A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (23) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Уладзімер Арлоў |
Сяргей Дубавец
|
Сяргей Ёрш
|
* * * Валер Булгакаў, галоўны рэдактар часопісу ARCHE, дэманструе сваё дылетанцтва ў друкарскай справе: ён ня можа адрозьніць брашураў, якія выраблены ў друкарні, на рызографе і на “офіснай друкарцы”. А разгляданыя ім дзьве брашуры “Голасу Краю” выйшлі якраз у легальных друкарнях, хоць і неафіцыйна. Булгакаў закідае гэтай друкаванай прадукцыі “дылетанцтва і аматаршчыну”. Вядома, супрацоўнікам незарэгістраванага выдавецтва яшчэ не стае досьведу і ведаў, але гэта справа часу (напрыклад, у верасьні 2002-га ў выдавецтве выйшла грунтоўнае дасьледаваньне маладога гісторыка Алеся Гелагаева “Беларускія нацыянальныя вайсковыя фармацыі ў часе другое сусьветнае вайны”). Галоўнае, што гэтыя маладыя людзі шчыра вераць у свае ідэалы, умеюць арганізаваць працу (ад падрыхтоўкі выданьня да яго рэалізацыі), імкнуцца да яе прафэсіяналізацыі. Дык мо ўсё ж вітаць трэба зьяўленьне новага незалежнага выдавецтва? * * * Гаворачы пра нібыта “сьвядомае перакручваньне і фальшаваньне гістарычных фактаў” у брашуры, прысьвечанай У. Родзьку, Булгакаў не абцяжарвае сябе прывядзеньнем канкрэтных прыкладаў. Затое дапускае памылкі пры цытаваньні названай брашуры. Так, Булгакаў піша: “Пасьля акупацыі Нямеччынай Беларусі [Родзька] працуе бургамістрам Віцебску, у мэтах, як піша Ёрш, “беларусізацыі гораду... супрацоўнічае з абвэрам (нямецкай вайсковай выведкай і контравыведкай)”. Насамрэч у арыгінале чытаем: “На Беларусі Родзька… стварае падпольныя групы, вядзе працу па структурным афармленьні БНП. Для прыкрыцьця падпольнай працы ён працуе бурмістрам Віцебску, праводзіць беларусізацыю гораду. У гэтых жа мэтах Родзька супрацоўнічае з абвэрам (нямецкай вайсковай выведкай і контравыведкай)”. Розьніца відавочная. Пайшоў Родзька на супрацу з абвэрам альбо на працу бургамістрам не для таго, каб беларусізаваць Віцебск. Яго паслала туды нацыянальнае падпольле для прыкрыцьця падпольных структураў. І такія недарэчнасьці з цытатамі ў Булгакава здараюцца неаднойчы. Ён піша, што “аўтар сьвядома адмаўляецца ад навуковай мэтадалёгіі, кладучы ў аснову свайго нарысу не гістарычныя факты, а вусныя аповеды неназваных наратараў”. Насамрэч брашура грунтуецца ня толькі на ўспамінах удзельнікаў тых падзеяў (аўтары ўспамінаў называюцца, за выключэньнем аднаго), але й на архіўных матэрыялах, якіх Булгакаў адмыслова не заўважыў — яны ня ўпісваліся ў ягоную канцэпцыю. Сама ж брашура меркавалася не як навуковая праца, а як невялікі зборнік дакумэнтаў і ўспамінаў пра адну асобу беларускага нацыяналістычнага руху. Чытач, азнаёміўшыся з дакумэнтальнымі матэрыяламі, мог зрабіць для сябе выснову, хто ж такі быў Родзька, не абавязкова згаджаючыся з пазыцыяй аўтара, выкладзенай у першай частцы брашуры. * * * Падымае В. Булгакаў і пытаньне тэрміналёгіі. На ягоную думку, тэрмін “бальшавіцкія акупанты” пазычаны “зь беларускіх калябарацыйных выданьняў часоў апошняй вайны”. Бярэ ён пад сумнеў і тэзыс Дубаўца, што “калі прызнаём францускую або нямецкую акупацыю Беларусі, трэба прызнаваць і расійскую”. У адрозьненьне ад прыбалтыйскіх вызвольных рухаў, якія пры канцы 1980-х гадоў паднялі сьцяг змаганьня супраць савецкай акупацыі, беларускі нацыянальны рух змагаўся толькі супраць камуністычнага рэжыму ў Менску. Тэзыс пра “расейскі імпэрыялізм” будзе агучаны Пазьняком толькі ў пачатку 1994-га. Але й дагэтуль нацыянальны рух і ягоныя лідэры ня выпрацавалі цьвёрдай пазыцыі што да ацэнкі часу савецкага панаваньня ў Беларусі. Вось і Дубавец піша: “трэба прызнаваць”, што была савецкая акупацыя. Дагэтуль не прызналі. Цяпер ужо кажуць — “расейская акупацыя”. * * * В. Булгакаў згадвае “пра анэкдатычную падрыхтоўку антынямецкага паўстаньня Родзькам у чэрвені 1944-га з мэтай абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі”. Пакінем гэтую характарыстыку на сумленьні аўтара. Падрыхтоўка вясной — летам 1944-га антынямецкага паўстаньня ў Менску Беларускай незалежніцкай партыяй — факт пакуль малавядомы і камусьці можа падасца выдумкай эмігрантаў, якія хацелі апраўдаць сваю дзейнасьць (альбо бязьдзейнасьць) падчас нямецкай акупацыі. Насамрэч факт гэты праўдзівы, пацьвярджаецца дакумэнтальна дзеячамі БНП, арыштаванымі савецкай дзяржбясьпекай. Пакуль гэтыя матэрыялы, якія захоўваюцца ў архіве КДБ Беларусі, не надрукаваныя, спашлёмся на іншыя, ужо выдадзеныя крыніцы. Пра падрыхтоўку да паўстаньня, якое задумаў Родзька, сьведчыць сябра ЦК БНП Барыс Рагуля, які цяпер жыве ў Канадзе. Калі Булгакаў мае недавер да маіх публікацыяў, дык спашлюся на чужы артыкул — “Сем капеек за кулю” (“Наша Ніва” ад 30 чэрвеня 1997 г.). Калі б Булгакаў лічыў Рагулю выдумляльнікам, то наўрад ці друкаваў бы пра яго кнігу, што напісаў Лявон Юрэвіч (Жыцьцё пад агнём. Менск: Бібліятэка часопісу ARCHE. 1999.). Сьведчаць пра падрыхтоўку да паўстаньня Ўладзіслаў Рыжы-Рыскі, Язэп Сажыч, Віктар Сікора, напісалі ўспаміны сьв. пам. Міхась Зуй і Сяргей Кажан ды інш. Уладзіслаў Рыжы-Рыскі пісаў на эміграцыі: “Падчас [Другога Ўсебеларускага] Кангрэсу існавалі, як ведама, дзьве тэндэнцыі: афіцыяльная — БЦР і нелегальная — БНП. Беларуская Цэнтральная Рада імкнулася правесьці Кангрэс бяз збройнага канфлікту зь немцамі. БНП-ж мела намер надаць Кангрэсу рэвалюцыйны характар у адносінах да немцаў. Я, як сябра БНП, быў староньнікам другой формы, аднак сёньня, гледзячы на мінулае з далейшай пэрспэктывы, мушу прызнаць, што першы мэтад быў безумоўна адзіным слушным і практычным, бо-ж ашчадзіў нам шмат патрэбных патрыятычных сілаў, якія напэўна былі-б зьнішчаны ў выпадку магчымага канфлікту зь немцамі” (Незалежная Беларусь (Заходняя Нямеччына). 1953. № 5 (11), чэрвень.). Сапраўды, ідэя антынямецкага паўстаньня ў Менску належала патрыятычнай моладзі (кіраўніку БНП Усеваладу Родзьку было тады толькі 24 гады), якая рвалася да барацьбы, на барыкады (многія старэйшыя беларускія дзеячы ўжо думалі пра эміграцыю ды сядзелі на валізах). Аднак гэта не была проста ідэя — існаваў распрацаваны плян, з красавіка 1944 году ішла падрыхтоўка. Калі б удалося сьцягнуць у Менск усе баёўкі БНП і некаторыя аддзелы БКА, ачольваныя сябрамі гэтай партыі, то ў паўстаньні ўзялі б удзел некалькі тысяч узброеных чалавек. Гэта мусіла быць найперш прапагандысцкая акцыя: праз захопленыя радыёстанцыі была б перададзеная вестка пра аднаўленьне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, пасьля чаго паўстанцы мусілі пакінуць горад, сысьці ў лес альбо загінулі б у баях (сілы былі няроўныя). Аднак 23 чэрвеня 1944 году пачалася апэрацыя “Багратыён” і савецкія войскі імкліва набліжаліся да Менску. На нарадзе ЦК БНП была прынятая прапанова старэйшых: паўстаньне супраць немцаў дзеля прапагандысцкіх мэтаў не падымаць, каб захаваць свае нешматлікія кадры для антыбальшавіцкай барацьбы. Гэтую прапанову прынялі й маладыя. Антынямецкага паўстаньня не адбылося. Варшаўскае паўстаньне, якое пачалося празь месяц, таксама было асуджанае на паразу. Але ж яно адбылося, і яго не маглі замоўчваць савецкія прапагандысты. Кіруючыся лёгікай Булгакава, можна назваць “анэкдатычным” абвяшчэньне Радай БНР 25 сакавіка 1918 году дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Тады група беларускіх дзеячоў зьдзейсьніла гэты акт, ня маючы вялікай падтрымкі ў грамадзтве і амаль ніякай мілітарнай сілы, ды яшчэ пад нямецкай акупацыяй. Аднак жа сьвяткуем гэты дзень, шануем аўтараў Акту 25 Сакавіка, адзначаем іх сьмеласьць. Дык ня будзем зьдзекавацца зь беларускіх патрыётаў, якія хацелі паўтарыць гэты ўчынак, але не змаглі. Многія зь іх пасьля заплацілі жыцьцём за свой патрыятызм, загінуўшы ад рук немцаў і бальшавікоў. * * * Думаю, чытач сам разьбярэцца, хто ліе ваду на лукашэнкаўскі млын: той, хто прапагандуе гісторыю беларускага нацыянальнага антыфашыстоўскага Супраціву, ці той, хто аблівае яго брудам.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (23) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |