A R C H E П а ч а т а к № 3 (23) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32002
» да Зьместу «

 


Андрэй Хадановіч
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Андрэй Хадановіч

 
Вокладка ARCHE 3-2002.

   Мінулыя нумары:

   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Андрэй Хадановіч
 
 
Альбы і сырвэнты


дэжа вю

ажываюць пэрсанажы анэкдотаў
з падсьвядомасьці выходзяць на пленэр
зноў матросаў закрывае дзіркі дотаў
зноўку бацьку падстаўляе піянэр

льецца песьня на далёкім паграніччы
у чальцоў КПСС пайшоў працэс
мудры чукча запалярны паляўнічы
стаў на лыжы з групэнфюрэрам эсэс

падрывае партызан цягнік варожы
ў акупантаў пэрманэнтны пераляк
іх чакаюць ваяры на раздарожжы
тры танкісты рускі немец і паляк

прыхадзеце сёньня ў танку будуць танцы
баявік ужо ўзышоў на бранявік
пралятае на тачанцы-растаўчанцы
кат катоўскі энэргічны сілавік

камікадзэ супраць шашкі скача боса
куля-дура камандарма не чапай
ардынарац пецька тройчы выдаў боса
крыкнуў певень і на дно пайшоў чапай

але прывід камунізму тут ня вымер
ён глядзіць з чырвоных зорак п’яны ў дым
і ваван валодзя вовачка ўладзімер
назаўсёды застанецца маладым

арляняты гэй шыхтуйся ў шчыльны шэраг
паляцім куды ня ходзіць наш цягнік
як ня згубімся? элемэнтарна шэрлак
нас чакае дасканалы праваднік

верным шляхам запаветамі дэ сада
верным шлюхам не застацца сёньня збоч
па вальпургіевай ночы шахразада
будзе вам варфаламееўская ноч

хто ідзе? штандартэнфюрэр із штандарам
прапар з прапарам выходзіць на прасьцяг
шпаркім крокам проста ў будучыню шпарым
па кастрышчах па касьцёлах па касьцях

ананасы із шампанскім будуць нашы
хто ня з намі пасьмяротна стане наш
ажываюць пэрсанажы пэрсанажы
трыюмфуе неўміручы пэрсанаж


 

 
   

сто дваццаць год садому

сто дваццаты год няспыннай “даўніны”
той якая знаеш сам ад слова “даўн”
зранку плюшчацца бабулькі й пацаны
гары потэр клара цэткін ева браўн

у этэры заікаецца ды-джэй
у аблоках завіхаецца пілёт
шчасьце нашае блукае ўсё бліжэй
паміж пушчаў і балот балот балот

пахмяляюцца гарэлкай землякі
арыштанты машуць кветкамі з-за крат
у нябёсах дэманстрацыя й парад
сэрафімы бэтээры гвазьдзікі

усьміхаецца навокал добры люд
паліць флягі і халяўную траву
расквітае ў небе радасны салют
дваццаць залпаў і кантрольны ў галаву

мы пасьля загорнем целы ў цэляфан
бо наперадзе каханьне і любоў
знэрваваны дачакаецца нірван
заклапочаны пазбавіцца клапоў

хай раскіданае ўшчэнт гняздо тваё
пакрысе ператварылася ў дурдом
ды казаў адзін асьвечаны мусьё
трэба дружа апрацоўваць наш садом

гэта заўтра а пакуль аўфвідэрзэйн
добрай ночы любы хлопча баю-бай
хай прысьняцца пакемоны і хусэйн
я жартую сьпі спакойна разьдзяўбай

6—8 ліпеня 2002


 

 
   

ратавальнік

ён гадаваўся на ўзьбярэжжы кубы
багоміў бокс і пляжны валейбол
замест “дабрыдзень” цалаваў у губы
і мінакі шукалі валідол

штовечар неабачлівых дзяўчатак
высочваў у цукровым трысьнягу
каханьнем не займаўся без пальчатак
і набываў цыгары на вагу

глядзеў па тэлевізары навіны
браў з пальмы сакавіты ананас
свой шлях зямны прайшоў да палавіны
а потым перабраўся жыць да нас

ён палюбіў легенды і паданьні
краіны што дала яму жытло
ласуючыся бульбай на сьняданьне
ўздыхаў: няма таго што раньш было

уночы быў нястрымным у інтымным
працуючы як электрычны прас
гімнастыкай займаўся з раньнім гімнам
і змучана валіўся на матрац

лічыўся між кабет гарачым мача
гарлаў “бэсса мэ мучос” пад фаршмак
для ўсіх неабазнаных растлумачу:
цалуй мяне таварыш узасмак

аднак умеў сказаць “да пабачэньня”
красуням ад паненак да бабуль
бо памятаў што мае прызначэньне
вялікае пакліканьне й пакуль

сусьветную тугу глушыў у кнайпе
й казаў сабе ў люстэрка “будзь здароў!”
бо ён куляў
ён быў зацяты снайпэр
ён ведаў што аднойчы будзе кроў


 

сэанс самаўнушэньня

Мы памром не ў Парыжы…
Н. Білацарківец

можаш куляць і паліць цыгарэты
можаш марнець сярод пыльных тамоў
можаш юначым каханьнем сагрэты
цэлую ноч не вяртацца дамоў

знаць што існуюць мілосьць і кунега
жарсьць і пяшчоту браць і даваць
толькі нікому ня можна бо нельга
нашых народных мас турбаваць

можна зь сябровак здымаць нагавіцы
можна спадніцы з шатляндзкіх хлапцоў
крочыць па вене да віды і віцы
за дапамогай стэрыльных шпрыцоў
зладзіць касьцёр піянэрскі ў аўшвіцы
толькі гульня пераможа гульцоў

можна прагортваць гады як бачыны
у архітэктара зьехаў дахаў
ходзяць па сьвеце жанчыны жанчыны
найпрыгажэйшых ты нават кахаў

кожная цяміць у выспах і воспах
робіць прышчэпкі супраць прышчоў
попай здабыла заслужаны посьпех
трушчачы ёю ў траўні хрушчоў

можна быць сьмелым нахабным і ўвішным
можна зьбіраць у вязьніцу харчы
можна быць іншым тым болей што іншым
лепшымі іншымі быць не змагчы

як там было? мы памром не ад грыжы?
вершы паэта стаяць уваччу
я не хачу паміраць у парыжы
я наагул паміраць не хачу

вальс на тры цвэрці сыграць дасканала
перашкаджала лішняя чвэрць
вальс дагучэў дасканаласьць сканала
кожны чацьверты дайшоў да фіналу
мэтры
зьмярканьне
сымэтрыя
сьмерць

можна гарлаць партызанскія песьні
кідаць сызыфа ў чужы агарод
можна падохнуць у брудзе і плесьні
нельга абразамі ганіць народ

можна падацца ў вар’яты самохаць
ложак паскудзіць словам “краваць”
толькі ня трэба народ наш палохаць
толькі ня трэба мас турбаваць


 

 
   

* * *

Не жалею, не зову, не плачу
С. Ясенін

Ня вер, ня бойся, не прасі
Зь няпісаных правілаў савецкіх зэкаў

апрануты ў рымскую тогу
між пустак балот і пяскоў
брыду і пытаю дарогу
палохаючы мінакоў

плюю на прымхлівую ўдачу
не цераз плячо а ў душу
шкадую і клічу і плачу
і веру й баюся й прашу

адзін зь нешматлікіх прыдуркаў
што гоняць і ўлетку пургу
катрынкаю сонных катурхаў
а тыя ў адказ ні гу-гу

хто стане спрачацца пра густы?
на ўсё свой адум і надум
ці думаеш пра беларусь ты
ці проста гуляеш у “дум”

узроўняў адолена восем
дзявяты выразна відзён
баімся і верым і просім
піць аж да сёньняшніх дзён

засьпелі сябе на гарачым
цяпер адбываем турму
шкадуем і клічам і плачам
ужо невядома чаму

каго абыходзіць твой лямант?
(ці ўголас рыдай ці ў лісьце)
бо ты адмарозак ты мамант
што ў вечнай даўно мерзлаце

бо ты тут істота чужая
стаіш на шляху
балазе
на дурняў народ не зважае
і неяк паўз вас папаўзе

яму не дадуць заняпасьці
даб’ецца ўсяго ў барацьбе
тут будзе агульнае шчасьце
й на шчасьце ня будзе цябе

тут будуць канторы й кaнтары
вэлкам ту страчаны рай
ня плач пра мяне май кантры
доўнт край фо мі родны край


 

гарадзкі раманс

у год дваццаць восьмы як ты нараджэньнем пацешыў айчыну
амаль выпадкова ты стрэціў дзяўчыну дакладней жанчыну
вы стрэліся зь ёю на лесьвічнай клетцы на сёмым паверсе
шыкоўныя ногі й даруй мовазнаўца адметныя персі
 
такое здарэньне такая падзея такая прыгода
між сёмым і шостым дакладней паверхам ля сьмецьцеправоду
яна была роўнай блукаючай зорцы вандроўнай камэце
калі грацыёзна цябе абмінула выносячы сьмецьце
 
бязь лішніх ілюзій бяз марных спадзеваў бяз подумкі задняй
яе ты праводзіў амаль да пярэдняй вітальні дакладней
ты крочыў у спальню з трымценьнем хлапечым з дрыготкай юначай
нічога такога ня меў ты і ў думках ды выйшла іначай
 
яна цалавала пяшчотней ад сонца за ветрык лагодней
ты зь ёй сустракаўся штодзённа а часам і двойчы на содні
ты быў шараговым амаль выпадковым і зрэшты чарговым
каханкам красуні ў цагляным будынку сяміпавярховым
 
а сэрца пяшчотай бруілася ўпотай дакладней каханьнем
якое багомім кунежым і песьцім руйнуем і ганім
зь юрлівых і ўвішных зьбірае Ўсявышні нявернасьці чынш і
цьвітуць ужо вішні а потым віншую зьяўляецца іншы
 
падводзячы вынік мілосным турботам нядзелям суботам
а потым няпруха а потым запоі а потым а потым
а потым з балькону зрываешся долу амаль выпадкова
і лічыш паверхі і дзякуеш лёсу сяміпавярхова



 

 
   

фантазіі ў манеры віктара жыбуля

каб ня сьпёрлі…

брэша сабака ў будцы
вые на поўню месяца
у футбаліста бутсы
сьпёрлі
мабыць павесіцца

у сэксапільнай кралі
мілага сэрцу хлопца
дзеўкі чужыя скралі
мабыць цяпер утопіцца

ў шыбеніка вяроўку
у п’янюгі гарэліцу
ў снайпэра сьпёрлі вінтоўку
знойдзе чым дык застрэліцца

у хакеіста клюшку
у інваліда мыліцы
у фатографа птушку
мо таксама засіліцца

круцяцца ў небе сузор’і
грошы брудныя круцяцца
ў гідрамэтцэнтры надвор’е
сьпёрлі
мо ўсе атруцяцца

кот марцовую котку
сьпевам на даху вабіць
я сьцягнуў тваю фотку
не атруцішся мабыць


 

альба альбарутэніка

я стаю пры тваім акенцы
і пяю табе сэрэнаду
ты ў акне ў празрыстай сукенцы
мне гаворыш мальчык ня нада

я ж чаканю рым дубальтовы
й не пайду да ранку дамоў
на ўсіх мовах пяяць гатовы
(ты ня ведаеш гэтых моў)

па-японску як такубоку
па-кітайску як сам лі бо
я кахаю цябе глыбока
ты прымі гэту альбу альбо

засьпяваю новыя альбы
я давёў іх сёньня да ладу
перайду для цябе цераз альпы
і складу ня альбу баляду

эх пакласьці цябе на раяль бы
і належаць табе наўсуцэль бы
я цябе апяваю ў альбе
гэта як сустрэча на эльбе

мы хаўрусьнікі па мілосьці
ў пацалунку зьліемся палкім
дарагая ня трэба злосьці
“наўсуцэль” гэта значыць “цалкам”

гэта варта вершаў і прозы
й трызьняць альбаю ў неспакоі
альбіносы і альбатросы
альбігоі і проста гоі

напісаць пранізьлівы вершык
пра любоў пад мастом мірабом
зрымаваць традыцыйна зь “вершнік”
і пакінуць табе ў альбом

падбіраць беларускія словы
і крычаць іх адно табе
зразумелыя да паловы
і ня ўсім жыхарам эрбэ

у парыве літаратурным
барукацца зь дзявочым сном
трубадурам не трубадурнем
пад тваім замкнёным акном


 

 
   

падарожжа

схіліўшыся ўначы да офіснае лямпы
што некалі правёў у кожны дом ільіч
глядзець на манітор дзе штампы штампы штампы
і кожны дабл клік як ваяўнічы кліч

сусьветнае лайно прымаючы варожа
як пералётны птах сапсець на правадах
а потым карабель пачатак падарожжа
сьпярша суцэльны жах а потым зьедзе дах

а навакольны сьвет хоць ты яшчэ падлетак
ня грэбуе табой і пад сябе грабе
сьціскаеш у кулак камяк нэрвовых клетак
і пераймае дых і вусьцішна табе

бяссоньніца гулец у словы словы словы
засмучаны габрэй вяршуе за сталом
ты сьпісак шындлера прагледзеў да паловы
і кожнаму з мужоў пасьпеў сказаць шалом

ня чуюць мерцьвякі а пераможцы сьвіньні
як скажа адысэй вярнуўшыся дамоў
каханьне багавіц патоне ў багавіньні
разьюшаным багам не да тваіх прамоў

раўнівыя мужы няверная галена
як сьцвердзіў буалё ламаючы кастыль:
п’яному караблю сем футаў па калена
парыскаму арго пасуе ўсякі штыль

і гумбэрт на вадзе й лаліта ў залюстроўі
паветраны пацук кажан на караблі
ты страціў наўсуцэль псыхічнае здароўе
ня ведаеш чаму і немавед калі

што ты гекубе й што табе да той гекубы
нябога геракліт стаячая вада
траянскаму каню не зазірай у зубы
як гаварыў кароль паўцарства за дада

гуляюць у футбол аякс і макавеі
бязногі ахілес ганяе чарапах
спакусьлівая плоць бяз скуры ружавее
й зіяюць пустатой вачніцы ў чарапах

нам троя й картаген дзіцячаю пляцоўкай
узброены амур нам проста авадзень
багіня-карабель з крывавай распальцоўкай
зь цямрэчы паўстае вітайма новы дзень

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (23) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/01/20