A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (23) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Андрэй Хадановіч |
Ніякага заняпаду беларускай літаратуры няма. Частыя размовы пра заняпад маюць прычынай прызвычаенасьць да былой ненатуральна разьдзьмутай цікавасьці да літаратуры ўсіх і кожнага. Сёньня ківач проста гайдануўся ў адваротны бок, і колькасьць спажыўцоў краснага пісьменства ў нас пачала набліжацца да сярэднестатыстычнага ў сьвеце. Але мяркую, што й сёньня літаратура (і нават паэзія) застаецца ў нас больш запатрабаванаю, чым ва ўсходніх альбо заходніх суседзяў. Бо й сёньня літаратура ў нас працягвае выконваць функцыі захаваньня гістарычнай памяці й нацыянальнай ідэнтычнасьці, захаваньня самой мовы, нарэшце, яна яўна ці прыхавана супрацьстаіць сёньняшняму рэжыму. Як жа паводзіць сябе ў сёньняшніх умовах маладая паэзія? Спыняючыся на вершах маладых, заўважаеш іх засяроджанасьць на дзьвюх магістральных тэмах. Першую можна было б умоўна акрэсьліць як мэта-паэтычную. Гэта паэзія пра паэзію, пра пошук свайго месца ў паэтычнай традыцыі, пра ўласныя спробы на фоне творчасьці знакамітых папярэднікаў: Няўжо ж і мы, ня вартыя пазногця Гэтыя творы могуць быць як надзвычай патаснымі, так і наскрозь несур’ёзнымі. Уласная мізэрнасьць перад тытанамі можа выклікаць трагічную роспач, а можа — тонкую самаіронію, можа абуджаць дэкадэнцкія настроі стомы, а можа — нахабнае жаданьне згуляць з традыцыяй у дзіцячы канструктар. Гэтыя тэндэнцыі, як у фокусе, сыходзяцца ў паэзіі Міхася Баярына. У адным і тым самым творы (ягоны вялікі памер гэта дазваляе!) паэт то робіць акцэнт на заняпадзе, зьмізарнеласьці, дэградацыі, стомленасьці, і мы чытаем: надыходзіць восень буцьвее лістота ў парках то спрабуе гуляць у дэміюрга, і тут ужо зьяўляюцца іранічныя інтанацыі й элемэнты пародыі: |
1 Цыт. паводле: Крыніца. № 1 (72), 2002. С. 159. 2 Цыт. паводле: Крыніца. № 9 (55), 1999. С. 158—159. |
стварыць гамэра ня так складана як падаецца на першы погляд Магічнае слова прамоўлена, ключавое імя паведамлена. “Стварыць Гамэра!”, “Усё найлепшае — для Гамэра!” — мог бы напісаць на сваіх сьцягах не адзін малады паэт — нягледзячы на тое, што сёй-той зь іх не чытаў ня толькі “Іліяды”, але й тэкстаў Баярына. Так і глядзяць на сьвет — праз “шырока заплюшчаныя вочы” Гамэра. Асабліва кранальнымі выглядаюць рэфлексіі пра сваю заглыбленасьць у культуру як пра нешта непаўнавартаснае, ад чаго трэба камплексаваць, за што трэба прасіць прабачэньня; усе гэтыя спробы пабудаваць трагічную антыномію: паэзія альбо жыцьцё, літаратурныя эмоцыі альбо праўдзівыя пачуцьці. Дазволю сабе працытаваць верш Віктара Сьлінка, ляўрэата “Глінянага Вялеса-2002”: Паэзія Грэць камень, Іншы папулярны ў нашай маладой паэзіі матыў — рэфлексіі на тэму сваёй сьмяротнасьці. Запанавала сапраўдная мода, “какетлівы дзявочы суіцыд”. Карціны ўласнага скону, самагубства ў рыфмаваных спробах сяміклясьніц-выдатніц уражваюць. Магчыма, яны не палохалі б так, калі б былі суцэльнай графаманіяй. Але гэта найярчэйшыя, найталенавіцейшыя радкі ў гэтых вучнёўскіх падборках. Ёсьць тут нешта ад наіўнай мары Тома Соера пабываць на ўласным пахаваньні, але такога тлумачэньня недастаткова. Колісь Эдгар По напісаў, што сьмерць прыгожай жанчыны — самы паэтычны сюжэт у сьвеце. Тым больш калі іншыя спосабы дасягнуць патасу сучаснай літаратураю збольшага вычарпаныя... Выхаваныя ў дыскурсе “памерці за…”, “ахвяраваць сабою дзеля…”, беларускія паэты раптам страцілі высакародную мэту самаахвярнасьці. Але ж інэрцыя гатоўнасьці да скону засталася, засталося цьмянае адчуваньне, што толькі сьмерць ёсьць тэмаю, вартаю прыгожых паэтычных пабудоваў. Пакутуючы без барыкадаў, на якіх можна было гераічна загінуць, малады лірычны герой усё часьцей углядаецца ў адкрытае акно. І вось, як іхныя папярэднікі, што гукалі вясну ў вышываных народных строях, паэты апранаюцца ў чорныя кашулі, выклікаючы сьмерць. Добра, што покуль справа абмяжоўваецца адно паэтычнымі мэтафарамі! Толькі лянівы не абвінавачваў маладой беларускай паэзіі ў непапраўным інфантылізьме. Я б паставіў адваротны дыягназ — “заўчасная старасьць” маладых паэтаў. Напраўду, што шчэ аб’ядноўвае такіх розных ува ўсім іншым аўтараў, як Віктар Сьлінко й Міхась Баярын? (Дарэчы, адна з баярынскіх паэмаў называецца “Senectutes”, г.зн. старасьць.) Здаецца, яны й нарадзіліся з той раньняй хваравітай мудрасьцю, якая да звычайных людзей прыходзіць з гадамі й жыцьцёвымі расчараваньнямі. Мы надта маладыя, Ад літаратараў, што існуюць паводле прынцыпу memento mori, чытач ратуецца, натуральна, шукаючы ў паэзіі інфантылізму. І якія ж антыдоты ён знаходзіць? |
3 Тамсама. С. 157. 4 Цыт. паводле: Віктар Слінко. Штольні вясны. — Менск, 2001. С. 66—67. |
Мінскевіч. Гэты літаратар сам перайменаваў сябе, назваўшыся Мінскевічам. Толькі адна драбніца турбуе: а раптам пераможа законны гістарычны назоў роднага гораду Сяргея — “Менск”? Што тады? Перайменавацца самому? Але ж варыянт “Мянскевіч” яўна саступае ў мілагучнасьці. Дый губляецца сугучнасьць зь імем літаратурнага папярэдніка — Адама Міцкевіча. Выбраўшы псэўданім, Серж Мінскевіч самохаць абраў сабе нябеснага патрона. Зорка геніяльнага рамантыка сьвеціць Сержу спадарожным сьвятлом. Наагул, стасункі Мінскевіча з папярэдняй традыцыяй пазбаўленыя тыповага для маладой літаратуры налёту пэсымізму й уласнай непаўнавартасьці. Жадаючы ашчасьлівіць сьвет сваімі ўрачыстымі санэтамі, паэт дазнаецца, што перад ім ужо быў Міцкевіч з “Крымскімі санэтамі”. Які ўдар ад клясыка! Але талерантны постмадэрніст заўсёды гатовы падставіць і другую шчаку — і пасьлядоўна, твор за творам, перапісвае Міцкевіча, робячы папраўку на новую эпоху й менскую гарадзкую тапаграфію. Сучасная эстэтыка дыктуе новыя правілы гульні: цяпер літаратурны плягіят не караецца, а, наадварот, горача вітаецца. Цытаваньне, стылізацыя, алюзіі й рэмінісцэнцыі — сучасьнейшаю можа быць хіба толькі рэканструкцыя Гамэра! І рамантычныя топасы ажываюць у нас на вачах, увекавечваючы родны горад. Хто пасьля Сержа наважыцца сказаць, што Менск — гэта горад, якога няма? Так, паэт бачыць абмежаванасьць уласных магчымасьцяў, але ня робіць з гэтага трагедыі. Зусім як у вядомым афарызьме, ён мог бы параўнаць сябе з карлікамі, што стаяць на плячах гігантаў — і таму бачаць далей. Паэту ўласьцівая самаіронія, таму зь цьвярозага пагляду на рэальнасьць не вынікае мізантропіі. Ён разумее сьціплае месца паэта ў сёньняшнім антыпаэтычным сьвеце. Яго герой чытае свае вершы на сьметніку, бо ў горадзе Менску, калі верыць аўтару, на кожным сьметніку сядзіць па паэту. “Грамадзкія адкіды”, — сказаў бы скептык. “Дух гораду, яго непаўторны твар”, — адказаў бы наш аўтар. Эканомячы айчыннай мэталюргіі медзь і бронзу, сьціплы Серж у сваёй вядомай каліграме сам грае ролю ўласнага помніка, шырока разьвёўшы ногі й высока ўзьняўшы голаў. І гэтак мусіць стаяць, і будзе стаяць, “і прастаіць яшчэ тысячу лет”. І ўдзячныя “таварышы нашчадкі”, для якіх цяперашнія экспэрымэнтатары ў паэзіі з часам стануцца адназначнаю клясыкай, якія будуць цытаваць Сержа Мінскевіча, як ён сёньня цытуе аўтара перакладзеных ім жа “Дзядоў”, пабачаць гэты манумэнт і адчуюць радасьць пазнаваньня. Глядзіце, гэта ён, помнік і чалавек, вечны юнак беларускай паэзіі, genius loci роднага гораду, хадзячы доказ пераемнасьці культуры, бяздомны паэта, о крый яго, Божа! |
Жыбуль. Самы скандальны сярод маладых паэтаў і адначасова найпапулярнейшы ў далёкай ад паэзіі публікі аўтар — Віктар Жыбуль. Ён ня монстар, не злачынец і не псыхічна хворы. Хутчэй наадварот — ціхі, стрыманы малады чалавек з дыплёмам філёляга. Але ўражаньне інтэлігентнасьці імкліва разьвейваецца, калі ён пачынае чытаць свае тэксты. Часам здаецца, што паэт паставіў сабе мэтаю перайсьці ўсе магчымыя межы непрыстойнасьці й парушыць усе існыя ў цнатлівай дагэтуль беларускай паэзіі табу. Вы любіце духоўнасьць у літаратуры й шануеце таямніцу сьмерці? Тады вам спадабаецца сэанс нэкрафіліі ў выкананьні ягонага лірычнага героя. Вы пазьбягаеце ўсіх згадак цялеснага “нізу”? Тады лірычны герой Жыбуля пацешыць вас, расказаўшы, як любіць здаваць аналіз калу. Неяк падчас паэтычнай імпрэзы адна аматарка клясычнай лірыкі стамілася ад вэрлібраў ды супэрсучасных экспэрымэнтаў. Ёй захацелася чагосьці сьветлага й чыстага, патаснага й патрыятычнага. “А хто з вас шануе паэтычную традыцыю?” — зьвярнулася яна да ўдзельнікаў. Звычайна павольны Жыбуль зрэагаваў вокамгненна: “Я!” — падняў руку, устаў… і прадэклямаваў традыцыйна рымаваны верш пра тое, як беларускі хлопчык Ігнат бязьлітасна закатаваў гліста. Безьліч жудасьцяў, агіднасьцяў ды цынічных прызнаньняў з пэўнасьцю палохала б і бянтэжыла б чытача, каб не вялізарная іранічная дыстанцыя паміж аўтарам і ягонымі героямі. Пачвары паэта пры бліжэйшым разглядзе выглядаюць досыць сымпатычнымі, а кроў, што шчодра ліецца з ахвяраў, выяўляецца бяскрыўдным журавінавым сокам. Тэксты, відавочна, разьлічаныя на камічны эфэкт, і спажыўцы ўдзячна плацяць Жыбулю голасным рогатам. Вершаваны радок паэта лёгкі, культура вэрсыфікацыі высокая, а іранічны сюжэт інтрыгуе неспадзяванкамі. Паэтычная тэхніка аўтара дазваляе яму экспэрымэнтаваць у такім складаным жанры, як паліндромны верш і паэма, якіх ён напісаў удосталь. Іранічную манеру Жыбуля ахвотна пераймаюць пачаткоўцы, спакушаныя яго падманнай лёгкасьцю. Толькі вось з паліндромамі чамусь не даюць рады. Жыбуля з прыемнасьцю слухаюць у клюбах, дзе ён выступае разам з папулярнымі рок-гуртамі. Яго паэзію ахвотна абмяркоўваюць на інтэрнэт-форумах. Але посьпех мае й адваротны, небясьпечны для паэта бок. Прывучаны да сьмехавай рэакцыі залі на свае тэксты, паэт страціў іншыя крытэры ацэнкі ўласнай прадукцыі і абсалютна шчыра лічыць найлепшымі адно тыя творы, якія сустракаюцца гучным рогатам. У выніку нашумелая кніга паэта “Прыкры крык” выйшла няроўнай, і бясспрэчныя ўдачы чаргуюцца ў ёй з сапраўднымі “прыкрасьцямі”. Да ліку ўдач належаць вершы пра паэзію й творы пацыфісцкага зьместу. У адрозьненьне ад іншых аўтараў паэзіі пра паэтаў, Жыбуль не спрабуе клянаваць Гамэра, а хутчэй зводзіць рахункі зь беларускай культурнай традыцыяй. У бадзёрым рытме дзіцячай лічылкі аўтар “высьцёбвае” штампы беларускай культуры псэўданародніцкага гатунку, але адначасова стварае й зьнішчальны партрэт новага “культурнага героя”, здольнага адно дулі паказваць. Што да пацыфізму й супраціву рэпрэсіўнай дзяржаве, дык абмяжуемся адным прыкладам: З рагаткі я прыцэліўся ў варону, |
Морт. Крохкая дзяўчынка, якую хочацца ўзяць на рукі й захінуць ад варожага сьвету, поўнага сэрыйных забойцаў, гвалтаўнікоў і людзей, абыякавых да паэзіі. А вось яе публічныя выступы — гэта выбух энэргіі, выклік, правакацыя, яўнае хуліганства, ледзь ня зьдзек з публікі — калі сядзіш агаломшаны, глыбока ўражаны, каб не сказаць “абражаны” — і хочацца крычаць: “Яшчэ! Яшчэ!” Яе сапраўднае прозьвішча, Мартынава, нагадвае пра трагічны фінал Лермантава. Ейны псэўданім перакладаецца з францускай мовы як “мёртвая” (дасьціпны Юрась Барысевіч тлумачыць гэта тым, што ў школе яе пераехала Максімам Танкам). Да ўсяго, гэта яна прышчапіла нашай паэзіі новы стыль, які мы акрэсьлілі як “какетлівы дзявочы суіцыд”. Эстэтыка скандальных і трагічных расейскіх рок-паэтак — усіх гэтых Дзягілевых, Арэф’евых і Зэмфір — выгадна атабарылася ў вальжыніных вершах, якія проста просяцца на музыку. Гэта яна знайшла адказ на балючае пытаньне Станіслава Ежы Леца: “Ну, добра. Ты праб’еш галавою дзірку ў сьцяне. Але што ты будзеш рабіць у суседняй камэры?” Знайшла, стварыўшы тэкст “Больніца” — самы знакаміты твор маладой беларускай паэзіі. Пакінуўшы пасьля сябе некалькіх эпігонак, яна, здаецца, астыла да вершаскладаньня й адчула ў сабе сталасьць, дастатковую для пісаньня прозы. Што ж, як на празаіка, яна па-ранейшаму выглядае ненармальна юнай дзяўчынкаю й па-ранейшаму выклікае жаданьне насіць яе на руках і абараняць ад варожага сьвету. |
Сьлінка. Пра Таню Сьлінку можна гаварыць бясконца. Можна й бясконца казаць ёй камплімэнты. Абмяжуюся адным: яна дакладна ведае, чаго хоча ад літаратуры. Рызыкну сьцьвердзіць: досьведу тагасьветнага. Таня — рамантычная энтузіястка ХХІ стагодзьдзя ў гофманаўскім сэнсе слова. Іншасьвет вабіць паэтку люстраной паверхняй вады й плыўкай паверхняй люстэрка. І яна прагне зазірнуць за заслону й апынуцца з таго боку, імкнецца Дадому за цагляную сьцену Маленькая Алеся выпраўляецца ў Залюстроўе, і, здаецца, усе Люісы Кэралы ў сьвеце застылі з фотаапаратамі й схіліліся над нататнікамі. Зараз адбудзецца падзея. Зараз будзе палёт, і абпаленыя крылы, і падзеньне долу. Пэрформанс дзяўчынкі-Ікара, якая працуе без страхоўкі, бо дакладна ведае: усё, што з гэтага боку люстэрка, — адно генэральная рэпэтыцыя. Тацяна друкавала свае тэксты пад двума прозьвішчамі — “Сьлінка” й “Копыцева”. Непасьвечаныя могуць не атаясамліваць іх між сабою, і невыпадкова. Бо Таня — гэта Пратэй, чыя прырода — пераўвасабленьне. Яе невычарпальнай энэргіі зь лішкам хапіла б на некалькіх аўтараў; яе нястомнасьць і арганізацыйныя здольнасьці ўражваюць. За кароткі адцінак часу яна стварыла рэкордную колькасьць літаратурных маніфэстаў, арганізавала сама й узяла ўдзел у рэкорднай колькасьці пэрформансаў, і некаторыя з агучаных ёю лёзунгаў і мастацкіх жэстаў ужо разышліся на цытаты. Яна выступіла ў іпастасі перакладчыка літаратуры й філязофіі, і пераклады яе выглядаюць падазрона прафэсійнымі. Яна нават пабывала галоўнай рэдактаркай аднаго часопісу. Некалі яна абавязкова напіша падручнік “Асновы навуковага нігілізму”, які будзе вывучацца ў школе пад прымусам. У далёкай пэрспэктыве яна бачыцца мне старшынёю Саюзу пісьменьнікаў Беларусі — і тады беларускае пісьменства пабачыць неба ў алмазах! Я пайду да яе ў намесьнікі, і час ад часу яна будзе праганяць мяне за кансэрватызм у густах і службовыя злоўжываньні. Але цэх літаратараў не разваліцца, бо за Таняю кожны ягоны ўдзельнік будзе дакладна ведаць, чаго ён хоча ад літаратуры. |
Лайкоў. Вершаваныя рэфлексіі паэта пра паэзію, усе гэтыя “плаваньні” ў пошуках страчанага Гамэра могуць сустракацца й цесна пераплятацца з другою накрэсьленаю тут магістральнаю тэмай — тэмаю сьмерці. І мы атрымаем добраахвотны сыход у найлепшы сьвет — у краіну вандроўных сюжэтаў і вечных вобразаў, топасаў і архетыпаў. Гамэр-самазабойца выяўляецца Квінтам Гарацыем Флякам, дакладней — гарацыеўскім лебедзем. Сталеючы, брыдкае качаня беларускай паэзіі можа дарасьці да сустрэчы з антычнай Ледаю — і народзіцца прыўкрасная Алена, і выкрадуць яе траянцы, і будзе дзесяць гадоў вайна і яшчэ дзесяць гадоў — вяртаньне дадому. Але ж качаня-аксэлерат можа выбраць і іншы шлях ініцыяцыі, і тады яно згадвае пра сваю прысьвечанасьць богу Апалёну, сягае высока ў нябёсы й пяе апошнюю, лебядзіную песьню — праходзіць празь сьмерць, каб паспрабаваць сягнуць да несьмяротнасьці. Такімі амбіцыямі — ні болей ні меней! — апантаны лірычны герой Янкі Лайкова. І неістотна, ці прачытаў наш вясковы малец усіх гэтых Гарацыяў і Бадлераў, Малярмэ й Рыльке, у чым мы яго мімаходзь абвінавацілі. Істотней іншае — агульныя, унівэрсальныя законы мысьленьня, сьвядомага й падсьвядомага, якія няўхільна спрацоўваюць. Зьдзейсьніць самагубства — кінуцца ў водныя глыбіні, як “Тытанік”, як Гамункул, як бедная Ліза, як падводная каманда Жака-Іва Кусто, каб выйсьці сухім з вады й адрадзіцца ў новай якасьці. Мабыць, тапельцу Лайкова такі пашчасьціла, як тапельцу, бо ён не затрымаўся ў воднай стыхіі, і магутная крылатая істота — не, нават ня лебедзь Гарацыя, а хутчэй незнаёмы старажытным рымлянам бамбардавальнік! — завісае над горадам і сьветам, і паэт абвяшчае: urbi et orbi — “я — вольны птах!”.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (23) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |