A R C H E П а ч а т а к № 2 (22) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22002
» да Зьместу «

 


Нашы дзеткі
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

 
Вокладка ARCHE 2-2002.

   Мінулыя нумары:

   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

  Ноч перад Новым годам
  Чароўны край
  Агітатар
  Саммі
  Агацін тата



Міхась Машара
 
 
Ноч перад Новым годам


Сярэбрачыся зіяньнем дрыжачых зорак,
Ноч марозная ціха плыве.

Марозная ноч. Яскрава-чырвоны пурпур зары на захадзе даўным-даўно пагас, утапіўся ў густой імгле, што прадвесьніцай вялікага марозу залегла зь вечара цёмна-шэрым вянком на краі кругазору. Цёмна-сіняя глыбіня начнога неба густа-густа засеяна малымі і вялікімі зоркамі, якія, углядаючыся ў малочную бель заснуўшых палёў, пераліваюцца і дрыжаць многахваробным зьзяньнем…

У паветры ціха-ціха… Так выразна чуваць далёкае тужлівае завываньне галодных ваўкоў, заядла-трывожную пераклічку вясковых сабак і пісклівы скрып саней спозьненага падарожніка. Праўда, часам узварушыць гэтую цішыню раскацістым глухім рэхам магутны трэск — гэта ўладар сьцюдзёнага царства, сівы Дзед Мароз, мацуе сваім вандроўным кіем крыштальна-сталёвыя масты рэк і азёр, а мо паліць з гармат “віваты” на спатканьне Новага году.

Але пакінем краскі зімы… і паглядзім лепш, як спатыкаюць яго людзі.

Вось на высокім беразе Дзісенкі далёка ад вялікіх гарадоў і дарог, захаваўшыся між лагчын і нязьлічаных узгоркаў, пад белым зімовым покрывам, здалёк — быццам статак белых авечак, бязладна рассыпаліся вясковыя хаткі. Зімовыя завеі ў сваім буйным разгульлі, навяваючы вялізныя гурбы каля платоў і сьцен, глыбака засыпалі іх сьнегам. Між гэтых хатак, уючыся з гурбы на гурбу, разьляглася вузкая вясковая вулка, да якой ад кожнай хаткі, як галінкі да дрэва, цягнуцца вытаптаныя ў сьнезе сьцежкі. Хаткі невялікія, некаторыя пахіліліся крыху на бок, быццам ад цяжару сьнегу, наваленага на саламяныя стрэхі. Адны — блізка ля самай вулкі, другія з сваімі хляўцамі, паветкамі і сьвіронкамі адбегліся значна далей у бок і там сядзяць, засыпаныя да стрэхаў сьнегам. Там-сям стаяць, як вартаўнікі, старыя вербы, раскінуўшы шырака сваё гальлё, прыбранае сьнежна-пушыстымі карункамі. Дзе-нідзе ля хаткі глыбака ў сьнезе стаіць маленькі садок з густым кустом вішняку…

Ясная навагодняя ноч ціха атуліла сьцюдзёным скрылом гэту вёсачку і як бы сама прытулілася да яе, падслухоўваючы жыцьцё гэтых пахілых хатак, што блішчаць на сьнежнай белі агнямі маленькіх замураваных марозам акон, быццам водблескамі далёкіх зьзяючых зор ці сьветлякамі ў траве вясновай парой.

А жыцьцё як бы замерла, як бы прытаілася тут у навагоднім чаканьні. Не відаць ніякага руху, не чуваць ніякага гулу вячэрняй працы. Зь ніводнае хаткі не нясецца звычайнае ў гэту пару вурчэньне калаўротаў сабраных на попрадкі пральняў, ані цяпаньня тапара, ані пісклівага голасу пілы нешта майструючага гаспадара.

 
   

Часам скрыпнуць недзе дзьверы — і ў марознай цішы далёка нясецца, вылецеўшы адтуль, адгалосак адарванай гутаркі.

Кожны селянін сёньня загадзя стараўся закончыць усю працу, бо ж вечарам Багатая куцьця. Гэта ж адно з гадавых урачыстых сьвяткоў, як Радаўніца, Дзяды і другія сьвяткі, урачыстая павага якіх уяўляецца ў тым, што, па законе адвечнага звычаю, кожны селянін стараецца зрабіць як найбагацейшую вячэру, дазваляючы сабе ня часта спатыканыя здабыткі ў яго жыцьці: смачна паесьці.

З гэтых сьвяточных звычаяў асабліва выдзяляецца роскашай навагодная куцьця — недарма ж яна завецца Багатай куцьцёй.

Але мы адышлі ад мэты. Нам трэ жывыя абразкі жыцьця і настрою, у якім спатыкаюць жыхары гэтай вёскі Новы год.

Вось перад намі недалёка ад вулкі адна зь лепшых хатак гэтай вёскі ветліва блішчыць аганькамі акон, як бы запрашаючы да сябе змучанага падарожніка, абяцаючы гасьцінны прыём, цяпло і супакой.

Дык зойдзем… Хата досыць абшырная. Правы куток ад парога амаль увесь займае вялізная пабеленая вапнай печ. Супроць яе ў другім кутку, пад абразамі, пакрытымі белым, як сьнег, ручніком, стаіць маляваны чырвонай хварбай стол. Над ім вісіць лямпа. Ад стала ўздоўж вылепленых белай сьвежай паперай сьцен цягнуцца чыста вышараваныя лаўкі. Па вымытай падлозе ўсюды раскінуты дробна пасечаныя яловыя лапкі, ад якіх у цёплым паветры хаткі прыемна пахне смалой.

У двух другіх кутках стаяць засланыя ўзорнымі дыванамі ложкі. На адным зь іх ляжыць гаспадар, яшчэ не стары, поўны сіл мужчына.

Ён нядаўна прыехаў зь лесу, дзе вазіў на сплаў бярвеньне. Сёньня, завёўшы апошні воз, доўга ждаў платы за папярэднюю працу і дзеля гэтага спазьніўся. Прыехаўшы да дому, гаспадар крыху перакусіў і лёг спачыць.

Гаспадыня штось яшчэ прыбірае, штось варыць каля печы. А на печы ў белай палатнянай кашулі, зьвесіўшы зграбна апранутыя ў ліповыя лапці зь белымі новымі анучамі ногі на пяколак, сядзіць лысы зь сівой невялікай бародкай стары дзед — бацька гаспадара. Каля яго — унукі. Меншага свайго пестунка, Юрачку — хлапца гадкоў трох, дзед трымае на каленях. Воддаль, на каптуры, падабраўшы пад сябе лапкі, мурлыкаючы сваю ціхую манатонную песьню, сядзіць любімец дзетак — чорны таўсты кот.

Дзеткам вельмі нудна чакаць на гэтую “багатую куцьцю”, для якой маці прышыкавала столькі прысмакаў. Каб хутчэй скаратаць час, яны засыпаюць рознымі пытаньнямі дзеда.

 
   

— Дзядулька, а пашто кладуць на Багатую куцьцю на стол пад абрус сена? — пытаецца бальшак Янук.

Яму мінула ўжо восем гадоў, ён ужо ходзіць у вясковую школу — з чаго вельмі горды і паважна задае свае цікавыя пытаньні дзеду.

— Га?.. Што казаў?.. — пытаецца замест адказу дзед.

Ён крыху глухаваты. Янук панаўляе пытаньне.

— Сена… Сена… А гэта для таго, што Хрыстос нарадзіўся на сене.

— А дзядулька казаў, што на калядную куцьцю кладуць дзеля гэтага сена, а сёньня багатая, — дапытваецца Янук.

— Гэта ўсё роўна. Сена заўсёды на куцьцю кладуць дзеля гэтага, бо такі звычай здаўна, — тлумачыцца дзед.

Янук не зусім задаволены, хоча пытацца далей, але яго перабівае Галінка, меншая сястра Янука.

Цікавую гутарку дзетак перарывае маці, клічучы ўсіх за стол. Хуценька прыбеглі радыя дзеці, зьлез зь печы дзед, устаў бацька. На’т кот саскочыў з каптура, трэцца каля дзяцей, раз-пораз кладзе лапкі на стол, высоўвае свой ружовы нос і з захапленьнем нюхае смачны пах прысмакаў.

Чаго ж, чаго там на стале ні было! І мяса, і каўбасы, і аладкі, і салодкая куцьця… Са смакам елі і старыя, і малыя; мурлыкаючы ад здавальненьня, зьядаў і кот тое, што яму дзеці кідалі пад стол.

Але ж было ўжо даволі позна, усім хацелася спаць, а маленькі Юрачка на’т заснуў на руках у мамы. Толькі Янка, прытуліўшыся да бацькі, шаптаў яму аб сваіх жаданьнях і надзеях на тыя радасьці, якія павінен яму прынесьці Новы год. Але ж і яго вочкі былі шторазу больш сонныя, і ён ахвотна паслухаў мамы, якая, паслаўшы пасьцель, клікала дзетак спаць. У хуткім часе ў хаце было зусім цёмна і ціха. Толькі праз вокны заглядалі ясныя зіхоткія зоркі… Глядзелі яны на тварыкі дзетак, якія ўсьміхаліся ў сьне і летуцелі аб тым, што ім прынясе Новы год.

На канцы тае ж самае вёскі, згорбіўшыся ад старасьці, прысела пасярод гурганоў сьнегу малюсенькая хатка старэнькай жабрачкі. Ціха ў хатцы і сумна ў гэтую марозную навагоднюю ноч. Не гарыць у печцы, не відаць ніякага перадсьвяточнага руху, а дробныя замерзшыя шыбкі слаба мігцяць ад дрыжачага сьвету лучыны. У хатцы сьцюдзёна і панура… У куточку на ўслоне сядзіць, скорчыўшыся, маленькая, мо сямі-васьмі гадовая дзяўчынка — унучка старой жабрачкі. Яе парваная сукенка не закрывае худзенькіх ножак, а дрыжачыя ручкі моцна-моцна прыціскаюць да грудзей дзіравую хустку. Яе бабулька яшчэ не вярнулася з жэбраў. Дзяўчынка адна ў гэтых голых сумных сьценах засыпанай сьнегам хаткі. Ёй страшна… Страшна ад гэтых жудасных, лунаючых па сьценах ценяў змроку… Страшна ад погляду дзюрак-вачэй лысага сьвятога на абразе. Апошнюю лусту хлеба яна даўно зьела і цяпер на вячэру чакае бабульку. Сёньня Багатая куцьця, людзі добра дораць. Бабулька павінна прынесьці шмат хлеба, а пэўна, назьбірае і закрасы. Але вось нешта спазьнілася, не ідзе.

Дзяўчынка час ад часу ўстае з услону і паглядае праз маленькую прахуханую ў зьмерзлай шыбцы дзюрачку. Мо, часам, ідзе бабулька? Але нічагусенькі не відаць, апрача белага сьнегу і маленькай латкі цёмна-сіняга неба, засеянага густа дрыжачымі зоркамі. Пасьля падыходзіць да дзьвярэй і, прылажыўшы вушка, слухае, ці не скрыпяць знаёмыя шагі… Не чуваць нічагусенькі. Толькі недзе ў кутку ці пад печкай скрабе мыш. “Чаму не ідзе бабулька? — думала дзяўчынка. — Пэўна прыстала, а мо заначавала дзе, спазьніўшыся! Не, не, не заначуе. Яна ведае, што чакае яе галодная ўнучка”, — дзяўчынка зноў ідзе да акна, ізноў доўга ўглядаецца ў сьнежную бель. У хатцы цямнее: дагарае лучынка. Дзяўчынка скідае дымячы агарак на зямлю, у чорную жалезіну сьветача затыкае другую лучынку і доўга грэе худыя скрэпшыя ручкі над зырка ўспыхнуўшым аганьком.

У хатцы сьцюдзёна… Замерзшая дзяўчынка бярэ з палка парваную дзяружку і лезе на не зусім яшчэ астыгшую печ, лажыцца, скорчыўшыся, і, каб хутчэй нагрэцца, нацягвае дзяругу на галаву.

Прыемнае цяпло памалу пачало абнімаць худзенькае цела дзяўчынкі, і яна крыху павесялела. Тут ёй зусім ня страшна, а каб чаго пад’есьці, то было б зусім добра. “Ці ж гэта мне першыня быць галоднай! — думае яна. — Хутка прыйдзе бабулька, вось тады смачна пад’ем!” З гэтай думкай яна і засынае.

…У хаце стала зусім цёмна. Лучына дагарэла і згасла, толькі ў сьветачы блішчэў яшчэ незатухшы чырвоны вугаль агарка, які ў цемры выглядаў, як вогненае вока нейкай пачвары. Час ад часу па хатцы зь піскам прабягалі мышы ды зь печы неслася роўнае дыханьне дзяўчынкі.

Сьпіць дзяўчынка, і сьніцца ёй, што нарэшце прыйшла бабулька, а яна, жыва саскочыўшы зь печы, пачала памагаць бабульцы зьнімаць вялізныя, туга нечым напакаваныя торбы. Рада дзяўчынка: зьнік недзе страх адзіноцтва, дый хатка неяк дзіўна перамянілася: па сьценах ня поўзаюць даўгія цёмныя цені, на стале ясна гарыць лямпа.

Бабулька выкладае на стол шмат розных рэчаў: тут ёсьць і хлеб, і масла, і саланіна, і каўбасы, а торба ўсё яшчэ не пустая.

З другой торбы бабулька вымае новую сукенку і чаравікі і дае ўсё гэта ёй. Пасьля дастае з запазухі шнурок чырвоных пацерак і, вешаючы іх на шыйку анямеўшай з радасьці ўнучкі, цалуе яе шчочкі сваімі зморшчанымі вуснамі, на якіх сьвеціцца ціхая ўсьмешка. Дзяўчынка аглядае прыгожыя падарункі і хуценька пачынае апранацца.

 
   

А тым часам бабулька ўжо разьвяла агонь на прыпечку, і па ўсёй хатцы расходзіцца прыемны пах і піск скварак. Не пасьпела дзяўчынка апрануцца, як на стале ўжо зьявілася сена, белы абрус, а на ім — хлеб, куцьця і поўная патэльня каўбас і скварак.

Садзяцца за стол; бабулька падкладае ўнучцы самыя смачныя кусочкі і пры тым міла ўсьміхаецца.

У гэты самы час, як дзяўчынка ўва сьне так радасна спаткала Новы год, па дарозе з далёкай вёскі ідзе дамоў старая жабрачка — бабулька нашай дзяўчынкі. Скрып, скрып — граюць марозную песьню дробныя частыя шагі па бліскучай выгладжанай санямі дарозе.

Бабулька прыстала і, як на грэх, спазьнілася, а да хаткі яшчэ не малы кавалак, вярсты дзьве будзе.

“Трэ было раней зьбірацца ў дарогу”, — думае бабулька. Але ж не заўсёды бывае “Багатая куцьця”, не заўсёды людзі так багата дораць. Трэ было з гэтага скарыстаць. Сёньня яна сабрала больш, чым за цэлы папярэдні тыдзень. Будзе з чым спаткаць Новы год, будзе чым пацешыць унучку. Толькі вось каб хутчэй дайсьці да вёскі…

Час ад часу бабулька затрымліваецца і, пазіраючы на бліскучыя зоркі, слухае, ці не скрыпяць ззаду сані якога-небудзь спазьніўца-падарожнага?.. Цішыня… Нічагусенькі не чуваць… Толькі моцна-моцна б’ецца сэрца, ды часам здалёк даляціць тужлівая нота галоднай ваўчынай песьні.

Ізноў ідзе далей бабулька, ізноў скрыпіць сьнег пад нагамі, а змучанае старое цела просіць адпачынку: ломяць плечы ад цяжкіх торбаў, як абцугі, мерзлыя хадакі ціснуць змучаныя ногі. У галаве мільгаюць адрыўкі думак: заўтра Новы год, што ён прынясе, што ён прынясе? Чым абдорыць?.. Гэтае пытаньне ўзьнікла вось так, мімаволі, бо запраўды яна нічога не чакае ад яго, даўно страціла надзею на паляпшэньне сваёй долі. Чаго ж ёй можна жадаць ад Новага году? Хіба аднаго: дачакацца зноў другога. Бо ж, паміма ўсяго, ёй ня хочацца яшчэ паміраць. Сама сьмерць яе не пужае, але пужае лёс, які спаткае яе маленькую ўнучку, калі яна астанецца адна. Вось, пражыць яшчэ хоць бы пару гадкоў, падняць яе на ногі, каб сама магла як-небудзь здабыць сабе кусок хлеба.

А над усімі гэтымі думкамі стаіць адно жаданьне: дайсьці хутчэй дамоў і сагрэць на печы старое, перамерзшае цела.

З гэтай думкай бабулька пачала спускацца ў глыбокі яр, які лёг цераз дарогу, а там за ім на гары пачнецца вясковае поле — скуль рукой падаць да вёскі. Нават аганькі можна будзе пабачыць. Бабулька апошнімі сіламі ўзьбіраецца на гару. Яна зноў на роўнай дарозе, ды яшчэ на сваёй, на вясковай. Вось яна нат выразна адрозьнівае слабое мірганьне аконца сваёй хаткі, дзе яе чакае малая ўнучка і цёплая печ.

Але чаму сэрца так моцна б’ецца, так цяжка дыхаць? Гэта гара вычарпала яе апошнія сілы… Ногі зусім ня хочуць ісьці далей. Адпачыць, адпачыць — просяцца змучаныя плечы; адпачыць, адпачыць — ные ўсё зьняможанае цела. А тут, як на спакусу, побач самой дарогі стаіць мяжовы капец з старым пахілым крыжом.

“Вось, толькі на адну хвілінку, — думае бабулька, сядаючы, — толькі перавяду дух, толькі хай заспакоіцца крыху сэрца, хай набяруцца сілы змораныя ногі… Да хаткі ўжо недалёка… Дайду… А тым часам хто над’едзе…” — цешыць сябе надзеяй.

А зоры, ясныя зоры ўсьцяж дрыжаць… Усё серабрыцца іх іскрыстым зьзяньнем малочная белізна сьнегу. Бабулька нат не агледзелася, як яе зьнямога перайшла ў дрымоту, і яна заснула. Адзіны міг — і ўсё перамянілася. Зьніклі дрыжачыя зоры, прапаў недзе белы сьнег. Яна нават ня чуе, што мароз ледзяніць у жылах кроў… Яна бачыць сябе не старой жабрачкай, а маленькай дзяўчынкай, поўнай радасьці і здароўя зь вясёлым чырвоным, як краска маку, тварыкам; бегае па полі, па лугох, паміж зялёных кустоў, а сонца, агністае сонца цалуе яе снапамі сваіх залатых касуль. З вышыні ліюцца на зямлю зычныя трэлі жаўрука…

Падыходзіць поўнач… Мароз усё мацнее. Старая жабрачка моцна сьпіць. Ёй, мусіць, цяпер зусім цёпла, бо яна ўжо ня туліцца ў сваю дзіравую вопратку. Уся яе фігура пахілілася крыху назад, а на заплюснутых вачох зіхацяць зорным блескам дзьве застыўшыя вялікія сьлязінкі.

Мо яна так глыбока задумалася?.. Не, яна сьпіць… Сьпіць моцна, апошнім сном…

(Заранка. Кніжка 1—2, 1928)


 
   

Мама
 
 
Чароўны край


Сыночку маленькі, ты ручку мне дай,
Увяду ця’ ў чароўны, у нязьведаны Край,
Вузенькай мяжою мы пойдзем ўдваіх;
Так мякка, на’т крокаў ня ўчуем сваіх,
Так мякка, прыгожа, пахуча… ах рай!
Сыночку маленькі, ты ручку мне дай…

Глянь, жыта красуе — расуе кругом,
Русалкі-казыткі хаваюцца ў ём.
А зайчык, прысеўшы ля самай мяжы,
На жабу міргае: “Дзе я — не кажы”.

На лузе зялёным пан бусел стаіць,
Над ім ўецца кніга і кліча: піць-піць!
Шнур гусак на сонцы бліснуў, закрычаў,
Спусьціўся і ў лозах-чаротах прапаў.

На возера ў чыстай-празрыстай вадзе
Лілея свае карагоды вядзе…
Камарыкі роем “лявоніху” скачуць…
Ля берага вербы хістаюцца, плачуць…
Чаго яны плачуць? Ты сэрцам згадай…
Сыночку маленькі, ты ручку мне дай.

(Заранка, 1928, №4)


 
   

М.Таўбэ
 
 
Агітатар
 малюнак


Міколка Жук з малых гадоў выказваў агітатарскія здольнасьці. Яшчэ калі ў нас палякі былі, Міколка ўмеў лоўка крыкнуць: “Далоў палякаў”, або: “Хутка чырвоныя прыйдуць”. Высуне язык якому-небудзь златапагоньніку, і пакуль той, як ашпараны гэтай сьмеласьцю, ачухаецца, Міколка зьнікаў… А цяпер Міколка лічыць сябе ўжо й вялікім агітатарам. Нядаўна на зборы атраду правадыр сказаў:

— Трэба працаваць у сям’і. Трэба праводзіць агітацыю.

Гэтыя словы доўга абмяркоўваў Міколка і цьвёрда парашыў праводзіць агітацыю ў сваёй сям’і.

Агітацыя пачалася ўвечары, калі бацькі селі вячэраць.

Міколка тады пачаў:

— Таварышы, тата і мама! Вы яшчэ цёмныя элемэнты. Вы яшчэ верыце ў бога, якога ніколі не было… Вы не чытаеце газэт і г.д.

Агітаваў Міколка доўга, але агітацыя добра ня скончылася. Міколку здорава адлупцаваў за гэта бацька.

Усю ноч Міколка думаў: “Чаму гэта агітацыя так дрэнна скончылася?” У школе да яго падышоў таварыш, таксама піянэр, Ядавіцкі Міколка, і першым чынам запытаўся:

— Як агітацыя?

— І не гавары. Ня толькі адлупцавалі, а яшчэ ў атрад не дазволілі больш хадзіць… Цёмныя элемэнты, што казаць!..

На другім сходзе першым чынам зьвярнуўся Міколка да правадыра:

— Як гэта так?! Мы агітуем, а нас лупцуюць.

— Не зразумелі вы мяне. Тут трэба падыходзіць лоўка… Гаварыць бацьком, што вы робіце ў атрадзе, чытаць кнігі і г.д.

Доўга гаварыў правадыр. І доўга яго слухалі піянэры.

У Міколкі цяпер ёсьць дасягненьні ў працы ў сям’і. Яго бацька выпісвае газэты, чытае іх. Матка вучыцца ў Міколкі пісаць і цікавіцца працай у жаночым аддзеле… Дасягненьні маленькія, але для Міколкі яны вялікія. Калі нікога ў хаце няма, то Міколка пагражае кулаком у куток, дзе вісяць абразы, і гаворыць:

— Пачакайце трошкі, скора й вас ня будзе!

Агітатарам Міколка гэтак і застаўся, толькі ён цяпер агітатар з падыходам.


(Беларускі піонэр, 1926, №2)


 
   

В.П.
 
 
Саммі


1.

Саммі часта прыраўніваў свайго Саіба да бульдога. Атрымоўвалася вельмі ўдалае падабенства. У Саіба былі вялікія шчокі, маленькія круглыя вочкі — у бульдога таксама. Саіб быў злосны, як сабака, а бульдог… як бульдог. Калі Саіб быў злосны, ён біў Саммі стэкам, а бульдог кусаў… за голыя пяткі. Розьніца невялікая: ад стэка баліць сьпіна, ад зубоў бульдога — пяткі.

Зразумела, Саіб падобны да свайго бульдога. У гэтым у Саммі не было ніякага сумненьня. У Саіба заўсёды балеў жывот. Ён зьвярнуўся да дактароў, і дактары сказалі яму рабіць ванны і масаж. Саіб вялікі, вельмі вялікі абжора. За абедам Саіб зьядае цэлага фазана, выпівае вялізарную бутэльку элю.

Кожную раніцу Саммі даводзілася рабіць Саібу масаж. Гэта для Саммі было вельмі цяжка. У гэты час Саммі пацеў і моцна дыхаў. І нічога дзіўнага! — у Саіба быў вялікі валасаты жывот.

Бедны Саммі! Ён пацеў, ён задыхаўся, а Саіб, падобны да бульдога, фыркаў, як бульдог.


2.

Бедны, бедны Саммі. Як цяжка жыць маленькім індусам пад блакітным небам сваёй і ў той жа час чужой Бацькаўшчыны!

Раніцу, дзень і ноч Саммі за працай. Куды трэба зьбегаць — Саммі, трэба падаць Саібу эль — Саммі, трэба прыбраць памяшканьне — Саммі.

Саммі зь пер’якамі з райскай птушкі адганяе ад Саіба і яго жонкі камароў, і за ўсё гэта Саммі б’юць стэкамі. Саммі кусае бульдог. Саммі патрэбна было скаліць зубы, сьмяяцца, бо Саіб не любіў, калі Саммі сумаваў.

Калі Саіб канчаў свае справы ў габінэце — ён ішоў і клаўся на дыван, які стаяў пад навесам. Да яго прыходзіла жонка. Саіб з сваёй жонкай пілі віно, а ля іх стаяў бедны Саммі. Ён матаў над імі пер’ямі райскай птушкі. Саіб злаваў на нешта і біў Саммі стэкам па твары.


 
   

3.

Пасьля цяжкай дзённай працы Саммі ішоў, разьбітым і панурым, адпачываць у свой маленькі пакойчык. І вось тут ён многа думаў аб тым, чаму так бязьлітасна зьдзекуецца над ім яго Саіб, чаму ён, гэткі маленькі, павінен зносіць усе крыўды цяжкага падняволенага жыцьця. Ён думаў, і разам з думкамі паўставалі сьветлыя, заклікаючыя да лепшага, мары. І гэтыя мары падказвалі яму, што недзе далёка ад блакітных нябёсаў яго айчыны ёсьць шчасьлівая і вольная краіна, дзе людзі жывуць аднымі імкненьнямі, аднымі пачуцьцямі, радасьцямі, адным жыцьцём. Так праходзілі ночы Саммі, але сёньня было іначай. У двары Саіба здарыўся нейкі перапалох, нехта прабег, скінулася з гучным звонам драбіна. Саіб усхапіўся. Бульдога не было. Ён кінуўся да Саммі, пачаў зваць яго, а Саммі сьніўся ў гэты час вельмі прыемны сон. Ён сьніў, што бег ад Саіба, а яго заклікала да сябе шчасьлівая краіна. Але ён губляў сілы, і Саіб бег за ім усё бліжэй і бліжэй. Раптам Саммі адчуў моцны пякучы боль на сваім твары. Ён усхапіўся, расплюшчыў вочы. Усе мары, усе прыгожыя і радасныя малюнкі, навеяныя сном, адляцелі ў нябыт. Перад ім стаяў злосны Саіб і пагражаў забіць Саммі за тое, што ён ня слухаецца свайго гаспадара. Саммі пачаў адгаворвацца, але адказам на гэта быў удар стэкам па твары. Саммі не стрымаўся і пракляў Саіба. У гэты час у хату прыбег бульдог. Гэта ён нарабіў гвалту на двары. Саіб зацкаваў бульдога на Саммі, і бульдог вострымі зубамі ўпіўся ў жывое цела хлапца. Саммі задыхаўся ад болю і ад злосьці. Саіб, лаючы ўвесь сьвет, выйшаў, а Саммі, разьбіты і скусаны, забыўся ў нейкім салодкім забыцьці помсты.


4.

Залаціўся ўсход. Сонца пунсовымі праменьнямі аблівала люстраныя вокны памяшканьня Саіба. Сам Саіб яшчэ ляжаў на ложку, соладка пацягваўся і пазяхаў. Сьпяшацца яму ня трэба было. Яго Саммі быў ціхі і заўсёды слухаўся Саіба, яго яшчэ можна было многа-многа разоў біць стэкам. Але Саіб памыляўся. Саммі зусім не хацеў яго слухацца. І ён слухаўся толькі затым, каб паказаць, што ён гэткі ціхі і пакорны. Яму надаелі балючыя ўдары стэку, вострыя зубы бульдога. Ціхай прыемнай усьмешкай яго заклікалі да сябе Джунглі. І ён усьміхаўся ім празь люстраныя вокны, як быццам хочучы сказаць:

— Я прыйду да вас, хутка прыйду!

І ён думаў, што трэба забіць Саіба, а тады — ідзі куды толькі хочаш!

Раптам Саіб крыкнуў:

— Саммі!

— Эх, праклятаму Саібу трэба рабіць масаж! Ну, дык хай жа ён ведае, хто такі Саммі! Даволі ён сьмяяўся зь мяне, даволі біў мяне сваім стэкам!

Саммі рабіў Саібу масаж, а Саіб, падобны да бульдога, фыркаў і біў Саммі кулакамі. Саммі больш стрымаць гэтага ня мог…

Усьміхнуўся на сонцы востры нож, і тлустае цела Саіба распласталася на ложку.

Не было больш стэка, не было зубоў бульдога, а быў шырокі прастор палёў.

(Беларускі піонэр, 1926)


 
   

Астапенка і Таўбін
 
 
Агацін тата


Быў у Агаты
П’яніца-тата.
Дома не начуе —
Ходзіць у піўную.
А на заводзе
Толькі працы шкодзіць.
Пасьля ночы п’янай
Не ўстае ён рана.
Гудок гудзіць,
А тата сьпіць.
Крычыць Агата:
“Уставай, тата!..”
А тата ў дванаццаць
Выходзіць на працу
Зь цяжкой
Галавой.

Шумяць варштаты,
Працуюць таты:
І Янкаў тата,
І Ганчын тата,
Міхалкаў тата,
Ігналькаў тата —
Усе ля варштатаў.
Агацін тата,
Як прыйдзе дахаты,
Пазяхае, размаўляе,
Вочы жмурыць,
Люльку курыць…
“Галава баліць!..”
А варштат стаіць.

…Вывесілі тату
На чорную дошку —
“Працаваць ля варштату —
Ня спаць на ложку!”
Падышла Агата
Ўвечары да таты.
Тата сёньня зрана
Быў зусім ня п’яны.
Сядзіць спахмурнелы
Вечар цэлы.
Кажа Агата:
“Слухай, тата,
Ты цяпер, выходзіць,
Лодыр на заводзе?!.
Ці ты будзеш так
І далей лайдак?…”

Нахіліўся тата
Прад малой Агатай,
Хаваючы вочы.
Павячэраў моўчкі.
Заўтра ўстаў ён рана
І, зусім ня п’яны,
Працаваў старанна
Ля свайго варштату.
Кінуў ён піўную
І цяпер працуе
Без прагулу тата.

(Беларускі піонэр, 1926, №10)


Часопіс "Беларускі піонэр" выдаваўся ад 1924 году.
У 1929—1941 гадах — "Іскры Ільіча",
ад 1945 году выдаецца пад назваю "Бярозка".

Падрыхтавала Наталля Анофранка.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (22) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 19-12-2002