І сяброў сям’і прыводзілі, каб яны адгаварылі. Ня тое каб нейкімі рэпрэсіўнымі мэтадамі. Тлумачылі: “Ганька, навошта? Ты ўсё гэта ўжо ведаеш. Паглядзі на нас”. Я на іх паглядзела і пайшла вучыцца. А Павал, дык той зь дзяцінства каменьчыкі зьбіраў. Яму мама давала грошы на нейкія даламіты, на нейкія раскопкі. Натуральна, цікавіўся хіміяй, біялёгіяй і геаграфіяй. Мы вырасьлі ў Барані, гэта пад Воршай, там, дзе завод “Лёс” на 15 тысячаў чалавек. Бацька быў там галоўным рэдактарам заводзкай шматтыражкі, а гэта было прадпрыемства Міністэрства абароны, там выпускалася прадукцыя касьмічнага прызначэньня. Бацьку неяк выклікалі ў КДБ, далі яму друкарку, каб потым па літарах вызначаць — спэцыяльная была, з дэфэктам, — дзе надрукавана. Гарадок Барань вельмі цікавы. Я цяпер усьведамляю: там велізарны навуковы патэнцыял, шмат народу з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй. Цяпер, праўда, прамысловасьць там у заняпадзе, але тысяч дзесяць чалавек яшчэ працуюць. І цікава, што ў Барані дзейнічае больш за дваццаць няўрадавых арганізацый. Само мястэчка знаходзіцца ў катлавіне, побач Аршанскае ўзвышша, прыток Дняпра і ўнікальны векавы бор. Мясьціны там рамантычныя! Нас маці вадзіла — брала са сваімі вучнямі ў паходы. Я ўсё сваё сьвядомае дзяцінства праседзела з кніжкамі ў фатэлі. Потым мяне ў 9 клясе ўжо сарвала: я перастала чытаць зусім. Нам не забаранялі, мы самі не хацелі ісьці на двор. Калі я першы раз пайшла на дыскатэку ў вайсковую часьць, маці ня тое што забараніла, наадварот — накрычала на мяне, прымусіла вочы, пазногці падфарбаваць. Інтарэсы ў нас былі іншыя. У нас у Віцебску была кампанія аднадумцаў — мы гулялі ў стварэньне сваіх дзяржаваў. У нас было тры дзяржавы. Дашу, праўда, мы потым далучылі. Была цэлая сыстэма. Кожны чалавек — асобная дзяржава і свой кавалак зямлі. Інфрастуктура была: нейкія дарожкі, плянтацыі. Вельмі цікава. Зьбіралі дзьмухаўцы, потым сушылі дома, малолі, з гэтага заварвалі каву. Мама ўвесь час за голаў хапалася. Сушылі карані чароту. Мы з Алегам Баршчэўскім… Баршчэўскія — ад каторых Лявон Баршчэўскі, ён малодшы брат Вадзіма Баршчэўскага, які зь Віцебску, — жылі літаральна цераз вуліцу. Да іх нашыя бацькі хадзілі ўвесь час. І вось з Вадзімавым сынам, з Алегам, мы былі найлепшыя сябрукі. Аднойчы ён адкапаў нейкую кніжку, у якой расказвалася, якая трава для чаго ўжываецца, што робяць з гусінай лапкай, а што зь дзьмухаўцом. Мы там разгарнулі сельскую гаспадарку. Чыталі ўсё, пачынаючы з клясыкі. Жуля Вэрна, Лява Касіля, вядома. Я пачала з “Узаранай цаліны” ў гады чатыры. Мне неабходна было вочы трэніраваць: акуляры заклейвалі. Адно шкельца заклеяць, потым другое. І так трэ было чытаць. Мама мне падсунула “Ўзараную цаліну”, і я зь яе пачала. А я ніколі не забудуся кніжкі, дзе на адной старонцы было па-расейску, на другой — па-беларуску. Дарэчы, гэта першая кніжка, якую я прачытаў усьвядомлена. Там пра вайну, пра Хатынь. Мы заўсёды чапляліся: “Мама, што мне пачытаць?” А яна — альбо “адчапіся”, альбо адкрывала шафу і казала: “Шукай”. Магла спытаць у гуморы: “А што б ты хацела?” — “Вось тое, тое і тое”. — “Ну, пачытай”. У нас бібліятэка дома вельмі вялікая. Я, напэўна, да гэтага часу ўсё не перачытала. А ў некаторых кніжках, дарэчы, я, чытаючы, разьдзірала старонкі: бацькі купілі, потым дзеці пайшлі — і яны іх не чыталі. Я была першай, хто іх дома ў нас прачытаў. |
...Што мы елі на сьвяты?.. Канечне, салату “Аліўе”, шпроты і ўсе стравы на 1 мая і 7 лістапада. На сёмага ў нас заўсёды быў булён зь піражкамі, заўсёды. З таго часу кожнага сёмага лістапада — і ў мяне булён зь піражкамі. Як дэманстрацыя сканчалася (мы па тэлевізары абавязкова глядзелі), мама заўсёды казала: “Вось, усе дзеці з Масквы пайшлі піць булён зь піражкамі. І мы пойдзем”. Потым, пасьля закліку Гайдара на 7 лістапада заклейваць вокны, мы заклейвалі вокны. На бацькоўскі дзень нараджэньня (тата з мамай амаль адначасова нарадзіліся — 1 і 4 верасьня) мы рабілі канцэрт. Гралі на піяніна і сьпявалі, малявалі, нейкія вершы пісалі. Памятаю, першы Паўлаў верш быў “Голубок, голубок, почему ты одинок? Ты лети к своим друзьям в теплые края”. Ці: “Дорогой мой друг Саддам, танков я тебе не дам”. Мы яшчэ на кожнае сямейнае сьвята выпускалі газэту “Пятачок”. Іх выйшла нумароў дванаццаць. Рэлігійныя сьвяты пачалі адзначаць толькі ў сярэдзіне 90-х. Хоць на Вялікдзень яйкі малявалі заўсёды. Але тата ў нас ваяўнічы атэіст да гэтага часу. Цяпер ужо не ваяўнічы. Так, ён пасталеў. Біблію мы, здаецца, у дом прывезьлі. У маці і бацькі розныя кухні. У маці больш будзённая. Яечня, галубцы. А бацька шмат што гатуе. Як бабуля. Тая шмат нагатуе, паставіць на стол — і бацька так. Грунтоўна падыходзіць. Паглядзеў, падсмажыў, паліў, пераклаў. Пашынкаваў. Шынкуе дробненька-дробненька. Калі тата зь нейкіх прычын не гатаваў, дык мама купляла пачак пяльменяў, і яны з коткай (тады была яшчэ наша котка жывая) тыдзень іх елі. Я найбольш любіў сырнікі. А я яечню. Прычым я туды сабе хлебчыка крышыла. Катэгарычна не падабалася манка — проста жах. Дарэчы, яе і варыць перасталі. Я селядцоў ня еў ніколі. А я, наадварот, селядзец люблю. Малочныя супы мы ня елі. Мама іх таксама перастала варыць. З цацак было больш за ўсё кубікаў. Мы іх цьвікамі да падлогі прыбівалі. У нас былі добрыя цацкі — конь-гушкалка, нейкія мядзьведзікі, зайцы, усякае такое… З цацкамі, дарэчы, была зьвязаная такая гісторыя. У нейкай мамчынай супрацоўніцы згарэў дом. А ў яе таксама дзеці малыя былі. Здаецца, трое. І мама прыйшла дахаты і кажа: “Вось, у тых дзетак нічога не засталося, трэба ім дапамагчы. Давайце аддамо ім цацкі”. Ну, мы спачатку назьбіралі тое, з чым самі не гуляліся. Але мама сказала — “не”. Вось туды і пайшлі наш конь-гушкалка, любімыя зайцы, мядзьведзікі. Нам, канечне, было шкада. Я ня памятаю, каб мы падманвалі ў маленстве. Адзін раз было так: нейкая дзяўчынка ў клясе сказала, што я ў яе скрала пераводныя карцінкі. Я маме клялася, што ня брала, а яна крычала: “Калі гэта ты, я цябе заб’ю і сябе таксама!”. Калі потым высьветлілася, што гэта ня я, то мама вельмі добра зрабіла, мне спадабалася — перад усёй клясай гэтую дзяўчыну наганіла: “Як ты магла сваю сяброўку абгаварыць?!” А ўвогуле, мы не падманвалі, я такога ня памятаю. Цяпер, бывае, падманваем, калі ня хочацца бацькоў расстройваць. Неяк мы з Паўлам праводзілі маму на цягнік зь Менску. Ёй нешта падалося, што мы “ня так” выглядаем. І яна заплакала і пытаецца: “Павал, дзе твой швэдар?”. А Павал б’е сябе ў грудзі і кажа: “Тут!”. І мама паехала. А мы з Паўлам ідзём назад, і ён мне кажа: “Каб жа яна ведала, што і швэдра на мне няма”. Бацькі нас добра выхоўвалі. Усё, што ўва мне ёсьць добрага, гэта ад іх.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (22) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |