A R C H E П а ч а т а к № 2 (22) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22002
» да Зьместу «

 


Нашы дзеткі
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

ФРАНК СЫСІН
Вокладка ARCHE 2-2002.

   Мінулыя нумары:

   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Франк Сысін
 
 
(Не)чаканыя ўкраінцы


Andrew Wilson. The Ukrainians: Unexpected Nation.
— Yale University Press: New Haven — London, 2000.


1

Вывучэнне гісторыі шмат якіх еўрапейскіх нацый сутыкаецца з адной праблемай: дзяржавы былі нетрывалыя, адміністрацыйныя межы мяняліся, народы перамешваліся. Ва Ўсходняй Еўропе цягам апошніх двух стагоддзяў людзі выказвалі лаяльнасць не столькі да дзяржавы, колькі да народу/нацыі, што часта прыводзіла да змены межаў, перападзелу насельніцтва і фармавання нацыянальнай дзяржавы як дамінантнага палітычнага ўтварэння. Прыкладам гэтаму — Украіна. Праўда, можна спрачацца, у якой ступені яна нацыянальная дзяржава.

Эндру Ўілсан у новай кнізе “Ўкраінцы: нечаканая нацыя” вырашыў засяродзіцца на гісторыі ўкраінцаў, а не тэрыторыі Ўкраіны ці ўкраінскіх і неўкраінскіх дзяржаваў ды палітычных утварэнняў, да якіх яна належала. Аднак ягоны падыход істотна адрозніваецца ад традыцыйных гісторый XIX і пачатку XX стагоддзяў, якія намагаліся паказаць непарыўнасць развіцця ўкраінскага народу і ўкраінскай тоеснасці. Уілсан ставіць за мэту прасачыць перарывістасць гісторыі, акрэсліць нявыкарыстаныя магчымасці і дэканструяваць нацыянальную міфалогію. Ён даследуе тоеснасці, якім не ўдалося развіцца, пазычыўшы гэтую практыку ў сучаснага напрамку, што атрымаў назву альтэрнатыўнай гісторыі (contrafactual history). Уілсан сцвярджае: нявыкарыстаныя магчымасці мелі столькі ж шанцаў рэалізавацца, што і развіццё ўкраінскай тоеснасці. Ён даводзіць важнасць імперскіх (Польска-Літоўская дзяржава, Расійская імперыя, Савецкі Саюз) і панславісцкіх праектаў ды тоеснасцяў. Уілсан упэўнены, што так можна і нават трэба даследаваць любую нацыянальную гісторыю. Гэтая манаграфія — спроба растлумачыць свету (які, на аўтараву думку, лічыць Украіну “нечаканай нацыяй”), хто такія ўкраінцы.

На першы погляд здаецца, што аўтар гэтай кнігі стаіць на пазіцыях вучоных-мадэрністаў. Тыя ўпэўненыя, што нацыі пачалі ўзнікаць толькі ў канцы XVIII стагоддзя, і не згодныя з нацыянальнымі гісторыкамі XIX — пачатку XX стагоддзяў, для якіх мадэрністы знайшлі пагардлівую назву “прымардыялісты” (апошнім часам сярод іх апаненты вылучылі яшчэ “перэніялістаў” — тых, хто верыць у гістарычную значнасць этнічнай тоеснасці, што развіваецца ў нацыю). Класічныя нацыянальныя гісторыкі лічылі, што нацыі фармуюцца павольна і вызначальную ролю тут адыгрываюць народныя масы. Перш за ўсё сялянства, бо эліта ва Ўсходняй Еўропе часта асімілявалася моўна і культурна. Нацыянальныя гісторыкі добра ўсведамлялі сваю прыналежнасць да “нацыянальных праектаў”, але разглядалі гэтыя праекты як захаванне, аднаўленне ці завяршэнне сучасных і мінулых працэсаў. Яны прызнавалі, што ў даўнія часы нацыянальны фактар не адыгрываў істотнай ролі, аднак ім не прыходзіла ў галаву, што нацыя і нацыянальнасць узніклі толькі пасля Вялікай французскай або індустрыяльнай рэвалюцыі.

— дырэктар Цэнтру даследаваньня гісторыі Украіны імя Пятра Яцыка пры Канадзкім інстытуце ўкраінскіх досьледаў Альберцкага ўніверсітэту (Эдмантан).
   

Тым часам мадэрністы бачаць у нацыянальна арыентаваных, часта нацыяналістычных гістарычных працах праецыраванне сучаснай нацыі ў мінулае, а таксама няздольнасць разгледзець яе ўзнікненне і развіццё ў кантэксце палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай мадэрнізацыі. У той час як савецкія марксісцкія гісторыкі звязвалі развіццё катэгорыяў нацыянальнага з эканамічнымі сістэмамі і класамі, многія заходнія мадэрністы пасля нацыяналістычнага ўсплёску ў Еўропе ў першай палове ХХ стагоддзя пачалі лічыць пошукі нацыяў раней за эпоху нацыяналізму і амерыканскую ды французскую рэвалюцыі анахранізмам. Мадэрністы ўсё больш засяроджваліся на працэсах стварэння нацыяў элітамі, гэта значыць на “нацыянальных праектах”. Але яны ўсё яшчэ разглядалі нацыі як рэальныя з’явы, што паўставалі ў спецыфічных гістарычных умовах Новага часу, калі вызначальнымі былі інтарэсы дзяржавы і сацыяльных групаў.

У апошнія дваццаць гадоў на класічных мадэрністаў усё больш ціснуць навукоўцы, якія ставяць пад сумненне само існаванне нацыі як гістарычна трывалай супольнасці і замест гэтага засяроджваюцца на ўяўленні або адкрыцці нацыяў у Новы час (Гобсбаўм, Андэрсан). Хоць большасць гэтых працаў пісалася пад уплывам марксізму, яны дапамаглі адасобіць даследаванне ўяўленай нацыі ад вывучэння сацыяльных і палітычных працэсаў мадэрнізацыі, што былі вызначальнымі для класічных мадэрністаў.


 
   

2

У цэлым Уілсан — мадэрніст, хоць у ягонай працы палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя ўмовы ўтварэння нацыі — ужо не самае галоўнае. Затое на першым плане — дэканструяванне нацыянальных міфаў і праекты стварэння тоеснасці. Гэта ўносіць у ягоную працу элементы прымардыялізму, паколькі адкідае мадэрнісцкія абмежаванні нацыі перыядам, калі ўзнікаюць пэўныя ўмовы для іх фармаваньня. Адначасова гэта адкрывае шлях да постмадэрнісцкага разбурэння канцэпцыяў лінейнага і непарыўнага гістарычнага развіцця, аддаючы перавагу фрагментарнаму паказу мінулага як скарбонкі, адкуль сучаснасць пазычае матэрыял для міфатворчасці.

Магчыма, перанос увагі даследавання з нацыі ці народу на ідэі і канцэпцыі тлумачыць, чаму Ўілсан абыякавы да слоўніка паняццяў і не дае азначэнняў нацыі і народу. Уводзіны хутчэй заблытваюць пытанне, тлумачачы назву “Нечаканая нацыя” здзіўленнем Захаду перад з’яўленнем незалежнай украінскай дзяржавы. Выглядае, што Ўілсан прыхільнік англасаксонскай традыцыі, у якой “нацыя” і “дзяржава” — сінонімы. Аднак ужо ў наступным абзацы ён ужывае слова “нацыя” ў значэнні “народ”, а потым заяўляе, што нацыя — гэта культурная мадэль, і мэта аўтара — паказаць розныя канцэпцыі ўяўлення Ўкраіны. І тут ён не кажа пра ўкраінцаў. Не акрэсліўшы, што робіць супольнасць нацыяй ці народам, Уілсан не дае нам магчымасці ацаніць наступнае яго сцверджанне: “Магчыма, украінцы на нашых вачах робяцца нацыяй”, або: у 1917 годзе “база для ўтварэння новай украінскай нацыі была занадта малая”, тады “ўкраінскага народу яшчэ не было”. Большая дакладнасць палегчыла б ацэнку розных поглядаў і праектаў, якія прапануе Ўілсан. Ён не хоча даваць азначэнняў, як і ў папярэдняй кніжцы пра ўкраінскі нацыяналізм *.

Уілсан сцвярджае, што Ўкраіна, здабыўшы ў 1991 годзе незалежнасць, была нечаканай нацыяй, у прыватнасці, з-за сваёй культурнай, рэгіянальнай, рэлігійнай і моўнай неаднароднасці. Не думаю, што ў 1990—91 гадах гэтую праблему шмат каментавалі, паколькі ў той час за межамі Ўкраіны мала хто верыў, што Ўкраіна можа дасягнуць незалежнасці. Дыскусія пра тое, ці выстаіць Украіна, пачалася ўжо пасля здабыцця незалежнасці. Вядома, Уілсанавы паважныя папярэднікі ў Лонданскім інстытуце славянскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў, Сетан-Уотсаны, не раз звярталі ўвагу на ўкраінскі народ яшчэ з самага пачатку XX стагоддзя. З бібліяграфіі і каментароў відаць, што ў англамоўнага чытача было нямала літаратуры пра ўкраінцаў і іхні нацыянальны рух. Але калі пад канец 70-х Мілан Кундэра перасцерагаў, што на вачах ягонага пакалення непрыметна знікае 40-мільённая еўрапейская нацыя, ён меў на ўвазе не толькі працэсы ў самой Украіне, але і зніжэнне зацікаўленасці ўкраінцамі ў другой палове XX стагоддзя ў параўнанні з першай. Таму ў пэўным сэнсе ўкраінцы ўсё ж былі ў 1991 годзе нечаканай нацыяй.












 * Ukrainian Nationalism in the 1990s: A Minority Faith. Cambrige, 1997. Гл. рэцэнзіі на яе ў “Критиці”: 1998, ч. 5.
   

Нягледзячы на ўсе свае тэарэтычныя і аналітычныя хібы, Уілсанава кніга ўражвае сваім размахам: яна ахоплівае ад тэорыі этнагенезу да стасункаў Украіны з МВФ. У кнізе вытрымліваецца храналагічны прынцып (хіба што Кіеўская Русь разглядаецца перад дыскусіяй пра тэорыі паходжання ўкраінцаў ад старажытных народаў). Першыя сем частак (прыблізна палова кніжкі) прысвечаныя ўкраінскай гісторыі аж па сённяшні дзень, з восьмага па дванаццаты раздзелы гаворка ідзе пра стварэнне незалежнай украінскай дзяржавы. Вельмі арыгінальны трынаццаты раздзел “Уяўляючы Ўкраіну: да тэорыі ўкраінскай геапалітыкі” расказвае пра розныя канцэпцыі Ўкраіны. Завяршаецца кніга высновамі пад назвай “Чаму Ўкраіна?”. Уілсан цікава супастаўляе матэрыял, цытуе безліч працаў (прычым добра арыентуецца ва ўкраінскай гістарыяграфіі апошняга дзесяцігоддзя), багата ілюструе сваю кніжку выявамі архітэктурных помнікаў, рэпрадукцыямі мастацкіх твораў, карыкатурамі, мапамі.

Нягледзячы на храналагічнасць выкладу, аўтар выкарыстоўвае пры разглядзе кожнага перыяду не толькі тагачасныя, але і пазнейшыя матэрыялы. Хоць кніга не прасочвае эвалюцыі палітычнага, грамадскага і культурнага жыцця за даўжэйшы час, яе перавага — у глыбокім аналізе праблематыкі асобных перыядаў. Шмат увагі аддадзена актуальнай праблеме расійска-ўкраінскіх узаемаадносінаў, хоць можна папікнуць аўтара тым, што, праектуючы іх сучаснае значэнне ў мінулае, ён перабольшвае іхнюю ролю на шкоду польска-ўкраінскім сувязям.

Уілсан пачынае кнігу з таго, што супастаўляе розныя версіі “старажытнай Русі”, за якую змагаюцца сучасныя ўкраінцы і расійцы, прыводзіць супярэчлівыя тэорыі еднасці і адрознасці земляў і насельніцтва Русі і, нарэшце, прыходзіць да высновы, што “пачынаць трэба з сумленнай ацэнкі супольнага мінулага ўкраінцаў і расійцаў”. Хоць і незразумела, як вызначыць “сумленнасць” усяго, што напісалі папярэднікі аўтара і ён сам, і ці дастаткова ва Ўілсана спецыяльных ведаў, каб рабіць аўтарытэтныя заключэнні. Сам ён больш схіляецца да думкі пра адзінства Кіеўскай Русі, якая належала абодвум народам да таго, як яны зрабіліся сучаснымі нацыямі. Ён сцвярджае, напрыклад, што “тры сучасныя ўсходнеславянскія мовы пачалі фармавацца як асобныя цэласнасці ў XIII—XIV стагоддзях, г.зн. калі Русь ужо была палітычна падзеленая”. Уілсан абапіраецца на працы Аляксандра Ісачэнкі, цытуе Гарацыя Ланта пра мову на Русі ў XI стагоддзі, але ніводнага разу не згадвае такога аўтарытэтнага навукоўца, як Юры Шавялёў, які лічыў, што протаўкраінскія дыялекты паходзяць ад агульнаславянскай мовы, а стараўкраінская пачала развівацца ў сярэдзіне XI стагоддзя. Калі перад аўтарамі падручнікаў паўстае праблема, як абагульніць даследаванні ў галінах і перыядах, у якіх яны не спецыялізуюцца, яны звычайна намагаюцца абмежавацца мінімалісцкімі сцверджаннямі. Ад такой палемічнай працы, як Уілсанава, можна было б, прынамсі, чакаць, што яна азнаёміць чытача з асноўнымі канцэпцыямі, якія маюць вагу ў навуковым свеце. Але аўтар, прыводзячы думку пра тое, што ўкраінская і расійская мовы рана адгалінаваліся адна ад адной, замест таго каб цытаваць поруч з Ісачэнкам Шавялёва, спасылаецца на Івана Юшчука, “віднага дзеяча таварыства “Просвіта”.

Праблема аўтарытэтаў і навуковага значэння прыведзеных поглядаў робіцца яшчэ больш прыкметнай у наступным раздзеле, дзе гаворыцца пра розныя тэорыі паходжання ўкраінцаў ад старажытных народаў (адзін з падраздзелаў мае яскравую назву “Ўкраінец Атыла”), а таксама пра паганства. Тут агляд канцэпцыяў публіцыстаў і містыкаў (Алеся Бердніка, Лява Сіленкі, Юр’я Каныгіна і г.д.), чые працы Ўілсан лічыць “цалкам неспасціжнымі”, пераплятаецца з поглядамі сур’ёзных вучоных — Міхаіла Грушэўскага, Вікенція Хвойкі, Вадзіма Шчарбакіўскага: і адны, і другія, на думку аўтара, імкнуліся абгрунтаваць непраўдападобную старажытнасць каранёў украінцаў. Спасылаючыся на газетныя артыкулы ўперамежку з навуковымі манаграфіямі, аўтар не спяшаецца дапамагчы чытачу разабрацца, што ёсць што, і паказаць, наколькі сур’ёзныя і папулярныя ідэі, згаданыя ў ягонай працы. Вядомая рэч, шмат якія з гэтых ідэй існуюць і маюць уплыў у пэўных колах, але перамешванне твораў містыкаў з акадэмічнымі даследаваннямі, пастаянныя спасылкі на “многіх украінскіх вучоных” і падобнае істотна змяншаюць каштоўнасць гэтага раздзелу.


 
   

3

Падзяліўшы Кіеўскую Русь паміж двума народамі і насмяяўшыся з тэорыяў старажытнага паходжання ўкраінцаў, Уілсан звяртаецца да XIV—XVII стагоддзяў. Ягоныя спробы інтэрпрэтацыі міфаў і культурных канцэптаў шмат у чым піянерскія, асабліва для неспецыялізаванай працы. Менавіта тут Уілсан міжволі праяўляе сябе як прымардыяліст ці перэніяліст. У трэцім раздзеле “Ні рыба ні мяса: паміж Польшчай і Расіяй” Уілсан расказвае пра літоўскі і польскі перыяды, асаблівую ўвагу звяртаючы на царкоўныя справы. Выкарыстоўваючы найноўшую літаратуру пра гэтую эпоху, у прыватнасці працы Ігара Шаўчэнкі, Дэвіда Фрыка і Пятра Саса, ён закранае праблему ўзнікнення “рускага народу” як сацыяльнага, культурнага і палітычнага прадукту эпохі. Ён таксама разважае над загадкай таго, чаму характар гэтага прадукту аказаўся ўкраінскім, тады як беларуска-ўкраінская супольнасць так і не развілася ў сучасную нацыю.

Аўтар адыходзіць ад пераказу поглядаў пазнейшых гісторыкаў і публіцыстаў, які пераважаў у першых двух раздзелах, намагаючыся высветліць канцэпцыі нацыі таго перыяду. Гэта даволі цяжкая задача для неспецыяліста, і Ўілсан часта пускаецца ў неабгрунтаваныя абагульненні і нават робіць фактычныя памылкі. Аўтары больш традыцыйных падручнікаў намагаюцца абысці гэтую пастку, абмяжоўваючыся агульнапрынятымі поглядамі і асцярожнымі сцверджаннямі пра перыяды, у якіх яны не спецыялісты. Уілсан часам робіць гэтак жа, напрыклад, калі паўтарае пашыранае клішэ gente Ruthenus, natione Polonus. Ён перакладае гэта як “рускага роду, польскай нацыі”, хоць і ўказвае, што гэты выраз ахоплівае розныя значэнні словаў “нацыя” і “род”. Насамрэч значэнні gens і natio ў Рэчы Паспалітай XVI і XVII стагоддзяў былі амаль тоесныя. Гэтае ўжыванае ў XIX стагоддзі клішэ, якое падпарадкоўвала рускае паходжанне прыналежнасці да польскай палітычнай нацыі, у ранні Новы час не выкарыстоўвалася (хоць два падобныя выразы сустракаюцца ў Станіслава Арахоўскага). Марна спадзявацца, што Ўілсан усведамляе ўсю складанасць гэтага пытання. Але можна было б чакаць, што ён, пахваліўшы манаграфію Пятра Саса, возьме з яе больш і пакажа важнасць укаранення ўва Ўкраіне сучаснай тэрміналогіі, у першую чаргу паняцця “народ”. Гэта дазволіла б прасачыць, як народ, у дадзеным выпадку рускі, уяўлялі ўва Ўкраіне; што азначала з’яўленне гэтага паняцця для ўкраінскай палітычнай культуры ды тоеснасці пад канец XVI стагоддзя; як паўплывала запазычанае з Украіны паняцце “народ” на развіццё расійскай тоеснасці ў Масковіі канца XVII стагоддзя; і нарэшце, як усё гэта натхняла нацыянальны рух XIX стагоддзя. Відавочна, паўстае пытанне, ці сапраўды свет уяўленых нацыяў з’явіўся да Новага часу і як яго з’яўленне суадносіцца з пазнейшымі вобразамі нацый. Такі аналіз таксама дапамог бы праясніць фундаментальнае пытанне, якое закранае Ўілсан, адносячы беларуска-ўкраінскую супольнасць да рускага народу.

 
   

Але такая задача, напэўна, знаходзіцца за межамі кампетэнцыі неспецыяліста. Таму сутыкаемся са сцверджаннем: “У той час паўднёвую Русь пачалі называць “Рутэнія”, маючы на ўвазе культурную супольнасць, блізкую і адначасна адрозную ад праваслаўнай Масковіі, аднак гэта была не адзіная нава”. Што тут зразумее англамоўны чытач, які не ведае, што “Рутэнія” — гэта проста лацінская форма слова “Русь”? Насамрэч пастаяннае ўжыванне назваў, вытворных ад Русі, уключаючы назоўнікі “русіч” і “русін”, было вызначальным фактарам звязанасці Ўкраіны са Старажытнай Руссю. У XVI і XVII стагоддзях Масковію ў Польска-Літоўскай Рэчы Паспалітай часта не называлі Руссю, а яе жыхароў — русінамі. Аўтару не хапае спецыяльных ведаў — гэта выяўляецца і тады, калі ён сцвярджае, што новаўвядзенні Пятра Магілы “ўключалі ў сябе ўласцівую Рэфармацыі практыку далучэння свецкіх людзей да царкоўнага жыцця” (на справе свецкія асобы ўдзельнічалі ў царкоўным жыцці ва Ўкраіне сама меней з XVI стагоддзя, а Магіла процістаяў гэтаму) і што “Польшча аслабела пасля няўдалай спробы скарыстаць “смуту” ў Масковіі” (тады як гаворка ідзе пра 20-я і 30-я гады XVII стагоддзя). Уілсан таксама піша, што Рыгор Каніскі, меркаваны аўтар “Гісторыі Русаў”, “ананімнай гісторыі, якая натхняла нацыянальны рух XIX стагоддзя”, быў беларускім архіепіскапам і гэта нібыта сведчыць пра трываласць беларуска-ўкраінскай супольнасці. Ніхто ўжо не лічыць аўтарам “Гісторыі” Каніскага, але нават калі б гэта быў ягоны твор, дык паходзіў Каніскі з Украіны: ён нарадзіўся ў Нежыне і нейкі час быў рэктарам Кіева-Магілянскай акадэміі.


 
   

4

Наступны раздзел Уілсан прысвячае гісторыі казацтва да канца XVII стагоддзя, фармаванню ў гэты час культуры і тоеснасці. Ён лічыць, што менавіта ў XVII стагоддзі закладаліся асновы сучаснай украінскай тоеснасці, паколькі старажытныя карані ўкраінцаў, пра якія гаварылася ў другім раздзеле, занадта няпэўныя, а ў перыяд Кіеўскай Русі іхняя тоеснасць не магла сфармавацца, бо гэта супольная з Расіяй спадчына. Уілсан таксама развівае думку пра тое, што менавіта ў гэты перыяд адбылася культурная еўрапеізацыя Ўкраіны, і тэзіс расійскіх гісторыкаў і Пятра Талочкі, якія лічаць гэты перыяд парою адыходу ад традыцыяў Русі. Матэрыялам, выкладзеным у гэтым раздзеле, аўтар валодае лепш, хоць іншым разам і робіць памылковыя абагульненні (“Зрэшты, казакаў аб’ядноўвала перш за ўсё праваслаўная вера”) ды перабольшвае ўласныя аргументы (сцвярджае, што вельмі мала казакаў было з Львоўшчыны і што пераважная большасць казакаў былі простага паходжання, не заўважыўшы заходнеўкраінскіх каранёў Сагайдачнага ці ролі магнатаў, такіх, як Дзмітро Байда Вішнявецкі). Уілсан таксама памыляецца, кажучы, што Панцеляймон Куліш, Уладзімір Антановіч і Вячаслаў Лыпінскі “крытыкавалі казацтва за няздольнасць стварыць сапраўдную дзяржаўнасць”. Цікава ўбачыць побач трох гісторыкаў з такімі рознымі поглядамі на казацтва, але калі Ўілсан мае рацыю што да Куліша ў перыяд ягонага казакафобства, дык гэта аніяк не датычыць Антановіча і Лыпінскага. Народнік Антановіч не расцэньваў няздольнасць пабудаваць дзяржаву як нешта негатыўнае, а дзяржаўнік Лыпінскі лічыў, што ў часы Хмяльніцкага казакі дзяржаўнасць здабылі.

Разгляд XVII стагоддзя Ўілсан завяршае сцверджаннем, што ў той час узнікла асобная мясцовая культура, але “зберагчы яе — гэта была ўжо зусім іншая рэч”. Гэтую ўстаноўку ён развівае ў наступным раздзеле “Ўкраіна, Расія і Расійская імперыя” (“Ukraine, Russia and Rossija”). Тут гаворыцца пра стварэнне Расійскай імперыі і асіміляцыю мовы і тоеснасці расійскай эліты. Ён звяртае ўвагу на тое, што сучасныя нацыянальныя гістарыёграфы часта ігнаруюць трываласць і жыццяздольнасць розных імперскіх лаяльнасцяў і тоеснасцяў. У папярэдніх двух раздзелах аўтар паказаў украінскія карані гэтага працэсу, аналізуючы погляды ўкраінскіх думаннікаў XVII стагоддзя, якія даводзілі супольнае паходжанне ўкраінцаў ды расійцаў і выступалі за шчыльнейшыя сувязі з Масковіяй. У гэтым раздзеле паказана, як суадносіцца з фармаваннем украінскага нацыянальнага руху плынь за адзінства ўкраінцаў і расійцаў, якая ўзнікла ў XIX стагоддзі. Уілсан удала выкарыстоўвае біпалярнасць Гогаля і Шаўчэнкі, каб праілюстраваць розныя варыянты тоеснасці ўкраінцаў (або маларосаў) у XIX стагоддзі. Тут, як і ва ўсёй ягонай кнізе, уражваюць прыклады з літаратуры і мастацтва. Асабліва дарэчна ён згадвае драму Лесі Ўкраінкі “Баярыня”, тлумачачы, чаму ва ўкраінскім нацыянальным руху перад першай сусветнай вайной з’явілася проціпастаўленне Ўкраіны і ўкраінскай культуры Расіі і расійскай культуры.

Уілсан пачынае з патэнцыйна плённага параўнання Ўкраіны і Шатландыі XVIII стагоддзя, даводзячы, што, нягледзячы на пэўнае падабенства, іхняя роля і функцыя ў большай дзяржаве (Расійскай імперыі і Злучаным Каралеўстве) значна адрозніваліся. Ён часткова тлумачыць гэтую адрознасць тым, што ў XVIII стагоддзі Англія і Шатландыя ўжо былі асобнымі нацыямі. Праўда, калі яны такімі зрабіліся, Уілсан не піша, адыходзячы тут ад перакананых мадэрністаў. Уілсан мяркуе, што існаванне дзвюх асобных нацыяў абумовіла неабходнасць стварэння супольнай брытанскай тоеснасці, але ў выпадку Расіі і Ўкраіны гэтага не адбылося, бо на той час яны яшчэ не былі нацыямі. І менавіта гэта выклікала змешванне і размыванне невыразных тоеснасцяў украінцаў і расійцаў. Больш дэталёвы параўнальны аналіз падабенстваў, у першую чаргу супастаўленне брытанскай і “ўсерасійскай” ды ангельскай тоеснасцяў, а таксама пагарджання з боку ангельцаў і расійцаў (велікаросаў) адрозненнямі паміж імперскай і ўласнай тоеснасцю, быў бы ў гэтым раздзеле вельмі карысны. Магчыма, гэта дазволіла б іначай зірнуць на тое, як канцэпцыі “рускага народу” і казацкай Гетманшчыны ператварыліся ў XVIII стагоддзі ў маларасійскую палітычную, сацыяльную і культурную мадэль, з якой задоўга да рамантызму XIX стагоддзя выкрышталізавалася ўкраінская нацыянальная тоеснасць.

Уілсанавай працы ўвогуле не стае аналізу вызначальнай ролі XVIII стагоддзя ў развіцці культуры ды тоеснасці Ўкраіны, няхай і пад назвай Маларосіі. Марна шукаць у ёй гетмана Піліпа Орліка і ягоную канстытуцыю, што адыграла такую важную ролю ў палітычным жыцці сучаснай Украіны. Хоць Уілсан і згадвае пра тое, што дзеячы нацыянальнага руху XIX стагоддзя маглі знайсці ў летапісах XVIII стагоддзя нямала звестак пра эпоху казацтва, ён не адзначае, што ў гэтых тэкстах была адлюстравана найперш тагачасная палітычная культура і тоеснасць.

Няўважлівасцю да XVIII стагоддзя можна растлумачыць і тое, што ва Ўілсанавай “Бібліяграфіі”, рэкамендаванай для заходняга чытача, няма адной з найважнейшых англамоўных манаграфіяў па ўкраінскай гісторыі — кнігі Зянона Когута “Расійскі цэнтралізм і ўкраінская аўтаномія: Ліквідацыя Гетманшчыны. 1760—1830”. Не раскрыўшы складанага працэсу ўдзелу ўкраінцаў у стварэнні імперскай тоеснасці і культуры паралельна з развіццём украінскай, немагчыма зразумець усю дынаміку міфаў і тоеснасцяў на пачатку XIX стагоддзя (я сказаў бы, што, пачынаючы з XVII стагоддзя, украінцы няспынна ўводзяць у расійскі дыскурс паняцце народу/нацыі). Калі б Уілсан яго раскрыў, гэта дало б магчымасць увесці ў кантэкст такія працы, як “Гісторыя Русаў”, якую ён мімаходзь згадвае як “протанацыяналістычную”. Можна было б таксама не мяшаць у адну кучу Качубея, Безбародзькі, Кастамарава і Гогаля як “маларосаў”, проціпастаўляючы іх Шаўчэнку, які, на думку Ўілсана, стварыў альтэрнатыўны, г.зн. усеўкраінскі, сусвет (аўтар кніжкі не толькі памылкова паставіў побач “маларасійства” Кастамарава і Гогаля, але таксама не ўбачыў таго ўплыву, які зрабіла на Шаўчэнку “маларасійства” XVIII стагоддзя).

Даследчык яўна няўважлівы да Польшчы і польскіх уплываў, якія заставаліся вырашальным фактарам фармавання тоеснасці ўкраінцаў у царскай імперыі цягам XIX стагоддзя. Ён не раз згадвае Ўладзіміра Антановіча, але чытач так і не даведаецца пра польскае паходжанне гэтага выдатнага гісторыка і актыўнага дзеяча ўкраінскага руху, як і пра шчыльныя інтэлектуальныя сувязі Антановіча з “хлапаманамі” –– рухам польскай шляхты ва Ўкраіне, а менавіта яны сфармавалі ягоны народніцкі светапогляд. Уілсан абрывае абмеркаванне польскіх уплываў у Наддняпроўскай Украіне занадта рана — нават для даследавання, якое робіць акцэнт на ўзаемасувязях украінскай і расійскай тоеснасцяў.


 
   

5

Праўда, палякі з’яўляюцца ў раздзеле пра ўкраінскія землі ў імперыі Габсбургаў. Засяродзіўшыся пераважна на аўстрыйскай Галіччыне (хоць ёсць таксама падраздзелы пра Букавіну, Закарпацце ды ўкраінскую дыяспару), Уілсан даследуе працэс, у якім ён бачыць працэс стварэння міфічнай структуры галіцкага ўкраінафільства. Ён мяркуе, што галіцкія русіны былі своеасаблівай tabula rasa, на якой можна было фармаваць розныя тоеснасці і для якой яшчэ трэ было ўсталёўваць сувязі з украінцамі на Ўсходзе. Як русафільскую, так і русінскую тоеснасці Ўілсан лічыць аднолькава магчымымі альтэрнатывамі, але невысока ацэньвае тагачасную перспектыву інкарпарацыі русінаў у польскі нацыянальны праект. Пры канцы аўтар сцвярджае, што ў Галіччыне сфармаваўся радыкальны погляд на ўкраінскую нацыянальную тоеснасць, які ставіць расійцаў і ўкраінцаў па розныя бакі цывілізацыйнага падзелу. Уілсан прыпісвае Грушэўскаму вядучую ролю ў стварэнні новай “галіцкай ідэалогіі”, характарызуючы яе як “новае адкрыццё міфу Русі і выключэнне з гэтага міфу Расіі”. Асаблівую ўвагу ён звяртае на перайменаванне Русі ў “Русь-Украіну”, указвае на новы галіцкі “акцыдэнталізм”, які падкрэсліваў геапалітычную, культурную і расавую адрознасць украінцаў ад расійцаў. Гэтаму галіцкаму бачанню выключнасці Ўкраіны Ўілсан надае вялікае значэнне, але гэта, як і большасць ягоных сцверджанняў, занадта смелы і сумнеўны вывад.

Уілсан пераацэньвае новае адкрыццё Грушэўскім міфу Русі, які, на думку аўтара, ва Ўкраіне практычна знік яшчэ ў XVIII стагоддзі. Уілсан зазначае, што Грушэўскі абапіраўся на працы Антановіча і Кастамарава. Сапраўды, менавіта Антановіч у 1885 годзе парадзіў Аляксандру Барвінскаму выкарыстаць назву “Ўкраіна-Русь” у ягонай гістарычнай серыі. Аднак “міф” Русі стаў часткай украінскай традыцыі яшчэ на пачатку XIX стагоддзя ў “Гісторыі Русаў” і перш за ўсё ў працах Міхаіла Максімовіча. Уілсан нават не згадвае пра ягоную дыскусію 1850-х гадоў з Міхаілам Пагодзіным, які сцвярджаў, што ўсё насельніцтва Кіеўскай зямлі пасля мангольскай навалы перасялілася на поўнач, а на яго месца пазней прыйшлі продкі ўкраінцаў. Але ж гэтая дыскусія зрабіла барацьбу за спадчыну Русі цэнтральным пунктам ва ўкраінска-расійскай палеміцы. Пішучы пра Грушэўскага як пра галоўнага стваральніка новай “галіцкай ідэалогіі”, аўтар нідзе выразна не згадвае, што той прыехаў у Львоў з Наддняпроўскай Украіны, — а сярэдні заходні чытач напэўна не ведае пра нягаліцкае паходжанне і духоўнае станаўленне Грушэўскага. Гэта толькі адзін з момантаў Уілсанавага прымяншэння ролі Ўсходняй Украіны ў развіцці таго, што ён называе “галіцкай” ідэалогіяй. Чытач дазнаецца, скажам, што дыскусію пра расавае адрозненне расійцаў і ўкраінцаў распачаў антраполаг Хведар Воўк, які “нарадзіўся ў Палтаве, але большасць даследаванняў праводзіў у Галіччыне”. Гэта праўда, што Воўк у 1904—1906 гадах зладзіў важныя экспедыцыі ў Галіччыне. Але гэты выхадзец з Палтаўшчыны і выпускнік Кіеўскага і Адэскага ўніверсітэтаў правёў нямала палявых даследаванняў і на Наддняпроўшчыне. Гнаны царскім рэжымам, Воўк уцёк за мяжу і пазней абараніў дысертацыю ў Парыжы. Пасля рэвалюцыі 1905 году вярнуўся ў Расійскую імперыю як хавальнік Этнаграфічнага музею імя імператара Аляксандра III і выкладчык факультэту антрапалогіі Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэту. Відавочна, што жыццёвы вопыт, здабыты ў Расійскай імперыі, значна больш паўплываў на фармаванне поглядаў Воўка, чым непрацяглае знаходжанне ў Галіччыне.

Тэндэнцыя да спрашчэння рэгіянальнага складу стваральнікаў украінскай нацыянальнай ідэалогіі XX стагоддзя праглядаецца таксама ў аповедзе пра ўкраінскую дыяспару. Уілсан толькі мімаходзь згадвае міжваенную дыяспару з “Вялікай Украіны” ў Празе, Варшаве, Парыжы, Берліне і іншых еўрапейскіх цэнтрах, якая адыграла такую важную ролю ва ўкраінскім палітычным, культурным і інтэлектуальным жыцці. Але нават у гэтых нешматлікіх згадках ёсць фактычныя памылкі: напрыклад, месцам пражывання Лыпінскага і Скарападскага названая Прага. Постаць Сымона Пятлюры ледзь згадваецца (у адрозненне ад Грушэўскага і Скарападскага) у аглядзе незалежных украінскіх дзяржаваў, а пра забойства Пятлюры на эміграцыі ў Парыжы, што зрабіла яго постаць легендарнаю, а яго самога — мучанікам, не згадваецца ўвогуле. Да паўночнаамерыканскай дыяспары, піша Ўілсан, пасля другой сусветнай вайны далучылася “новая хваля эмігрантаў, але зноў толькі з Заходняй Украіны”. Заходнікаў сапраўды было больш (асабліва пасля таго, як многіх усходнікаў, што хацелі застацца на Захадзе, саюзнікі прымусова выдалі Савецкаму Саюзу), але тое, што нямала новых эмігрантаў у ЗША і Канадзе паходзілі з Усходняй Украіны, адразу ж істотна адбілася на паўночнаамерыканскай дыяспары. Яна вырашыла актыўней змагацца з савецкай дэзінфармацыяй, бо цяпер сюды прыбыло шмат сведкаў галадамору 1932—33 гадоў. Украінскае інтэлектуальнае жыццё ажыўлялі такія вучоныя-ўсходнікі, як Юры Шавялёў, Ігар Шаўчэнка, Аляксандр Аглоблін і многія іншыя. Вялікае значэнне мела таксама стварэнне Ўкраінскай свабоднай акадэміі навук. Мітрапаліт Мсціслаў Скрыпнік, колішні афіцэр арміі УНР, і мітрапаліт Іларыён (Іван Агіенка), колішні міністр ураду УНР, узмацнялі ўкраінскае праваслаўе ў Паўночнай Амерыцы; Уілсан расказвае пра іх у раздзеле, прысвечаным царкоўнаму жыццю Ўкраіны, але, здаецца, не звязвае іх са сваімі ж поглядамі на пасляваенную эміграцыю.


 
   

6

У сёмым раздзеле “XX стагоддзе: ад сялян да ўкраінцаў” Уілсан даследуе разнастайныя палітычныя рухі і ідэалогіі (часам называючы іх праектамі), што фармавалі Ўкраіну апошняга стагоддзя. Ён аспрэчвае погляды такога аўтарытэтнага даследчыка сучаснай Украіны, як Яраслаў Грыцак, які сцвярджае, што яно завяршыла фармаванне ўкраінскай нацыі. Уілсан указвае на розныя тоеснасці ды розныя варыянты яе будучага развіцця, якія робяць гэтае завяршэнне праблематычным. Асабліва каштоўны ягоны аналіз украінскага мадэрнізму 20-х гадоў як жыццядайнага перыяду ва ўкраінскай культуры. Аўтар пераканаўча паказвае, як у Савецкім Саюзе пасля ўкраінізацыі ўкраінская тоеснасць была заменена на лаяльную да СССР: у пэўнай ступені яна вярнулася да падпарадкавання расійскай тоеснасці і да ўз’яднання з ёй пад дахам славянафільства. У гэтай частцы кнігі Ўілсан акрэслівае феномен, які пасля назаве “іншай Украінай”, што не прыняла мадэлі ўкраінскай нацыянал-дэмакратыі, але і не стала цалкам расійскай. Уілсан выдатна праводзіць межы паміж украінскай, савецкай, расійскай і славянскай тоеснасцямі ў савецкай Украіне ў сталінскія і паслясталінскія часы. Дзіўна, што аўтар не надае дастаткова ўвагі галадамору, рэпрэсіям і другой сусветнай вайне, якія знішчылі безліч людзей і культурных каштоўнасцяў ва Ўкраіне. Мала згадваецца і пра тое, як у другой сусветнай вайне паядналіся савецкі і славянскі міфы.

Вяртаючыся да заходнеўкраінскай ідэалогіі і яе дачынення да Ўсходняй Украіны, Уілсан зноў церпіць няўдачу. У падраздзеле “Рафінаваны этнанацыяналізм” ён піша пра “радыкальную этнанацыяналістычную альтэрнатыву” ў міжваеннай Заходняй Украіне. Уілсан падкрэслівае панаванне антырасійскіх настрояў нягледзячы на тое, што “галоўным захопнікам” рэгіёну была Польшча. Даследуючы развіццё гэтай ідэалогіі, Уілсан сцвярджае, што для “вядучага ідэолага новай тоеснасці Дзмітра Данцова (1883—1973) Польшча была прыгнятальнікам Украіны, а Расія была яе — як і ўсёй Еўропы — экзістэнцыйнай антытэзай”. Ён таксама згадвае пра ролю Яўгена Маланюка (называючы гады ягонага жыцця 1897—1939, хоць Маланюк пражыў у Злучаных Штатах да 1968 году). Абодвух Уілсан называе “заходнеўкраінскімі пісьменнікамі” і ніводнага разу не згадвае, што Данцоў, хоць у міжваенны перыяд жыў у Львове, нарадзіўся ў Мелітопалі і да 1908 года жыў у Расійскай імперыі, а потым эміграваў праз зняволенні і пераслед. У 1917 годзе ён вярнуўся і ўзначаліў прэс-бюро ва ўрадзе гетмана Скарападскага. Маланюк нарадзіўся на Херсоншчыне, быў афіцэрам арміі УНР і неўзабаве эміграваў, але, наколькі мне вядома, ніколі не жыў у Заходняй Украіне, а міжваенны час правёў пераважна ў заходняй Чэхаславаччыне і Варшаве. Празмерная ўвага Данцова і Маланюка да Расіі і расійска-ўкраінскіх стасункаў тлумачыцца якраз тым, што яны былі ўсходнікі, а не заходнікі. Перамога ідэяў усходніх украінцаў засведчыла сілу панукраінскага духу, хоць многія аўтары тлумачылі яе пранікненнем радыкалізму, тыповага для інтэлігенцыі Расійскай імперыі, у постаўстрыйскую Галіччыну. Іван Лысяк-Рудніцкі ў працы “Грамадска-палітычны светапогляд Уладзіміра Віннічэнкі” параўноўваў Віннічэнку і Данцова — сыноў паўднёваўкраінскіх стэпаў, якія мелі многія характэрныя рысы светапогляду расійскай інтэлігенцыі (ідэалагічны экстрэмізм, радыкальнасць рашэнняў, рэвалюцыйнае і таталітарнае мысленне), аднак развілі іх у розных палітычных напрамках — левым і правым. З Лысяком-Рудніцкім можна згаджацца, а можна не, але трэба адзначыць усходнеўкраінскі ўплыў на фармаванне ўкраінскага антырасійскага інтэгральнага нацыяналізму XX стагоддзя, каб пазбегнуць спрошчанага анахранічнага падзелу Ўкраіны на “нацыяналістычны Захад” і “прарасійскі Ўсход”.


 
   

7

Няхай другую палову кніжкі, у якой апісваецца здабыццё незалежнасці і функцыянаванне ў новай украінскай дзяржаве палітычных, рэлігійных і эканамічных інстытутаў, ацэньваюць спецыялісты па гісторыі сучаснай Украіны. На маю думку, гэтая частка цалкам удалая (толькі ў раздзеле пра рэлігію аўтар адчувае сябе няўпэўнена) і карысная для тых, хто хоча пазнаёміцца з сітуацыяй ва Ўкраіне. Спынюся на двух раздзелах, на мой погляд, самых арыгінальных.

У раздзеле “Ўяўляючы ўкраінцаў: адна Ўкраіна ці некалькі?” Ўілсан выяўляе розныя тоеснасці насельніцтва Ўкраіны, часта расплывістыя і мяшаныя. Чытачы, знаёмыя з ягонай папярэдняй кніжкай, заўважаць, што аўтар па-майстэрску аналізуе тоеснасць тых, хто не далучыўся да ўкраінскай нацыянальнай традыцыі, і ўжо беспадстаўна не аддзяляе іх ад украінскага нацыянальнага лагеру. Ягоны тэзіс, што вялікае значэнне для ўкраінскай тоеснасці мае савецкая спадчына, у святле апошняга дзесяцігоддзя выглядае пераканаўча. Аднак аўтар часта выказвае здагадкі там, дзе патрэбныя абгрунтаваныя аргументы, як, напрыклад, у падраздзеле “Посткаланіяльная Ўкраіна?”, дзе сцверджанне “Ўкраіна ніколі не была класічнай калоніяй” падмацавана толькі словамі гісторыка Ўладзіміра Грынёва.

Раздзел “Уяўляючы Украіну: да тэорыі ўкраінскай геапалітыкі” прадстаўляе розныя канцэпцыі Ўкраіны і яе месца ў разнастайных уяўных геапалітычных блоках — Еўропе, Цэнтральнай Еўропе, Еўраатлантычным свеце і Еўразіі. Тут разглядаюцца не толькі сучасныя геапалітычныя і цывілізацыйныя канцэпцыі (Сэмюэла Гантынгтана і Збігнева Бжазіньскага), але і шматлікія тэорыі першай паловы XX стагоддзя. З украінскіх нацыянальных канцэпцыяў Уілсан звяртаецца да прац Сцяпана Рудніцкага пачатку стагоддзя і Юр’я Ліпы часоў другой сусветнай вайны. Асабліва каштоўныя выкладзеныя тут погляды сучаснай Расіі на Ўкраіну, у прыватнасці ўключэнне Ўкраіны ў еўразійскую прастору (пазіцыя Генадзя Зюганава). У адрозненне ад папярэдняй кніжкі, Уілсан вельмі добра паказвае, што многім расійцам цяжка пагадзіцца з існаваннем украінскай нацыі, нават калі яны згаджаюцца з існаваннем украінскай дзяржавы, і гэта датычыць нават людзей з памяркоўнымі поглядамі, не кажучы ўжо пра тыя палітычныя колы, якія адмаўляюцца прызнаць за Ўкраінай законнае месца на геапалітычнай арэне.

Як і ў іншых раздзелах, аўтар грэбуе польскай традыцыяй, гэтым разам польскай думкай у Новым свеце. Так, Оскар Галецкі выказаўся за ўключэнне Ўкраіны ў “Цэнтральна-Ўсходнюю Еўропу” ў сваіх працах “Межы заходняй цывілізацыі: гісторыя Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы” (1952) і “Гісторыя Еўропы: межы і падзелы” (1950), што выйшлі ў перыяд заснавання саветалогіі, славістыкі і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў у ЗША пасля другой сусветнай вайны. Відавочна, гэтаму паспрыялі ўкраінскія карані навукоўца і тое, што ён даследаваў гісторыю ўкраінскіх земляў XVI — пачатку XVII стагоддзяў. Таксама цяжка ўявіць аналіз вобразаў Украіны і сітуацыі ў рэгіёне без Ежы Гедройца і часопісу “Культура”.


 
   

8

Уілсан прачытаў шмат, але не глыбока. Ён сабраў велізарны матэрыял, аднак не праверыў яго дакладнасці. Аўтар піша з захапленнем, але, магчыма, з-за фрагментарнасці структуры кнігі, вывады і аргументы ў розных раздзелах не заўсёды стасуюцца паміж сабой.

Гэта відаць у характарыстыцы адной з галоўных адзнак украінскай нацыі — назваў “Украіна” і “ўкраінцы”. Бясспрэчна, тое, што Ўкраіна не мела сталай уласнай назвы, адмоўна адбілася на нацыянальным развіцці, а новыя назвы штораз ставілі пад сумненне непарыўнасць украінскай гісторыі. Сістэматычныя і традыцыйныя храналагічныя даследаванні па гісторыі ўкраінцаў нязменна закранаюць гэтую праблему, як, напрыклад, Грушэўскі ў першым раздзеле першага тома “Гісторыі Ўкраіны-Русі”. Аднак Уілсан, разглядаючы змену саманазвы галічан з русінаў на ўкраінцаў каля 1900 году, піша: “Гэтая тэрміналагічная змена арыентавалася на прэцэдэнты XVII стагоддзя і ўпершыню была ажыццёўлена ў Харкаве на пачатку XIX стагоддзя, яшчэ да таго, як яе папулярызаваў Шаўчэнка”. У заўвазе да гэтага выказвання гаворыцца, што “слова “Ўкраіна” сустракаецца ў летапісах з XII стагоддзя, але шырока ўжываецца толькі з канца XIX”. Я не ведаю ніводнага выпадка ўжывання слова “ўкраінцы” як нацыянальнай назвы ў XVII стагодззі, няма гэтага слова і ў творах Шаўчэнкі. Затое паняцце “Ўкраіна” ў XVII стагоддзі вельмі пашырылася, калі яно пачало азначаць не “пагранічныя землі”, а адну з назваў казацкіх земляў і Гетманшчыны, што ўтварылася пасля паўстання Хмяльніцкага.

Не зусім дакладны аўтар і ў выкладзе гістарычных міфаў. У якасці доказу аднаўлення сувязяў русінаў з Кіеўскай Руссю ў XVII стагоддзі Ўілсан прыводзіць цытаты накшталт: “З таго пакалення войска, што… за Ўладзімірам, святым манархам рускім, ваявалі Грэцыю, Македонію, Ілірык”. Кожны, хто ведае гэты перыяд украінскай гісторыі, пазнае фрагменты “Пратэстацыі” мітрапаліта Ёва Барэцкага 1621 году. Гэты фрагмент вельмі вядомы, паколькі Грушэўскі выкарыстаў урывак з яго як эпіграф да першага тома гісторыі ўкраінскага казацтва. Аднак у ім гаворыцца не пра русінаў, а пра казакаў, удакладняе прафесар Ігар Шаўчэнка, у якога Ўілсан бярэ гэтыя звесткі. Уілсан ведае пра гэта, што відаць з цытаты ў наступным раздзеле (с. 23). Сапраўды, калі ва Ўкраіне канца XVI — пачатку XVII стагоддзя вырасла цікавасць да гісторыі, сувязь са Старажытнай Руссю здавалася відавочнай: яна была ўвасоблена і ў польскай гістарыяграфіі, якая стымулявала тую цікавасць, і ў саміх руінах Кіева. Гэтай сувязі ніхто не ставіў пад сумненне аж да сярэдзіны XIX стагоддзя, калі Пагодзін паспрабаваў даказаць адваротнае. У той жа час, сувязь казацтва са Старажытнай Руссю — гэта свядомы “нацыянальны праект” украінскага духавенства XVII стагоддзя. Каб дэканструяваць нацыянальныя міфы, трэба іх выкладаць правільна.

Часам Уілсанавы высновы сумнеўныя. Ён сцвярджае, што ў польска-ўкраінскай вайне 1918—19 гадоў Польшча здабыла “лёгкую перамогу”. “Лёгкая” яна была ці “цяжкая” — залежыць ад таго, з якога боку на яе глядзець. Але Ўілсан, вядома ж, не піша, што пра гэта думаюць палякі, — а іхняя маладая дзяржава страціла 10 тысяч байцоў (украінцаў загінула 15 тысяч). Цяжкасці ў барацьбе з арміяй, набранай толькі з трох з паловай мільёнаў заходніх украінцаў, былі вялікім ударам для польскай дзяржавы і грамадства, і менавіта таму палякі так жорстка ставіліся да ўкраінцаў, калі войскі Ўкраінскай Галіцкай арміі былі выцеснены за Оўруч. З іншага боку, падзеі ўкраінска-польскай вайны ўзмацнілі самаўпэўненасць і нездаволенасць заходніх украінцаў, таму новай польскай дзяржаве было вельмі цяжка дабіцца іхняе пакоры, не кажучы пра лаяльнасць. Лагеры інтэрнаваных падчас і пасля вайны, а таксама іншыя акты гвалту паглыбілі прорву паміж палякамі і ўкраінцамі. Ва ўводзінах Уілсан тлумачыць, чаму ён звяртаецца пераважна да расійска-ўкраінскай, а не да польска-ўкраінскай тэматыкі. Аднак наўрад ці гэта апраўдвае няўвагу да адной з найважнейшых падзеяў як для ўтварэння ўкраінскай нацыі ў XX стагоддзі, так і для ўкраінскай ды польскай нацыянальных міфалогій. Тым больш што гэтая падзея вельмі істотная для развіцця “заходнеўкраінскага радыкальнага этнанацыяналізму”, якому Ўілсан надае такое значэнне.


 
   

9

Такім чынам, што дае Ўілсанава кніга для даследавання ўкраінцаў як нацыі ці народу, што новага яна ўносіць у гістарычныя дыскусіі ва Ўкраіне і як яна паўплывае на ўспрыманне Ўкраіны заходнімі вучонымі? Для ўласна нацыялогіі кніга не мае вялікай каштоўнасці дзеля браку інтэлектуальнай выразнасці ў вызначэнні прадмета даследавання. Аўтар не дае азначэння нацыі, таму незразумела, паводле якіх крытэраў ён сцвярджае існаванне ўкраінскай нацыі. Нежаданне бачыць гістарычнае развіццё элементаў народу/нацыі і правільна выкарыстоўваць прааналізаваны матэрыял надалей таксама змяншае каштоўнасць кнігі, якая прэтэндуе на даследаванне эвалюцыі ўкраінскага народу (напрыклад, як моўнай супольнасці або групы, якая адрозніваецца ад суседзяў) і/або нацыі. Таму чытач нават не зразумее, што ўкраінцы то набліжаліся да развітой нацыянальнай супольнасці (як у сярэдзіне XVII стагоддзя або ў 1920-х гадах), то аддаляліся. Нягледзячы на гэта, для ўкраінскіх навукоўцаў каштоўным ва Ўілсанавай працы можа быць і разгляд “альтэрнатыўнай” гісторыі, і ўвага да неўкраінскіх нацыянальных ідэалогіяў і тоеснасцяў. Заходні чытач знойдзе ў кніжцы багаты матэрыял пра ўкраінцаў, хоць тэндэнцыя прымяншаць узровень развіцця ўкраінцаў як нацыі можа трохі ўзмацніць скептыцызм адносна іхняй гістарычнай легітымнасці. Тым больш што дэканструкцыі Расіі і Польшчы на Захадзе яшчэ не было, хоць яна ўжо распачата ў апошніх працах такіх навукоўцаў, як Вера Толц.

Шмат хто ахвотна прачытае Ўілсанаву кнігу, і яна дапаможа глыбей зразумець сучасныя ўкраінскія рэаліі. Нават тыя, хто не пагодзіцца з Уілсанавай думкай, што “ўтварэнне [ўкраінскай нацыі] пачалося позна і дагэтуль працягваецца”, без ваганняў прымуць ягоныя доказы гістарычнай легітымнасці Ўкраіны ды ўкраінцаў і неабходнасці сур’ёзна ставіцца да іх. Безумоўна, кніга будзе мець істотны ўплыў на заходні вобраз Украіны. Таму і дзеля гэтага, і дзеля пытанняў, пастаўленых па-новаму, украінцам варта яе прачытаць — не заплюшчваючы вачэй на немалую колькасць прыкрых хібаў.

Пераклаў з украінскай Сяргей Петрыкевіч
паводле часопісу “Критика”.
Друкуецца з ласкавае згоды часопісу і аўтара.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (22) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 19-12-2002