| |
Уладзімер Арлоў
Мне прысьніўся Хадановіч
Мне прысьніўся Хадановіч:
Велічны, нібы сэнатар,
Недарэзаны Нэронам,
Іранічны, як Свэтоні,
Заклапочаны, як Брут.
Можа, сам каго зарэзаў,
Можа, вершык марыў скласьці,
А магчыма, проста піва
Прагнуў выпіць насупроць
Камітэту дзяржбясьпекі,
Дзе цікавяцца здаўна
Нашым паэтычным словам
І напэўна нездарма.
Ён ішоў па вулцы Маркса
Ў Менску, стомленым і сонным,
Між кавярняй “Эльдарада”
І ангельскай амбасадай
(Там у будцы мент сядзіць).
Рухаўся накіравана,
Не хістаўся, не губляўся,
Павітаўся з нарпаэтам
З рэдкім іменем на “Н”,
Даўганогай прыгажуні
Мімаходзь прызначыў стрэлку
І сказаў бамжу: “Банжур!”
Ён ішоў. Гракі крычалі
Ў навакольлі Нацтэатру.
(Ну чаму не груганы?)
Бомж чытаў паэта Ніцку,
Плакаў, языком мянціў.
Даўганогая бляндынка
Набыла кантрацэптыў,
Бо навокал СНІД лютуе,
А Андрэй — за ўсіх мудрэйшы.
Я прачнуўся і падумаў:
Вось прысьніцца Хадановіч
Цёмнай ночкай на Каляды,
Без усякіх там прыколаў
Заклапочаны, як Брут.
Будзе йсьці па вулцы Маркса
З томам Малярмэ ў партфэлі,
І часопісам “Arche”,
І з сухім ляшчом пад пахай.
Што адгэтуль вынікае?
Што паэту трэба муза,
А часамі прагне піва
Ўкрай асьмяглы арганізм.
І ляшчы яшчэ вядуцца
У вірох маёй Радзімы.
КДБ шануе мову,
І “Arche” выходзіць спраўна.
А бамжы чытаюць кнігі,
Знойдзеныя на памыйках.
Гэта значыць, што пісьменства
Наша краснае — жыве!
|
|