A R C H E П а ч а т а к № 2 (22) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22002
» да Зьместу «

 


Нашы дзеткі
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

 
Вокладка ARCHE 2-2002.

   Мінулыя нумары:

   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Eвa Beжнaвeц
 
 
Hя вapта aзipaццa


Даруйце, што забіраю ваш час,
апавядаючы пра незнаёмае вам дзіця.

Шэрая хатка

Я нарадзілася ў малой хаціне, у страшна глухой вёсцы. Першыя пяць гадоў жыла з бабкаю. Бацькі працавалі далёка. На той час (1970-я) нашай хаце было ўжо больш за паўстагодзьдзя, яна была нефарбаваная, з шэрага дрэва. Потым мы яе спалілі ў катле нашай трэцяе хаты — двухпавярховага прасторнага катэджу, акружанага садам. А шэрая хатка была ня нашая. У яе пераехала бабка з братамі, калі памёр мой прадзед Іван. Той Іван быў багаты хутаранін, меў вялізную гаспадарку, але потым яму заманулася ўлады, ён дастаў ад Саветаў наган ды мандат і гэтым наганам загнаў у Сібір мноства сем’яў разам зь дзеткамі. Скляпаў у вёсцы калгас. За гэта ягоную сям’ю пасялілі ў маёнтак паноў Зубрыцкіх, дзе адных вокнаў, кажа бабка, было 18 штук. Пакуль Іван поначы гойсаў па раскулачваньнях ды разьвёрстках, да глухога маёнтку падыходзілі ваўкі і, паставіўшы лапы на нізкія францускія вокны, прагна разглядалі ягоных жонку й дзяцей. А вось “ворагі народу” замаху на Івана ды ягоную сям’ю не зрабілі ні разу. Іван памёр сам, заўчасна і вельмі павучальна. Пакляпаў касу і пайшоў касіць на чужы палетак (гаспадары парылі косткі на Салаўкох). Там у яго здарыўся разрыў сэрца (у 40 гадоў). Ніхто не пайшоў на магілу “пустадомка”, яму нават крыжа ня ставілі — так моўчкі пастанавіла вёска. Жонка ягоная (другая, бо першая даўно памерла), кінула маю бабку, тады 14-гадовую, з двума малымі братамі ў маёнтку Зубрыцкіх. Адтуль іх забраў калгасны старшыня і выдзеліў ім шэрую хатку-падсьлепаватку. Чаму я пачала здалёк? Бо гісторыя маёй сям’і і была маім раньнім дзяцінствам. Бабка, лушчачы на прызьбе квасолі, плетучы на прутках шкарпэткі, прадучы воўну, катаючы бялізну, цягаючы чыгуны зь печы, расказвала пра наш род і пра наш Cусьвет. На бабіну думку, увесь сьвет быў заселены дробнымі й малымі ворагамі, якія жадалі мне зла. Мне было лёгка паверыць у гэта. Хата нашая была канцавая, ад астатніх дамкоў яе аддзяляў густы рабінавы гаёк. У нас была толькі адна суседка — тоўстая Надзя, у якой адняліся ногі. Яна поўзала па сядзібе на карачках, уся ў чорным, страшная, як жук-гнаявік. Вёска зьненавідзела яе за тое, што падчас блякады яна кінула недзе ў балоце сваіх двайнят-немаўлят. “Праз гэта ў яе й адняліся ногі”, — гаварылі людзі. Такім чынам, я жыла ў варожым атачэньні: з аднаго боку — рабінава-крапіўныя джунглі, што аж роіліся катамі й вераб’ямі, з другога — страшная Надзя, з трэцяга — вуліца й хата Костуся Жура, героя апошняй вайны, які нават у хлеў хадзіў пры ардэнох. Костусь мо й праўда быў герой і добры чалавек, але я баялася яго: пабачыўшы мяне, ён даставаў з рота сківіцу й палохаў. Я, як ні намагалася, адказаць яму тым жа — спалохаць яго — не магла. І нарэшце, з чацьвертага боку нашае сядзібы — на загуменьні — стаяла нядзейная старая кузьня, чорная, закурэлая наскрозь, запханая павутой і старым жалезьзем. Там жыў шашок. Нам, цеплакроўным, ня варта спрабаваць зразумець ці ўявіць шашка. Шашок непрадказальны, у ім няма крыві, душы ці розуму. А ёсьць адно жаданьне нашкодзіць. Ён нараджаецца ад гнілі й грахоў. Шашок лазіў да нас у сенцы, спаў у нашай муцэ, пакідаючы хвастатыя адбіткі й чорную поўсьць, уночы з грукатам скідаў зь цьвікоў на гарышчы цыбульныя вязанкі, жор паляндвіцу, тупатаў у падпольлі і выў у коміне, краў грошы й пацеркі з бабуліных схованак. Адгрызаў галовы курам. Выварочваў малако. Бабуля вяла зь ім несьціханую вайну й помніла яму кожны ўчынак. І я, і мама, калі прыяжджала на пабыўку, выслухоўвалі скаргі на шашка. Бабцы не ўдалося давесьці маме, што тхор існуе. Мама вінаваціла катоў і птушак. Але мне ніхто ня здолеў давесьці, што шашка няма. Неяк бацькі нарэшце сьцямілі, што я расту букаю, баюся вылезьці за брамку, пакінулі далёкую працу ды забралі мяне. Было, аднак, ужо позна. Я звыклася лічыць навакольны сьвет котлішчам жахаў. І нават цяпер вельмі млява й мала змагаюся з шашкамі ў маёй галаве.


 
   

“Хмарачос”

Мы з татам і мамай перасяліліся ў іншую вёску. Гэта была ўрбанізаваная вёска: асфальтаваныя дарогі, лятарні, двухпавярховыя шматсямейныя дамы-”шанхаі”, тры крамы, школа, бібліятэка, больнічка, пошта й двое могілак. Мы атрымалі трохпакаёўку на другім паверсе. Наш цагляны шанхай быў як тры шэрыя хаткі, пастаўленыя адна на адну. Я ганарылася нашым хмарачосам і плакала, калі менская кузынка Ядзя сказала, што гэта маленькі дамок, а вось яна дык жыве ў вялізным гмаху. Наш хмарачос так і застаўся ў маёй памяці недасяжным. Лятучыя талеркі, бадмінтонавыя валяны й малыя мячыкі ня скочваліся, як з двусхільных дахаў, а заставаліся на хмарачосе назаўжды. Думаю, яны й цяпер ляжаць там, выцьвілыя ад сонца й дажджу. Мэтраў за 50 ад хмарачосу былі хлявы, куды гаспадыні цягалі вёдры паранкі для сьвіньняў і курэй; мэтраў за 200 — бульбяны “пограб”. Лёх я па звычцы хуценька зьненавідзела. Мне было важна ненавідзець які-небудзь бок сьвету і не хадзіць туды. Я ненавідзела пограб за цемру й макрыц, за мышыныя гнёзды, за гнілыя анучы, каравыя мяхі, гумовыя боты, холад і бульбу. Да самай студэнтчыны я ня ела бульбы.

У такім хмарачосе нарадзіўся мой брат, і бацькі ўпрасілі бабку пераехаць да нас. Самі яны любілі працаваць, не маглі сядзець дома зь дзецьмі. У хмарачосе бабчын шашок аб’явіўся толькі аднойчы. Бабка закруціла чатыры дваццацьпяткі ў насоўку і прышпіліла за накоўдранік. У суботу вынесла выбіваць коўдру, і скрутачак адарваўся ды ўпаў пад таполі. Насоўку з грашыма падняла мая маці. Вечарам яна радасна абвесьціла сямейнікам пра знаходку. Усе павіншавалі яе, і бабка таксама. Мама павесіла аб’явы каля клюбу, пошты й крамаў, каб уладальнік зьявіўся па сваю страту. Мы чакалі некалькі дзён, ніхто не зьявіўся. Мама набыла за сотку дзьве тахты. Бабка дзеля перасяленьня на новы выгодны ложак пачала мяняць пасьцельнае хусьце. Празь некалікі хвіляў у кватэры пачуўся крык і кляцьба. Бабка плакала й кляла шашка, які й тут яе дастаў: скраў сто рублёў з накоўдраніка. Маці працяла здагадка. “А ці не былі яны ў паласатай анучцы навязаныя?” — запытала яна. “Ох, нявестачко, былі, былі! — радасна загаласіла бабка. — На сьмерць зьбірала, Божа, Божа!” — “Дык я вам за іх ложак купіла, а на труну шчэ назьбіраеце, — сказала маці. — І не расказвайце больш дзецям абы-чаго. Ніякага шашка няма”. Бабка надзьмулася, некалькі дзён ні з кім не размаўляла, але ад шашка не адраклася.


 
   

Мама і тата

Я ўдзячная маім бацьком за ўсё: і за любоў, і за абыякавасьць. Адно не магу дараваць: нашто яны адбіралі ў мяне кнігі?

Калі бацькі забралі мяне ад бабкі, я была закончаная маўглі. Мяне пачалі абчэсваць. Дасталі са спадніц з “хвальбонамі” і “кофтак”, якія шыла мне бабця, пагарджаючы “куплёнай” вопраткай. Навучылі чысьціць зубы, апранулі ў штонікі й куртачкі, накуплялі новых цацак і кніжак і падарылі мне брата. Самі пайшлі ў школку на паўтары стаўкі і пакінулі мяне ў спакоі. Бабка мяне таксама забыла-закінула, бо была ў захапленьні ад майго брата Лёдзі (Валодзі). Ён быў увесь бяленькі, пяшчотненькі й мякенькі, сінявочанькі — узорнае дзіця, цяпер бы яго ўзялі ў рэкляму кашы ці пампэрсаў. А я сядзела сабе з кніжкамі й кубікамі і, як булгакаўскі Шарык, аднойчы склала літары. Атрымалася “Настаўніцкая газэта”. Чорны газэтны загаловак быў маёй першай Эўрыкай. З тых часоў я чытала днямі. Калі бацькі адбіралі кніжкі, хавалася ў гародчыку, прыбіральні, пад коўдраю зь ліхтарыкам, на бальконе за вываркаю. Жыцьцё мінала як у сьне. Я ня памятаю, як пайшла ў школу. Прачытала школьную й вясковую бібліятэкі аж да ваенных мэмуараў і зайцом пачала езьдзіць у раённую. Па-за кнігамі існавала толькі прырода: лес, луг, балота, возера, поле. Туды я, зрэшты, патрапляла рэдка. Не любіла спадарожнікаў, а без спадарожнікаў баялася: ваўкі, цыганы, хохлікі й шашкі трывала сядзелі ў маёй галаве. Гэтая калекцыя папоўнілася жахамі й жашкамі, вычытанымі з Уолпла, Рэдкліф, Вэрна. Асабліва я ўпадабала Стывэнсана. Мяркуйце самі, што цікавейшае для дзіцяці: ягоныя блізкія ці выспа скарбаў са шкілетам Алардайза?

Таму я слаба памятаю крызыс маёй сям’і: у вёсцы загаварылі, што ў мамы раман з дырэктарам школы Туміловічам, а мой брат — быццам бы ягоны сын. Бацька аж учарнеў, я пару разоў бачыла, як ён уважліва разглядае Лёдзю. З ганарлівасьцю кніжнай молі я думала: якой дробязьзю цікавяцца гэтыя людзі — мае бацькі і ўся вёска. Тым часам бабка падгаворвала бацьку разьвесьціся. Яна не размаўляла з маці і ня ела нагатаванага ёю. Зрабіла сабе “сталоўку” на падваконьні, купляла ў краме памідоры, масла, цукеркі, рэдкія тады бананы, марозіва, клікала нас зь Лёдзем, карміла смачнотамі і гладзіла па галовах: “Сіроткі вы мае”. Відаць, бабка ўсё ж ня верыла, што Лёдзя — ня ейны ўнук. Лёдзя жор пачастункі і плакаў са шкадобы да сябе. А я трушчыла бабчыны дары ды пасьміхалася зь яе. Я тады нікога не лічыла сабе роўным, людзкія клопаты й гароты здаваліся мне марнасьцю. У маміны “раманы” я ня верыла. Мая маці была няздольная да каханьня. Яна нават сваіх дзяцей любіла як праз кісяю. Што б ні рабіла — мыла посуд, правярала сшыткі, варыла есьці, — яна мармытала пад нос вершы ці мроіла ўслых. На людзей яна глядзела зіхоткімі або замглёнымі вачыма, зялёнымі, вільготнымі, закаханымі. Гэта многіх падманвала. Насамрэч мама тых людзей і ня бачыла, а цешылася сваімі лятункамі. Яна магла, ідучы сярод белага дня, урэзацца ў слуп. Праз пару год пасьля сямейнае крызы бяленькі Лёдзька ператварыўся ў бацькаву копію — панурага насатага шатэна-бамбізу. Ня ведаю, ці прасіў бацька ў маці прабачэньня. Адное, што ведаю: яны жывуць паміж сабой ціха й добра ўжо трыццаць пяць год. Туміловіч пайшоў на павышэньне ў райана, а потым у аблана. Я сустрэла яго ўжо дарослай на менскім аўтавакзале. Ён пазнаў мяне імгненна і, заглядаючы ў твар так уважліва, што, здавалася, пакідаў сьляды, спытаў: “Як твая мама?” Позірк ягоных цёмных, дзівосна прыгожых, як у каровы, вачэй, быў такі хцівы й тужлівы, што я ўмомант здагадалася, што гэта была за гісторыя: ён пакахаў маю маці, а тая ня ведала, што зь ім рабіць. Нездарма таго далёкага году ў паэтычным разьдзеле райгазэты так часта зьяўляліся вершы, прысьвечаныя “далёкай, як зорка ў тумане”, М. В.

Туміловіч хаваўся пад псэўданімам “Янка Крынічны”, але аўтара ведалі ўсе.


 
   

Школа

Паскудзтва! Пра свае школьныя гады я ўзгадваць не люблю. У школе мяне не любілі. Для аднаклясьнікаў я была мутантам: я ўсё ведала, была круглаю выдатніцай, аж пакуль не пачаліся складаныя дакладныя й натуразнаўчыя прадметы. Прытым (парадокс!) мяне па чарзе палюбілі тры галоўныя хуліганы клясы. Яны ўсе ўрокі зіркалі на мяне сьветлымі вочкамі, а на перапынку чапіліся, біліся й зьдзекаваліся. Дзякуючы кніжкам пра каханьне, я разумела, што зь імі адбываецца, але ня ведала, што з гэтым рабіць. Маці, вядома, парады даць не магла. Так я й трывала. Пакутаў полавага высьпяваньня не памятаю. Адно што сьперажывалася з-за вясновак, якія грамузьдзіліся на маім гаротным тварыку. Ды праз рост. Ён, зрэшты, перастаў мець значэньне, калі зьявіўся Андрэй. Мы зь ім былі самыя высокія людзі ў вёсцы — 178 ды 183 см. А да Андрэя я амаль не жыла рэальным жыцьцём. Слухала Курёхіна ды Гребеншчікова. А татаў вялізны прымач лавіў радыё “Свабода”, Бі-Бі-Сі, “Нямецкую хвалю”. Я залюбіла кельцкую й сярэднявечную музыку, яшчэ ня ведаючы, што менавіта гучыць. Былі ў мяне любімыя кніжкі — Гільен, Сапфо, Ахматава. Быў Максім Багдановіч, Уладзімер Караткевіч. Мама расказвала пра яго, ён пару разоў выступаў у іх на курсе. Лішне казаць, што я ўжо тады жыла ў Беларусі, а не ў СССР. Маці выкладала беларускую. Вакол гаварылі па-беларуску. Расейскае я зьнелюбіла праз дыктарак ЦТ і іхныя шырокія фальшывыя ўсьмешкі. Менавіта так я ўяўляю сабе імпэрскі ашчэр. Цэнтральнае телевіденіе грашыла навязьлівай апалягетыкай усяго “рюсссского” (дух, мужество, душа, хлебосольство, удаль, прірода, сарафаны ўшыркі зь печ і г.д.).


Прырода

Выспы, азёры, буяковыя балоты. Дрогкія, зялёныя, дрымотныя палі. Сасновыя лясы. Альшанікі-на-тарфе. Навошта Бог узьвёў тут такія захапляльныя, прыгожыя дэкарацыі, думала я. Няма героя, які варты зьявіцца сярод іх.


Каханьне

Ён зьявіўся з Рудабелкі, прыйшоў да нас навічком у 8 клясу, высокі, у школу насіў карычневы касьцюм і карычневыя ў палоскі кашулі. Зялёны гальштук. Камсамольская значка. Астатнія хлопцы не насілі значак, іх у камсамол ніхто ня браў за іхную гадкасьць: выпіўкі, паленьне за прыбіральняй, бойкі ў вёсцы і за вёскай. Камсамол трэ было заслужыць. Але калі ты яго заслужыў — не адкруцішся.

Я выразна памятаю момант, калі зразумела, што ён кахае мяне, а я — яго. Нашыя фулюганы на бульбе спрабавалі запхаць мяне ў мяшок. І я раптам адчула ўпэўненасьць, што ён ня дасьць. Ён быў лідэр з прыроды, ён іх так спрытна паставіў на месца, што яны й не заўважылі. А я заўважыла. Сьвет для мяне ўвадначас перакуліўся з ваўкалака ў чалавека. Але звонку паводзінаў я не зьмяніла. Бо так і ня ведала, што зь ім рабіць. Усьміхацца? Какетаваць? Стаяць пад плотам? Ціскацца ля клюбу? Цалавацца на лаўках? Нічога з гэтага набору я не хацела. У мяне быў іншы набор. Прайшоў год. Раз на пачатковай вайсковай падрыхтоўцы ён узяў трубу ад процігазу, адзін канец прыставіў да рота, а другі даў мне і папрасіў слухаць. Я пачула, як ён шэпча ў трубку: “Ну колькі ты будзеш мяне мучыць?” Я засьмяялася й перавярнула справу ў жарт. Я адвярнулася. Больш ён не спрабаваў прызнацца ў каханьні ніколі. Мы кахалі адно аднаго моўчкі, аднак я заўсёды адчувала яго. Можа, гэта трубка з процігазу ператварыла нас у спалучаныя сасуды, якія мы вывучалі на хіміі?


 
   

Канец эпохі туманоў

Была ў нашай клясе Людка. Ніколі потым ні ў кіно, ні ў часопісах я ня бачыла такіх прыгажунь. А самае дзіўнае, што я не сустракала іх у рэальным жыцьці. Людка была яблыня — тонкае і стройнае, як дрэўца, цела, яблыкападобныя грудзі й клубы; смарагдавыя вочы акружаныя патройным шэрагам веек (я не жартую — сама бачыла). Валасы — танчэйшыя за мае ўтрая, густыя і зіхоткія. Самі клаліся ў прычоску. Пад’ём нагі такі, што пад ім мог прабегчы струменьчык. Ня думайце, што бедныя вясковыя жыхары ня ўмелі цаніць гэтага. Раз мы зь іншай такой жа брыдзілкаю, як я сама, селі і з зайздрасьці склалі сьпіс закаханых у Люду. Аказалася, каля 60 чалавек. І хлопчыкі, і хлопцы, і сямейныя мужыкі. Двойчы яе спрабавалі ўкрасьці матацыклісты. Другі раз яна ўцякла, апаліўшы нагу аб выкідную трубу. Хадзіла, шнару не хаваючы. Парадаксальным чынам ён яшчэ й упрыгожыў тонкую залацістую нагу. Адзін хлапец, старэйшы на год, назіраў за Людчынай хатай зь ліпы празь бінокль, чакаючы, што выйдзе ягоны анёл. Калі яна адмовіла яму ў сяброўстве, ён павесіўся ў хлеўчуку, маці пасьпела выцягнуць зь пятлі, і сям’я выехала зь вёскі. Ля Людчынай хаты вечарам абавязкова хтосьці стаяў, вычэкваў, ці ня выгляне прыгажуня. Толькі Андрэй не глядзеў на яе. Хаця паводле папулярнасьці якраз ён і мусіў стаць ёй парай: першая лэдзі й першы джэнтэльмэн. Я лёгка апісваю Люду, але не магу апісаць Андрэя. Колькі разоў спрабавала, а не магу. Больш за ўсё ён падобны да Біла Клінтана. У яго такі, як быццам мясісты, твар. Я ў свой час спачувала якраз Клінтану, а ня гэтай зьмяюцы Моніцы. Такі тып мужчын вельмі маскулінны, яны любяць жанчын і ня могуць працівіцца ім.

На Андрэю, што б ён ні апрануў, усё клалася неяк па-мужчынску. У яго былі вельмі мужчынскія пастава, рукі, усьмешка, і ўсё гэта бяз грама выставучасьці, качаньня цягліцаў ці вырошчваньня валасяных прыкрасаў на твары. Андрэя кахала ўся акруга. Я ведала, што ён сябруе зь дзяўчынай, на клясу маладзейшай ад нас, але мяне гэта не турбавала. Я адчувала яго як майго. На яго не падзейнічала нават Люда. І тут да Людкі прыбыло падмацаваньне ў выглядзе мае сястрыцы Ядзі. Калі Людка была шатэнка, дык Ядзя — натуральная бляндынка з хвалістымі валасамі да клубоў. Абедзьве дзеўкі былі афрадыцкага замесу. Іхныя целы гарманічна зьліваліся з асобамі; яны не пацелі, не стамляліся, не злаваліся, не крывіліся, заўсёды разам, заўсёды дасканалыя. Непераможны дуэт таго лета! Хлопцы зь вёскі й ваколіц пашалелі, і нам, брыдзілкам рознага калібру, не засталося нават якога смаркача. Мужчыны хадзілі за Людкаю й Ядзяю сабачым вясельлем. У тое лета я страціла Андрэя. Перастала яго адчуваць. Ён прыходзіў да маёй хаты, але ўжо да Ядзі. Ён штоночы краў кветкі з садочкаў. Нават у сквапнюгі Рынейскага, які пільнаваў свой гарод з дубальтоўкаю, Андрэй скраў букет лілеяў і кулёчак суніц. Усё гэта клалася на наш ганак і прызначалася Ядзі. Я не магла супернічаць зь ёю. Мала таго, Ядзька адбіла ў мяне і бабулю. Як я насіла шорты, то бабуля плявалася і называла іх “чорты” (“выстанавіла ляжкі, як на кірмаш”). А як прыехала Ядзя ў шортах, бабка пачала велічаць іх “шорсамі” й тлумачыла суседцы Тамары: “Цяпер у горадзе ўсе так носяць. Мода такая, сястрыцо!” Бабка не цікавілася, што ямо мы зь Лёдзем, затое, выйшаўшы на ганак, крычала на ўсю голаў:

— Ядзё-о-оў! Ідзі кушаць!

Страціўшы цярпеньне, я з плачам спаліла свой дзёньнік, збольшага прысьвечаны Андрэю, заварыла цэлы чайнік “крумкачовага вока” і ў бязьлюдны чэрвеньскі поўдзень выпіла адвар кубкамі ды легла ў бульбяную разору за хатаю (мы тады ўжо пабудавалі асобны катэдж, і ніхто з суседзяў ня мог скамячыць урачыстасьць майго самагубства). Ляжала я ў разоры з гадзіну, назірала жыцьцё калярадзкіх жукоў і ўважліва прыслухоўвалася, “ці не нясу я сьмерць, як плод”. Але мяне нават не званітавала. Хаця мая хлусьлівая бабуля казала, што “крумкачовым вокам” зьвяла з тузін суседзкіх сабак ды катоў, якія елі куранят.

Ядзя гуляла з маім каханым цэлае лета. Яны прыходзілі на вэранду і шушукаліся, і цалаваліся, і елі семкі, і на лаўцы перад домам сядзелі, так што я выбіралася праз акно, каб толькі іх ня бачыць, каб раптоўным румянкам, дрыготкай ці грымасай ня выдаць, як я кахаю Андрэя. Аказалася, што маё каханьне й пакуты было таямніцай Полішынэля. Усе кпілі зь мяне. А шоўкавалосая, яблыневая Люда падышла й сказала: “Ён быў адзіным, хто ня клюнуў на мяне. З-за цябе. Хаця, шчыра кажучы, перада мной ты памяло. Вось я і папрасіла Ядзю прычараваць яго, а потым зьехаць”. Я не спыталася, нашто Люда зрабіла такі сьвінізм. У такіх гульнях, як падлеткавае каханьне, прымаецца ўсё. Гэтым летам, як ні банальна гучыць, завяршылася маё дзяцінства. Тады ж скончылася і праца майго сэрца. Цяпер яно на пэнсіі. Спакой і халадок.

У 17 год я зьехала зь вёскі. Не было рамантычнага разьвітаньня. Я не цягалася па навакольлі, з плачам абдымаючы дубы. Разьвітаньня няма й цяпер. Я проста вырашыла трохі пажыць у іншым месцы. Там, дома, маё й ягонае прозьвішча на помніку загінулым партызанам стаяць побач. Яшчэ дрыжыць вада ў яміне ад капыта ягонага каня. Я ня бачыла яго амаль 15 год. Чула, ён ганяе машыны з Чэхіі. Ёсьць жонка, сын, двое няшлюбных дзяцей. Хачу яго пабачыць, на хвільку, ня болей. Бо і цяпер ня ведаю, што мне зь ім рабіць.

Ня варта азірацца, Ева.

Занавіньне — Гута — Менск.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (22) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 19-12-2002