A R C H E П а ч а т а к № 3 (23) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32002
» да Зьместу «

 


Андрэй Хадановіч
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Андрэй Хадановіч

КАНСТАНЦІН МІХЕЕЎ
Вокладка ARCHE 3-2002.

   Мінулыя нумары:

   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Канстанцін Міхееў
 
 
“Эўропа, разумееш?..”


Андрэй Хадановіч пачынаў пісаць па-расійску. У яго гэта выходзіла. Прычым добра. Настолькі, што па Менску ўжо бадзяюцца дзесятка паўтара эпігонаў, імкнучыся атрымаць спадчынныя правы на літаратурную ўласнасць, якая страціла свайго гаспадара пасля пераходу Андрэя на беларускую. Ну і д’ябал з імі. Няхай звіваюць свае немудрагелістыя вянкі іранічных санетаў і сплаўляюць на Купалле па Свіслачы — а раптам некалі даплывуць да сутокаў з буйнейшымі рэкамі?

Андрэй Хадановіч стаў пісаць па-беларуску. Дзесятка паўтара маладых беларускіх паэтаў усумніліся ў шчырасці гэтага пераходу і, агаломшаныя вострым моўным пурызмам невядомага ім паходжання, узяліся (ледзь не з рэктараманаскопамі) даследаваць тэзаўрус паэта наконт адпаведнасці сапраўднай беларускай мове, прынагодна збіраючы даведкі, а ці напраўду Андрэй чытаў Бертрана дэ Борна і Сэн-Жона Пэрса. Паклаўшы руку на сэрца, як гэта цяпер прынята рабіць, пацвярджаю: чытаў. Так і не ўклаўшы пальцаў у раны літаратурнага “перабежніка” і “двурушніка”, літаратары-пачаткоўцы супакоіліся і таксама паціху сталі наследаваць Андрэю. Суцяшае тое, што некаторыя з іх у выніку ўсё-такі даведаліся, хто такі Сэн-Жон Пэрс.

Думаецца, пераход цераз моўныя Альпы адбыўся не дарэмна. Шчасліва ўнікнуўшы долі магістра менскага аддзялення паўночна-заходняе філіі Ордэну Куртуазных Маньерыстаў, Андрэй унёс у беларускую літаратуру новы досвед рэфлексіі, іроніі і самаіроніі. Ствараць культуру і жыць у культуры — гэта дзве прынцыпова розныя рэчы, асабліва ў Беларусі. Атавістычныя хібы наіўнага народніцтва векавой даўніны да сёння заміналі нашым літаратарам звярнуць прасветленыя погляды на саміх сябе, на традыцыю — тую традыцыю, у якой яны рэальна існуюць, і тую, прыналежнасць да якой з гонарам маніфестуюць (“Еўропа, разумееш?! — Ніхт ферштэйн!”). Традыцыйны беларускі дыскурс у сваім імкненні да вытокаў падобны да аўстралійскага бумеранга, але адрозніваецца ад апошняга тым, што, вяртаючыся, б’е па лбе не толькі таго, хто яго запусціў, але і значную колькасць абсалютна нявінных людзей — ледзьве не кожнага чацвёртага.

Рахункі і каштоўнасці, сапраўдныя і ўяўныя, што бытуюць у культуры ці прыпісваюцца ёй, спраўджваюцца адно такім чынам, як гэта робіць Андрэй Хадановіч — іроніяй, самаіроніяй, здольнасць да якой у найвышэйшай ступені ўласцівая такім яго персанажам, як “гандлёвец, здраднік, хлус, інтэлігент” ды іншыя “жыды, касмапаліты, еўрапейцы”. Часам аднаго каламбуру досыць, каб выцягнуць з родных суглінкаў нейкі архетып, што пакутліва выспяваў у глыбінных пластах культуры — ад часоў Усяслава Чарадзея да эпохі аднайменнага напою.

Пакруціўшы ў руках сваю культуралагічную знаходку, нібы караняплод, папсаваны каларадскім жуком ды сістэмаю перакрыжаванага субсідавання, паэт здольны не толькі задацца пытаннем “З чаго пачынаецца Жодзіна?”, але і даць на яго разгорнуты, аргументаваны і паліткарэктны адказ. Пры такім падыходзе ажывае і сама мова, набываючы здольнасць спараджаць новыя стылістычныя і семантычныя адценні, якія не зводзяцца ні да грувасткай двухсэнсоўнасці газетных перадавіц, ні да наіўнага какецтва тэлевізійных бландзінак.

Апошнім часам лірыка Андрэя сталася больш жорсткаю, але і танчэйшаю. Банальна, аднак гэта прыкмета сталасці, упэўненасці ў сваім светаадчуванні, у сваім паэтычным інструментарыі, мудрасці, нарэшце: “Ты ведаеш, Платон мне камарад, ды ісціна ў глытку тваёй цыкуты”. Покуль паэт здольны не толькі не блытаць вышэйзгаданых субстанцыяў з іншымі моцнымі напоямі, але і разрозніваць іх між сабою, у ім жыве мова, на якой ён піша.

 

(нар. 1972) — паэт, перакладчык паэзіі, эсэіст, выкладчык літаратуры ў БДУ. Аўтар паэтычных кніг “Гиперборея”, “Стихи Мнемозине”. У “ARCHE” друкуецца ўпершыню.
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (23) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/01/20