A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (23) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
УЛАДЗЬ ГАРБАЦКІ | |||||
|
Уладзь Гарбацкі |
— палітоляг, выпускнік Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Жыве ў Віцебску. 1 Michael Pollak, L’homosexualité masculine, Ou le bonheur dans le ghetto // Sexualités occidentales / пад кір. Philippe Ariès i André Béjin. Paris: Seuil, 1982, С. 59. |
Як жа дасягнуць таго жаданага пераходу гейскасьці ў разрад нормы? Сцэнараў шмат, аднак, паводле Д. Эрыбона, асаблівай увагі заслугоўвае дзейная й вядомая практыка coming out’у, ці, кажучы нашаю моваю, публічнага прызнаньня ўласнай гейскасьці. Бо каб стаць звычайным, трэба быць бачным, вядомым, публічным. Рашыцца на прызнаньне — значыць рашыцца адкрыць усім свае прыхільнасьці ў сэксе. Безумоўна, такія выпадкі надзвычай папулярныя, модныя на Захадзе й цалкам адсутныя ў нас. Практыка публічнага прызнаньня мае свае адмоўныя й станоўчыя бакі. Нават ва ўмовах, максымальна спрыяльных для адкрыцьця ўласнай гейскасьці (напрыклад, у мэгаполісе), ёсьць рызыка сутыкнуцца з усюдыпрысутнай і часьцяком падсподнай гамафобіяй. Што датычыць станоўчых бакоў адкрыцьця сваёй гейскасьці, дык гэта перш-наперш вызваленьне ад сталага моцнага псыхалягічнага напружаньня, у якім вымушаныя жыць геі і лесьбіянкі. Таксама “адкрыцьцё сябе” сьведчыць пра шчырасьць у дачыненьні да самога сябе, разьвітаньне з заўсёднай незадаволенасьцю, няўпэўненасьцю, напаўасалодай, напаўжыцьцём нарэшце. Альбо, паводле лёгікі Ж.-П. Сартра, зь “неаўтэнтычнасьцю” 2 жыцьця. У пэўнай ступені адкрыцьцё ўласнай гейскай тоеснасьці — першы крок у фармаваньні “афіцыйнай гейскасьці”, гэта значыць гейскасьці, зразумелай і прымальнай усяму насельніцтву. Зразумела, што Беларусь наўрад ці можна аднесьці да краінаў са спрыяльным кліматам для публічнага прызнаньня. Падаецца, што і ў Менску геі й лесьбіянкі жывуць нібы прусакі ў норцы. Бо, на жаль, па сёньня “гейскасьці” ў Беларусі не існуе, ёсьць толькі “гомасэксуалізм” як “псыхічная паталёгія”. Пры гэтым трэба адзначыць, што часьцяком існаваньне гомасэксуалізму ставіцца пад сумнеў афіцыйнымі беларускімі асобамі (у памяці застаецца заява У. Замяталіна наконт “неўласьцівасьці гомасэксуальнасьці беларускаму народу”). Гэткім чынам, фэномэн публічнага прызнаньня — складаны. Нельга адназначна сказаць, дзейсны ён ці не. Усё залежыць ад канкрэтнай сытуацыі, канкрэтнай асобы: зразумела, што ў беларускай вёсцы адкрыцьцё сваёй гейскай тоеснасьці — вялікая рызыка. Хаця выйсьце з зачараванага кола нябачнасьці, аднаўленьне гейскасьці мажліва толькі дзякуючы моцнаму й скандальнаму coming out’у. Вернемся цяпер да праблемы гамафобіі, якая складае адну з асноўных тэмаў кнігі Д. Эрыбона, а таксама асноўны матор сучасных рухаў геяў і лесьбіянак. |
2 Didier Eribon. Dire ou ne pas dire // Le Nouvel Observateur, juillet 1999. С. 10. |
Зразумець гамафобію можна толькі ў сувязі з існаваньнем гейскасьці. Няма геяў і лесьбіянак –– няма гамафобіі. Але ж, дзякуй богу, людзкі сьвет разнастайны: побач з гетэрасэксуаламі ёсьць геі, лесьбіянкі, бісэксуалы й г.д. Існуе рэакцыя на гэтую самую разнастайнасьць — гамафобія: нянавісьць і/ці спалох, якія разьвіваюцца ад няведаньня негетэрасэксуальнага ладу жыцьця. “Норма й інстытуцыі — гамафобныя” 3, — сьцьвярджае францускі мысьляр Эрыбон, яны ствараюць панятак публічнай гамафобіі, яны выклікаюць індывідуальную гамафобію — адлюстраваньне публічнай нянавісьці да геяў і лесьбіянак на лякальным узроўні. У гетэрацэнтрычным грамадзтве (дзе легітымная адзіная мадэль сацыяльных, сэксуальных, эмацыйных адносінаў: мужчына—жанчына) няма месца “сэксуальным дысыдэнтам” 4. Як ужо адзначалася вышэй, у беларускім гетэрацэнтрычным грамадзтве “не існуе гомасэксуальнасьці” праз загад кіраўніцтва, а тая публічна прызнаная мадэль сэксуальна-эмацыйных стасункаў не называецца наагул, бо панятак “гетэра” лічыцца ўнівэрсальным, базавым, які часьцяком нават не патрабуе вымаўленьня — нагэтулькі ён “натуральны” і (сама)дастатковы. Вось гэтая відавочная (сама)дастатковасьць гетэрасэксуальнасьці якраз і зьяўляецца першаснай гамафобіяй. Яшчэ Мішэль Фуко заўважыў, што гейская тоеснасьць сталася мажлівай “дзякуючы” гамафобіі, бо апошняя амаль цалкам стварыла, пабудавала новую тоеснасьць, вымусіла геяў і лесьбіянак скансалідавацца й вырашаць, як змагацца з гетэранормай. Сучасная амэрыканская дасьледніца гейскасьці Эва Касоўскі Сэдгуік (Eve Kosofsky Sedgwick) 5 таксама лічыць, што менавіта нянавісьць гетэрасэксуальнага грамадзтва да геяў і лесьбіянак сканструявала сёньняшнюю гееўскую й лесьбійскую тоеснасьці. Парадокс фармаваньня гэтай тоеснасьці заключаецца ў тым, што гей –– адначасова і гей, і гамафоб, бо ўключае ў сябе як рысы гееўскага жаданьня, гэтак і імкненьне пазбавіцца таго “брыдкага”, “ненармальнага”, “кепскага” жаданьня быць, жыць з партнэрам аднаго полу. І гэта не тэарэтычная выдумка, а адлюстраваньне рэчаіснасьці: амаль кожны гей, кожная гейка калі-нікалі сутыкаюцца з жаданьнем стаць “нармальнымі”, “як усе”, гэта значыць гетэрасэксуальнымі. Гэтая парадаксальная гамафобія сярод геяў тлумачыцца проста: штодзённае змаганьне геяў і лесьбіянак са сваім гомаэратычным жаданьнем у пэўны момант становіцца невыносным, цяжкім. Тады карціць простасьці, “натуральнасьці”, спакою — гэта значыць стасункаў, якія публічна ўспрымаюцца пазытыўна. Напэўна, гэтае адмаўленьне гейскасьці самімі геямі й гейкамі ёсьць адным з вынікаў “сэксуальнага расізму” 6, яшчэ аднога панятку, шырока ўжыванага ў кнізе Д. Эрыбона. |
3 Didier Eribon. Réflexion sur la question gay. С.166. 4 Панятак створаны францускім пісьменьнікам Дамінікам Фэрнандэзам, які адзначае ўсіх негетэрасэксуальных асобаў: геяў і лесьбіянак, у першую чаргу. 5 Didier Eribon. Réflexion sur la question gay. С. 216. 6 Тамсама. С.130. |
У тэарэтычным пляне трэба адзначыць, што развагі Д. Эрыбона грунтуюцца на філязофіі экзыстэнцыялізму — сартрызьме й бавуарызьме. Нават назва кнігі “Развагі аб гейскім пытаньні” нагадвае Сартравы “Развагі аб жыдоўскім пытаньні”. Д. Эрыбон часьцяком выкарыстоўвае ўведзеныя ім паняткі “аўтэнтычнае”, “неаўтэнтычнае” жыцьці, “экзыстэнцыйны выбар” альбо “неажыцьцяўляльная тоеснасьць” у развагах аб гейскім пытаньні. Гэта тлумачыцца перш за ўсё супадзеньнем ідэалягічных густаў Д. Эрыбона й Ж.-П. Сартра. Да таго ж Д. Эрыбон адтварыў забытыя ідэі экзыстэнцыялізму на мяжы ХІХ—ХХ стагодзьдзяў. У сёньняшнім тлумачэньні гееўскай тоеснасьці шматлікія паняткі, ужытыя Сартрам і Бавуар, цудоўна дапамагаюць агучыць гейскі дыскурс і надаць яму навуковую вагу. Напрыклад, Сартравы развагі пра парадаксальную чалавечую староннасьць й неразуменьне праблемаў і турботаў іншых — пра своеасаблівы ўнівэрсальны чалавечы эгаізм — у гейскім пытаньні набываюць асабліва моцнае гучаньне. Так, напрыклад, факт прыналежнасьці да пэўнай загнанай і маргінальнай групы насельніцтва — жыдоў, геяў й геек, мурынаў альбо беларускамоўных беларусаў — не вядзе аўтаматычна да глябальнага разуменьня загнанасьці. Можна быць геем і расістам, геем і жанчынаненавісьнікам, ды ў дадатак беларусафобам. У гэтым рэчышчы Сартрава (а цяпер і Эрыбонава) асэнсаваньне маргінальнасьці можа быць добра зразуметае ў беларускім кантэксьце, дзе замест сартраўскага прыкладу жыдоў і эрыбонаўскіх геяў і лесьбіянак існуе маргіналізаваная катэгорыя беларускамоўных беларусаў. Паралелі паміж загнанасьцю геяў і беларускамоўных навідавоку, як, дарэчы, аднолькавасьць парадоксу, што назіраецца сярод шматлікіх геяў з аднаго боку й беларусаў зь іншага, — парадоксу неразуменьня, няўменьня адчуць праблему іншых. Вядома, што сярод беларускамоўных шмат гамафобаў і, наадварот, сярод беларусаў-геяў процьма беларусафобаў. Дзе ж капраміс? Альбо кампраміс — панятак слабы й адносны ў эпоху тоеснасьцяў? Бо існаваньне пэўнай тоеснасьці прадугледжвае канфлікт, сутычку, мяжу, за якой — іншыя памкненьні, жаданьні, прэтэнзіі. Напэўна, на гэтае пытаньне, як на безьліч іншых, няма адказу. Дый, здаецца, ніводны філёзаф не шукае пэўнага адказу, ён проста разважае, спрабуе зрабіць уласны інтэлектуальны здабытак карысным для пэўных асобаў, групаў, дапамагаючы ім выкараскацца з пасткі нябачнасьці й ігнараваньня.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (23) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |