A R C H E П а ч а т а к № 1 (24) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

12003
» да Зьместу «

Расейскае пытаньне
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

сьветліня

Вокладка ARCHE 3-2002.

   Мінулыя нумары:

   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

Юлія Андрэева
 
Памяці маці

Калі памірае блізкі і дарагі чалавек, немагчыма паверыць, што ён пайшоў назаўжды. Часьцяком — асабліва раніцай, у ложку — мне здаецца, што маці ў шпіталі, што яна хутка вернецца. Можа, нават сёньня. Я пытаюся, чаму мне нельга яе наведаць, і не атрымліваю адказу… Маці шмат часу праводзіла ў шпіталі. Два з паловаю гады хваробы, апэрацыя, трыццаць курсаў хіміятэрапіі — абсалютны рэкорд. Яна была моцным чалавекам. Скончыўшы чарговы курс, наступнага дня ішла на працу. Яна ведала свой прысуд і таму сьпяшалася. У апошняе дзесяцігодзьдзе жыцьця ейны пэдагагічны і музычны талент расквітнеў як ніколі. Ёй хацелася рэалізаваць яго да канца.

Мая маці — Людміла Андрэева — была чалавекам вядомым і аўтарытэтным. Яна выкладала ў Беларускай акадэміі музыкі канцэртмайстарскае майстэрства — вучыла студэнтаў-піяністаў тонкаму мастацтву акампанэмэнту. Вучнем маёй маці быў Юры Гільдзюк — мастацкі кіраўнік Белдзяржфілярмоніі, настаўнік Андрэя Паначэўнага. Гадаванцамі маёй маці былі кампазытары Васіль Раінчык і Ўладзімер Кандрусевіч, дырыжор Алег Лясун. А колькі ейных вучняў разьляцелася па сьвеце! Тацяна Вайтовіч-Камілеры, адна зь любімых матчыных вучаніц, асела ў Таронта (Канада), здабыла некалькі першых узнагародаў на міжнародных конкурсах і выкладае ў тамтэйшай кансэрваторыі. Ляўрэатка міжнародных конкурсаў Ганна Шыбаева жыве ў Нідэрляндах і з посьпехам канцэртуе па ўсёй Эўропе. Дыплямантка нацыянальных конкурсаў Сьвятлана Арлова — адна зь першых матчыных студэнтак — працуе канцэртмайстаркай Вугорскага опэрнага тэатру. У 2000 годзе яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай і Залатым мэдалём Міністэрства культуры Вугоршчыны.

І гэта далёка ня поўны пералік вучняў, якімі мая маці ганарылася. Калі глядач захапляецца элегантнай дакладнасьцю рухаў балетных танцоўшчыкаў, ён наўрад ці ўсьведамляе, што за гэтым стаіць цяжкая праца балетных канцэртмайстраў. Галоўная іхная задача — акампаніяваць падчас штодзённых балетных практыкаваньняў. Кожнае такое практыкаваньне патрабуе спэцыяльнай музыкі і спэцыяльнага спосабу ігры. А ў опэры канцэртмайстар дзейнічае як пэдагог, ці, лепей сказаць, як шліфавальнік дыямэнтаў. Ён працуе са сьпеваком над опэрнай партыяй, дабіваючыся максымальнае выразнасьці й дакладнасьці. Пры падрыхтоўцы апошніх опэрных прэм’ераў — “Трубадура” і “Багемы” — зь сьпевакамі працавала Галіна Аляшкевіч, таксама матчына вучаніца, якая раней была канцэртмайстаркай у Акадэміі музыкі. Аднойчы ёй давялося паўдзельнічаць у праслухоўваньні маладых вакалістаў, якія прэтэндавалі на месцы ў опэрнай трупе. У залі прысутнічалі Аляксандар Анісімаў, Сяргей Картэс. Галіна акампаніявала амбітнай маладой сьпявачцы. Аднак пасьля выступу тая засталася стаяць у адзіноце, а Галіну з усіх бакоў абступілі опэрныя славутасьці. “У каго вы вучыліся?” — запытаў Анісімаў. “У Людмілы Андрэевай”, — адказала Галіна. “Калі так, у нашай трупе заўжды ёсьць для вас месца”, — усьміхнуўся галоўны дырыжор.

Маці валодала сакрэтам, як за тры-чатыры гады ператварыць студэнта ў высакакляснага прафэсіянала. Яна ніколі не ўзьнімала голасу, ніколі не абражала, ня крыўдзіла сьвядома. Ужо пад канец матчынага жыцьця студэнты прызналіся, якая ейная фраза найбольш іх бянтэжыла. “Ну, гэта ані чорта ня вартае!” — з усьмешкай казала яна, праслухаўшы няўдалую ігру. Пасьля сама сядала за раяль і паказвала, як трэба.

Яна цудоўна валодала інструмэнтам. Тыя нямногія запісы, якія захаваліся ў фондах радыё, адрозьніваюцца надзвычайнай пранікнёнасьцю і прыгажосьцю. Яшчэ студэнткаю яна перамагла на Першым нацыянальным конкурсе піяністаў. Але выбрала для сябе кар’еру пэдагога і толькі зрэдку выступала з канцэртамі. Пры канцы 1970-х гадоў Людміла Андрэева і Соф’я Вокалава стварылі фартэпіянны дуэт, які праіснаваў цэлых дзесяць гадоў. У іхным рэпэртуары былі ледзь ня ўсе творы, напісаныя для двух раяляў. На маю думку, гэта быў унікальны дуэт — ня толькі таму, што нават найскладанейшыя творы выконваліся на памяць. На жаль, у тыя часы немагчыма было вывесьці гэты дуэт на ўсесаюзны і тым больш на міжнародны ўзровень. Беларускія музыкі, за выключэньнем “Песьняроў” і “Верасоў”, былі асуджаныя на гібеньне. Скончылася тым, што ў спадарыні Вокалавай захварэлі бацькі і дуэт распаўся.

Пазьней маці найахвотней акампаніявала вакалістам. Асабліва плённым быў творчы саюз з народнай артысткай Беларусі Натальляй Рудневай. Яны выконвалі надзвычай складаныя творы: “Песьні і танцы сьмерці” Мадэста Мусарскага, “Дванаццаць апрацовак расейскіх народных песень” Сяргея Пракоф’ева, “Нактурны” Эдысона Дзянісава на вершы кітайскага клясыка Бо Цзюі, “Вершы каралевы Марыі Ст’юарт” Робэрта Шумана... У апошні год жыцьця маці рыхтавала канцэрт з твораў Ліста. Яна марыла сыграць ягоную Санату сі-мінор — агромністы віртуозны твор з глыбокім філязофскім зьместам. А таксама, разам з Натальляй Рудневай, прадставіць публіцы ягоныя песьні. Але не хапіла часу. Яна ўжо зь цяжкасьцю рухалася па кватэры, але раяль усё яшчэ адгукаўся на дотык ейных рук. У яе былі дзіўныя рукі — моцныя і надзвычай элястычныя. Для яе не існавала тэхнічных цяжкасьцяў, і раяль пад ейнымі пальцамі гучаў усімі тэмбрамі сымфанічнага аркестру.

Студэнты вельмі яе любілі і не давалі ёй загрузнуць у хваробе. Маці ведала, як нецярпліва яны чакаюць ейных урокаў, і гэта надавала ёй моцы. Тэлефон у хаце званіў увесь час, і ледзь ня кожны дзень хтосьці з студэнтаў — цяперашніх ці даўніх — прыходзіў яе наведаць. Дзеля таго каб яшчэ раз адчуць ейную цеплыню, падзяліцца сваімі маркотамі і радасьцямі, параіцца ці проста падурэць і пасьмяяцца. Зь ёй было прыемна бавіць час — нават тады, калі яна была ўжо сьмяротна хворая і нядужая, і не пякла ўжо сваіх славутых пірагоў з капустай, і не рабіла фаршаванай рыбы.

Яна ўмела бачыць чалавека наскрозь — чаго ён варты, што яму насамрэч патрэбна і на што яго хопіць ды ў якой галіне жыцьця ён здольны дасягнуць сапраўдных вышыняў. Прыкладам, параіла яна Алегу Лесуну (які ў той час намагаўся рабіць кар’еру канцэртнага піяніста) заняцца дырыгаваньнем… Цяперака Алег Лясун — дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага тэатру опэры і балету. Яго называюць найбольш пэрспэктыўным з маладых беларускіх дырыжораў. Натальлі Цыганковай яна параіла напісаць дысэртацыю па музычнай пэдагогіцы. Яна падтрымлівала сваіх студэнтаў і верыла ў іх нават тады, калі ўсе вакол толькі сьмяяліся зь іхных амбіцый. Так было з Тацянай Вайтовіч, а пазьней з Канстанцінам Красьніцкім, які на першых курсах кансэрваторыі атрымліваў па спэцыяльнасьці пераважна чацьвёркі, але ўпарта практыкаваўся. Сёньня Красьніцкі — адзін з найлепшых беларускіх піяністаў, ляўрэат першых прэміяў некалькіх прэстыжных міжнародных конкурсаў.

Адным з улюбёных ейных студэнтаў быў Уладзімер Кандрусевіч. Перш чым атрымаць кампазытарскую адукацыю, ён скончыў кансэрваторыю па клясе фартэпіяна. Гэта было тры дзясяткі гадоў таму. Маці была тады маладая выкладчыца, але ёй давяралі найлепшых студэнтаў — такіх, як Ігар Палівода, Крысьціна Паплаўская ці Ўладзімер Кандрусевіч. Прыгожы, высокі, з доўгімі валасамі, у несавецкай замшавай куртачцы з махрамі, ён выглядаў як увасобленая мара пра свабоду. А ў дадатак, ён цудоўна граў на гітары, кампанаваў песьні, сьпяваў. Акурат у гэты час гаркам камсамолу наладзіў музычны фэст для моладзі, куды запрасілі Кандрусевіча выступіць перад падлеткамі. Дзяўчынкі і хлопчыкі вар’яцелі ад захапленьня. Гэта не спадабалася нейкаму вэтэрану, які выпадкова апынуўся ў залі. Ён напісаў у ЦК партыі, адтуль рэктару кансэрваторыі Ўладзімеру Алоўнікаву даслалі загад выкінуць Кандрусевіча з кансэрваторыі. Алоўнікаў быў сябрам ЦК і ня мог пярэчыць “старэйшым таварышам”. Была вясна, Кандрусевічу заставалася літаральна два тыдні да дзяржаўных экзамэнаў. Калі б яго выгналі, ён адразу трапіў бы ў армію і ўжо ніколі ня здолеў бы скончыць кансэрваторыю. Даведаўшыся пра гэта, маці кінулася да рэктара і прымусіла-такі яго скасаваць загад. “Калі я ледзь ня выгнаў Кандрусевіча з кансэрваторыі, — згадваў пазьней спадар Алоўнікаў, — ягоны настаўнік па спэцыяльнасьці нават парога майго не пераступіў. А Андрэева, як тыгрыца, кінулася ратаваць Валодзьку!”

Такой была мая маці — шчырай і прагнай справядлівасьці. Такой яна засталася да канца сваіх дзён. І хаця часам бывала цяжка вытрымаць ейны максымалізм, яе шанавалі і любілі. Яна пайшла з жыцьця, і ўсе мы асірацелі. Але засталіся вучні, засталося некалькі запісаў на радыё ды некалькі навуковых працаў, якія яшчэ чакаюць свайго выдаўца. Засталіся ейныя жарты і вострыя слоўкі, ейныя думкі і ідэалы. Тое, што будзе жыць, пакуль мы жывём на зямлі.

№ 1 (24) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ

Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/02/18