A R C H E П а ч а т а к № 3 (23) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32002
» да Зьместу «

 


Андрэй Хадановіч
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


палітыка

ГАНС-ГЕОРГ ВІК
Вокладка ARCHE 3-2002.

   Мінулыя нумары:

   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Ганс-Георг Вік
 
 
Пабудова дэмакратыі ў Беларусі
 Цьвёрды арэшак для эўрапейскіх арганізацыяў



Пасьля таго як Бялград у чэрвені 1992 г. прымусіў місію АБСЭ ў Косаве пакінуць краіну, сяброўства Югаславіі ў гэтай арганізацыі было прыпынена. Пасьля таго як стаўленьне беларускага кіраўніцтва да прадстаўніцтва АБСЭ ў Менску пачало няўхільна пагаршацца, АБСЭ была вымушаная ўвесьці такія ж санкцыі да Беларусі.

Абвастрэньне крызысу ў стасунках паміж АБСЭ і Беларусяй сьведчыць пра рашучасьць цяперашняга рэжыму Аляксандра Лукашэнкі бараніць аўтарытарную, несумяшчальную са стандартамі АБСЭ мадэль дзяржаўнага ўладкаваньня ад любой дэмакратызацыі, не зважаючы на міжнародную ізаляцыю краіны і незалежна ад таго, адкуль — знутры краіны або з-за яе межаў — зыходзяць імпульсы дэмакратызацыі. Пасьля шматгадовай бясплённай барацьбы зь Вярхоўным Саветам 13-га скліканьня, дэмакратычна абраным ў 1995—1996 гадах на аснове дэмакратычнай канстытуцыі 1994 году, Лукашэнка дамогся прыняцьця на спрэчным рэфэрэндуме ў лістападзе 1996 году аўтарытарнай канстытуцыі, якая гарантавала прэзыдэнту кантроль над усёй дзяржаўнай уладай, а таксама скасавала падзел уладаў і змаргіналізавала значэньне такіх незалежных структур, як палітычныя партыі, недзяржаўныя арганізацыі і незалежныя СМІ1.

Расейская Фэдэрацыя і іншыя дзяржавы — удзельніцы СНД пагадзіліся са скасаваньнем дэмакратычнай канстытуцыі, зьдзейсьненым шляхам бяскроўнага дзяржаўнага перавароту. Гэта азначае, што дзяржавы — удзельніцы СНД будуюць сваё супрацоўніцтва не на аснове прынцыпаў, якія яны прынялі як сябры НБСЭ * (пазьней АБСЭ), падпісаўшы Капэнгагенскія і Парыскія дакумэнты НБСЭ 1990 году, а на аснове неўмяшаньня ўва ўнутраныя справы дзяржаваў-удзельніц. СНД, такім чынам, не ўяўляе сабой супольнасьці, што грунтуецца на адзіных вартасьцях (правы чалавека, дэмакратыя, вяршэнства права), як таго патрабуе, напрыклад, Эўразьвяз, а ёсьць толькі крохкім аб’яднаньнем незалежных дзяржаваў на грунце блізкіх ці супольных інтарэсаў. Можна нават гаварыць пра адзінства інтарэсаў гэтых дзяржаваў у дачыненьні да АБСЭ, якія разыходзяцца са спробамі бальшыні краінаў — удзельніц АБСЭ ўзмацніць працэсы дэмакратычнай трансфармацыі ў дзяржавах СНД.


(нар. у 1928 г.) — кадравы нямецкі дыплямат, з 1997 да 2001 году — кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі. На цяпер — старшыня Нямецка-індыйскага таварыства. Пераклад артыкулу зроблены з ласкавай згоды часопісу “Osteuropa”.








Astrid Sahm. Schleichender Staatsstreich in Belarus’. Hintergründe und Konsequenzen des Verfasuunsreferendums im November 1996 // Osteuropa. 1997. № 5. S. 475—487.

Нарада па бяспецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (заўв. перакладчыка).
   

Двайныя стандарты?

Па 11 верасьня 2001 году, у сьвятле барацьбы зь міжнародным тэрарызмам, ачоленай перадусім ЗША пры падтрымцы Расеі і некаторых цэнтральнаазіяцкіх дзяржаваў, спрыяньне працэсам дэмакратычнай трансфармацыі гэтых краінаў з боку эўрапейскіх структураў, у тым ліку АБСЭ, згубіла свой ранейшы прыярытэт. Беларусь спрабавала скарыстаць з такога разьвіцьця падзеяў і энэргічна патрабавала ад Захаду “раўнапраўнасьці”. Беларусь абвінавачвае заходнія арганізацыі ў палітыцы двайных стандартаў: Захад глядзіць скрозь пальцы на ўзмацненьне “канцэнтрацыі ўсёй паўнаты ўлады ў руках прэзыдэнта”, здушэньне апазыцыі, а таксама грубыя фальсыфікацыі выбараў у цэнтральнаазіяцкіх дзяржавах і закаўкаскіх рэспубліках, не дапускаючы абмежаваньня статусу гэтых дзяржаваў у эўрапейскіх арганізацыях, у той час як такія парушэньні ў Беларусі, на думку заходніх арганізацыяў, апраўдваюць падаўжэньне ўведзеных ў 1996 годзе санкцыяў2.

На першы погляд, аргумэнтацыя Беларусі падаецца пераканаўчай. Аднак пад увагу не бярэцца тое, што з 1991 да 1996 году Беларусь актыўна будавала дзяржаву, заснаваную на дэмакратычных прынцыпах, у якой лібэральная дэмакратыя з падзелам уладаў, вяршэнствам права і захаваньнем правоў чалавека сталася “дзяржаватворнай філязофіяй”.

“Канстытуцыйны пераварот” Лукашэнкі паклаў гэтаму канец. Адбылося вяртаньне да такой мадэлі дэмакратыі, якую можна вызначыць як папулісцкую, да вэртыкальнай канструкцыі ўлады, парушэньня правоў чалавека, перадусім у сфэры свабоды слова і сходаў. Патрабаваньне эўрапейскіх інстытуцыяў да Лукашэнкавага рэжыму вярнуць дэмакратычную канстытуцыю 1994 году паступова трансфармавалася ў патрабаваньне зрабіць пэўныя крокі, каб ізноў увесьці дэмакратыю паводле стандартаў АБСЭ. У выпадку правядзеньня гэтых захадаў, якія можна было выканаць або ў аднабаковым парадку, або шляхам перамоваў з дэмакратычнай апазыцыяй, было абяцана аднавіць былы статус Беларусі ўва эўрапейскіх арганізацыях, забясьпечыўшы:

•   удзел нацыянальнага сходу ў працы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ;

•   наданьне краіне статусу спэцыяльна запрошанай у Раду Эўропы — статусу, які быў нададзены яшчэ ў пачатку дзевяностых гадоў, але быў прыпынены пасьля канстытуцыйнага перавароту ў лістападзе 1996 году;

•   ратыфікацыю “Дамовы паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусяй аб супрацоўніцтве і партнэрстве”, якая была ўкладзеная яшчэ да перавароту, а ў некаторых дзяржавах — удзельніцах ЭЗ нават ратыфікаваная. Дамова агаворвала дэмакратызацыю як адну зь перадумоваў супрацоўніцтва.

Такім чынам, пазыцыя эўрапейскіх арганізацыяў што да Беларусі па зразумелых прычынах адрозьніваецца ад пазыцыі Захаду што да цэнтральнаазіяцкага і закаўкаскага рэгіёнаў.








Заходнія палітыкі таксама часам называюць закід беларускіх уладаў аб двайных стандартах цалкам справядлівым. Напрыклад, так зрабіла Ута Цапф (СДПН) у сваёй прамове ў бундэстагу 12 кастрычніка 2001 г. Ута Цапф зьяўляецца сяброўкай нямецкай дэлегацыі і старшынёй Рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкага сходу АБСЭ; http://www.spd-offenbach.de/zapf/ Berlin/reden/ 20001012.htm.
   

Беларусь як выпрабаваньне на трываласьць для АБСЭ

У лістападзе 2000 году Расея і Беларусь не дапусьцілі прыняцьця супольнай заявы па выніках канфэрэнцыі міністраў замежных справаў краінаў — удзельніц АБСЭ ў Вене, у якой давалася крытычная ацэнка расейскай палітыцы ў Чачэніі, а таксама пазыцыі беларускага кіраўніцтва што да працэсу дэмакратызацыі ў краіне. У сьнежні 2001 году на канфэрэнцыі міністраў замежных справаў краінаў — удзельніц АБСЭ ў Бухарэсьце гаворка ішла ў першую чаргу аб супольнай пазыцыі ў барацьбе супраць міжнароднага тэрарызму. Таму было вырашана прыняць не адну ўсёабсяжную заяву, якая б ахоплівала ўсе крытычныя пытаньні, а шэраг асобных заяваў па пякучых праблемах — за выняткам праблемы Беларусі. Беларускі міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў заявіў потым, што, маўляў, на парадку дня АБСЭ беларускае пытаньне больш не стаіць3.

У сапраўднасьці ўсё было інакш: на карту была пастаўлена імавернасьць і дзеяздольнасьць АБСЭ як ініцыятара і абаронцы дэмакратычных працэсаў і сілаў у дзяржавах — удзельніцах Арганізацыі.

На канфэрэнцыі міністраў замежных справаў краінаў — удзельніц АБСЭ ў Бухарэсьце Расея дамаглася часовага абмежаваньня мандату місіі АБСЭ па чачэнскім пытаньні. Адначасова ёй давялося пагадзіцца са сканчэньнем місій АБСЭ ў Латвіі і Эстоніі — місій, пакліканых перадусім пільнаваць раўнапраўе грамадзянаў расейскага паходжаньня. На думку Расеі, місіі ня выканалі свайго заданьня ў належнай меры. Беларусь ня здолела дамагчыся абмежаваньня часу перабываньня місіі АБСЭ ў Беларусі. Але сваёй адмовай выдаць візы сябрам місіі беларускае кіраўніцтва халаднакроўна падрывае эфэктыўнасьць і аўтарытэт місіі ў прыватнасьці і АБСЭ ў цэлым. Ці можа Беларусь рабіць гэта беспакарана? Наўрад ці.

Але ці здольная АБСЭ да ўзгодненых дзеяньняў супраць Беларусі, яшчэ няясна. Парадак прыняцьця рашэньняў АБСЭ грунтуецца на прынцыпе аднагалоснасьці “мінус адзін” — калі выключаецца голас краіны, якая ў адпаведным спрэчным выпадку выступае закранутым бокам. Дзеля таго што з боку дзяржаваў — удзельніц СНД нарастае супраціў тэндэнцыі АБСЭ пераключыць сваю асноўную актыўнасьць з Балканаў на ўкараненьне заходняй мадэлі дэмакратыі і абарону правоў чалавека ў краінах — спадкаемцах СССР, паўстаюць тры важныя пытаньні. Ці можа АБСЭ разьлічваць на падтрымку дзяржавамі — удзельніцамі СНД сваёй пазыцыі што да Беларусі і сваёй заангажаванасьці ў пабудову дэмакратыі ў гэтай краіне? Ці будзе ў сувязі з гэтым магчымы працяг дзейнасьці Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў той самай форме, у якой яна ажыцьцяўлялася ў 1997—2001 гадох пры падтрымцы эўрапейскіх арганізацыяў і адмысловых фінансавых унёскаў асобных дзяржаваў-удзельніц — шляхам дыялёгу з урадам, апазыцыяй і няўрадавымі арганізацыямі — і дасягнула значных вынікаў? Ці не падрывае палітыка канструктыўнай заангажаванасьці ў Беларусь унутраную цэльнасьць АБСЭ і тым самым ці ня ставіць пад сумнеў ейнае існаваньне?

У любым выпадку відавочна: Беларусь сталася для АБСЭ выпрабаваньнем на трываласьць. Адначасова Беларусь зьяўляецца лякмусавай паперкай зацікаўленасьці дзяржаваў — удзельніц СНД у дэмакратызацыі сваіх краінаў. АБСЭ дагэтуль ня здолела дамагчыся прыняцьця стандартаў АБСЭ для грамадзянскай супольнасьці ў бальшыні краінаў СНД, хоць і трэба адцеміць, што ў некаторых дзяржавах — у прыватнасьці, Расейскай Фэдэрацыі, Украіне, Грузіі, а таксама Арменіі — ёсьць спадзеўныя пачаткі ўкараненьня дэмакратычных прынцыпаў у дзяржаўных структурах і ў грамадзянскай супольнасьці.

Дзяржавы СНД дагэтуль ня выявіліся прыхільніцамі разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі. Гэта азначае, што, нягледзячы на ўзятыя на сябе абавязаньні, зьвязаныя зь сяброўствам у АБСЭ, дзяржавы СНД яшчэ не кіруюцца паняцьцем плюралістычнай, незалежнай ад дзяржавы грамадзянскай супольнасьці, як таго патрабуюць і што заахвочваюць эўрапейскія арганізацыі. У Маскве публічныя дэбаты аб палітычнай ролі недзяржаўных арганізацыяў у дэмакратычным разьвіцьці краіны адбыліся толькі пры канцы 2001 году4.

Прыхільнасьць Расеі да шматпартыйнай дэмакратыі, што ўрэшце вядзе да ўтварэньня палітычных альтэрнатываў кіроўнаму прэзыдэнту, дагэтуль яшчэ не пашыраецца на дыялёг зь іншымі дзяржавамі СНД.

Аб гэтым сьведчаць паводзіны Расеі ў дачыненьні да Беларусі. Калі напярэдадні беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ўтварылася кааліцыя пераважна дэмакратычных партыяў і грамадзкіх структураў, якая дамовілася аб вылучэньні адзінага кандыдата, Масква не пайшла на тое, каб шляхам сумленнага асьвятленьня ў сваіх электронных СМІ дзейнасьці абодвух бакоў паказаць грамадзянам Беларусі, што Масква будзе з павагай ставіцца да дэмакратычнага волевыяўленьня грамадзянаў, калі яно будзе скіраванае на зьмену ўлады. Асноўныя палітычныя акторы Расеі і Беларусі, якія бачаць у рэжыме Лукашэнкі найлепшую гарантыю сваіх інтарэсаў (узброеныя сілы, спэцслужбы і службы бясьпекі, асобныя галіны прамысловасьці і сэгмэнты банкаўскага сэктару), стварылі падчас выбарчай кампаніі публіцыстычны і палітычны імідж выбараў на расейскіх тэлеканалах5.

На будучых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах Маскве давядзецца зноў сутыкнуцца з гэтым пытаньнем. Будзе выпрабоўвацца сіла і трываласьць дэмакратычнай і грамадзкай альтэрнатывы Лукашэнку і будуць зробленыя адпаведныя высновы.







3 Так казаў міністар замежных справаў сп. Хвастоў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску 11.12.2001 г. — Стенограмма пресс-конференции Министра иностранных дел Республики Беларусь М.М. Хвостова для представителей белорусских и зарубежных СМИ, состоявшейся в МИД Беларуси 11 декабря 2001 года; www.mfa.gov.by.


















4 Elke Fein: Zivilgesellschaftlicher Paradigmenwechsel oder PR-Aktion? Zum ersten allrussischen “Bürgerfotum” im Kreml // Osteuropa, 2002. № 2. S. 158—179.







5 Heinz Timmermann. Moskau: Auf Suche nach Alternativen zu Lukaschenko? // Belarus-News. Sommer 2001. S. 6—7; Heinz Timmermann. Moskaus Entscheidung fьr Lukaschenko // Belarus-News. Winter 2001. S. 7—8.
   

АБСЭ і Беларусь: курс на канфрантацыю

Прызначэньне місіі АБСЭ ў Беларусь Сталай Радай АБСЭ 18 верасьня 1997 году было беспрэцэдэнтным актам: упершыню місія АБСЭ атрымлівала выразнае заданьне спрыяць дэмакратызацыі6.

Тады Расея параіла беларускаму кіраўніцтву прыняць гэтую місію. Як пазьнейшыя дзеяньні расейскіх прадстаўнікоў, так і выказваньні ды манера паводзінаў беларускага кіраўніцтва схіляюць да думкі, што мэта была ў тым, каб пры дапамозе прыняцьця місіі, а таксама касмэтычных зьменаў у канстытуцыі і ў некаторых законах дасягнуць міжнароднага прызнаньня Беларусі зь ейным аўтарытарным, недэмакратычным дзяржаўным ладам як дэмакратычнага сябра міжнароднай супольнасьці і, у прыватнасьці, АБСЭ. Тады, згодна з гэтым плянам, будзе хутка забыты канстытуцыйны пераварот 1996 году. Але гэты разьлік ня спраўдзіўся.

З 1997 па 2000 год усе спробы дасягнуць сутнасных зьменаў у кірунку дэмакратызацыі скончыліся правалам. Гэта тычыцца простых перамоваў КНГ АБСЭ, Парлямэнцкай Тройкі, Эўрапейскай Тройкі, якая складалася з прадстаўнікоў урадаў, альбо перамоваў экспэртаў бюро АБСЭ ў справах дэмакратычных інстытуаў і правоў чалавека (БДІПЧ)7 зь беларускімі ўладамі, а таксама перамоваў паміж урадам і апазыцыяй. Толькі аднойчы, у 1999 годзе, падчас перамоваў паміж прадстаўнікамі апазыцыі і прадстаўніком прэзыдэнта Міхаілам Сазонавым, якія адбыліся пад эгідай АБСЭ, удалося дасягнуць дамоўленасьці аб доступе апазыцыі да дзяржаўных СМІ. Аднак дамоўленасьць гэтая была празь некалькі тыдняў дэзавуяваная Лукашэнкам, а сам Сазонаў адпраўлены ў адстаўку.

Затое дзейнасьць місіі АБСЭ пры падтрымцы эўрапейскіх арганізацыяў і асобных дзяржаваў — сяброў АБСЭ прывяла нават да стварэньня дэмакратычнай альтэрнатывы ў беларускай грамадзянскай супольнасьці. Гэта было ўспрынята Лукашэнкам як надзвычайная пагроза рэжыму, і рэжым Лукашэнкі абвясьціў АБСЭ вайну — таму што ягоная ўлада забясьпечваецца толькі шляхам запалохваньня грамадзянаў і фальшаваньня выбараў. Расейская Фэдэрацыя з пэўнымі засьцярогамі падтрымлівала гэты паварот Лукашэнкі. Гэта адбылося пасьля парлямэнцкіх выбараў 2000 году, якія былі прызнаныя Расейскай Фэдэрацыяй і бальшынёй дзяржаваў — удзельніц СНД дэмакратычна праведзенымі выбарамі.

Беларуская апазыцыя і эўрапейскія арганізацыі не прызналі вынікаў выбараў. Да таго ж незадоўга да выбараў эўрапейскія арганізацыі адмовіліся накіроўваць арганізаваную міжнародную групу назіральнікаў з прычыны адсутнасьці належных умоваў для назіраньня. Парлямэнцкая Тройка эўрапейскіх установаў (Эўрапейскага Парлямэнту, Парлямэнцкіх Сходаў АБСЭ і Рады Эўропы) адмовілася прызнаць дэмакратычнай працэдуру правядзеньня выбараў і таму запярэчыла беларускаму парлямэнту ў месцы і голасе на Парлямэнцкім Сходзе АБСЭ, а таксама ў вяртаньні краіне статусу адмыслова запрошанай у Раду Эўропы. Эўрапейскі Парлямэнт таксама адмовіўся скасаваць санкцыі, уведзеныя ў 1997 годзе. Створаная пры падтрымцы місіі АБСЭ ў Беларусі сетка незалежных назіральнікаў за выбарамі дакумэнтальна зафіксавала вялікую колькасьць парушэньняў выбарчымі камісіямі закону аб выбарах і іншых адпаведных заканадаўчых актаў. У прыватнасьці, назіральнікі скардзіліся на частае ўмяшаньне дзяржаўных органаў у выбарчы працэс, а таксама на фальсыфікацыю вынікаў выбараў8.

Прэзыдэнт Лукашэнка назваў гэтых незалежных назіральнікаў за выбарамі аплачанай з-за мяжы тэрарыстычнай бандай, якая імкнецца адхіліць яго ад улады. Падзеі ў Бялградзе, што прывялі да падзеньня рэжыму Мілошавіча ўвосень 2000 году пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, паслужылі Лукашэнку зачэпкай для рэзкай крытыкі датычнасьці місіі АБСЭ да стварэньня агульнанацыянальнай сеткі назіраньня за выбарамі9.

Пасьля доўгага ваганьня летам 2001 году беларускі бок выдаў уязныя візы толькі назіральнікам зь міжнароднай групы назіральнікаў за выбарамі, якім было даручана назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі пастановай эўрапейскіх органаў ад 5 ліпеня 2001 году, — нягледзячы на тое або нават праз тое, што ўмовы выбараў не адпавядалі стандартам АБСЭ і патрабаваньням Рады Эўропы. З крытычнай ацэнкі прэзыдэнцкіх выбараў Тройкай эўрапейскіх арганізацыяў і БДІПЧ — у якой разам з крытыкай умоваў выбараў было падкрэсьлена, што ў грамадзянскай супольнасьці Беларусі ўпершыню зьявіліся дэмакратычныя структуры, якія варта разьвіваць, і што (добраахвотная) ізаляцыя не спрыяе дэмакратычнаму разьвіцьцю краіны10,— афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі зрабілі свае высновы: эўрапейскія арганізацыі павінны спыніць ізаляцыю Беларусі, скасаваць санкцыі і даць у эўрапейскіх органах месца прадстаўнікам гэтага дэмакратычна абранага прэзыдэнта і ягонага дэмакратычна абранага парлямэнту.

Эўрапейскія структуры ніколі ня пойдуць на гэта, бо чакаюць ад Беларусі спачатку сур’ёзных крокаў у чатырох кірунках працэсу дэмакратызацыі паводле стандартаў АБСЭ, якія з 1999 году разглядаюцца як абавязковая ўмова збліжэньня: у тым ліку, гаворка ідзе пра рэформу выбарчага права; рэформу заканадаўства аб СМІ, у прыватнасьці, скасаваньне дзяржаўнай манаполіі на электронныя СМІ; пра парлямэнцкую рэформу з пашырэньнем правоў парлямэнту; а таксама пра спыненьне адміністрацыйнага і крымінальнага перасьледу палітычных апанэнтаў.

Яшчэ ў сьнежні 2000 году падчас зацьверджаньня бюджэту АБСЭ на 2001 год Беларусь пры падтрымцы Расейскай Фэдэрацыі спрабавала дамагчыся, каб у будучыні місіі АБСЭ ажыцьцяўлялі праекты — як бы яны ні фінансаваліся, зь бюджэту або з добраахвотных унёскаў дзяржаваў-удзельніц, — выключна са згоды ўраду адпаведнай краіны. Сталая Рада АБСЭ ў Вене адхіліла гэтую прапанову, але пагадзілася з тым, што пры ажыцьцяўленьні такіх праектаў неабходна праводзіць кансультацыі з урадам адпаведнай краіны. Пры гэтым, натуральна, вынік кансультацыяў павінен быць прымальны для місіяў. Гэтая працэдура была апрабавана ў Беларусі падчас правядзеньня некаторых пілётных праектаў. Калі ж місія АБСЭ не адрэагавала на абвінавачаньне ўладаў у спрыяньні незалежнаму назіраньню за выбарамі, арганізаванаму сіламі няўрадавых арганізацыяў, урад у студзені 2002 году сьпярша прыпыніў супрацоўніцтва зь місіяй. Пасьля гэтага афіцыйныя структуры байкатавалі працу місіі. Да таго ж прэзыдэнт даў распараджэньне ўраду не абяцаць больш ніякіх зьменаў у выбарчым заканадаўстве, перадусім тых, на якіх настойвалі міжнародныя арганізацыі. Лукашэнка выдаў шэраг дэкрэтаў, якія істотна пагоршылі ўмовы ўдзелу кандыдатаў у выбарах:

•   кандыдаты на пасаду прэзыдэнта былі абавязаныя прадставіць дакумэнты аб сваіх даходах, а таксама аб даходах блізкіх сваякоў ды іншых родзічаў;

•   было забаронена замежнае фінансаваньне мерапрыемстваў, зьвязаных з выбарамі;

•   было яшчэ больш ускладнена правядзеньне публічных акцыяў11.

У зьвязку з дэманстрацыйнай адмовай беларускіх уладаў ад супрацоўніцтва зь місіяй АБСЭ эўрапейскія арганізацыі вылучылі апошнім часам патрабаваньне свабоды дзеяньняў для місіі на чале зь яе новым кіраўніком, амбасадарам доктарам Эбэргардам Гайкенам, у тым ліку і бязь зьмены яе мандату. Апрача таго, Рада Эўропы настойвае на прыпыненьні і скасаваньні сьмяротнага пакараньня.

Калі не лічыць усё новых і новых заяваў аб палітычных і эканамічных рэформах, беларускае кіраўніцтва дагэтуль не зрабіла ніякіх значных пераўтварэньняў у гэтых важных для краіны сфэрах. Ствараецца ўражаньне, што Лукашэнка фармуе свае палітычныя прыярытэты, зыходзячы з патрэбаў, якія вынікаюць са складаных стасункаў з Масквой: з аднаго боку, Лукашэнка залежыць ад палітычнай, эканамічнай і фінансавай падтрымкі Масквы; зь іншага — выяўляецца, што з гледзішча сярэднетэрміновай пэрспэктывы ён пераацэньвае значэньне Беларусі для Расейскай Фэдэрацыі. Яго палітычная будучыня залежыць ад таго, ці здолее ён застацца прэзыдэнтам у Беларусі пасьля сканчэньня ў 2006 годзе “другога тэрміну паўнамоцтваў” паводле навязанай ім у лістападзе 1996 году напісанай на скорую руку канстытуцыі.

Масква ўжо моўчкі згадзілася з падаўжэньнем тэрмінаў прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў звыш прадугледжанага канстытуцыямі іншых краін СНД часу. Чаму б не праявіць талерантнасьць у гэтым пытаньні датычна Беларусі, пакуль ня зьявіцца вартая даверу альтэрнатыва? Масква дагэтуль ня надта актыўна спрыяла дэмакратызацыі ў іншых краінах СНД.

Калі стала ясна, што канфрантацыяй і санкцыямі немагчыма дабіцца зьмены палітыкі беларускага рэжыму, на Захадзе пачалася вельмі сур’ёзная дыскусія наконт пытаньня, ці можна падштурхнуць рэжым Лукашэнкі да рэформаў, пайшоўшы яму насустрач12.

Таксама раздаваліся галасы з прапановай не падаўжаць мандату місіі. Трэба адзначыць, што ў Менску некаторыя кіраўнікі місіі зь ліку дзяржаваў — удзельніц Эўрапейскага Зьвязу, якія згодна са сваімі паўнамоцтвамі займаюцца таксама пытаньнем двухбаковых адносінаў, ужо доўгі час выступаюць за гэты шлях. У выніку ўсё ж падчас абмеркаваньня сваёй палітыкі ў дачыненьні да Беларусі ўвесну 2002 году ЭЗ прыйшоў на высновы, што дыялёг нельга пачынаць з саступак і трэба весьці пакрокава. Пры гэтым трэба спрыяць разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці. Але ці прадугледжвае гэта таксама працяг падтрымкі палітычна рэлевантных структураў грамадзянскай супольнасьці, яшчэ ня вызначана. Бяз гэтага кампанэнту падтрымка палітычнай альтэрнатывы будзе аддадзеная на водкуп Злучаным Штатам. Гэта значна аслабіла б пазыцыю Захаду што да Беларусі. Адмова ад гэтага важнага кампанэнту азначала б адыход ад ранейшай пазыцыі і йшла б уразрэз з палітыкай ЭЗ у падобных сытуацыях у сямідзясятых гадох у Міжземнамор’і і ў апошнія гады на Балканах. Лукашэнка дасягнуў бы сваёй галоўнай мэты — выключэньня эўрапейскіх арганізацыяў з працэсу дэмакратызацыі сваёй краіны. Страта даверу да эўрапейскіх арганізацыяў у той часткі беларускага насельніцтва, якое зьвязвае з Захадам надзеі на лепшае, была б недапушчальнай.




АБСЭ, Сталая Рада, 129. Пленарнае паседжаньне Рады, PC-Journal №129, пастанова 185, PC.DEC/185, 18.9.1997; Memorandum of Understanding between the Government of Belarus and the Organization for Security and Co-Operation in Europe on the OSCE Advisory Group in Belarus, Kopenhagen, 19.12.1997; Абзац пра Беларусь (22) у дэклярацыі саміту АБСЭ ад 19 лістапада 1999. Гл. таксама: Hans-Georg Wieck. Die Berater- und Beobachtergruppe der OSZE in Belarus // OSZE-Jahrbuch 1999. Baden-Baden, 1999. S. 209—219.


Office for Democratic Institutions and Human Rights, штаб-кватэра знаходзіцца ў Варшаве.















Parliamentary Elections in Belarus 2000. Report of the Independent Observer Organizations. Minsk, 2000.

Прэзыдэнт Лукашэнка агучыў гэтую крытыку 27 студзеня 2001 г. на Беларускім тэлебачаньні ў праграме “Панарама”. Паводле вэрсіі, падрыхтаванай на ангельскай мове “Radio Free Europe”, ён заявіў: “Захаду, вядома, трэба ўплываць тут пэўным чынам. І яны шукаюць людзей — агентаў уплыву, як казалі калісьці, — тутака. Ведаеце, яны кормяць іх, плацяць ім грошы, яны вырашылі стварыць атрад з чатырнаццаці-васемнаццаці тысяч баевікоў, нібыта назіральнікаў, а заўтра, як у Чачэніі журналісты кажуць, днём яны сеюць, а ўначы ружжо з-пад ложка дастаюць”. Гл. RFE/RL Poland, Belarus and Ukraine Report, 3/2001.

10  OSCE/ODIHR Limited Election Observation Mission: Republic of Belarus. Presidential Election. 9 September 2001. Final Report, 4.10.2001; www.osce.org/odihr.













11  Декрет Президента Республики Беларусь от 12 марта 2001 года № 8 “О некоторых мерах по совершенствованию порядка получения и использования иностранной безвозмездной помощи”. Декрет Президента Республики Беларусь от 7 мая 2001 года № 11 “О некоторых мерах по совершенствованию порядка проведения собраний, митингов, уличных шествий, демонстраций, иных массовых мероприятий и пикетирования в Республике Беларусь”. Декрет Президента Республики Беларусь от 26 июня 2001 года № 20 “Об обязательном декларировании доходов и имущества кандидата в Президенты Республики Беларусь, его близких родственников, супруги (супруга) и ее (его) родителей и некоторых мерах, направленных на проведение открытых, свободных и честных выборов”, усё пад адрасам www.president.gov.by.






12 Пар. з прамовай Уты Цапф у Нямецкім бундэстагу (заўвага 2). Пра гэта таксама Rolf Schütte: Neue Politik gegenüber Belarus? // Belarus-News. Frühling 2002. S. 2—4.
   

Спрыяньне пабудове грамадзянскай супольнасьці

На саміце, які адбыўся 19 лістапада 1999 году ў Стамбуле, кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў дзяржаваў — удзельніцаў АБСЭ ня толькі падтрымалі працу КНГ АБСЭ ў Беларусі, але і падоўжылі мандат групы ад 19 верасьня 1997 году. У 22-м абзацы заявы, прынятай на саміце АБСЭ, было адзначана: “Мы настойліва падтрымліваем працу КНГ АБСЭ ў Беларусі, якая цесна супрацоўнічае з уладамі Беларусі, а таксама з апазыцыйнымі партыямі, іх кіраўніцтвам і недзяржаўнымі арганізацыямі ў справе разьвіцьця дэмакратычных інстытуцыяў і выкананьня абавязаньняў АБСЭ ды такім чынам спрыяе вырашэньню канстытуцыйнага канфлікту ў Беларусі. Мы падкрэсьліваем, што толькі палітычны дыялёг зможа пракласьці шлях да свабодных і дэмакратычных выбараў, якія, у сваю чаргу, зьяўляюцца асновай для разьвіцьця сапраўднай дэмакратыі”13.

КНГ АБСЭ супрацоўнічала ня толькі непасрэдна зь дзяржаўнымі структурамі, але і з апазыцыйнымі партыямі ды дзеячамі грамадзянскай супольнасьці. Гэта мела і мае надзвычай важнае значэньне для пераадоленьня канстытуцыйнага канфлікту і закладаньня салідных асноваў для дэмакратычных выбараў. Місія АБСЭ, якая складалася зь пяці замежных сяброў і штабу высокакваліфікаваных і самаадданых беларускіх супрацоўнікаў, актыўна дзейнічала ў наступных кірунках:

•   назіраньне за станам правоў чалавека і станам законнасьці;

•   юрыдычнае кансультаваньне сем’яў, пацярпелых за палітычную дзейнасьць сваіх сямейнікаў, адсочваньне судовага перасьледу па палітычных матывах і ўмяшаньне ў выпадку парушэньняў правоў;

•   гуманітарная дапамога палітычным ахвярам адміністрацыйнага ці крымінальнага перасьледу ўладаў;

•   нарошчваньне здольнасьці партыяў да сумеснай дзейнасьці, павышэньне дзеяздольнасьці партыяў;

•   стварэньне кааліцыі партыяў і грамадзкіх сілаў;

•   назіраньне за выбарамі;

•   праекты ўмацаваньня грамадзянскай супольнасьці.

Гэтая рознабаковая дзейнасьць місіі АБСЭ па спрыяньні грамадзянскай супольнасьці разьвівалася паступова і прынесла значныя посьпехі. Улетку 1999 году ўдалося стварыць Кансультацыйную раду апазыцыйных палітычных партыяў14. Яна выпрацавала пагадненьне аб супольных пазыцыях у дачыненьнях з рэжымам, аб перамовах з урадам, аб стаўленьні да Масквы, эўрапейскіх арганізацыяў і Захаду. Пры Кансультацыйнай радзе створаны шэраг экспэртных групаў. Праўда, у яе пакуль няма сакратарыяту і рабочых групаў для супрацоўніцтва з грамадзкімі арганізацыямі, празь якія можна выйсьці на выбарцаў.

Пры пасярэдніцтве і падтрымцы КНГ АБСЭ сталася магчымым стварэньне кааліцыі для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году, у якой узялі ўдзел прафсаюзы, жаночыя і моладзевыя аганізацыі, аб’яднаньні па інтарэсах і групы праваабронцаў накшталт Беларускага Хельсынскага камітэту. Сярод шматлікіх прэтэндэнтаў з гэтага кола быў вылучаны кандыдат у прэзыдэнты, альтэрнатыўны Лукашэнку. Магчыма, што падчас будучых мясцовых і парлямэнцкіх выбараў таксама будзе дасягнута дамоўленасьць аб стварэньні кааліцыі.

Цягам апошніх гадоў значная частка апазыцыйных партыяў байкатавала мясцовыя і парлямэнцкія выбары. У выніку ўмяшаньня дзяржаўнага апарату бальшыня незалежных кандыдатаў ад апазыцыйных партыяў (сацыял-дэмакраты пад кіраўніцтвам Міколы Статкевіча) і ад апазыцыйных недзяржаўных арганізацыяў, якія ўдзельнічалі ў выбарах, не былі зарэгістраваны або дзякуючы фальсыфікацыі вынікаў выбараў не атрымалі дэпутацкага мандату. Каб ускладніць ці нават зусім прадухіліць гэтую недэмакратычную практыку, па ўсёй краіне ў супрацоўніцтве зь мясцовымі недзяржаўнымі арганізацыямі была створаная сетка незалежных назіральнікаў за выбарамі15.

Яны назіралі за ўсім выбарчым працэсам пачынаючы ад утварэньня выбарчых камісіяў, рэгістрацыі кандыдатаў і канчаючы ўласна выбарамі, рэгістравалі і дакумэнтавалі парушэньні выбарчага заканадаўства і падліку галасоў. З 1999 да 2001 году на выкананьне гэтых заданьняў было выдаткавана каля аднаго мільёна эўра.

Нарэшце, Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ таксама ажыцьцяўляла канкрэтныя праекты па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці. Так, быў створаны “Цэнтар эўрапейскіх і трансантлянтычных дасьледаваньняў” пры Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Менску; распрацавана рэформа пэнітэнцыярнай сыстэмы; ладзіліся навучальныя курсы і трэнінгі па вырашэньні канфліктаў, па тэме “Моладзь і дэмакратыя”, па мясцовым самакіраваньні, а таксама па падтрымцы незалежнай прэсы. Вышэйзгаданыя праекты ажыцьцяўляюцца на аснове дамовы паміж Эўрапейскай Камісіяй і БДІПЧ. У 2000—2001 гадох на гэтыя праекты было выдаткавана каля 600 000 эўра. Ёсьць таксама насьпелыя і зацьверджаныя праекты на пэрыяд з 2002 да 2004 году.

Урэшце, спрыяньне грамадзянскай супольнасьці з боку КНГ АБСЭ прывяло да канфрантацыі з рэжымам. Калі пасьля асабістага ўмяшаньня Лукашэнкі і ягонай адмовы прызнаць вытаргаваную з Сазонавым дамоўленасьць аб доступе да СМІ палітычны дыялёг з апазыцыяй быў абарваны, рэжым таксама забараніў дзяржаўным органам супрацоўнічаць з КНГ АБСЭ. Напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку 2000 году беларускі ўрад пачаў сваю атаку супраць палітычнай ролі КНГ АБСЭ. Гэтая пазыцыя рэжыму была выкліканая:

•   тым, што рэжым бачыць у гэтым утварэньне новай, апазыцыйнай аўтарытарнай паліцыйнай дзяржаве палітычнай плыні, якая пагражае ўтрыманьню ўлады і прапануе грамадзянам альтэрнатыўную арыентацыю ва ўнутранай і замежнай палітыцы;

•   тым, што рэжым уважае палітычна значную дзейнасьць міжнароднай групы ў Беларусі, якая ажыцьцяўляецца без узгадненьня і нават насуперак мэтам аўтарытарнай дзяржавы, за несумяшчальную з уласным разуменьнем сувэрэнітэту;

•   тым, што рэжым прынцыпова адхіляе мадэль дэмакратыі паводле АБСЭ для палітычнага і эканамічнага разьвіцьця краіны;

•   тым, што рэжым схільны ацэньваць гэта як утварэньне міжнароднай, але ўнутрыпалітычна значнай сілы, альтэрнатыўнай прэзыдэнту.

У асноўным гэты стан рэчаў ёсьць прадуктам стратэгіі прэзыдэнта і ягоных піярнікаў па навязваньні вобразу ворага. Згодна з апытаньнямі менскага Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД), рэйтынг місіі АБСЭ ў апошнія гады рос хутчэй, чым усіх дзяржаўных установаў, апрача войска16.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 9 верасьня 2001 году па ўсёй краіне было бясплатна распаўсюджана 3,6 мільёна асобнікаў спэцыяльнага выпуску найбуйнейшай штодзённай газэты “Советская Белоруссия” з артыкулам пра (уяўныя) пляны місіі АБСЭ і Амбасады ЗША шляхам абнародаваньня ў дзень выбараў фальшывых вынікаў выбараў адхіліць прэзыдэнта ад улады17, але гэта прывяло толькі да павышэньня аўтарытэту АБСЭ і ЗША сярод грамадзкасьці.

Укараненьне вартасьцяў плюралістычнай дэмакратыі ў грамадзянскай супольнасьці ўскосна віталася шматлікімі прадстаўнікамі намэнклятуры. Намэнклятура спадзяецца, што пры дапамозе ініцыяваных АБСЭ рэформаў і ўзмацненьня грамадзянскай супольнасьці сама сыстэма зможа стаць рэфармоўнай. Гэткай, безумоўна, была канцэпцыя міністра замежных справаў Івана Антановіча (знаходзіўся на пасадзе з 1997 да 1998 году), у меншай ступені — ягонага наступніка Ўрала Латыпава (знаходзіўся на пасадзе з 1998 да 2000 году). Найменш выразна яна выяўляецца ў цяперашняга міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова, які, будучы прыхільнікам “моцнай дзяржавы”, лічыць, што дзейнасьць місіі АБСЭ падрывае адстойваную ім стабільнасьць краіны, якую мацуе моцная рука прэзыдэнта.







13  Дэклярацыя, прынятая на саміце АБСЭ ў Стамбуле, SUM.DOC/2/99, 19 лістапада 1999. С. 873.










14  У Кансультацыйную раду апазыцыйных палітычных партыяў уваходзяць: БНФ (Вінцук Вячорка), камуністы (Сяргей Калякін), Сацыял-дэмакратычная грамада (Станіслаў Шушкевіч), Сацыял-дэмакратычная партыя “Народная грамада” (Мікола Статкевіч), Партыя жанчын (Валянціна Палевікова), Партыя працы (Аляксандар Бухвостаў), Аб’яднаная грамадзянская партыя (Анатоль Лябедзька), Лібэральна-дэмакратычная партыя (Сяргей Гайдукевіч). Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ (Зянон Пазьняк і Юрась Беленькі) выйшла з Рады.




15  Удзел у назіраньні за выбарамі пад старшынствам Мечыслава Грыба (Рух за дэмакратычныя і свабодныя выбары) і Алеся Бяляцкага (Вясна ’96) узялі наступныя араганізацыі: Беларускі Хельсынскі камітэт (Тацяна Процька), Фундацыя Лява Сапегі (Міраслаў Кобаса), Нацыянальнае аб’яднаньне выбарцаў (Уладзімер Гудзееў), Свабодныя прафсаюзы (Генадзь Быкаў), а таксама адна жаночая і адна моладзевая арганізацыі.















16  КНГ ОБСЕ в Беларуси: миссия невозможна? www.iiseps.by. Гл. апрача гэтага штомесячны бюлетэнь НІСЭПД.


17  Операция “Белый Аист” (Иностранные спецслужбы — против Беларуси) // Советская Белоруссия 2001. 5 сентября.
   

Прыкметы пераменаў у палітычнай культуры краіны

У апытаньнях грамадзкай думкі, якія праводзяцца сацыялягічнымі інстытутамі, палітычныя партыі і іхныя лідэры не карыстаюцца вялікай павагай. Тым ня менш, кандыдат ад кааліцыі дэмакратычных партыяў і апазыцыйных грамадзкіх аб’яднаньняў, старшыня фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык, на прэзыдэнцкіх выбарах атрымаў каля 30—40% галасоў, калі грунтавацца на апытаньнях грамадзкай думкі і меркаваным уплыве маніпуляцыі ўлады на выбарах18.

Улічваючы вялікія цяжкасьці, зь якімі сутыкнулася кааліцыя, гэта быў значны посьпех. Відавочна, не хапала фінансавых сродкаў, дзяржаўны апарат усяляк перашкаджаў правядзеньню выбарчай кампаніі, адсутнічаў нармальны доступ да расейскіх тэлеканалаў, якія істотна ўплывалі на настроі беларускіх выбарцаў.

У апытаньнях грамадзкай думкі напярэдадні выбараў была адзначана гатовасьць вялікага адсотку выбарцаў аддаць свой голас незалежнаму, не зьвязанаму партыйнай прыналежнасьцю кандыдату. Гэта пазыцыя адлюстроўвае ўсё яшчэ моцна пашыранае ў постсавецкім грамадзтве жаданьне бачыць на чале дзяржавы “моцную” і незалежную асобу. Такім уяўленьням падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году адпавядаў аўтсайдэр Аляксандар Лукашэнка. Аднак ягоная зорка вось ужо некалькі гадоў заходзіць; з дапамогай дзяржаўнай кампаніі запалохваньня ў часе выбараў ён здолеў фармальна пераадолець гэтую тэндэнцыю і дасягнуць (занадта) добрага і тым самым неймавернага выніку выбараў. Ён і ягоныя дарадцы ведаюць лепш за ўсіх староньніх назіральнікаў, наколькі ён насамрэч папулярны ў краіне. Ён таксама ведае, што ягоны рэйтынг у Беларусі значна саступае рэйтынгу Пуціна. На гэтым фоне камандзе Лукашэнкі важна дэманстраваць вялікую блізіню з Пуціным — ці то ў пытаньнях саюзу дзьвюх дзяржаваў, ці то ў стаўленьні да антытэрарыстычнай апэрацыі, а цяпер нават і да NATO ды ЗША — натуральна, толькі на словах.

Увесну 2002 году рэйтынг Лукашэнкі дасягнуў найніжэйшай адзнакі — яго падтрымалі 30 % грамадзянаў, што ўзялі ўдзел у апытаньні19.

Кааліцыя нацыянальных і дэмакратычных сілаў супраць дзейнага прэзыдэнта — новы фэномэн беларускай палітычнай культуры. Каб гэтая ідэя набыла большы эфэкт, недастаткова прапагандаваць гэтую кааліцыю толькі падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Тым часам ідэя ўтварэньня кааліцыі становіцца такой жа магутнай ідэяй аб’яднаньня і згуртаваньня грамадзянаў краіны, як і пашыранае жаданьне бачыць дасканалую і моцную асобу на чале дзяржавы — працэс, які сьпярша быў зь вялікім скепсысам сустрэты партыямі, грамадзкімі аб’яднаньнямі, а таксама палітолягамі ды незалежнай прэсай краіны.

Калі тройка эўрапейскіх парлямэнцкіх арганізацыяў яшчэ падчас выбараў у парлямэнт 2000 году адзначыла, што ў беларускім палітычным клімаце, які вызначаўся застоем і штучнай стабільнасьцю, адчуваюцца павевы пераменаў, то назіральнікі ад гэтых структураў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году адназначна пацьвердзілі гэта. Яны канстатавалі ўзьнікненьне дэмакратычных структураў у грамадзянскай супольнасьці, якія, праўда, зь вялікай цяжкасьцю могуць разьвівацца ва ўмовах ізаляцыі краіны. Гэтай заўвагай назіральнікі і аналітыкі далі зразумець, што дэмакратычныя структуры ў сёньняшняй аўтарытарнай беларускай дзяржаве ня змогуць існаваць без падтрымкі звонку.

“Ці можна і ці варта аказваць такую падтрымку? — пытаюцца многія назіральнікі. — Ці ня будзе апазыцыя дзякуючы гэтай падтрымцы выстаўленая агентам замежных структур?” І сапраўды, такая падтрымка павінна аказвацца ў сувязі зь дзейнасьцю КНГ па назіраньні за выбарамі праз самі структуры грамадзянскай супольнасьці, нягледзячы на тую акалічнасьць, што ў Беларусі — як было даведзена — дзяржава заўсёды ўмешваецца ў правядзеньне выбараў, і таму сам урад ня ў стане забясьпечыць іх карэктнага правядзеньня. Парушэньні выбарчага заканадаўства беларускім урадам і Цэнтральнай выбарчай камісіяй падчас выбараў прэзыдэнта былі зафіксаваныя міжнароднымі назіральнікамі з “Association of Central and Eastern European Election Officers (ACEEEO)”, у якую ўваходзіць таксама старшыня Цэнтравыбаркаму Расейскай Фэдэрацыі.

Новыя незалежныя дзяржавы — удзельніцы АБСЭ, якія сёньня павінны распачаць дэмакратычную трансфармацыю сваіх грамадзтваў савецкага кшталту, ня могуць і ня хочуць спрыяць разьвіцьцю няўрадавых структураў. Таму эўрапейскім арганізацыям — Радзе Эўропы, АБСЭ і ЭЗ — сьлед аказваць ім дапамогу. Гэтыя арганізацыі павінны стаць апекунамі і заступнікамі дэмакратычных працэсаў ды асабістых правоў чалавека ў пераходных краінах. Яны ня могуць спрыяць дэмакратызацыі, калі ў гэтых краінах урадам не стае волі, а бюджэтам — сродкаў для падтрыманьня плюралістычнага грамадзтва, грамадзянскай супольнасьці, пры якой у грамадзянаў павінна абудзіцца ініцыятыўнасьць, адказнасьць, воля да дзеяньня. Эўрапейская Камісія, між іншым, загадвае фондамі падтрымкі дэмакратыі, якія маюць дастаткова сродкаў, каб зь іх дапамогай — незалежна ад ураду — ажыцьцяўляць праекты дэмакратызацыі ў амаль што ста краінах, у тым ліку і ў Беларусі.

У Эўропе, акрамя Балканаў, няма іншага такога рэгіёну, якому ў падобным аб’ёме патрабуюцца інвэстыцыі ў дэмакратыю, як постсавецкія краіны. Да іх ліку належыць і Беларусь. Няма недахопу ў спэцыфічных праграмах супрацоўніцтва на ўзроўні няўрадавых арганізацыяў у гуманітарнай і прававой сфэрах ці ў сфэры мас-мэдыяў. У абсягу палітыкі адсутнічае кансэнсус паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі грантадаўцамі. Яны пазьбягаюць палітычных тэмаў, да якіх яны ўжо залічаюць і назіраньне за выбарамі — за выняткам амэрыканскіх арганізацыяў “International Republican Institute” (IRI) і “National Democratic Institute” (NDI). Нават Бюро АБСЭ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека не сьпяшаецца падтрымліваць стварэньне сетак незалежных назіральнікаў за выбарамі ў краінах — спадкаемцах Савецкага Саюзу, ня кажучы ўжо пра дапамогу палітычным партыям у выбарчай барацьбе. На жаль, дзяржаўныя структуры ў Беларусі не адказваюць сваёй стрыманасьцю на стрыманасьць заходніх арганізацыяў, падтрымліваючы “сваіх” кандыдатаў на мясцовых і парлямэнцкіх выбарах, а тым больш на выбарах прэзыдэнта.

Эўрапейскія арганізацыі маюць абавязак і нясуць адказнасьць за тое, каб у належным аб’ёме аказваць дапамогу дэмакратычным сілам у антыдэмакратычных аўтарытарных умовах. Гэтая дапамога павінна адпавядаць іх кодэксу каштоўнасьцяў і іх настойлівасьці разьвіваць плюралістычнае грамадзтва ў дзяржавах СНД, якую падзяляюць амаль усе дзяржавы — удзельніцы АБСЭ. Дэмакратычная трансфармацыя ня церпіць палавіністасьці, яна заклікае да арыентаванага на вынік супрацоўніцтва эўрапейскіх арганізацыяў, якія нясуць галоўную адказнасьць за дзеяньні ў гэтым кірунку, за якім ідзе спрыяньне дзяржаваў — удзельніц АБСЭ і грамадзянскіх супольнасьцяў у Эўропе.

Кансультацыйна-назіральная група ў Беларусі кіравалася гэткімі меркаваньнямі. Саміт кіраўнікоў краінаў і ўрадаў АБСЭ, адбыты ў лістападзе 1999 году, выразна падкрэсьліў у Стамбульскай дэклярацыі сваю адданасьць выбудове грамадзянскай супольнасьці. Паколькі сёньня Беларусь з шэрагу прычынаў не зьяўляецца прыярытэтам на міжнародным парадку дня, існуе небясьпека, што абавязак АБСЭ і іншых эўрапейскіх інстытуцыяў спрыяць гэтай адбудове можа быць забыты. Гэта, пры недастатковай увазе міжнароднай грамадзкасьці, створыць беларускаму недэмакратычнаму рэжыму магчымасьць ізноў разбурыць толькі-толькі паўсталыя дэмакратычныя структуры грамадзянскай супольнасьці. Ігнараваньне Беларусі з боку эўрапейскіх арганізацыяў пазбавіла б дэмакратычныя структуры грамадзянскай супольнасьці магчымасьці разьвівацца далей — з-за нястачы міжнароднай фінансавай падтрымкі, неабходнай гэтай апазыцыі, што складаецца з партыяў і грамадзкіх аб’яданьняў, для таго каб заяўляць пра сябе на ўвесь сьвет.





18  Hans-Georg Wieck. Fцrderung demokratischer Institutionen in Belarus. Vier Jahre OSZE-Berater und Beobachtergruppe // Belarus-News, Winter 2001. S. 4—6. Паводле афіцыйных вынікаў, У. Ганчарык набраў 15,65%, а А.Лукашэнка — 76,65% галасоў.








19  Обвал. Впервые за время правления А.Лукашенко его рейтинг упал до 30% / Апытаньне НІСЭПД у красавіку 2002 году пад адрасам www.iiseps.by.
   

Высновы

Бальшыня кіроўных элітаў у краінах — спадкаемцах Савецкага Саюзу праінтэрпрэтавала плюралістычную структуру дэмакратыі паводле стандартаў АБСЭ, уціснуўшы яе ў пракрустава ложа аўтарытарнай прэзыдэнцкай дэмакратыі. Гэтая прэзыдэнцкая дэмакратыя ў такой краіне, як Беларусь, а таксама краінах Цэнтральнай Азіі набывае структуру той “народнай дэмакратыі”, што праіснавала ва ўсходнеэўрапейскіх дзяржавах — сатэлітах Савецкага Саюзу да часу ягонага распаду, пры якой апазыцыйныя палітычныя партыі былі забароненыя.

АБСЭ, дзейная ўва ўсёй Эўропе арганізацыя — пасярэдніца ў працэсе пераходу да дэмакратыі і ў адбудове яе пасьля грамадзянскіх войнаў (як на Балканах), змагаецца за справу, здавалася б, безнадзейную ва ўсіх тых выпадках, калі кіраўнічыя структуры падтрымліваюць прыняцьце стандартаў АБСЭ толькі вонкава, а ня сутнасна. Якраз такім выпадкам ёсьць Беларусь.

У надзвычайных абставінах цягам апошніх гадоў у Беларусі ў ходзе сутыкненьня зь недэмакратычным рэжымам і ягонай патрэбай у міжнародным прызнаньні, дзякуючы супрацоўніцтву часткова зь дзяржаўнымі структурамі, часткова з апазыцыяй гэтым дзяржаўным органам з боку грамадзянскай супольнасьці, стварылася дзеяздольная структура для дэмакратычнай альтэрнатывы на цэнтральным узроўні грамадзтва (кааліцыя на прэзыдэнцкіх выбарах і Кансультацыйная рада апазыцыйных партыяў), а таксама ў самім грамадзтве (назіральнікі за выбарамі). Гэтай дэмакратычнай сіле яшчэ не стае шырокай падтрымкі ў грамадзтве, якое павольна вызваляецца ад ідэі моцнай рукі. З дапамогай Фэдэрацыі прафсаюзаў, якія па сутнасьці зьяўляюцца дзяржаўнымі інстытутамі, а таксама моладзевых аб’яднаньняў і часткі жаночых арганізацыяў удалося выйсьці на засталыя з савецкай эры ляяльныя дзяржаве і падпарадкаваныя ёй масавыя грамадзкія арганізацыі. Калі эўрапейскія арганізацыі страцяць інтарэс да Беларусі, існуе небясьпека, што кааліцыя дэмакратаў і іншых апанэнтаў прэзыдэнта Лукашэнкі распадзецца ад нястачы матэрыяльных сродкаў якраз у той момант, калі папулярнасьць Лукашэнкі ў краіне дасягне свайго найменшага ўзроўню.

У сьпісе прыярытэтаў заходніх канцылярыяў і, бадай, эўрапейскіх арганізацыяў Беларусь займае адно з апошніх месцаў. Нават толькі беручы пад увагу значэньне будучага разьвіцьця дэмакратыі ўва ўсё больш схільных да аўтарытарызму краінах — пераемніцах Савецкага Саюзу, эўрапейскія інстытуты павінны ўзяць на сябе адказнасьць за падтрыманьне сур’ёзнага дыялёгу з рэжымам — калі гэта сёньня яшчэ магчыма, — а таксама за спрыяньне палітычным структурам грамадзянскай супольнасьці, што ўзьнікаюць на нашых вачах, прычым рабіць гэта варта шляхам каапэрацыі з тымі дзяржавамі — удзельніцамі АБСЭ, якія да гэтага гатовыя.

Палітычныя структуры грамадзянскай супольнасьці павінны быць створаны пры міжнародным спрыяньні; яны павінны быць здольныя супольна выконваць асноўныя задачы апазыцыі пры захаваньні асобных партыйных структураў і адметных палітычных мэтаў. Яны павінны быць адкрыты для новых палітычных сілаў, такіх, як моладзь і жанчыны, а таксама для супрацоўніцтва з асобнымі пластамі намэнклятуры. Яны павінны шукаць доступу да выбарцаў шляхам цеснага хаўрусу з грамадзкімі арганізацыямі. Вынік, здабыты дэмакратычным кандыдатам Уладзімерам Ганчарыкам падчас прэзыдэнцкіх выбараў, дае падставы спадзявацца на лепшае. Людзі галасавалі за кампраміснага кандыдата, а не за асобу з моцнай харызматычнай аўрай. Яны галасавалі за чалавека, які прадэманстраваў гатовасьць, працуючы ў адной камандзе з партнэрамі па кааліцыі, процістаяць Лукашэнку, чыя ўлада трымаецца на сілавых структурах, якога болей баяцца, чым паважаюць і любяць, і ў якога адсутнічае бачаньне свабоды і дэмакратыі — паняцьцяў, што зьяўляюцца знакамі часу для ўсёй Эўропы і для Беларусі ў прыватнасьці.

Зь нямецкай мовы пераклаў
Яўген Казінец паводле: Osteuropa. 2002. № 7.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (23) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/01/20