A R C H E П а ч а т а к № 3 (23) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32002
» да Зьместу «

 


Андрэй Хадановіч
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


крытыка

АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ
Вокладка ARCHE 3-2002.

   Мінулыя нумары:

   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Анатоль Сідарэвіч
 
 
Вечна жывы Купала
 Янка Купала. Выбраныя творы.
— Менск: Беларускі кнігазбор, 2002.



Дзіўная рэч: сёлета, калі адзначаецца 120-годзьдзе Янкі Купалы (не юбілей; юбілей усё-такі 125-я ўгодкі), ніводнае дзяржаўнае выдавецтва ня выпусьціла хоць якога зборніка выбраных твораў паэта. На паліцах кнігарняў я бачыў толькі кнігу санэтаў разам зь іх перакладамі. Наша родная дзяржава занятая больш важнымі справамі: ператварэньнем літаратурна-мастацкіх часопісаў у чатыры новыя “Политические собеседники” (меў рацыю Валянцін Блакіт, калі казаў, што дзеля гэтага й ствараецца холдынг Касьцяна), ліквідацыяй выдавецтва “Юнацтва”, скарачэньнем штату ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” — карацей, разбурэньнем даробку ўсіх паваенных гадоў.

Між тым, кнігі клясыкаў павінны быць на паліцах кнігарняў. Зайдзіце, да прыкладу, у якую варшаўскую кнігарню. Вы абавязкова ўбачыце тамы й томікі Міцкевіча, Славацкага, Норвіда, Жаромскага, Пруса, Рэйманта, Сянкевіча, Мілаша ў мяккіх вокладках — недарагія. Паляк, асабліва ж госьць, турыст заўсёды павінен мець мажлівасьць купіць тое, што ёсьць нацыянальнай каштоўнасьцю і як найлепш прэзэнтуе Польшчу.

На сёньня мы маем тое, што маем: адзіная кніга выбраных твораў Янкі Купалы выйшла ў недзяржаўным “Беларускім кнігазборы”. Том даволі ёмісты: 31 улікова-выдавецкі аркуш. Укладальнікі Ўладзімер Гніламёдаў і Алеся Шамякіна імкнуліся прадставіць у зборніку вершы, паэмы, драматургію, публіцыстыку і эпісталярную спадчыну песьняра.

Ці мусіла кніга быць гэткай ёмістай? Ці прэзэнтаваны ў ёй Купала як вялікі паэт? Перш чым адказаць на гэтыя пытаньні, невялікае адступленьне.

Летась у часопісе “Тэрмапілы” акадэмік Радзім Гарэцкі пісаў, як падчас стварэньня беларускае Акадэміі навук Янка Купала ды Цішка Гартны выступілі супраць уключэньня ў яе склад аўтара клясычнае “Гісторыі беларускае літаратуры” Максіма Гарэцкага. Акадэмік патлумачыў гэткую непрыхільнасьць да ягонага дзядзькі тым, што той аднаго разу не сустрэў Купалы з Гартным на станцыі Пагодзіна ды асабіста не завёз іх у Горкі, дзе мелася адбыцца сустрэча менскіх гасьцей з выкладчыкамі й студэнтамі тамтэйшай сельскагаспадарчай вучэльні. Мабыць, М. Гарэцкі быў у той самы час на лекцыі ці сэмінары, і таму на станцыю прыехаў Юрка Гаўрук. Менскія госьці абразіліся, у Горкі не паехалі, а тысяча студэнтаў і выкладчыкаў марна чакалі іх у прызначаны час.

(нар. 1948) — філёзаф, літаратуразнаўца. Сталы аўтар “ARCHE”. Апошняя публікацыя ў часопісе — артыкул “Да гішпанскага сябра. Лісты пра мэтад і гонар” (ARCHE, №4-2001).
   

Такая была вэрсія акадэміка Гарэцкага. Прачытаўшы ягоны артыкул у “Тэрмапілах”, я паспрабаваў даць сваё тлумачэньне, чаму Купала й Гартны выступілі супраць кандыдатуры М. Гарэцкага. Ведама, выпадак на станцыі таксама адыграў сваю ролю, але трэба й “Гісторыю беларускае літаратуры” разгарнуць ды паглядзець, што Гарэцкі пісаў пра Гартнага й Купалу. Для вывучэньня пытаньня найбольш прыдатныя трэцяе (Вільня, 1924) і чацьвертае (Менск, 1926) выданьні. Дык вось, у трэцім выданьні аўтар пашкадаваў для Гартнага асобнага параграфу: падвярстаў яго разам зь іншымі — і не на першым месцы — у разьдзельчык “Матар’ял аб творчасьці яшчэ некаторых нашаніўскіх і сучасных паэтаў і пісьменьнікаў”. У чацьвертым жа выданьні Гартны разам з Алесем Гурлом, Янкам Журбой, Міхайлам Грамыкам, Янкам Нёманскім, а таксама Міхасём Чаротам ды іншымі маладнякоўцамі падвярстаны ў параграфе “Пасьлякастрычнікавы пэрыяд”.

Ня мог не пакрыўдаваць на Гарэцкага й Купала. Узяць хоць бы тое, што ў трэцім выданьні “Гісторыі...” параграф пра яго –– пасьля параграфу пра Коласа. Вартае ўвагі і тое, што піша Гарэцкі пра лірыку паэта: “Лірычных вершаў у Купалы дужа многа (што шкодзіць іх мастацкай вартасьці)”. Цікава таксама параўнаць, што піша М. Гарэцкі ў чацьвертым выданьні пра Максіма Багдановіча й Купалу. А ён адзначае высокую паэтычнасьць твораў Багдановіча ды наяўнасьць філязофскай думкі ці ня ў кожным зь іх. “Творчасьць яго — праца мысьленьніка, апранутая прыгожай слоўнай шатай. Мысьлячы, ён усюды шукае красу, хараство, гармонію. Красу ён чуе сваёй прыродаю і цэніць сваім разьвітым розумам”. Пішучы ж пра Купалу, ён ізноў адзначае, што ў паэта дужа многа лірычных вершаў, але здымае заўвагу пра тое, што гэта шкодзіць іх мастацкай вартасьці (Купала — ужо “народны паэт БССР”, і ягоныя творы па-за эстэтычнай крытыкай). Адзначаючы магутны талент Купалы, М. Гарэцкі ўсё ж ня мог стрымацца, каб не напісаць: “Вершы пачатковай пары яго творчасьці, пэўна ж — слабейшыя па форме, затое сярод пазьнейшых вершаў ёсьць вельмі мастацкія”. А ёсьць і ня вельмі мастацкія — можам зрабіць мы выснову. Дык вось, калі паўстала пытаньне, быць ці ня быць М. Гарэцкаму акадэмікам, Купала мог прыгадаць, штó той пісаў пра ягоны творчы даробак. Ведама, і выпадак на станцыі Пагодзіна не забыўся.

Дастакова высока ацэньваючы сябе (а ён саманазваўся ўладаром беларускае песьні), паэт добра памятаў, як “крыўдзілі” яго крытыкі. Так, пішучы пасьля трохгадовага маўчаньня санэт “Для Бацькаўшчыны” (восень 1918), Купала перш-наперш пытае, як прымуць ягонае граньне на жалейцы “сваякі-суседзі”: “Ці блаславяць, ці ўтопчуць гідка ў гаць?” Здаецца, і ня ўтоптваў ніхто ніколі ягонай песьні, была пара-другая ўшчуваньняў ад Сяргея Палуяна ды таго ж Багдановіча, а вось, бач ты, запомніліся яны Купалу як зьнявага...

 
   

Акадэмік Гарэцкі расказаў мне, што пасьля таго горацкага эксцэсу М. Гарэцкі ўзяў ды выразаў з Купалавых кнігаў, што меліся ў яго, дэдыкацыі, пісаныя рукою паэта, і адправіў іх па пошце аўтару.

Што Купала — паэт вельмі няроўны, што высокія ўзьлёты майстэрства й думкі спалучаюцца ў яго з творчымі праваламі — ведае кожны, хто чытаў ягоныя творы ўзапар. Мусіць, таму й хадзіла ў народзе эпіграмка: “Янка Купала піша як папала” (Якуб Колас, паводле іншае эпіграмкі, “піша ўголас”). Неахвоту ж да чытаньня Купалы выхоўвала савецкая школа, бо ў чытанках друкаваліся ня самыя лепшыя з паэтычнага пункту гледжаньня і ня самыя шчырыя паэтавы творы. Сядзіць сялянскі сын ды чытае вершык: “Я — калгасьніца // Маладая, // Жыву весела, // Ані дбаю”. Бацька, які рапаруе хамут і слухае, пытаецца ў сына: “Хто гэто напісаў?” — “Купала”. — “Мантун твой Купала”. (“Мантун” у нас, у Задуб’і Ганцавіцкага раёну, — хлус). Мы й самі, жывучы ў вёсцы з пустапарожнімі працаднямі, адчувалі ніякаватасьць за народнага песьняра, калі чыталі пра тое, як “На нашым полі, // Полі калгасным, // Дзянькі праходзяць // Весела, ясна”. Мая цётка Прося сваю працу на калгасным полі ўголас параўноўвала з паншчынай і казала, што пры Польшчы ў суседняй Плотніцы (Пінскі раён) парабкі пана Завадзкага жылі лепш за калгасьнікаў. Гэта западала ў памяць, каб застацца ў ёй назаўсёды.

Запаўняючы школьныя чытанкі вершамі такога кшталту, бальшавікі правакавалі недавер ня толькі да Купалы — да ўсіх беларускіх пісьменьнікаў. (Тут дарэчы будзе сказаць, што і аўтарытэт настаўнікаў у вёсцы падаў у першую чаргу праз тое, што яны хлусілі дзецям і бацьком ды прапагандавалі атэізм.)

Праблема ідэалягізацыі Купалавай творчасьці адчувалася ўжо на пачатку 30-х гадоў. Каб апраўдаць паэта ў вачах беларускага чытача, у Заходняй Беларусі другі раз выдалі зборнік “Шляхам жыцьця” (1935; першы раз — у 1923 годзе), дзеля таго ж з адмысловымі публікацыямі выступалі Антон Луцкевіч ды іншыя крытыкі. Яны стваралі вобраз Купалы — пакутніка ад бальшавікоў. Гэта сталася магчымым, бо ў Заходняй ня ведалі абставінаў спробы Купалы забіць сябе. Дастаткова прачытаць артыкул А. Навіны (псэўданім А. Луцкевіча — рэд.) “Ян Луцэвіч — Янка Купала (1882 — 25.VI. — 1932)” у “Беларускім звоне” ад 30 ліпеня 1932 году, каб пераканацца ў гэтым:

І вось пачаўся чыста інквізытарскі націск на Купалу, каб ён “пакаяўся” ў сваіх “нацыянальных грахох” і адрокся ад сваей нацыянальнай ідэалёгіі. Купала мужна адбіваў гэты націск, але ўрэшце, бачачы, як паддаюцца вонкавай сіле другія, паддаўся ёй і ён — апошні. Купала падпісаў сваё “пакаяньне” адначасна з праф. Ігнатоўскім, трымаўшымся таксама дастойна да канца. Але тады ГПУ і зрабіла ім абодвум сьмяротны ўдар: на падставе “дабравольнага прызнаньня” ў “процісавецкіх грахох” абодва былі абвешчаны “грамадзкімі шкоднікамі”, арыштаваны і пасаджаны за краты. Вось тады і выявілася духовая веліч гэтых стойкіх барцоў за беларускую Ідэю: у знак пратэсту проці фізычнага і маральнага гвалту, фізычных і маральных зьдзекаў над імі з боку абнаглеўшых маскоўскіх чырвоных нацыяналістаў, Купала і Ігнатоўскі налажылі на сябе рукі. Ігнатоўскі памёр у вастрозе; Купалу адратавалі, і цяпер ён жыве — на волі.

Апошнім актам Купала сьцьвярдзіў сваю духовую веліч ня толькі як паэта, але і як грамадзянін. Як раней у паэзіі, так цяпер у грамадзкім жыцьці, выявіў сябе ў ім Князь-Дух. Счэзла колішняя разбежнасьць між Янам Луцэвічам і Янкай Купалай: Купала — перамог.

Гэткая ж вэрсія самазабойства У. Ігнатоўскага і замаху на суіцыд Я. Купалы выкладзена А. Навіной і ў артыкуле “Крытычныя моманты ў жыцьці Купалы і Коласа — паводле іх твораў” (часопіс “Novaja Varta”, 1934, № 3). Пасьля словаў, што Купала быў адратаваны, крытык піша:

Купала астаўся далей жыць. Але якое гэтае жыцьцё, пры панаваньні таго ж процібеларускага курсу, каторы загнаў лепшых сыноў беларускага народу ў пятлю, а ў мінулым годзе прынёс Маскве новую гэкатомбу з паўцякаўшых з Польшчы ў Менск “грамадаўцаў” і “змаганцаў”. Дык ня дзіва, што тая “іскра Божая”, якая так цудоўна зьзяла ў душы Паэты, тухне з дня на дзень, і Купала ўжо нічога новага ня творыць. Ён замоўк, бо таго, што крыецца ў глыбіні ягонае душы, у Саветах голасна гаварыць нельга, а “казённым” пяўцом Паэта стацца ня хоча й ня можа.

 
   

Як бачым, у абодвух выпадках Луцкевіч ідэалізуе Купалу. Аднак сам Купала выбіваў козыры з рук ягоных заходнебеларускіх прыхільнікаў і спачувальнікаў: ён стаў-такі “казённым” песьняром. (Так, ён не любіў Сталіна й ягоных парадкаў, пра гэта сьведчыў Броўка, але ж і маўчаў пра тое, зацята маўчаў, нават гуляючы ў лесе, маўчаў гадзінамі, як сьведчыў літфондаўскі лекар Якаў Нэйфах.) Па-другое, сам Купала напаў на свайго адваката й прапагандыста. Беларускі савецкі друк зрабіў Луцкевіча галоўным аб’ектам атак, яму падпявалі заходнебеларускія камуністы. Асаблівы гнеў выклікала лекцыя “Янка Купала як прарок адраджэньня”, чытаная ўвесну 1932 году ў Вiльнi, Рызе i Дзьвiнску, апублікаваная ў жніўні і верасьні ў “Беларускім звоне”, а не пазьней як 23 верасьня выдадзеная (за грошы аўтара!) асобнаю брашураю. Гнеў выклікала і непрыняцьце Заходняю Беларусяй рэформы правапісу ў 1933 годзе. У той год, як Луцкевіч друкаваў сваю працу пра Купалу й Коласа ў “Novaj Varcie”, пясьняр публічна клеймаваў яго, ксяндза Станкевіча ды іншых “паслугачоў польска-нямецкага фашызму ў Заходняй Беларусі” ў артыкуле “Што было сном, тое стала явай” 1. А праз тры гады ў артыкуле “Ўспаміны” ён назваў братоў Луцкевічаў “бандаю” ды параўнаў іх з царскімі цэнзарамі 2.

І ўсё ж зробленае заходнебеларускімі крытыкамі ня страціла свайго значэньня. Луцкевічава характарыстыка Купалы як прарока адраджэньня атрымала статус неаспрэчнае ісьціны і для нацыяналіста Станіслава Станкевіча, які не любіў марксіста Антона Луцкевіча, і для пакручастага лёсу крытыка Антона Адамовіча, якому былі ўласьцівыя антымарксісцкія настроі 3. Гэтая ж характарыстыка сталася й крытэрам сэлекцыі Купалавых твораў для зборнікаў выбраных твораў. Менавіта эмігранты перанялі эстафэту ў заходнебеларускіх дасьледчыкаў Купалы. Яны выкарысталі таксама “палымянскія” Купалавы творы з архіву Браніслава Эпімаха-Шыпілы, апублікаваныя ў 1929—1930 гадах. Вынікам іхняе працы стаўся “выбар паэзіі” Янкі Купалы “Спадчына”, які выйшаў у 1955 годзе пад шыльдаю Беларускага інстытуту навукі й мастацтва. “Выбар” гэты ўключаў інфармацыйную зацемку пра Купалу ў ангельскай, нямецкай, францускай ды гішпанскай мовах, уводнае слова ад БІНіМу, артыкул Ст. Станкевіча, бібліяграфію ды, ведама ж, паэтычныя творы паэта, што друкаваліся ў ягоных арыгінальных зборніках (“Безназоўным” закончыўшы), шостым томе Збору твораў (1932) ды іншых выданьнях.

Паводле маіх падлікаў, зробленых на падставе Поўнага збору твораў, Купала напісаў 895 паэтычных твораў: 867 вершаў, баек, эпіграмаў, шарадаў, у тым ліку твораў, уключаных у цыклы, 24 паэмы 4 і 4 драматычныя паэмы. У “Спадчыне” зьмешчана 300 паэтычных твораў Купалы: 286 вершаў, 11 паэмаў і 3 драматычныя паэмы. У кнігазбораўскім томе налічваецца 290 паэтычных твораў Купалы: 285 вершаў, 4 паэмы (тры цалкам і адна — “Безназоўнае” — часткова) і 1 драматычная паэма. Супастаўляючы “Спадчыну” 1955 году і новы зборнік выбраных твораў, адзначым, што БІНіМ групаваў вершы ў 10 разьдзелаў, назвы якіх часткова супадаюць з назвамі разьдзелаў у зборніку “Шляхам жыцьця”, а “Кнігазбор” падаў іх у адным разьдзеле і ў храналягічным парадку.

На жаль, выбіраючы творы для “Спадчыны” і для кнігазбораўскага тому, укладальнікі абедзьвюх кнігаў менш дбалі пра эстэтычныя крытэры сэлекцыі.

Прыкладам, Купалу не ўдаваліся вершы, прымеркаваныя да датаў. Узяць “Памяці Шаўчэнкі (25 лютага 1909 году)” — цяпер такі вершык не пусьціў бы ў друк ніводзін рэдактар, які мае эстэтычны густ. Не нашмат лепшыя й “Памяці Шаўчэнкі”, напісаны ў тым самым годзе з тае самае нагоды, “Памяці Мар’і Канапніцкай” і “Памяці Вінцука Марцінкевіча”, а таксама “Лірнік вясковы” з прысьвячэньнем “Памяці Ул. Сыракомлі”. А пра верш “Сьветлай памяці Ўладзіслава Эпімах-Шыпілы” можна сказаць, што сваімі мастацкімі якасьцямі ён не перасягае празаічнага нэкралёгу, пісанага рукою таго ж аўтара. Калі браць творы, у загалоўках якіх прысутнічае слова “памяці”, дык да творчых удачаў можна аднесьці адзін толькі верш “Памяці Сяргея Палуяна”. Ужо першыя радкі хапаюць за жывое:

Куды ідзём?.. куды пракляцьце нас вядзе?
Якія далі здабываем?
Дзе гарт, надзея, вера ў будучыню — дзе?
Чым сэрцы, думы акрыляем?

Магчыма, некаторыя далейшыя радкі трэ было б адрэдагаваць, пэўныя — скасаваць, але відаць, што верш гэты напісаны ўражаным чалавекам, якога ўсхвалявала сьмерць на восем гадоў маладзейшага за яго С. Палуяна.

Пазбаўленыя ўласна эстэтычнага зьместу вершы, прысьвечаныя калегам па цэху: “Аўтарцы “Скрыпкі беларускай” і “За пасьвяшчэньне, вершык харошы...”. Тое ж можна сказаць і пра верш “Прафэсару Б. Эпімах-Шыпілу з Новым 1910 годам”. Апісальным можна назваць верш “Ігнату Буйніцкаму”. Зноў-такі, калі падыходзіць да твораў не з гістарычна-літаратурнага гледзішча, а з эстэтычнага, дык ніякага эстэтычнага зьместу не нясуць таксама вершы “Нашай Долі” й “Беларускай выдавецкай суполцы “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Іх нельга параўнаць зь вершам “Нашай Ніве”, які стаўся песьняю “Не загаснуць зоркі ў небе...”. З прысьвечаных угодкам “Нашай Нівы” нельга не згадаць і верша “Роднае слова” (1910), які істотна прайграе хрэстаматыйнаму “Роднаму слову” 1908 году (“Магутнае слова, ты, роднае слова!”). Але ўкладальнікі зьмясьцілі іх у адным томе выбраных твораў...

У савецкія часы была мода сьвяткаваць кожнае пяцігодзьдзе жыцьця ці дзейнасьці прыкметных дзеячоў (відаць, было нейкае прадчуваньне іх кароткага жыцьця, гвалтоўных сьмерцяў, будучай няславы) і кожныя ўгодкі “рэвалюцыйных датаў”. І Купала стаў пісаць панэгірыкі. У кнізе выбранага яны глядзяцца недарэчна. Такі твор, як “Цішку Гартнаму”, мог пацешыць самалюбства гэтага ня самага таленавітага сярод нашаніўскіх паэтаў, мог аздобіць ягоны альбом, але ніяк не належыць да найлепшых у Купалавым даробку. Нельга назваць творчаю ўдачаю і верш “Наш летапісец”, прысьвечаны У. Ігнатоўскаму. Толькі гістарычна-літаратурную цікавасьць выклікае “Летапіснае”, прысьвечанае 10-м угодкам БССР. І нават самапрысьвячэньне “Шляхам гадоў”, якое Купала напісаў да 20-х угодкаў свае творчае дзейнасьці, можна ахарактарызаваць словам “юбілейшчына”.







1 Раю параўнаць рэдакцыю гэтага артыкулу ў 8-м томе Поўнага збору твораў Купалы і ў зборніку “Пісьменнікі БССР аб рэформе правапіса беларускай мовы” (Менск, 1934). Спадзяюся, што неўзабаве будзе апублікаваная гісторыя гэтага ды некаторых іншых тэкстаў Купалы, зь якое чытач зразумее: Купала іх не пісаў, але падпісваў, правак у іх не рабіў, але й не выказваўся супраць.

2 Дзеля справядлівасьці зацемім, што за непрыняцьце наркамаўкі і Якуб Колас назваў Станкевіча, Луцкевіча й Астроўскага нацыянал-фашыстамі і ў дадатак паслугачамі фашызму (мусіць, польскага й нямецкага), а заходнебеларускія камуністы растыражавалі ягоныя выказваньні 5 красавіка 1934 году ў сваім двухтыднёвіку “На рубяжы” (што праўда, карыстаючыся для гэтага “тарашкевіцаю”).

3 Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, 2002. С. 21.




4 Усьлед за БІНіМаўцамі адношу да паэмаў “Забытую скрыпку”, “У Купальскую ноч”, “Чараўніка” ды “Паляўнічага й пару галубкоў”, а ня толькі тыя творы, што названы паэмамі ў Поўным зборы твораў.
   

З Купалавых вершаў, напісаных пасьля 1920 году, у кнігазбораўскім томе надрукавана трыццаць сем, у тым ліку з напісаных у 1930—42 гадах — адзінаццаць. Кідаецца ў вочы, што адсутнічаюць “На сьмерць Сьцяпана Булата” і “Голад”. Асабліва прыкрая адсутнасьць двух шэдэўраў, якія нарадзіліся ў апошні год перад усталяваньнем таталітарнае сыстэмы: на пачатку году — шэдэўр пралетарскае паэзіі “Дыктатура працы”, пры канцы яго — верш-разьвітаньне “Сыходзіш, вёска, зь яснай явы...”. У “Дыктатуры працы” вытрыманы і мэтар, і рытм, выдатны гукапіс, няма словаў неабавязковых, словаў са зьмененым націскам, устаўленых у радкі дзеля запаўненьня пустаты, дзеля таго самага мэтру і рытму. І гэта дасягаецца пры жорсткіх правілах гульні: кожны зь пяці катрэнаў заканчваецца словамі “дыктатура працы”, а другі радок кожнае страфы рыфмуецца з чацьвертым. Верш напісаны на адным дыханьні. Даволі складаная задача стаяла перад Купалам і ў вершы “Сыходзіш, вёска, зь яснай явы...”, які напісаны пяцістопным ямбам, пяцірадкоўямі з рыфмоўкай abaab. І ніхто не аспрэчыць, што паэт выдатна вырашыў гэтую задачу. Дарэчы, я лічу, што ідэнтычныя першы і шэсьцьдзесят другі радкі гэтага верша павінны друкавацца ў той рэдакцыі, у якой яны запісаныя ў аўтографе (гл.: Энцыкляпэдычны даведнік “Янка Купала”, с. 581). У гэтым аўтографе папраўлена адно-адзінае слова, а першы радок чытаецца гэтак: “Як сон і смутны і жаданы...” (а не “Як сон маркотны, нежаданы”, што тыражавалася ўва ўсіх савецкіх выданьнях).

Савецкія ідэолягі пераконвалі нас, што й пры таталітарызьме Купала ствараў выдатныя вершы. Так зьявіўся панятак “ляўкоўскі цыкл” (гэта 18 вершаў, напісаных у 1935 годзе). Вось і ў 2002 годзе нам прапанавалі 7 вершаў зь ляўкоўскага цыклу: “Сосны”, “Госьці”, “Вечарынка”, “Алеся”, “Хлопчык і лётчык”, “Лён”, “Шоў я пушчаю...”. Добра, што не ўключылі “Беларусі ардэнаноснай” ці “Маё мне сонца правадыр”. Цікава, якімі эстэтычнымі вартасьцямі вызначаецца верш “Вечарынка”, у якім рыфмуюцца даяркі і сьвінаркі? Мажліва, гэты верш друкуецца дзеля яго пазнавальных вартасьцяў: зь яго можна даведацца, што на калгасных вечарынках у 30-я пілі і жанкі, і мужчыны, што на вечарынку прыходзілі ня сьнедаўшы і, пэўна ж, не абедаўшы (“П’е суседка да суседа, // Хто ня сьнедаў, тут дасьнедаў”). Ну, чым не матэрыял для артыкулу ў духу д-ра Ст. Станкевіча “Крытыка Купалам бальшавіцкага ладу”? Верш “Хлопчык і лётчык” безь пяці крамлёўска-сталінскіх радкоў чытаецца, а вось кананічны тэкст можа служыць узорам хіба што сэрвільнае паэзіі. А верш “Госьці” ўжо ў сярэдзіне 1950-х можна было аднесьці да ўзораў лякіровачнага мастацтва.

 
   

Мінаю тут “страшылку” “Шоў я пушчаю...”, у якой, як пісаў Мікола Грынчык, “першыя 3 страфы асацыіруюцца са змрочнай рэчаіснасцю дакастр. часу, наступныя — з новай сацыяліст. явай” 5, мінаю “палітінфармацыйны” верш “Іспанія будзе свабоднай”, каб сказаць, што з прапанаваных укладальнікамі дзесяці вершаў 1930-х для зборніка выбраных твораў (твораў, у якіх арганічна спалучаецца эстэтычнае, грамадзянскае й агульналюдзкае) больш-менш падыходзяць “Сосны”, “Алеся” ды “Генацвале”.

У цэлым адбор вершаў для кнігі пазначаны савецкімі комплексамі. Але ж і ў савецкі час выйшаў быў адзін добры зборнік Купалавай паэзіі, укладальнік якога кіраваўся насамперш эстэтычным крытэрам. Дваццаць гадоў таму ў газэце “Літаратура і мастацтва” мелася рубрыка “Кнігапіс” (у ёй друкавалі здымкі кніг, а пад імі — анатацыі). Тады ж я хваліў у гэтай рубрыцы Алеся Разанава за тое, што ён пастараўся сабраць пад адною вокладкай найлепшыя з найлепшых дазволеных на той час цэнзураю паэтычных твораў Янкі Купалы. Гэты зборнік — “Выйдзі з сэрцам, як з паходняй!..” — выйшаў у сьвятое памяці выдавецтве “Юнацтва”. У той кніжцы было надрукавана 109 вершаў і 3 паэмы (“Курган”, “На Куцьцю” ды “Ў Купальскую ноч”, якую Інстытут літаратуры за паэму не ўважае). Ведама, можна было наракаць на паэта, што ў зборніку няма паэмы “Яна і я”, але больш важна адзначыць, што А. Разанаў зьмясьціў у ім толькі 14 вершаў, напісаных пасьля 1920 году, і зь іх толькі два –– напісаныя ў 30-я гады. (“Дзе крыўда адвечная сьпела”, а таксама “нэўтральную” “Алесю” з усяго “ляўкоўскага цыклу”). Як гэта ўдалося А. Разанаву (Брэжнеў яшчэ жывы, Савелі Паўлаў з Іванам Антановічам ідэалёгіяй ды культурай з ЦК кіруюць!), лепш запытацца ў яго ды ў аўтара прадмовы Анатоля Вярцінскага.

Што датычыць падбору паэмаў, дык у кнігазбораўскім томе надрукаваныя, як кажуць, самыя-самыя: “Курган”, “На Куцьцю”, “Яна і я”. Зрэшты, аўтар прадмовы да кнігі — Ніл Гілевіч — знаходзіць высокія словы і для “Бандароўны”, і для “Магілы льва”. З драматычных паэмаў ён вылучае, акрамя “Адвечнае песьні”, “Сон на кургане”. На жаль, апошняй не знайшлося ў кнізе месца. Вось і думаецца: калі б укладальнікі не забываліся на словы М. Гарэцкага пра тое, што “лірычных вершаў у Купалы дужа многа” і што гэта шкодзіла іх мастацкай вартасьці, хапіла б месца і “Сну на кургане”. Магчыма, і “Раскіданаму гнязду”.

Том выбранага мог бы аказацца больш цэльным, калі б ягоныя ўкладальнікі ўлічылі досьвед складальнікаў “Спадчыны” 1955 г. і “Выйдзі з сэрцам, як паходняй!..”. Укладальнік першага зборніка, ігнаруючы паэзію таталітарнага пэрыяду, мо зашмат увагі аддаў сацыяльнай тэматыцы ў творчасьці Купалы, а ўкладальнік другога ня мог надрукаваць забароненых у БССР вершаў песьняра. У У. Гніламёдава ды А. Шамякінай меліся магчымасьці пераадолець недахопы абедзьвюх кніг-папярэдніц і стварыць кнігу, са старонак якое б Купала паўставаў як сапраўды вялікі паэт.

А скончу тым, з чаго пачаў. Нам трэба, каб добрыя кнігі выбраных твораў клясыкаў, а насамперад Купалы й Коласа, заўжды ляжалі на паліцах кнігарняў. Марна спадзявацца, што пра гэта паклапоціцца дзяржава.

 






5 Янка Купала: Энцыклапедычны даведнік. Менск, 1986. С. 668.
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (23) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/01/20