A R C H E П а ч а т а к № 3 (23) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32002
» да Зьместу «

 


Андрэй Хадановіч
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


пераклады

 
Вокладка ARCHE 3-2002.

   Мінулыя нумары:

   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Шарль Бадлер
 
 
Танец сьмерці


Зграбнюткая хада, пальчаткі, вэлюм, кветкі,
Спакусьлівы пагляд і таямнічы ўздых,
Багаты арсэнал дасьведчанай какеткі ––
Усё як у людзей, усё як у жывых.

Хіба танчэйшы стан ты сустракаў на балі?
А каралеўскі строй дзівоснай шырыні?
Ці ж ножкі лепшыя калісьці абувалі
Ў малыя туфлікі? Ня бачыў? Дык зірні!

Паўзьверх худых ключыц, пастаўлены на варту
Цнатлівае красы, бруіцца лёгкі руш:
Ад жарсных позіркаў ці ад ліхога жарту
Прывабнасьці схаваў, якіх, глядзі, ня руш!

У глыбіні вачэй сутоньне й паражнеча,
Вянок на чэрапе –– ну чым не валасы! ––
На крохкіх пазванках гайдаецца й трапеча.
О, вытанчаны бляск магільнае красы!

Хтось іншы назаве брыдой цябе, магчыма:
Тым, хто багоміць плоць, не зразумець, чаму
Я на цябе гляджу прыязнымі вачыма,
Чым спадабалася так сэрцу ты майму!

Ці ты прыйшла сюды, каб сапсаваць ім сьвята
Усьмешкаю з труны? Альбо спакусы зноў
У зман цябе ўвядуць, і кінешся зацята
Прыемнасьці лавіць на шабасе лгуноў?

Ці спадзяешся ты, што ў оргіях вірлівых
Пагасіш пекла жар, запалены ў душы?
Што ў сьвечак полымі й скрыпічных пералівах
Свой зьдзеклівы кашмар забудзеш? Не сьмяшы!

О, перагонны куб дурноты і пакуты,
Дзе дыстылюе боль самаахвярны кат!
Я чую, як сычыць, між рэбрамі закуты,
Ў сярэдзіне цябе узгадаваны гад!

Прывабнасьці твае –– не для мужчын тутэйшых,
Жахліваю красой іх цьвеліш ты дарма.
Усё ідзе на глум, бо толькі наймацнейшых
Чаруе вусьцішнасьць, а тут такіх няма!

Адвечнаю жудой твае сьвідруюць вочы ––
Тут цяжка не самлець; і кавалер любы
Ледзь-ледзь стрымае млосьць, пабачыўшы жаночы
Какетлівы ашчэр на трыццаць два зубы.

А зрэшты, хто ня браў нябожчыка ў абдымкі
І хто з жывых людзей ня выкармак труны?
Хто пудры не ўжываў? А штучнае радзімкі?
Таксама і яна. Дык што, прыгажуны?..

Царыца паталух, бязносая гітана,
Да скакуноў ідзі й скажы ім напрамкі:
“Нягледзячы на ўсе парфумы і румяны,
Вы ўжо адчулі сьмерць! Амаль што мерцьвякі

Ты, лысы Лявэляс, юрлівы ашуканец,
Ты, Антыной сівы, сапселы пакрысе, —
Разьюшаная Сьмерць вас зацягнула ў танец
І немавед куды нясе, нясе, нясе!

На Сэны берагох і на сьпякотным Гангу
Сьмяротных чарада гарэзіць да пары,
Ня бачыць, што бяда стаіць ужо на ганку
Й Анёльская труба ўжо зеўрыць угары.

Пацешны род людзкі, з камэдыяй няшчырай
Па ўсіх зямных краёх крыўляйся і скачы:
Глядачкай будзе Сьмерць, надушаная мірай,
Іронію сваю ў твой шал дадаючы!”

Пераклаў Андрэй Хадановіч

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (23) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/01/20