A R C H E П а ч а т а к № 3 (23) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32002
» да Зьместу «

 


Андрэй Хадановіч
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


палітыка

ПАВАЛ КАЗАНЭЦКІ
Вокладка ARCHE 3-2002.

   Мінулыя нумары:

   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Павал Казанэцкі
 
 
Беларуская палітыка Польшчы


Якой была палітыка Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі цягам апошніх некалькіх гадоў; якая гэтая палітыка сёньня; якой можа быць роля Польшчы ў дачыненьні да Беларусі? Ня буду гаварыць пра сытуацыю ў Беларусі: усе яе ведаюць. Разважаньні, маем мы справу з адносна “мяккім” ці адносна “цьвёрдым” аўтарытарным рэжымам, ні да чога плённага нас не прывядуць.

Перш за ўсё, прааналізуем крокі Эўразьвязу і эўрапейскіх краінаў пасьля лістапада 1996 году.

Па-першае, была ўведзеная поўная забарона на ўезд чыноўнікаў лукашэнкаўскай адміністрацыі ў краіны Эўразьвязу. Забарону зьнялі тады, калі Лукашэнка згадзіўся адкрыць у Менску прадстаўніцтва АБСЭ. Але адкрыцьцё місіі пачалося з скандалу: напярэдадні два юнакі былі асуджаныя на два гады турмы за маляваньне графіці. Ад самага пачатку Лукашэнка паказаў Кансультацыйна-назіральнай групе АБСЭ на яе месца ў Беларусі.

Вялікай праблемай для Эўразьвязу і ўвогуле эўрапейскіх дзяржаваў было тое, што пасьля канстытуцыйнага крызысу 1996 году яны страцілі ў Беларусі партнэра для дыялёгу. Эўрапейскія дзяржавы занялі пазыцыю, што адзінай законнай канстытуцыяй у Беларусі застаецца Канстытуцыя 1994 году, а зьмены, уведзеныя рэфэрэндумам 1996 году, — нелегітымныя, як і сфармаваны неўзабаве парлямэнт. Аднак уся дзейная ўлада была сканцэнтраваная ў таго самага зьненавіднага прэзыдэнта Лукашэнкі, легітымнасьць якога на падставе Канстытуцыі 1994 году доўжылася да чэрвеня 1999 году. Ад чэрвеня 1999-га кантакты з прэзыдэнтам Лукашэнкам адназначна супярэчылі прынятай дыпляматычнай дактрыне. Але паступова паміж эўрапейскімі краінамі ўзьніклі непаразуменьні, што выклікалі пэўны крызыс: ніхто ня ведаў, якую палітыку трэба праводзіць у дачыненьні да Беларусі. Таму сваёй галоўнай мэтай місія АБСЭ бачыла падрыхтоўку дэмакратычных выбараў, якія б далі магчымасьць утварыць законны, дэмакратычна абраны парлямэнт — легітымнага партнэра для перамоваў. Аднак гэтая стратэгія аказалася памылковая, і парлямэнцкія выбары ў 2000 годзе, як і пазьнейшыя прэзыдэнцкія выбары 2001 году, прайшлі з парушэньнем усіх выбарчых стандартаў. На сёньня ніводная з галінаў улады ў Беларусі, калі разважаць з пункту гледжаньня старой дыпляматычнай дактрыны, не легітымная. Эўрапейскія краіны сутыкнуліся з праблемай: яны ня хочуць прыпыненьня дыпляматычных адносінаў зь Беларусяй, бо гэта азначала б страту міжнароднай правасуб’ектнасьці Беларусі і адначасовую здачу Беларусі ў абдымкі Расеі. Аднак дактрына, якою кіраваліся аж да выбараў 2001 году, аказалася нядзейсная, а пасьля выбараў не было распрацавана ніводнай новай схемы працы зь Беларусяй.

— польскі грамадзкі дзяяч, кіраўнік разьмешчанага ў Варшаве “Ўсходнеэўрапейскага дэмакратычнага цэнтру IDEE”.
   

Тут можна задаць сабе пытаньне: чаму так сталася і чаго Эўразьвяз ды эўрапейскія краіны хацелі дасягнуць тымі захадамі, якія рабіла місія АБСЭ? Беларускія ўлады часта падаюць справу гэтак, быццам галоўнай задачай місіі была ліквідацыя рэжыму, скіданьне прэзыдэнта. Асабіста я думаю, што Эўропа ні ў якім разе не імкнулася да гэтага і тым больш гэткае задачы ня ставіла перад сабой Нямеччына, якая кантралявала місію АБСЭ. Мяркую, што галоўным заданьнем Нямеччыны была легітымізацыя прэзыдэнта Лукашэнкі як партнэра для дыялёгу, тым больш што ён здаваўся для Эўропы гарантам стабільнасьці ў рэгіёне ў цэлым і ў Беларусі ў прыватнасьці.

І што ж мы маем на сёньня? Няма пасьлядоўнай палітыкі Эўропы ў дачыненьні да Беларусі, няма ніякай новай канцэпцыі, якая б дазваляла ісьці наперад у дыпляматычных адносінах з гэтай краінай. Лукашэнка ўжо не прызнае місіі АБСЭ ў якасьці партнэра. Пасла АБСЭ не пусьцілі ў Беларусь. Месяц таму * была прапанаваная новая ініцыятыва. Пра яе гаварылі як пра “візыт апошняга шанцу”. Гэта меўся быць візыт прадстаўнікоў Эўрапарлямэнту, які павінен быў даць шанец самому Лукашэнку выйсьці з тупіковай сытуацыі. Візыт прадстаўнікоў Эўразьвязу даваў для Лукашэнкі магчымасьць своеасаблівага “ходу канём” — абмінуўшы пытаньне КНГ АБСЭ, выйсьці на дыпляматычныя кантакты з эўрапейскімі краінамі паводле новай формулы.

Аднак ці выкарыстае гэты шанец Лукашэнка, ці прывабіць Беларусь такі варыянт? Каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба разабрацца, якую палітыку цяпер вядзе ў дачыненьні да Беларусі Расея. І ўзьнікае новая загадка.

Верагодна, адкрываецца новы разьдзел у беларуска-расейскіх адносінах. Цяжка прагназаваць, у якім напрамку яны будуць разьвівацца. Да гэтага году Расея адназначна падтрымлівала Лукашэнку, прызнавала ўсе выбары сапраўднымі, а абраныя на іх улады –– прадстаўнічымі органамі беларускай дзяржавы. Першыя прыкметы таго, што Расея, магчыма, не да канца задаволеная Лукашэнкам, зьявіліся ў чэрвені 2001 году, калі Масква ня выказала выразнай падтрымкі Лукашэнкі перад выбарамі. Яна нібы прыглядалася да меркаваньня беларусаў, спрабуючы зарыентавацца, а ці ня знойдзецца канкурэнт, здольны пазмагацца з Лукашэнкам на роўных. Ліпень вельмі хутка гэтыя сумненьні разьвеяў, і Лукашэнка атрымаў вялікі крэдыт з Масквы. Аднак 2002 год паказаў, што Расея больш не зьбіраецца ўхваляць усіх дзеяньняў Лукашэнкі суздром, як гэта было раней. Канфлікт тлее. Найбольш яскравай прыкметай яго сталі вынікі апошніх сустрэчаў Лукашэнкі з Пуціным і чэрвеньская заява апошняга пра тое, што ня можа быць гаворкі аб стварэньні нейкага міждзяржаўнага аб’яднаньня Беларусі і Расеі, а трэба, уласна кажучы, гаварыць пра інкарпарацыю Беларусі ў Расею. Цяжка меркаваць, ці такія пляны Пуцін выношвае на самай справе, але за гэтымі словамі стаіць рашучае адмаўленьне Лукашэнкавых прэтэнзій на раўнапраўнае партнэрства ў справе стварэньня новай дзяржавы. Лукашэнка адрэагаваў на прапановы Пуціна рашучым “не”. Мне здаецца, у такой сытуацыі прапанова з боку Эўразьвязу была б для Лукашэнкі вельмі добрым выйсьцем з досыць цяжкога становішча. Поўная фінансавая залежнасьць і рост патрабаваньняў з боку Расеі робяць яго залежным і ставяць у пазыцыю, якой ён ніколі не прымаў, –– у пазыцыю хутчэй губэрнатара, чым роўнага партнэра.








* Тэкст датаваны пачаткам верасьня.
   

Ці пойдзе Лукашэнка насустрач прапановам Эўропы? Думаю, што найбліжэйшыя два месяцы гэта пакажуць. Магчыма, мы станем сьведкамі новага “флірту” Лукашэнкі з эўрапейскімі краінамі альбо канца гэтага рэжыму. Функцыянаваньне рэжыму-банкруту без эўрапейскіх грошай ці з “кароткімі” расейскімі грашыма выкліча яго падзеньне цягам найбліжэйшых двух гадоў.

Ёсьць і іншыя моманты, якія могуць увайсьці ў супярэчнасьць з шанцамі на дыялёг паміж адміністрацыяй Лукашэнкі і Эўразьвязам. Ужо два месяцы ідуць гаворкі пра тое, што Лукашэнка можа адмяніць мясцовыя выбары, заплянаваныя на наступны год. Адмена гэтых выбараў азначала б страту яшчэ адной магчымасьці зьмяніць сытуацыю ў Беларусі законным, дэмакратычным шляхам. Тую ж пагрозу нясуць пляны рэфэрэндуму, на які былі б вынесеныя пытаньні аб далейшай інтэграцыі з Расеяй, але адным з пунктаў якога стала б і пытаньне аб зьменах у канстытуцыю, што дазволілі б Лукашэнку балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі на трэці тэрмін. Цяперашняя Канстытуцыя, зацьверджаная на рэфэрэндуме 1996 году, абмяжоўвае прэзыдэнцтва двума тэрмінамі, а паколькі цяперашні тэрмін — другі, трэці бязь зьменаў у канстытуцыі немагчымы.

На такім шырокім фоне я хацеў бы ўзьняць пытаньне пра ролю Польшчы ў гэтым працэсе. Эўразьвяз і эўрапейскія краіны насамрэч ня маюць канцэпцыі таго, што рабіць зь Беларусяй. Апошнія чатыры гады выразна засьведчылі, што пазыцыя Эўразьвязу вельмі непасьлядоўная, што яна мяняецца пад уплывам розных чыньнікаў, якія датычаць як унутранай сытуацыі ў Беларусі, так і міжнароднай увогуле. Можна нават сказаць, што эўрапейскія краіны зусім не цікавяцца Беларусяй, якая не ўяўляецца ім сур’ёзнай палітычнай праблемай. Для Польшчы ж Беларусь –– непасрэдны сусед, адсюль важнасьць гэтай праблемы. Роля Польшчы ў рэгіёне істотная. Тым ня менш, аналізуючы беларускую палітыку цяперашняга ўраду, можна канстатаваць, што і яна непасьлядоўная.

З аднаго боку, Польшча выступіла зь дзьвюма сур’ёзнымі ініцыятывамі: аб згаданым вышэй “візыце апошняга шанцу”, ідэя якога была распрацаваная не без удзелу польскіх дыпляматаў, а таксама пра скліканьне польска-расейскай камісіі па Беларусі. (Гэтая тэма абмяркоўвалася падчас візыту Пуціна ў Варшаву. Вялікае значэньне мае само прызнаньне Расеяй таго факту, што ў Польшчы ёсьць свае інтарэсы ў Беларусі.) Зь іншага боку, ствараецца ўражаньне, што цэльнай канцэпцыі дзеяньняў у дачыненьні да Беларусі афіцыйная Варшава ня мае. Спачатку міністар Цімашэвіч сустракаецца зь міністрам замежных справаў Беларусі Хвастовым — што нібыта сьведчыць пра спробы нейкага кантакту з рэжымам, пераадоленьня ізаляцыі. А трохі пазьней –– неабдуманыя дыпляматычныя ноты, перадусім апошняя, з нагоды адцэнзураванай перадачы радыё “Палёнія” на беларускім радыё “Сталіца” (калі як зь яе выразалі выступ міністра замежных справаў Польшчы Цімашэвіча). Міністэрства адрэагавала завостра, нашмат вастрэй, чым таго патрабавала сытуацыя, бо гэтае выказваньне ўсяго толькі не адпавядала таму фармату праграмы, які на самым пачатку быў узгоднены зь беларускім радыё.

 
   

Што Польшча магла б зрабіць у дачыненьні да Беларусі? З чаго магло б складацца так званае “ўсходняе вымярэньне” — польская стратэгія замежнай палітыкі ў дачыненьні да суседніх краінаў?

Эўропа не цікавіцца ня толькі Беларусяй, яна таксама ня мае распрацаванай канцэпцыі стаўленьня да дынамічнай і зьменлівай сытуацыі ва Ўкраіне, як і ня мае канцэпцыі наконт Расеі, калі гаварыць пра доўгатэрміновае, стратэгічнае супрацоўніцтва зь ёю. Што да Польшчы, дык калі праз год яна ўвойдзе ў Эўразьвяз, галоўнай праблемай замежнай палітыкі для яе стануць адносіны з усходнімі суседзямі. У той жа час, стаўшы ўдзельніцай Эўразьвязу, яна таксама зможа ўплываць на ўсходнюю палітыку ўсяго Зьвязу. Галоўным канкурэнтам Польшчы ў гэтым выступае Нямеччына, якая выразна прадчувае будучае суперніцтва. Прынамсі, увесь апошні год нямецкія дыпляматы крытыкавалі як дзейнасьць польскіх няўрадавых арганізацыяў на тэрыторыі Ўкраіны і Беларусі, так і некаторыя крокі польскай дыпляматыі. Нямеччына імкнецца падкрэсьліць, што права фармаваць усходнюю палітыку адзінае Эўропы –– за ёй. Для Польшчы гэта сур’ёзны выклік, што вымагае задумацца над тым, якую ролю павінна адыгрываць у гэтай сфэры Польшча. У такой канкурэнцыі мы маем адну перавагу –– падтрымку Злучаных Штатаў, якія зацікаўлены ў моцнай пазыцыі Польшчы ў яе рэгіёне і правядзеньні празь яе сваёй палітыкі ў дачыненьні да Беларусі і Ўкраіны. Умелая гульня нашага МЗС і стварэньне раўнавагі паміж зацікаўленасьцю ЗША і інтарэсамі Эўразьвязу маглі б узмацніць нашу вагу ў вызначэньні ўсходняй стратэгіі ўсяго Эўразьвязу.

Якая павінна быць палітыка ў дачыненьні да Беларусі ў гэтым кантэксьце? Перадусім гэта павінна быць доўгатэрміновая палітыка. Усялякія кароткатэрміновыя захады, кшталту тых, зь якімі выступаў Эўразьвяз, папросту не даюць ніякага выніку. Нават зьмена Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта іншым палітыкам, якая, здавалася б, павінна была б стварыць прастору для палітычных зьменаў, насамрэч не паўплывала б радыкальна на сытуацыю ў Беларусі, галоўным чынам дзеля пазыцыі самога грамадзтва, яго кансэрватызму. Толькі доўгатэрміновыя дзеяньні могуць нешта зьмяніць у гэтай краіне. Эўропа не гатовая да такіх дзеяньняў, таму захады Польшчы могуць адыграць важную ролю. Калі ня ўдасца распрацаваць такую стратэгію, то альтэрнатывай будзе толькі аддаць Беларусь Расеі, пад эканамічным кантролем якой яна і так цяпер знаходзіцца. Расейцам застаецца толькі ўстанавіць поўны палітычны кантроль і ажыцьцявіць інкарпарацыю. Але ці ж адпавядае такое рашэньне інтарэсам Польшчы?

 
   

Другі пункт, які я хацеў бы вылучыць, аналізуючы палітыку ў дачыненьні да Беларусі, гэта тое, што палітыка павінна праводзіцца двума шляхамі. Першы шлях –– супрацоўніцтва з самімі ўладамі Беларусі. Асабіста я лічу правільным тое, што польскія ўлады пачалі наладжваць кантакты з лукашэнкаўскай адміністрацыяй. Ёсьць сумненьні толькі наконт таго, ці павінны яны пачынацца на такім высокім ўзроўні? Напэўна, лепей было б пачынаць ад супрацоўніцтва зь мясцовымі ўладамі, а не выходзіць адразу на прэзыдэнцкую адміністрацыю. Аднак мне здаецца, што адзіны шанец прарваць блякаду, створаную зь беларускага боку, –– вельмі цярплівыя і пасьлядоўныя спробы перамоваў, разумных кантактаў –– г. зн. “ня даць адкусіць сабе пальца”.

І другі кірунак правядзеньня палітыкі, на якім я хацеў бы падрабязьней спыніцца, –– гэта праца над грамадзкімі зьменамі ў Беларусі, галоўным чынам празь дзейнасьць у галіне эканомікі і дапамогу няўрадавым арганізацыям. Гэта адзіная магчымая доўгатэрміновая палітыка на ўсходзе. Дарэчы, калі параўноўваць польскія напрацоўкі ў гэтым кірунку зь нямецкімі, то тут мы лепшыя. Мы занялі акрэсьленую пазыцыю як ва Ўкраіне, так і ў Беларусі, займаючыся досыць актыўнай грамадзкай дзейнасьцю ў гэтых краінах, у той час як Нямеччына абмяжоўваецца дабрачыннай дапамогай з боку пратэстанцкіх цэркваў, на што не заўсёды добра глядзяць ня толькі беларускія ўлады, але і само грамадзтва, пераважна праваслаўнае.

Польшча павінна зрабіць у Беларусі, а таксама ва Ўкраіне й Расеі (асабліва ў галіне эканомікі) нашмат больш, чым дагэтуль было зроблена. Відавочна, мы ня зможам канкураваць зь вялікім капіталам, і, вядома, расейскі або нямецкі капітал у Беларусі будзе дамінаваць. Расейскі –– дзякуючы традыцыйным эканамічным кантактам Расеі зь Беларусяй. Нямецкі –– дзякуючы большым інвэстыцыйным магчымасьцям і ўжо падрыхтаванай нямецкай стратэгіі інвэстыцыяў у Беларусі праз расейска-нямецкія акцыянэрныя таварыствы, у якіх ёсьць распрацаваны плян удзелу ў прыватызацыі розных прадпрыемстваў Беларусі. Польшча можа адыграць ролю ў іншай галіне — найперш у сфэры малога і сярэдняга бізнэсу. Наш найбольшы посьпех за час рэформаў, асабліва ў параўнаньні з Чэхіяй, — стварэньне моцнай сфэры малога і сярэдняга бізнэсу. І беручы пад увагу спэцыфіку Беларусі, дзе дагэтуль няма алігархаў накшталт тых, якія кіруюць расейскай і ўкраінскай эканомікай, можна было б бачыць пэрспэктыўнае поле дзеяньняў і разьвіцьця менавіта такога віду прадпрымальніцтва. Гэта магло б паўплываць на сацыяльную структуру Беларусі і прывесьці да фармаваньня сярэдняе клясы, здольнай стаць базай для дэмакратычных пераўтварэньняў. Беларусь –– малая краіна, і малыя дзеяньні маюць адносна вялікі ўплыў на агульную сытуацыю ў краіне.

 
   

Што да працы зь беларускім грамадзтвам, дык у доўгатэрміновай палітыкі такога кшталту павінны быць дзьве мэты.

Першая –– гэта прарыў культурнай, цывілізацыйнай і адміністрацыйнай ізаляцыі. Небясьпекі выявяцца тады, калі мы далучымся да Шэнгенскага пагадненьня. Увядзеньне візаў з часам можа абмежаваць трансгранічны рух. Гаспадарчыя зьмены ў Польшчы ідуць хуткімі тэмпамі, а ў Беларусі –– марудна, і гэтая цывілізацыйная прорва будзе паглыбляцца.

Другая мэта –– “суб’ектывацыя грамадзтва”. Немагчыма стварыць дэмакратычную сыстэму ў Беларусі (і ў Расеі, Украіне таксама) без удзелу грамадзтва, якое патрабавала б такой сыстэмы. Стварэньне моцнай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі –– адзіны шанец стварыць краіну, якая ня будзе баяцца Польшчы, будзе разумець працэсы, што адбываюцца ў нас, і будзе мець той самы кірунак разьвіцьця. Могуць быць некалькі крокаў у гэтай сфэры. Найперш гэта дзеяньні, накіраваныя на ўмацаваньне мясцовых супольнасьцяў і ўсялякіх сацыяльных групаў, якія спрыяюць самаарганізацыі грамадзтва, разьвіцьцё навуковых, моладзевых абменаў. Польская дзяржава пакуль не падтрымлівае такіх ініцыятываў, абмяжоўваючыся працай з польскай меншасьцю. Але такім шляхам можна было б адносна малым коштам стварыць значную прапольскую эліту, зацікаўленую ў рэформах.

Вельмі важнай падаецца мне і падтрымка беларускіх СМІ, рэкляма Польшчы, прадстаўленьне польскага досьведу эканамічных і палітычных рэформаў, іх пазытыўнага і нэгатыўнага досьведу, каб беларускія чыноўнікі ды грамадзтва ў цэлым не баяліся першага кроку да рэформаў. Інфармацыйная блякада і неразуменьне працэсаў, што адбываюцца ў Польшчы, –– сур’ёзны псыхалягічны бар’ер, адна з прычынаў кансэрвацыі цяперашняга стану ў Беларусі.

Нарэшце, прапаганда праз культуру. Прычым не такім шляхам, як гэта робіцца сёньня, — не празь фінансаваньне польскай меншасьці, а сучасным шляхам так званай “народнай дыпляматыі”.

На сёньня МЗС Польшчы ня мае пасьлядоўнай канцэпцыі супрацоўніцтва з польскімі няўрадавымі арганізацыямі, палі дзейнасьці якіх ахопліваюць і Беларусь. Гэта вялізны прабел польскай замежнай палітыкі. Увесь час яна абапіраецца на традыцыйны яшчэ з ХІХ стагодзьдзя прынцып вядзеньня дыпляматыі — на ўзроўні чыноўнікаў.

Адсутнасьць польскае канцэпцыі ўсходняй палітыкі Эўразьвязу і пасіўная пазыцыя польскай дзяржавы ў дачыненьні да краінаў Усходняй Эўропы непазьбежна вядуць да здачы Ўкраіны й Беларусі пад расейскі ўплыў. Абыякавасьць Польшчы да гэтых краінаў пры такім жа падыходзе з боку Літвы, Чэхіі і Славаччыны будзе азначаць сапраўдную ізаляцыю паміж дзьвюма часткамі Эўропы.

З польскай мовы пераклаў Антось Кузьміч

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (23) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/01/20