A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (23) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ЛЯВОН БАРШЧЭЎСКІ | |||||
|
Лявон Баршчэўскі |
(нар. 1958) — перакладчык, пэдагог, палітычны дзеяч. Працуе ў Беларускім гуманітарным ліцэі. |
Пасьля надышла тая самая славутая “перабудовачная” ды “постперабудовачная” пара. Узгадайма, што тады ж пра сябе заявілі новыя асобы ня толькі ў беларускай паэзіі ды прозе (што бывала й раней), але й у нацыянальнай палітыцы, розных мастацтвах, навуках. Натуральна, што ў гэты самы час запатрабаванасьць у беларускім мастацкім перакладзе таксама пачала рэальна расьці: шэраг выкладчыкаў замежнай літаратуры на факультэтах беларускае філялёгіі пачалі чытаць лекцыі па-беларуску, замежныя аўтары зьявіліся ў праграмах сярэдняй школы па беларускай літаратуры, у значнай колькасьці — у праграмах навастворанага Беларускага гуманітарнага ліцэю. І што ж? Менавіта ў гэтыя самыя гады ў фінансавай пятлі задушыліся спачатку гадавік “Далягляды”, потым — кніжныя сэрыі “Паэзія народаў свету”, “Бібліятэка замежнай прозы”, пазьней — “Скарбы сусветнай літаратуры”. Але галоўная праблема палягала ў тым, што, па сутнасьці, адпачатку “новае” Адраджэньне, насуперак усім спадзевам, не выводзіла ў шырокі сьвет новых імёнаў прафэсійных перакладчыкаў, прынамсі клясычнай паэзіі. Таленавітыя працы Алега Мінкіна (зборнікі вершаў Цыпрыяна Норвіда, Баляслава Лесьмяна, Леапольда Стафа) — якога ўжо ніяк нельга было назваць “маладым” альбо “пачаткоўцам” — збольшага выглядалі як забава ў параўнаньні з галоўным заняткам — стварэньнем уласных вершаў. Інакш кажучы, наш мастацкі пераклад чакаў зьяўлення новага Сёмухі альбо Семяжона, Барадуліна альбо Разанава. І вось прыйшоў Андрэй Хадановіч, якога асабіста я адкрыў для сябе ў ягоным Бадлеру, пра што мне і хацелася б крыху тут распавесьці. Недзе ў канцы 1990 году ў букіністычнай кнігарні мне ўдалося прыдбаць (за тагачасную савецкую “дзясятку”) томік выбранай паэзіі Бадлера, выдадзены ў клясычнай сэрыі парыскага выдавецтва “Garnier”. Хацелася думаць, што калі-небудзь у самога стане сілаў ды часу зрабіць па-беларуску “Выбранае” з аднаго са сваіх улюбёных паэтаў. Час ішоў, а адвагі брацца за Бадлера так і не хапала. Аж, нарэшце, я прачытаў слыннага “Альбатроса” ў вэрсіі Хадановіча. У вочы адразу кінулася, што Андрэй не пайшоў сьледам за абсалютнай бальшынёй расійскіх перакладчыкаў Бадлера: рыфмы, якая, што называецца, “ляжыць на паверхні”, “матросаў” — “альбатросаў”, у яго не было! Каб падмануць тугу, матросы ловяць часам |
Далейшае чытаньне падборак Хадановічавага Бадлера (у “Крыніцы”, “Першацвеце”, двух гадавіках “Annus Albаruthenicus”) канчаткова пераканалі мяне ў тым, што мне трэба брацца за кагосьці іншага з паэтаў-клясыкаў, а Бадлер па-беларуску ўжо адбыўся! Ня буду тут рабіць спробы рэцэнзаваць гэтыя пераклады, а замест гэтага прапаную атрымаць асалоду, пачытаўшы (пажадана ўголас) некаторыя выбраныя строфы зь іх. У Бадлера: ...Tes yeux, où rien ne se révèle Ў вачэй глыбіні, Адно серабро й пазалота Ў халоднай гульні. Рытмічныя зьвівы такія І постаць твая Чаруюць, нібыта ля кія Танцуе зьмяя... (“Танец зьмяі”). У Бадлера: ...Il te faut, pour gagner ton pain de chaque soir, У Хадановіча: ...Каб зарабіць свой хлеб, як служка пры царкве, |
У Бадлера: O toison, moutonnant jusque sur l’encolure! У Хадановіча: О, лёканаў каскад, што падае на сьпіну! |
Цяпер зьвернемся да Хадановічавага перакладу аднаго з Бадлеравых вершаў у прозе з цыклу “Парыскі сплін” і паспрабуем параўнаць гэты пераклад з апублікаванай яшчэ ў 1983 годзе беларускай вэрсіяй добра вядомага літаратурнага перакладчыка з францускае мовы Зьмітра Коласа. Арыгінал: VIII Le chien et le flacon “— Mon beau chien, mon bon chien, mon cher toutou, approchez et venez respirer un excellent parfum acheté chez le meilleur parfumeur de la ville.” Et le chien, en frétillant de la queue, ce qui est, je crois, chez ces pauvres êtres, le signe correspondant du rire et du sourire, s’approche et pose curieusement son nez humide sur le flacon débouché; puis reculant soudainement avec effroi, il aboie contre moi, en maniére de reproche. “— Ah! misérable chien, si je vous avais offert un paquet d’excréments, vous l’auriez flairé avec délices et peut-être dévoré. Ainsi, vous-même, indigne compagnon de ma triste vie, vous ressemblez au public, à qui il ne faut jamais présenter des parfums délicats qui l’exaspérent, mais des ordures soigneusement choisies.” Пераклад Зьмітра Коласа: Сабака й парфума — Сабачка міленькі, шчаня прыгожае, кудлацік добры мой, хадзі сюды, хадзі, нюхні дзівоснае парфумы, што я купіў у найлепшай парфумэрні гарадка. І сабака, віхляючы хвастом — што ў гэтых небарак, па-мойму, адпавядае сьмеху ды ўсьмешцы, — падыходзіць і кладзе цікаўна свой вільготны нос на рыльца адкаркаванага флякона, але раптам з жахам кідаецца ўбок і пачынае на мяне брахаць, нібы з папрокам. — Ах! Няшчасны мой сабака, калі б табе паднесьлі ў скрыначцы г[аўна], ты нюхаў бы яго з такою асалодай і нават, мабыць, зжэр. І ў гэтым ты, нікчэмны спадарожнік майго журботнага жыцьця, падобны да той публікі, якой ніколі не патрэбныя тонкія парфумы — яны яе занадта раздражняюць, — ёй трэба падаваць старанна згатаваную брыдоту”. |
Пераклад Андрэя Хадановіча: Сабака й флякон “Мой мілы сабачка, мой добры сабачка, любы мой, хадзі сюды й панюхай, якую выдатную парфуму набыў я ў найлепшага ў месьце парфумніка”. І сабака, матляючы хвастом, што, як мне ведама, у гэтых бедных істотаў адпавядае нашым сьмеху й усьмешцы, падыходзіць і зь цікавасьцю тыцкае вільготным носам у адкрыты флякон; пасьля раптоўна ў страху падаецца задам і пачынае брахаць на мяне, нібы з дакорам. “Ах ты, нікчэмны сабака! Калі б я прынёс табе пакунак з лайном, ты з асалодаю нюхаў бы яго, а магчыма б, і зжэр. Гэтым ты, нягодны паплечнік майго смутнага жыцця, падобны да публікі, якой патрэбныя ня вытанчаныя водары, што адно раздражняюць яе, а старанна падабраныя гідкасьці”. Напэўна, пераклад Хадановіча крыху прайграе праз адсутнасьць у ім такіх перакладчыцкіх знаходак, якія ёсьць у Зьмітра Коласа: “у найлепшай парфумэрні гарадка”, альбо: “кудлацік мой”. Напэўна, больш дакладна адпавядае францускаму першаўзору Коласава “...у гэтых небарак, па-мойму, адпавядае сьмеху і ўсьмешцы”, чым, як у Хадановіча, “...як мне ведама, у гэтых бедных істотаў адпавядае нашым смеху й усьмешцы”. Відаць, “старанна згатаваная брыдота” (у Коласа) па-беларуску гучыць больш арганічна, чым “старанна падабраныя гідкасьці” (у Хадановіча). Але затое, на маю думку, пераклад Хадановіча лепш упарадкаваны рытмічна і ў гэтым сэнсе лепш чытаецца. Андрэй Хадановіч не баіцца ў перакладзе паспаборнічаць і з самім Максімам Багдановічам. Гэтак, ён зрабіў другі пасьля нашага клясыка паэзіі пераклад з лаціны оды Гарацыя “Да Мэльпамэны” (у Багдановічавым перакладзе — “Памятнік”). Мушу сказаць, што пераклад Андрэя ў сваёй паэтычнасьці наўрад ці прайграе клясычнаму. У Хадановіча, відаць, больш дакладна перададзены Гарацыевы выразы “aere perennius” — “трывалéйшы за медзь” (хоць націск у слове трывалейшы выклікае сумнеў), “innumerabilis| annorum series” — “ані бясконцы бег/ Незьлічоных гадоў”, “qua violens| obstrepit Aufidus| et qua pauper aquae| Daunus agrestium| regnavit populor(um)” — “дзе ў бязводным краі стэпавым людам Даўн / Валадарыў, дзе мчыць воды свае Аўфід” (хоць інвэрсія тут крыху парушае дасканаласьць паэтычнае вымовы). Што праўда, у новым перакладзе ёсьць і страты: маю на ўвазе інтэрпрэтацыі такіх Гарацыевых выразаў, як “aquilo impotens”, “vitabit Libitin(am)”, “usque ego postera| crescam laude recens”. Зрэшты, пра свае цяжкасьці пры перакладзе гэтага верша Андрэй Хадановіч сам распавёў у 45-м выпуску “Крыніцы”, пары яе квітненьня. Думаю, што Андрэй Хадановіч-перакладчык ужо зрабіў свой пэўны ўнёсак у наша літаратурна-моўнае пашырэньне. Здаецца, асабліва яскрава гэта выяўляецца ў ягоных перакладах з Малярмэ (нязмога, нязможны, сінец, наўскід, кунежніца, беліня, павернік, багоміць, саладзіня, сьвятоўны, насамрэчны, зьнежывелы, ахарона, заклікач і інш.), Ейтса (шкумацьцё, старэчасьць, сіг, зьліва, саміца і інш.) Мабыць, кожны, хто прачытае гэтыя радкі, пагодзіцца са мною: у паэтычных перакладах Андрэя Хадановіча — як згаданых тут, гэтак і не згаданых (Ж. дэ Нэрваля, Э. Дыкенсан, Г. Апалінэра, У.Х. Одэна, Сэн-Жона Пэрса, Э. Паўнда, Ч. Мілаша, Ю. Андруховіча ды інш.) — ёсьць самае галоўнае: бездакорны густ і здаровая самапавага да свайго паэтычнага чуцьця. Ставячыся да клясыкі з пашанотаю, ён, разам з тым, “не ламае шапку” перад знакамітымі паэтамі, а давяраецца сваёй творчай інтуіцыі, якая амаль ніколі яго не падводзіць. Натуральна, можна спрачацца з тымі альбо іншымі інтэрпрэтацыямі клясычных вобразаў, зробленымі Андрэем. Аднак пры гэтым нельга не заўважыць аднаго: Хадановіч падсьвечвае кожную сваю перакладчыцкую працу ўласным паэтычным талентам, а таксама сваёй літаратуразнаўчай эрудыцыяй. З прыходам у беларускі паэтычны пераклад Андрэя Хадановіча ў мяне (і, спадзяюся, ня толькі ў мяне) на душы зрабілася лягчэй ды спакайней. Адно каб не надумаўся Андрэй аддаць поўную перавагу ўласнай вершатворчасьці. Хачу тут патлумачыць прычыну гэтае свае занепакоенасьці. Сёньня Беларусь дажыла да такога стану, што дзяржаўныя выдавецтвы не друкуюць кніжак сусьветнай клясыкі, прафэсійна перакладзеных з моваў арыгіналу — пагатоў кніжак беларускіх перакладаў паэзіі. Гэтак, ужо даўно, з раманамі Кляўса Мана, Штэфана Гайма, Патрыка Зюскінда, аповесьцямі Э.Т.А. Гофмана, “у стале” ў Васіля Сёмухі ляжыць “Кніга гадзінаў” Райнэра Марыя Рылькэ. Аўтар гэтых радкоў спрабаваў пашукаць фундатараў на яе выданьне, а таксама на выданьне паэзіі Бадлера ў перакладзе Андрэя Хадановіча, але выніку ніякага не дамогся. І ўсё-такі ёсьць спадзеў, што гэтаксама, як здолелі знайсьціся прыватныя фундатары для выданьня шматпакутнага зборніка францускіх паэтаў Плеяды ў перакладзе Ніны Мацяш (у якім таксама ёсьць і перамогі, і паразы перакладчыцы), гэтак знойдуцца яны й для таго, каб бліжэйшым часам у кніжным выглядзе зьявіліся агучаныя па-беларуску Андрэем Хадановічам Бадлер і Малярмэ, Ейтс і Апалінэр, Мілаш і Андруховіч...
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (23) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |