A R C H E П а ч а т а к № 3 (23) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32002
» да Зьместу «

 


Андрэй Хадановіч
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Андрэй Хадановіч

МАРЫЯ МАРТЫСЕВІЧ
Вокладка ARCHE 3-2002.

   Мінулыя нумары:

   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Марыя Мартысевіч
 
 
Сэнс беларускага нонсэнсу
 (лімерыкі А. Хадановіча)



І

Рызыкоўныя гоншчыкі з Ліды
выпрабоўвалі супербаліды…
Сёння кожны жыхар
хлопцаў ведае ў твар:
гераічныя ў іх інваліды!

Гэты і іншыя беларускія лімерыкі — дасціпныя вершы, вытрыманыя ў традыцыях англійскага класічнага абсурду, — з’явіліся ў друку прыкладна два гады таму і былі прыязна прынятыя чытачамі. Усцешыла перадусім тое, што такі спецыфічны жанр, як лімерык, вядомы раней расійскамоўным беларусам адно па дзіцячых вершах Самуіла Маршака ды расійскіх гумарыстычных часопісах, нарэшце паўстаў і ў нашай літаратуры. Прыйшліся яны даспадобы і з тае прычыны, што іх аўтар, паэт Андрэй Хадановіч, у кожным з іх згадаў які-небудзь беларускі горад ці мястэчка і паказаў жыхароў нашай з вамі краіны. Як адзначае сам Хадановіч, яму “падалося цікавым насяліць псеўдаанглійскім нонсэнсам беларускія гарады і вёсачкі, родныя, прыветныя, аддаючы даніну павагі вельмішаноўным землякам”.

Монастрафічнымі жанрамі, уласцівымі іншым літаратурам свету, нашыя паэты цікавіліся ўжо даўно. Беларускімі хайку, танка, рубаі ды іншай экзотыкай цяпер нікога не здзівіш, а вось згадкі пра беларускі лімерык я не знайшла нават у “Паэтычным слоўніку” Рагойшы, гэтым малітоўніку паэта-пачаткоўца. Цяпер у спадара Рагойшы з’явілася падстава ўключыць артыкул “Лімерык ” у новую рэдакцыю ягонага “Слоўніка”, балазе адгэтуль у яго не будзе нястачы ў ілюстрацыйным матэрыяле.

Іміграваўшы ў беларускую літаратуру, лімерык атрымаў у ёй іншы статус. Гэты жанр паўстаў у англійскай літаратуры ХІХ стагоддзя і быў, перадусім, прызначаны для дзяцей, хоць шанаваўся не толькі імі і разам з іншымі творамі іх “першаадкрывальніка” Эдварда Ліра і дзвюма кералаўскімі “Алісамі” быў вызначаны дарослымі аматарамі як класічны англійскі абсурд. А вось Хадановічавы лімерыкі нельга аднесці ні да дзіцячае, ні да абсурднае паэзіі. На маю думку, тут мае месца досыць заканамерная метамарфоза: у беларускім кантэксце і нонсэнс набывае сэнс. Даследчыкі адмаўляюць лімерыкам як жанру абсурду ў дыдактычнасці, дый сам аўтар беларускіх лімерыкаў ставіцца да іх хутчэй як да літаратурнага эксперыменту. Мне ж падаецца, што і яны не пазбягаюць адвечнага наканавання літаратуры — цешачы, навучаць. З аднаго боку, рэдактары “Нашай Нівы” змясцілі лімерыкі на апошняй старонцы, — там, дзе звычайна друкуюць сатырычныя замалёўкі з сучаснага жыцця. З іншага — у прадмове да “Лімерыкаў беларускіх” аўтар адсылае чытача да першакрыніцы — англійскіх лімерыкаў Ліра, абвяшчаючы працяг традыцыі ў беларускай літаратуры. (Кажучы пра гэта на адной з паэтычных вечарын, Хадановіч перайначыў расійскага класіка: “Я Лира посвятил народу своему”…)


(нар. 1982) — перакладніца паэзіі, эсэістка. Вучыцца ў БДУ і Беларускім Калегіюме. У “ARCHE” друкуецца ўпершыню.
   

ІІ

Класічны лімерык — гэта напісаная анапестам пяцірадковая страфа з рыфмоўкай aabba, дзе першы, другі і пяты радкі складаюцца з трох стопаў, а трэці і чацверты — з дзвюх. У першым радку паведамляецца, пра каго ідзе гаворка, у другім — пра недарэчнасць у выглядзе альбо паводзінах героя, а ў трох апошніх — пра нешта дзіўнае ці бязглуздае, што ён робіць:

У паненкі адной капялюшык
Брудны быў, бо прывабліваў птушак.
А яна: “Не пярэчу
Супраць гэтай малечы —
Хай сядае на мой капялюшык!”

Лімерык такога кшталту досыць тыповы для ліраўскай “Кнігі бязглуздзіцаў”, хаця больш вядомай і больш улюбёнай паслядоўнікамі Ліра сталася іншая форма, тая, у якой першай (і, адпаведна, пятай) рыфмай стаецца геаграфічная назва:

Быў дзядок у мястэчку Кілкені,
Ён ніколі не меў больш за пені;
Ды штодня да бабулі
Йшоў па мёд і цыбулі
Той капрызны дзядок у Кілкені.

(абодва лімерыкі прыводжу ва ўласным перакладзе — М. М.)

Андрэй Хадановіч абірае для сваіх лімерыкаў менавіта такі варыянт:

Рэстаранны музыка ў Вялейцы
Баха граў на электражалейцы.
А Яган Себасцьян
меў шыкоўны баян
і шабашыў на вузкакалейцы.

Як можна бачыць, у Хадановіча “развязка сюжэту” наступае ў пятым радку і таму з тапонімам рыфмуюцца два словы, а не адно (англійскія словы карацейшыя ад беларускіх, што спрыяе больш дынамічнаму “развіццю падзеяў” у англійскіх лімерыках).

Розняцца і прынцыпы падбору тапонімаў. У Ліра гэта маглі быць брытанскія гарады і мястэчкі (Кілкені — горад у Ірландыі), але часцей за ўсё ён сяліў сваіх герояў у экзатычныя для ангельцаў гарады і краіны. Да таго ж, у Ліра тапонім звычайна не нёс цяжару нейкага сэнсу і падбіраўся па рыфме. Хадановіч жа свядома абірае першай рыфмай беларускія паселішчы. Можна меркаваць, што такім чынам аўтар імкнецца не столькі надаць сваім лімерыкам вонкавы нацыянальны каларыт, колькі працягнуць тую традыцыю беларускай літаратуры, у якой горад — гэта пэўны сімвал, метафара дзяржавы.


 
   

ІІІ

Горад заўсёды быў сімвалам цэнтру, стрыжнем, які нітуе эпохі, воссю, вакол якой круціцца жыццё краю альбо краіны. Гарады ўспрымаліся як выспы, па якіх пазнаюць народ. Вось як вызначае сутнасць гораду Алесь Разанаў:

Горад… — бесперапыннае пераўтварэнне дольняга ў “горняе”, мінулага ў “градучае”, ён — іхнія народзіны, і таму ўсе позіркі скіроўваюцца да яго, і таму ўсе дарогі сыходзяцца ў ім, і таму ўсім крывічам і радзімічам ён, нібы ўзнагарода, родны і дарагі. (…) Да гораду горнуцца вёскі, лясы, пасады, палі, агароды, і ён з’ядноўвае іх у радзіму, а разнаістую грамаду — смердаў, рамеснікаў, гандляроў — гартуе ў народ.

Толькі наяўнасць у чалавека малой радзімы, месца ці, хутчэй, места, дарагога ягонаму сэрцу, робіць яго патрыётам краіны, у якой ён жыве. Канцэпт “гораду” як сродку барацьбы з “тутэйшасцю” нашыя асветнікі ўсвядомілі яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Прыгадайма, напрыклад, “мужыцкія псеўданімы” Кастуся Каліноўскага і Францішка Багушэвіча — Яська-гаспадар з-пад Вільні і Сымон Рэўка з-пад Барысава. Прыгадайма таксама прадмову Багушэвіча да яго зборніка “Дудка беларуская”. Вось якімі словамі яна заканчваецца: “Можа хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебску за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Менск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…” Панятак “Беларусь”, шмат для каго з адрасатаў Багушэвічавых вершаў няясны і абстрактны, тлумачыцца тут між іншага і праз пэўныя пункты на мапе і ў свядомасці.

У наш час, кім бы ні адчуваў сябе беларус — “тутэйшым” ці “савецкім чалавекам”, — горад ці мястэчка, у якім ці ля якога ён жыве, ён успрымае як нешта сваё, блізкае. Але часцей за ўсё ў яго ўяўленні паняцці “роднае места” і “родная краіна” ніяк не звязаныя. Мне падаецца, Хадановіч імкнецца ўзнавіць гэтую сувязь праз свае лімерыкі.


 
   

ІV

У беларускім лімерыку Хадановіча горад — гэта вузел, на якім трымаюцца ўсе пяць радкоў. Складанне лімерыка можна параўнаць з бурымэ, бо задача творцы — падабраць дзве рыфмы да назвы гораду. Варта ўзгадаць Добруш, Глуск, Чачэрск альбо Баранавічы з Асіповічамі, каб зразумець, што гэта не такая лёгкая справа. Да таго ж, рыфмы мусяць быць нечаканымі, бо на іх часта палягае досціп, які месціцца ў лімерыку, і ў той жа час вельмі дакладнымі, бо грувасткая форма замінае чытачу (а тым больш — слухачу) успрымаць змест. Трэба аддаць належнае: Хадановіч бездакорна “інструментуе” кожны вершык. А што да арыгінальнасці, то сустракаецца ў яго нават тройка каламбурных рыфмаў:

Абяцанкам палітыка з Горадні
не даюць болей веры ні горад, ні
сужаніца, ні дзеці.
Ой, што робіцца ў свеце!
Ой, відаць, пачынаюцца гора дні!

Лімерыкі Хадановіча ёсць беларускімі не толькі сваёй моваю і месцам падзеяў. У кожным пяцірадковым вершыку-аповедзе перад чытачом паўстаюць землякі. Шмат якія з вобразаў узятыя з беларускай сучаснасці альбо мінуўшчыны, далёкай і не вельмі. Ёсць тут, канечне ж, і “свядомыя” жыхары, з якіх аўтар, як і з іншых сваіх герояў, кпіць і іранізуе:

Патрыётка ад мужа з Драгічына
патрабуе праўдзівага вычыну:
“Страшна кінуць ва ўрад
самаробны снарад —
хоць прыбі да падлогі маснічыну!”

Але сустракаюцца й іншыя прадстаўнікі беларускага грамадства. Напрыклад, такая гістарычная асоба, як чарнасоценец з Доўску і яго больш сучасны паплечнік — РНЕшнік-суворавец (натуральна, з Кобрыня). З імі таксама адбываюцца розныя непрыемныя рэчы:

У сям’і чарнасоценца з Доўску
сын у сне гаварыў па-жыдоўску.
Бацька помсціць гатоў,
закрычэў: “Бі жыдоў!..”
А пасьля дараваў па-бацькоўску.

У лімерыках Хадановіча Беларусь паўстае краінай не толькі высока-:

Пачатковец-празаік з Нясвіжу
пенталогію склаў для прэстыжу.
Як назваць? “Пентагон”?
Можа, “Пентамерон”?
Перавагу аддаў “Пяцікніжжу”,

— але і шматкультурнай. Сярод герояў прысутны педантычны раскольнік з-пад Веткі, а дапаўняюць карціну местачковы габрэй і супярэчлівы (на першы погляд) вобраз беларускага мусульманіна:

Самы праведны рэзнік з Лагойску
стаў рабіць абсалютна па-гойску:
праз сваю дабрыню
забівае свінню,
бо сыны ва Ўкраіне, у войску.

Ісламіст-бээнэфавец з Іўя
кажа: “З ласкі Алаха адкрыў я
рэлігійны сакрэт:
пуп зямлі — мінарэт,
а навокал — свабодная Крыўя!”

Астатнія насельнікі беларускіх гарадоў і мястэчак у лімерыках вядуць актыўны лад жыцця, здзяйсняючы самыя розныя па ступені бязглуздасці ўчынкі. Асабліва “экстрэмальна” паводзяць сябе героі апошняга цыклу лімэрыкаў, якія Андрэй Хадановіч назваў “Цынічнымі”:

Тры сястры-камікадзэ з Расонаў
з даху скочылі без парасонаў.
Тры дурных галавы!..
Іх цяпер ад травы
аддзірае касільнік газонаў.

І, нарэшце, Хадановіч не быў бы Хадановічам, калі б у яго вершах, хай і такіх спецыфічных, не прысутнічалі “вандроўныя”, вечныя сюжэты літаратуры, якія мы пазнаём нават у зыначаным аўтарам выглядзе:

Сенбернар у папа з Маларыты
меў вялізарныя габарыты,
бачыў смачныя сны
пра кавалак мясны
й памятаў, дзе калега зарыты.


 
   

V

Вось жа, два гады таму лімерык увайшоў у беларускую літаратуру як новы, экзатычны жанр. Сёння, дзякуючы перадусім Андрэю Хадановічу, жанр гэты трывала атабарыўся на нашай культурнай прасторы. Я бачу гэтаму два пацверджанні. Па-першае, з’яўляюцца і іншыя складальнікі беларускіх лімерыкаў (напрыклад, Сяргей Балахонаў з ягонымі “Гомельскімі лімерыкамі”). Па-другое, цяпер мы маем поўны пераклад “Кнігі бязглуздзіцаў” Эдварда Ліра, зроблены Максімам Шчуром (прачытаць яго можна на сайце www.knihi.com). Чытачу засталося зусім няшмат: прызвычаіцца правільна ставіць націск у назве ірландскага порту, у якім пару стагоддзяў таму пачалі складаць жартаўлівыя песенькі з куплетамі ў пяць радкоў.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (23) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/01/20