A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (23) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Валер Булгакаў |
1 Адным з найбольш папулярных твораў перабудовачнае пары на тэму нацыянальнага стала эсэ Ўладзімера Арлова “Незалежнасьць — гэта...”. Яно было напісанае ў лютым 1990 году і прыпала на час актыўнага пошуку самабытнага “нацыянальнага шляху” ня толькі ў нас, але і ў суседніх зь Беларусяй рэспубліках па гэты і той бок мяжы СССР. Невыпадкова, што тэкст быў цёпла сустрэты грамадзкасьцю сумежных краін і вокамгненна перакладзены на прыбалтыйскія мовы, на расійскую, а таксама прынамсі двойчы апублікаваны на польскай. Аўтар публікацыі выступае за незалежнасьць сваёй Бацькаўшчыны. Для яго, тагачаснага грамадзяніна змрочнай таталітарнай імпэрыі, гэтая незалежнасьць асацыюецца нават ня столькі з “нацыянальным выбарам” краіны, колькі зь яе эўрапеізацыяй і дэмакратызацыяй. Арлоў ня бачыць Беларусі ў найбліжэйшай будучыні дзяржавай, у якой будзе агрэсіўна дамінаваць культура тытульнай нацыі, і таму сур’ёзна гаворыць, што пры незалежнасьці беларускіх дзетак у Беларусі будуць вучыць па-беларуску, польскіх — па-польску, жыдоўскіх — па-жыдоўску, “і дзеля гэтага тваім тату й маме ня трэба будзе ўсё лета зьбіраць па кватэрах заявы бацькоў”. У палітычным вымеры незалежнасьць надыходзіць тады, “калі з тэлеперадач і газэт раптам зьнікаюць лісты нястомна-таямнічых вэтэранаў і вусьцішныя паведамленьні пра нацыяналістаў і экстрэмістаў”, “калі ты пазбаўлены магчымасьці пачуць, як твой прэзыдэнт вучыць з экрану суайчыньнікаў: “Хто как хаціт, той так і гаварыт”, бо твой прэзыдэнт — чалавек пісьменны і хоць адну мову ўсё ж ведае” (няма сумневу, беларускую — Аўт.). І, натуральна, незалежнасьць гэтая ёсьць перадусім незалежнасьцю ад Расіі зь яе побытавай неўладкаванасьцю (“каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы”) і нязьмернымі імпэрскімі амбіцыямі (“калі ніхто ня страшыць цябе, што твой народ ня зможа выжыць безь вялікага старэйшага брата”). Карацей, “незалежнасьць” паводле Арлова — гэта камуністычнае “сьветлае заўтра” наадварот, час, калі цудоўным, але нікому пакуль невядомым чынам будуць выпраўленыя асноўныя заганы масавага савецка-беларускага грамадзтва і Беларусь з паўночна-заходняй ускраіны імпэрыі ператворыцца ў арганічную частку Эўропы. Арлоў выбудоўвае сваю нацыяналістычную ўтопію, не ўсьведамляючы, што яе правобразам выступае сучасная яму марксісцка-ленінская камуністычная тэлеалёгія зь яе аднесеным у неакрэсьленую будучыню грамадзтвам усеагульнага дабрабыту, у якім будуць вырашаныя асноўныя палітычныя, сацыяльныя, нацыянальныя і іншыя супярэчнасьці і ў гістарычна абумоўлены надыход якога трэба беззасьцярожна верыць. У сваю ўтопію верыць і сам аўтар, пра што ён сакрамэнтальна заяўляе пры канцы свайго эсэ, пабудаванага ў форме пэдагагічнай гутаркі з падрастаючым пакаленьнем: “Я веру, што калі-небудзь так будзе. Бо йначай проста ня варта жыць”. Бальшыня “замалёвак з будучыні” Арлова, дзеля сваёй утапічнасьці, ужо сёньня ўспрымаецца зь вялікай доляй іроніі. Здабыцьцё незалежнасьці не дало Беларусі прапусткі ў сям’ю эўрапейскіх нацый, дый сама гэтая незалежнасьць выйшла нейкая малакроўная, неэўрапейская, хутчэй мо афрыканская (менавіта ў Афрыцы здабыцьцё незалежнасьці ад мэтраполіі за рэдкім выняткам адзначалася рэзкім пагаршэньнем узроўню жыцьця). Шараговы беларус па-ранейшаму ня мае шанцаў выехаць на выхадныя ў Вену, каб выпіць кавы “насупраць палацу Шонбрун”, спэцслужбы як раней усюдыісныя і падкантрольныя толькі кіраўнічай кліцы, а таму ў любы момант могуць выклікаць цябе для прафіляктычнай гутаркі, у школе на ўроках гісторыі гавораць і пра Лядовае пабоішча, а ня толькі Грунвальдзкую бітву, а на Дзяды ніхто не гарантуе, што ты не атрымаеш сваёй порцыі сьлезацечнага газу і што “новая мадэль гумовага дручка” ня будзе апрабаваная на тваёй галаве. Нарэшце, у радзільні, у якой зьяўляюцца на сьвет нашы дзеткі, як і ўперад, у вялікай колькасьці вядуцца прусакі, а радыё і тэлебачаньне запаланілі адыёзныя прапагандысцкія перадачкі, проці якіх свавольныя штукарствы савецкіх вэтэранаў выглядаюць няйначай як дзіцячае лепятаньне. І што самае фатальнае, ладная частка беларусаў успрымае пару, якая папярэднічала здабыцьцю незалежнасьці, як своеасаблівы “залаты век”, калі іх матэрыяльныя і духоўныя запыты задавальняліся куды больш гарманічна. Гады незалежнасьці азначыліся таксама відавочным зьдзічэньнем палітычных элітаў, якіх грамадзтва надзяліла абавязкам ажыцьцяўленьня палітычнай улады ў краіне. Пазбаўленыя ранейшых, хай сабе эфэмэрных маральна-этычных стрымак, яны ня гідзяцца самых брудных сродкаў пры дасягненьні сваіх палітычных мэтаў. Для беларускай палітыкі ўжо каторы год звыклымі рэчамі зьяўляецца публічнае хамства і нецярпімасьць да іншадумства, закулісныя інтрыгі і ўстараненьне палітычных праціўнікаў незаконнымі мэтадамі. Можна падумаць, што адзіны недагляд пісьменьніка Арлова — гэта недагляд, так бы мовіць, з краінай прызначэньня незалежнасьці — маўляў, падставіць бы на месца Беларусі Польшчу або Эстонію, і ўсё адразу стане на свае месцы. Але за гэтым недаглядам стаіць нешта большае: ён сьведчыць пра неразуменьне бягучых сацыяльна-палітычных працэсаў беларускай інтэлігенцыяй канца 80-х — пачатку 90-х гадоў XX стагодзьдзя, яе хваравітую цягу да абсалютызацыі адных зь іх і ігнараваньня другіх. Беларускія інтэлігенты верылі, што крызыс камуністычнай ідэалёгіі ў краіне, у якой адсутнічаюць традыцыі палітычнай культуры, мэханічна прывядзе ня толькі да дэцэнтралізацыі і развалу Савецкага Саюзу, але і да эўрапеізацыі нашай Бацькаўшчыны. Першыя гады незалежнасьці паставілі беларускую інтэлігенцыю на мяжу фізычнага выжываньня. Рэзкае зьніжэньне даходаў беларускага інтэлігента суправаджалася непрадказальнымі зыгзагамі культурнай палітыкі дзяржавы, якая ахвотна фінансавала адно тыя культурныя ініцыятывы, якія давалі імгненны прапагандысцкі эфэкт. Адчуўшы пэрманэнтныя матэрыяльныя цяжкасьці, былыя трыбуны БНФ і аракулы ТБМ масава адышлі на пэнсію або выехалі ў эміграцыю, перакваліфікаваліся ў работнікаў трэцяга сэктару ці нават звычайных школьных настаўнікаў. Чаму? Мо таму, што ўсе яны марылі пра ідэальную незалежнасьць з гіпэртрафавана беларускай дзяржавай, якая ў адпаведнасьці з прынятым “Законам аб адукацыі” перавядзе навучаньне ў школах і ўнівэрсытэтах на беларускую мову, стварыўшы тым самым новыя працоўныя вакансіі для носьбітаў матчынай мовы, павялічыць выданьне беларускамоўных кніг, выплачваючы завоблачныя ганарары беларускім пісьменьнікам і іншым работнікам беларускага слова, адным махам забясьпечыць інфармацыйны сувэрэнітэт краіны і г.д., — адным словам, пра гэткую сабе незалежнасьць з рэзкім павелічэньнем магчымасьцяў кар’ернага росту. Рэальная ж незалежнасьць і насталая пры ёй капіталізацыя беларускай эканомікі прынесла і ў культурнае жыцьцё краіны дух канкурэнцыі, запатрабавала новай этыкі працы і жыцьця. Для дасягненьня посьпеху раптам стала замала быць шчырым беларускім патрыётам або незаплямленым дэмакратычным апазыцыянэрам. |
2 Сяргей Дубавец, шматгадовы рэдактар газэты “Наша Ніва”, у канцы 80-х —90-х гадох XX стагодзьдзя атрымаў прызнаньне як ідэоляг беларускага нацыяналізму, ці — гэты выраз часта страчаецца ў яго публікацыях — беларускага шляху*. Дубаўцоў зборнік “Практыкаванні”, выдадзены ў 1992-м, уяўляе сабой важны і павучальны зрэз яго рэфлексіяў на тэмы нацыі і нацыяналізму на самым пярэдадні і падчас здабыцьця незалежнасьці. Уласна “рэфлексійны” блёк “Практыкаваньняў”, разьдзел “Эсэ” (агулам кніга мае тры разьдзелы — “Проза”, “Эсэ”, “Крытыка”), пачынаецца з артыкулу пад назовам “Мова”, у якім аж роіцца ад стандартных, “тэбээмаўскіх” фармулёвак накшталт “Свая мова — гэта інтымная рэч нацыі, дарагая і неабходная толькі ёй. Без інтымнага (патаемнага) і чалавек, і нацыя — назвы, абалонкі, напхатыя немаведама чым, толькі не сабою”. Або: “Стагоддзямі адбіралі ў нас мову. То цалкам, то па сказе, па слове, па гуку”. На гэтую тэму аўтар разважае доўга і ахвотна. Будучы прапагандыстам моўнага нацыяналізму, С. Дубавец азартна крытыкуе культурную палітыку БССР. Прадметам крытыкі стаецца, у прыватнасьці, Саюз пісьменьнікаў Беларусі (“сталінскае дзецішча сталінскага гарту”), а таксама заселыя ў ім “літаратурныя адміралы” накшталт Івана Навуменкі, якія ўсяляк душаць сваіх маладзейшых калегаў “па пяру”. 80-я гады XX стагодзьдзя — гэта час, калі беларускія нацыяналісты мабілізаваліся пераважна зь літаратурнага асяродзьдзя, таму ў нататках Дубаўца часам не адчуваецца дыстанцыі паміж тагачасным нацыянальным і літаратурным рухам. Дарэчы, акурат розныя драбніцы зь літаратурнага жыцьця робяць Дубаўцовы “Практыкаванні” кнігай, якую зь неабходнасьцю давядзецца прачытаць будучым гісторыкам беларускае літаратуры: напрыклад, што работнікі выдавецтва “Мастацкая літаратура” не хацелі прапускаць аўтарскай назвы першай паэтычнай кнігі Адама Глёбуса “Парк” і намаўлялі перайменаваць яе ў якія-небудзь “Гронкі радасьці”, або як пры канцы 70-х аднаго маладога беларускамоўнага паэта моцна хвалілі ў друку за тое, што ён валодае беларускай мовай, або як цкавалі паэтычны геній Алеся Разанава... Канчаюцца “Практыкаванні” тэкстам-маніфэстам “Новая культурная сітуацыя. Тэзісы новых кніг”, навеяным абвяшчэньнем незалежнасьці. У гэтым артыкуле многа гаворыцца пра патрэбу выбудовы беларускае Беларусі на прагматычнай аснове. Разам з гэтым С. Дубавец публічна адмаўляецца верыць, што беларуская дзяржава можа стаць маторам беларусізацыі грамадзтва: “Беларуская культура не стане грамадскай з’явай ад таго толькі, што ўсе школы і дзяржаўныя інстытуты будуць пераведзеныя на беларускую мову”. Ад чаго ж тады стане беларускай Беларусь? Ад пісаньняў тутэйшых культуролягаў і ад маніфэстацыяў палітычна актыўнай часткі грамадзтва? Што гэта — адгалосак спэцыфічна расійскага разнавіду нігілізму або своеасаблівая інтэлектуальная поза, — мабыць, мы так ніколі і не даведаемся. Магчыма, тады, у 1992 годзе, гэткае выказваньне ўспрымалася іначай. Далей С. Дубавец з халоднай безуважнасьцю выстаўляе трывожны дыягназ бягучай культурнай сытуацыі. Ён гаворыць пра хранічную культурную анэмію беларусаў: “Беларуская культура не распрацоўвае жыццёвыя праекты і сітуацыі, яна ўжо не стварае самабытныя беларускія краявіды. Тое, чаго не робіць беларуская культура, ёсць нормай культуры, праз якую самасцвярджаюцца нацыянальны светапогляд і мова”. Палітычныя падзеі сярэдзіны 90-х з усёй відавочнасьцю пацьвердзяць яго абгрунтаванасьць. Па азнаямленьні з Дубаўцовымі рэфлексіямі ў чытача ўзьнікае дваістае ўражаньне. Так, яны напоўненыя геніяльнымі здагадкамі і інтрыгоўнымі хадамі, адзначаюцца вышуканай мовай і філігранным стылем. Але ўсё гэта датычыць Дубаўца-пісьменьніка. Як ідэоляг ён часта аказваецца бездапаможны. Ён няздольны на падагульненьні і ўнівэрсальныя высновы, бо ўсе яго развагі на тэмы нацыі грунтуюцца выключна на яго асабістым досьведзе. Больш за тое, у распрацоўцы інтэлектуальнага апарату беларускай нацыянальнай ідэалёгіі, наагул у разуменьні нацыянальнага праекту Дубавец сваім бескампрамісным сьцьверджаньнем багацьця беларускай мовы не пайшоў далей за Францішка Багушэвіча. Прычыны гэтага ляжаць у гуманітарнай сфэры. Напярэдадні распаду СССР у краіне толькі-толькі пачалі зьяўляцца пераклады сучаснага заходняга мысьленьня, а таксама фармавацца мода — сьпярша вельмі плыткая і несур’ёзная — на заходніх інтэлектуалаў. У якасьці сваіх духоўных настаўнікаў Дубавец — ідэоляг беларускага нацыяналізму бярэ першае-лепшае, разрэклямаванае менска-маскоўскімі выдаўцамі і акадэмічнымі інтэрпрэтатарамі, — францускі экзыстэнцыялізм сярэдзіны XX стагодзьдзя (Жан-Поль Сартр, Альбэр Камю) і нямецкую філязофію жыцьця канца XIX стагодзьдзя (Фрыдрых Ніцшэ). Самыя схематычныя тэксты “Практыкаванняў” акурат і прысьвечаныя гэтым постацям (эсэ “Фрыдрых Ніцшэ — гіпсавы мысляр” і “Тлумачэнне Сартра”, якое грашыць хадульнымі высновамі ў духу “Пра Сартра кажуць, што ён адвучвае верыць у Бога і прывучвае верыць у чалавека. Гэта праўда.”). У канцавым рахунку інтэлектуальная непераборлівасьць Дубаўца (пра сьвядомую спробу злучыць францускі экзыстэнцыялізм зь беларускім нацыяналізмам гаварыць не выпадае) і абумовіла яго слабасьць як нацыянальнага ідэоляга. Застаецца спадзявацца, што аўтаравы наступнікі і сам аўтар улічаць гэты досьвед і зьвернуць нарэшце ўвагу на творы Бэнэдыкта Андэрсана, Міраслава Гроха, Эрнэста Гельнэра, Энтані Д. Сміта, Эрыка Дж. Гобсбаўма. |
3 У адрозьненьне ад Уладзімера Арлова або Сяргея Дубаўца, Аляксандар Лукашук ня робіць стаўкі на “нацыяналістычны ўтапізм” або “моўны нацыяналізм”. Ён хоча даць нацыі сваіх герояў. Таму інтэлектуальную стратэгію, якую ён адстойвае ў сваёй кнізе, можна акрэсьліць як “распрацоўку і стварэньне нацыянальнага героя”. Кожны нацыяналізм стварае пантэон сваіх герояў. Ладная іх частка — гэта “вечна жывыя” гістарычныя пэрсанажы, якія ў нацыянальнай гістарыяграфіі асэнсоўваюцца як вестуны нацыянальнай дзяржаўнасьці або абароньнікі нацыянальных інтарэсаў — нягледзячы на свой экстэрытарыяльны і наднацыянальны статус, як, напрыклад, у выпадку Сьцяпана Батуры, Ягайлы або нават Тадэвуша Касьцюшкі, які дагэтуль свой прынамсі для беларусаў, украінцаў, палякаў і літоўцаў. Праблема, аднак, палягае ў тым, што ўсе гэтыя гістарычныя дзеячы ніколі не валодалі канкрэтна беларускай, польскай або літоўскай нацыянальнай сьвядомасьцяй (якая ёсьць зьявай мадэрных часоў, то бок у строгім сэнсе пра яе можна гаварыць толькі пачынаючы з XIX стагодзьдзя), і таму нацыянальны ідэоляг патрабуе ўключэньня ў нацыянальны пантэон таксама і сучасных нацыяналістаў, г.зн. такіх, якія і важнае значэньне нацыянальнае мовы разумелі, і сапраўдныя межы сваёй краіны правільна ўяўлялі, і чужынцам супраціў чынілі. Пантэон беларускіх нацыянальных герояў родам з XIX—XX стагодзьдзяў складаецца амаль з адных пісьменьнікаў і выдаўцоў, якія часта паміралі ў росквіце сілаў ад невылечных хваробаў і цяжкіх варункаў працы. Гартаеш старонкі паваенных эміграцыйных часопісаў (у тым ліку і “Моладзі”, якую выдаваў Янка Філістовіч) і дзівішся, які малы культурны капітал назапасіла нацыя: усе яны поўняцца просталінейным узьвелічэньнем Мацея Бурачка, Максіма Багдановіча, Івана Луцкевіча або Янкі Купалы. Культ вайсковых герояў, як, напрыклад, у палякаў зь іх Юзафам Пілсудзкім або Эдвардам Рыдз-Сьміглым, не разьвіўся ў нас зусім (Кастусь Каліноўскі не ўваходзіць у рахубу, бо яго нацыянальная сьвядомасьць не была “беларускай” — гэта пазьнейшая мадэрнізацыя). Дый скуль яму ўзяцца, калі ўласна беларускія нацыянальныя дзеячы зьяўляюцца параўнальна позна, толькі на зломе XIX і XX стагодзьдзяў, і рэкрутуюцца пераважна зь літаратурна-выдавецкага асяродзьдзя. Аляксандар Лукашук у сваім творы (аўтарскае жанравае азначэньне — радыёп’еса) робіць спробу запоўніць гэтую галу ў нацыянальным пантэоне герояў вяртаньнем зь нябыту постаці беларускага ваякі Янкі Філістовіча. Янка Філістовіч нарадзіўся 14 студзеня 1926 году ў сяле Паняцічы, што на Вялейшчыне. Увосень 1943 году быў мабілізаваны ў 13-ы батальён войскаў СД, які быў сьпярша разьмешчаны ў Вялейцы, пасьля — у Менску (дзе, паводле прыведзенага ў п’есе сьведчаньня, “батальён выконваў розныя заданьні, у іх ліку і па канвоі габрэяў з гета ў шталяг 32, вядомы лягер сьмерці ў ваколіцах Менску”). Служыў у ім да заняцьця тэрыторыі Беларусі Чырвонай арміяй, пасьля быў прыкамандзіраваны да 30-й дывізіі СС і ў складзе гэтай вайсковай адзінкі быў перакінуты праз Польшчу ў Італію, адкуль быў пераведзены ў Чэхію, дзе засьпеў канец вайны. Пасьля вайны без асаблівага посьпеху вучыўся ў парыскай Сарбоне і Лювэнскім каталіцкім унівэрсытэце (Бэльгія). Супрацоўнічаў з амэрыканскай выведкай, пры дапамозе якой быў дэсантаваны на тэрыторыю Беларусі 9 верасьня 1951 году. За год свайго пабыту ў краіне з групай аднадумцаў выдаў адозву “Жыве Беларусь”. Быў бяз бою арыштаваны і пасьля паўгадавога сьледзтва расстраляны. Ось і ўся гераічная гісторыя. Трэба прызнаць, што Лукашукова спроба ўдалася толькі часткова. З аднаго боку, аўтар, як ён сам прызнаецца, з падачы Вінцука Вячоркі і Сяргея Навумчыка стварыў па-свойму незабыўны вобраз беларускага паўстанца-нацыяналіста, які цалкам сьвядома паклаў сваё жыцьцё на алтар Бацькаўшчыны. Гэты амаль хрысьціянскі матыў самаахвярнасьці, хай сабе ў імя Бацькаўшчыны, а не нябеснага Валадарства, праходзіць скрозь усю кнігу і няяўна выступае галоўнай падставай для залічэньня Філістовіча ў корпус нацыянальных герояў. Пры вострым дэфіцыце апошніх можна заплюшчыць вочы на тое, што гэты ваяка пасьля дэсантаваньня ня вёў ніякіх вайсковых дзеяньняў, а таму гераізм яго быў выключна духоўнай прыроды і апісваецца ў мэтафарычных тэрмінах “не скарыўся”, “ня паў духам”, “высока трымаў сьцяг беларушчыны”. З другога боку, нельга заплюшчваць вочы на тое, што ў якасьці нацыянальнага героя выбраны калябарант, заплямлены самім фактам удзелу ў фашыстоўскіх парамілітарных фармаваньнях і які, да ўсяго ж, мог мець дачыненьне да вынішчэньня жыдоў (у п’есе Філістовіч адкідае абвінавачаньне ў ваенных злачынствах, сьцьвярджаючы, што ў ягоным батальёне служыў іншы Іван Філістовіч, старэйшы). Як мы неўзабаве пабачым, акурат гэтая лінія гераізацыі калябаранта-вайскоўца беларускіх паравайсковых фармаваньняў часоў другой сусьветнай вайны атрымае ў дамарослых тэарэтыкаў нацыяналізму энэргічны працяг. Аляксандар Лукашук, пішучы сваю кнігу, выкарыстоўваў зьвесткі з розных крыніц (лісты, публікацыі ў часопісе “Моладзь”, успаміны, пратаколы допытаў). Відаць, гэтай неабсяжнай шматстайнасьцю фактаў і зьвестак, якія давялося апрацаваць падчас працы над п’есай, тлумачыцца прыкры недагляд, які лучыў у яе: на пачатку кнігі гаворыцца, што Філістовіча “затрымалі недалёка ад Горадні”, але пасьля аказваецца, што арышт праводзіла Маладэчанская ўправа МГБ у суседняй зь вёскай Вязынь вёсцы Ярмолічы (і першая, і другая знаходзяцца ў Маладэчанска-Вялейскім рэгіёне) і што арыштаваны Філістовіч быў у хаце свайго былога аднаклясьніка Пятра Соніча... |
4 “Русская книга” Сяргея Дубаўца пабачыла сьвет неўзабаве пасьля шырака- і сумнавядомых падзеяў у грамадзка-палітычным жыцьці краіны: абраньня прэзыдэнтам савецкага папуліста Аляксандра Лукашэнкі і рэзкага зьмяненьня палітычнага курсу краіны. На чацьверты год лукашэнкаўшчыны нацыянальна-дэмакратычныя сілы краіны ўяўляюць сабой сумнае відовішча: яны разгромленыя і выціснутыя за борт палітычнага жыцьця. Горыч паразы ўзмацняецца ад барбарскай замены нацыянальнай сымболікі і імклівай дэбеларусізацыі сыстэмы асьветы і інфармацыйнага рынку краіны. Гэтая горыч няўзнак перарасьце ў дэмаралізаванасьць зь яе навязьлівай думкай, што кожная акцыя нацыянальна-дэмакратычных сілаў загадзя вырачаная на няўдачу. Храналягічна “Русской книге” (зьбертыя ў ёй тэксты пабачылі сьвет у расійскамоўных выданьнях Беларусі і Расіі ў сярэдзіне 90-х) папярэднічаў зборнік апавяданьняў, імпрэсіяў і эсэ “Дзёньнік прыватнага чалавека”, які ствараўся паміж 1989 і 1998 гадамі, а значыць, быў беспасярэднім працягам вышэйпамянёных “Практыкаванняў”. З “Практыкаваннямі” “Дзёньнік...” лучаць тэмы, стыль, характар мысьленьня. Нязьменна прысутнічаюць францускія экзыстэнцыялісты і раманісты пяцідзесяцігадовай і большай даўніны (“праціўнік сьмяротнае кары Альбэр Камю”, “Я падобны да Марсэля Пруста, які па дарозе да Свана шукае страчаны час”), тэма мовы (“мова, якой няма, але...”), беларускага шляху (“парадокс, уласьцівы й сучаснаму пашпартнаму беларусу, — дзьве крайнасьці сыходзяцца ў ім: нацыянальная індыфэрэнцыя й патрэба нацыянальнае ідэнтыфікацыі” [толькі хіба “патрэба нацыянальнае ідэнтыфікацыі” — гэта крайнасьць? — Аўт.] і г.д. Адным словам, як у выпадку “Практыкаванняў”, сэнсавая нэрва “Дзёньніка...” — гэта нацыянальнае пытаньне. Пры яго асэнсаваньні Дубавец выкарыстоўвае якасна іншы досьвед: калі да 1991-га разважаць пра незалежнасьць можна было толькі ўва ўмоўным ладзе, абапіраючыся на ўласныя інтуіцыі, асабістыя ідэалы і абстрактныя сусьветныя заканамернасьці, то пасьля 1991-га гэтая незалежнасьць абрасла рэальнымі фактамі і падзеямі. Сапраўдная незалежнасьць, рэальная палітычная гісторыя незалежнай Беларусі дае падставу Дубаўцу сьцьвярджаць а) слабасьць нацыянальнага руху (“заняпад беларускай ідэі ёсьць, і ён непераадолены ў тых формах, у якіх гэтая ідэя йснавала ды йснуе”), б) цьмянасьць і нераспрацаванасьць ідэалёгіі беларускага нацыяналізму (“…беларушчына — гэта творчасьць. Шматгадовыя ваганьні й прыблізны сэнс адраджэнства склаліся ў адзіную прычыну паразы на пераможным шляху”), в) прадажнасьць і непрадукцыйнасьць дэмакратычнай апазыцыі (“Бог даў Беларусі ня толькі самае горшае ў сьвеце начальства, але й самых нікчэмных патрыётаў, самых баязьлівых палітыкаў, самых бязвольных змагароў”), г) нераспрацаванасьць і нявызначанасьць альтэрнатыўнай дзяржаўнай культурнай палітыкі беларускіх культурных элітаў (“так і ня ўзгоднены адраджэнцамі правапіс роднай мовы, ня створана дзяржаўная ідэалёгія беларускага парадку”). Наступная інвэктыва няўзнак абарочваецца супраць стратэгіі “распрацоўкі і стварэньня нацыянальнага героя”, якую мы прыпісалі былі Аляксандру Лукашуку: “Яшчэ гадоў 10 таму фатакопіі твораў Луцкевіча, Станкевіча, Варонкі... прыносілі асалоду здабыткаў. Але сёньня самая ідэя вяртаньня — гэта прафанацыя”. Сам Сяргей Дубавец з 1991 году стала жыве ў Вільні, і таму вобраз праэўрапейскай Літвы прысутнічае на гарызонце яго твораў як пазытыўная альтэрнатыва прарасійскай Беларусі: Літва, нібы адмыслова дзеля Беларусі, стварае хрэстаматыйныя ілюстрацыі — узоры быту нацыянальнай дзяржавы. Літва — выдатніца ў школе постсавецкіх народаў, акуратная й старанная, прагная да вучобы, яна пераходзіць з клясы ў клясу, павялічваючы адлегласьць ад трэцягодніцы-Беларусі, якая прагульвае ўрокі, як прагульвае іх неахайная дзяўчынка ў зношанай школьнай форме — прагульвае не дзеля кіно ці нейкіх іншых забаваў, а дзеля самога прагульваньня. І гэтаксама, як дзяўчынка-трэцягодніца, Беларусь недалюблівае Літву, пазьбягае гэтай стараньніцы, якая марыць паступіць ва ўнівэрсытэт аб’яднанай Эўропы, бо сама Беларусь ня марыць ні пра што. Чым гэтта кіруецца Дубавец? Відавочна, ня станам эканомікі абедзьвюх краін, які, ведама, адрозны, але не настолькі, каб даваць грунт для такой змрочнай ацэнкі. Пагатоў што меншы паказьнік ВУП у пераліку на адзінку насельніцтва ў Беларусі ў пэўнай меры кампэнсуецца значна меншай вонкавай запазычанасьцю, а значыць, значна меншымі выдаткамі зь дзяржаўнага бюджэту на яе абслугоўваньне. Інакш кажучы, яўнага разрыву ўва ўзроўні жыцьця сярэдняга беларуса і сярэдняга літоўца не было і няма. Відаць, Дубавец схільны ўспрымаць лукашэнкаўскі праект незалежнасьці сама меней як акт нацыянальнага прыніжэньня, а мо нават як нацыянальны крах. І сапраўды, як інакш рэагаваць нацыянальнаму ідэолягу на беларускую рэальнасьць часоў Лукашэнкі зь яе крахам усіх ранейшых нацыяналістычных утопіяў, зь яе нізкапаклонствам перад зьненавіджанай Расіяй і ледзяной абыякавасьцю да Захаду? На жаль, аўтар “Дзёньніка...” ў сваёй кнізе абмяжоўваецца толькі пастаноўкай нацыянальных праблемаў. Да іх тэарэтычнага вырашэньня ён зьвернецца ў “Русской книге”. Цяжка сказаць, каму была адрасаваная гэтая выдадзеная на расійскай мове кніга. Яна настолькі насычаная беларускімі культурнымі рэаліямі, што звычайны расіец з Расійскай Фэдэрацыі наўрад ці патрапіць прадзерціся скрозь іх дрымучыя нетразі. Магчыма, кніга была прызначаная расійскамоўным беларусам? Але аўтарскі тэкст мае досыць гермэтычны характар, а яго наклад абмяжоўваецца 500 асобнікамі. Застаецца адзін верагодны адказ: тутэйшай расійскамоўнай інтэлігенцыі, якая дагэтуль ніяк не прасякнецца гаючымі ідэямі нацыянальнага адраджэньня. Пачынае Дубавец здалёку, і ў гэтым “далёку” чуецца водгульле дыскусій у асяродзьдзі літоўскай інтэлігенцыі часоў “Саюдзісу”. Яшчэ ў “Дзёньніку” аўтар хінецца да думкі, што нацыянальная нясьпеласьць беларусаў тлумачыцца ня ўнутранымі прычынамі, а вонкавымі, у прыватнасьці, несупыннымі чужынскімі акупацыямі. На думку Дубаўца, калі прызнаём францускую або нямецкую акупацыю Беларусі, трэба прызнаваць і расійскую, бо яны валодаюць аднолькавым “шэрагам тыпалягічных прыкметаў”. Гэты тэзыс будзе разьвіты ў “Русской книге” ў духу “этнічнага нацыяналізму”, згодна зь якім адказнасьць за цяжкасьці этнічных супольнасьцяў з выбудовай мадэрнай нацыі кладзецца на зламысны чужаземны элемэнт. Не прапаноўваючы свайго тэарэтычнага асэнсаваньня расійскай калянізацыі Беларусі, Дубавец, тым ня менш, стварае ўласную тыпалёгію расійскага апанаваньня Беларусі. Ударнай сілай расійскай пятай калёны ў Беларусі выступаюць расійскія вайсковыя пэнсіянэры, якія прышчапляюць грамадзтву ня толькі сацыяльна дэфэктыўныя вартасьці, але і ўкараняюць лад жыцьця, непрымальны з гледзішча нацыянальнага сьветапогляду. (“Кто-то из современников назвал Беларусь “страной отставников”. Это правда. Ведь до последнего времени офицеры советской армии, уходя в отставку и выбирая себе место жительства, отдавали нашему краю абсолютное предпочтение”.) Іх бязьбеднае існаваньне ў Беларусі, сваёй чаргой, робіцца магчымым дзеля надзейнага тылу ў выглядзе былой савецкай вайсковай інфраструктуры. (“Кстати, о военных городках. Некоторые считают, что именно из этих лепрозориев расползлась по нашей земле проказа пренебрежения к крестьянскому труду, а заодно и ко всему белорусскому”.) Падступныя расійцы, каб дасягнуць стратэгічнага кантролю над краінай, не абмежаваліся патураньнем сваім вайсковым пэнсіянэрам і пабудовай вайсковых гарадкоў, а апанавалі дзяржаўны апарат. (“200 лет мы, белорусы, с ними живем, под ними обретаемся, от них терпим. Нашествие этих чиновников “из центральных губерний” началось в прошлом (у XIX — Аўт.) столетии. Тогда десятки тысяч администраторов хлынули на захваченные земли, чтобы возглавить тут новые военные и цивильные учреждения, школы и церкви”.) Апошняя хваля расійскага пранікненьня ў Беларусь і выпхнула на палітычны алімп А.Лукашэнку. (“Последней волной такого приезда из России и отмечен период правления Лукашенко”.) Этнічны нацыяналізм Дубаўца ўступае ў супярэчнасьць з афіцыйнай ідэалёгіяй лукашэнкаўскага рэжыму, але і канфрантуе з ідэалёгіямі нацыянальных дзяржаваў эўрапейскага Захаду, напрыклад Францыі. Апошняя будавалася шляхам пераадоленьня этнічных сэпаратызмаў і сьціраньня рэгіянальных адметнасьцяў. Статус законапаслухмянага грамадзяніна нацыянальнай дзяржавы даваў значна большы сацыяльны аванс, чымся статус прадстаўніка лякальнай супольнасьці або пэрыфэрыйнай этнічнай групы, таму ўжо ў XIX стагодзьдзі ў Францыі масава адміраюць рэгіянальныя мовы і культуры. Бадай, Беларусь ня будзе выняткам з гэтага эўрапейскага правіла. Пры пабудове ў краіне нацыянальнай дзяржавы, палітычным элітам volens nolens давядзецца стварыць варункі для хуткай і бязбольнай інтэграцыі ў нацыю ўсіх этнічных групаў, якія жывуць у нас. І чым хутчэй і лягчэй адбудзецца асыміляцыя этнічных расійцаў, найбольшай этнічнай меншыні, тым будзе лепей для супольнай нацыянальнай справы. Але для гэтага трэба мець прынамсі разьвітую, “канкурэнтаздольную” нацыянальную культуру і цьвёрдую палітычную волю. Заўважым у дыскусійным парадку, што побыт у фармальна фэдэрацыйнай дзяржаве, Савецкім Саюзе, даваў беларусам пэўныя магчымасьці для захаваньня нацыянальнай культуры — іншая рэч, што нацыя не карысталася імі ў поўным аб’ёме, як тыя ж прыбалты. Калі ж уявіць, што пасьля другой сусьветнай вайны Беларусь цалкам увайшла б у склад Польшчы, нармальнай, г.зн. унітарнай нацыянальнай дзяржавы, ніякай бы беларускай незалежнасьці мы не дачакалі, бо польская дзяржаўная машына куды больш эфэктыўна працавала на асыміляцыю этнічных мяншыняў. Зрэшты, “этнічны нацыяналізм” Дубаўца ўзьнік не на голым месцы, а быў нацыяналістычным адказам на выклік, кінуты лукашэнкаўскім рэжымам незалежнаму беларускаму грамадзтву, выклік, які палягаў у аднаўленьні былой каляніяльнай практыкі ператварэньня беларусаў у моўную і культурную меншыню ў краіне, у якой яны фармальна зьяўляюцца тытульнай нацыяй. Выразная перавага нацыянальных крыўдаў і фрустрацый над палітычным прагматызмам і фармальнай паліткарэктнасьцю тут сьведчыць перадусім пра тое, наколькі сьвежыя і глыбокія былі яшчэ раны. Але зь цягам часу яны загояцца, і ў 2002 годзе Сяргей Дубавец будзе заклікаць да асьцярожнага супрацоўніцтва з лукашэнкаўцамі ў справе абароны беларускай незалежнасьці. Абвінавачаньне тутэйшых расійцаў у нацыянальнай катастрофе беларусаў не дае поўнага адказу на пытаньне, як і чаму ў першай дэкадзе постсавецкай Беларусі нацыяналістычная ідэалёгія аказалася ня ў стане канкураваць з сваёй савецкай інтэрнацыянацыялістычнай адпаведніцай. Прыклад Украіны, дзе расійская этнічная меншыня складае да 25% ад усёй папуляцыі, але вонкавая палітыка якой значна больш антырасійская, пераканаўча сьведчыць, што такая інтэрпрэтацыйная мадэль мае больш супольнага з выдумкай, чымся з праўдай. У нявырабленасьці і непрывабнасьці нацыянальнай ідэалёгіі вінаватыя перадусім нацыянальныя ідэолягі, а не ананімныя “жыхары вайсковых гарадкоў” і шкадлівыя “вайсковыя пэнсіянэры”. І наагул, палітыку робяць ня масы (хай сабе этнічна чужыя), а колькасна нешматлікая палітычная кляса, што ў сваіх палітычных паводзінах кіруецца бягучай палітычнай рацыянальнасьцю, якая недвухсэнсоўна санкцыянуе адно (напрыклад, зьнішчэньне беларускамоўнага школьніцтва) і забараняе іншае (антырасійскую гістэрыю ў дзяржаўных мэдыях, да нядаўняга часу). Нягледзячы на свой этнічны антырасійскі нацыяналізм, Дубавец карыстаецца надзіва русіфікаваным тэрміналягічным апаратам. Расійцы не ўспрымаюць ўведзенага заходняй нацыялёгіяй разьмежаваньня этнасу/народу як групы, якая ўва ўмовах капіталістычнай гаспадаркі і адпаведных ёй формаў міжасабовай камунікацыі самаакрэсьліваецца пры дапамозе супольнай мовы, культуры, узвычаеньняў і тэрыторыі пражываньня, і нацыі як рукатворнай, створанай элітамі культурна-палітычнай супольнасьці, чальцоўства ў якой легітымізуецца стандартызаванай мовай і ўніфікаванай культурай, вырабамі ўсё тых жа элітаў, і не прадугледжвае адзінага этнічнага паходжаньня. Дубавец ужывае ўласьцівае расійцам паняцьце нацыі як этнічнай супольнасьці (“нацыя — гэта пэўная культура, парода [можа, груба, але ў ratio найбольш дакладна] дадзенай супольнасьці”) без засьцярогаў, інтэлектуальна застаючыся ў савецкім мінулым. Напрыклад, сярод чыньнікаў, якія ствараюць “нацыянальную спэцыфіку прадстаўніка кожнай нацыі”, Дубавец цалкам у рэчышчы расійскай традыцыі называе “кроў (генэтычную памяць), прыроду, клімат, традыцыі”. Відаць, усё тыя ж расійскія гісторыкі культуры, пачынаючы зь Мікалая Данілеўскага, прышчапілі Дубаўцу разуменьне нацыянальнага шляху як “свайго тыпу цывілізацыі”. “Немцы, итальянцы, шведы на основе собственных культур создали свои типы цивилизации — немецкий, итальянский, шведский”, — піша Дубавец, і нам няма нічога да гэтага дадаць. У шматмоўнай і шматкультурнай Беларусі Дубаўцова пропаведзь этнічнага нацыяналізму не дала яму надзейных пасьлядоўнікаў, здольных да сыстэматычнага выкладу свайго ідэйнага крэда. Гэтага, аднак, нельга сказаць пра ўжо апісаную нацыяналістычную стратэгію гераізацыі нацыянальнай мінуўшчыны, якая на зломе стагодзьдзяў была вернутая да жыцьця. |
5 Брашура маладога гісторыка Сяргея Ярша, прысьвечаная ваяку Ўсеваладу Родзьку, пабачыла сьвет у афіцыйна не зарэгістраваным выдавецтве “Голас Краю”, якое саматужна вырабляе кніжную прадукцыю нацыяналістычнага зьместу. Толькі за апошнія паўгоду ў ім выйшлі брашуркі “Нацыянальнае пакліканьне”, “Нацыяналізм у сьвеце. Мінулае, сучаснасьць, пэрспэктывы”, “Песьні краю. Сьпеўнік” і, нарэшце, нарыс нейкага Яна Каваля “Генэрал вызвольнага фронту”, прысьвечаны Родзькаваму паплечніку Дзімітру Касмовічу. Усе гэтыя выданьні друкуюцца на офіснай друкарцы і распаўсюджваюцца ў вузкім асяродзьдзі. Якісь сур’язьнейшы дасьледнік ня ўзяўся б іх разглядаць зусім: нашто ж калупацца ў дылентанцтве і аматаршчыне? Нас жа яны зацікавілі тым, што па-свойму адбіваюць ідэйную эвалюцыю беларускага нацыяналізму ў сучасных умовах. “Усевалад Родзька. Правадыр беларускіх нацыяналістаў” — гэта ня першая буйная публікацыя Сяргея Ярша. У 1998 годзе ён выдаў кнігу “Вяртаньне БНП”, дзе асьвятлялася дзейнасьць падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі часоў другой сусьветнай вайны, “правадыром” якой быў усё той жа Ўсевалад Родзька. Прысьвечаны яму нарыс заснаваны фактычна на ранейшых фактах і дакумэнтах, але вылучаецца хіба вастрэйшымі ацэнкамі асобы і дзейнасьці гэтага “правадыра”. Хто ж такі Ўсевалад Родзька? Ня хто іншы, як яшчэ адзін узор чалавека-калябаранта. Усевалад Родзька нарадзіўся ў 1920 годзе (Ёрш не падае дакладнай даты) у вёсцы Чучэвічы на Лунінеччыне. Вучыўся ў польскай гімназіі імя А. Міцкевіча ў Наваградку. Падчас польска-нямецкай вайны 1939 году трапіў у нямецкі палон, здолеў зацікавіць сабой нямецкае камандаваньне, якое прызначыла яго кіраўніком філіі варшаўскага Беларускага камітэту ў Кракаве. Пасьля акупацыі Нямеччынай Беларусі працуе бургамістрам Віцебску, у мэтах, як піша Ёрш, “беларусізацыі горада... супрацоўнічае з абвэрам (нямецкай вайсковай выведкай і контрвыведкай)”. У студзені 1944 году немцы кааптуюць Родзьку ў прэзыдыюм Беларускай цэнтральнай рады. Пасьля ўцёкаў зь Беларусі ўлетку 1944-га Родзька апынаецца ўва Ўсходняй Прусіі, дзе стварае “спэцыяльны дэсантны батальён “Дальвіц”, які рыхтаваў дывэрсантаў і самалётамі закідваў іх у Беларусь. Заканчэньне вайны батальён “Дальвіц” разам з Родзькам сустракае ў Чэхіі, дзе яго бясслаўна раззбройваюць чэскія партызаны. Далей будуць арышт Родзькі ў Беластоку, дзе ён жыве пад імем Яна Ермаловіча, сьледзтва, падчас якога Родзька, баючыся за сваё жыцьцё, “заламаўся” і выдаў сваіх супольнікаў, суд і, нарэшце, пакараньне сьмерцю. Для Сяргея Ярша Ўсевалад Родзька — нацыянальны герой, і да гэтай высновы ён не падводзіць чытача ў заключных радках сваёй брашуры, а сьцьвярджае гэта адразу амаль зь дзіцячай непасрэднасьцю. Нават кампазыцыйна яго брашура складаецца зь дзьвюх частак — “Шлях героя” і “Дадатак”. Каб давесьці Родзькаў гераізм, Ёрш ня грэбуе ніякімі сродкамі. Найбольш ахвотна для “распрацоўкі і ўкараненьня свайго нацыянальнага героя” ён сягае да абмежаванай толькі рамкамі сваёй фантазіі мітатворчасьці. Як і ў выпадку Янкі Філістовіча, геройскі чын Родзькі апісваецца ў мэтафарычных тэрмінах — “няспынна змагаўся за вызваленьне бацькаўшчыны”, “энэргічна арганізоўваў беларускія вайсковыя адзінкі”, “чыніў супраціў польскаму ўплыву ў Беларусі”, — за якімі ў найлепшым выпадку стаяць элемэнтарныя нацяжкі, у найгоршым — сьвядомае перакручваньне і фальшаваньне гістарычных фактаў. Ёрш бяз жадных згрызотаў сумленьня гаворыць пра анэкдатычную падрыхтоўку антынямецкага паўстаньня Родзькам у чэрвені 1944-га з мэтай абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі (паўстаньне сарвалося таму, што немцы не далі вагонаў, а палякі пастралялі яго будучых удзельнікаў). Брашура мае больш супольнага з казкамі для малодшага і сярэдняга школьнага веку, чымся з гістарычнай навукай. Эфэкт гераізацыі нацыянальнай мінуўшчыны дасягаецца коштам прымітывізацыі, крайне спрошчанага і адначасна тэндэнцыйнага трактаваньня адвольна ўзятых гістарычных падзеяў. У дадатак да ўсяго, аўтар сьвядома адмаўляецца ад навуковай мэтадалёгіі, кладучы ў аснову свайго нарысу не гістарычныя факты, а вусныя аповеды неназваных наратараў. Зрэшты, усё гэта — лягічны працяг стратэгіі “нацыяналістычнай гераізацыі”, якая ўнікае рацыянальнай пазыцыі ў дачыненьні да мінуўшчыны і сучаснасьці. Як і ў розныя рэлігійныя дактрыны, у такую карціну нацыянальнай гісторыі належыцца верыць, перажываючы хвалявальны эмацыйны ўздым. Каб нэафіт адчуў непаўторны водар гісторыі, Ёрш насычае матэрыю свайго тэксту тэрміналёгіяй, наўпрост запазычанай зь беларускіх калябарацыйных выданьняў часоў апошняй вайны. “Бальшавіцкія акупанты” тут суседнічаюць з “сваімі Героямі і Абаронцамі”, “бальшавіцкія банды” — з “акупанцкім прыгнётам” і “нацыянальнымі правадырамі”. Праўда, за таталітарнай тэрміналёгіяй прыходзіць чарод і таталітарнай манеры мысьленьня, якое не схаваеш за прызнаньнямі любові да Бацькаўшчыны. “У школе абвэра, — піша малады гісторык у 2001 годзе, — беларускія нацыяналісты праходзілі дывэрсійную падрыхтоўку, каб пасьля вярнуцца на Бацькаўшчыну й змагацца за вольную Беларусь”. Такім чынам, стратэгія вырабу і шырокай дыстрыбуцыі нацыянальных герояў пайшла ў народ, а значыцца, сталася больш вульгарнаю і менш вытанчанаю. Іншай яна і не магла быць — каб зрабіцца масавай, то бок каб прадукавацца не адным асобна ўзятым нацыянальным ідэолягам, а фактычна любым носьбітам нацыянальнай сьвядомасьці з гуманітарнай адукацыяй, яе прыхільнікам давялося адмовіцца ад хоць нейкай навукападобнасьці, цалкам сьвядома зрабіўшы стаўку на ўкараненьне новых вераньняў сярод тутэйшых тубыльцаў. Засмучае адно: захапіўшыся адраджэньнем нацыянальных герояў, нашы маладыя ды верныя сыны Бацькаўшчыны самі не заўважылі, якую неацэнную паслугу зрабілі лукашэнкаўскай прапагандзе. Лукашэнкаўскія, а да іх савецкія ідэолягі і прапагандысты з ног зьбіваліся, каб убіць у масавую сьвядомасьць беларусаў знак роўнасьці паміж паняцьцем “беларускі нацыяналіст” і “фашысцкі паслугач-калябарант”. І, трэба сказаць, небеспасьпяхова, — нарэшце гэтую ўстаноўку засвоіла і новая хваля беларускіх адраджэнцаў. Гэта, між іншым, відаць зь іншай “краёўскай” брашуры “Беларускі нацыяналізм. Даведнік”, укладальнік якой схаваўся пад псэўданім “Пятро Казак”. Як і мае быць, галоўнымі беларускімі нацыяналістамі ў ёй выстаўленыя ўсё тыя ж калябаранты. За годнасьць нацыянальных абуджальнікаў у ёй спаборнічаюць не культурныя дзеячы, якія і прыдумалі саму “беларускую нацыю”, акрэсьліўшы прыкладны сэнсавы зьмест “беларускай ідэі”, а адыёзныя Фабіян Акінчыц з Уладзіславам Казлоўскім, Міхась Ганько з “генэралам” Міхалам Вітушкам (які быў забіты праз два месяцы пасьля свайго дэсантаваньня ў Беларусі ў лістападзе 1944 году, але, паводле словаў укладальніка, здолеў-такі арганізаваць партызанскі аддзел “Чорны Кот”, “праводзіў акцыі на чыгунцы, узрываючы або захопліваючы цягнікі, рабіў напады на савецкія склады й гарнізоны, на вёскі, мястэчкі й гарады, вызваляў вязьняў з турмаў і канцлягераў”), Дзімітры Касмовіч з загадкавым атаманам Дзяргачом і, нарэшце, усё той жа Ўсевалад Родзька з батальёнам “Дальвіц”, які, як сказана ў брашуры, “адыграў выключную ролю ў падрыхтоўцы каманднага складу для беларускага партызанскага руху. Ягоныя дэсантнікі здолелі часткова аб’яднаць стыхійную партызанку й аформіць яе ў арганізацыйныя рамкі”. Біяграфічным нататкам пра гэтых і іншых дзеячоў, сярод якіх зрэдзьчас трапляюцца сапраўды годныя людзі, накшталт Яна Станкевіча або Кастуся Каліноўскага, папярэднічае азначэньне “беларускага нацыяналізму”: Беларускі нацыяналізм — гэта вызвольны, аб’яднаўчы грамадзка-палітычны рух, які на аснове яднаньня ў суцэльны фронт усіх паборнікаў дзяржаўнай самастойнасьці мабілізуе найшырэйшыя народныя масы да барацьбы за волю народа й чалавека, за нацыянальную, палітычную ды сацыяльную справядлівасьць, за аднаўленьне на беларускіх этнічных землях Беларускай Незалежнай Нацыянальнай Дзяржавы — адзінага гаранта існаваньня й працьвітаньня нацыі. Кожная складовая частка гэтага азначэньня паказвае на невуцтва яго складальніка, а таксама дэмаскуе таталітарна-мэтафарычны склад яго мысьленьня. На беларускіх этнічных землях ніколі не існавала Беларускай Незалежнай Нацыянальнай Дзяржавы — хаця б таму, што мадэрная беларуская нацыя дагэтуль перабывае ў працэсе фармаваньня, дзеля чаго гаварыць пра аднаўленьне гэтай дзяржавы можа толькі самаўпэўнены вар’ят. У сваю чаргу, Незалежная Нацыянальная Дзяржава ня ёсьць і ніколі не была адзінай зарукай працьвітаньня нацыі — пра гэта вымоўна сьведчыць досьвед нацысцкай Нямеччыны або камуністычнай Альбаніі. Нельга пра беларускі нацыяналізм у яго дагэтулешніх рэдакцыях гаварыць і як пра аб’яднаўчы грамадзка-палітычны рух, паколькі ён заўсёды дамагаўся асаблівых культурных і іншых правоў для беларусаў, што зазвычай выклікала хваравітую рэакцыю з боку іншанацыянальных элітаў, асымілятарскія і імпэрскія амбіцыі якіх задавальняла толькі такое становішча, пры якім беларусы заставаліся па сутнасьці этнічнай нацыяй зь немадэрнізаванай, сацыяльна непрэстыжнай культурай. Не вычэрпваецца любы эўрапейскі нацыяналізм толькі адстойваньнем дзяржаўнай самастойнасьці, наадварот, пасьля яе дасягненьня ён часта з канструктыўнага культурнага ператвараецца ў дэструктыўны грамадзкі рух. Да таго ж, у Беларусі “паборнікамі дзяржаўнай самастойнасьці” ўжо цяпер выступаюць усе лукашэнкаўцы пагалоўна, якіх ніяк не западозрыш у беларускім нацыяналізьме ў яго клясычнай рэдакцыі. І нарэшце, нацыяналізм ня мае ніякага дачыненьня да “мабілізацыі найшырэйшых народных масаў да барацьбы за волю народа й чалавека, за нацыянальную, палітычную ды сацыяльную справядлівасьць”. Эўрапейская і сусьветная гісторыя поўняцца бясконцымі прыкладамі таго, як у імя абстрактнай нацыі зьнішчаліся цэлыя народы і масава парушаліся правы чалавека. Узяць бы сёньняшнюю Беларусь, у якой у імя захаваньня нацыянальнага міру і спакою, а фактычна дзеля забесьпячэньня дамінантнага становішча расійскамоўных рэгулярна парушаюцца правы беларускамоўнай лінгвістычнай або польскай нацыянальнай меншыні. Што ж да “нацыянальнай і палітычнай справядлівасьці”, то нацыяналістычныя ўрады ўва ўсім сьвеце грашаць ірэдэнтысцкімі прэтэнзіямі, то бок дамагаюцца пашырыць сваю палітычную юрысдыкцыю на носьбітаў дадзенай нацыянальнасьці, якія пражываюць у сумежных краінах. Лёзунгі ж “барацьбы за волю народу і чалавека” і “ўстанаўленьня нацыянальнай, палітычнай і сацыяльнай справядлівасьці”, як паказвае эўрапейская гісторыя XX ст., характэрныя больш для сацыялістычных і марксісцкіх дактрынаў, адкуль, відаць, і былі запазычаныя эфэмэрычным “Пятром Казаком”. Трэба сказаць, што маладзейшыя гісторыкі не засталіся самотнымі ў сваёй спробе абяліць і ўзьвесьці на нацыянальны пантэон колішніх калябарантаў. Пасільную дапамогу ў гэтай справе ім аказваюць іх старэйшыя калегі. У першым сёлетнім нумары часопісу “Спадчына” ў рубрыцы “Памяць мінулае вайны” апублікаваны артыкул акадэмічнага гісторыка Леаніда Лыча “Міжнацыянальныя дачыненні ва ўмовах нацысцкай акупацыі”. Яго агульны сэнс зводзіцца да наступных тэзысаў: беларусы напярэдадні нацысцкай агрэсіі знаходзіліся ў стане нацыянальнай разьяднанасьці (яны падзяляліся на “людзей свядомых”, “асобаў антыбальшавіцкай накіраванасці” і “тых, хто меў арыентацыю на Маскву”) і таму з прыходам нямецкіх войскаў усе моцна захваляваліся, ці не зашкодзіць гэта нацыянальнаму жыцьцю. Але страхі аказаліся дарэмнымі, бо “на здзіўленне не толькі песімістаў, але і аптымістаў, пашырэнню беларускай нацыянальнай ідэі акупацыйныя ўлады не пярэчылі”. Пабачыўшы, што “нацысцкая акупацыя не вяла да згортвання, забароны беларускай нацыянальнай духоўнай дзейнасці”, яшчэ нядаўна разгубленымі беларусамі “ўсцяж, дзе толькі былі для гэтага магчымасці, пачалася мэтанакіраваная ідэалагічная праца па прапагандзе беларускай нацыянальнай ідэі”. Як канкрэтна вялася гэтая праца, Леанід Лыч не гаворыць, але шматлікія фашысцкія прапагандысцкія плякаты і ўлёткі, зьмешчаныя ў тым самым нумары “Спадчыны”, не пакідаюць найменшага сумневу ў яе асноўным кірунку. Далей аўтар акрэсьлівае рэальную пагрозу, якая тады навісла над нацыяй. Аказваецца, што падчас другой сусьветнай вайны беларусам найбольш пагражала не фізычнае вынішчэньне або масавыя дэпартацыі на прымусовыя работы ў Нямеччыну, а... германізацыя. У пацьверджаньне свае тэзы Леанід Лыч паважна гаворыць пра інтэлігентаў, якія “лічылі за гонар перакінуцца і некалькімі нямецкімі фразамі”. У адказ на гэты выклік беларуская інтэлігенцыя вырашыла згуртавацца і “як праз вуснае, так і пісьмовае слова” заклікаць народ да нацыянальнай кансалідацыі. Напрыклад, таму, што тагачасны рэдактар “Беларускай газэты” Ўладзіслаў Казлоўскі цалкам у духу расісцкай дактрыны нямецкага нацызму выступаў супраць мяшаных шлюбаў, аказваецца, можна даць тлумачэньне ў нацыянальным духу: “...лёгка зразумець, чаго яму хацелася дасягнуць ад гэтага: узрастання ролі сем’яў у фармаванні нацыянальнай сведамасці беларускае моладзі”. Увогуле, працягвае Леанід Лыч, “асноўны акцэнт беларускія журналісты імкнуліся рабіць на выкрыццё злачынстваў бальшавізму”, і ён пералічвае шэраг публікацыяў, у якіх антыбальшавіцкая прапаганда звычайна пераціналася з антыжыдоўскай і антыпольскай. Дарэчы, і сам аўтар схільны да разьдзьмухваньня беларуска-польскіх супярэчнасьцяў. На яго думку, якая мае шмат супольнага з этнічным нацыяналізмам, толькі гэтым разам антыпольскай скіраванасьці, палякі падчас вайны ставілі варожыя да беларусаў мэты, “не збіраліся здаваць беларусам без бою адказныя пасады ў акупацыйных адміністрацыйных органах”. На заканчэньне публікацыі Леанід Лыч называе парамілітарнае калябарацыйнае фармаваньне “Беларуская Краёвая Абарона” беларускім войскам (якому, паводле прыведзенага ў артыкуле сьведчаньня ўжо вядомага нам Усевалада Родзькі, перашкаджалі зламысныя палякі) і на розны лад гаворыць пра “этнічную і нацыянальную кансалідацыю беларускага народу”, дасягнутую падчас нямецкай акупацыі дзякуючы самаахвярнай працы беларускіх калябарантаў. Мэтадалягічна публікацыя Леаніда Лыча мала чым адрозьніваецца ад безьлічы працаў савецкіх беларускіх гісторыкаў пра падзеі апошняе вайны ў Беларусі. Як і ў яго савецкіх папярэднікаў, у Лыча вельмі шмат ідэалёгіі і параўнальна мала ўласна гістарычнага аналізу. Дзеля гэтага ён вымушаны задавальняцца чыста фармальнай пераацэнкай грамадзка-палітычнага і нацыянальна-культурнага значэньня тых ці іншых гістарычных постацяў. Самі падыходы сутнасна не зьмяняюцца: як раней савецкія партызаны і падпольшчыкі ўсяляк набліжалі перамогу над гітлераўскай Нямеччынай, так цяпер колішнія калябаранты з усіх сілаў дбаюць пра адраджэньне Бацькаўшчыны, спрыяюць пашырэньню беларускай ідэі ў шырокіх народных масах. Як раней савецкія гісторыкі замоўчвалі з тых ці іншых прычынаў нязручныя падзеі мінуўшчыны, так і цяпер па-за рамкамі дасьледаваньня апынаюцца істотныя праблемныя аспэкты разгляданае тэмы. У артыкуле ня знойдзеш адказу на пытаньне, чаму за часоў нямецкай акупацыі асноўным культурным дасягненьнем нацыі стала ператварэньне беларускай мовы ў мову гітлераўскай прапаганды або чаму немцы пярэчылі адкрыцьцю ўстановаў вышэйшае асьветы. Нарысы аўтарства Сяргея Ярша або Леаніда Лыча маюць адну кідкую супольную рысу: дзякуючы сваёй вульгарна-нацыяналістычнай заангажаванасьці яны неўпрыцям для чытача навязваюць яму ўяўленьне пра “малы залаты век” беларускага адраджэньня, у дадзеным выпадку тры гады нямецкай акупацыі. Адзіная рэч, што такая нацыяналістычная ўтопія існуе толькі ў сьвеце ўявы і не вытрымлівае найменшага сутыкненьня з рэчаіснасьцю. |
6 Праца Рышарда Радзіка “Паміж этнічнай групай і нацыянальнай супольнасьцю. Беларусы на фоне нацыянальных ператварэньняў у Сярэдне-Ўсходняй Эўропе XIX стагодзьдзя” асновасяжна розьніцца ад усіх вышэй памянёных публікацыяў найперш тым, што ўяўляе сабой позірк звонку на пытаньне нацыянальнага станаўленьня беларусаў, кінуты прафэсійна кампэтэнтным навукоўцам. Іншымі словамі, гэта навуковая кніга, а не публіцыстычная, эсэістычная або мастацкая літаратура. Жанр гуманітарнага дасьледаваньня абумовіў большую аб’ектыўнасьць польскага дасьледніка: у адрозьненьне ад беларускіх аўтараў (бэлетрыстаў, публіцыстаў або маладых гісторыкаў), якія ў сваіх творах намагаліся не адрэфлексаваць паняцьце беларускага нацыяналізму, а прышчапіць яго ў сваёй пэўнай іпастасі (этнічнага, моўнага або эсхаталягічнага, а ля Арлоў, нацыяналізму) нацыянальна несьвядомым масам, а таму напару зьбіваліся да самага прымітыўнага нацыяналістычнага мітабудаваньня, Рышард Радзік ніяк не заангажаваны ў беларускі нацыянальны рух. Сам гэты рух, асабліва яго пачаткі ў XIX стагодзьдзі, цікавіць навукоўца выключна як прадмет строга навуковага дасьледаваньня, безуважнага да якіх-любя сантымэнтаў. Праца ўяўляе сабой першы сыстэматычны выклад перадгісторыі беларускага нацыяналізму XIX стагодзьдзя з пазыцыі гістарычнай сацыялёгіі (часам вельмі набліжанай да культурнай антрапалёгіі) і ня мае сваіх папярэдніцаў у польскай гуманітарнай навуцы. У прадмове аўтар не бяз прыкрасьці канстатуе, што “веды пра гісторыю і культуру беларускага грамадзтва ў Польшчы ледзьве не сымбалічныя”, а “ў СССР ажыцьцяўленьне якасных навуковых дасьледаваньняў, прысьвечаных фармаваньню беларускай нацыянальнай адметнасьці, было немагчымым як з палітычных, так і з ідэалягічных прычынаў”. На думку аўтара, становішча істотна не зьмянілася і ў апошнія гады, “працаў, прысьвечаных нацыянальнай праблематыцы, вельмі мала”, дзеля чаго “ў беларускай навуковай літаратуры беларускія нацыянальныя інтэнцыі досыць свабодна прыпісваюцца людзям, якія ня маюць нічога супольнага з мысьленьнем у гэтых катэгорыях”. Пераходзячы да ўласна беларускага нацыяналізму, Радзік канстатуе, што як рух ён разьвіўся ў XX стагодзьдзі і быў адным з самых позьніх і найбольш слабых нацыяналізмаў у Эўропе. Перадумовы ж яго ўзьнікненьня ён бачыць у XIX стагодзьдзі, хаця толькі гэтым матэрыялам кніга не вычэрпваецца. Яе адкрывае разьдзел “Паміж этнічным грамадзтвам і нацыянальнай супольнасьцю”, у якім на падставе распрацовак малавядомых у Беларусі польскіх сацыёлягаў і гісторыкаў (Флярыяна Знанэцкага, Станіслава Асоўскага, Яна Абрэмскага і г.д.), прапаноўваецца навукова карэктнае азначэньне этнасу/народу і нацыі. Першы характарызуе звычаёвая лучнасьць (więź nawykowa), другую — ідэалягічная (więź ideologiczna). Гэтую ідэалягічную лучнасьць, якая паўстае сярод індывідаў дзякуючы ўкарэненай у іх сьвядомасьці супольнай “ідэалягічнай айчыны”, Радзік зусім у духу Бэнэдыкта Андэрсана трактуе як уяўленую супольнасьць, зь якой і самаатаясамляецца канкрэтны індывід. Другі разьдзел Радзікавай кнігі мае назоў “Фармаваньне нацыяў у Сярэдне-Ўсходняй Эўропе”. У ім прасочваецца інтэлектуальная гісторыя паняцьця “нацыя” ад антычнасьці і да часоў разьдзелаў Рэчы Паспалітай. Шмат месца Радзік адводзіць разгляду катэгорыі “этнічнасьці”, асабліва ў сувязі з аналізам архаічнай візіі паняцьця “нацыя”, пашыранага за часоў існаваньня Рэчы Паспалітай. Ход разважаньняў Радзіка прыкладна такі: у дамадэрных грамадзтвах сацыяльная ідэнтыфікацыя важыла больш за нацыянальную ідэнтыфікацыю індывіда. На працягу апошніх стагодзьдзяў зьмянілася не намэнклятура паказьнікаў, на аснове якіх адбываецца самаідэнтыфікацыя індывіда (мова, пол, канфэсія, сям’я, прафэсія і г.д.), а адносная важнасьць гэтых паказьнікаў, у прыватнасьці, значна ўзрасла роля этнічнасьці пры індывідуальнай ідэнтыфікацыі. Трэці разьдзел кнігі, “Нацыянальная эвалюцыя польскай супольнасьці ў Беларусі (пад ціскам расійшчыны)”, — найбольш цяжкі для разуменьня беларускаму чытачу, паколькі ён цалкам заснаваны на польскім культурным досьведзе. Прыблізны сэнс Радзікавых разважаньняў такі: стваральнікі (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч і г.д.) мадэрнага беларускага нацыяналізму, які да канца XIX стагодзьдзя вылучаўся перадусім сваім культурным характарам, мелі шляхецкае паходжаньне і каталіцкае веравызнаньне. Дзеля гэтага, на думку аўтара, яны былі часткай польскай палітычнай нацыі, якую ён разумее ў надэтнічных катэгорыях. Падчас навалы расійскага імпэрыялізму ў XIX стагодзьдзі гэтыя палітычныя палякі зь беларускім этнічным паходжаньнем знайшлі ў сабе змогу выпрацаваць свой трэці шлях — шлях беларускага нацыяналізму. Гэты тэзыс можна прыняць, толькі перафармуляваўшы яго так: для фармаваньня мадэрнай беларускай нацыянальнай сьвядомасьці сучасны ёй польскі нацыяналізм быў асноўнай, хаця і не адзінай інсьпірацыяй. Радзік пры гэтым надта не заглыбляецца ў пытаньне ідэйнай эвалюцыі польскага нацыяналізму канца XVIII — XIX стагодзьдзяў. Але, калі згадзіцца з вышэй пададзенай тэзай пра вызначальны ўплыў польскага нацыяналізму на ўзьніклы ў XIX стагодзьдзі беларускі, яно набывае вельмі важны характар. На момант свайго краху Рэч Паспалітая была “аддаленай культурнай правінцыяй рамана-германскай Эўропы”* і таму нацыяй у гэтай дзяржаве сябе ўсьведамлялі кіраўнічыя эліты, якія мелі пэўныя адміністрацыйныя, інстытуцыйныя і іншыя магчымасьці для запачаткаваньня нацыянальнага праекту. Ува ўмовах безьдзяржаўнасьці іх ня стала, але іх функцыянальную ролю перанялі польскія літаратурныя колы, перадусім так званыя “польскія рамантыкі”, якія далі моцны імпульс нацыятворчаму працэсу. Іх сьветапогляд быў у значнай меры інсьпіраваны апалёгіяй роднай старонкі, паэтыкай барацьбы дабра са злом, ідэалам вызваленчага змаганьня супраць захопнікаў. Рамантычная эстэтыка прымусіла іх інакш зірнуць на ранейшыя стасункі паміж панскім дваром і сялянскай хатай. На месца ранейшага адчужэньня, пачуцьця дыстанцыі паміж прадстаўнікамі розных сацыяльных слаёў прыходзіць замілаваньне чалавекам працы і яго непаўторным культурным асяродзьдзем — фальклёрам, індывідуальнай мовай, патрыярхальным ладам жыцьця. У польскіх рамантыкаў вобраз прадстаўніка патрыярхальнай культуры перастае асэнсоўвацца пры дапамозе “нізавога” сьмехавога дыскурсу і зазнае нават пэўную ідэалізацыю як носьбіта сацыяльна значных маральных вартасьцяў і этычных ідэалаў. Гэта рыхтавала “змычку” паміж сацыяльнымі вярхамі і “людзьмі подлымі”, спрыяла ўцягваньню ў працэс нацыятварэньня шырэйшых сацыяльных масаў. Характэрна, што пры гэтым нікога асабліва не цікавіла этнічнае паходжаньне гэтых масаў — у аснову была пакладзена супольная культурная тоеснасьць. Шмат зрабіў для трансфармацыі паняцьця нацыі ў польскім інтэлектуальным кантэксьце Адам Міцкевіч: пропаведзьдзю любові да сваёй малой радзімы “Літвы” ён на эмацыйным узроўні спрыяў таму, каб гістарычныя ліцьвіны (насельнікі Цэнтральнай і Заходняй Беларусі і сучаснай Літвы ў цяперашнім разуменьні) адчулі “адзінства лёсу” з гістарычнымі палякамі. Для ўзмацненьня псыхаэмацыйнай прыцягальнасьці новай польскай нацыянальнай супольнасьці польскія рамантыкі прапагандавалі ідэю надзвычайнай цывілізацыйнай місіі Польшчы, яе мэсіянскае пакліканьне. Некаторыя дасьледнікі нават прыпісваюць Адаму Міцкевічу новае паняцьце — “мэсіянізм”, якое асабліва рэльефна выявілася ў адным зь першых паэтавых твораў эміграцыйнага пэрыяду — “Кнігах народу польскага і польскага пілігрымства”. Для польскага нацыяналіста XIX стагодзьдзя вера ўва ўваскрашэньне Хрыста натуральным чынам спалучалася зь верай ува ўваскрашэньне Польшчы. Таму ўсё, што спрыяе адраджэньню бацькаўшчыны, мае пазытыўную маральную вартасьць. Міцкевіч быў перакананы, што паколькі на зьмену “міталягічным эпохам” (дахрысьціянскай і хрысьціянскай) ідзе новая, калі галоўнай дзейнай асобай стане нацыя, то якраз Польшча, названая ім у першай лекцыі з цыклу прачытаных у 1840—1844 гадах у парыскім Collиge de France “Капэрнікам новай маралі”, закладае такім “нацыяцэнтрычным” маральным кодэксам падваліны новай цывілізацыі. Такім чынам, пашыранае ў першай палове XIX стагодзьдзя сярод польскіх элітаў паняцьце нацыі ня мела ярка выражанай этнічнай або моўнай дамінанты. Асновай для яднаньня станавілася дэмакратычная ідэалёгія адзінства культурных і гістарычных лёсаў былых насельнікаў Рэчы Паспалітай пры затушоўваньні яе гіерархічна-станавай прыроды. Адначасна культурнае адзінства прадугледжвала момант супольнай рэлігійнай тоеснасьці. Далейшай рэакцыяй на “прабуксоўваньне” ў першыя дзесяцігодзьдзі ХІХ стагодзьдзя ранейшай, “элітарнай” “рэдакцыі” польскага нацыянальнага праекту стала інтэлектуальнае крэда польскага рэвалюцыйнага дэмакратызму, якое пачало фармавацца ў 40-я гады XIX стагодзьдзя (яго ўплыў перажыў Францішак Багушэвіч). Адсталая сацыяльная структура польскага грамадзтва прывяла да таго, што паміж элітамі грамадзтва і народнымі масамі заставалася непераадольная дыстанцыя. У адрозьненьне ад эўрапейскага Захаду, тут так і не разьвіўся да канца трэці стан, не адбылося іншых, адбытых на Захадзе, значных сацыяльных трансфармацыяў. Польскае грамадзтва захоўвала дамадэрную сацыяльную структуру, таму пераадоленьне гэтага адчужэньня паміж нацыянальнымі, часам разнароднага этнічнага паходжаньня, масамі і нацыянальнымі элітамі разумелася як пераадоленьне станавых разьмежаваньняў, паяднаньня другіх зь першымі (Р. Шпарлюк, напрыклад, параўноўвае польскіх сялянаў з рабамі ў сацыяльнай гіерархіі Паўночнай Амэрыкі). У польскіх рэвалюцыйных дэмакратаў “народ” становіцца прадметам узьвелічэньня і “служэньня”. Неўзабаве такая пазыцыя будзе асвоеная і беларускім культурным нацыяналістам Францішкам Багушэвічам. Радзік прыводзіць надзвычай цікавае сьведчаньне таго, як яшчэ напярэдадні распаду Рэчы Паспалітай, у другой палавіне XVIII стагодзьдзя, сярод польскіх культурных элітаў пачынае пашырацца канцэпцыя палітычнай нацыі, падобная да заходнеэўрапейскай. Ён цытуе Францішка Язерскага, польскага “рэспубліканца”, які даў наступную дэфініцыю: “Нацыя — гэта супольнасьць людзей, якія маюць адну мову, норавы і ўзвычаеньні, зацьверджаныя адзіным і супольным для ўсіх грамадзянаў заканадаўствам”. Інтрыгуе і прыведзенае Радзікам выказваньне Тадэвуша Касьцюшкі, які ў нашай нацыянальнай гістарыяграфіі традыцыйна асэнсоўваецца як “правадыр беларускіх паўстанцаў”. Яшчэ ў 1789 годзе, падкрэсьліваючы важнае значэньне мовы для станаўленьня польскай нацыі і польскага нацыянальнага адзінства, Касьцюшка пісаў аб “русінах” (сёньняшніх беларусах і ўкраінцах): “Прызвычайваць іх трэба да польскай мовы, хай у польскай мове ўсе іх набажэнствы будуць. З часам дух польскі ўвойдзе ў іх. Непрыяцелем абвясьціць таго потым трэба, хто б ня ведаў нацыянальнай мовы”. Трансфармацыю паняцьця “нацыі” сярод элітаў Рэчы Паспалітай часоў яе заняпаду Радзік падмацоўвае цытатамі з польскага сацыёляга Юзафа Шацкага (“Бяру на сябе рызыку сьцьвердзіць, што польскае Асьветніцтва наблізілася да разуменьня нацыі ня толькі ў прасторы, але і — калі карыстацца выразам Бёрка — як лучнасьці ў часе. Людзей зьвязвае ня толькі “айчына”, але і “нацыянальнасьць”, якая зьяўляецца іх супольнай гістарычнай спадчынай, а ня толькі зьбегам акалічнасьцяў, зь якімі трэба лічыцца заканадаўцу. Некаторыя аўтары, зрэшты, падкрэсьліваюць, што польскае Асьветніцтва было значна менш “касмапалітычным” за францускае”) і Анджэя Валіцкага (“Шляхецкая ідэя нацыі-сувэрэна лёгка паддавалася мабілізацыі: досыць было адкінуць атаясамленьне нацыі з шляхтай, каб уся рэшта шляхецкай рэспубліканскай ідэалёгіі станавілася сугучнай мадэрнаму рэспубліканізму”). Гэтаму разьдзелу дасьледаваньня польскага навукоўца падводзіць рысу думка вядомага дасьледніка нацыяналізму Ісаі Бэрліна аб тым, што пасьля разьдзелаў Рэчы Паспалітай ідэя нацыі, узятая на ўзбраеньне польскімі элітамі, выконвала свайго роду ролю “групавой тэрапіі”: “Ідэя нацыі як найвышэйшага аўтарытэту, часам насычаная містычным або мэсіянскім духам, якая заступае Царкву, сувэрэна, вяршэнства права або іншыя крыніцы абсалютных вартасьцяў, загойвала траўмы калектыўнай сьвядомасьці, незалежна ад таго, хто іх прычыніў — чужы вораг, айчынныя капіталісты, імпэрыялістычныя эксплюататары або накінутая зьверху бяздушная бюракратыя”. Радзік асобна спыняецца на асаблівасьцях успрыняцьця паняцьця нацыі тагачаснымі расійскімі элітамі. Запачаткаваны ў Расіі ў першай палове XIX стагодзьдзя працэс фармаваньня новай нацыянальнай ідэнтычнасьці моцна гамавалі традыцыі расійскай жа палітычнай культуры, якія мелі эўрапейска-азіяцкае паходжаньне, а таксама эканамічная адсталасьць краіны, дзе да рэформы 1861 году, зьдзейсьненай Аляксандрам II, існаваў прыгон — фактычна дамадэрная форма рабства. Аўтарытарна-азіяцкія карэньні Расійскай імпэрыі ўваходзілі ў супярэчнасьць як з узьніклым у Францыі паняцьцем палітычнай нацыі (бо патрабавалася маштабная мадэрнізацыя сацыяльнага і эканамічнага жыцьця імпэрыі, ператварэньня падданых у грамадзянаў), так і з культываваным у Нямеччыне паняцьцем нацыі культурнай (бо сфэра пашырэньня высокай расійскай культуры была невялікая і абмяжоўвалася пераважна імпэрскімі адміністрацыйнымі асяродкамі). Ува ўмовах адсутнасьці ці недастатковасьці палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных перадумоваў для выбудовы расійскай мадэрнай нацыі нацыяналістычна настроеныя расійскія эліты спрабавалі інтэлектуальна абгрунтаваць “апрычоны” характар разьвіцьця расійскага народу, які не ўкладаўся ў прыняты ў Эўропе інтэлектуальны дыскурс. Распрацоўвалася канцэпцыя “особого российского пути”, пры гэтым сам наратыў “особого пути”, як пераконліва даводзіць Ален Бэзансон, быў запазычаны ад нямецкіх рамантыкаў*. Радзік прыводзіць цытату з польскага гісторыка Маўрыцага Махнацкага, які ў выдадзенай яшчэ ў 30-х гадах XIX стагодзьдзя кнізе “Powstanie narodu polskiego w roku 1830 i 1831” улавіў неадпаведнасьць паміж наднацыянальным характарам Расійскай імпэрыі і станам нацыянальнай самасьвядомасьці расійцаў: “Масква, Прусія і Аўстрыя ў сёньняшняй Эўропе ўтвараюць вялізную сыстэму разнародных палітычных арганізмаў. Гэтыя дзяржавы, ня будучы грамадзкімі целамі, ня будучы народамі, існуючы толькі дзякуючы сіле сваіх урадаў, перастануць існаваць пасьля ўнутраных ці вонкавых узрушэньняў, якія зьменяць форму гэтых урадаў. Завядзі ў Маскве рэспубліку, увядзі ў Аўстрыі і Прусіі канстытуцыйную манархію, і гэтыя краіны адразу распадуцца на часткі, зь якіх паўсталі... У Эўропе ёсьць іншыя дзяржавы, таксама моцныя, як і гэтыя тры аглямэраты, больш арганічныя, чымся яны, бо не складаюцца з разнародных частак або сьцёрлі гэтую разнароднасьць у сабе, як, напрыклад, Францыя і Англія. Не выпадае, напрыклад, гаварыць, што ёсьць аўстрыйская нацыя”. З гэтага апісаньня Расія паўстае не як нацыянальная дзяржава, а як палітычная юрысдыкцыя сваіх шматнацыянальных падданых, няздольная эфэктыўна навязваць усім ім супольную, “уніфікаваную” форму нацыянальнае сьвядомасьці. Увесь гэты эмпірычны матэрыял можна падсумаваць наступным чынам: на зломе XVIII і XIX стагодзьдзяў інтэнсіўныя працэсы нацыятварэньня разгарнуліся на Захадзе эўрапейскага кантынэнту, дзе ў розных гістарычных варунках узьніклі дзьве канцэпцыі нацыі — дзяржаўнай, або палітычнай нацыі, прыклад якой дала Францыя, і культурнай нацыі, якая разьвілася сьпярша ў раздробленай на 38 княстваў Нямеччыне. Важны досьвед пабудовы “культурнай” нацыі дае падзеленая паміж Расіяй, Аўстра-Вугоршчынай і Прусіяй Польшча. Нацыяналістычна настроеныя польскія нацыянальныя эліты, на якіх вялікі ўплыў аказаў прыклад Нямеччыны, дзе нацыяналізм давёў сваю здольнасьць эфэктыўна вырашаць палітычныя задачы, у прыватнасьці, аб’яднаць раздробленую на асобныя тэрыторыі нацыю ў супольную дзяржаву, фармулююць такую нацыянальную ідэалёгію, якая пасьля акажацца вельмі прыцягальнай для ўкраінскіх і беларускіх элітаў, свайго роду прыкладам для перайманьня. Што да расійскіх інтэлектуальных элітаў, то бальшыня іх прадстаўнікоў вызнавала ўтапічныя пагляды на прыроду нацыі, палічыўшы эканамічную адсталасьць Расійскай імпэрыі перадумовай яе асаблівага гістарычнага шляху і тым самым не прапанаваўшы вырашэньня нацыянальнай праблемы, якая ў краіне з кожным годам абвастралася. Іншымі словамі, трэба канстатаваць залежнасьць формаў нацыянальнай і сацыяльнай сьвядомасьці “нерасійскіх” грамадзтваў эўрапейскай часткі Расійскай імпэрыі ад інтэлектуальных і сацыяльных працэсаў ува ўсёй Эўропе. Чацьверты разьдзел кнігі, які мае досыць дзіўны загаловак — “Lud” (што на беларускую мову можна перакласьці ня толькі як “Народ”, але і як “Насельніцтва” або “Папуляцыя”), мае пераважна сацыялягічнае значэньне і прысьвечаны такім тэмам, як структура беларускага грамадзтва, а таксама працэсам яго палянізацыі і русіфікацыі, якія параўнальна няблага разгледжаныя ў адпаведнай беларускай навуковай літаратуры. Радзік таксама шмат гаворыць пра гістарычную і этнічную сьвядомасьць беларусаў XIX стагодзьдзя, іх стаўленьне да ўласнай мовы, разглядае рэлігійны фактар у кантэксьце фармаваньня мадэрнай беларускай нацыі. Пяты і апошні разьдзел манаграфіі — “Пратаганісты беларускасьці XIX стагодзьдзя” — адзначаецца тым, што ў ім польскі дасьледнік пасьлядоўна выступае супраць прыпісваньня беларускай нацыянальнай сьвядомасьці Кастусю Каліноўскаму, Францішку Багушэвічу і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. “Дарма што ў беларускай літаратуры Каліноўскі, — піша Радзік, — досыць катэгарычна прызнаецца беларускім нацыянальным дзеячом, творцам беларускасьці ў ейным палітычным вымеры, у яго творах цяжка дашукацца мадэрнай беларускай ідэалёгіі”. Радзік указвае на тое, што ў творах Каліноўскага “нацыя” трактуецца як палітычная катэгорыя, а не культурная. Таму, на думку аўтара, Канстанцін Каліноўскі быў палітычным палякам, схільным, аднак, да рэгіянальнага сэпаратызму. Аб Францішку Багушэвічу Радзік гаворыць як аб дзеячу, які застаўся паміж традыцыйнай палітычна-культурнай польскасьцю і этнічна-культурнай беларускасьцю. Радзік ні слова не гаворыць пра ўплыў украінскага нацыянальнага руху на фармаваньне нацыянальнага сьветапогляду Багушэвіча і тым самым паказвае павярхоўнасьць свайго знаёмства з творчасьцяй гэтага “пратаганіста беларускасьці”. Тымчасам Багушэвічаву рэдакцыю беларускага нацыяналізму памылкова зводзіць толькі да польскіх інсьпірацыяў. Злучальным вязьмом паміж “беларускім” і “польскім” нацыяналізмам Багушэвіча быў беспасярэдне — зь першакрыніцы — успрыняты, пераняты і разьвіты ўкраінскі досьвед нацыятварэньня. Тое, што Багушэвіч добра ведаў украінскую мову і наагул цікавіўся ўкраінскім жыцьцём, пацьвярджае ў сваіх успамінах, датаваных 1938 годам, і ўкраінскі нацыянальны дзеяч першай паловы XX стагодзьдзя Дмітро Дарашэнка, які падчас навучаньня ў Віленскай гімназіі ў 90-х гадах XIX стагодзьдзя колькі разоў сустракаўся з Багушэвічам*. Украінскі ўплыў адбываўся ня толькі на Багушэвічаву паэзію, але і, шырэй, на фармаваньне яго сьветагляду. Але на паэтычным узроўні яго прасачыць значна прасьцей, бо тут ён падмацоўваецца фактамі. Прафэсар Мюнстэрскага ўнівэрсытэту Фрыдрых Шольц** пераканаўча давёў уплыў вэрсыфікацыі Тараса Шаўчэнкі на вэрсыфікацыю Францішка Багушэвіча. Ёсьць таксама мноства іншых сьведчаньняў таго, што станаўленьне Багушэвіча як “пратаганіста беларускасьці XIX стагодзьдзя” адбывалася пад моцным украінскім уплывам. На заканчэньне сваёй манаграфіі Радзік вызначае прычыны слабасьці беларускага нацыянальнага руху (адна зь іх выглядае ў яго трактаваньні так: мадэрны беларускі нацыяналізм узьнік у асяродзьдзі каталіцкай шляхты, якая захоўвала і сацыяльную, і рэлігійную дыстанцыю ад пераважна сялянскага і праваслаўнага беларускага насельніцтва) і дае змрочную ацэнку яго сучаснага стану: культурна Беларусь застаецца значна бліжэйшая Расіі, чымся Польшчы, бо беларускія эліты так і не збудавалі сучаснай беларускай нацыі. Нягледзячы на пэўны навуковы канфармізм і пэўную канцэптуальную праблематычнасьць (аўтар разглядае неклясычны беларускі нацыяналізм у духу Аляксандра Лукашэнкі як крах беларускага нацыяналізму), манаграфія Рышарда Радзіка заслугоўвае высокай ацэнкі з шмат якіх пазыцый. Яна зьмяшчае ўнікальны фактаграфічны матэрыял, пераважна недаступны беларускім дасьледнікам, вылучаецца мэтадалягічнай стройнасьцю і культурай мысьленьня. Беларусам застаецца толькі зьлёгку пашкадаваць, што першая салідная манаграфія, прысьвечаная беларускаму нацыяналізму, выйшла з-пад пяра польскага сацыёляга і пабачыла сьвет у люблінскім выдавецтве ўнівэрсытэту Марыі Складоўскай-Кюры. Зрэшты, беларускі нацыяналізм генэруе такое праблемнае поле, якое ня вычарпаць і дзясяткам падобных манаграфіяў. |
* Роман Шпарлюк. Націоналізм після комунізму: Росія, Украiна, Білорусь та Польща //Імперія та націi з історичного досвиду Украiни, Росіi, Польщи та Білорусі. Киiв, 2000. С. 189. |
7 Мы прасачылі, як эвалюцыянавала ідэя беларускага нацыяналізму ў сьвядомасьці айчынных аўтараў (назавём гэта нацыяналістычным мысьленьнем), а таксама прадставілі пазыцыю польскага інтэрпрэтатара (назавём гэта мысьленьнем пра нацыяналізм). Як і варта было чакаць, беларускі нацыяналізм застаецца праблемным паняцьцем як на ўзроўні тэорыі, так і на ўзроўні практыкі. Уплывы, якія прадвызначылі кірунак нацыяналістычнага мысьленьня Ўладзімера Арлова і Сяргея Дубаўца, паказваюць, што яшчэ нейкія 10—15 гадоў таму Беларусь цалкам знаходзілася ў зоне расійскага культурнага ўплыву і фактычна ня мела сваёй традыцыі гуманітарнай думкі. Тэксты, створаныя Сяргеем Яршом і Леанідам Лычом, сьведчаць, што пасьля 1991 году Беларусь стала ня столькі незалежнай, колькі самаізаляванай краінай, дзе так і не адбылося абнаўленьня гуманітарнай адукацыі. Асноўнае разыходжаньне тэорыі і практыкі беларускага нацыяналізму палягае ў тым, што дагэтуль тэарэтычнае асэнсаваньне атрымлівалі далёка ня самыя ўплывовыя яго разнавіднасьці (этнічная, культурная або “эсхаталягічная”). Самы масавы від беларускага нацыяналізму, які залежна ад кантэксту можна акрэсьліць як “крэольскі”, “грамадзянскі” або “эканамічны”, да сёньня ня цешыцца ўвагай і прызнаньнем айчынных тэарэтыкаў. Гэты нацыяналізм не ўспрымае беларускую нацыю як адзінства, заснаванае на крыві і супольнай культуры і якое да таго ж гаворыць на адной мове. Падставай для нацыянальнага атаясамленьня ў гэтым выпадку выступае беларуская дзяржава, яе палітычная юрысдыкцыя і міжнародная правасуб’ектнасьць, іншыя чыньнікі. Фактарам, які мацуе нацыянальную ідэнтычнасьць, тут зьяўляецца ўсьведамленьне таго, што незалежнасьць Беларусі сапраўды “сьвятая”, бо дазваляе куды больш пасьпяхова рэалізоўваць эканамічныя, палітычныя, культурныя і іншыя інтарэсы краіны. Увогуле, залежнасьць разьвіцьця Беларусі ад яе фармальнага дзяржаўна-адміністрацыйнага статусу зь вялікай сілай увідавочнілася яшчэ за часоў СССР, у якім саюзныя рэспублікі мелі значна больш прывілеяваны эканамічны статус у параўнаньні з аўтаномнымі рэспублікамі або краямі. Незалежная Беларусь асуджаная на пашырэньне нацыяналістычных настрояў. Незавершанасьць іх тэарэтычнага асэнсаваньня нясе, аднак, пагрозу таго, што яны будуць разьвівацца стыхійна і, магчыма, у дэструктыўным рэчышчы. Адкрытым застаецца таксама пытаньне, ці здолее нейкі зь цяпер наяўных разнавідаў беларускага нацыяналізму ў чыстым выглядзе здабыць сабе перамогу або ў будучыні нас чакае яго прыйсьце ў зборным, інтэграваным выглядзе. Пакуль жа гэтае пытаньне застаецца адкрытым, гаварыць пра нацыянальнае самавызначэньне Беларусі заўчасна.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (23) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |